
Ад перакладчыка
Здаецца, першым біяграфію Габрыэлі Пузыні з Гюнтэраў надрукаваў У. Каратынскі ў «Тыгодніку Ілюстраваным» у 1869 г. Цяпер маецца і грунтоўная манаграфія Марыі Беркан-Яблонскай, таму я не буду падрабязна расказваць пра гэтую важную ў гісторыі літаратуры асобу. Адным з першых у нас дакладна і дастаткова падрабязна пра яе напісаў Генадзь Кісялёў.
Малодшая з трох дачок Габрыэля нарадзілася ў Вільні ў заможнай сям'і графа Адама Гюнтэра і Аляксандры з Тызенгаўзаў. Род графаў Гюнтэраў паходзіў з Германіі (з палатыната Ніжняга Рэйна), прадстаўнік якога Зыгмунт Гюнтэр фон Гейдэльсхайм асеў у 1518 г. у ВКЛ і асіміляваўся ў мясцовым шляхецкім асяроддзі.
Да шлюбу Габрыэля Гюнтэр жыла ў радавым маёнтку Дабраўляны Свянцянскага павета (цяпер Смаргонскі раён Гарадзенскай вобласці), з якім звязаныя яе дзяцінства і маладосць. Дабраўлянскі палац Гюнтэраў з'яўляўся адным з культурных цэнтраў краю, дзе збіралася творчая інтэлігенцыя. Частымі гасцямі тут былі пісьменнікі Ігнат Ходзька, Антон Адынец, мастакі Ян Дамель, Ян Рустэм, прафесар медыцыны Андрэй Снядэцкі і іншыя. Творчая атмасфера ў сям'і і блізкае знаёмства з таленавітымі людзьмі спрыялі развіццю літаратурнага таленту Габрыэлі. У 1851 г. яна выйшла замуж за Тадэвуша Пузыню, і яе месцам жыхарства стаў маёнтак мужа Гарадзілава Ашмянскага павета (цяпер Маладзечанскі раён Мінскай вобласці), у якім Габрыэля арганізавала інтэлектуальны салон, дзе гуртаваліся лепшыя інтэлектуальныя і творчыя сілы краю. Гасцёўню наведвалі У. Сыракомля, С. Манюшка, Э. Жалігоўскі, У. Міцкевіч (сын А. Міцкевіча). Разам з мужам Г. Пузыня падарожнічала па Еўропе, у Парыжы сустракалася з вядомымі пісьменнікамі А. Гарэцкім і Б. Залескім.
Імя пісьменніцы Габрыэлі Альбіны Пузыні з Гюнтэраў (1815–1869) ужо добра вядома дасведчанаму беларускаму чытачу па перакладах яе вершаў і прозы.
Літаратурную дзейнасць Габрыэля Пузыня пачала з паэзіі дэбютным вершам у варшаўскім часопісе «Motyl» пад крыптанімам «G. G.» у 1828 г. Выдала некалькі зборнікаў лірычных і маралізатарскіх вершаў, пісала апавяданні, фельетоны, камедыі. Яе першы зборнік вершаў «У імя Бога!» быў надрукаваны ў Вільні ў 1843 г., расказам пра яго выданне і заканчваюцца гэтыя ўспаміны. Напісала яна і шмат празаічных твораў.
У канцы жыцця на падставе дзённіка, які вяла з юначых гадоў, уласнай перапіскі і дакументаў Габрыэля Пузыня напісала ўспаміны «Мая памяць», даведзеныя да падзей 1867 г. На вялікі жаль рукапіс успамінаў загінуў у 1944 г. падчас Варшаўскага паўстання, але быў часткова выдадзены Адамам Чарткоўскім і Генрыкам Масціцкім у 1928 г., мемуары пісьменніцы ў гэтым томе заканчваюцца 1843 г., і пераклад менавіта гэтых, выдадзеных, успамінаў друкуецца ніжэй. Прывяду тут вялікі кавалак артыкула Часлава Янкоўкага (з падзагалоўкам «Заўвагі на палях толькі што выдадзеных успамінаў Габрыэлі з Гюнтэраў Пузыні»), напісаны адразу пасля выхаду кнігі ў 1928 г.:
«Вялікі том у 389 старонак, які мы атрымалі (выказваю за гэта вялікую ўдзячнасць) у падарунак ад вядомага віленскага выдавецтва, не змяшчае ў сабе ўсяго дзённіка Габрыэлі Пузыні.
Поўныя ўспаміны Пузыні ўяўляюць сабой вялікі двухтомны рукапіс пад назвай «Мая памяць» і знаходзяцца зараз у вялікім кнігазборы графа Райнольда Пшаздзецкага ў Варшаве. Бачыў іх на ўласныя вочы ў 1894 ці 1896 годзе. Таксама ў тых жа бібліятэчна-музейных зборах графа Пшаздзецкага на вуліцы Фоксаль у Варшаве знаходзіліся і вельмі цікавыя «Silva rerum» (лац. «Лес рэчаў» — Л. Л.) Адама графа Гюнтэра, бацькі Габрыэлі, завершаныя самой Габрыэляй. Гэта прадаўгаватыя альбомы вялікага фармату, напоўненыя наклеенымі на кардон старонкамі з малюнкамі, запіскамі, акварэлямі, літаграфіямі, вершамі і нават абгорткамі ад карамелек, запрашэннямі, віншавальнымі паштоўкамі і г. д., усім, што шмат гадоў таму адлюстроўвала грамадскае жыццё Вільні. Які скарб быў перада мной: стылі, звычаі, сувеніры! І такіх альбомаў было, калі не памыляюся, шаснаццаць. Карацей кажучы, гэта быў гатовы ілюстрацыйны матэрыял да кнігі Габрыэлі Пузыні «Мая памяць».
Калі я ўсё гэта праглядаў, мае вочы гарэлі, а рукі дрыжалі. Выдаць! Выдаць з найбольшым піетэтам і з факсімільнай дакладнасцю. Аб'яднаць успаміны з альбомамі! Хто ж адразу пра гэта не падумаў бы? Але… нават у даваенныя часы такая выдавецкая ініцыятыва была не па кішэні. І было б цяжка атрымаць дазвол ад графа Канстанціна Пшаздзецкага, які не ведаў, што можа быць у дзённіку Пузыні. Карацей кажучы, з цяжкім сэрцам я развітаўся з тымі альбомамі і рукапісамі, бо яны сталі больш недасяжнымі для мяне. Шчасцем было ўжо тое, што я змог упэўніцца — усё гэта багацце знаходзіцца ў бяспечным месцы.
«Faciant meliora potentes!» (лац. «Няхай той, хто можа, зробіць лепей» — Л. Л.) — суцяшаў я сябе. Няхай камусьці іншаму пашчасціць болей. Аднак, чым ёсць шчасце? Выпадковасцю. А я не чакаў, што яно абернецца выпадковасцю.
У Беніцы Швыкоўскіх я дакапаўся да самага дна, да схаваных там у 1895–1900 гг. рукапісных дакументаў з гісторыі Ашмянскага павета, натрапіў і на сшыткі «Маёй памяці» Пузыні, копія з якіх, знятая «на чыста», захоўваецца ў варшаўскіх зборах Пшаздзецкіх. У гэтых сшытках меліся прабелы але… але я змог рэканструяваць гэты надзвычай цікавы і каштоўны дзённік. Зрабіў і пераказ амаль што ўсяго дзённіка Пузыні (частка якога нядаўна апублікавана), гэты пераказ можна знайсці на 50-ці старонках другога тома майго «Ашмянскага павета», які выйшаў у канцы 1897 года.
Габрыэля з Гюнтэраў Пузыніна, выйшла замуж за дзедзіча Гарадзілава Тадэвуша Пузыню з Ашмянскага павета, правяла тут апошнія васямнаццаць гадоў свайго жыцця. Адсюль і мая асаблівая цікаўнасць да аўтаркі «У імя Бога» як дзедзічкі Гарадзілава, дзе яна назаўсёды заплюшчыла свае вочы 16 жніўня 1869 года.
Яна была пахаваная ў сутарэннях Гарадзілаўскага касцёла, у сямейных магілах Пузыняў. Сёння няма ўжо ані касцёла, ані падземнага склепа, ані парэшткаў аўтаркі «Маёй памяці». Не ведаю, ці засталіся нават якія-небудзь стагадовыя дрэвы ў Гарадзілаве».
Героямі ўспамінаў Пузыні з'яўляецца вялікая колькасць тагачасных абшарнікаў нашага краю. Шматлікія факты іх прыватнага і грамадскага жыцця, заўвагі пра характары і паводзіны і г. д., маюць вялікую гістарычную каштоўнасць для ўсіх, каму цікава наша гісторыя першай паловы XIX ст. Але, магчыма, адным з галоўных герояў кнігі мемуарысткі ёсць яе сястра Матыльда (Матыня) Бучынская з Гюнтэраў (1811–1867). Пра гэтую цікавую асобу мае сэнс расказаць дадаткова.
У 1834 годзе Матыльда выйшла замуж за Маўрыцыя Бучынскага — сына ўдзельніка касцюшкаўскага паўстання, уладальніка недалёкага ад Дабраўлянаў маёнтка Болкава. Сядзiба Бучынскiх маляўніча месцілася на гары над Свірскім возерам паміж Свірам і Засвірам. Назва маёнтка паходзіла ад імя аднаго з князёў Свірскiх, старадаўніх уладароў гэтых мясцінаў. Усё тут дыхала сівой мінуўшчынай нашага краю і перагукалася з рамантычнымі настроямі таго часу.
У 1846 г. выйшла замуж і пакінула Дабраўляны сярэдняя сястра Іда. Яшчэ раней памерла маці. У Дабраўлянах засталіся стары Гюнтэр з Габрыэляй. Часлаў Янкоўскi сведчыў: «Аднак Дабраўляны і віленскi салон дабраўлянскага дзедзіча зусім не страцілі звыклага ажыўлення, па-гаспадарску прымаць гасцей дапамагала сястры заўжды вынаходлівая, вясёлая, энергiчная Бучынская». Пасля смерці мужа (1848 г.) Матыльда зусім вярнулася ў родныя Дабраўляны. У 1851 г. бацька, як той кароль Лiр, але з лепшым вынікам, яшчэ пры жыцці падзяліў сваю немалую маёмасць паміж дочкамі. Дабраўляны дасталіся Матыльдзе. Габрыэля зрабіла сабе асобную рэзідэнцыю непадалёку ў Нестанішках (назвала сваю новую сядзібу Патулiна, ад слова «патульны»). У сясцёр бывалі агульныя госці, як напрыклад Сыракомля. Янкоўскі цікава апісвае гасцяванне тут знакамітага паэта: «… у Патуліне прымала Габрыэля Сыракомлю. Прывёз яго туды з Вільні пасля соймікаў Тадэвуш Пузыня ўвосень 1855 г. Лірнік вясковы быў тады ў зеніце папулярнасці і поспеху, але нясмелы, нават дзікі пясняр літоўскі ледзьве паддаўся ўгаворам прыехаць. У Дабраўлянах вітала паэта Бучынская хлебам-соллю са словамі, што гэта за „Акраец хлеба“, вітала пад дубам, упрыгожаным у гонар „Дэмбарога“ аленевымі рагамі і шчытом з гербам Сыракомлі. Чакаў таксама падрыхтаваны для пасадкі малады клён; папрасілі госця, каб ён сам, уласнай рукой укапаў яго ў зямлю. Паэт у сваёй збянтэжанасці замест таго, каб узяцца за рыдлёўку, хапаў зямлю рукамі, кідаючы яе ў яму, але праз гэта дабраўлянскі клён стаўся яшчэ больш памятным».
Дзейнасць і вядомасць Матыльды не абмяжоўвалася дабраўлянскімі ваколіцамі. У кнізе польскага даследчыка А. Мілера «Тэатр і музыка на Літве» (1936 г.) салон Матыльды з графаў Гюнтэраў Бучынскай называецца ў ліку першарадных віленскіх тэатральна-мастацкіх асяродкаў сярэдзіны ХIХ ст. Але найбольш пані Матыльда праславілася як філантропка і ўдзельніца патрыятычнага руху пачатку 1860-х гадоў.
У канцы 1859 г. Матыльда Бучынская вярнулася ў Вільню з Парыжа і аднавіла дзейнасць свецкага таварыства св. Вінцэнта, як раз у гэты час у нашым краі адбываецца моцны грамадскі ўздым. 22 красавіка 1861 г. генерал-губернатар Назімаў паведамляў у Пецярбург: «Абшарніца Матыльда Бучынская раздавала грашовыя дапаможніцтвы і прадукты ніжэйшым класам народа, абавязваючы ўсіх насіць жалобу і адмаўляла тым, якія гэтага не рабілі».
Міхаіл Мураўёў пісаў у сваіх успамінах: «Не менш шкодным было заснаванне ў 1861 г. „таварыства Вінцэнтынак“ (St. Vincent de Paul) пані Бучынскай, вядомай сваім рэлігійным фанатызмам, яна мела на мэце ахапіць усе розумы не толькі польскіх, але і самых значных рускіх дам у Вільні і нават ў Пецярбургу, каб збіраць грошы для мяцяжу. Генерал-ад'ютант Назімаў, жонка яго, а за імі і большасць рускіх дам запісаліся ў члены таварыства, якое знаходзілася пад кіраваннем біскупа Красінскага. Бучынская першая падала прыклад нашэння жалобы, і сабраныя грошы раздавала жанчынам з простых людзей з абавязацельствам насіць жалобу па Айчыне. У пачатку 1863 г. сам Назімаў здагадаўся, да чаго імкнулася таварыства — Бучынскую выправіў на жыхарства ў вёску і забараніў сходы таварыства. Але яго ўжо ніхто не слухаў; таварыства неаднаразова збіралася ў самой Вільні… Мною было зроблена распараджэнне аб расследаванні дзеянняў таварыства. Красінскі высланы мною ў Вятку, галоўныя дзеячы таварыства Бучынская, Лапацінская, графіня Плятэр і іншыя дамы пасля разгляду іх дзеянняў у Следчай камісіі, былі адпраўлены на жыхарства ва ўнутраныя губерні імперыі, а таварыства канчаткова забаронена…».
Мураўёўскі чыноўнік Масалаў, чалавек адукаваны, дапытлівы і, як піша Г. Кісялёў, «не без свецкага глянцу», бачыў Бучынскую ў Францішканскай турме (на Троцкай вуліцы) недзе ўвосень (або пад восень) 1863 г. Ён суправаджаў англійскага карэспандэнта О'Браена, які пажадаў на ўласныя вочы пазнаёміцца з віленскімі вязніцамі, з умовамі ўтрымання палітычных арыштантаў. Ён пакінуў цікавае апісанне візіту ў былы кляштар, прыстасаваны пад вязніцу: «Пасля агляду некаторых арыштанцкіх [камер], мы былі прыведзены ў пакой, дзе ўтрымлівалася багатая віленская памешчыца Матыльда Бучынская, народжаная Гюнтэр. Высокага росту, велічная, ужо пажылая (ёй 52 гады, а мемуарысту — 20), п. Бучынская прыняла нас вельмі ветліва, як велікасвецкая жанчына прымае ў сваёй гасцінай. Яна ўразіла нас сваім розумам, ведамі і жвавасцю. У якія-небудзь дзесяць хвілін гаворка зайшла нават пра Дантэ. Яна казала, што зусім не наракае, а дзякуе лёсу за гэтае невялікае выпрабаванне, бо яна дагэтуль не ведала ў жыцці праблем і зараз толькі ў гэтай адзіноце навучылася лепш разумець некаторыя рэчы і думаць пра тым, на што раней не звяртала ўвагі. Каля пасцелі яе вісеў на сцяне дыван, на століку перад канапай стаялі рэшткі хатняга абеду, на акне ў гаршчку пад шклом яна вырошчвала нейкую зёлку. Пані Бучынская утрымлівалася не як падсудная, але для адміністрацыйнага пакарання за ранейшыя яе подзвігі і кіраўніцтва дэманстрацыямі ўсялякага кшталту. Месяцы праз тры яна была адпраўлена ў Ніжагародскую губерню. Наогул, утрыманне ў Францішканскай турме лічылася найлягчэйшым у параўнанні з астатнімі турмамі. Развітваючыся з англічанінам, яна смеючыся сказала яму: „Перадайце ў вашай Айчыне, што вы бачылі ў віленскіх турмах жанчыну вясёлую і зусім задаволеную сваім становішчам“, а мне яна выказала надзею ўбачыцца дзе-небудзь з часам пры больш шчаслівых абставінах».
Матыльду саслалі ў адміністрацыйным парадку ў Ніжагародскую губерню ў сакавіку 1864 г. Яе Дабраўляны былі секвестраваны (узяты ў казну), а потым перайшлі ў чужыя рукі. Некалькі гадоў філантропка пражыла ў заволжскай глухамані сярод раскольнікаў і лыжачнiкаў-саматужнiкаў (мясціны, апісаныя потым Мельнiкавым-Пячэрскiм). Толькі ў 1867 г. Бучынская змагла вярнуцца з выгнання ў блізкую ёй Варшаву, дзе неўзабаве і памерла.
Генадзь Кісялеў пісаў, што наш класік Дунін-Марцінкевіч падчас паўстання 1863 г. хаваўся ад арышту і быў арыштаваны ў мястэчку Свiр (цяпер Мядзельскi раён) у 1864 г. Калі ў Беларусі пачалося агульнае ўзброенае паўстанне, ён, здаецца, не далучыўся да паўстанцаў, а ўзяў у арэнду маёнтак Дабраўляны Бучынскай і ціха пражыў там да пачатку наступнага года. Пасля секвестру Дабраўлянаў перабраўся ў Свiр, дзе жыў да самага арышту.
Вось такой была далейшая гісторыя гэтай сям'і.
За пераклад успамінаў Габрыэлі Пузыні я ўзяўся адразу пасля перакладу мемуараў «галоўнага віленскага пляткара» — доктара Станіслава Мараўскага. Абое ўспаміны ахопліваюць у значнай ступені адзін і той жа час і адно і тое самае грамадства. Таму я лічу, што перш чым прачытаць успаміны Габрыэлі Пузыні, трэба, як найменей, пазнаёміцца, а лепей, уважліва прачытаць успаміны Станіслава Мараўскага. Бо ў гэтых мемуарах распавядаецца практычна пра падзеі аднаго і таго ж часу, у адных і тых жа мясцінах і ў адным і тым жа асяродку — вышэйшым свеце былога ВКЛ. Але шляхетная Пузыня робіць толькі намёкі там, дзе Мараўскі падрабязна расказвае пра ценявое жыццё горада і малюе карціны звычайнага, калі ўдумацца, чалавечага жыцця, звычайных інтымных стасункаў, пераказвае плёткі, анекдоты і г. д. Таму, у нейкім сэнсе, успаміны гэтых двух аўтараў з'яўляюцца, па сутнасці, двума бакамі аднаго медаля, што бясспрэчна важна для тых, каму цікава наша гісторыя першай паловы XIX ст.
Трэба адзначыць некалькі істотных і важных дэталяў тагачаснага побыту нашай шляхты. Напрыклад, некалькі разоў Габрыэля Пузыня згадвае халаднік як нашую нацыянальную страву ці тое, што Пузыня ніколі не называе прозвішча Міцкевіча, а звычайна піша нешта, накшталт «аўтар «Гражыны». Тры разы падае яна форму імя Канстанты і Канстанцыя як «Кастусь» ці «Кастуся» — і гэта сярод вышэйшага слоя мясцовай арыстакратыі, што робіць бессэнсоўнымі спрэчкі пра тое, ці можна мясцовага шляхіціца Канстанты называць Кастусём. Канешне ж можна.
Перакладаць Пузыню было значна прасцей, чым Мараўскага, але і ў гэтым выпадку, даводзілася выбіраць «залатую сярэдзіну» паміж прыгажосцю і дакладнасцю, бо вядома, што «пераклады, як жанчыны: калі верныя, дык непрыгожыя, а калі прыгожыя, дык няверныя». Нагадаю, што менавіта гэтую думку аўстрыйскага пісьменніка Морыца Готліба Сафіра Максім Багдановіч у Яраслаўлі ўзяў за эпіграф да рукапіснага зборнічка сваіх вершаў, перакладзеных ім на рускую мову і падараваных у 1913 г. сваёй каханай дзяўчыне Анюце Гапановіч.
Уступ
Гэтыя ўспаміны выраслі з гісторый, расказаных маімі бацькамі. Яны жылі ў тую цікавую эпоху, якая стала падмуркам нашага далейшага жыцця, і расказвалі пра яе сваім дзецям. І маленькая Габрыэлька, народжаная ў канцы 1815 г., як каласок пасля жніва, знайшла ў гэтым сваё месца. Яе першыя ўспаміны датычаць людзей, якія пасля доўгіх гадоў неспакою спачылі ў магіле, парослай дзе-нідзе свежай муравой і сям-там кветкамі. Да таго часу пад скіпетрам цара ўсё ўжо скончылася не толькі ў Літве, але ва ўсім свеце, а эпілогам вялікай эпапеі сталі падзеі на востраве св. Алены (апошняе месца ссылкі Напалеона — Л. Л.).
Часова адклаўшы зброю і надзеі, усе ў Літве і Кароне вярнуліся да плуга. Думкі пра славу і свабоду саступілі месца думкам пра хлеб штодзённы. Надоўга, вельмі надоўга запомніўся 1812 г. Ён заставаўся зместам размоў і тлом жыцця кожнай сям'і. Маладое пакаленне закалыхвалася гісторыямі 1812 г., бо гэты год, як бог з двума рознымі тварамі, пачынаўся з чароўнай надзеі, а закончыўся халодным расчараваннем. Амаль што ў кожнай сям'і гэта дата была запісана ў сэрцы крывавымі літарамі сіроцтва, ці выцятая палашом на лбе. Балела яна куляй у плячы, якая давалася ў знакі пры кожнай перамене надвор’я, стукала драўлянай нагой, свяцілася на грудзях крыжам адважных!.. А ўдовы і маці ўзнімалі яе як крыж Панскі на руінах былога шчасця! Ах, так! Знакаміты ў гісторыі Еўропы 1812 г. стаў эпохай для нашага краю, ён увесь час прысутнічаў у размовах, як прыпеў у песні, якую спяваюць каля вогнішча.
1812 г. быў памятным і для нашай сям'і, хоць і стаўся менш балючым, чым для іншых. Мой бацька тады заразіўся ў ваенным шпіталі і цяжка захварэў на тыф у Мінску-Літоўскім, нагляд за шпіталем яму даручыў Напалеон (калега майго бацькі Ваньковіч, заплаціў за гэты гонар сваім жыццём). Мая маці каля ложка непрытомнага мужа не знаходзіла сабе месца, думала пра свайго бацьку і двух братоў, якія былі на вайсковай службе ў Напалеона, думала пра сваю маці, якая жыла ў Вене, пра сястру, якая ў росквіце сіл засталася ў Вільні. Апроч таго, кожны дзень з вокнаў сваёй кватэры яна бачыла, як на сходах, пры браме ці на дзядзінцы ад холаду і голаду паміралі французы, і іх як бярвенне выкідалі на плошчу. А трэба было прымаць у сябе генерала Тучкова, дасланага ўціхамірваць Мінск, і размаўляць з ім на чужой мове. Ён паставіў варту каля дзвярэй хворага, які ў гарачцы, без прытомнасці, не ведаў, што перайшоў з-пад улады імператара французаў пад уладу рускага манарха. І калі іх двухгадовая дачушка Матынька (старэйшая з дачок), народжаная ў часы абуджэння бліскучых надзей, барабаніла ручкамі пры кожным згадванні Напалеона, імправізуючы так навіны з газет, нібыта ёю прачытаных, дык малодшая Ідалька, народжаная ў 1813 г., прынесла з сабой непакой і слёзы з-за найменшай драбязы, што паўплывала на характар і ўсю яе будучыню. Гэта сталася вынікам вышэй згаданых турбот і клопатаў нашай маці, якая хавала іх у сабе і моўчкі пераносіла ў той год цяжкіх выпрабаванняў.
Канец 1812 г. запомніўся безумоўнай амністыяй, якая распагодзіла неба над Літвой і Каронай. І зіму 1815 г. мае бацькі правялі ў вясёлай Варшаве ў нашай бабулі Марыі Тызенгаўз з гр. Пшаздзецкіх, якая пасля дзясятка — другога гадоў за мяжой прыехала з Вены ў Варшаву.
Варшава здаўна адрознівалася лёгкасцю, з якой пераходзіла ад слёз да смеху, ад вайны да танцаў. Весела бавіліся ў Варшаве і зімой 1815 г., аздобай усіх сходаў былі дзве маладыя прыгажуні: княжна Ганна Сапяжанка, шаснаццацігадовая кветка, брунетка з чорнымі вогненнымі вачамі і светлавалосая, поўная грацыі і невыказнага шарму Яна Грудзінская. Абедзве добра танчылі ў салонах, і калі падчас менуэта стаялі адна насупраць другой, у залі ўздымаўся неапісальны шал! Узбіваліся на крэслы, штурхалі адзін аднаго, каб толькі ўбачыць дзве грацыі. А гэтыя тэрпсіхоры — адна з іх лётала ў паветры, другая, крэсліла маленькай ножкай арабескі на паркеце, мелі кавалерамі Аляксандра гр. Патоцкага і Станіслава гр. Касакоўскага. Сёння, праз паўстагоддзя, што засталося ад гэтых дзвюх пар, якія ў той час свяціліся маладосцю і жыццём?.. Тры магілы!.. Тэрпсіхора, княжна Ганна, памерла княжной Чартарыскай, каралевай польскай эміграцыі. Другая, малодшая з грацый, дзеля якой брат цара адрокся ад трону, і яе партнёр па танцы гр. Патоцкі, даўно памерлі. Застаўся адзін толькі Станіслаў гр. Касакоўскі, які і сёння ў той жа Варшаве чаруе другое і трэцяе пакаленне свежасцю сваіх размоваў і спакоем свайго твару, які, як заходзячае сонца, сведчыць, што скончаны дзень быў ясным. Жонка графа Аляксандра Патоцкага (праз год ужо Вансовіч) з дому Тышкевічаў, унучка нашага апошняга караля, прымала шматлікіх гасцей у ніжніх пакоях свайго палаца на Кракаўскім прадмесці. У тыя часы ў яе заўсёды тоўпіліся людзі і, чым цясней і гарачэй, тым весялей было ім. Цягам карнавалу адбыўся дзіцячы касцюміраваны баль, для якога сям'я Замойскіх прывозіла сваіх прыгожых, як іх маці, дзяцей. Мая старэйшая сястра была там у ролі вулічнай гандляркі кветкамі з кошыкам, поўным жывых кветак. І калі яе заўважыў в. князь Канстанцін, які ў гэты момант размаўляў з княгіняй-ваяводзінай Радзівіл, тая назвала дзяўчынку сваёй унучкай. Але малая дзяўчынка дарэмна раз за разам кланялася, в. князь быў захоплены будучай княгіняй Ловіч і забыўся на дзяўчо, якое выглядала з-пад руж, пакуль княгіня зноў не паказала на яе. Тады строгі начальнік пакланіўся малой, як быццам яна была ўжо дарослай красуняй, і сказаў: «Як жа жанчынам не быць какеткамі, калі яны пачынаюць так рана?». Аднак, в. князь не ўгадаў — сястра, калі вырасла ў прыгожую замужняю жанчыну, хоць і мела вялікі дар падабацца, але ніколі не была какеткай.
Мая маці большую частку жыцця правяла ў Літве з маім бацькам, які валодаў вялікімі маёнткамі і рэзідэнцыямі ў Гарадзенскім і Вількамірскім паветах і па-чарзе жыў у іх. Але яна нарадзілася і атрымала выхаванне ў Варшаве і заўсёды імкнулася ў Карону. Была хрышчонай дачкой гетманавай Агінскай, пляменніцай ваяводзіны Радзівіл (стваральніцы парка Аркадыя), і таму адчувала сябе сваёй у Варшаве. Самыя цёплыя ўспаміны засталіся ў яе з дзяцінства: як у 1784 г. з балкона дома ў Лешні яна кідала шпількі вулічным стралкам, каб тыя маглі разарваць патрон, як яна захавала мініяцюру Касцюшкі, якую ўсе дамы насілі на грудзях і, калі гэта стала небяспечным, кідалі ў полымя каміна. У маёй сям'і маці ўспрымалася носьбітам памяці пра тыя часы, як і яе браты, якія пайшлі за Героем (Напалеонам — Л. Л.) … Як потым, калі ў краі панавалі прусакі, прыгожая каралева прыехала ў Варшаву, прыняла баль у свой гонар і размаўляла з маёй маці. Як і яе стрыечны брат (па маці) Антон князь Радзівіл, які ажаніўся з прускай прынцэсай Людвікай, (яна сэрцам прыкіпела да сям'і мужа), адкінуўшы ў бок ўсялякі этыкет, кіраваў свавольствам і жартамі ў Небараве і г. д.
Пра яе расказвалі шмат разоў, і ў маёй дзіцячай памяці гэтыя ўспаміны засталіся як быццам мае ўласныя, хоць тыя падзеі і адбываліся гадоў за 20 да майго прыходу ў свет! Здаецца, на ўласныя вочы бачу я востраў на рацэ Шпрэя пад вокнамі палаца Бяльвю, што пад Берлінам, дзе спыняліся сем'і прускіх прынцаў і князёў Радзівілаў падчас заручын князя Антонія з прынцэсай Людвікай. На тым востраве мелася аранжарэя, набытая ў Германіі княгіняй-ваяводзінай для Нябарава, яна скарысталася аранжарэяй каб даць падвячорак сваёй будучай нявестцы на сваёй зямлі. За гэта дэ Ліль надаў ёй прыдомак «Армідская».
Дэ Ліль і княгіня-ваяводзіна нават у Еўропе былі дзвюма выключнымі асобамі. Хто ж не чытаў досціпаў дэ Ліля? А стваральніца «Аркадыі» згадвалася ў яго паэме «Сады», перакладзенай на польскую мову ваяводам Хамінскім, у якой паэт усхваляў яе розум і чары. Яе прыгажосць адрознівалася ад іншых — валасы цалкам збялелі да 30 гадоў і разам з квітнеючым і свежым тварам выглядалі як ранні снег на ружы — яна часта ўтыкала свежыя ружы ў прычоску. Вясёлая, жвавая, поўная фантазіі, смелая і гучная ў выказванні сваіх пачуццяў, меркаванняў і думак, яна здалёк абвяшчала пра свой прыезд гучнымі выкрыкамі. Такой ведалі яе не толькі ў сям'і, але і пры бярлінскім і пецярбургскім дварах, дзе на вячоркі ў Эрмітажы, княгіню-ваяводзіну Радзівіл прымала яе добрая знаёмая царыца Кацярына. Потым, ушанаваная абедзвюма царыцамі Марыяй і Лізаветай (маці і жонка Аляксандра І — Л. Л.), надала ім і цару Аляксандру розныя прыдомкі, якія яны ўжывалі, калі пісалі ёй — узаемна звярталіся, дадаючы «Адарацыя» («Пакланенне»). Ніколі не бянтэжылася падчас размовы з в. князем Канстанцінам і пры ім ці без яго публічна называла яго «Хурлубярлу» (можна перакласці як «дзівак» — Л. Л.). І калі неяк падчас балю Хурлубярлу ахвяраваў ёй на слізгаўцы санкі і сам стаў яе вазніцам, княгіня-ваяводзіна, указваючы на в. князя, звярнулася да паліцмайстра: «Не арыштоўвай гэтага маладзёна, бо ён мой фурман».
Апроч жанатага з прускай прынцэсай, Антонія мела яшчэ трох сыноў: Валентыя, Людвіка і Міхала; а таксама трох дачок: Крысціну, Ружу, якія памерлі незамужнімі, і Анелю, якая стала жонкай князя Канстанціна Чартарыйскага. Мая бабуля Тызенгаўз хоць і з'яўлялася роднай сястрой княгіні-ваяводзіны, але не была да яе падобная. Яна мела па-сапраўднаму прыгожы і сур'ёзны твар, цёмныя і густыя валасы сягалі амаль што да зямлі, а прыгажосць рук яна захавала да глыбокай старасці. Ціхая і нясмелая, любіла жыць на адзіноце. Свецкія забавы надакучылі ёй, рухі стамлялі яе, а ранняе атлусценне зрабіла млявай. Малодшая з братоў і сясцёр, страціўшы ў маленстве бацькоў, яна выхоўвалася разам з дзецьмі сваёй старэйшай сястры Храптовічавай: з Адамам, Ірэнеем і іхняй сястрой, якая потым выйшла замуж за Бжастоўскага. Гэта былі дзеці канцлера Яўхіма Храптовіча, які добраахвотна склаў паўнамоцтвы і аддаў сваю пячатку, каб толькі не падпісваць Таргавіцкі акт. Бабуля мела яшчэ двух братоў Пшаздзецкіх: малодшы, Дамінік, жанаты з Ганнай з Радзівілаў (потым — Мастоўскай), меў аднаго сына Міхала, старэйшы бабулін брат Міхал быў жанаты з Марыяй Мастоўскай, ваявадзянкай мазавецкай, ён пакінуў двух сыноў — Канстанціна і Караля.
Мая бабуля Марыя Тызенгаўз з Пшаздецкіх, мела маці з Агінскіх, якая ў сваю чаргу мела маці з Вішнявецкіх.
На гэтым зраблю перапынак у сваім фамільным радаводзе, астатняе буду дадаваць па меры неабходнасці.
1816–1820 гады
Зіму 1816 г., тады ўжо чатырохмесячная, Альбіна Габрыэлька правяла з бацькамі ў Вільні. Нарадзілася яна там 24 верасня 1815 г., ахрышчаная святой вадой у Святаянскім касцёле, падчас хросту яе трымалі графіня Феліцыя Плятэр з Марыконі, тады ўжо ўдава Вацлава Плятэра, і стрыечны брат маёй маці Караль Пшаздзецкі. Нараджэнне трэцяй запар дачкі стала расчараваннем для сям'і, бо яе родапачынальнік Міхал Гюнтэр фон Гейдэльсхайм перасяліўся з Рэйна ў Літву ў часы Сабескага і меў толькі аднаго нашчадка з такім прозвішчам — майго бацьку. Але мяне, як і старэйшых сясцёр, песцілі і шанавалі, і я не адчувала на сабе наступстваў гэтага расчаравання, гадавалася ў ціхамірнай атмасферы краю, які вярнуўся да міру і росквіту. Мелі сваё войска ў Каралеўстве, а Літва ўжо мела сваіх жоўтых уланаў у так званым Літоўскім корпусе, і кіравалі нашымі губернямі мясцовыя людзі. У Вільні пасаду віцэ-губернатара займаў граф Зыберг-Плятэр, адзін з сыноў канцлера, а было іх сем актыўных братоў, некаторыя з Плятэраў былі нават навукоўцамі і ўсе мелі добрае выхаванне свецкіх людзей. Віленскі ўніверсітэт, расліна прышчэпленая Баторыем, квітнела ў часы Аляксандра І і была сцятая Мікалаем у 1831 г. Два Франкі (бацька і сын) з Вены і браты Снядэцкія з Кракава вызначылі гэтую слаўную для ўніверсітэта эпоху, кіраваў ім куратар князь Чартарыйскі пад апекай самога імператара.
Узімку 1816 г. салон маіх бацькоў яднаўся з салонам Людвіка Радзівіла. Гэтыя два дамы і роднасныя сем'і стварылі адзін дом і адну сям'ю. Князь Людвік, старэйшы з братоў і сясцёр, быў жанаты з ўдавой паняй Валеўскай. Апроч трох пасынкаў, мелі яны яшчэ і дзяцей ад другога шлюбу. Княгіня вызначалася рэдкай дабрынёй, князь быў вясёлым і таварыскім чалавекам, і іх прыемны дом вылучаўся сардэчнасцю. Ужо дарослыя панны Зоф'я і Габрыэля Валеўскія (потым Камінская і Тымоўская) ажыўлялі дом размовамі, музыкай і шармам. Аленка Радзівілоўна, пятнаццацігадовы падлетак, ужо выяўляла прыкметы незвычайнай прыгажосці. Аднак ззянне яе непараўнальнай свежасці не было доказам здароўя, бо пабраўшыся шлюбам са сваім кузэнам Вільгельмам (сынам Антонія), яна неўзабаве памерла ад сухотаў. Спадарожніцай ў навуках і забавах яна мела аднагодку, дачку эмігранта-француза Яна дэ Няве, які займаўся выхаваннем брата Аленкі, князя Леана. Казалі, што маладая Александрына (мая маці) была прыгожая як бутон ружы, у чым ніхто не сумняваўся, нават калі яна мела ўжо 50 гадоў.
Мой бацька меў маёнткі Старыца, Пакоршава і Замосце ў Мінскай губерні. Мая бабуля Гюнтэр з Валадковічаў, аўдавеўшы, жыла ў Старыцы, а мае бацькі праводзілі лета ў Пакоршаве, вядомым мне толькі па малюнку маёй маці, бо яны не жылі там пасля пераезду ў Вільню ў 1817 г. А ў 1818 г. бацькі набылі маёнтак Дабраўляны ў Свянцянскім павеце Віленскай губерні і з таго часу жылі там, прадаўшы для гэтага пасаг маёй маці — маёнтак Савічуны ў Вількамірскім павеце, а маёнтак Ігуменаў у Дзісненскім павеце пакінулі ў руках эканома. Дабраўляны былі набыты ў Ігнацыя Абрамовіча, які так хацеў пакарыстацца сваёй свабодай і мільёнамі, што ў васямнаццаць гадоў пазбавіўся ўсёй сваёй маёмасці ў краі і паляцеў у Парыж, каб там цягам некалькіх гадоў праесці і прагуляць усю спадчыну, як той казаў, пусціць усё з дымам.
Дабраўляны знаходзіліся за дзесяць міляў ад Вільні, за трыма рэчкамі, Ашмянкай, Віленкай і Віліяй, паміж Свянцянамі і Смаргонню і былі старой рэзідэнцыяй князёў Сангушкаў, а ліпы маёнтка — аднагодкі таполяў Яна Сабескага ў Вілянаве, фігуравалі ўжо ў інвентары 1700 г. разам з мураваным палацам.
Мая дзіцячая памяць не захавала моманту, калі я апынулася ў Дабраўлянах, самыя раннія ўспаміны — як узімку я прачынаюся каля круглага стала, на якім перабіраюць насенне кветак і пшаніцы, ці гуляю з аркушамі з пазалочанымі кантамі, памятаю яшчэ ласкавых вавёрак, якія, выпушчаныя ў сад, вярталіся назад белыя ад снегу і падчас нашага сняданку трымалі ў лапках і елі арэхі і сухары.
Гэта была зіма 1819 г.
Другая сцэна, якую я памятаю цалкам — паездка да дзеда Тызенгаўза ў Рокішкі Вількамірскага павета.
Мой дзядуля Ігнат Тызенгаўз, калі праводзіў лета ў Рокішках, збіраў вакол сябе ўсю сваю сям'ю, г. з. дзвюх замужніх дачок — маю маці Александрыну і маладзейшую за яе на 10 гадоў Зоф'ю, графіню Шуазель, двух сыноў, яшчэ кавалераў, Рудольфа і Канстанціна. А на свята св. Ігнацыя ў Рокішкі прыязджалі і далёкія сваякі: удава Фелікса Патоцкага з графаў Пацаў, дачка роднай сястры майго дзеда, Пшаздзецкія і г. д., і г. д. Адтуль мае першыя ўражанні, першыя ўспаміны, і калі яны не падманваюць мяне, дык, ніколі больш не быўшы ў Рокішках, я памятаю кожны будынак — палац у італьянскім стылі са сходамі на вонкі, з бліскучым на сонцы купалам, пакрытым бляхай, які мы па-дзіцячы звалі «бамбелай», калі збіралі на зямлі бляхі, пасля таго як дах зламаўся. І той прыгожы галандскі каменны млын, і мураваны касцёл, які вока ў вока глядзіць на палац. Да гэтага часу я памятаю водар букетаў рэзеды, ляўконіі, гваздзікоў і ружаў, якія штодня абнаўляліся ў пакоях маёй мамы. У маіх вачах стаяць гэтыя вялікія пакоі з карцінамі і зала з егіпецкімі фрэскамі, і гэты малы кабінет, дзе дзядуля вучыў чытаць Ідальку… Дзядуля, пляменнік падскарбія Тызенгаўза, мог мець тады 60 гадоў. Прыгожы, з крыху сівой чупрынай, з густымі бровамі, ён паліў тытунь у доўгай люльцы, выглядаў пры гэтым строгім, і я яго трошкі баялася. Быў ён (як я потым чула) «панам на поўную губу» і па-сапраўднаму прыемным чалавекам. Любіў знаходзіцца ў таварыстве і, зімуючы з дочкамі ў горадзе, ладзіў пышныя балі і абеды, трымаў прыгожых коней, шчодра ахвяраваў на дабрачыннасць, быў горды, ветлівы, але халодны ў стасунках з дзецьмі.
Мае дзядзькі мелі ўзрост сярэдні паміж маёй маці і цёцяй Зосяй. Старэйшы, Рудольф, не меў хуткасці розуму ўласцівай малодшаму брату і старэйшай сястры, але чаго не дала прырода, ён здабыў працай. Прыгожа граў на скрыпцы, добра пісаў лісты, часам вершаваныя, і, нягледзячы на маўклівасць, якая адпужвала ад яго паннаў, увогуле быў прыемным у таварыстве дам і меў найлепшае сэрца. Малодшы, Канстанцін, быў дзікаваты, пазбягаў салонаў але любіў паляванне і таварыства вучоных. У ім ужо выявіўся будучы арнітолаг. З твару быў больш падобны да бацькі, але розум меў, як у маёй маці. Быў спакайнейшым і халаднейшым за брата, але любіў бавіцца, дражніцца з намі, дзецьмі, маляваў нам карыкатурных коней і сабак і з вялікім талентам скульптара ляпіў для нас з хлебу цэлую гаспадарку.
Цёця Зося першы год была замужам, прыгожая, вясёлая, яна толькі што вярнулася з Парыжа і прывезла нам ладныя цацкі. Мы яе вельмі любілі і бязлітасна мучылі ўкладкай валасоў, так што ёй нярэдка даводзілася ўцякаць ад нас і зачыняцца. Яе муж, сын старога эмігранта, спадчыннік вялікага маёнтка Плацелі на Жмудзі, які надаў ягонаму бацьку цар Павел, быў ужо немаладым, двойчы жанатым чалавекам. Яго першая жонка — графіня Вікторыя з Патоцкіх, дачка няшчаснага Шчэнснага, потым жонка Бахмецьева, развялася з ім, нягледзячы на трох агульных сыноў і дачку. Што магло схіліць нашу маладую, прыгожую і заможную цётку пабрацца шлюбам з разведзеным немаладым чалавекам?.. Хіба толькі вялікае жаданне пазнаёміцца з Парыжам, што, аднак, яна магла зрабіць і не беручы шлюб з французам насуперак меркаванню ўсёй сям'і. Але была ўпартай і пайшла за яго. Граф Актавіян дэ Шуазель-Гуф'е, нашчадак знакамітага міністра часоў Людовіка XV, быў тыповым старым французскім арыстакратам. Непрывабны, з ястрабіным і крыху зарослым носам, з вялікімі чорнымі вырачанымі вачыма, з заўсёды растрапанымі валасамі, звычайна насіў фрак і шыпаваныя чаравікі, закідаў нагу за нагу. За сталом нагадваў герцага дэ Шона з «Лістоў» мадам дэ Севінне — марудна еў, дзесяццю пальцамі драў не толькі хлеб, які падавалі яму аднаму, але і пірог, які пасля яго павінны былі есці іншыя. Гаварыў гучна, хутка, неразборліва, крычаў, узмацняючы свой аповед шумна смяяўся, а калі ў нечым памыляўся, казаў: «Quand je dis que c’est ainsi, ce n’est pas absolument comme cela, mais a peu pres!» (фр. «Калі я кажу, што гэта было так, дык можа і не зусім так, а толькі прыблізна!». — Л. Л.). Усё ў яго было не ў парадку, неахайна, не даведзена да ладу — і ў доме, і ў вопратцы, і ў справах. Ён адпрэчваў крэдытораў, бо казаў, што яго словы — грошы. Жыццё маёй цёткі было не вельмі шчаслівым, хоць і ўзорным. Ён быў хуткі, яна жвавая і свавольная, яны ўвесь час спрачаліся, але працягвалася гэта нядоўга — ён прасіў прабачэння, і жонка яму даравала, пасля чаго на нейкі час прыходзілі мір і згода — галоўным пунктам дамовы была новая паездка ў Парыж, новыя выдаткі, новыя пазыкі, якія да кожнага дня св. Юрыя (тэрмін выплаты даўгоў у Вільні) звычайна прыводзілі маю цётку ў Літву, але гэта было ўжо ў пазнейшыя гады.
Рокішкі — вялізны, урадлівы, асабліва на лён, маёнтак (і да гэтага часу ў Рызе славіцца рокішскі лён) быў нязручным для гаспадаркі, але вельмі прыемным для адпачынку. Сапраўдным святам ў Рокішках былі Дажынкі, калі на адным сподзе пану падавалі вянок, складзены з васямнаццаці меншых вянкоў і ў кожным з іх мелася картка з назвай фальварка, адкуль паходзіў гэты меншы вянок. Сваёй ахвярнасцю свята набывала маштаб напалеонаўскіх урачыстасцяў.
Вяртаючыся ў Дабраўляны, мы спыняліся ў некалькіх знаёмых дамах. У Солах, маёнтку старасты графа Марыконі жыла яго нявестка, сястра князя «Пане Каханку», літоўская пісарава Марыконі. Вясёлая, тоўстая матрона з добрым апетытам, увесь час рассеяная, размаўляла праз нос і карысталася вялікімі насоўкамі. Юзэфа Лапацінская з Марыконі жыла тут жа і была добра вядомай у Вільні зоркай салонаў. Зусім маладой выйшла замуж і нарадзіла дзве дачушкі — Марыню і Юзю.
У Паставах нас прымаў дзядзька Канстанцін, яшчэ кавалер. Ад Пастаў да Дабраўлянаў усяго восем міль, і гэта блізкасць брата і сястры паўплывала на набыццё маёнтка, бо раней іх раздзялялі некалькі дзясяткаў міль. Як ні дзіўна, дабраўлянскае наваколле складалася ў асноўным з асоб, якіх маці ведала ў Варшаве, і якія, пабраўшыся шлюбам, пасяліліся ў Літве.
Гэта былі: першая, у Варнянях, ранейшая прыгажуня, шамбелянава Абрамовіч з дому Бахмінскіх, у першым шлюбе Ціхоцкая. Паўторна выйшла замуж за маладзейшага за сябе на дваццаць гадоў мужчыну і неаднойчы з-за гэтага горка плакала; другая — апошняя з дому Секержыцкіх, удава Юзафа Мастоўскага, брата міністра Тадэвуша, якая прыехала сюды з Галіцыі, каб са свецкай дамы стаць руплівай гаспадыняй і ратаваць моцна абцяжараны мужам і малодшым сынам Уладзіславам маёнтак, у чым ёй добра дапамог пасаг нявесткі Ванькавічоўны. Трэцяй была сенатарава Агінская, у першым шлюбе Нагурская, родам італьянка. У шлюбе з Міхалам Клеафасам Агінскім яны мелі тры прыгожыя дачкі, іх вясёлы і жвавы дом поўніўся замежнымі настаўнікамі і настаўніцамі, прыгожае Залессе яны зрабілі зямным раем.
Гэтыя дамы жылі за 5–7 міляў ад Дабраўлянаў і таму цяжка было ўважаць іх суседкамі, але ж колькі разоў на год яны наведваліся ў госці, і кожную зіму мы сустракаліся ў Вільні, а калі не бачыліся, дык ліставаліся, абменьваліся кнігамі і насеннем кветак, і таму ўсё ж называлі адна адну суседкамі.
Праз пяць міляў жыў стрыечны брат маёй маці — мой хрышчоны бацька Караль Пшаздзецкі. Шнар на ілбе ён атрымаў ў паходах Напалеона пад камандаваннем князя Панятоўскага. Непрыгожы і ўжо немалады, разам з жонкай не жыў, бо тая звар’яцела. Прыхільнік дам у духу Сярэднявечча ўхваляў іх фразамі са старых раманаў, якія яму па начах чытаў француз-камердынер. Але гэта не перашкодзіла Пшаздзецкаму заснаваць узорныя гаспадаркі ў сваіх маёнтках Смаргонь і Войстам, наладзіць вытворчасць берлінскіх вазоў, трымаць табун коней для язды верхам і пародзістае быдла. Смаргонь была ўзорнай гаспадаркай на дзясятак-другі міль навокал, і добры, гасцінны і сардэчны граф Караль, не толькі не зайздросціў, але і цешыўся, калі ў іншых атрымлівалася зрабіць сваю гаспадарку таксама ўзорнай. Трымаў у сваім двары казакаў — сапраўдных украінцаў, фарбаваў вусы і рэшту сваіх сівых валасоў і не ў такт, але з вялікім агнём танцаваў мазурку.
Бліжэйшымі да Дабраўлянаў былі два дамы Сулістроўскіх. У Вішневе жыла пані шамбелянава з дому Прэўскіх, ужо ўдава, вядомая ў Варшаве ў прускія часы. Мела дачку Цаліну з класічным профілем і сына Эдмуся майго веку.
У Чурлёне жыла пані пісарава Сулістроўская, удава Алозія (гл. «Двары на Антокалі» Ігнацыя Ходзькі). Гэта старая матрона перажыла і свайго сына Казіміра, які, будучы мінскім губернатарам, пакінуў па сабе добрую памяць. Яго дачкой была Антаніна Снядэцкая, смерць якой у 1853 г. аплаквала ўся Вільня, і не як нявестку Андрэя Снядэцкага, а як дачку шаноўнага Казіміра Сулістроўскага. Пані пісарава заканчвала свой доўгі век на манер старадаўніх матрон у атачэнні шматлікіх прыдворных дам, штогод на св. Антонія яе наведвала ўсё наваколле. Хаця гэта свята прыпадае на лета, але з-за неадрамантаваных з часоў, калі пісарава перастала выязджаць з дому, дарог і мастоў, гэтыя візіты не былі прыемнымі, але па настойлівай просьбе эканома госці хлусілі і ўсхвалялі добрую дарогу, а імянінніца прылюдна дзякавала яму за выкананне яе святой волі. Падобная камедыя разыгрывалася таксама за абедам і падчас падвячорка, бо госці, папярэджаныя прыдворнымі дамамі, каб не пашкодзіць садоўніку, дзівіліся позняй спаржай і дынямі, як нечым новым. «Ці ж гэта праўда?» — з недаверам пыталася ў іх здзіўленая старая.
У суседзях лічыўся таксама Ольшаў Хамінскіх, дзе ў той час з дачкой жыла самотная ўдава, харунжына Тэрэза Хамінская з Аскеркаў. Трое яе сыноў вучыліся ў Віленскім універсітэце.
Самымі бліжэйшымі суседзямі Дабраўлянаў былі Нястанішкі, праз мілю над Віліяй, маёнтак паважанай матроны Свянціцкай з Контрымаў. Ужо ўдава, мела яна адзінага сына Адольфа дзевятнаццаці гадоў. Быў ён такі тоўсты, што выглядаў на трыццаць. Кожную нядзелю ці мы прыязджалі да іх, ці яны да нас на чацвёрцы коней у фартуховых дрожках.
Усё ў доме пані Свянціцкай і сам яе дом мела рысы старасветчыны. Ламаны дах з высокімі франтонамі, высокія пакоі ўсярэдзіне, вялікія вокны, а са сталовай, якая займала цэнтр дома, шкляныя дзверы ў сад, упрыгожваннем якога былі каштаны. На акне ў гасцёўні ляжалі какосавыя яблыкі, на стале кніга ксяндза Клюка. Канторкі ў стылі ракако і печы на дужых тачоных ножках, якія здаваліся мне шахматнымі фігурамі, і я дзівілася, што яны такія вялізныя і пад печкай.
Сярод гасцей у Нястанішках бывала высокая і кастлявая асоба з вялізным носам, які сустракаўся з падбароддзем на вуснах, у чапцы, які спадаў на запалыя вочы, захутаная ў доўгі шалік сапфіравага колеру ў дробныя пальмавыя лісткі, у падвязанай пад шыю ваўнянай, попельнага колеру сукенцы, аздобленай сапраўднымі брабанцкімі карункамі. Калісьці, за часамі «Пане Каханку» яна была красуняй і памятала нясвіжскія балі, аздобай якіх была, тады яшчэ панна, Зузана Мірская, а потым палкоўнікава Дадэркава. У глыбокай старасці князь Караль Радзівіл хацеў ажаніцца з ёю, яна тады была яшчэ незамужняй, але гэтаму перашкодзілі інтрыгі княжацкай сям'і. Адзінымі сведкамі гэтага пачуцця ёсць уласнаручныя лісты князя да «каханай Зулькі». Некаторыя з гэтых лістоў нам падаравала сама гераіня, і я захоўваю іх, адзін ліст мае і Аляксандр Пшаздецкі.
Некалі заможная пані палкоўнікава, па-філасофску, ці дакладней, па-хрысціянску перанесла змены свайго лёсу. Дасціпная, вясёлая, сардэчная, яна ездзіла з хаты ў хату сваякоў і сяброў, якіх шмат мела ў Літве, але, каб захаваць сваю незалежнасць, заўсёды мела свой уласны куток у Нясвіжы і нават свой дамок, наняты каля касцёла ў Нястанішках. Адзіным яе багаццем была старая крытая брычка з двума худымі коньмі і куфрам ад «карэты-нябожчыцы» (яе ўласнае выказванне), а любімым заняткам — выраб торуньскіх пернікаў і цудоўных лекаў з мёду, якімі яна лячыла хворых і здаровых сяброў. Мела невычэрпны рэпертуар старасвецкіх песень і спявала па-памяці, глыбокім і гучным голасам без фартэпіяна, пры кожнай акалічнасці выконвала іншую песню.
Палац у Дабраўлянах, помнік часоў князёў Сангушкаў, стаяў без даху і меў толькі некалькі некранутых пакояў, якія можна было выкарыстоўваць толькі як каморы ці кухні. Мы жылі ў афіцыне. Сад са старымі ліпамі, пра якія я ўжо пісала, быў па-новаму ўладкаваны ў стылі французскіх садоў XVII ст., падсыпаны, каб мець абмураваныя тэрасы, усе дрэвы не толькі падрэзаныя, але і падстрыжаныя ў сферы, аркады, слупы ці піраміды. Меўся нават лабірынт з ліпаў, праўда, без Мінатаўра, але паколькі ён служыў месцам хованкі для валацуг і лайдакоў, мае бацькі яго ссеклі на вялікі жаль суседзяў, якія бачылі ў ім адно з цудаў свету. Мая маці пачала перарабляць рамантызм у класіцызм з таго, што выкапала раней засыпаныя на некалькі локцяў ліпы. Некаторыя з іх яна пасадзіла ўздоўж доўгай і шырокай вуліцы, другія ў выглядзе альтанкі — яны сваімі густымі галінамі былі сабраныя ўверсе нібы скляпенне святыні, і ані сонца, ані дождж не маглі прабіцца праз гэты гушчар. Усе яны цягнуліся ўгору як калоны ў касцёле. Некаторыя камлі мелі такі дыяметр, што трое дарослых, трымаючыся за рукі, ледзь маглі іх абхапіць.
Па ўсім садзе працякаў шырокі ручай, які праз млын, праз лугі бег у Свір. Мая маці, гледзячы на «бег вады», у сваіх думках ужо саджала на беразе «некалькі бярозак» і срэбныя, плакучыя вербы, галінкі якіх прывезла з Рыгі.
Тады ў Дабраўлянах з'явіўся нейкі настолькі стары садоўнік, што памятаў яшчэ апошняга караля, і параўноўваючы нашы ліпы з вілянаўскімі, раіў спілаваць іх напалову і зрабіць альтанкі. «Так будзе больш прыгожа!» — казаў ён шэптам (бо не меў ніводнага зуба) — «Адны будуць расці ўнізе, а другія ўверсе». І ў пацвярджэнне сваёй парады расказваў, як зрабіў для караля Станіслава «сюрпрыз», ссекшы адну з вілянаўскіх ліп, каб пасадзіць у яе ствале «юзю» (меў на ўвазе ружу), з чаго кароль вельмі смяяўся. Садоўнік меў прозвішча Больман.
З таго часу кожны год знікалі нейкія помнікі кепскага густу і высаджваліся новыя дрэвы і кусты. Вытанчана выгіналіся высыпаныя жвірам сцежкі, на аксамітавай, некалькі разоў за лета скошанай і старанна прыгладжанай жалезным катком траве, квітнелі клумбы. Дзівам было тое, што сярод вялікай раўніны наш сад цалкам месціўся на пагорках і меў плошчу ў цэлую валоку (валока — прыкладна 21,36 га — Л. Л.), са сваімі дрэвамі і вадой ён выглядаў як нейкая асобная краіна.
Ад усяго старога саду, як памяць, застаўся толькі паўкруг з адмыслова стрыжаных елак з дзіркамі, нібы вокнамі, з круглымі галоўкамі, якія, калі іх бяліў снег, выглядалі нібы напудраныя парыкі маркіз пры двары караля Людовіка XV. І покуль мой бацька марыў перарабіць старыя муры ў сучасны палац, маці аздабляла афіцыну з маленькімі вокнамі і нізкімі столямі, у якой на сценах віселі талеркавыя люстэркі, сеўрская парцаляна і карціны майстроў у залачоных рамах, прывезеныя з Пакоршава. Усё гэта выглядала, можа, і не зусім дарэчы, але рабіла нашы салоны элегантнымі і нават вытанчанымі. Сам будынак знаходзіўся не ў лепшым стане, ад вільгаці поўніўся мурашкамі і грыбком, бо стаяў без падмурка. І ўсё ж, як не адкідаць зімаў, калі для нашага выхавання бацькі перабіраліся ў Вільню, у гэтай афіцыне мы пражылі дванаццаць гадоў і на яе ганку, над якім нават не было паветкі, з радасцю і з жалем сустракаліся і развітваліся з дарагімі гасцямі з Літвы і Кароны. Дагэтуль, у сне ці ў марах, перад маімі вачыма паўстае мая любімая афіцына, і я бачу той самы першы пакой з круглым столікам пасярэдзіне, з зялёнымі канапамі па кутах, падушкі якіх служылі нам конікамі ў гульнях, і шафай, з якой праз гатычныя шыбы на нас глядзела зачараваная лялька-прынцэса і іншыя цікавыя рэчы. З другога боку за сталовай меўся пакой бацькоў, застаўлены кніжнымі шафамі. У глыбіні стаяла бюро для пісьма, а перад ім — крэсла абабітае зялёным саф'янам, якое, калі трэба было звярнуцца да лёкая, паварочвалася разам з тым, хто ў ім сядзеў. За бюро мог прайсці толькі адзін чалавек — узяць кнігу з паліцы ці паглядзець на барометр, да якога мы, дзеці, прыходзілі ў слотныя дні, бо мелі надзею, што шарык жывой ртуці пачне падымацца.
У вуглавым салоне стаяла канапа, абабітая сінім ваўняным муарам, на якой з рукадзеллем звычайна сядзела мая маці і з батысту рабіла кветкі, падобныя да жывых. Мне здаецца, што я дагэтуль бачу яе ў белым шлафроку без фалдаў, з вузкімі рукавамі і ў чапцы з сапраўдных карункаў, якія яна сама мыла на бутэльцы. На яе далікатных белых пальцах мелася шмат пярсцёнкаў — не толькі шлюбны з заручальным, і ўсе яны былі памятнымі для матулі. Маці заўсёды насіла на шыі перлы з брыльянтавым фермуарам (зашпількай), бо лічыла, што яны не павінны ляжаць без справы. Іншыя фамільныя каштоўнасці захоўваліся ў невялікай, акутай жалезам, скрыначцы. Яе адчынялі толькі ў горадзе перад балем ці на вёсцы, калі трэба было прыгожа апрануцца.
На месцы былога лабірынта ў дабраўлянскім садзе з'явілася аранжарэя і цяпліца, ад лабірынта застаўся толькі адзін шэраг ліп, які стаяў густымі шпалерамі. Кожная прыгожая кветка з аранжарэі ці саду адразу пераносілася на паперу пэндзлем маёй маці, бо яна была вучаніцай Норбліна і Арлоўскага, добра малявала акварэллю і фарбамі. Такім чынам маці абяссмерціла ў сямейных тэчках кветкі нашага маёнтка.
У Дабраўлянах мелася шмат прыгожых раслін, усе яны былі прывезены з Пакоршава, бо мой бацька, калі яшчэ быў кавалерам, таксама любіў кветкі. Нас вельмі цікавілі лісткі мімозы, якія зморшчваліся ад найменшага дотыку ці толькі ад набліжэння рукі. Цешыў Bryophylum cristalinum (брыёфілюм), які ззяў як дыямент.
Наша жыццё ў Дабраўлянах было вельмі патрыярхальным. Маці апекавалася хворымі сялянамі і асабліва дзецьмі, лячыла іх з уласнага досведу ці па кнігах дактароў Франка і Дзяркоўскага. У ніжняй шуфлядцы вялікага бюро, з размаляванымі золатам панелямі, было шмат бялізны, яна ішла на бінты ці як вопратка для жабракоў, якія ці не штодня заходзілі-заязджалі да нас з розных бакоў.
Вечарамі, пасля вячэры, маці сядала за піяніна і спявала папулярныя тады рамансы Блангіні, Паэру і Міхала Агінскага ці «Гістарычныя песні» Нямцэвіча, дапамагала ёй мая старэйшая сястра. Пасля канцэрта адбываўся баль з мазуркамі і англезамі, і пакуль дочкі пад музыку танцавалі адна з адной, перад маці быццам бы паўставалі сяброўкі яе забаў: кузынкі Радзівілоўны з Нябарава, канкурэнтка ў разумовых справах Ганна Тышкевічоўна, пазнейшая Патоцкая, суседкі з Рокішак Марыканянкі, таварышы па ўроках танца і навук сем братоў Плятэраў, Севярын Шыманоўскі, пазнейшы генерал і першы яе паклоннік, Севярын Гоўвальд, які заўсёды меў на змену белыя чаравікі, і Караль Чапскі — былы сур'ёзны канкурэнт на яе руку, які, нягледзячы на адмову, застаўся сябрам на ўсё жыццё і г. д. Покуль маці марыць, яе малыя дочкі скачуць і ні пра што не думаюць.
Часам мы з бацькам гралі ў «калебраку» (жабрака), апроч забавы гэта дапамагала яшчэ і навучыцца лічыць. Увосень збіралі гарох і пшаніцу на засеў, бо кожная з нас мела свае малыя грады.
1820 год
Зіму 1820 г. мы правялі ў Вільні, у доме тагачасных Алізараў (сёння дом Завадскіх) на Бернардынскім завулку. Мае сёстры ўжо бралі рэгулярныя урокі: пан Шлезінгер вучыў іх граматыцы і каліграфіі, а стары Бялькевіч — музыцы. Я мімаходзь ухапіла некаторыя выразы і ўжывала іх (зусім без жоўці) да сваёй сярэдняй сястры. Убачыўшы неяк яе гарэзлівасць, я ўсклікнула: «Ах, грымасы!», а на суворы позірк маці дадала: «Гэта быў клічнік». Іншы раз я ёй сказала: «Ідалька! Ты ніякага роду, бо ані старэйшая, ані малодшая». Мая жвавасць была неапісальнай — аднойчы прабегшы ўсе пакоі, я апынулася на карце, раскладзенай на канапе. Сястра і настаўнік у крык з-за маёй неасцярожнасці, а я міла ім адказваю: «Я купаюся ў акіяне».
Бацькава сястра прыехала ўзімку ў Вільню на стала. Яе муж Ян Вайніловіч, слуцкі падкаморы, родам з «сапліцовага краю», быў чынным членам Радзівілаўскай камісіі — установы, якая займалася большай часткай інтарэсаў нясвіжскай ардынацыі і апекай над яшчэ малалетняй княжной Стэфаніяй пасля смерці яе бацькі Дамініка Радзівіла. Гэта справа некалькі дзесяцігоддзяў разглядалася ў мурах некалі радзівілаўскага палаца пад назвай Кардыналія па вуліцы Святаянскай у Вільні.
Вайніловічы прыехалі з вялікім дваром і шасцю дзецьмі. Старэйшы сын Мікалай пачаў вучыцца ва ўніверсітэце, дочкі падрасталі і таксама вучыліся, а самы малодшы Люцыянак, мой аднагодак, быў нязносным дзіцёнкам не толькі для сямейнікаў, але і для гасцей. Пасяліліся ў доме пралата Багуслаўскага на вуліцы Замкавай і пражылі там да 1827 г. Яны адразу пачалі весці хутчэй вясковы, а не гарадскі лад жыцця — без марнатраўства і паказнога шыку. Дом быў па-вясковаму адкрыты, на абед можна было прыйсці без запрашэння, і тыя, хто адчуваў голад ці смагу, знарок заходзілі туды, з парога прасілі вады з сокам, гарбаты ці адборнай вяндлінкі.
Наша цётка не была падобная да свайго брата, але іх яднала шчырая сваяцкая любоў. Мой бацька ведаў, як сумясціць сістэматычнасць, пунктуальнасць і добрасумленнасць, якія так цаніла яго сястра, з таварыскім шармам, рэдкім нават у тыя часы, калі мець свабоду думкі было значна прасцей, чым сёння. Бацька быў вясёлы, гнуткі, абаяльны і дасціпны, бясконца актыўны і чынны ва ўсіх справах і для ўсіх класаў. Любоў да выяўленчага мастацтва і рамёстваў прыводзіла яго да рамеснікаў, і ён ведаў іх усіх, ды так, што тыя, хто суправаджаў яго на шпацыры ці проста крочыў з ім праз горад, шчыра ўпікалі бацьку за тое, што стаміліся здымаць капялюш і раскланьвацца.
Наша цётка была больш сур'ёзная за свайго брата, рэдка калі вясёлая, часта і панурая, але справядлівая і строгая з дзецьмі. Нават цень правіны яна брала блізка да сэрца і беды сваіх сяброў перажывала нібы свае ўласныя. Дом дзядзькі і цёткі стаў для нас амаль сваім, мы хадзілі адзін да аднаго ў госці і разам адзначалі ўсе святы.
Сярод асоб, якія нас наведвалі, я памятаю вышэйзгаданую пані Дароту Лапацінскую ў ружовай шаўковай сукенцы. Яна прыязджала проста ад ложка свайго хворага мужа і спяшалася вярнуцца, каб ніхто апроч яе не падаў яму лекі.
Бывала ў нас і сям'я Кубліцкіх. Старэйшая з сясцёр Эмілія ў познім веку выйшла замуж за мастака Смакоўскага, самая малодшая Анетка выдадзена за Юзафа Беніслаўскага, самая прыгожая Валянціна — за Солтана, а Актавія была заручана з Юзафам Шумскім. Браты гэтых паненак Адольф і Станіслаў ужо вучыліся ва ўніверсітэце.
Тыя, хто чытаў успаміны Франка, ведаюць пра уплыў мужа і жонкі Франкаў на музычны рух у Вільні, які ўжо заканчваўся, бо доктар Франк за некалькі дзесяцігоддзяў свайго знаходжання ў Вільні сабраў даволі вялікі фундуш, які дазволіў яму спакойна правесці рэшту свайго жыцця і пераехаць з жонкай у Італію, на бераг прыгожага возера Кома. Нібы ў сне, я памятаю гэтую пару: лысіну мужа, італьянскі твар і рэзкае сапрана жонкі, а таксама прыгожае кантральта яе вучаніцы панны Бальбіяні. Установа дабрачыннасці, якая існуе 10 гадоў, шмат у чым абавязана таленту пані Франк, якая брала чынны ўдзел у спектаклях для дапамогі бедным гараджанам. Яны паставілі нават оперу «Рамэа і Джульета», партыю Рамэа спяваў тэнар з Дрэздэна Тарквінія. […]
Вярнуліся на вёску, і маці пачала свае працы ў садзе, кожны год дадавала новую аздобу, як жывапісец дарабляе карціну. Заахвочвала яе суседка пані Мастоўская з Царклішак, якая таксама была майстрам садоўніцтва. Не зайздросцячы, а радуючыся, калі камусьці з іх удавалася зрабіць лепш, давалі парады адна адной і дзяліліся насеннем. А мой бацька спаборнічаў з панам Абрамовічам з Варнянаў адносна будынкаў і іх мастацкага аздаблення. Ён меў дзіўны талент і ўдачу знаходзіць сапраўдныя цікавыя антыкі і кожны раз прывозіў дадому статуэтку, вазу ці нават карціну. І вось аднойчы яму ўдалося выратаваць ад нейкага цесляра, размаляваныя золатам у птушкі і кветкі панелі ад карэты Людовіка XVIII, яны ляжалі за печкай і як сухое дрэва прызначаліся на палітры для мастакоў. Больш за тое, для гэтага ж прызначалася і карціна Лукі Джардана «Галава старога». Такім жа чынам ён адкрыў выдатныя скульптуры ў рэнесансным стылі, якімі ўпрыгожылі садовыя канапы. Скульптуры імітавалі пясчанік, для чаго майстар выкарыстоўваў алей і пясок.
Будынкі і іх аздоба цікавілі майго бацьку. Адны з іх стаялі ў садзе, іншыя стваралі відарысы за садам — масток, брама, а вяндлярня ў выглядзе гатычнай вежачкі, нібы сярэднявечны замак, стаяла за вадой на ўзгорку. У дзень, калі будаўніцтва вяндлярні заканчвалася, было поўнае сонечнае зацьменне, і мой бацька, жадаючы заінтрыгаваць муляроў, абяцаў ім добры падвячорак, калі закончаць работы да ночы. Якім жахам для іх стала ноч адразу пасля поўдня!
Упрыгожваннем саду стаў помнік вернаму сабаку. Бацька замовіў у Вішневе ў дзядзькі Храптовіча чыгунную пліту з надпісам: «Нявіннасць — вернасці», мелася на ўвазе, што табліца пастаўленая ў памяць пра вернага сабаку дзецьмі.
Гэты сабака Вісус быў узяты ў бацькавага сябра біскупа Дадэркі, які апроч сваёй пабожнасці, быў вялікім арыгіналам. Напрыклад, калі да яго прыязджалі нават загадзя запрошаныя госці, ён заўсёды ўдаваў здзіўленне, клікаў слугу Кірыла, каб загадаць яму пачынаць працу над абедам. У той жа момант адчыняліся дзверы ў асветленую залу, і ўсе бачылі стол, накрыты з найвялікшай пышнасцю. Абед складаўся з тузіна страў, і ксёндз-біскуп публічна дзякаваў Кірылу за тое, што той ўвішна выканаў загад гаспадара. А яшчэ, звычайна, прасіў прабачэння ў гасцей, што віно старое, а не маладое, што масла свежае, а не з’ялчэлае.
У тую ж восень я сур'ёзна захварэла: пашырэнне зрэнак і моцныя курчы ўказвалі на запаленне мозгу, прынамсі, так казаў доктар, але мая маці, спрактыкаваная ў лячэнні дзяцей, з дапамогай мацярынскага інстынкту знайшла крыніцу хваробы. Гэты былі нейкія чарвякі, якія распладзіліся ў тлустым, наўпрост ад каровы, малаку. Вылечаную дбаннем доктара Ляйбошыца, а яшчэ больш апекай маці, мяне нарэшце прывезлі ў Вільню, дзе я хворая і слабая, неўзабаве стала моцнай дзяўчынкай, і гледзячы на англійскую гравюру з выявай уваскрашэння дзіцяці Іллём, што вісела над маім ложкам, сказала Ляйбошыцу: «Гэтае дзіця — я, а прарок — вы». Камплімент, узяты са Старога Запавету, дагадзіў лекару-іўдзею, і, задаволены хадой лячэння, ён дакрануўся да свайго твару са словамі: «Панове, за гэта выздараўленне, я сам сябе хацеў бы сюды пацалаваць». Старазапаветны яўрэй доктар Ляйбошыц апранаўся аднак па-нямецку — у сіні фрак, панчохі і чаравікі, бараду галіў і на сваёй лысай галаве не насіў ярмолкі. Прыгожы, тоўсты, з белым тварам і значнымі рысамі, ён не быў падобны да яўрэя, і яго паходжанне выдаваў толькі акцэнт. Менш адукаваны, чым Франк ці Снядэцкі, але вялікі практык, ён быў больш шчаслівым і дакладным за іх у лекарскай справе і, ратуючы пані Марцінкевіч з Жабаў ад прысуду ўсяго факультэта, які пастанавіў лячыць ад вадзянкі, выратаваў ёй жыццё, бо дазволіў прыродзе ісці сваім шляхам. Зрабіў гэтак, бо верыў у магчымасць паўтору цуду з Сарай і Абрагамам са Старога Запавету. Дзякуючы яго веры, пані Марцінкевіч на пяцідзесятым годзе свайго жыцця, пры вялікім здзіўленні і замяшанні ўсяго медыцынскага факультэта, нарадзіла дачушку, якая жыве і сёння — графіню Аліну Плятэр, жонку Стэфана, маці Адама і Густава.
Доктар Ляйбошыц быў лекарам лепшых сямействаў Літвы, яны маглі лячыцца толькі ў свайго любімага Ляйбуні. Меў сваю канцэпцыю ўяўных хвароб і, калі не мог давесці жанчынам, якія самі сабе ставілі дыягназ, што яны насамрэч здаровыя, даваў ім цукровую пудру, але па рэцэпце і з аптэкі — гэтак іх і вылечваў. А паннам, захопленым танцамі, калі гэта шкодзіла іх здароўю, бо перанапружвала ногі, ставіў гарчычнікі на ступакі і прымушаў сядзець дома. Калі мае бацькі чакалі першае дзіця, мой, сістэматычны ва ўсіх справах, бацька хадзіў да доктара Ляйбошыца і прасіў падрабязна расказаць, як правільна і гігіенічна гадаваць дзіця, на што Ляйбуня з вялікай сур'ёзнасцю адказаў: «Мой пане! Правіла адно — хай будзе дурное, але здаровае». Бацька засмяяўся, а доктар, не змяняючы ані тону, ані выразу твару, зноў паўтарыў тое самае. Калі бацька перастаў смяяцца, доктар расказаў пра сваіх унукаў — Якуба і Юзафа. Юзафа лічылі вельмі разумным, але ён меў слабае здароўе і нарэшце здурнеў, а Якуб рос вольна, лічыўся дурным і з часам паразумнеў. «Таму, паўтараю яшчэ раз, мой пане, хай будзе дурным, але здаровым», — закончыў дасведчаны лекар.
Бацька прыняў гэтую параду і з таго часу стараўся развіваць сваіх дзяцей фізічна, а не разумова, каб у здаровым целе была здаровая душа. Раслі мы дурнымі ці разумнымі, вырашаць не мне, я толькі ведаю і магу вас у гэтым запэўніць, што дзякуючы Богу, нашым бацькам і Ляйбошыцу, усе мы выраслі здаровымі.
На кожны выпадак ці пытанне ў добрага Ляйбуні меўся адмысловы анекдот, і ён, наогул, любіў гаварыць прыпавесцямі. Калі нейкі пацыент папракнуў яго тым, што не вылечыў яго адразу, доктар расказаў яму пра селяніна, які насыціўся толькі калі з'еў дваццаць абваранкаў. Пасля чаго напаў на гандлярку-яўрэйку, чаму тая адразу не прадала яму такога абваранка, каб ён адразу не адчуваў голаду. «Што ж, панове, калі першыя лекі не падзейнічаюць, я дам наступны абваранак». Ляйбуня быў лекарам яшчэ майго дзеда, і яго любіла ўся мая сям'я.
Прагны да ўсялякай навукі дзядзька Канстанцін, ведаў таксама трошкі і медыцыну і часта выпісваў рэцэпты пад дыктоўку Ляйбошыца. Але быў ён вясёлы фігляр і аднойчы, нібы хворы лёкай лёг за шырму ў бацькоўскім перадпакоі. Каб яго не пазналі, размаляваў сабе твар і так перавязаў руку, каб на абодвух руках не супадаў пульс. Пераказаў лекару супярэчлівыя і немагчымыя сімптомы хваробы, і добры Ляйбуня моцна сканфузіўся. Але смех «хворага», па якім і пазналі жартаўніка, адкрыў усю праўду.
1821 год
Зіма пасля майго выздараўлення запомнілася тым, што нас, дзяцей, спакваля сталі вабіць спакусы віленскага вышэйшага свету, бо жылі мы тады ў доме Мюлера, дзе мелася зала для вялікіх публічных сходаў. Па суботах, у дні маскарадаў, нашы дзіўна пераапранутыя панны ў масках збіраліся тут, і праз шкляныя дзверы мы не раз бачылі прыбраных дам, якія па сходах кіраваліся ў казіно ці на канцэрт. Аднаго разу ўначы нас абудзіла самлелая ў бальным строі паненка, і пакуль нашы служкі ажыўлялі прыгожую як анёл панну, бледную ў белым і ў вянку з кветак, яна спытала ў выкліканага доктара: «Ці змагу я пайсці на заўтрашні баль?».
Гэтай самлелай танцоркай была панна Антаніна Сулістроўская, а лячыў яе доктар Андрэй Снядэцкі, які тады і не здагадваўся, што прыгожая пацыентка праз восем гадоў стане яго нявесткай. Яго адзіны сын Юзаф на той час падарожнічаў за мяжой і, магчыма, вучыўся там.
Вільня была перапоўненая вайскоўцамі. Пецярбург на ўсю зіму прыслаў сюды сваю гвардыю. Камандаваў ёй брат імператара вялікі князь Мікалай, будучы цар. Ён не наведваў публічныя сходы, ні з кім не сябраваў, яго бачылі толькі на плошчы перад катэдрай, дзе ён голасна муштраваў жаўнераў і ўласнаручна запісваў сотні палак на іх плечы. І часта гэтым няшчасным ён дадаваў нулік да ранейшая колькасці палак.
Афіцэры гвардыі вышэйшага і ніжэйшага рангу танчылі ў казіно і заваёўвалі там неўмацаваныя сэрцы. Помсцячы ім, студэнцкая моладзь паслала на маскарад яўрэйчыка, нібы краўца з гвардзейскім мундзірам на руцэ а разам з мундзірам — жаночыя маскі з надпісам: «За мундурам — панны шнурам» (Прымаўка мае працяг: «За мундурам — панны шнурам, за сутанай — цэлай бандай». — Л. Л.). Гвардзейцы, жадаючы адпомсціць за гэты жарт, на чарговы маскарад прывялі студэнта з аслінымі вушамі, але своечасова папярэджаныя студэнты, дачакаліся прыходу нібыта свайго калегі і прыклеілі яму на спіну падрыхтаваную запіску з надпісам: «Кандыдат у гвардыю». Лёгка ўявіць, як гэты надпіс, прачытаны ўсімі ўголас, выклікаў замяшанне аднаго боку і спрыяў трыумфу другога.
Вясной адбыўся агляд гвардыі. Узначаліць яго прыехаў імператар Аляксандр, і сабраныя з усёй губерні жыхары рыхтавалі ў ратушы шыкоўны баль. Па дарозе з Пецярбургу ў Вільню імператар абедаў у Царклішках у маладога маршалка Мастоўскага і, пачуўшы пра баль, растлумачыў, што не можа згадзіцца на прапанову прыняць баль, бо пасля цяжкага падарожжа выглядае не лепшым чынам і не здолее так хутка прывесці сябе да ладу.
— Эх! Гэта дробязь! — закрычаў маршалак, смелы нават з самаўладцамі.
— Дробязь? — спытаў здзіўлены цар.
— Так, дробязь! — паўтарыў смелы Мастоўскі — Цар заўсёды прыгожы!
Імператару не хапіла рашучасці адмовіцца ад балю, на які з'ехаліся прыгажуні ўсёй губерні. Была на гэтым балі і цётка Зоф'я, якая, як звычайна, прыехала з Парыжа на традыцыйныя святаянскія кантракты, і, запрошаная арганізатарамі, разам з сенатаравай Агінскай ушанавала баль сваёй прысутнасцю. Асабіста знаёмая з імператарам з 1812 г., яна была аб'ектам яго захаплення, пакуль была маладой і прыгожай. Усім гэтым заслужыла павагу імператара і падтрымлівала сяброўства з ім нават тады, калі яе прыгажосць згасла. Імператар Аляксандр і яго брат мелі розныя характары, цар не спыніўся на адной вечарыне і не толькі прыняў баль, але і наведаў некалькі знаёмых дам, у тым ліку і маю цётку, што звычайна і рабіў, калі яны апыналіся непадалёку. Калі ён знаходзіўся ў пані шамбеляніцавай Сулістроўскай, яе пляменніца графіня Вяльгорская, наліваючы гарбату, спытала цара, якой гарбаце ён аддае перавагу. Аляксандр адказаў: «Якая вам самой найбольш падабаецца». І калі яна падала яму філіжанку, дарэмна Найяснейшы пан боўтаў лыжачку і ўсё ніяк не мог атрымаць звычайны для яго смак. «Ці мне толькі здаецца, што ў гарбаце няма цукру?» — спытаў ён у прыгожай Хебы. «Сапраўды, няма», — адказала летуценная паненка. «А чаму?» — сказаў здзіўлены імператар. «Таму, што Найяснейшы пан пакінуў выбар за мной, а я наогул ніколі не дадаю цукру». Гэты адказ вельмі спадабаўся імператару, бо для яго гэта было нечым новым — яму, манарху, заўсёды ўсе дагаджалі.
На балі ўсе мужчыны мелі напудраныя галовы. Былі тут і студэнты з больш багатых сем’яў.
Праверкі гвардыі не абмежавалася вялікім аглядам, і летам працягваліся частковыя агляды, для чаго пяць тысяч гусараў пад камандаваннем фельдмаршала Сакена, прыбылі на землі Дабраўлянаў. З фельдмаршалам прыехалі і пасяліліся на адным з дабраўлянскіх фальваркаў дзве яго сястры, сівыя ўжо панны. Падрыхтоўка да параду забаўляла дзяцей, але не іх бацькоў і не сялян, бо парад павінен быў адбыцца ў час жніва. Жаўнеры павытоптвалі шмат палёў, у маёнтках і ў фальварках, адбіралі фураж з стайняў, абораў і нават з гумнаў. Жадаючы пракарміць пяць тысяч жаўнераў, ставілі на пастой па 15 жаўнераў з коньмі на адну хату.
Памятаю, як раптам нашы маленькія пакоі запоўніліся вайскоўцамі ў прыгожых гусарскіх мундзірах. Князі Гагарын і Васільчыкаў, палкоўнікі Грабэ і Рыд, выхаваныя асобы з арыстакратыі ў высокіх чынах, прыязджалі на прыгожых конях, размаўлялі на прыгожай французскай мове, частавалі дзяцей цукеркамі і шампанскае пілі як ваду.
Падрыхтоўка да гэтага агляду ішла вельмі доўга, і афіцэры, якія стаялі па фальварках, каб неяк забіць час, ладзілі для сябе абеды ў гумнах, у якіх выпілоўвалі вокны і танчылі самі з сабой. Аднак нельга было скардзіцца на гэтых няпрошаных гасцей, бо вялікіх злоўжыванняў яны не чынілі, хіба толькі нас абцяжарвала іх колькасць, а на палях асыпалася збожжа, бо гумны былі занятыя да сярэдзіны жніўня.
У тое ж лета Дабраўляны наведалі сем'і, якія жылі разам як адна сям'я — Мірскія і Шумскія. Дзве сястры-ўдовы вельмі любілі адна адну і вырашылі жыць неразлучна. Каб яшчэ больш узмацніць стасункі, яны злучылі сваіх вясёлых, сардэчных і тоўстых дзяцей — Марыю і Станіслава (Мірсю і Шумсю, як яны самі сябе называлі). Гэтыя пані былі з дому Кашыцаў, усіх іх разам было шэсць сясцёр — апрача Мірскай і Шумскай, яшчэ Шамёт, Грабніцкая, Страшэвіч і Турчыновіч. Турчыновічаў я ніколі не сустракала, нават і не ведаю, дзе яны жылі. У той час як іх іншыя сем'і з намі сябравалі і складалі шэраг шляхетных, сардэчных і любячых адзін аднаго асоб вакол нас. Сёстры мелі дзяцей Станіслава, Юзафа і Басю Шумскіх, а таксама Марыю і Анэлю Мірскіх. Іхні брат Напалеонак, улюбёнец маці, быў пятнаццацігадовым юнаком, яшчэ насіў доўгія валасы і адкладны каўнер, з якога ўжо выглядаў твар будучага віленскага Дон Жуана.
Канец 1821 г. у нашай сям'і быў адзначаны жаніцьбай двух маміных братоў. Ужо вясной малодшы Канстанцін заручыўся з паннай Валерыяй Ванькавічоўнай, чыя старэйшая сястра Клемянціна колькі гадоў, як была замужам за Эдвардам Мастоўскім, а малодшая Ванда праз чатыры гады выйшла за Бенядзікта Тышкевіча. Гэтыя сёстры асірацелі ў 1812 г. (бацькі памерлі ад тыфу), мелі маці з Солтанаў, і выхоўвала іх бабуля Ваньковіч, якая разам з яшчэ некалькімі матронамі, стварыла ў Вільні асобны свет, забаваю якога былі гульні ў цвік (картачныя гульня распаўсюджаная ў часы караля Станіслава Аўгуста — Л. Л.).
Не па гадах разважлівая і сур'ёзная шаснаццацігадовая Валерыя пасля дзядзькавай прапановы думала цэлы месяц, каб 1 красавіка канчаткова пагадзіцца на шлюб з прэтэндэнтам на яе руку. Дата была абраная цалкам выпадкова, але тое, што прызнанне выпала на дзень, калі ўсім дазволена беспакарана жартаваць, спачатку крыху збянтэжыла жаніха. Пасаг складаў паўмільёна злотых, а вяселле мусіла адбыцца ў Ваньковічавых Лучаях, што ў Вілейскім павеце, 19 снежня ў дзень св. Валерыі, пасля індулта (дазволу, выдадзенага біскупам — Л. Л.) падчас адвэнту (перадкаляднага паста — Л. Л.) і таму без танцаў, без гасцей за выключэннем неабходных сведкаў. Затое вяселле старэйшага брата Рудольфа з паннай Генавэфай Пуслоўскай адсвяткавалі па-старасвецку, гучна і шматлюдна, як і пераносіны маладых. Выкліканыя маладым панам у першыя дні кастрычніка, мы ўсе разам прыехалі ў Жалудок Гарадзенскай губерні.
Хаця дзядзька Канстанцін быў маладзейшы і разумнейшы за дзядзьку Рудольфа, шлюб старэйшага з братоў меў больш паэтычны і сардэчны характар, чым шлюб малодшага. Старэйшы ўзяў на мільён менш багатую і на два гады старэйшую, але затое больш прыгожую жонку, а падрабязнасці іх знаёмства нагадвалі любоўны раман. Колькі разоў расчараваны кавалер сярэдняга веку знудзіўся самотным жыццём і выправіўся са свайго маёнтка паляваць у палескія лясы. Па дарозе сустрэў вялікі поезд, які ехаў на фэст у Жыровіцы, адно з цудадзейных месцаў Літвы. Гэта былі сем'і Пуслоўкіх-Любецкіх і Сцыпіёнаў з дадаткамі Барэйшаў і Леяў, якія заўсёды трымаліся разам. Нехта з іх пазнаў майго дзядзьку і падвёў яго да вялікай карэты, у якой сядзела шэсць ці восем жанчын. Сярод старых твараў, якія за шкельцамі акуляраў мружылі свае вялікія вочы (бо ўсе Любецкія мелі вялікія пукатыя вочы і слабы зрок), яго зачаравала маладая, свежая, вясёлая і сціплая асоба. Гэта была панна Генавэфа (Жанеўева), малодшая з дзяцей Пуслоўскіх і адзіная дачка сярод шасці сыноў. Знаёмства адбылося лёгка, ён адразу ж з ахвотай пагадзіўся на прапанову ехаць разам у Жыровіцы і падобна сеў у карэту разам з дамамі.
Калі мэтай пілігрымкі быў лёс маладой Генавэфы, дык яе дасягнулі ад самага пачатку, бо неўзабаве адбыліся заручыны і праз год шлюб. Як не паверыць, што сам Бог арганізаваў гэта спатканне і кіраваў маладымі сэрцамі? Па-праўдзе дзядзька быў ужо не першай маладосці (1783 г. н. — Л. Л.), але выглядаў добра і яшчэ больш выйграваў пры блізкім знаёмстве. Відаць, ім было наканавана пабрацца шлюбам, кахаць і радаваць адна аднаго.
Мая маці, пакліканая братам ў гаспадыні, прыехала ў Жалудок на некалькі дзён раней за маладых. Яўрэйскі кагал у мястэчку сустрэў нас вялікім парадам з прамовамі і пачастункамі, каля брамы двара чакалі сяляне з вянкамі і караваем, гэта была рэпетыцыя сустрэчы маладых. Аднапавярховы і стары драўляны жылы дом, адрамантаваны ўнутры, меўся служыць маладым і сваякам маладой пані. Для гасцей кватэры абсталявалі ў афіцынах, нас пасялілі ў садзе каля аранжарэі.
Мой бацька, запрошаны на вяселле, знаходзіўся ўжо ў Песках, маёнтку Пуслоўскіх. Усім кіравала мая маці, яна праводзіла працяглыя нарады з эканомам, які быў рады колькасці кухараў і ўсялякім прыпасам і толькі здзіўляўся, што ані з лядоўні, ані адкуль яшчэ, немагчыма дастаць лёду. Раптам, як быццам праз чары чарнакніжніка, уначы ляснуў моцны мароз, і ў ставах, і каналах вада замерзла на некалькі цаляў. На раніцу прыбеглі і далажылі маёй маме, і яна загадала спяшацца, бо мароз будзе непрацяглы. І сапраўды, ледзь паспелі распілаваць і завезці лёд у лядоўню, як вызірнула сонца, і цудоўнае надвор'е стаяла ажно да прыезду маладых.
Тым часам збіраліся госці, запрошаныя на пераносіны маладых у новы маёнтак. Сярод іх было шмат тых, хто прысутнічаў на шлюбе і ехаў цяпер паперадзе вясельнага картэжу: сям'я Канстанціна Пшаздзецкага з Валыні, жонка Фелікса Патоцкага з Пацаў і яе брат Людвік Пац, Адам Храптовіч і г. д. — усе кузыны і кузэны маладога пана. Сам ён прыехаў ясны як сонца, на расстаўленых па дарозе конях, каб пераканацца, што ўсё ў парадку, каб падзяліцца сваім шчасцем з сястрой, каб падагнаць служкаў і нават гасцей, бо умеў і любіў рабіць гэта, пры тым, што меў самае лепшае сэрца. Тым часам вясельны картэж рухаўся павольна, начаваў і харчаваўся ў фальварках маладога, пераробленых для гэтага ў прыгожыя рэзідэнцыі. А калі змяркалася, абапал дарогі палалі бочкі з дзёгцем і асвятлялі шлях. Гэта было каралеўская працэсія, бо шчаслівы малады вёз сапраўдную каралеву свайго сэрца.
Калі надышоў дзень прыезду нявесты, мая маці — сястра жаніха, сустрэла маладых з хлебам і соллю, пані Патоцкая ахвяравала ключы, а яе дачка — соты з мёдам і г. д. Наша маці пасля сняданку вярнулася дадому, каб адпачнуць перад вячэрай і балем. Яна расказала нам, што маладая прыехала на чале працэсіі ў двухмесным экіпажы з маці і цёткай — пані Сцыпіён (абедзве — сёстры міністра Любецкага), і маладую было ледзь бачна з-за галовак цукру, аздобленых стужкамі, залатой паперай і скруткамі пергаменту, з-за вянкоў збожжа і караваяў — падарункаў сялян і яўрэяў. На ёй было зялёнае паліто, аздобленае лебядзіным пухам і белы капялюш з пёрамі. У гэтым адпаведным бландзінцы ўборы, яна выглядала прыгожай і настолькі ўзрушанай, што кінулася ў абдымкі да сваёй братавай — маёй маці і пяшчотна прыгарнулася да яе. Гэта было залогам сяброўства, якое з першай сустрэчы захоўвалася да яе хуткай смерці.
Звечарэла. Нас апранулі ў белыя вышываныя сукенкі і завезлі ў моцна асветлены палац, пакоі якога ўжо запоўнілі госці, і дзе я з букетам жывых кветак пільнавала, калі адчыняцца дзверы ў пакой маёй новай цёці, каб вітаць і паднесці ёй кветкі. Пасля гадзіннага чакання падвойныя дзверы расхінуліся, і ў суправаджэнні шматлікіх кузынак маладая выйшла ў ружовай сукні з дыяментавай лілеяй у валасах. Я выбегла на сярэдзіну пакоя і аддала ёй букет. «Як ты пазнала сваю цёцю?». Мой адказ быў шчырым, яго ўсе падхапілі, але змянілі на: «Па прыгажосці і ўбранні». Па-праўдзе перш за ўсё мне ў вочы кінулася сукенка, і толькі з другога позірку я ўбачыла, што мая цётка вельмі прыгожая. Абед накрылі ў вялікай зале. Танцы пачаліся адразу пасля абеду, доўжыліся да позняга вечара і скончыліся салодкай вячэрай.
Заўтра, на другі дзень, свята спынілася, частка гасцей разышлася, засталіся толькі самыя блізкія. Хто не ведае такіх «заўтра» ў коле блізкіх сваякоў пасля бурлівага свята? І хоць абедзве сям'і маладой пары толькі што сустрэліся, ніхто ўжо не адчуваў сябе чужым. Раніца праходзіла ў шпацырах і паездках, надвор'е, нягледзячы на познюю восень, было амаль што вясновае. Увечары чыталі віншаванні ад кагала, памятаю, было шмат смеху з-за вершаў, упрыгожаных гірляндамі, атрыбутамі кахання і Гіменея.
Гэтае вяселле было адным з апошніх, якія так шыкоўна святкавалі ў Літве. На ім хоць і трымаліся старых звычаяў, аднак яно адрознівалася ад ранейшых не толькі багаццем і добрым густам, але і парадкам, ладам і клопатам пра служак, колькасць якіх перавышала колькасць усіх дам, служкі мелі свайго кухара, стравы, дэсерт і нават абслугу.
Наша новая цёця мела вельмі вялікую сям'ю. Перш за ўсё — бацькі. Яе тата, Войцех Пуслоўскі, кунтушовы стары, быў вялікім элегантам — на вяселле дачкі справіў сабе амаль столькі ж шаўковых кунтушоў, колькі было сукенак у яго дачкі, а мела яна іх вельмі багата пасля паездкі ў Парыж і Варшаву. Яе маці — княжна з Любецкіх, мела сястру Сцыпіёнаву, якая сваю адзіную дачку выдала за свайго брата-міністра. Яе дачка — жонка міністра дапамагала на вяселлі і пераездзе і пры гэтым карміла грудзьмі дачушку Генавэфку. З пяці братоў цёці памятаю толькі пятнаццацігадовага Ксаверыка і Вандалінка, майго аднагодка, які, як і яго бацька, быў апрануты ў жупан і кунтуш.
Пан Войцех Пуслоўскі, чалавек бязмернага багацця і незвычайнага гаспадарчага розуму, гучна казаў, што сваім багаццем і поспехам ён абавязаны ваяводзе Хамінскаму, які пазычыў яму 1000 дукатаў і выпхнуў у самастойнае жыццё. І калі гэты ваявода Хамінскі, чалавек вельмі разумны, растраціў пасаг сваёй жонкі з Тызенгаўзаў, тысяча дукатаў дадзеная ў пазыку беднаму маладзёну, хутка ператварылася ў мільёны, бо розум і парадак ёсць тыя евангельскія цноты, якія памнажаюць багацце. І трэба ж было Пуслоўскаму выбраць сабе жонку з такой сястрой, сваёй швагеркай! Гэтыя дамы, ідучы паўсюдна за ім, трымалі ў кішэнях сваіх фартушкоў лісты і запіскі, датычныя шматлікіх спраў, і часта прыходзілі на дапамогу яго стомленай памяці. Варта было ўбачыць іх сярод пляменніц і кузынак, якія на кантрактах у Вільні размясціліся ў адным пакоі, і дзе толькі прасціны стваралі межы паміж спачывальняй, сталовай і гардэробнай. Тут былі і яўрэйкі з таварамі, сюды з візітамі прыходзілі знаёмыя і просьбіты абароны ў паноў Пуслоўскага і міністра, і адначасова ішоў хуткі але разважлівы гандаль за некалькі злотых з фактарамі і спекуляцыі з купцамі. Пан Пуслоўскі з яго гандлёвым розумам быў вельмі пабожным. Яго часта бачылі ў Вострай Браме, дзе ён з набожна складзенымі рукамі маліўся з шчырасцю прабацькоў, трымаючы пры гэтым пад пахай канфедэратку. Але неўзабаве рассеянасць перапыняла яго малітву, бо розум пачынаў блукаць сярод лічбаў, ён нібыта нешта падлічваў на пальцах… потым, схамянуўшыся, хапаўся за галаву, паціраў лысіну рукамі і зноў пачынаў засяроджана маліцца. І гэтак па дзесяць разоў.
І на заканчэнне апісання вяселля майго дзядзькі трэба дадаць, што нам не ставала дзвюх самых блізкіх асоб — бацькі і сястры маладога. Мой дзядуля па стане здароўя не мог пакінуць Вільню, а цёця Шуазель была ў Францыі. Дзядуля разам з дабраславеннем сына даслаў для сваёй нявесткі дыяментавы грабеньчык, а цёця — вестку пра нараджэнне першага сына Аляксандра.
1822 год
Зіма 1822 г. сабрала амаль што ўсю нашу сям'ю ў Вільні. На чале яе стаяў мой дзядуля, які меў ужо слабое здароўе. Па вечарах збіраліся да яго на абеды, але сам ён з дому не выходзіў. Сям'я дзядзькі Рудольфа займала першы паверх дома Дмахоўскіх па вуліцы Замкавай, мы — дом аптэкара Велька пры вуліцы Нямецкай. Дзядзька Канстанцін на тыдзень прывёз сваю маладзенькую але сур'ёзную жонку, і, не дазволіўшы ёй ані разу з'явіцца ў каштоўных бірузовых упрыгожаннях, адвёз назад у свае Паставы, дзе пабудаваны ў квадрат палац больш нагадваў вязніцу, чым жытло маладой пары. Аднак, там яны пражылі дваццаць гадоў. Бракавала нам цёці Зосі, якая цешылася сваім першынцам на віле дэ Шуазеля з уласнымі вінаграднікамі каля Эперны ў Шампані. Замест яе была другая цёця Зося — жонка Фелікса Патоцкага з дому Пацаў. Яе маці была роднай сястрой нашага дзеда Тызенгаўза. Страціўшы бацькоў у дзяцінстве, яна выхоўвалася ў сваёй бяздзетнай цёткі-ваяводзіны Хамінскай, якая песціла і псавала пляменніцу, і таму ў дарослай жанчыне засталося шмат дзіцячых дзівацтваў. Яна была прыгожай, але тлустай, мела падбародак у некалькі паверхаў, вялікія пукатыя шэрыя вочы, арліны нос і дробныя сціснутыя вусны. Гэта цела рымскай матроны мела тонкі, пісклявы і кіслы голас, якім Патоцкая падчас вячэры размаўляла са сваякамі, капрызіла, выдумляла розную ліху, нюхала стравы і адсоўвала ад сябе талеркі, на што ніхто ўжо не звяртаў увагі. На той час ужо была ўдавой і, верагодна, не мела яшчэ і сарака гадоў. Яе адзіная дачка Ізабела, сухотніца ў спадак па сваім бацьку, была, хоць і ўломнай, але выхаванай і дзівоснай дабрыні.
У той час перапоўненая жыхарамі Вільня гула як вулей. Былі гэта яшчэ добрыя і прыгожыя для нас часы. Квітнеў універсітэт. Моладзь не толькі з усёй Літвы, але і адусюль зляталася да гэтага вогнішча, не на тое, каб згарэць, але каб навучыцца свяціць агнём ведаў. І нават сёння, у трэцім пакаленні, хоць само вогнішча даўно згасла, полымя яго не знікла. Разам з сынамі прыязджалі бацькі і цэлыя сем'і.
Першыя сем'і края: Тышкевічы, Чацвярцінскія, Валадковічы, Ваўжэцкія, Ваньковічы, Сулістроўскія, Ромеры, Грабоўскія, Плятэры, Абрамовічы і Радзівілы жылі ў прыгожых палацах Тышкевічаў, Пацаў, Фітынгофаў, Памарнацкіх, Алізараў, Ваньковічаў і г. д.
Горад быў шматлюдны, пышны, заможны, ажыўлены тэатрамі, канцэртамі, балямі і абедамі. Ва ўсім гэтым брала ўдзел і студэнцкая моладзь. У дадатак да запрошаных абедаў, кожны вечар вы маглі весяліцца, прыходзячы да каго заўгодна са звычайным візітам. Удзень усе былі настолькі занятыя, што нават візіты, якія потым сталі моднымі апоўдні, пачыналіся тады на змярканні і часта доўжыліся да поўначы, што вельмі ажыўляла вуліцы, якія не патрабавалі асвятлення, бо з кожнага акна лілося вясёлае святло. Зацішныя цяпер гарадскія вуліцы тады нават уначы гулі няспынным грукатам. Бо апрача тых, хто прыязджаў з вёскі, кожны жыхар горада, нават і малазаможны, меў свой транспарт — хоць дрожкі, хоць санкі з адным канём, усе, ажно да рэктара Малеўскага, вядомага сваёй ашчаднасцю. А ён меў двух коней, бо ў тыя часы авёс і сена каштавалі танна. Усе карэты былі чатырохконныя, з фарэйтарам, які працяжна вішчаў, каб людзі саступалі дарогу. Часам праз горад імчаліся і шасціконныя карэты, як напрыклад у Лапацінскіх. Яны прыязджалі за 10 вёрст з Кайранаў з двума лёкаямі ў ліўрэях, якія стаялі ззаду вялікай карэты, з трыма гербамі на парц'ерах: адзін жонкі, другі мужа, а трэцяга ніхто не мог растлумачыць. Тагачасныя карэты мелі вельмі высокія рысоры, сядзелі ў іх на жорсткіх падушках і падымаліся ў карэту нібы па драбіне па пяці-шасці прыступках, якія кожны раз складваліся і раскладваліся, што адбірала шмат часу. Тагачасным камердынерам было чым заняцца, гэта служба вымагала вялікага майстэрства і досведу, асабліва калі даводзілася заскокваць на высокую прыступку для лёкая, калі карэта ўжо зрушылася.
Увосень у гэтую ажыўленую Вільню прыехаў дзядзька Рудольф са сваёй маладой жонкай. Маці прадставіла сваю братавую ўсяму таварыству і расказвала ёй пра кожную асобу. Княгіня сенатарава Агінская любіла з самага пачатку адгаворваць маладых людзей ад удзелу ў свецкім жыцці, але загадзя папярэджаная цёця адразу ж здолела не звяртаць на гэта ўвагу.
Трэцяга студзеня была св. Генавэфа. Дзядзька Рудольф адсвяткаваў імяніны сваёй жонкі шыкоўным балем, які да самага пачатку заставаўся для яе таямніцай. Пасля працяглага сямейнага абеду ў дзядулі сумная і крыху панурая цётка, якая не ведала пра баль, хацела пайсці ўжо дадому, але муж даверыў яе маёй маці і сам пайшоў рыхтавацца да вячэрняй забавы. Нібы гэта было сёння — памятаю нарцысы і ружы на парыжскім чапцы, няспынны рух шматярусных караляў з перлаў і смарагдаў на белай шыі, калі мая цёця ў сваёй дзіцячай незадаволенасці нешта шаптала сама да сябе. Калі пачало змяркацца, па імянінніцу прыехаў муж, але яна не павесялела. Аднак, якім было яе здзіўленне, калі ўбачыла святло ў браме і ва ўсіх вокнах, дываны і кветкі на сходах, калі пачула, як аркестр настройвае інструменты, а ў сваім пакоі знайшла прыгожую новую сукенку і вянок з вінаграду на галаву. Якім жа добрым, прыгожым, мілым у тую хвіліну стаў для яе Роро, і яна папрасіла прабачэння за свой настрой. А ён? Ён стаў яшчэ больш шчаслівы, але схаваў сваю сентыментальнасць і, нібы дакараючы жонку, сказаў ёй не марудзіць, бо чакаюць госці, ужо позна і г. д. Тым часам у браму заязджалі карэта за карэтай і, калі імянінніца выйшла, амаль што ўсе ўжо сабраліся ў гасцёўні. Яе адразу атачыў хор пажаданняў, і ўбачыўшы, якая яна прыгожая, усе пачалі віншаваць і мужа.
У сям'і дагэтуль захоўваецца яе партрэт-мініяцюра працы Ваньковіча ў тым самым вечаровым строі, які зрабіў цёцю настолькі радаснай і прыгожай — такой, якой яна хацела назаўсёды застацца ў памяці мужа. Але апроч вінаграду і сукенкі, нішто ў мініяцюры не нагадвае тую грацыёзную асобу. Настрой немагчыма зафіксаваць ані пэндзлем, ані пяром, а толькі ва ўспамінах.
Дом майго дзядзькі быў гасцінны і сімпатычны для ўсіх наведвальнікаў. Абаяльнасць і дабрыня сужэнскай пары зачароўвалі гасцей, і падобныя вечарыны паўтараліся штотыдзень. Цёця была такая ласкавая, што заўсёды хацела бачыць нас у сябе. Дагэтуль памятаю два невялікія квадратныя танцавальныя салоны, а сярэдні паміж імі служыў памяшканнем для аркестра. З-за велікапоснага вечара квартэт пачаў выконваць класічную музыку, членам квартэта быў і гаспадар, калі-некалі на фартэпіяна пад акампанемент скрыпак грала і сама цёця. На століках ляжалі розныя літаграфіі, карыкатуры і адзіны тады часопіс мод, на які сёння ніхто б нават і не паглядзеў. Але ў той час (асабліва для дзяцей) гэта быў яшчэ адзін магніт, які ўсіх нас прывабліваў. І ўсё нас там цешыла. А цётка была для нас ідэалам маладой замужняй жанчыны.
Колькі дарагіх успамінаў засталіся ў тых сценах, плітках падлогі і шыбах вокнаў, праз якія цягам некалькіх гадоў мы глядзелі вонкі, пакуль мае дзядзька і цётка жылі ў гэтым доме — працэсіі Божага цела і крыжовыя працэсіі, пахаванні біскупаў, дыгнітарыяў і вайскоўцаў. Усе гэтыя мерапрыемствы збіралі ўсе кляштары, усе школы і цэхі. Распачыналі працэсію ўбогія бернардыны з драўляным крыжам, далей ішлі кармеліты босыя, напаўчорныя-напаўбелыя аўгустыны, белыя, як снег, дамініканы з лёгкімі шкаплерамі, і нарэшце, звычайны клір ў палатняных комжах на чорных сутанах з фалдамі і ў чорных барэтах на галовах, пры канцы ішло вышэйшае духавенства — канонікі, пралаты ў пунсовых тогах з палярынамі пепельна-шэрага футра, як на абразах св. Яна Непамуцкага. Калі нябожчык быў чалавекам дабрадзейным, ці членам Дома дабрачыннасці, у працэсіі ішлі бедныя сіроты і сёстры міласэрнасці ў белых вянцах. Калі ж нябожчык быў высокапастаўленым саноўнікам або прафесарам ўніверсітэта, то перад труной ішлі студэнты ўніверсітэта, а галоўныя чыноўнікі, апранутыя ў парадныя мундзіры, на аксамітавых падушках неслі інсыгніі і ордэны нябожчыка. Катафалк звычайна цягнулі шэсць коней, пакрытыя да самых ног чорнымі капамі. Звычайна, абабітая срэбнымі бляхамі труна, была адчынена, у ёй ляжаў нябожчык з жоўтым старым тварам і са складзенымі на грудзях рукамі. Аднойчы ў труне ўбачылі прыгожую і пасля смерці пані Канстанцыю Чудноўскую з Радзівілаў, якую дактары дабілі як раз тады, калі яна першы раз збіралася стаць маці. Гэтыя шэрагі экіпажаў за катафалкамі, гэтыя незлічоныя масы людзей і натоўпы ўбогіх за імі, уся гэта змяя цягнулася ад ратушы да катэдры, а журботны бой 36 касцёлаў, спевы капланаў на перамену з вайсковай музыкай, усё гэта ўздымала дух як нейкае моцнае memento mori. З усіх вокнаў глядзелі цікаўныя дзіцячыя вочы, ва ўсіх дзвярах тоўпіліся слугі, бо хоць такія працэсіі і паўтараліся даволі часта, але ўсёроўна былі цікавым відовішчам. А паколькі гэтыя пахаванні часцей за ўсё адбываліся ўвечары, то паходні і свечкі ў руках капланаў стваралі фантастычнае і незабыўнае відовішча, якое немагчыма паўтарыць, бо сённяшнія людзі жывуць не так прыгожа і мёртвых хаваюць не так бліскуча. А замкнёныя большай часткай кляштары і касцёлы стаяць ціхія як магілы.
Адной з самых значных падзей пачатку зімы 1822 г. стала смерць маладой пані Станіславы Шумскай, падзея засмуціла сяброў, знаёмых і сваякоў, зрынула ў дол адчаю яе маці Мірскую і кузынку Шумскую, якія любілі адна адну, і нават потым на нейкі час пакінулі Вільню. І сапраўды, было па кім плакаць і каго шкадаваць! Марыся Мірская, потым Шумская, была залічана да выключных істот. Любоў у сям'і і пакланенне ўсіх не псавалі яе, а стымулявалі да ўдасканальвання. Яе любілі ўсе сваякі, а кузынка Бася Шумская была галоўнай сяброўкай. Разам іх намаляваў Рустэм — на першым плане фігуруе ладная і стройная Марыся, а збоку і ў цяні, як муза гармоніі, каржакаватая Бася грае для яе на ліры ў вобразе Тэрпсіхоры. Паколькі ніхто у тыя часы не хацеў, каб яго малявалі ў штодзённай сапраўднай постаці, таму нават і малады Напалеонак фігураваў на гэтай карціне як купідон з крыламі, лукам і паходняй.
Вёска Мірскіх Завер'е ляжала за Відзамі ў маляўнічай ваколіцы сярод блакітных азёр і была радавым гняздом гэтай прыгожай німфы. Сюды здалёк збіралася моладзь. У Завер'і было весела — гралі камедыі, танцавалі на святы, гасцей з'язджалася так шмат, што з-за нястачы месца, калі перапаўняўся палац разам з афіцынамі, а сходы прыпадалі на лета, моладзь сялілася ў садовых хатках, на дрэвы вешалі люстэркі і такім чынам стваралі свае гардэробныя ў гушчарах галля.
Дзесяць гадоў таму, калі яна была ў росквіце сваёй чароўнай прыгажосці, майму дзядзьку Рудольфу вельмі падабалася панна Марыя. Але з-за паслухмянасці перад бацькам, які меў іншыя планы, ён спыніў свае заляцанні, на якія ўжо пачала звяртаць увагу публіка. Яе шлюб з кузэнам Шумскім на некалькі месяцаў апярэдзіў шлюб майго дзядзькі. І як быццам, сам Бог даў ім першае дзіця — дачушку. Калі жонка Рудольфа разам з маёй маці рабілі першыя візіты, анансавалі яны і візіт да пані Шумскай, але на вялікі жаль іх ужо не здолелі прыняць. Не судзілася ім пазнаёміцца! З-за неасцярожнасці жанчыны, якая пільнавала маладую маці — а яна ўжо папраўлялася, пані Марыя раптам патрапіла ў небяспеку. Выклікалі лепшых дактароў: Снядэцкага, Мікалая Мяноўскага, Баранкевіча, але яны з усёй сваёй навукай былі не ў стане вырваць яе з рук смерці. У вантробах была гангрэна, і яна мусіла памерці!.. Мой бацька, шматгадовы сябар гэтай сям'і быў папярэджаны, у прадчуванні жудасных наступстваў узяў свайго швагра Вайніловіча і ў трывозе разам з ім, гатовы да ўсяго, чакаў частку ночы на другім паверсе. Раптам унізе прагучаў жахлівы грукат… Усе скончылася! Мой тата са шваграм збеглі па сходах у пакой, дзе над целам прыгожай, добрай, шчаслівай і каханай Марыі плакалі абедзве маці і муж. З дапамогай слуг адарвалі бедных жанчын ад гэтага пакутлівага відовішча і з вялікай цяжкасцю вынеслі ў крэслах на другі паверх. Пана Шумскага, які вырываўся з усіх сіл, супакойваў і плакаў разам з ім мой бацька. Доктар усім пусціў кроў, бо ўсе аднолькава адчувалі страту. А маленькая сірата, нявінная прычына гэтага няшчасця, была ахрышчаная іменем сваёй маці і атрымала ў патронкі заступніцу ўсіх сірот. Мой бацька стаў яе хрышчоным бацькам і заўсёды пяшчотна любіў сваю маленькую дачку, мы таксама любілі яе, як родную сястру. Яна была прыгожай, мілай, добрай, як яе маці, якую яна ніколі не бачыла, але ўсім, нават рухамі, была да яе падобная. З гэтым суцяшэннем, з гэтай адзінай памяткай пра нябожчыцу Марыю, уся сям'я неўзабаве выехала ў Завер'е.
У той жа час, у Беларусі, у Сар'і, уласнасці Лапацінскіх, з’явіўся на свет малы Ігнась, які павінен быў стаць мужам другой Марылі, кахаць яе адну і захоўваць вернасць нават пасля яе смерці.
Канец 1822 г. стаў сумным і для маёй сям'і. Дзядуля Тызенгаўз увесну паехаў у Карлсбад і восенню вярнуўся вельмі слабы, паспеў яшчэ дабраславіць унучку, народжаную 5/17 жніўня ў Жалудку, і з надзеяй на такую самую радасць у Паставах, спакойны за ўсіх сваіх дзяцей, памёр у Вільні на пачатку кастрычніка. Мае бацькі, атрымаўшы паведамленне пра хваробу дзядулі, паспяшаліся па апошняе дабраслаўленне ў Вільню, а мы засталіся ў Дабраўлянах.
Вярнуліся бацькі ў глыбокай жалобе, наша маці ў доўгай, са шлейфам, сукенцы, абшытай белай стужкай, вітала нас у слязах і маўчанні. Яна пакідала цяжкае ўражанне. Мы таксама былі апранутыя ў чорныя сукенкі, увесь двор быў у жалобе, а слугі ў фраках з пучкамі распушчаных стужак на плячах, стваралі ўражанне бясконцага пахавання.
1823 год
Зіма зноў сабрала нас у горад. Жалобны крэп пакрываў вясельныя ружы заўсёды шчаслівай цёці Генавэфы і нават адкідваў цень на калыску яе першай дачушкі Эрманці (Германці). Не было і гаворкі пра танцы ў дзядзькавым доме, да іх збіраліся толькі на абеды і квартэты, але горад, як і раней, кіпеў. Меўся ён жыць такім жыццём яшчэ некалькі гадоў і такім застаўся ў памяці.
За гэтыя дзевяць зім, праведзеных у Вільні, з дакладнасцю гадзінніка, заведзенага ў разліку на некалькі гадоў, цягам усяго часу, павольна і незаўважна, як у калейдаскопе, змянілася ўся кампанія. Нам даводзілася па-чарзе жыць у розных дамах, з вокнаў дамоў Велька ці Самсона глядзець на Нямецкую вуліцу з усім яе Іерусалімам і амаль што штодзённымі пахаваннямі ізраэлітаў. Багатым ці бедным быў нябожчык, яго ўсё роўна везлі не інакш, як у куфры адным канём. Розніца паміж гэтымі пахаваннямі была толькі ў большым ці меншым натоўпе. З вялікіх вокнаў і балкона палаца Паца адкрываўся від на Ратушную плошчу, на стары касцёльчык св. Мікалая і яго паэтычную вежу, на краму літаграфій Лекае і клініку, пафарбаваную ў жоўты колер, з усім яе медыцынскім рухам. Вокны скляпеністага, у гусце Гуцэвіча, салона дома Карпа-Плятэра, сёння Тышкевіча, выходзілі на чатыры ажыўленыя вуліцы, і вочы цікаўных дзяўчынак, якія беглі з урокаў да акна, бачылі на вуліцы тыя самыя акадэміцкія мундзіры, якія зніклі пасля 1831 г., пакрывалы-прасціны яўрэек, накінутыя на галовы, нібы плашч, лісіныя і сабаліныя шапкі яўрэяў і жоўтыя ці светла-зялёныя карэты, якія сёння дажываюць свой век у вясковых вазоўнях. Кожную карэту можна было пазнаць не толькі па конях, але нават па здалёк чутнаму грукату ці голасу фарэйтара. Дагэтуль памятаю цёмна-гнядога рысака доктара Галянзоўскага на віленскай вуліцы, а вялікія сіўкі ў яблыкі доктара Баранкевіча, здаецца, і сёння стаяць перад брамай яго сталай пацыенткі, хрышчонай маці нашага бацькі, шаноўнай пані Яновічавай, чый зялёны папугай ціўкаў на балконе над элегантнай крамай пана Фёранціні і прывабліваў на вуліцу натоўп яўрэйскіх дзяцей. Пані Яновіч была ўжо вельмі старой, сухой, лёгкай, яе складана было абняць, бо яна, як птушка ці прывід, выслізгала з нашых рук, і мела такое далікатнае здароўе, што аднойчы прастудзілася праз раптоўна згаслую свечку.
Як весела мы ездзілі на Антокаль — узімку каля поўдня ў нашай аліўкавай падвойнай карэце, вясной на захадзе сонца ў жоўтым адкрытым і плыткім як дынька кочы. Вільня багатая прыгожымі ваколіцамі, але мы ехалі на Антокаль, бо туды вяла лепшая дарога, не было гор, як у Бальмонце, і пяску, як у Закрэце. Было бліжэй, чым да Верак, больш разнастайна, чым у Рыбішках. І таму ахвотней, чым куды-небудзь, туды ехаў увесь модны і малады, а нават і пабожны свет.
Прадмовай да Антокаля былі бульвары, свежыя, вясёлыя бульвары, засаджаныя некалі радамі італьянскіх таполяў ад берагоў Віліі да Арсенала, адкуль далей ішла шырокая дарога. Сёння гэтыя бульвары ператварыліся ў вельмі небяспечныя траншэі якія ашчацініліся гарматамі, наведзенымі на мірных жыхароў горада.
Многія з тых, хто жыве сёння, памятае тыя прыгожыя вёсны саракагадовай даўніны, якія, пачынаючы з 4 сакавіка, нібы ў гонар апекуна Літвы (св. Казіміра — Л. Л.), адзначаліся вясёлымі працэсіямі, якія доўжыліся ўсю актаву (восем дзён свята — Л. Л.), і праходзілі па ўсіх вуліцах горада, нібы асвячаючы іх. Цэхі неслі харугвы, адзін з самых старых гараджан у кунтушу і канфедэратцы з булавой у руцэ паважна папярэднічаў каплану, за імі ішоў народ, а свецкая публіка, карыстаючыся цудоўным надвор'ем, высыпала на бульвары. Мусіла быць цёпла, бо дамы шпацыравалі ў лёгкіх сукенках. Дагэтуль у маёй памяці зіхацяць ліловыя і блакітныя шлафрокі княжон Чацвярцінскіх — Караліны і Элеаноры, каля якіх як матылі раіліся маладыя людзі. Гэткія вобразы ніколі не старэюць… Хто тады быў маладым і прыгожым, такім і застаўся ў памяці сучаснікаў!.. Разам з княжнамі была іх кузынка Юлія Грахольская, потым жонка Генрыка Жавускага, якую больш сур'ёзныя паненкі выбіралі як ўзор для пераймання сціплага ладу. Тут была Каміла Тышкевічоўна, потым Слізень. Да мілых, калі не сказаць прыгожых, залічвалі Ванду Ванькавічоўну, маладую, вясёлую і багатую. Цэліна Сулістроўская з грэцкім профілем, дочкі прафесара Бэкю, высокія, як самыя рослыя мужчыны. Тры прыгожыя Белазароўны з прамяністымі вачамі. Дзве генералоўны Несялоўскія, чыя свежасць кампенсавала недахоп прыгожых рыс. Панны Пангоўскія з добрым пасагам, зграбныя сёстры Равінскія. Сціплыя княжны Любецкія, якія ў вялікім ландо прыязджалі са сваёй цёткай Плятэр (з Жабаў), тры падкамаранкі Залескія, дзве Ваўжэцкія, дзве Пузынянкі, дзве Вайнілавічоўны і г. д. і г. д.
Балі поўніліся акадэміцкімі мундзірамі, ім паўсюдна былі рады, і толькі ў адным доме, у салоне пані губернатаравай Горн, на іх крыху касавурыліся. Кажу пані, а не пан губернатар, бо гордая сваім самым лепшым салонам у Вільні, пані губернатарава, называла яго mon salon і карала астракізмам тых, хто на яе думку крыўдзіў яе тым, што паварочваўся да яе спінай. А інакш і быць не магло, бо моладзь аддавала перавагу мілым і маладым тварам дзяўчат ці хоць бы падносам з марозівам і цукеркамі. Таму многія з тых, каго звалі «акадэмікі» (студэнты), былі выкраслены не з універсітэта, а з бальнага спісу гэтай марнай дамы, якая выйшла з намётаў французскай арміі, каб гадаваць дзяцей губернатара і стаць настолькі ганарлівай жонкай, што ўсё ніяк не магла нацешыцца са свайго «панства». Хоць і бландзінка, але італьянка па паходжанні, адрознівалася незвычайнай гвалтоўнасцю ў паводзінах і нявыхаванасцю, а муж яе быў абсалютным правінцыялам, і калі да яго прыходзілі з просьбамі, ён часта трымаўся за шчаку, і на пытанне: «Ці не флюс ў вас?», плаксівым голасам адказваў: «Не, гэта хатнія клопаты».
Жонка губернатара не мела ніякай адукацыі і таму не магла займацца выхаваннем нават уласных дзяцей, і калі яе старэйшая дачка выявіла незвычайныя здольнасці, яна знайшла ёй столькі выкладчыкаў, што беднае дзіця памерла ад запалення мозгу ва ўзросце дзесяці гадоў, а яшчэ напярэдадні вігіліі яе маці хвалілася гасцям, што дачцэ больш няма што вучыць — яна ўжо размаўляе на шасці мовах і добра ведае матэматыку.
Салоны былі больш-менш падобныя паміж сабой. Хоць і розныя па духу, але, на першы погляд, аднолькавыя, асабліва раней, калі кватэры арандавалі разам з неабходнай мэбляй. Таму аніводзін салон знешне не адлюстроўваў упадабанні гаспадароў і адрозніваўся ад іншых хіба толькі характарам прыёмаў.
Дом князёў Чацвярцінскіх вабіў чарамі гаспадарскіх дачок. Княскі дом быў заўсёды гасцінна адчынены, частыя абеды, кожную нядзелю вечар-карнавал з танцамі, падчас паста ладзіліся нейкія разумовыя забавы — шарады ці жывыя карціны, якімі звычайна кіравалі мая маці і пані Абрамовіч. Змест іх заўсёды быў гістарычны. Неяк Караль Пшаздзецкі з-за шнараў на лбе быў абраны рыцарам Баярдам. На наступны дзень ён казаў сваім сябрам: «Што робіцца, панове — мне ўчора загадалі быць Марсам». Ён не бачыў розніцы паміж Баярдам і Марсам.
Быў яшчэ і другі дом князёў Чацвярцінскіх з дачкой і зяцем Любецкім, з унукамі, якіх было так шмат, што іх не называлі па імені, а толькі Мак-Любецкімі, як якіх-небудзь Мак-Грэгараў. Іх бабуля Чацвярцінская (жонка Каласанты) маці Слізнёвай (у першым шлюбе), разумная матрона, шмат чытала, любіла вучоных людзей, але была выхавана па старой методыцы, якая не дапускала ніякіх змен нават у лепшы бок, і была моцна засмучаная, калі настаўніца яе ўнукаў панна Ларок вярнулася з вучонага вечара з весткай, што elementow больш няма, бо іх разабралі на першаасновы (у тэксце: «elementow больш няма, бо іх разабралі на pierwiastki»)! Спакой годнай матроны на некалькі дзён быў парушаны гэтай ерассю, кур'еры бегалі да вучоных, да спавядальніка, якім быў, здаецца, ксёндз Гіро, і толькі, калі ксёндз запэўніў яе, што гэта не адмяняе веру, у доме аднавіўся мір. Пытанні, якія так хвалявалі маці, падобна, ніколькі не парушалі спакой яе дачкі, тая была заўсёды абыякавай і ў маёй дзіцячай памяці засталася толькі як Німфа ў белым капелюшы, якога яна не здымала ані на балі, ані дома.
Людзі, якія жылі на Вялікай вуліцы і ў ранішнія гадзіны сядзелі каля акна, кожны дзень апроч нядзелі і святаў, бачылі як прыгожыя коні цягнуць дрожкі, занавешаныя фартухамі, а ў дрожках двух гожых маладзёнаў у сабаліных футрах у суправаджэнні сур'ёзнага настаўніка. Гэта былі маладыя графы Плятэры, якія кіраваліся на ўніверсітэцкія лекцыі. Увесь горад ведаў гэтыя дрожкі і гэтых графчыкаў, бо іх маці была адной з першых матрон у горадзе. Дом пані Апалінарыі быў заўсёды адчынены для гасцей, прыёмы яна ладзіла шчыра і па-старапольску — сытыя і гасцінныя, але без марнай паказухі, хоць і магла сабе гэта дазволіць. Маёнткам кіравала з мужчынскім розумам, сыноў любіла па-старасвецку — трымала іх у страху. Непрыгожая, мела мужчынскія рысы, вялікі твар, які рэдка калі асвятляўся ўсмешкай, хадзіла ўся выпрастаная, злёгку кульгала на адну нагу, апраналася ў сукенкі яркіх колераў з нізкім дэкальтэ і была даволі тоўстай, увішнай і дасціпнай. Нават, калі казала прыемныя рэчы, не ўсміхалася і здавалася, што папракае. Калі была паннай, не мела патрэбы кружыцца ў вальцы, усім было вядома яе багацце, і таму, казалі, што яна важыць мільён.
Ваўжэцкія — нашы сваякі. Старэйшы з братоў Тамаш, быў вядомым ўсёй Літве і Кароне ваяводам, а яго сястру, жонку Марціна Бадэні, з-за яе арыгінальнасці, ведала ўсё Кракаўскае прадмесце. У Літве яны мелі толькі сястру пані Заверскую і брата, генерала прускіх войскаў, уся гэтая сям'я была стрыечнай для майго дзеда Тызенгаўза. Пан генерал жыў у Вільні з другой жонкай з дома Гейдройцяў і меў шасцёра дзяцей. Усё ў іх хаце патыхала вясковай свабодай, да іх заўсёды можна было завітаць на абед альбо на вячэру. Мелі дзвюх дачок на выданне — Марыю і Феліцыю — і трэцяю — удаву Гейдройцеву ад першага шлюбу. Старэйшая дачка ад першага шлюбу некалькі гадоў як ужо была замужам за Мяйштовічам. Падрастала яшчэ некалькі дзяцей: Юзя, Олюсь, Люцыя. Усю зіму ў іх доме квітнелі гіяцынты, а па вечарах сядалі вакол круглага стала і рабілі штучныя кветкі. Маці характарызавалася салодкімі словамі на вуснах і Марсам на чале. Казалі, што яна была красуняй у маладосці, сляды гэтага засталіся толькі ў яе далікатных рысах, але цяпер не была ўжо прыгожай, ступала няпэўна і наогул выглядала як раней часу састарэлая жанчына, нават побач са сваім мужам, старэйшым за яе на дзясятак гадоў. Пан генерал хадзіў выструнены, быў высокі, худы, бледны і цалкам супрацьлеглы свайму вельмі тлустаму, але гарачаму брату-ваяводзе, быў флегматыкам, з нязменным пяром для зубоў, якім калупаўся падчас паўзаў у размовах ці нават падчас балю. З кожнай дамай у размовах цадзіў напаўфранцузскія, напаўпольскія кампліменты, не выпускаючы па пятнаццаць хвілін іх ручкі са сваіх далоняў. Памятаю, быццам гэта было ўчора, як прыгожая Феліцыя, старэйшая і найпрыгажэйшая з сясцёр, з дробнымі і далікатнымі рысамі твару і кучаравымі валасамі, у белай атласнай сукенцы, была заручаная з маршалкам Феліксам Сясіцкім. На некалькі гадоў маладзейшая за яе сястра Марыя ў 1827 г. выйшла замуж за князя Аляксандра Пузыню. Сёстры былі ўпрыгожваннем віленскіх баляў, але іх маці заўсёды лічыла сваіх дачок малымі дзецьмі, бо калі якая з іх, разгарачаная танцамі, дабіралася да марозіва ці халоднага ліманаду, крычала ім з другога канца залы: «Нельга! Феліцыя! Марыя!.. Розгі!».
Дом пані шамбелянавай Сулістроўскай меў два моцныя магніты, першым была дваццацігадовая дачка Цэліна, старанна выхаваная настаўніцай-англічанкай, сама нешматслоўная і халодная, быццам радавітая англічанка. Другім магнітам, бадай яшчэ больш прывабным, была вельмі гаваркая, вясёлая і ўсё яшчэ прыгожая маладая маці, з белымі рукамі, ружовымі далонямі і задраным носікам. Яна так песціла свайго маленькага сынка, што ён пачынаў дрэнна сябе паводзіць, і тады яго хітрыкамі адводзілі да пана дэ Нэве.
Людзі, якія наведвалі дамініканскі касцёл, на першай лаве справа, бачылі даму сталага веку з суворым рымскім профілем, ганарлівую нават перад алтаром. Яна трохі нагадвала чалавека з Евангелля, які маліўся адначасова з пакорлівым мытнікам — гэта была Ганна Любаньская з князёў Радзівілаў. Пакінуўшы мужа, пасялілася ў Вільні, але грамадскім жыццём не жыла. Вельмі начытаная і нават вучоная (казалі, што ведала лаціну і грэцкую мову), занурылася ў кнігі, і яе бачылі толькі ў касцёле. Аднак была яна больш дзявоткай, чым па-сапраўднаму пабожным чалавекам і заўсёды трошкі дзівачкай. Неяк, калі яе малітва не дала плёну, выправіла святыя абразы на пакуты з пакояў у сені, што нагадвае мне, як адна з цётак майго бацькі, маці Раймунда Корсака, калі безвынікова прасіла аб надвор'і, а дождж не спыняўся, вынесла ўсе абразы на ганак, са словамі: «Мокніце, рыбанькі, паглядзіце, як гэта міла».
Вернемся да пані Любаньскай ці княгіні, як яна дазваляла, а не загадвала называць сябе сваім слугам, быццам разам з замуствам не страціла свайго родавага тытулу. Яна заўсёды па-чарзе на каго-небудзь мусіла злавацца, без дай прычыны адварочвалася пры сустрэчы, каб пазней таксама без прычыны мілаваць. І адно, і другое доўжылася цэлы год. Але калі хацела, магла быць прыемнай, запрашала да сябе, раскладвала тэчкі з прыгожымі гравюрамі, і размовы яе былі заўсёды карыснымі для моладзі, для дзяцей, бо апавядала яна пра свае падарожжы.
Дом маршалка Міхала Ромера спалучаў у сабе два элементы: салонны і ўніверсітэцкі, а месца, дзе ён стаяў, нагадвала вясковае асяроддзе — знаходзілася далёка ад галоўных вуліц у глыбіні вялікага двара з садам, які спускаўся да Віленкі, з відам на самую маляўнічую частку горада — Саф'янікі. За брамай сядзібы ўсё нагадвала жытло сямейнага чалавека. Узімку — снежныя траншэі дзе бавіліся студэнты, летам — гульня ў мяч і бег навыперадкі, на ўваходзе вас заўсёды шумна сустракалі Севярын і Міхась, малодшыя сыны Ромераў з сябрамі і сваякамі Эйтмінам, Сянкевічам, Тадзем Пузыням, а часам і з кузынкамі. Апранутыя ў курткі, яны скакалі вакол госця, а стары слуга дакладваў пра яго гаспадарам. У старасвецкіх шыкоўных пакоях заўсёды можна было ўбачыць гаспадыню, якая грала ў мар'яж з сяброўкай дома паннай Ратафт, ці адну сам-насам з кнігай. Пані Ромерава з роду Рахель дэ Рэс, мела сур'ёзны твар, а высока сабраныя ў грэбень валасы рабілі яе падобную да іспанскай матроны. Згодна са старасвецкім звычаем, яна выпрастаная сядзела на крэсле, пакінуўшы маладым канапу з падушкамі. Рашучасць, бачная на яе непрыгожым, але высакародным твары, без слоў адбівала ахвоту ад марнай ветлівасці. Разам з упэўненым і змрочным позіркам у гэтай жанчыне ўсё нібыта казала: «Я шмат цярпела, шмат даравала, але ўсё памятаю і чакаю суцяшэння не ад людзей, а ад Бога». З першага позірку пазнаеш у ёй анёла-ахоўніка сям'і, жрыцу дамашняга агменю, матрону, пра якіх пішуць у кнігах, але якіх ужо не сустрэнеш у жыцці, жонку і маці, якіх не стае сёння, адным словам — сапраўдную хрысціянку, якіх мала.
Пан маршалак быў, нібы з іншага свету, галант і нават у свой час баламут, меў ключы ад усіх сэрцаў, але ў мой час ператварыўся ўжо ў старога са слыхавой трубой (зусім ужо страціў слых), рысамі нагадваў Аляксандра І, і з яго лагоднага твару не сыходзіла гулліва-дасціпная ўсмешка. Ён быў даўнім сябрам майго бацькі. Яны выбухалі пустым смехам, калі расказвалі вясёлыя гісторыя з маладосці, а часам (калі не было чужых), на заклад нават дэманстравалі танцы сваёй маладосці… гледзячы на гэта, новае пакаленне казала, што старэйшыя людзі былі больш шчаслівыя, чым мы. І ўсё ж моладзь майго часу была вельмі вясёлая, і завадатарам весялосці заўсёды быў адзін з сыноў маршалка Ромера, тварам падобны да маці, а весялосцю да бацькі, ростам ён перасягнуў і бацькоў, і сваякоў, і ўсіх калег. І калі яго старэйшы брат Генрык, прыгожы як бацька і павольны як маці, прысвячаў любімай віяланчэлі гадзіны вольныя ад навукі, дык малодшы Эдвард і добра вучыўся, і прыгожа маляваў, але і неверагодна сваволіў, для чаго яму добра прыдаваўся высокі рост. Не аднойчы, захутаўшыся ў плашч, ён у прыцемках выходзіў у горад і з карліка паступова рос, рос, рос… і калі нарэшце падымаўся на дыбачкі і пры гэтым яшчэ кіем прыўздымаў капялюш, то і жаўнеры на варце, і яўрэі ў варотах, і вулічныя мінакі, усе камянелі ад жаху. Штодзень ён вырабляў усё новыя штукі, якія толькі можа выдумаць малады розум, а маладыя рукі выканаць. І да сённяшняга дня ў Вільні гавораць пра славутую прыгоду генерала Бушуева, над галавой якога (калі ішоў згорблены па бульварах) толькі крануўшыся эпалетаў, праляцеў нехта і як метэор знік у натоўпе, так, што ніхто не здолеў яго не толькі злавіць, але і ўбачыць.
Пры чатырох братах была і адна сястра Анетка, у якой сканцэнтраваліся ўся весялосць і досціп бацькі, музыкальнасць Генрыка, фіглярнаць Эдварда, сямейныя цноты маці. Побач з гэтай разумнай галавой, свяціліся і некалькі галоў прыгожых кузынак Белазаровіч, чые цёмна-блакітныя вочы з аксамітнымі брывамі і прыгожымі вейкамі, распальвалі немалое вогнішча ў сэрцах тагачасных маладзёнаў. Цягам некалькіх гадоў штукар Эдвард выдаў замуж дзвюх з гэтага гнязда.
Свавольствы Эдварда бывалі вельмі артыстычнымі, напрыклад ён маляваў карыкатуры на прафесараў універсітэта з подпісамі:
Гэта пан Малеўскі, які з жалем вымае кашалёк.
Гэта пан Франк, які любіць кранк, кранк (krank. ням., хвароба Л. Л.).
Гэта пан Гродэк, стварэнне прыроды.
Пан прафесар Рэшка жыве ўнізе без спешкі
Гэта пан Снядэцкі, непрыяцель нямецкі.
Гэта пан Рустэм, які малюе з густам.
Адмыслова пакідаю на заканчэнне дом Юзафа і Дароты Лапацінскіх, самы адкрыты з усіх дамоў, узімку і ўлетку, у горадзе і на вёсцы, за Дзвіной і пад Вільняй. Яны былі пабожнай, гарманічнай і закаханай парай, хоць мелі розны рост і характар. Ён вельмі прыгожы, худы, лысы, з вялікім носам і з вострай, крыху загнутай барадой, сур'ёзны і далікатны. Яна непрыгожая, каржакаватая, у воспінах, але настолькі вясёлая, што зрабіла сваё жыццё вечным карнавалам! І жыла так, як ніхто ў тагачаснай Вільні больш не жыў. Гэта быў самаходны часопіс мод, які выходзіў не штотыдзень, а штодня, бо яе ніколі не бачылі двойчы ў адным і тым жа капелюшы ці сукенцы. А паколькі яна любіла яркія колеры і незвычайныя фасоны, то адзін раз надзетая сукенка, калі яе бачылі на гэтай тоўстай фігуры, хутка збывалася праз слуг і фактараў. Яе маланошаныя і прыгожыя рэчы куплялі адразу. І таму нам выпадкова даводзілася бачыць пэўныя рэчы пані Лапацінскай на іншых дамах. Напрыклад, мы бачылі сапфіравую сукенку, вышытую на гусарскі ўзор жоўтымі шнурамі, спачатку на пані Лапацінскай, а праз тыдзень на жонцы губернатара Горн. Гэта схільнасць пані Лапацінскай, напэўна, была ў крыві, бо перажыла яна не толькі ўласныя няшчасці — сіроцтва, удаўства і самоту пасля смерці любімых дачок, але і нягоды краю. І ўзяла гэта не ад сваёй маці, якая была з дома Шадурскіх (з сям'і ціхіх і скрытных жанчын), а ад бацькі, генерала Марыконі, які ўжо, быўшы на ложку смерці, загадаў вышыць сабе новы каўнер для мундзіра на шлюб дачкі і цешыўся яго элегантнасцю.
Прыёмы, якія ладзілі Лапацінскія, адрозніваліся ад іншых, яны поўніліся хараством і пышнасцю: эфектныя для вока стравы, мельшпейсы (дэсерт з мукі, малака, жаўтка, цукру і розных дадаткаў, нагадвае французскае суфле — Л. Л.), марозіва ў выглядзе кавуноў, супы ў срэбных місах, асобных для кожнага госця і г. д., але стол быў звычайным і заставаўся такім да 1840 г., покуль аўдавелая ўжо пані не наведала Францыю, дзе, пакаштаваўшы французскія далікатэсы, прывезла з сабой французскага кухара, некалькі севрскіх сервізаў і ўзняла свой дом да ўзроўню тамтэйшай элегантнасці і пыхі, але з 1823 г. па 1840 г. прыёмы заканчваліся цукеркамі з вершамі яе мужа і білетамі ў рыфмаваным стылі, якія запрашалі на баль.
Самым пышным быў баль, дадзены ў 1823 г. у дзень св. Канстанцыі ў гонар генералавай Марыконі, якая стала на ногі пасля цяжкай хваробы. Гэта быў касцюміраваны баль, ад якога нямногім удалося адкруціцца. Бо павінны былі прысутнічаць нават самыя старыя мужчыны ў шырокіх чорных шаўковых даміно з тарчамі на левым плячы з напісанымі на іх словамі: «Пашана маці — пашана гасцям». Сам гаспадар з братам яго цешчы, Янам Шадурскім, сустракалі гасцей на парозе залы, якая з кожнай хвілінай напаўнялася прадстаўнікамі розных народаў, у маляўнічых строях яны раіліся як бразільскія матылі ў прамянях сонца. У глыбіні пакоя, сярод сур'ёзных жанчын у строях XVI ст., сядзела бледная і расчуленая віноўніца свята, асветленая водбліскамі агульнай весялосці, і калі ўсе ўжо сабраліся, натоўп паўколам разышоўся, і ўдалечыні з'явіўся сплецены з яшчэ свежых кветак сімвал віноўніцы свята, які трымалі дзве ўнучкі васьмі і шасці гадоў разам з іх кузынкай Масяй Шадурскай. Гэты сімвал рушыў у такт танца да ног бабулі, пасля чаго яна пацалавала і дабраславіла ўкленчаных унучак. Потым ад хору спевакоў, якія выгуквалі строфы ў гонар віноўніцы свята, напісаныя яе зяцем, праз усе пакоі доўгай змяёй распачаўся паланез, з маці на чале, вёўся ён з поўным усведамленнем старога танца, пра які сённяшняе пакаленне ўжо і не ведае.
Лета ў Дабраўлянах запомнілася знаходжаннем тут дзядзькі Рудольфа з жонкай. Другая падзея — закладка і асвячэнне вуглавога каменя ў палацы, які пачалі аднаўляць. Каб зрабіць навамодны плоскі гмах, частку старога мура пазбівалі. Зранку нас выклікалі да таты ў канцылярыю і загадалі ўнізе падпісаць дакумент, падрыхтаваны ў памяць аб пачатку працы, і гэтую паперу, укладзеную ў бутэльку і залітую смалой, закапалі каля закладнога каменя. Кожны з нас паклаў вапну на асвечаны камень, і кельма была цяжкай для васьмігадовай рукі. У намётах падалі абед для будаўнікоў мурмайстра Барэці.
З дня закладкі вуглавога каменя самым прыемным месцам для прагулак стала будоўля палаца.
Увосень адбылося вяселле адной з дачок пана Казіміра Сулістроўскага, якая жыла ў Варнянах у свайго дзядзькі Абрамовіча, але вяселле ладзілі ў Чурлёне, пад вокам іх бабулі, пані літоўскай пісаравай. З дзвюх сясцёр, Антаніны і Канстанцыі, малодшая першай стала да алтара з панам Аляксандрам Скірмунтам з Пінскага павета, пазнейшым заснавальнікам шматлікіх і карысных для краю фабрык. У той час яшчэ вельмі малады, ён і ў выбары падарункаў для нарачонай праявіў свой практычны склад розуму, бо падараваў ёй гадзіннік і дадаў да яго ўпрыгожванні ў выглядзе сельскагаспадарчых і рамесных прылад. З ад'ездам разам са старэйшай сястрой прыгожай Кастусі, у Варнянах на нейкі час сціхла весялосць, але гэты маёнтак умела абыходзіўся без забаў, спалучаючы практычнасць з аздобай, і як новыя сады адначасова маюць гатунковыя і звычайныя дрэвы, так і прыклад Варнян выхоўваў добры густ у суседзяў і паляпшаў суседнія вёскі. Шчодра адораны Богам дзедзіч Варнянаў Мікалай Абрамовіч зарана пачаў жыць самастойна, бо вельмі рана ажаніўся з добра старэйшай за яго жанчынай, і ў тым узросце, калі іншыя думаюць толькі пра забавы, ён стаў ужо сталым чалавекам. Усе яго думкі ўсцяж былі пра справы. Яго добры густ і практычнасць, непадзельныя паміж сабой, заўсёды стваралі прыгожыя і карысныя рэчы: з балот паўставалі чыстыя ставы, у якіх адлюстроўваліся дрэвы і кветкі парку, вада круціла колы млыноў і тартакоў, у ставах вялася рыба, а на паверхні плавалі лебедзі, на востраве буялі элегантныя зарасці з сярэднявечнай вежай і жалезным мастком да яе. Мураваны касцёл глядзеў у вокны двухпавярховага драўлянага палаца, а дамы рамеснікаў з садамі, стваралі рэгулярную вуліцу, якая злучала сядзібу з касцёлам. У абодвух канцах мястэчка стаялі мураваныя корчмы, а роўна высаджаныя алеі мелі круглыя пляцы з крыжамі і каменнымі лавамі ў месцах, дзе ад іх адыходзілі дарогі.
Дзень св. Эміліі, імяніны, заўсёды акружанай ласкай жонкі, штогод пышна адзначалі, збіраліся ўсе навакольныя суседзі, віленскія музыкі, і заўсёды меўся сюрпрыз, які злучаў двор з вёскай — адбывалася сялянскае вяселле, і гаспадыня надавала шчодры пасаг самай беднай і сумленнай пары, альбо святкавалі дажынкі на ілюмінаваным востраве з танцамі сялян і гасцей. Свята ў Варнянах звычайна доўжылася некалькі дзён, пачыналася ад св. Пятра і працягвалася за два дні да св. Эміліі. Нікога не адпускалі на наступны дзень пасля імянін, бо святкавалі яшчэ і імяніны сяброўкі гаспадыні, графіні Мастоўскай з Царклішак, апошняй з Сякержыцкіх, якая з лепшых часоў, з маладосці, была знаёмая з гаспадыняй дома. Яны вельмі любілі адна адну, прынамсі гучна і публічна дэманстравалі гэта праз абдымкі, пяшчоту і мілыя словы, што было адной з характэрных рыс іх эпохі. Аднак ні адна з іх не хацела лічыцца старэйшай і пры тым не жадала пакрыўдзіць сяброўку. З вуснаў абедзвюх па чарзе ліліся ласкавыя словы: «Ma fille, ma mere, mon enfant, mon amie» (фр. «Мая дачушка, мая маці, маё дзіця, мой сябар». — Л. Л.) і не толькі пры прывітанні, разам з «Добры дзень», ці на развітанне, разам з «Дабранач», але і штогадзінна, штохвілінна, пры кожнай акалічнасці і дробязі. Абедзве ў свой час былі красунямі, і абедзве адмовіліся ад сучаснасці, але не ад успамінаў пра мінулае і рабілі ласку адна адной, згадваючы тыя «шчаслівыя часы», як у вядомай песні «De madame et monsieur Denes», бясконца паўтараючы: «C’etat en 1700. Sounenez vous en» (фр. «Пані і пан Дзяніс», «Гэта было ў 1700, ці памятаеце?» — Л. Л.). А трэба ведаць, што пані Эмілія неяк спявала песню, якую для яе склаў сам князь Юзаф Панятоўскі, пачыналася яна словамі: «Lise, entendstu l’orage?» (фр. «Ліза, ці бачыш навальніцу?». — Л. Л.)
Пані Мастоўская калісьці слаўна танчыла le pas turc (фр. Турэцкі танец, папулярны ў канцы XVIII — пачатку XIX ст. — Л.Л.), і аніводныя імяніны на св. Эмілію ці імправізаваныя святы на св. Даніцэлю не абыходзіліся без канцэрта і балета. Бо сяброўкі, аднойчы патрапіўшы на сцежку ўспамінаў, угаворвалі адна адну танцаваць і спяваць — гэта і адбывалася пасля доўгіх карагодаў і працяглых літаній «Ma fille, ma mеre, mon enfant, mon amie» і г. д. Пані Мастоўская, седзячы на ножцы ў глыбокай канапе і мружачы вочы, слухала спевы сяброўкі, а калі надыходзіла яе чарга саліраваць, другая глядзела на яе ў залатую ларнетку, што вісела на залатым ланцужку.
Худы і не надта прыгожы пан Абрамовіч, меў амаль што жаночы твар з дробнымі рысамі і саркастычным выразам. Ён быў настолькі чынны, што нават прыкаваны да ложка хваробай, каб не лайдачыць, вышываў канву пантофляў сваёй жонкі ці як сапраўдны рымар шыў карабы. Прыгожымі былі і яго кошыкі, якія плёў з тонкай ляшчыны. Таму спалучаў у сабе як жаночыя, так і мужчынскія якасці і заганы.
Да вобразаў той эпохі таксама належаць мядзведзі са Смаргоні і браты-квестары — бернардыны з авечкамі. Два даўно зніклыя тыпы, бо хоць мядзведзі яшчэ ходзяць і танчаць па сядзібах, але ўжо не нашы, не з літоўскіх лясоў, не смаргонскія выхаванцы, а прыблуды, прыхадні з далёкай Расіі. Смаргонская мядзведжая акадэмія была закрыта раней за Віленскі ўніверсітэт з-за нейкага няшчасця, калі, вырваўшыся ад «прафесараў», «студэнт» у нейкім маёнтку ўчыніў свавольства. Але ў часы майго дзяцінства, яны былі жаданымі гасцямі дзяцей і прыслугі, на дзядзінцах збіралі натоўпы цікаўных і тых, хто падглядваў з-за рога. Убачыўшы гэта, пан Караль Чапскі некалі параіў выкарыстоўваць такія прадстаўленні для перапісу дваровай чэлядзі, бо аніяк па-іншаму зрабіць гэта было немагчыма.
Браты-квестары, як найменей раз на год, з'яўляліся ў кожнай сядзібе з вялікім статкам авечак, цалкам як апісаў іх Ходзька у сваіх «Успамінах квестара». Некаторыя з іх адрозніваліся дасціпнасцю і сваволяй. Адзін з іх, памятаю, пакорліва прасіў бацьку напоўніць яго дарожную біклажку гарэлкай, і калі яго паслалі да пісара, той, напалоханы прыбег з пытаннем: «Няўжо пан сапраўды такі шчодры?», бо біклажка выявілася бутэлькай на некалькі гарнцаў ці медным збанам (гарнец роўны 3,28 літра — Л. Л.).
Касацыя кляштараў у 1844 г. спыніла вандроўкі бернардынаў, аднак пасля гэтага яны з'явіліся пры дварах у Львове, але пасля 1851 г. зніклі і там.
1824 год
Калі на зіму мы пераехалі ў Вільню, сцены дома Самсона абудзілі ў маёй маці ўспаміны з часоў, калі яна была паннай, і разам з бацькамі, братамі і сястрой жыла ў гэтым самым доме. Тады ўсю зіму яна грала ў аматарскім тэатры французскія п'есы моднага на той час аўтара Пікарды. Гэты тэатр супернічаў з тэатрам у доме губернатара Бенігсена, дзе прымай была прыгожая графіня дэ Шуазель з дому Патоцкіх, першая жонка нашага дзядзькі, якая ў той час ужо думала пра развод і, зрабіўшы гэта, выйшла замуж за Бахмеццева. Да гэтай дамы заляцалася шмат мужчын, і згадкі пра яе і тую віленскую зіму ёсць ва ўспамінах Франка, таксама аднаго з яе заўзятых прыхільнікаў. Мусіла гэта быць вельмі даўно, бо мы ведалі ўжо яе дачку, прыгожую пані Кудашаву, якая вылучалася сваімі попельна-белымі валасамі.
Дом Самсона пакінуў самыя лепшыя ўражанні.
Столькі было сказана пра дамы сяброў, з якіх сорак гадоў складалася віленскае таварыства, і як тады прамаўчаць пра наш уласны? Ён вызначаўся не столькі колькасцю, колькі выбарам асоб, якія яго наведвалі, і тым духам, магчыма ў пэўным сэнсе квакерскім, які ўплываў на ўсё наша жыццё, бо заўсёды мы былі з бацькамі, бавіліся ў іх прысутнасці, удзельнічалі ў агульных размовах, маглі слухаць іх і пры гэтым не засмечваць свае думкі непатрэбнай інфармацыяй, якая магла б паскорыць сталенне нашага розуму, і тады нашы сэрцы ачахлі б раней часу. У наш дом прыходзілі добрыя і правераныя сябры нашых бацькоў і толькі выхаваная моладзь. З паненак у нас бывалі толькі кузынкі Вайнілавічоўны, сёстры Лапацінскія, Аліна Жабянка, Мася Шадурская (потым, Гілхен). Вучоба ўдзень і вячэрняе рукадзелле за столікам пад наглядам нашай маці, калі мы гадзінамі слухалі прыгожае і галоснае чытанне графа Канстанціна Плятэра, аднаго з сямі братоў, які як кавалер на службе дам, цягам 26 гадоў ездзіў з дома ў дом у сваім маленькім двухконным кочы — туды ён быў запрошаны на абед, сюды на гарбату і заўсёды з кнігай, як стары з евангелічкай (як яго злосна называлі слугі ў пярэднім пакоі). За сяброўства і гасціннасць ён плаціў непараўнальным талентам чытання ўголас, які прысвячаў выключна служэнню іншым, бо, хоць і меў велізарную колькасць кніг, сам іх ніколі не чытаў і нават не разразаў старонкі, даручаючы гэтую працу тым, каму яна была цікавай. Узімку 1824 года яго «евангелічкай» былі два томікі, абкладзеныя ружовай паперай — першыя вершы Міцкевіча, якія з'яўляліся тады папулярнай навінкай з-за іх незвычайнай прыгажосці. Вершы Міцкевіча («Powrót Taty», «Kurhanek Maryli», «Pan Twardowski», «Pierwiosnek» і г. д.) чыталіся ў нашай гасцёўні амаль кожны вечар і заўсёды ўспрымаліся ўсё з той жа з цікавасцю і пяшчотай.
Граф Канстанцін Плятэр, у той час чалавек не першай маладосці, з непрывабным тварам (як і амаль што ўсе Плятэры) — з шырокім носам і без зубоў з маладосці, тым не менш, быў салонным матыльком ці хацеў, каб яго за такога ўважалі. Нягледзячы на падагру, да сівізны быў нястомным танцорам, хадзіў сагнуты, сціскаў рукі паннам і пані, пяшчотна глядзеў ім у вочы сваімі пукатымі вачамі поўнымі слёз. Казалі, што ён таемна ажаніўся, але не прызнаецца ў гэтым і, каб прымусіць замаўчаць тых, хто распаўсюджваў гэтую чутку, праводзіў да шлюбу ўсіх паннаў у Літве, Інфлянтах, Белай Русі і, нават у Варшаве. Канфідэнт усіх няшчасных, ён пашыраў свае паслугі і прыхільнасці да прыгожай паловы, часам нават па-за межамі салонаў і, карыстаючыся яго слабасцямі, кожны раз, калі ён прыязджаў праверыць рахункі камісара староства Даўгелішкі ў Свенцяніскм павеце (якім кіраваў аднаасобна, ад імя сваіх шасці жанатых братоў), пані камісарава адразу ж клалася ў ложак, і граф, каб не засмуціць жонку, шкадаваў яе мужа і замест працы з рахункамі, прыносіў хворай жанчыне лекі а ўвечары чытаў ёй раманы і вершы.
Такім быў граф Канстанцін Плятэр, якога любіла ўся Вільня. Найлепшы, сардэчны сябар, чуйны чалавек, які ніколі не меў ані гроша, аднак заўсёды першым рабіў дабрачынныя ахвяраванні, наш госць, любімы і ў горадзе, і на вёсцы, заўсёды аднолькава ветлівы, майстар каламбураў (якія яму часам нядрэнна ўдаваліся), заўсёды ў фраку, белым гальштуку і ў пальчатках. Такім жа ён ляжаў у сваёй труне ў 1849 г., гэты апошні тып старых кавалераў XVIII ст.
Іншымі наведвальнікамі былі браты Чапскія, Станіслаў і Караль, асабліва Караль — цікавая асоба, чые камічныя і бяскрыўдныя для бліжняга гісторыі, ці хутчэй імправізацыі ў стылі «Пане Каханку», ажыўлялі самых сур'ёзных людзей. Не буду зараз паўтараць яго анекдоты і жарты, бо яны апісаны ў маіх «Малых і праўдзівых апавяданнях» («Małych a prawdziwych opowiadaniach») і ў «Адной з даўніх постацей Вільні» («Jedna z dawnych postaci Wilna»).
Пан Аўгуст Бжастоўскі і пан Валенты Брахоцкі заўсёды мелі што расказаць пра Напалеона, бо не так ужо і даўно быў 1812 г., і смерць выгнанніка на выспу Святой Алены будзіла новыя ўспаміны пра тую цікавую эпоху. Некаторыя з гэтых гісторый засталіся ў маёй памяці, і, падобна, іх няма ні ў адным са шматлікіх мемуараў пра Напалеона. Запішу іх тут.
Калі Напалеон у 1812 г. увайшоў на нашы землі, ён загадаў папаўняць харчовыя запасы і дастаўляць жывёлу для арміі, але не ўсюды загад выконваўся з аднолькавай ахвотай. Французскі генерал, пасланы ў Глыбокае Дзісненскага павета, дакараў грамадзян за абыякавасць да Вялікага Правадыра, а значыць і да сваёй уласнай справы. Але казаў гэта натоўпу, які ані слова не разумеў па-французску, а перакладчыкам яму абралі графа Аўгуста Бжастоўскага, якому дасталася цяжкая роля, бо на чале шляхты стаяў энергічны хітрун, які, не шкадуючы красамоўства, і ў адказ генералу, як градам, сыпаў выразамі праз д…, праз к… і праз с…, накіраваных супраць Вялікай арміі і яе шэфа. Але гэтыя словы, як гарох ад сцяны, адбіваліся ад вушэй француза пры тым, што праз кожныя некалькі слоў ён звяртаўся да графа Бжастоўскага з пытаннем: «Qu’estce qu’il dit?» (фр. «Што ён кажа». — Л. Л.). Граф з тактам добра выхаванага чалавека і з уласцівым яму флегматызмам, надаваў зусім іншы сэнс гэтым словам і казаў пра «руплівасць… запал» і г. д. Па лагодным тоне перакладчыка зацяты шляхціц здагадваўся, што граф палітыкуе. «Мне здаецца», — закрычаў ён, яшчэ больш злосна — «Што вы, граф, шкадуеце гэтага…» (і тут зноў з яго паляцелі прыдомкі на к… і на д…), а калі ў справу ўмяшаліся яго сціснутыя кулакі пад носам у француза, генерал нарэшце зразумеў прамову раз'юшанага чалавека і пачырванеў. Тады граф Бжастоўскі, які абяцаў ад павета даць сухары, валоў і любоў да французаў, раптоўна закрыў сход. Усе разышліся, граф таксама ўжо збіраўся сысці, калі генерал, спыніў яго, працягнуў руку і сказаў па-польску: «Дзякую табе, пане граф, твая далікатнасць выратавала і шляхціца, і мяне. Адзіным паратункам было ўдаваць з сябе француза, які не разумее сэнсу вашых слоў, інакш, я б не меў права яму дараваць. Ваш высакародны ўчынак, граф, заслугоўвае даверу з майго боку, але прашу захаваць нашу размову ў таямніцы». Дамову граф выконваў, пакуль генерал заставаўся ў павеце. Потым даведаліся, што француз нейкі час жыў у Варшаве і закахаўся там у жанчыну, з якой не мог размаўляць праз перакладчыка.
У іншым месцы той жа генерал сутыкнуўся са сцэнай іншага характару. І зноў шляхціц з добрай воляй і добразычліва тлумачыў, што валоў ужо не засталося і ахвяраваўся даць «deux madames boeufs» за аднаго «boeuf», гэта так кранула француза, што ён закрычаў: «Non! un boeuf, une madame boeuf» (фр. «Дзве мадам-валы» (дзве каровы) за аднаго вала», «Не! Адзін вол за адну карову!» — Л. Л.).
Ёсць і трэці анекдот, магчыма, лепшы за першыя два, у якім у Глыбокім фігуруе сам Напалеон разам з абатам кармелітаў. Сцэна характэрная для іх абодвух, сцэна, якой, ці ў нечым падобнай да яе, няма ані ў адным з мемуараў Напалеона, сцэна да якой аднак не хоча дакранацца пяро жанчыны… Пакінем тады яе за фіранкай намёта, у якім Напалеон адбывае «днёўку», а перад намётам стаіць правінцыял кармелітаў, і сэрца яго б'ецца ад радасці, бо нарэшце ён убачыць Вялікага Чалавека!
У 1824 годзе ў віленскім калейдаскопе з'явілася некалькі блёстак, якія значна пашырылі яго далягляды. Адным з самых яркіх быў граф Ільінскі, багач, сенатар і фанатык, вядомы ўсяму краю і асабліва на Валыні вялікімі дзівацтвамі, бо сваё немалое багацце і папулярнасць выкарыстоўваў на ўласныя фантазіі. Ільінскі ў дзень самай святой для хрысціян падзеі, якая штогод святкуецца ў касцёлах праз спевы, пакаянне і роздумы ў памяць аб пакутах Збаўцы, зладзіў тэатральную драму і ўкрыжаваў (але не да смерці) жывога чалавека, а жывых дзяцей падвесіў як анёлкаў у паветры сярод лямп, каб прадставіць разам неба і зямлю ў гэтай жывой карціне, якая паўтаралася штогод на Вялікдзень з удзелам жанчын, жаўнераў, народу і г. д. Падобна, сам ён граў ролю Сымона з Кірэны (чалавек, якога рымляне прымусілі несці крыж Хрыста перад яго ўкрыжаваннем — Л. Л.). Ён ліставаўся з Найсвяцейшай Паннай, лісты да яе пакідаў на алтары і на тым жа алтары атрымліваў ад яе адказ. Пасля чаго загадваў ксяндзу чытаць лісты Найсвяцейшай Панны ўголас перад грамадой людзей, і г. д.
Не задаволіўшыся сваім краем, дзе ім адначасова абураліся і пацяшаліся, узімку 1824 г. прыбыў у Вільню, і з-за гэтай навіны, якая суправаджалася мітрай і грашыма, шмат людзей у грамадстве пайшло за ашуканцам і паддалося на ўсё, што прапаноўваў граф Ільінскі. Уся Вільня хвалявалася з нагоды прыезду гэтага незвычайнага госця: народ ціснуўся да касцёла дамініканаў, дзе кожную нядзелю пан сенатар у ордэнах, зорках і ў мундзіры, крыжам ляжаў пасярод касцёла на аксамітных падушках, і ключ шамбеляна блішчэў на яго мундзіры. Пабожныя жабракі прыходзілі цалаваць ключ шамбеляна, як ключ ад неба. Рабілі гэта, натуральна, па намове нейкага жартаўніка, які пераканаў іх, што крыжам ляжыць сам святы апостал Пётр.
Жонка князя Дзмітрыя Чацвярцінскага, якая захаплялася кожнай навіной, па парадзе графа Ільінскага абвясціла ранішнія пасяджэнні для дам і ператварыла свой салон у майстэрню для ўбогіх. Там з грубага палатна, далікатнымі ручкамі, павольна і няўмела шылі кашулі, сукенкі і каптуркі, але пані Дарота Лапацінская, першая валанцёрка гэтага добраахвотнага сястрынства, першай жа і кінула іголку, калі зразумела, што бедакі значна хутчэй атрымаюць адзенне, калі яго будзе шыць яе прыслуга. Па прыкладзе Лапацінскай усе пані з паколатымі пальцамі разам з гаспадыняй (якая абапіралася на кій, бо была інвалідам) кінулі гэту працу. Але іх чакала яшчэ адно выпрабаванне… Надыходзілі Грамніцы і фэст у касцёле ксяндзоў-дамініканаў з адпустам для Ружанцовага Брацтва. Граф Ільінскі заахвоціў высакародных дам несці абразы, і сам меўся ісці на чале працэсіі з брацкім крыжам. Кандыдатак для такой справы набралася больш, чым трэба, больш чым было сапраўдных сёстраў, якія шмат гадоў на кожнае свята спявалі на першых лавах, штотыдзень адбывалі гадзінкі Беззаганнага Зачацця і пяць частак ружанца. У цэхах рамеснікаў пачаўся вялікі пратэст супраць гэтага замаху арыстакратыі на адвечныя правы брацтва. Шкада было «сапраўдных сёстраў», якія цягам года сумленна выконвалі свае абавязкі і павінны былі адмовіцца ад Божых ласкаў у дзень адпусту, ім трэба было адмовіцца ад таго, што ім слушна належала. Не ведаю, хто ці што паўплывала на выдаленне бедных сясцёр — угаворы, пагрозы ці проста права больш моцнага і шчаслівага, але фестываль праходзіў па праграме сенатара Ільінскага з усёй арыстакратычнай пышнасцю. Але Бог, гледзячы згары, ведаў лепш, хто з удзельнікаў больш варты яго ласкі!
Быццам, каб яшчэ больш падкрэсліць характар графа Ільінскага, у Вільню следам за ім прыбыў другі тытулаваны пан у ордэнах і нават яшчэ больш уганараваны — намеснік прускага караля ў Познані, князь Антон Радзівіл, сын віленскага ваяводы. І хоць ён быў свецкім, вясёлым, таленавітым і любіў кампанію, пры гэтым з'яўляўся сціплым, натуральным і мілым чалавекам, антыподам пыхлівага і недарэчнага Ільінскага. Калі князь Антон уваходзіў у салон, здавалася, што пыху ён пакінуў за дзвярыма разам з паліто. Асабліва прыемным бываў у сямейным коле, мы бачылі яго штодзень у нас на абедах і вячэрах, у дзядзькі Рудольфа і цёці дэ Шуазель. Яго маці была сястрой маёй бабулі Гелены Пшадзецкай, і таму мы называлі яго дзядзькам, і нікім іншым ён для нас не быў.
Аднойчы ў нядзелю ў графа Пія Тышкевіча, калі мы — дзеці, гулялі ў апошнім пакоі, раптоўна пачаўся незвычайны рух у першым салоне, і хтосьці прамовіў: «Віцакароль!», усе прысутныя як рэха пачалі паўтараць «Кароль! Кароль!». Вядома, што мая дзіцячая фантазія ўявіла сабе карону і пурпур. Але што я, больш цікаўная і смелая за іншых, убачыла, калі апынулася наперадзе? Толькі дзядзьку Антона, які вітаўся з гаспадыняй дома і, убачыўшы сярод дзіцячых галовак знаёмую галаву ў буклях, павітаўся са мной па імені і пацалаваў у лоб.
Прысутнасць князя Антона Радзівіла ажыўляла наша сямейнае кола. Асабліва яго любілі мая маці і дзядзька Рудольф, для якіх усё іх мінулае, уся іх маладосць, праведзеная ў Каралеўстве, увасаблялася ў асобе іх кузэна, гэта былі самыя першыя, а значыць і самыя прыемныя ўспаміны. Князь Антон меў прыемны голас і падбадзёрваў кампанію выкананнем жартаўлівых песень. Таксама, не перапыняючы размовы, ён маляваў ладныя партрэты. Жыў сямейным жыццём і заўсёды меў з сабой партрэты ўсіх сваякоў, дарыў іх кузэнам і кузынкам. У нас і дагэтуль захаваўся жалезны медальён з бюстам яго жонкі, прускай прынцэсы з прастадушным выразам прыгожага твару, які так гарманіраваў з дабрынёй гэтай пані, якая лічыла сям'ю мужа таксама і сваёй сям'ёй. Профіль іх старэйшай дачкі Элізы абяцаў ёй незвычайную прыгажосць, але княжна памерла зусім маладой ад сухотаў… Яе сумная гісторыя можа стаць зместам рамана.
Знаходжанне князя Антона ў Вільні часткова было звязана з яго паездкай у Пецярбург. Зычліваму прыёму ў расійскім двары князь быў абавязаны не столькі блізкасцю да двара праз шлюб сваёй цёткі, жонкі вялікага князя (потым цара) Мікалая, колькі сувязям сваёй маці, княгіні-ваяводзіны, пра што мы ўжо згадвалі вышэй.
«Чым будзем бавіцца, і хто будзе нас бавіць?» — здавалася, пыталіся ў віленскіх салонах пасля ад'езду графа Ільінскага і князя Радзівіла, і калі ніхто новы не пераступаў парогаў, пачыналі прыслухоўвацца да таго, што кажуць па-за салонамі. І пачулі хвалебныя хоры, якія гучалі ў гонар незвычайнага красамоўства маладога, але ўжо вельмі вучонага чалавека, прафесара Юзафа Галухоўскага, які заняў кафедру філасофіі (прыехаў да нас з Каралеўства Польскага). Гэта быў геніяльны прамоўца і апроч студэнцкай моладзі яго лекцыі прыцягвалі натоўпы вольных слухачоў. Усё яны ў захапленні разыходзіліся па горадзе і паўтаралі пачутыя глыбокія і ўзнёслыя ісціны, якія ён выкладаў з прастатой і яснасцю паўсядзённай мовы. Мой бацька быў адным з самых верных слухачоў гэтых цудоўных лекцый, дзеля якіх, а таксама дзеля лекцый па архітэктуры Караля Падчашынскага, пільнаваў гадзіны ўніверсітэцкага жыцця і занатоўваў усё што чуў. Дамы таксама пажадалі жыць такім жыццём і на чале з княгіняй Чацвярцінскай (жонкай Дзмітрыя) пачалі наведваць лекцыі Галухоўскага, які, уражаны незвычайным наплывам слухачоў, распачаў новую серыю лекцый з аналізам душы і прыгажосці. Не ведаю, наколькі наяўнасць дам у зале паўплывала на натхненне прамоўцы, але шырока абмяркоўваўся іх неспрыяльны ўплыў на студэнтаў, для якіх прысутнасць на першых лавах прыгожых княжон Чацвярцінскіх ва ўсім бляску сваіх чараў і ўбрання, была вялікай перашкодай, бо адцягвала ўвагу ад прафесара. Мы, дзеці, пра якіх старэйшыя звычайна кажуць, што яны не разумеюць вышэйшых рэчаў, не ўдзельнічалі ў гэтых вучоных забавах і ўсё, што засталося ў маёй памяці — гэта фрагменты гісторый нашага бацькі, які заўсёды вяртаўся з гэтых лекцый задаволены, і пахвалы асоб, якія наведвалі нас па вечарах, і нарэшце, адзін анекдот, які найбольш моцна ўбіўся ў памяць дзевяцігадовай дзяўчынкі, уражанай расповедамі пра Галухоўскага.
У той час існавала мода на катыльёны, гэта значыць на вальсы, якія танцавалі ў стылі мазуркі з фігурамі, у адной з якіх вальсіруючая пара была абавязана зрабіць васьмёрку вакол крэсла. Пасля шматлікіх больш-менш зграбных спроб, здолеў гэта выканаць толькі Караль Кастравіцкі. Яму пляскалі ў далоні гледачы балю і сярод іх стары генерал-губернатар Рымскі-Корсакаў, які пасля гульні ў віст стаяў каля дзвярэй. Ён нікому не каламуціў ваду і патрабаваў, каб з ім не развітваліся і не праводзілі, бо заўсёды выслізгваў з дому па-французску. І стоячы пры дзвярах, па звычцы торгаючы свой каўнер, ён заўважыў пана Караля Кастравіцкага, але не ведаў яго і спытаў у майго бацькі, хто гэта такі? Трэба ж так здарыцца, што Караль у гэты момант стаяў каля прафесара Галухоўскага, а мой бацька, не чакаючы, што пераможца балю можа мець хай і часовую перавагу над філосафам-трыўмфатарам, і не звярнуўшы ўвагі на палец Корсакава, які ўказваў на светлавалосага студэнта з кірпатым носам і румянцам панны, бо сам у гэты момант глядзеў на задуменнага філосафа, адказаў губернатару: «C’est le professeur de philosophie, mr. Goluchowski» (фр. «Гэта прафесар філасофіі пан Галухоўскі». — Л. Л.). «Ах, гэта і насамрэч ён?» — сказаў здзіўлены губернатар і, яшчэ мацней пацягнуўшы свой каўнер, хітнуў ад'ютанту Шабеку і павольна выйшаў з салона. На наступны дзень па горадзе разышлася вестка, што ўсім, хто прыходзіў да яго ў палац, Корсакаў расказваў, што першым танцорам у Вільні ёсць прафесар Галухоўскі. Каб лепш растлумачыць і падмацаваць сваё сцверджанне, ён сам расстаўляў крэслы і сам круціўся вакол іх. За абедзенным сталом ён адпаведным чынам расставіў сальніцы, а за картамі — падсвечнікі і зноў усім тлумачыў, як прафесар філасофіі ўмела круціў фігуру, якую ніхто да яго не змог выканаць. Калі гэта дайшло да майго бацькі, ён адчуў сваю адказнасць за памылку, якая, калі б дайшла да вушэй філосафа, магла б яго пакрыўдзіць. І тады бацька пайшоў да пана Галухоўскага, каб папрасіць у яго прабачэння за сваю ненаўмысную памылку. Прафесар не толькі не злаваўся, але лічыў, што пакрыўдзілі толькі пана Кастравіцкага, і шкадаваў, што не можа танцаваць так добра, як ён. Абвесціў, што выбірае танцы тэмай сваёй будучай лекцыі.
Калі я пішу гэта праз сорак тры гады пасля падзеі, згадваецца дама, якая правяла некалькі гадоў у доме і сям'і Юзафа Галухоўскага, у яго маёнтку Гарбач, дзе прафесар Галухоўскі ператварыўся ў гаспадара і даказваў, што хрысціянская філасофія ёсць асновай і душой нашага жыцця. Лёгкасць, досціп, весялосць, дабратворны ўплыў на суседзяў, прыемныя размовы і дар адпаведным чынам стымуляваць і прымушаць іншых не толькі думаць, але і выказваць свае думкі — вось рысы, якія характарызуюць стасункі гэтага філосафа з людзьмі. Ён заўсёды з вялікай цеплынёй успамінаў сваё жыццё ў Вільні. Словы Галухоўскага часта цытавала нам Вольга С., якая ўспамінала прафесара з пяшчотай дачкі, бо была абавязаная яму сваім інтэлектуальным выхаваннем. Але найбольш характэрнай падавалася мне вечарына, якой ён хацеў узнагародзіць трох імянінніц разам. Запрасіў шмат гасцей, сам жыў у бровары і саладоўню ахвяраваў пад бальную залу. Вымытая падлога была пакрытая соладам быццам яе наваксавалі, але бочкі з хмелем не вынеслі, яны спакойна стаялі за калонамі. Дамачадцы настойвалі на аркестры, але прафесар назваў гэта празмерным і параіў кожнаму развучыць нейкі танец на фартэпіяна. Гэтак і было зроблена, але не без цяжкіх уздыхаў праз адсутнасць аркестра. Нарэшце надышоў дзень трайнога свята, і абед каля вялікага стала ў саладоўні сабраў шмат людзей. Гаспадар узняў тост у гонар імянінніц, перад якімі, ён як звычайна, сказаў натхнёную, імправізаваную прамову, а пасля словаў: «Віват! Няхай жывуць!», нечакана для ўсіх зайграў аркестр-капэла… Госці невымерна здзівіліся, пакуль з кожнай бочкі не паказаўся яўрэй са скрыпкай, кларнетам і г. д.
Адной з характэрных постацяў Вільні, праўда больш звязанай з эпохай, чым уласна з горадам, быў Хацкевіч (ці Гацкевіч), вядомы пад мянушкай «гулец» ці нават «шулер», якія ён сам прызнаваў, як быццам шукаў славы ў тым, што было ганьбай. Ягоныя досціпы тхнулі цынізмам, і з адных толькі гісторый пра яго, анекдотаў і салёных адказаў, можна было б скласці вялізную кнігу. Напрыклад, магнатам, якія валодалі вялікімі маёнткамі, ён казаў, што «яны былі панамі з сялян, а ён быў панам з паноў» (бо яны разбагацелі з сялян, а ён з паноў, абыгрываючы іх — Л. Л.). Калі нехта віншаваў яго з тым, што набраў вагу, адказаў: «Чаму б і не? Я з'еў двух Патоцкіх». Калі мая маці паскардзілася, што не можа заснуць (у Вільні) з-за шуму ўнізе, дзе месціўся шынок, адказаў: «Супакойцеся, пані, я ўсё папраўлю». І насамрэч, наступная ноч была ціхай, і калі мая маці спытала ў Хацкевіча, як ён гэта зрабіў, той адказаў: «Гэта мае людзі, яны мяне слухаюцца». Гэты чалавек падпарадкаваў сабе ўсіх злачынцаў. Калі гаварылі пра дрэннага ксяндза, ён казаў: «Гэта мой каплан», а калі згадвалі жанчыну з кепскай рэпутацыяй, адказваў: «Гэта маліна з майго лесу». Аднойчы на вуліцы ён спаткаўся з трыма асобамі такога самага кшталту, але трошкі менш вядомымі, чым ён. Гэта было на ходніку каля аптэкі. «Пройдзем трохі далей, бо калі ўбачыць аптэкар, дык зробіць з нас воцат», — заўважыў Хацкевіч (хто ж не ведае, так званы «Воцат чатырох зладзеяў», які ёсць самым лепшым). Рэкамендуючы свайго сына, казаў: «Вось гэты малады чалавек мае толькі дзве заганы — ён мой сын, і яго прозвішча Хацкевіч». У Тульчыне падчас кірмашу ён адчыніў срэбны зал з гульнёй у фараона, Тадэвуш Чацкі ўбачыў, як тасуе карты і спытаў: «А што, Хацкевіч, ты заўсёды па-старому робіш з валетаў — дам, а з дзявятак — дзясяткі?». «Заўсёды», — не саромеючыся адказаў шулер: «І падобна, мы з табой не зменімся — я заўсёды буду рабіць з валетаў дам, а ты выдаваць памяць за розум».
Аднойчы ў пакоях Шчэнснага Патоцкага ён быў зачараваны прыгожай ніткай перлаў, якая належала самой графіні, грачанцы, былой жонцы генерала Віта, якую разам з маёнткам Зафіёўка апяваў Станіслаў Трамбіцкі. Перлы тыя былі памерам з вішню і каштавалі, як вялікі маёнтак. Усе жадалі ўбачыць іх зблізку, перлы перадаваліся з рук у рукі, і калі графіня, нарэшце, захацела атрымаць іх назад, перлаў ні ў каго ўжо не было… Хацкевіч быў сярод тых, хто аглядаў упрыгожванні. «Паслухай, не трэба», — сказаў граф Патоцкі, адводзячы яго ўбок: «Я не хачу ніякага розгаласу, але гэта твая работа, аддай мне перлы». «Гэтым разам не я», — адказаў зусім не пакрыўджаны кароль цынікаў: «Але будзь пэўны, граф, згубленае знойдзецца, ад маіх вачэй нічога не схаваецца». Агледзеўшы спрактыкаваным вокам усе твары, ён спыніўся на адным маладым чалавеку і вывеў яго з залы, нешта шэпчучы на вуха. Замкнуўшыся з ім у пакоі, сказаў прама ў вочы: «Аддай перлы!». Пад пранізлівым позіркам Хацкевіча маладзён дарэмна пачаў адмаўляцца. «Я бачыў, як ты паклаў іх у кішэню», — упэўнена сказаў стары авантурнік. Тады юнак паваліўся яму ў ногі і закрычаў: «Ратуй мяне, пане, пазыч мне тваю галаву!». «Гультай!», — адказаў Хацкевіч. «Каб твае рукі дадаць да маёй галавы, уся Еўропа не мела б спакою!». Вернутыя перлы праз гадзіну былі на шыі прыгожай Зоф'і.
Яшчэ адзін эпізод у доме Самсона. Аднойчы ўвечары, калі маёй маці не было, а мы з панам Бенядзіктам рабілі ўрокі, карэта вярнулася пустой, пасля чаго забег лёкай і сказаў, што маці прыслала яе па нас, каб з вокнаў княгіні Чацвярцінскай назіраць за пахаваннем малой княжны Зубавай. Пачуўшы гэта, мы нават не развіталіся з панам Бенядзіктам, які тым не менш, як і мы, застаўся задаволены, апрануліся ў футры і паехалі глядзець знакамітае не толькі на ўсю Вільню, але і на ўсю Расію пахаванне, бо нябожчыца з'яўлялася адзіным нашчадкам святлейшага князя Зубава, які ў Вільні жыў у выгнанні (хоць не быў пазбаўлены свайго велізарнага багацця, падараванага Кацярынай ІІ) і ажаніўся з паннай Тэкляй Валентыновіч, якая трапілася яму на вочы ў віленскім казіно тры гады таму. Гэты, вядомы ўсёй імперыі шлюб, закружыў галаву бедным маці, якія мелі прыгожых дачок без пасагу, і пасля яго бедны бацька-шляхціц не раз аддаваў свой апошні грош, зароблены крывавым мазалём, на бальную сукенку для дачкі ў надзеі, што яна таксама прывабіць увагу якога небудзь магната. Але цуд больш не паўтарыўся, а калі і здарыўся аднойчы, дык толькі таму, што тактоўная маці (пані Валентыновічава) умела так сябе паводзіць з вялікім панам, што ён не меў магчымасці займацца пустым баламуцтвам з яе прыгожай дачкой, а мог наблізіцца да яе толькі як жаніх. Панна Валентыновіч была ўжо заручана з іншым мужчынам, і паколькі яе жаніх жыў на вёсцы, не хацела без яго ісці ў казіно. Не абышлося без слёз, але маці прымусіла зрабіць гэта. Убралася ў белую сукню, з пунсовай кветкай у чорных валасах — такой яе дасюль памятаюць сучаснікі ў той вырашальны вечар. Задуменная і бледная, села ў карэту разам з маці і была яна «ладнай дурніцай», як патаемна казала яе маці сваім сяброўкам. Для румянцу маці некалькі разоў ляпнула па яе белых шчоках, а потым правяла ў залу Мюлераў, дзе лёс дзяўчыны вырашыўся з першага разу! Іншыя кажуць, што князь Зубаў упершыню ўбачыў яе ў акне, дзе яна выхукала сабе кружок на замёрзлым шкле і з цікаўнасцю назірала на войскамі, якія праходзілі каля дома. Гэтак ці не, але напэўна ўсё ўжо было напісана на нябёсах, калі здзейснілася менавіта так. Як дайшло да справы, першы яе жаніх паразумеўся з князем, і неўзабаве адбылося вяселле. Праз год памёр князь, а яшчэ праз два гады — ягоная дачушка, пахаванне якой было такім прыгожым, што да гэтага часу засталося ў маёй памяці. Як Млечны шлях у аксамітную ноч ззялі свечкі і паходні ў руках манахаў дзясятка канвентаў, якія парамі ішлі па Нямецкай вуліцы ажно да вуліцы Місіянерскай, бо памерлая князёўна была каталічкай па матчынай лініі. З яе смерцю большая частка маёмасці ўзбагаціла пляменнікаў князя. Маладая ўдава праз некалькі гадоў выйшла замуж за графа Шувалава. Яе маці апроч трох замужніх мела яшчэ чатыры дачкі на выданне (усе адна за адну прыгажэйшыя), пасялілася ў Вільні і без спеху, але не губляючы ні магчымасцей, ні часу, усіх добра выдала замуж. Яе малодшыя дочкі былі выхаваны больш старанна, чым старэйшыя. Пра княгіню Зубаву казалі, што ўпэўненая ў сваіх чарах, яна не хацела вучыцца, хоць гэтага і патрабаваў муж. Пра яе казалі забаўныя рэчы, у тым ліку і тое, як яна, ужо будучы ўдавой, размаўляла з імператарам Аляксандрам укленчыўшы на крэсле. Навука так палохала яе, што не наведвала людзей, якіх лічыла вучонымі ці разумнымі і казала, што «яны — шэльмы, будуць экзаменаваць мяне па гісторыі». У гэтую катэгорыю ўваходзілі жонка князя Каласанты Чацвярцінскага, пані Любанская і мая маці. Сённяшняя графіня Шувалава разам з маладосцю страціла свае чары, але стала даволі выбітнай асобай, бо жанчыне не шмат трэба, каб выглядаць адукаванай, галоўнае — мець жаданне. «Як маецца пані паручнікава?», — з'едліва спытаў сенатар Навасільцаў у пані Валентыновічавай, жадаючы ўпікнуць яе за нізкі ранг новага зяця Шувалава, але тая, не разгубіўшыся, адказала: «Вы жадаеце пагаварыць пра княгіню? Ці ж вы не ведаеце, што яна ўжо не княгіня, а графіня?».
На працягу многіх гадоў, яшчэ да заснавання Дома Дабрачыннасці, кожную вясну ладзілі спектаклі на карысць бедных. У часы паноў Франкаў давалі канцэрты і нават оперы. Пан прэзідэнт Ян Ходзька ставіў драмы і трагедыі, а першая жонка пана дэ Шуазеля выконвала ролю Федры (пераклад ваяводы Хамінскага), разам з ёй у пастаноўках бралі ўдзел Марыя Мірская, Міхал Ромер, граф Жавускі і г. д.
Рустэм у мае часы ставіў жывыя карціны. Адна з іх асабліва ўрэзалася ў памяць у 1823 г. Гэта была карціна з царыцай Семірамідай разам са сваім дваром у момант з'яўлення цені Ніна. Прасторная сцэна тагачаснага тэатра на вуліцы Віленскай, у доме Кажынскіх (пазней — Вішнеўскіх) дазваляла стварыць карціну вялікіх памераў. Панна Аляксандра Бэкю сядзела на высокім троне, яе прыгожыя і сур'ёзныя рысы твару, яе постаць, узвышаная над іншымі жанчынамі, была годнай вавілонскай царыцы, асабліва, калі застывала ў жаху пры з'яўленні цені цара Ніна, а потым, па яе прыкладзе гэта рабіў і ўвесь двор (карціна была ў двух зменах). Рустэм з вялікім мастацтвам паставіў так, каб нават менш прыгожыя асобы не губляліся сярод прыгожых. Панна Цэліна Сулістроўская, талія якой была крыху задоўгай у параўнанні з ножкамі, на кукішках і ў профіль перадавала царыцы скіпетр на парчы, у той час як яе маці, чыя постаць была крыху занадта тоўстай, вызірала з-за дачкі, і яе поўны цікаўнасці твар ствараў прыемны кантраст з мармуровай нерухомасцю дачкі. Затое прыгожы твар і постаць Камілы Тышкевічоўны ў вобразе Аземы, якая бліжэй за ўсіх стаяла каля трона, была бачна ва ўсёй сваёй красе — ад маленькіх ножак да гордага выразу твара, пэўна, і сапраўды яна была вельмі прыгожай, калі і сёння многія кажуць, што не панна Бэкю, а панна Каміла была той самай Семірамідай.
Што да драм, то ставіліся наступныя: «Каханкі хуткай поштай» і «Барбара Запольская», у якой галоўную ролю выконвала княжна Элеанора Чацвярцінская, а каралём Жыгімонтам быў яе кузэн Генрык Грахольскі. Вясной 1824 г. цётка Шуазель грала ў французскай камедыі «Les ricochets» («Рыкашэты» — Л. Л.). Апроч таго на карысць сірот прытулку «Дзіцятка Езус» была пастаўлена п'еса з дзецьмі. Гралі «Agarе na puszczy» і «La Colombe» па-французску, п'есы пані дэ Жанліс і перакладзеную п'есу Расіна «Ataljе». Усе яны пачыналіся з пралога, у якім Купідон, Меркурый і Флора дзеля дзіцяткі Езуса абвяшчалі хрысціянскай супольнасці наступную п'есу. Аўтарам гэтага дзіўнага пралогу быў адзін з самых пабожных людзей Юзаф Лапацінскі, але ён, як выхаванец ранейшай класічнай школы, не любіў паэзіі без міфалогіі.
Любы дом Самсона. Столькі ты пакінуў прыемных успамінаў!
Праз год мой хрышчоны бацька Караль Пшаздзецкі ўжо вёз жонку ў сваю прыгожую Смаргонь. Ён ажаніўся ў 1825 г., але выбраў жонку не сэрцам ці вачамі, а як даўжнік, каб супакоіць сваіх крэдытораў. Яго жонка была багатай, а не маладой і прыгожай. Панна Карнелія Горская з яе 70000 пасагу гатоўкай была ўжо паўнапраўнай гаспадыняй (яе бацькі памерлі), жыла ў пані маршалковай Ляхніцкай, і не доўга думаючы, прыняла прапанову графа Пшаздзецкага. Вышэйшы свет за здзіўленнем глядзеў на гэтую пару, якая паміж сабой пасавала па ўзросце, становішчы і паходжанні, але не па характарах і абставінах. Спалоханыя чорныя вочкі панны Карнеліі нават не глядзелі на нарачонага, якога яна потым вельмі пакахае. А ён, ідучы да алтара, як да мазуркі, увесь час голасна паўтараў каб заглушыць сваё сэрца і меркаванне іншых: «Que ma fiancee est la plus belle des belles du moment, que je l’ai choisi». (фр. «Мая нявеста самая прыгожая красуня, і я яе выбраў сам». — Л. Л.). Іншым разам, пасля добрай вячэры, ён сказаў, што не мог даць крэдыторам лепшага доказу сваёй адказнасці.
Шлюб пана палкоўніка з паннай Карнеліяй адбыўся ўвесну ў Вільні, і адразу пасля гэтага ўладкавалі ўрачыстыя пераносіны з ілюмінацыяй па дарозе ў мястэчка Смаргонь, у вокнах якога, услед за праязджаючымі маладымі, чароўным чынам, магічна, запальвалася святло. У доме мужа пані Карнелія не стала ні больш смелай, ні больш гаваркой, чым да вяселля. Яна ніколі не казала «муж», але толькі «сам», аднак, хоць і здавалася дзікай і быццам напалоханай, сумела адгарадзіцца ад пані сенатаравай Агінскай, якая, як самая блізкая суседка Смаргоні, часта наведвала пана палкоўніка і прызвычаілася весці рэй у яго доме, у якім раней не было гаспадыні. Добра адукаваная пані Карнелія любіла чытаць, але для чужых хавала свае захапленні ў кішэні. Размаўляла не шмат, ды і то на вуха з тым, хто сядзеў побач з ёй. Аднак усе яе меркаванні былі разумнымі, яснымі, і наспеў час, калі яна давяла веліч свайго сэрца.
1825 год
Калі і гэтым разам зіма прымусіла нас вярнуцца ў Вільню, мы пасяліліся ў прыгожых пакоях дома Карпаў-Плятэраў па вуліцы Троцкай (сёння дом графаў Тышкевічаў) з высокімі скляпеністымі столямі. Уладальнікам палаца на той час быў граф Фердынанд Плятэр, які атрымаў яго ў пасаг за жонку з Карпаў. Граф Фердынанд лічыўся ў той час вельмі супярэчлівай і кур'ёзнай асобай. Твар меў больш, чым непрыгожы, а сам быў такі худы, што, каб не вата ў падкладцы, меў бы падабенства са страшным павуком. Аднак быў чароўным, ветлівым, надушаным, бестурботным і добра учасаным чалавекам, які цалаваў дамам ручкі, пяшчотна глядзеў ім у вочы, казаў кампліменты і шмат каму падабаўся. Яго звалі князем Азорам (з рамана «La belle et la bete» — фр. «Красуня і пачвара», Азор — імя пачвары — Л. Л.), і нейкая дама, каб пераканацца, ці праўду пра яго казалі, аднойчы ўторкнула яму прут у лытку. Прабіты, як матыль на шпільцы, ён спакойна працягваў гуляць па бульварах. Меў прыгожую карэту з шасцёркай найлепшых гнядых коней, з шырокімі, як канапа козламі, а на белай капе з махрамі, якой пакрываліся козлы, блішчэў герб уладальніка з масіўнага срэбра, які красамоўна казаў пра гаспадара. «Bonjour ma belle voisine» (фр. «Прывітанне, мая прыгожая суседка». — Л. Л.), — такі камплімент ён казаў пры сустрэчы дзевяцігадовай дзяўчынцы і, хто ведае, як далёка мог бы завезці яе ў гэтай прыгожай карэце са срэбным гербам і залатымі коньмі.
Граф Фердынанд меў высакародны густ ва ўсім: яго вёска ззяла самымі прыгожымі кветкамі, ён любіў і меў сабак чысцюткай англійскай пароды — тэр'ераў, і апошні з яго сабакаў закончыў свае жыццё на целе свайго ўжо мёртвага гаспадара.
Галоўнай мэтай зімоўкі ў горадзе была наша адукацыя. Кожны год дадаваў нам адну гадзіну заняткаў. Гэтым разам французскай мове вучыў пан Пінабель, падобна, эмігрант часоў французскай рэвалюцыі. Невысокі, каржакаваты, з вялікім, падобным да ястраба носам і пукатымі чорнымі вачыма.
Наша сямейнае кола складалася з тых жа самых асоб: Вайніловічаў, дзядзькі Рудольфа, былой жонкі Фелікса Патоцкага Зоф'і, якая стала генералавай Несялоўскай. З генералам яна была заручаная яшчэ ў пятнаццацігадовым узросце, але перад самым вяселлем разарвала заручыны, каб праз шмат гадоў вярнуцца да яго. Яна — ужо ўдава, а ён разведзены з Радзівілоўнай, пабраліся шлюбам, каб праз некалькі гадоў разысціся назаўсёды. Але гэтыя некалькі гадоў яны жылі ў Вільні ў поўнай згодзе, прымалі гасцей і давалі вялікія балі для сваіх дзяцей — Ізабэлы Патоцкай і дзвюх Несялоўскіх — Ванды і Ідаліі, якія належалі да плеяды віленскіх прыгажунь. Генерал з непрыгожым чырвоным тварам быў адным з самых годных людзей нашага краю. Некалі, у вельмі маладым узросце, ён змагаючыся пад кіраўніцтвам Касцюшкі, заслужыў лаўровы вянок і другі раз атрымаў ўяўны вянок грамадзяніна, калі спадчынны маёнтак у даўгах пасля бацькі, аддаў крэдыторам, амаль што нічога не пакінуўшы сабе. Ні да, ні пасля гэтага, ніколі не было больш выгаднай для крэдытораў эксдывізіі, накіраванай супраць дзедзіча. Аднак гэтыя цноты не прынеслі яму шчасця ў сямейным жыцці, абедзве жонкі пакінулі яго, наперадзе чакае выгнанне, страта зроку і смерць на самоце …, але гэта здарыцца потым.
Дом маладажонаў быў узорна адчынены для ўсіх. Падчас Вялікага паста гралі ў гульні, сталы поўніліся гравюрамі, літаграфіямі і карыкатурамі, якія не давалі знудзіцца тым, хто не любіў карты ці гульні. І нават малыя вечары за партыяй у віст (які вельмі любіла пані генералава) не абыходзіліся без вячэры, як быццам неахвотна і выпадкова пададзенай на малых століках, што добра ўмела рабіць гаспадыня, без ведама якой ніхто не меў права ані атрымаць, ані даць хоць нават кавалак хлеба. І тоўсты камердынер Кабялянскі выдатна граў камедыю. На пытанне пані, сказанае тонкім голасам: «Кабялянсю, што там маеш?», ён густым басам пералічваў: аленіна, кампот і г. д., так, што і да сёння ў маёй сям'і падобныя вячэры маюць назву «a la, Кабялянсю, што там маеш?».
У маі адбыўся шлюб самай багатай пары Літвы, бо Бенядзікт, старэйшы сын велятыцкага старасты Тышкевіча, жаніўся з самай маладой з Ванькавічанак Вандай, яму вельмі быў патрэбны жончын пасаг.
Падчас вяселля панны Ванды прыйшла вестка пра нараджэнне дачушкі (трэцяга дзіцятка) у дзядзькі Канстанціна, ахрышчанай Аленай. Праз два гады ў яго нарадзілася дачка, якая атрымала імя бабулі — Марыя.
Той самай вясною, у красавіку, ажаніўся будучы аўтар «Літоўскіх малюнкаў» Ігнат Ходзька, вядомы да гэтага сваімі масонскімі песнямі. Мы пазнаёміліся падчас спектакляў для бедных, калі ён, каб растлумачыць некалькі сцэн з «Вызваленага Іерусаліма», дэкламаваў на сцэне сваім насавым, спеўна-ліцвінскім голасам пераклад Пятра Каханоўскага.
Летам мы паехалі ў Варшаву да бабулі Тызенгаўз. Нашы бацькі не былі ў яе дзесяць гадоў, а мы наведвалі ўпершыню. З Вільні ехалі паштовым лідскім трактам на Слонім і Бярэсце. Хоць і поштай, аднак рухаліся не хутка, бо ў праграме мелася некалькі дамоў сваякоў і сяброў, якіх немагчыма было прапусціць. Убок ад станцыі Дзятлава ляжаў Жалудок, у якім мы не былі з моманту пераезду сюды дзядзькі з маладой жонкай.
Пасля нараджэння трэцяй дачкі Эльфрыдкі цёця сустрэла нас з самай вялікай пяшчотай. Дзядзька прыехаў на наступны дзень, я памятаю, быццам гэта здарылася сёння, як мы ўсе стаялі на ганку, а дзеці праз адчыненае акно радасна крычалі: «Тата! Тата!». Дзядзька затрымаўся каля акна і абняў Маню з Юзяй. Цёця пакрыўдзілася, яна чакала, што яе абдыме першай, на твары з'явіўся румянец, і яна паспешліва вярнулася да сябе, муж кінуўся следам, неўзабаве запанавала згода. Магчыма, чалавечаму сэрцу трэба так моцна пакутаваць, нават калі няма рэальных прычын, і мы ствараем іх з нічога.
Пасля пяці шчаслівых дзён у дзядзькі шкада было развітвацца, але ў Накрышках нас чакала цётка майго бацькі, паважаная пані Стравінская з дома Валадкевічаў.
У доме бабулі Стравінскай усё было па-старому: вялікія пакоі з панелямі, паважаныя пані і г. д. Наступны дзень прыпадаў на нядзелю, і пасля імшы завіталі ўсе суседзі — Дмахоўскія, Корсакі, а разам з імі і малады Антоній Эдвард Адынец родам з Ашмянскага павета, ён тады толькі пачынаў сваю літаратурную кар'еру. Яго пазнаёмілі з маім бацькам і, калі тата спытаў, што ён піша, Адынец схіліў галаву набок і адказаў: «Верш „Паляванне“». Бацька загадаў мне прачытаць паэту адну з маіх баек, і так, праз выпадак, у наднёманскай старонцы пачалося мае знаёмства з будучым аўтарам «Барбары» і «Феліцыты», у 1830-я гады гэта знаёмства аднавілася над Віліяй. А тады яго наперадзе яшчэ чакала падарожжа ў Рым разам з аўтарам «Валенрода», чакалі Арно, Тыбр і Эльба, а таксама знаёмствы з Гётэ, Торвальдсанам і Манцоні. Мусіць, ён прадчуваў тое, прага да гэтага ззяла ў ягоных чорных вачах, свяцілася на ягоным намысленым чале, бо неяк вылучаўся з усіх іншых, хто сядзеў за доўгім сталом у Накрышках.
Па дарозе ў Бярэсце мы праязджалі праз маёнткі, якія раней належалі падскарбію Тызенгаўзу, дзядзьку маёй маці па мячы, гэта былі перададзеныя яму каралеўшчыны. І мая маці распавядала пра фабрыкі, школы і ўстановы, якія ён там заклаў і кіраваў імі. Усе яны былі скасаваныя ў выніку інтрыг зайздросных прыдворных і не аднавіліся пасля смерці іх заснавальніка, маральна атручанага няўдзячнасцю караля і землякоў. Але ў краі ўсё яшчэ заставаліся сляды яго дабрачынных устаноў: каморнікі, драматычныя артысты, танцоркі і рамеснікі. Такімі вялікімі былі праца і геній падскарбія! А знакамітая Ледахоўская, якую як прыгожы сон памятаю на віленскай сцэне ў трагедыях і камедыях «Капрызы маладой жонкі» і «Панна — палкоўнік гусараў», была дачкой слаўнай Трускаляскай, гэтая актрыса з быценьскай школы паступіла на варшаўскую сцэну.
У Цярэспалі, адразу за Бярэсцем, пераязджалі мяжу, якая аддзяляла Расійскую дзяржаву ад Каралеўства, мяжу разам з мытамі на тавары адмянілі ў 1850 г. Палова маста цераз Буг з боку Расіі была пафарбаваная ў чорна-фіялетавыя пасы, а з боку Каралеўства — у бела-чырвоныя. І калі з дзяцінства, як «чыжык у клетцы», мы былі прызвычаеныя да сваіх чорных кратаў і таму амаль што абыякава віталі больш светлыя колеры, дык наша маці, якая нарадзілася свабоднай, расчулілася і заплакала, пабачыўшы колеры сваёй маладосці.
Роўная і цвёрдая шаша, якая пачыналася ад Бярэсця, паскорыла нашу вандроўку, пры тым, што ў карэту запрагалі толькі чацвёрку коней і пару ў брычку. Імклівы рух прыспешваў нашы думкі, і яны ўсё хутчэй і хутчэй набліжаліся да мэты падарожжа. Настрой уздымалі інжынерныя дамкі з часанага каменю і сады з кветкамі, якія мільгацелі за вокнамі карэты.
Усё круцілася як жорны на млыне. Маці адчула сябе на роднай зямлі, здабывала са сваёй памяці гісторыі і анекдоты, забаўляла нас апісаннямі вясёлых фігляў і жартаў, якімі пад урадам Прусіі варшаўская моладзь спрабавала разварушыць нямецкую флегму. Як аднойчы ўначы дзіўным чынам памяняліся шыльды на крамах ва ўсім горадзе, і на наступны дзень пакупнікі з вялікім здзіўленнем пыталі ў мадзісткі пра махляроў, у шаўца пра біжутэрыю, у краўца пра цукеркі і т. п. Як сыны адміралавай, тры браты Радзівілы з Нябарава — Людвік, Валенты і Міхал, прыехалі на паштовую станцыю разам з нейкім панам Фірам ці Фіракам, пасля чаго кожны паасобку ўзяў сабе пошт, і абагналі немца, каб на наступнай станцыі запісацца Айн, Цвайн, Драйн. Першы праехаў адразу, другі прымусіў паштмайстра крыху задумацца, а трэці збянтэжыў канчаткова і доўга тлумачыўся. Чацвёртага, Фіра, адразу ж затрымалі і арыштавалі (па-нямецку: eins, zwei, drei, vier — адзін, два, тры, чатыры — Л. Л.).
Вось і станцыя Мілосная, апошняя перад Варшавай. Нашы сэрцы б'юцца мацней. Мая расчуленая маці ўзрушана надзеяй пацалаваць сваю маці, але вольных коней няма! Неўзабаве коней усё ж знайшлі, і мы рушылі наперад. Праз некалькі гадзін былі ўжо ў абдымках бабулі!
Адзінаццаты год запар бабуля займала другі паверх дома Герлаха на Кракаўскім прадмесці, перад брамай дома раслі два каштаны. Яе пакоі, якія цяпер належаць гатэлю «Еўрапейскі», ператвораны ў пастаянную выставу карцін мясцовых мастакоў, але і ў бабуліны часы на сценах пакояў таксама віселі творы прыгожага пэндзля, якія зараз з'яўляюцца часткай галерэі яе ўнука Райнольда Тызенгаўза. Бабуля мела тады 61 год. Была вельмі тоўстай і мажной, мела прыгожыя белыя рукі ідэальнай формы і рысы твару Пшаздзецкіх, трошкі буйныя, але лагодныя. Размаўляла ціха і павольна, з парыжскім вымаўленнем, калі казала па-французску. Бабуля песціла ўнучкаў рознымі спосабамі і чакала нас з прыгожымі капялюшыкамі. У яе двух салонах было шмат птушак — зялёны папугай (які карыстаўся вялікай папулярнасцю ў бабулі) і клетка, поўная канарэек і спеўных снегіроў. У перадпакоі вісеў гадзіннік з курантамі, які, калі пацягнуць за шнурок, іграў вальс «Мой мілы Аўгустын». Бабуля сама даглядала птушак, і вакол яе ўсё было чыста і акуратна, ведала, дзе ляжыць кожная дробязь, і сама, хоць і з цяжкасцю, хадзіла даставаць рэчы з шуфляд і скрынак. Прыгожыя гнядыя англізаваныя коні, якіх яна называла «mes petit s grands ducs» (фр. «маленькія князі (ці вялікія герцагі)». — Л. Л.), вазілі нас на шпацыры ў Лазенкі і Батанічны сад, у Мокатаў і яшчэ далей. Але рабілася гэта толькі выключна дзеля нас, бо любімым месцам паездак самой бабулі былі Іерусалімскія рагаткі — алеі, засаджаныя італьянскімі таполямі, якія нас трошкі знудзілі. Кожную раніцу тата вадзіў нас у які-небудзь музей, абсерваторыю, манетны двор ці ў палацы: Заёнчака, Патоцкага ці Красінскіх, у якіх апроч прыгожых пакояў былі розныя гістарычныя рэчы ці карціны гістарычнага зместу, як напрыклад партрэт няшчаснай Францішкі Красінскай, «Бітва пад Самасьерай» (Вярнета) і г. д. і г. д. Нас таксама вазілі ў Вілянаў паглядзець на таполі, якія пасадзіў Сабескі. Нядаўна адроджаная Варшава з дзейным парламентам, які ўзначальваў сам імператар Аляксандр І, была вясёлай і прыгожай, яна мела ўласнае войска і кожную нядзелю нас будзілі і падымалі з ложкаў гукі радаснай музыкі, якая суправаджала школу падхарунжых на шляху ў фару.
Сярод сем'яў, якія жылі ў Варшаве, калі мы прыехалі туды, была і сям'я Любецкіх-Сцыпіёнаў — намадаў, якія заўсёды знаходзіліся ці ў руху, ці адпачывалі ад руху. У іх гасцінным доме заўжды было шматлюдна, і іхнія госці ўтваралі асобную касту. Аднойчы да бабулі прыйшла пані Сцыпіёнава — з брыльком над саслаблымі вачыма, вясёлая, усмешлівая, дасціпная і запрасіла маіх бацькоў да сябе на нядзельны абед, было гэта ў аўторак. Тады ж яна сказала, што на наступны дзень едзе да сястры Пуслоўскай у Літву, каб развітацца з ёй перад ад'ездам за мяжу, куды выбіралася разам са сваёй дачкой, міністравай Любецкай (і з яе дзецьмі). «А як жа нядзельны абед?» — спытала мама. «Вярнуся», — сказала яна і з усмешкай развіталася з намі, паўтараючы: «Да хуткай сустрэчы». І сапраўды, пані Сцыпіёнава з'явілася ў суботу ўвечары і, з усмешкай робячы рэверанс, спыталася наўпрост з парога: «Ну, хіба я не стрымала слова? Прыехала нагадаць пра заўтрашні абед». А калі спыталі, ці пэўна яна ездзіла ў Літву, адказала: «А як жа ж, як доказ я прывезла з сабой сястру, яна захацела суправаджаць мяне».
Падобным чынам адбываліся і далейшыя падарожжы — знянацку, усёй сям'ёй, у ландо, напакаваным пакупкамі з Парыжа, якія не распакоўваліся да новай паездкі за мяжу. Калі прыходзіў час зноў збірацца ў падарожжа, яна знаходзіла ў сябе элегантныя парыжскія рэчы, якія ўжо выйшлі з моды.
Аднойчы на раніцы да нас прыйшоў генерал Гелгуд, ліцвін, які вычытаў у «Кур'ерыку» імя майго бацькі і быў здзіўлены, калі ўбачыў усю нашу сям'ю. Ён быў рады убачыць сваіх суайчыннікаў і запрасіў нас да сябе на абед. Паколькі жыў у летнім вайсковы лагеры ў Марымонце, аднойчы раніцай мы паехалі туды ўздоўж могілак на Павонзках, паўз марымонцкія ветракі, вялікая колкасць крылаў якіх адпавядала колькасці намётаў у лагеры. Амаль што каля кожнага млына меўся садок, з якога адкрываліся прыемныя краявіды. Генерал прыняў нас у сваім намёце крыху большым за жаўнерскі. Ён, яго малады ад'ютант і наша сям'я селі за стол, за якім больш не засталося вольнага месца. На абед падаваліся літоўскія стравы: халаднік і курчаняты, што прыемна перанесла нас на радзіму. Былі таксама кракаўскія артышокі, ракі з Кароны і дэсерт, абед быў прыпраўлены вясёлымі і сардэчнымі размовамі. Генерал — чалавек сярэдняга ўзросту, меў адно шкляное вока, якое слязілася, што надавала яму сентыментальны від. Пасля кожнага слова ён пытаўся: «Што?», — і пасля абеду прапанаваў прагуляцца да марымонцкай фабрыкі, дзе выраблялі каляровыя паркалі, і да школы плавання, наглядчыкам якой быў француз Валянцін д'Оўтрыў. Мы бачылі як апранутыя ў форму жаўнеры скакалі з драбінаў на даху ў ваду, а няўмехаў спускалі на вяроўцы. Трэба сказаць, што чалавек, які навучыў плаваць тысячы людзей, сам патануў у Віліі падчас кампаніі 1831 года, хто б мог прадказаць гэта ў 1825-м? Гэтага не прадбачылі ані ён, ані мы, ані генерал Гелгуд, які таксама загінуў нібыта ад кулі свайго баявога таварыша на прускай зямлі ў 1831 годзе, абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе (жадаю верыць, што няслушна).
Сонца ўжо заходзіла, калі мы вярталіся праз лагер, барабаны білі адбой, а жаўнеры з непакрытымі галовамі чыталі «Ойча наш».
Мой бацька завёў у Варшаве вельмі прыемнае знаёмства (нібыта ўсё пачалося з кубка мінеральнай вады) з графам Вадзіцкім з Кракава, дзедзічам Нядведзя і аўтарам працы пра сады. Гэтае знаёмства не закончылася толькі пустымі формамі ветлівасці і перайшло ў сяброўства. Пачалася перапіска, і мой бацька ўзяў на сябе абавязак распаўсюджваць падпіску на яго твор. Гэтыя стасункі трывалі да 1831 г., калі іх спыніла вайна і, падобна, смерць графа.
На раніцы мы найчасцей хадзілі па крамах, апроч пакупак для сябе, для усіх нас і для суседак, мая маці хацела прывезці падарункі для кожнай асобы з нашай фаміліі.
Наш вясёлы побыт у Варшаве закончыўся сумна з-за чужой жалобы. Граф Людвік Плятэр (адзін з сямі братоў) жыў тут з жонкай і трыма дзецьмі-падлеткамі. Даўняе знаёмства і сваяцкія сувязі так злучылі нашы сем'і, што мы бачыліся амаль штодня. Яго жонка з дому графаў Бжастоўскіх давярала маёй маці сваю радасць, шчасце і захапленне, выкліканае яе старэйшай дачкой Зосяй, прыгожай пятнаццацігадовай бландзінкай. Яе маці радавалася, што выхавала дачку да такога ўзросту, бо раней страціла ўжо сямёра дзяцей, якія не дажылі і да сямі гадоў. Зося апраўдвала захапленне маці, была ладнай, добрай, выхаванай і сардэчнай. Гледзячы на тое, як дзяўчына танцуе на дзіцячым свяце, маці ўвесь час паўтарала сама сабе, што за яе яна можа быць цалкам спакойнай. Але трэба быць пільнай, бо не ведаеш ані таго дня, ані той гадзіны…
Праз колькі дзён мы разам з сям'ёй Плятэраў павінны былі паехаць у Вілянаў. Зося заставалася дома, бо адчувала сябе не зусім здаровай. На наступную раніцу пані Плятэр нечакана паклікалі з саду Красінскіх — Зося моцна захварэла… на трэці дзень яе не стала! Халера, гэтая страшная хвароба, невядомая дагэтуль у нашым краі, забрала толькі што расквітнелую панну, і адчай бацькоў быў невыносны! Амаль што ўся Варшава падзяляла іх гора. Восьмы, самы цяжкі крыж прыйшоў да іх, і яны неслі яго! Мае бацькі не выходзілі з дому сваіх сяброў, каб плакаць разам з імі, бо нейк суцешыць іх было немагчыма. Няшчасная маці акружыла сябе памяткамі пра сваю Зосю, яна не спынілася на тым, што мела ў сябе, і сабрала яе рэчы ва ўсіх сяброў і знаёмых памерлай дачкі. Яна цалавала яе валасы і толькі гэтак трошкі супакойвалася.
Бесплатный фрагмент закончился.
Купите книгу, чтобы продолжить чтение.