Беларускія народныя песні ФНКА БЕЛАРУСАЎ РАСII
Слова ад ФНКА Беларусаў Расіі
Дарагія сябры! Гэты зборнік беларускіх народных песень з вялікай любоўю, цеплынёй і сяброўствам падрыхтаваны для Вас удзельнікамі Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Беларусаў Расіі, для якіх народная культура, роднае слова, матчына песня — спрадвечныя каштоўнасці, без якіх немагчыма ўявіць сабе шчырага беларуса, тым больш калі яму давялося жыць па-за межамі Беларусі.
У зборніку і добра вядомыя і любімыя ў Расіі песні, і тыя, што можна пачуць хіба што ад даўніх перасяленцаў у вёсках Сібіры ці Комі і Карэліі.
Усе гэтыя песні дасканала захоўваюць прыгажосць беларускага краю, веліч і шырыню беларускай душы, падкрэсліваюць працавітасць беларуса, раскрываюць рысы яго нацыянальнага характару. І, вядома, спяваецца пра наймацнейшае і далікатнае пачуццё, што разумеюць на любой мове — пра Каханне.
Нотныя запісы песень будуць дарэчы як прафесійным, так і самадзейным калектывам, якіх шмат у розных рэгіёнах Расіі, і, упэўнены, знадобяцца многім аматарам беларускай культуры і народных песень.
Я хачу пажадаць усім, хто адкрые гэтую складанку лепшых узораў беларускай спадчыны, аднавіць для сябе гарызонты культурнага жыцця, задаволіць недасяжныя раней запыты душы. Няхай народныя беларускія песні стануць адмысловай струной, якая дапаможа брацкім народам Расіі лягчэй, без перакладчыкаў, пачуць і зразумець расійскіх беларусаў.
Сяргей Кандыбовіч,
Старшыня ФНКА Беларусаў Расіі
Ад укладальніка
Так сталася, што ў Расіі жыве шмат беларусаў. Больш, чым у якой іншай краіне, акрамя, натуральна, Беларусі. Адарванасць ад зямлі нашых продкаў, ад нашае Бацькаўшчыны, не вымагае ад нас забыцця слаўнай і драматычнай гісторыі, немалых культурных набыткаў нашых папярэднікаў, страты роднай мовы, нацыянальнай культуры, беларускай адметнасці.
У Расіі нямала неабыякавых беларусаў, таварыстваў, суполак, грамадскіх арганізацый, што рупліва займаюцца захаваннем і развіццём беларускай культуры, матчынай мовы, народных традыцыяў, звычаяў і іншых элементаў беларускага нацыянальнага ўкладу жыцця. У супольны шматэтнічны расійскі дом беларусы нясуць свае адвечныя скарбы, каб па праву карыстаць з духоўнага багацця другіх народаў.
Дыяментам беларускай культурнай спадчыны з’яўляецца народная песня. Яна яскрава адлюстроўвае гістарычныя падзеі, штодзённыя заняткі беларуса, яго светаадчуванне, яго характар, яго эмоцыі і перажыванні.
У беларусаў безліч абрадавых песень (каляндарныя масленічныя, купальскія, калядныя…), сямейна-абрадавых (хросныя, вясельныя…), працоўных (зажынкі, дажынкі…). Таксама процьма неабрадавых сямейных песень — калыханкі, дзіцячыя, любоўныя, застольныя, танцавальныя, жартоўныя… Лірычныя беларускія песні, іх кампазіцыя, вобразныя і ілюстрацыйныя сродкі, сэнсавыя інтанацыі дакладна адлюстроўваюць менавіта духоўнае жыццё беларуса, свет яго ідэй, пачуццяў, перажыванняў, жаданняў і спадзяванняў.
Звычайна ў песнях беларусаў пераважаюць мінорныя лірычныя мелодыі. Лірыка кахання — адна з самых светлых старонак беларускай песеннай творчасці. Нам адкрываюцца пачуцці закаханых (радасці, засмучэння, смутку, жалобы, захаплення, замілавання, няўпэўненасці, насмешкі, жарта), іх мары і надзеі на шчаслівае жыццё, рашучасць у пераадоленні перашкод на шляху да іх шлюбу. Усё гэта робіць беларускую народную песню самабытнай і асаблівай.
Спрадвеку песня была спадарожнікам жыцця, збліжала і аб’ядноўвала беларусаў. У размове пра беларускую народную песню беларус-расіянін перш за ўсё прыгадае прынамсі дзве дарагія яго сэрцу постаці, што сваёй творчасцю на стагоддзі знітавалі два славянскія народы — беларускі і рускі.
Максім Багдановіч, — класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і сучаснай літаратурнай беларускай мовы. Увесь свой непрацяглы век (акрамя першых пяці год жыцця) жыў і ствараў на беларускай і рускай мове свае неўміручыя творы ў Расіі, пахаваны ў Ялце. Яго вершы гучаць і ў песнях, а раманс Рак-Міхайлоўскага «Зорку Венеру» многія лічаць народнай песняй.
У напісаным у таямніча-ўзнёслым стылі евангельскіх паданняў апавяданні «Апокрыф» Максім Багдановіч паказвае штодзённую сувязь беларуса з песняй:
«І, абярнуўшы аблічча сваё да музыкі, [Хрыстос] папытаўся: калі пяюць песні ў вас?
Музыка адказаў: пяюць на Каляды, на Запускі, на Вялікдзень, на Тройцу, на Яна Купалу, у Пятроўку, на зажынках і дажынках. Пяюць на радзінах і хрэсьбінах, пяюць дзіцё калыхаючы, і самі дзеці пяюць гуляючы; пяюць на ігрышчах і вяселлях, і на хаўтурах, і ў бяседзе, і пры працы, і на вайну ідучы, і ўва ўсякай іншай прыгодзе. Увесь круглы год пяюць…»
А ў канцы апавядання Хрыстос прамаўляе павучэнне, прытчу пра тое, нашто чалавеку песня, на прыкладзе каласоў і васількоў. Земляроб, гаспадар нівы, апавядае, як цяжка далося яму ўзрасціць ніву, а паміж збожжа ўзраслі васількі: «хлеб адбіраюць у мяне гэтыя сінія кветкі, бо поўнаважкія каласы маглі б узрасці тут заміж васількоў. Але, яшчэ з маляцця краса іх прыйшлася мне да душы. I таму я не вырву з каранём іх і не выпляню, як усякае благое зелле. Няхай растуць і радуюць, як у маленстве, сэрца маё». Тым часам Хрыстос, пачуўшы песню жнеек, прамовіў: «слухайце што кажуць словы гэтай песні. Яе складалі людзі, якія ведаюць, чаго варты хлеб: няма лепш цвяточка над васілёчка». Хрыстос пашырае гэтую думку, гаворыць пра абсурднасць проціпастаўлення красы і карысці: «Добра быць каласамі, але шчасліў той, каму давялося быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?»...
Уладзімiр Мулявін, — беларускі артыст, спявак, кампазітар, народны артыст СССР, заснавальнік і мастацкі кіраўнік беларускага вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры».
Нарадзіўся ў Свярдлоўску (цяпер Екацярынбург) і беларускіх каранёў ня меў. У 1963 годзе прыехаў у Мінск. Першае лёсавызначальнае ўражанне: «Я ўключыў радыё і нечакана пачуў беларускую песню. Гэта было нешта новае, гэта быў шок для мяне, гэта было абсалютна іншае, я чуў быццам зусім іншую музыку. І таму я вельмі загарэўся такой цікавай музыкай: перш за ўсё меладызм, незвычайнасць мелодыі. Яна не падобна… хаця і кажуць, што ўсе славянскія мелодыі падобныя: украінская, руская і беларуская, абсалютна. Але гэта была якаясь цнатлівая, некранутая песня, не заежджаная…»
У 1968 годзе Мулявін стварыў вакальна-інструментальны ансамбль «Лявоны» пры Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У 1970 годзе ансамбль пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна змяніў назву на «Песняры».
Беларускія народныя песні «Песняроў» за кароткі час сталі брэндам беларускай культуры ва ўсім свеце. У Расіі песні «Песняроў» ахвотна слухалі і падпявалі і беларусы, і рускія, і людзі другiх нацыянальнасцяў.
У творчай дзейнасці Мулявіна своеасаблівае выканальніцкае майстэрства спалучалася з глыбокім веданнем народнай песеннай творчасці, захаваннем і ўзбагачэннем яе лепшых традыцый. Яго шматлікія апрацоўкі беларускіх народных песень, якія вы́значылі стыль і творчую накіраванасць ансамбля, арганічна спалучаюць стылістыку беларускай народнай песеннасці і эстраднай музыкі.
Уладзімір Мулявін сам пра сябе:
«Люблю народную музыку, асабліва славянскую. Спачатку ў сваіх праграмах імкнуўся звязаць у адзін вузел фальклорныя мелодыі Беларусі, Расіі, Украіны. Але гэта была неажыццявімая задача. Здавалася б, яны падобныя па чыста славянскім духу. Але, па вялікім рахунку, яны ўсё ж адрозніваюцца адзін ад аднаго. І гэтыя адрозненні трэба было выявіць, паказаць. У прыватнасці, знайсці тыя музычныя скарбы, ні на чые не падобныя, якія ў памяці народнай хавала народная зямля».
«Наша аснова — песня народная, а гэта значыць — не старэючая ніколі.»
«Мы не павінны адмаўляцца ад таго, з чаго мы выраслі: ад прасеянага стагоддзямі і сугучнага з намі сёння нацыянальнага музычнага ладу і ад іншых асаблівасцяў нашай народнай музыкі.»
«Самае патаемнае для нас — гэта зберагчы народную душу ў любой песні.»
Без «Песняроў» мы былі б іншымі, — сказаў папулярны пісьменнік, гісторык, паэт Уладзімiр Арлоў: «Музыка можа перайначыць і цэлую краіну. Дзеля вяртання беларусам — Беларусі, на маю думку, Уладзімiр Мулявін з «Песнярамі» зрабіў ня меней, чым Уладзімiр Караткевіч.
Беларускую песню заспявалі мільёны нашых суайчыннікаў, яе пачулі ў шасьцідзесяці краінах свету.»
Выказваем надзею, што гэты Зборнік беларускіх народных песень дапаможа прыхільнікам беларускае культуры аднавіць у памяці чутыя даўней чароўныя мелодыі ды заахвоціць праспяваць іх разам з сябрамі, суседзямі, знаёмымі і незнаёмымі…
Раман Чырвонцаў,
намеснік Старшыні Рады
ФНКА Беларусаў Расіі
Змест
1. А за нiвамi
2. А калi ж той вечар
3. А мой дзядзька дуднік быў
4. А мой мiлы захварэў
5. А ты ехаў
6. А у полi вярба
7. А ў полi вярба нахiлёная
8. А ў цёмным лесе сава кугiча
9. Ай, зелена, зелена
10. Бульба-полька
11. Бывайце здаровы
Словы Адама Русака, Музыка Iсака Любана
12. Ванечка-Ванюша
13. Ванька
14. Вечарком за рэчкаю
15. Выйшла замуж маладою
16. Вяне рута
17. Грачанiкi
18. Грымата
19. Добры вечар, дзяўчыначка
20. Дробненькi дожджык
21. Ды ў зялёнай дуброве
22. Ехаў Ясь на канi
23. Жавароначкi, прыляцiце!
24. Забалела ды мая галованька
25. Закацiсь, яснае сонейка
26. Замуж пайсцi – трэба знаць
27. Запражыце сiвых коней
28. Звiняць звончыкi
29. Зелянеюць лугi, сенажацi
30. Зорка Венера
Верш Максіма Багдановіча, Мелодыя Сымона Рак-Міхайлоўскага
31. Зязюлька кукуе
32. Зязюля
33. Зялёны дубочак
34. Касiў Ясь канюшыну
35. Кацiлася чорна галка
36. Кума мая, кумачка
37. Купалiнка
Апрацоўка Міхася Чарота і Ўладзімiра Тэраўскага
38. Люблю наш край
Словы Канстанцыі Буйло, Музыка Міколы Равенскага
39. Лявонiха
40. Ляснiк /А я, чарнява…/
41. Мацi, мая мацi
42. Ночка цёмная
43. Ой ты, братец Майсей
44. Ой, вецер вее, павiвае
45. Ой, дубе мой, дубе
46. Ой, зарадзiлi сiльна, буйна
47. Ой, капуста ды расада
48. Ой, ляцелi гусi з броду
49. Ой, музыкi
50. Ой, не кукуй, зязюленька, рана
51. Ой, пайду я ў лес па дровы
52. Ой, прачнуся я ў панядзелак
53. Ой, рана на Йвана
Словы з п’есы Яна Чачота
54. Ой, рэчанька, рэчанька
55. Ой, скарэй бы вячора даждацi
56. Ой, у лузе
57. Ой, чаго я сохну
58. Ой, чые то гусi
59. Падушачка
60. Пасею гурочкi
61. Перапёлачка
62. Перапёлка
63. Прыйшоў на вяселле наш сваток
64. Прыляцелi гусi
65. Прымакi
66. Расла чаромуха
67. Сам ня знаю, не ведаю
68. Саўка ды Грышка ладзiлi дуду
69. Спi, сыночак мiленкi
70. Стукалка
71. Там каля млына
72. Туман, туман пры далiне
73. Ты казала ў панядзелак
74. У зялёную дуброву
75. У полi бяроза
76. Ў агародзе верба расла
77. Хацела ж мяне мацi замуж аддацi
78. Хлопец пашаньку пахае
79. Цi свет, цi свiтае
80. Цвiце церан
81. Цераз рэчку быструю
82. Цячэ вада ў ярок
83. Цячэ рэчанька
84. Чабарок
85. Чаму ж мне ня пець
86. Чачотачка
87. Чырвоная калiначка
88. Што за месяц, што за ясны
89. Што то за хлопец, што за дзяўчына
90. Шумныя бярозы
Словы Янкі Купалы, Музыка Рыгора Пукста
91. Шумяць вербы
92. Шэрая лашадачка
93. Юрачка
94. Я табун сцерагу
95. Як было у мацi
96. Як пагнала бабуленька куранятак пасцi
97. Як пайду я па-над лугам
98. Як сарву я ружы кветку
99. Як я ехаў да яе
100. Янка
101. Янка-полька
А за нiвамi
А за нiвамi вецер гаецца,
Галубымi пералiвамi
Лён гайдаецца.
Лён гайдаецца, кучаравiцца,
Яго думы я перайму,
Можа, з'явіцца, зацiкавiцца
Той, каго люблю.
Доўга ждала свайго мiлага,
Не даждалася.
Ў трактарыста чарнабровага
Закахалася.
Пакахала, толькi глянула
Сiнiм вечарам iз-за броў.
Не даглянула, як завянула
Ў сэрцайку любоў.
Зорка з неба палуменела
Па-над крышаю.
Я сарочку для каханага
З лёну вышыю.
Доўга ждала свайго мiлага,
Не даждалася.
Ў трактарыста чарнабровага
Закахалася.
А калi ж той вечар
А калi ж той вечар
Ды й павечарэе?
Калі ж маё сэрца
Ды й павесялее? *
— Прыйдзi, прыйдзi, мілы,
Да мяне дахаты.
Адчыню я дзверы,
Каб ня чула мацi.
Каб ня чула мацi,
Ды й не гаварыла,
Каб нас маладзенькiх
Ды й не разлучыла?
А як адчыняла,
Цяжка я ўздыхала,
А як выпускала,
Мiлага пытала:
— Скажы, скажы мiлы,
Скажы, мой мiленькi,
Цi напраўду любiш,
Цi з мяне смяешся.
Цi напраўду любiш,
Цi з мяне смяешся,
Да другое ходзiш —
Мне не прызнаешся?
— Я цябе, дзяўчына,
Любiў, любiць буду,
Сазнаюсь па праўдзе —
Сватацi ня буду.
Рад бы цябе ўзяцi —
Не вялiць мне мацi.
Як цябе вазьму я,
То не ўседжу ў хаце.
* Два апошнія радкі куплетаў паўтараюцца.
А мой дзядзька дуднік быў
А мой дзядзька дуднік быў,
А дзядзіна — дуднічка;
Павесілі дуду
На зялёным дубу, —
Чаму дуда ня йграе?
Чом яна не спявае?
Ой ты, дуда вярбова,
Лычкам перавязана.
Чом дуда ня грае,
Чаму не спявае?
Таму яна ня грае,
Што голасу ня мае.
Пайшла Маня у лясок,
Пад зялёненькі дубок, —
Зняла яна дуду
3 зялёнага дуба,
Лычка развязала, —
І дуда зайграла.
А мой мiлы захварэў
А мой мiлы захварэў,
Кiселiку захацеў.
Ох, ну, ды, ох, ну! *
Кiселiку захацеў.
Ой, цыц, мiлы, не ўмiрай,
Кiселiку дажыдай.
Пайшла баба па сялу
Даставацi кiсялю.
Не дастала кiсялю,
Ды дастала аўса.
Намачыла кiсель
На дванаццаць нядзель.
На баране́ цадзiла,
А на лёдзе варыла.
Пакуль кiсель ускiпеў,
Мой мiленькi адубеў.
Як на покуцi ляжаў,
Яшчэ была трошкi жаль.
Цераз сяло як вяла,
Яшчэ трошкi загула.
Як вывела за сяло,
Ужо стала весяло.
Ох, ну, ды, ох, ну!
Ужо стала весяло.
* Прыпеў «Ох, ну, ды, ох, ну!» спяваецца з паўторам другога радка тэксту.
А ты ехаў
— А ты ехаў, ехаў, ехаў,
Чаму ў сваты не заехаў?
Ў мяне брат, ў мяне тата,
А я дзеўка не занята. *
Як ты ехаў, то я спала,
Як ты крыкнуў, то я ўстала,
Як ты свiснуў на каня —
Я галоўку падняла.
Сёння як былiнка стала,
Тры днi хлеба ў рот ня брала.
I ня пiла кроплi воды —
Для тваёй усё выгоды.
А ты ехаў, ехаў, ехаў,
Чаму ў сваты не заехаў?
Ў мяне хата белая,
А я дзеўка смелая.
А ты ехаў, ехаў, ехаў,
Чаму ў сваты не заехаў?
Ў мяне гусь і цялушка,
А я дзеўка-весялушка.
Ты мінуў маю хаціну,
Да другой спяшаў дзяўчыны.
Хоць аб’едзь ты цэлы свет,
За мяне там лепшай нет!
* Два апошнія радкі куплетаў паўтараюцца.
А у полi вярба
А у полi вярба,
Пад вярбою вада,
Там хадзiла, там гуляла
Дзеўка малада. *
Дзеўка ад вады:
Хлопец (казак) да вады:
— Пастой, пастой, дзяўчыначка,
Дай каню вады.
— Рада б пастаяць,
Каню вады даць,
Мае босенькiя ножкi —
Сцюдзёны стаяць.
— Я знiму парчу,
Ножкi увярчу,
А назад як я вярнуся,
Боцiкi куплю.
— Не купляй ты мне,
А купi сабе:
Ёсць у мяне татка, мамка,
Яны купяць мне.
* Два апошнія радкі куплетаў паўтараюцца.
А ў полi вярба нахiлёная
А ў полi вярба
Нахiлёная,
Маладая дзяўчынонька
Заручоная. *
Заручоная
I запiтая,
Тады яе запiвалi,
Як сад зацвiтаў.
Як сад зацвiтаў,
Як зара ўзыйшла,
Маладая дзяўчыначка
Па ваду iшла.
Кася ад вады,
Яся да вады:
— Пастой, пастой, мая Кася,
Дай каню вады.
— Як буду твая,
Напаю каня,
З зiмненькае крынiчэнькi,
З поўнага вядра.
* Два апошнія радкі куплетаў паўтараюцца.
А ў цёмным лесе сава кугiча
А ў цёмным лесе
Сава кугіча,
А ў чыстым полі
Муж жонку кліча.
Рана, рана
Муж жонку кліча.
— Ты, жонка Ганна,
Хлопцам падмана,
Хоць мужа маеш,
А ўсiм мiргаеш,
Мужа маеш,
А ўсiм мiргаеш!
— Ці, мой міленькі,
Я ў тым павінна,
Што за мной хлопцы,
Як за дзяўчынай.
Люлі, люлі,
Як за дзяўчынай.
— Ой, жонка, жонка,
Досыть ілгаці,
Бо я застаўлю
Праўду сказаці,
Бо застаўлю
Праўду сказаці.
— Калі, міленькі,
Ты мне ня верыш,
Павесь званочак
На падалочак.
Люлі, люлі,
На падалочак.
Як хто затроніць, —
Званок зазвоніць,
А ты пачуеш —
Мяне ўратуеш.
Званочак звоніць
Ў садзе ля хаты,
А муж ня чуе —
Ён глухаваты.
Муж ня чуе —
Ён глухаваты.
Ай, зелена, зелена
Ай, зелена, зелена траўка на мяжы.
Таму ж яна зелена, бо iдуць дажджы.
Ой, молада, молада у мужа жана,
Таму ж яна молада, што доля мiла.
Ой, спiць у пярыначках да белага дня,
Пакуль збудзiць мiленькi, як мала дзiця.
— Ўставай, ўставай, мiлая, досыць табе спаць,
Вараныя конiкi ўпрэжаны стаяць.
Садзiся, мiленькая, к мамцы павязу,
Ўсю тваю радзiначку* табе пакажу.
* Радзiна — разм. сям`я, родзiчы.
Бульба-полька
Гарнi, гарнi бульбу з печы
У торбачку ды на плечы,
У торбачку ды нясi, —
Скажаш дзякуй, як з'ясi.
Прыпеў:
Трам-там-там, та-ра-та-та-та-та-там,
Скажаш дзякуй, як з'ясi.
Трам-там-там, та-ра-та-та-та-та-там,
Трам-там, цi-рам, та-ра-ра-рам.
Бульбу пякуць, бульбу вараць,
Бульбу ядуць, бульбу хваляць.
З бульбы клёцкi, з бульбы каша, —
Вот такая доля наша.
Прыпеў:
Трам-там-там, та-ра-та-та-та-та-там,
Скажаш дзякуй, як з'ясi.
Трам-там-там, та-ра-та-та-та-та-там,
Трам-там, цi-рам, та-ра-ра-рам.
Ай, да туры, растатуры,
Я шляхецкай сам натуры:
Адзiн лапаць, другi бот,
А я шляхцiц, далiбог!
Прыпеў:
Трам-там-там, та-ра-та-та-та-та-там,
А я шляхцiц, долiбог!
Трам-там-там, та-ра-та-та-та-та-там,
Трам-там, цi-рам, та-ра-ра-рам.
Бывайце здаровы
Словы Адама Русака, Музыка Iсака Любана
Бывайце здаровы,
Жывiце багата,
Ужо ж мы паедзем
Да сваёй хаты.
Ў зялёнай дуброве
Мы начаваць будзем.
Эх! Вашае ласкi
Вавек не забудзем.
У вашым калгасе
Шырокае поле,
Няхай жа на шчасце
Цвiце ваша доля.
На рэчках на вашых
Бурлiлi бы воды,
Каб плавалi з крыкам
Гусей карагоды.
Каб жыта у полi
Трубою вiлося,
Каб сала у хаце
Кубламi вялося.
Штодзень у капусце
Каб плавала скварка,
Да скваркі часiнай
Вялася б i чарка.
Яшчэ вам жадаем
Прыбытку у хаце —
Ня мала, ня многа —
Штогод па дзiцяцi.
Ня будзе вам крыўды
Яшчэ i за тое,
Калi пашанцуе
На год i па двое.
Бывайце здаровы,
Жывiце багата,
А мы ад'язджаем
Дадому, дахаты.
Ванечка-Ванюша
Ванечка-Ванюша, ты мая душа.
Я за табой, Ванечка, не нажылася. *
Дзесь паехаў Ванечка за мора гуляць,
А мяне пакiнуў гора гараваць.
Калi б ты пакiнуў — ў армiю пайшоў,
А то ты пакiнуў — другую знайшоў.
Калi б ты пакiнуў ды мяне адну,
А то ты пакiнуў дзяцiну малу.
Ой, даўно, даўно ж я ды ў мамачкi была,
Ужо тая дарожачка травой зарасла.
Ой, не так травою, як травiцаю.
Ты зрабiся арлом, я — арлiцаю.
Паляцiм i сядзем над крынiцаю,
Цi ня выйдзе мацi за вадзiцаю.
Цi ня выйдзе мацi за вадзiцаю,
Цi ня ўзнае мацi арла з арлiцаю.
* Апошні радок кожнага куплета паўтараецца.
Ванька
Каля садку Ванька ходзiць,
Думу тугую ён носiць.
Ванька ў дудачку iграе,
Красну дзеўку вызывае.
Ой, дзяўчына мая мiла,
Выйдзь ў садок хоць на хвiлiну.
Выйдзi, выйдзi, як учора,
З табой лепей пагаворым.
Выйдзi, выйдзi, я чакаю,
Ў цябе лепей запытаю.
За што бiла цябе мацi,
Я хачу гэта узнацi.
— Не так бiла, як журыла, —
Яму дзеўка гаварыла, —
Каб цябе я не любiла,
Так мне мацi гаварыла.
— Ой, цi любiш, дзяўчыненька,
Скажы праўду, даражэнька!
— Як любiла, любiць буду,
Навек цябе не забуду.
Вечарком за рэчкаю
Вечарком за рэчкаю… Эх!
Вечарком за рэчкаю
Песенька гучыць.
Выйду я на ганачак, *
Мацi, не крычы,
Эх, ды! Мацi, не крычы!
Мiлага прыгожага… Эх!
Мiлага прыгожага
Ўспамiнаю я,
Пра яго i складзена
Песенька мая,
Эх, ды песенька мая!
Дзяўчыну ня кiне ён… Эх!
Дзяўчыну ня кiне ён,
Хоць i сам ня тут:
Ён паехаў восеньню
Ў горад, ў iнстытут.
Эх, ды ў горад, ў iнстытут!
А учора з горада… Эх!
А учора з горада
Лiст ён мне прыслаў,
Што пры развiтаньнi
Мiлай абяцаў,
Эх, ды мiлай абяцаў.
* Кожны чацвёрты радок куплета паўтараецца.
Выйшла замуж маладою
Выйшла замуж маладою, ку-ку.
Выйшла замуж маладою,
Дый сустрэлася зь бядою,
А зязюля ўсё кукуе.
Забылася запытацi, ку-ку.
Забылася запытацi,
Якiя штаны падацi,
А зязюля ўсё кукуе.
Раз яму я дагадзiла, ку-ку.
Раз яму я дагадзiла —
Замест чаю боршч зварыла,
А зязюля ўсё кукуе.
Ён на мяне з кулакамi, ку-ку.
Ён на мяне з кулакамi,
— Чаго чай твой з буракамi,
А зязюля ўсё кукуе.
— Чаго б'ешся, чаго лаеш; ку-ку.
Чаго б'ешся, чаго лаеш,
Яку ўзяў, такую маеш,
А зязюля ўсё кукуе.
А цi браў ты мяне ўночы, ку-ку.
А цi браў ты мяне ўночы,
Каб вылезлi ў цябе вочы,
А зязюля ўсё кукуе.
А сватаў ты мяне ўзiму, ку-ку.
А сватаў ты мяне ўзiму,
Ды сабраў усю радзiну,
А зязюля ўсё кукуе.
А радзiна напiлася, ку-ку.
А радзiна напiлася,
Як з табою засталася,
А зязюля ўсё кукуе.
Вяне рута
Вяне рута ля прысадаў:
Чарнявая дзяўчыненька —
Мне дасада! *
І ня піў бы, і ня еў бы, —
Да чарнявае дзяўчыны
Паляцеў бы.
Паляцеў бы, да ня мушу:
Распаліла чарнявая
Сэрца, душу.
Ці ты п’ян быў, ці змыліўся,
Што ў такую некрасівую
Улюбіўся?
Я ня п’ян быў, не змыліўся:
У дзявочы ясны вочы
Улюбіўся!
* Два апошнія радкі кожнага куплета паўтараюцца.
Грачанiкi
Пасадзiла стара баба
На тры яйкi гусака,
Сама выйшла на вулiцу,
I ўдарыла гапака.
Прыпеў:
Гоп, мае грачанiкi,
Гоп, мае ячны.
А чаго вы, грачанiкi,
Такiя няўдачны.
Танцавала, танцавала,
Села на парозе.
Сустракала свайго дзеда
З вялiкай дарогi.
Прыпеў.
Вось прыехаў стары дзед:
— Дзе ж мая бабуля?
Ў агародзе каля плоту
Хтось яе шкадуе.
Прыпеў.
— Не вялiкая бяда,
Ня буду журыцца.
Сам пайду я да другой,
Буду весялiцца.
Прыпеў.
Грымата
На вулiцы грымата.
Грымата, грымата, грымата, мата, мата.
На вулiцы грымата.
Жонка мужа прадала.
Прадала, прадала, прадала, дала, дала.
Жонка мужа прадала.
Тры капеечкi ўзяла.
Ўзяла, ўзяла, ўзяла, зяла, зяла.
Тры капеечкi ўзяла.
Ды й купiла тры канi.
Тры канi, тры канi, тры канi, канi, канi.
Ды й купiла тры канi.
Паклiкала ўcix людзей.
Ўсiх людзей, ўсiх людзей, ўciх людзей, людзей, людзей.
Паклiкала ўсiх людзей.
Людзi чаркi выпiлi.
Выпiлi, выпiлi, выпiлi, пiлi, пiлi.
Людзi чаркi выпiлi.
Гаспадыньку набiлi.
Набiлi, набiлi, набiлi, бiлi, бiлi.
Гаспадыньку набiлi.
Добры вечар, дзяўчыначка
— Добры вечар, дзяўчыначка,
Куды йдзеш?
Скажы ж ты мне праўдачку,
Дзе жывеш?
— Я жыву ля рэчанькі,
Ля вады,
Збудаваўшы хатачку
З лебяды.
Пастаўлю я коніка
Ля варот,
А сам — да дзяўчыначкі
На парог:
— Адчыні, дзяўчыначка,
Адчыні,
Сама сабе крыўдачкі
Не чыні.
— Я ж табе ня буду
Дзверы адчыняць,
Бо ты будзеш цэлу
Ночку начаваць!
— Ой, ня буду, дзеванька,
Не буду,
Як узыйдзе месячык,
Паеду.
Як узышоў месячык
I зара:
— Бывай, бывай, дзеванька,
Здарава!
Дробненькi дожджык
Дробненькі дожджык
Ды накрапае.
— Выйдзі, дзяўчына, —
Сэрца чакае. *
Выйдзі, дзяўчына,
Ня бойся марозу,
Я тваіх ножак
Не замарожу.
Я тваіх ножак
Не замарожу,
Я ж твае ножкі
Ў шапачку ўложу.
Дробненькі дожджык
Ды накрапае.
— Выйдзі, дзяўчына, —
Сэрца чакае.
* Два апошнія радкі кожнага куплета паўтараюцца.
Спяваецца і такі тэкст песні «Дробненькі дожджык»:
Дробненькі дожджык
Йдзе, накрапае.
— Выйдзі, дзяўчына, —
Сэрца жадае. *
— Да цябе б выйшла,
Ня пусціць маці.
Яна гаворыць:
«Пара табе спаці».
— Буду да ранку
Цябе чакаці,
Ля тваіх вокан
Буду стаяці.
— Ціха, мой любы,
Маці заснула,
Ціхенька выйду,
Каб не пачула…
А ў чыстым полі
Вецер гуляе,
Хлопец з дзяўчынкай
Песню спявае.
* Два апошнія радкі кожнага куплета паўтараюцца.
Ды ў зялёнай дуброве
Ды ў зялёнай дуброве,
Эх, там Дуня валы пасла,
Напасцiўшы валы,
Пайшла ў сад гуляцi.
Пакуль Дуня гуляла,
Эх, свае валы пагубляла,
Што Дунi рабiцi? —
Будзе мацi бiцi.
Будзе маці Дуню біць,
Эх, стануць бабы гаварыць:
— Няўдала дзяўчына,
Не вазьму за сына.
Ды ў зялёнай дуброве,
Эх, там Дуня валы пасла,
Напасцiўшы валы,
Пайшла ў сад гуляцi.
Ехаў Ясь на канi
Ехаў Ясь на канi,
Кася воду брала,
Заглядзелася на Яся,
Яго чаравала.
— Касенька ты мая,
Напаi каня.
— Я каня паiць ня буду,
Бо я жонка не твая.
— Хоць ты ня жонка,
Але ж каханка.
Напаi мне конiка,
Бо яму так жарка.
Конь воду п'е, п'е,
Ножкаю б'е, б'е.
— Уцякай, Касенька,
Бо цябе заб'е.
— Хай забiвае,
Хай абкусае.
Я ня буду уцякаць,
Буду я цябе кахаць.
Ехаў Ясь на канi,
Кася воду брала,
Заглядзелася на Яся,
Яго чаравала.
Жавароначкi, прыляцiце!
Жавароначкi, прыляцiце,
Цёпла лецейка прынясiце,
А зiмачку прыбярыце,
Бо зiмачка надаела —
Нам хлебушкi пераела.
Жавароначкi, прыляцiце,
Землю-матухну абудзiце.
I дожджыкамi напаiце,
Каб травачкі нарасціла,
Каб волікаў накарміла.
Бесплатный фрагмент закончился.
Купите книгу, чтобы продолжить чтение.