16+
Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI—XVIII стагоддзяў

Бесплатный фрагмент - Знатныя гісторыі: эліта Гродна ў перыяд XVI—XVIII стагоддзяў

Объем: 304 бумажных стр.

Формат: epub, fb2, pdfRead, mobi

Подробнее

Аб вядомым палітычным забойстве і гэтай кнізе

На сутыку XV і XVI стагоддзяў, у Вялікім княстве Літоўскім было неспакойна. Нарастаў канфлікт паміж магутнымі літоўскімі панамі, а менавіта: Янам Юр'евічам Забярэзiнскім і князем Міхалам Львовічам Глінскім.

У 1508 годзе, становішча Глінскага, які раней з'яўляўся амаль усемагутным фаварытам вялікага князя Аляксандра, было не самым лепшым. Пры новым валадары, Жыгімонце Старым, баявіты ваеначальнік Міхал Львовіч страціў прыхiльнасць двара. Магчыма, больш разумным было б перачакаць буру і ўзяцца за таемныя інтрыгі ў стылi «Гульні стальцоў». Але Глінскі, як вынікае з яго біяграфіі, меў гарачую кроў, а вывераныя рашэнні, нягледзячы на яго несумненны досвед у палітыцы, як пакажуць розныя пазнейшыя падзеі, даваліся князю вельмi цяжка.

Магутны дзяржаўны дзеяч рашыўся на вельмі радыкальныя меры. І адной з важных асабістых мэт Глінскага была помста. Міхал Львовіч хацеў адплаціць таму, каго лічыў вінаватым у страце свайго становішча.

Пра гэтыя падзеі распавядае ў сваім творы «Запіскі аб Масковіі» Жыгімонт фон Герберштэйн, які быў сучаснікам Глінскага і Забярэзiнскага. Гэты аўстрыйскі пасол пісаў наступнае:

«Скончыўшы справу з маскоўскім гасударам у адпаведнасці са сваімі жаданнямі і палаючы прагай помсты, Міхал імкліва напаў на Яна Забярэзінскага, які быў у той час на сваёй віле каля Гродна (на ёй я пасля начаваў аднойчы). Размясціўшы каравулы вакол жылля, каб той не змог уцячы, ён паслаў у дом забойцу, а менавіта, аднаго мусульманіна, які застаў Забярэзінскага спячым на ложку, і адсек яму галаву».

Так, паводле Герберштэйна, пачалося паўстанне князёў Глінскіх супраць уладцы ВКЛ, якое скончылася паразай мяцежнікаў, што дзейнічалі, варта сказаць, дастаткова хаатычна.

Міхал і яго брат Васіль выехалі ў Маскву. Там беглыя князі былі сустрэты вельмі цёпла. Дачка Васіля — Алена, якая, па розных дадзеных, нарадзілася яшчэ ў ВКЛ, ці ўжо пасля ад'езду Глінскіх да двара вялікага князя маскоўскага, была выдадзена замуж выключна ўдала. Гэты шлюб сапраўды быў неверагодным поспехам для сям'і літоўскіх эмігрантаў. Мужам князёўны стаў сам маскоўскі ўладар Васіль III.

Алена нарадзіла вялікаму князю двух сыноў, але неўзабаве заўдавела і атрымала паўнамоцтвы фактычнай кіраўніцы рускай дзяржавы. Дзядзька Міхал, які выступіў супраць некаторых дзеянняў Алены, так, відавочна, і не навучыўся абачлівасці, а таму апынуўся, па волі дзёрзкай пляменніцы, у зняволенні. Там забойца Яна Забярэзінскага скончыў свае дні.

Аднак хутка, нягледзячы на малады ўзрост, памерла і сама Алена. Мяркуюць, што яна была атручана.

Старэйшы сын Алены Васільеўны, мабыць, успадкаваў буйны нораў Глінскіх. Ён насіў імя Іван. Хлопчыку наканавана было стаць адным з самых жудасных тыранаў у рускай гісторыі і першым «царом Усяе Русі», вядомым як Іван Васільевіч Грозны.

Вось так гісторыя, распачатая ў Гродне, скончылася эпахальнымі падзеямі, якія мелі значэнне для ўсёй Еўропы.

Смерць Алены Глінскай. Ілюстрацыя з «Асабовага летапіснага збору», XVI стагоддзе.

У гэтай кнізе чытач зможа знайсці мноства гісторый аб людзях, у свой час надзеленых рознымі, і часцяком немалымі, паўнамоцтвамі. Своеасаблівым фонам для большасці гэтых апавяданняў выступіць горад над Нёманам, то бок Гродна, але многія з паказаных герояў мелі ўплыў значна большы, чым той, якім маглi пахваліцца мясцовыя дваране Гродзеншчыны, таму кніга, фактычна, прадстаўляе мноства найважнейшых персанажаў агульнаеўрапейскага, а не лакальнага, маштабу. Гаворка тут, напрыклад, пра Стэфана Баторыя і Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Гэтыя, здавалася б, вельмі розныя манархі, правялі ў Гродне шмат часу, i ўжо толькi гэта, у пэўным сэнсе, яднае названых валадароў. Менавіта гродзенскія эпізоды іх біяграфій пакладзены ў аснову шматстаронкавых апавяданняў пра гэтых удадцаў, якія аўтар уключыў у кнігу «Знатныя гісторыі».

Прадстаўлены ў выданні таксама іншыя каралі польскія і вялікія князі літоўскія, i, акрамя таго, значныя вяльможы Рэчы Паспалітай. Узгадваюцца таксама простыя шляхцічы, некаторыя з якіх былі такія бедныя, што не мелі нават каня.

Мэта выдання — паказ самых розных дэталяў жыцця кіруючага класа Рэчы Паспалітай. Таму ў кнізе, акрамя складаных палітычных гульняў, паказаны яшчэ і побыт літвінскай шляхты.

Падобны падыход закліканы прывесцi чытача ў асаблівы свет шляхецкай рэспублікі, падобны і не падобны да свету еўрапейцаў XXI стагоддзя.

Выданне можа зацікавіць тым, што героі расказваюць свае гісторыі самастойна: у кнізе сабрана вялікая колькасць дзённікаў, лістоў, маніфестаў і іншых дакументаў тытульнай эпохі.

Аўтар хацеў, як мага радзей выступаць пераказчыкам займальных гісторый мінулага. Замест гэтага ён прапануе чытачу самому пабыць гісторыкам і ўгледзецца ў старажытныя тэксты, створаныя працай шляхетных валадароў мінулага.

Пераклады ўсіх прадстаўленых у кнізе дакументаў выкананы аўтарам.

Такім чынам, перад вамі ўступ-ключ да света «знатных гісторый». Зрабіўшы наступны крок, вы апынецеся ўнутры…

Стэфан Кароль, або першы вялікі манарх Рэчы Паспалітай

Паходжанне

Стэфан Баторый нарадзіўся ў 1533 годзе, у горадзе са складанай назвай Шымлеу-Сільваней, якi інакш называюць Шом'ю або Шом'ё. Мясцовасць з не вельмі высокімі, зялёнымі ўзгоркамі, выразна нагадвае Гародню, і гэтым падабенствам часам тлумачаць любоў (цi тут нават дарэчы казаць каханне) Стэфана да горада над Нёманам.

Размяшчаўся радавы цэнтр Баторыяў, або як іх яшчэ называюць: Батары, на тэрыторыі Трансільваніі. Некалі яна была фармальна незалежнай краінай. Назва гэтай гістарычнай вобласці адметна тым, што дастаткова добра замацавана ў поп-культуры. Зразумела, адбылося гэта дзякуючы вялікай папулярнасці аднаго з персанажаў пісьменніка Брэма Стокера, а менавіта, графа Дракулы. Улад III Цепеш, рэальны прататып літаратурнага графа-вампіра, вёў шматлікія войны, а адным з яго надзейных баявых таварышаў быў Стэфан (Іштван) Баторый, праўда, не галоўны герой гэтага расповеду і валадар Польшчы і Літвы, а проста цезка караля і адзін са значных прадстаўнікоў роду, што жылі ў XV стагоддзі.

Род Баторыяў, як мяркуецца, iдзе каранямі ў нямецкія землі.

На гербе гэтых венгерскіх магнатаў ёсць клінаватыя элементы, так званыя «зубы цмока». Радавая легенда звязвае іх з міфічным цмокам, якога перамог продак караля і вялікага князя. Цікава, што вакол гербавага шчыта Баторыяў, нярэдка змяшчаўся цмок, з хвастом, закручаным да пашчы. Падобная выява была эмблемай Ордэна Цмока, членам якога акурат з'яўляўся бацька Улада Цепеша. Дзякуючы гэтаму факту Улад і атрымаў мянушку Дракул, гэта значыць, цмок. Дарэчы, у гэтае шаноўнае братэрства нiбыта ўваходзілі і ўладцы ВКЛ: Ягайла і Вітаўт.

Герб Стэфана Баторыя. Ян Матэйка, 1875 год.

Апроч чалавека, што злучае род з адным з самых вядомых герояў маскульту, Баторыі мелі ў сваіх шэрагах і сваю ўласную суперзорку сусветнай поп-культуры.

Лізавета Батары, вядомая таксама як Крывавая графіня, падобна Уладу Дракуле, змагла стаць персанажам фільмаў, кніг, кампутарных гульняў і мультфільмаў, хоць яе папулярнасць, вядома ж, вельмі моцна саступае папулярнасці самага знакамітага вампіра ўсіх часоў.

Лізавета, якая паводле сведчанняў, забіла сотні юных дзяўчын, даводзілася каралю і вялікаму князю Стэфану Баторыю пляменніцай.

Вось у такой цікавай сям'і і нарадзіўся будучы манарх Рэчы Паспалітай.

На вяршынях магутнасці

Стэфан Баторый быў добра адукаваным і таленавітым палітыкам. За трон роднай Трансільваніі яму давялося пазмагацца з Каспарам Бекешам, якога лёс у выніку прывядзе да сяброўства з манархам, і ён жа звяжа імя венгерскага двараніна з Гродна, у якім гэты, дастаткова здольны, чалавек, завершыць свой зямны шлях.

Прабіваючыся да трона Трансільваніі, Баторый эфектна лавіраваў паміж Габсбургамі і султанам Асманскай імперыі.

Але наперадзе яго чакала самае значнае кар'ернае дасягненне сярод усіх прадстаўнікоў яго роду. Гаворка, канешне, аб атрыманні ўлады над Рэччу Паспалітай.

Стэфан Баторый. Ксілаграфія невядомага аўтара, першакрыніца: В. Бродзскі, другая палова XIX стагоддзя. Нацыянальны музей Кракаў.

У канцы 1575 года, нягледзячы на канкурэнцыю з боку магутнага імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяна II, якога ўжо публічна назвалі польскім каралём, Стэфан Баторый здабыў галасы шляхты, у тым ліку і літоўскіх дваран, і быў абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім. Стэфан павінен быў стаць каралём, але з абавязковай умовай жаніцьбы на Ганне Ягелонцы — апошняй прадстаўніцы сваёй дынастыі, акрамя таго, Ганна фармальна мела б манаршыя правы, хоць рэальную ўладу меркавалася аддаць Баторыю.

1 мая 1576 года Стэфан ажаніўся з Ганнай і быў каранаваны ў вавельскім саборы Кракава.

Цяпер венгерскі арыстакрат стаў каралём польскім і вялікім князем літоўскім, гэта значыць: валадаром вялізных тэрыторый. I нават подпіс новага манарха Літвы і Польшчы, паведамляў аб яго новым статусе «Стэфан Кароль».

Арыгінальны подпіс Баторыя на дакуменце: Stephanus Rex (Стэфан Кароль). Гродна, 1586 год. Бібліятэка Чартарыйскіх.

Гарадзенскае жыццё Стэфана Баторыя

Гісторыя Баторыя і яго любімага горада пачынаецца ў той момант, калі кароль прыбыў у Гродна, у 1579 годзе.

Выехаўшы з Варшавы на пачатку студзеня, Баторый патрацiў крыху больш тыдня, каб дабрацца да Гродна. Каля горада яго сустрэла дэлегацыя літоўскіх паноў. Пазней ён раіўся з імі наконт ваенных дзеяннях супраць Масквы.

Шмат звестак аб кіраванні Баторыя ёсць у кнізе польскага гісторыка італьянскага паходжання, які працаваў у XVIII — XIX стагоддзях, Яна Альбертрандзі (Jan Albertrandy). Працы даследчыка апублікаваў іншы гісторык — Зегота Анацэвіч, які, дарэчы, у свой час вучыўся ў Гродне. Гэтыя матэрыялы з'яўляюцца цікавымі дакументамі, якія сведчаць пра добрае развіццё гістарычнай навукі ў позняй Рэчы Паспалітай. Варта зірнуць на цытаты з гэтых прац.

«Год 1579. Мялецкага з Варшавы адправіўшы дадому, каб ён падрыхтаваўся, кароль сам выехаў у Гродна, не без турботы аб тым, што грошы ад падаткаў павольна паступалі ў казну, і нават калі б яны былі цалкам сабраны, здавалася, што гэтага недастаткова для такой вялікай вайны. Аднак кароль змагаўся як мог з гэтым недахопам, то беручы ў доўг, то аплачваючы грамадскія патрэбы з уласнай прыватнай казны. Па ўсёй Польшчы ён загадаў вербаваць салдат. Да Кшыштафа, свайго брата, трансільванскага князя, ён адправіў пасланца, абавязваючы яго паслаць яму пэўную колькасць вугорскай пяхоты, прыдатнай для вайны, і некалькі рот кавалерыі.

Кшыштафу Разражэўскаму і Эрнэсту Вейхеру ён загадаў вербаваць салдат у Германіі.

Літоўскія паны, калі кароль расказваў ім пра свае цяжкасці, прапанавалі дапамогу, і кожны з іх, у адпаведнасці са сваімі магчымасцямі, даў ваенны атрад.

Гэта ўмацоўвала надзею караля на добры зыход.

Прыбыўшы ў Вільню, кароль загадаў адліць гарматы такія, якія ён, зыходзячы са свайго досведу, лічыў найлепшымі.

У Коўне кароль загадаў пабудаваць мост, які вельмі спатрэбіўся ва ўсёй гэтай кампанii. А таму што войска не сабралася ўсё разам, а зіма ў гэтых краях, у тым годзе, была доўгая, і аж да канца чэрвеня расцягнулася, пазбавіўшы коней магчымасці пасвіцца, кароль патраціў час на разгляд нявырашаных літоўскіх спраў. Пасля ён адаслаў Васіля Лапацінскага з лістамі да цара».

З вышэйпададзенага бачна, што кароль планамерна рыхтаваўся да вайны з Маскоўскім царствам, выкарыстоўваючы свой немалы ваенны вопыт.


З фінансамі кампаніі сітуацыя была не занадта добрая, але ўсё ж справа рухалася і Баторый мог спадзявацца на ўдалы зыход.

І такі зыход не прымусіў сябе доўга чакаць. Ужо ў жніўні гэтага года Баторый адбіў у Івана Грознага Полацак.

Аблога Полацка войскамі Баторыя (1579). Георг Мак. Warhaffte Contrafactur vnd gewisse… Нюрнбэрг, 1579.

Вярнуўшыся з першага этапа вайны, Баторый, у кастрычніку, зноўку быў у Гродне.

Кароль сабраў у горадзе літоўскіх паноў і абмяркоўваў з імі ваенныя справы.

Быў там і даўні супернік, а зараз сябар, Каспар Бекеш. Гэты шляхетны вугорац, які жорстка змагаўся з будучым манархам Рэчы Паспалітай за трон Трансільваніі, атрымаў прабачэнне Баторыя і цяпер дапамагаў яму ў ваенных дзеяннях супраць ворагаў падуладнай сябру-валадару вялізарнай краіны. У савецкія часы Бекешу часцяком прыпісвалi незвычайныя для XVI cтагоддзя атэістычныя погляды, хоць навукоўцы XXI стагоддзя лічаць, што ў гэтай сферы паплечнік караля не быў такi радыкальны. Так ці інакш, Бекеш памёр у Гродне, у лістападзе 1579 года. Страта сябра павінна была зрабіць на Баторыя цяжкае ўражанне.

З Гродна Баторый адправіўся на варшаўскі сейм, а затым вярнуўся ў горад над Нёманам. Альбертрандзі піша пра гэта так:

«1580 год. Пасля сейма кароль з'ехаў у Гродна рыхтавацца да вайны з Масковіяй. Дзве рэчы былі для яго вялікімі перашкодамі: недахоп грошай і марудлівасць вайсковых збораў. Пасля апошняй кампаніі, стомленыя грамадзяне не спяшаліся ваяваць. За набор войска ўзяўся Замойскі, які хоць і не быў на вайсковай пасадзе, але пра яго ведалі, што бацька ягоны быў гетманам і продкі слаўнымі ваярамі, і вакол яго былі добрыя атрады, і рыцарскае акружэнне. Урэшце, пачуўшы аб гэтым, шматлікія ахвотнiкi ўступілі ў войска. У дадатак, кароль у свайго брата Кшыштафа Трансільванскага, папрасіў значную колькасць вугорскіх салдат.

Кароль меў намер пачаць свае ваенныя справы з Вялікіх Лук. Каб лепш схавацца ад ворага, ён, аднак, загадаў войску сабрацца ў Чашніках».

Неўзабаве кароль, які выношваў хітрыя вайсковыя задумы, з'ехаў у Вільню, дзе працягваў рыхтавацца да наступнага этапу вайны. Ваенныя дзеянні зноў былі ўдалымі і Баторый, пакінуўшы войска, вярнуўся на пэўны час у Вільню, а затым і ў Гродна. Ян Альбертрандзі расказвае і пра гэтыя падзеі:

«Кароль, правёўшы непрацяглы час у Вільні, адправіўся ў Гародню, і ўжо тады ён думаў пра вайну ў наступным годзе і рыхтаваўся да яе. Думаючы, што з-за сейма, позна распачатага, падаткі збяруць у казну не хутка, ён вырашыў ліквідаваць гэтую цяжкасць. Таму ён адправіўся, дзеля таго, каб пазычыць грошы, да прускага князя Ежы Фрэдэрыка, Аўгуста Саксонскага і Яна Фрэдэрыка Брандэнбургскага (Мабыць, усё ж такі гаворка пра Яна Ежы, ці інакш Ёгана Георга Брандэнбургскага. Заўвага Я. А.). Гэтыя князі прыслухаліся да каралеўскай волі і далі патрэбныя сумы».

І зноў Баторый паказаны мудрым і руплівым кіраўніком, здольным стратэгічна планаваць ваенныя дзеянні і ўлічваць розныя бакі ваенных кампаній. Цяпер у манарха былі грошы для далейшых ваенных паходаў. З Гродна кароль выехаў у Варшаву. Альбертрандзі працягвае апісваць падзеі:

«1581 год. Генеральны сейм у Варшаве пачаўся ў першыя дні лютага (Насамрэч 23 студзеня. Заўв. Я.А.). Скончыўшы сейм, кароль загадаў Замойскаму як мага хутчэй набраць салдат і адправіцца з імі ў Літву, а сам — у Гродна, а адтуль і ў Вільню паспяшаўся, напісаўшы Кшыштафу, брату свайму, князю Трансільваніі, каб паслаў яму новыя вугорскія войскі.

Калі кароль ужо стаяў у Гродне, прыбыў ганец ад цара з лістамі, паведамляючы, што галоўныя пасланцы маюць настолькі спрыяльныя загады, што можа наступіць мір, тым часам ад караля хацелі, каб той не збіраў войскі і не прасоўваўся далей, бо можа зэканоміць свае намаганні і выдаткі».

Баторый быў у Гродне, у красавіку 1581 года, а потым паехаў у Вільню. Наступныя ваенныя дзеянні былі менш удалымі: Баторыю не ўдалося ўзяць традыцыйна няўступлівы Пскоў.

Ян Замойскі — паплечнік Баторыя. К. Аляксандравіч, XVIII стагоддзе. Нацыянальная галерэя, Кракаў.

Умовы падпісанага неўзабаве Ям-Запольскага міру былі, аднак, нядрэннымі для Рэчы Паспалітай.

У ліпені 1582 года Баторый прыехаў у Гродна і зноў прымаў важныя рашэнні, напрыклад, займаўся пытаннем бяспекі інфлянцкіх межаў.

У канцы 1583 года Баторый у чарговы раз наведаў горад над Нёманам. Альбертрандзі паведамляе, што:

«У канцы верасня кароль выехаў з Кракава, па дарозе крыху затрымаўся ў Корчыне і Любліне, і прыкладна з першымi днямi лістапада спыніўся ў Гродне. Туды прыехаў да яго Фарэнсбах, якому падчас апошняй вайны прыйшлося шмат нягод вытрываць, і тут ён атрымаў заслужаную ўзнагароду».

Каляды гэтага года і пачатак новага 1584 Баторый правёў у Гродне.

У лютым кароль паслаў з Гродна яшчэ маладога і не надта ўплывовага Льва Сапегу паслом у Маскву.

Альбертрандзі апісвае і іншыя падзеі, якія адбыліся з каралём, у яго любімым горадзе, у лютым 1584 года:

«У гэтым годзе ў лютым прыбылі Ян Лінде, Конрад Ленка з гданьскага магістрата, і Генрых Лемпка, гарадскі ўраднік (sendyk miasta) да караля ў Гродна, а ён іх паслаў да канцлера Замойскага ў Кнышын, i з пасрэдніцтвам яго пытанне было вырашанае.

Якраз у той час, калі гданьскія паслы прыбылі, пасол Герберт ад англійскай каралевы прыехаў, каб закласці з каралём гандлёвае месца для англійскага гандлю і правілы для такога гандлю. Гандаль быў перанесены ў Эльблонг з Гданьска, і гданчане гублялі немалыя сродкі з-за гэтага, і імкнуліся вярнуць да сябе ангельскі гандаль. Тады ж узніклі некаторыя спрэчкі з прускім князем. Наконт правільнага календара некалькі разоў кароль папярэджваў яго, што, прытрымліваючыся прыкладу Кароны, членам якой ён быў, каляндар таксама прымаць павінен. Князь упіраў на розніцу веры і свае вольныя правы, але яму было даказана, што каляндар не мае нічога агульнага з верай, таму што каляндар быў створаны не па волі Хрыста ці яго вучняў, а ідзе ад Юлія Цэзара, які не меў ніякага дачынення да хрысціянства. Усё гэта, аднак, не пераканала князя, які цвёрда трымаўся сваёй думкі».

Такім чынам, у Гродне кароль вырашаў шэраг значных пытанняў, а менавіта: вёў перамовы з заўзятымі прадстаўнікамі Гданьска, наконт партовых, падаткавых збораў, прымаў пасла англійскай каралевы Лізаветы I, якая планавала актыўна развіваць эканамічнае супрацоўніцтва з дзяржавамі Усходняй Еўропы — Рэччу Паспалітай і Масковіяй, і прамаваў у Прусіі сваё ж новаўвядзенне — Грэгарыянскі каляндар, праўда, без асаблівага поспеху.

Акрамя таго, далей аўтар піша аб прускіх шляхціцах, якія скардзіліся на свайго князя і аб лiсце Баторыя, які нагадаў уладару аб шляхетных вольнасцях, але пры гэтым і запэўніў князя ў яго аўтаноміі і паабяцаў падтрымаць у выпадку сепаратызму ў ягоным краі. Князь выклікаў да сябе незадаволеных, але тыя, баючыся арышту, кінуліся «пераследаваць караля ў Кракаве, Вільні і Гародні» закідваючы яго просьбамі абаранiць iх ад князя.

У красавіку Баторый быў у Вільні і даведаўся там пра смерць Івана Грознага.

Выява Стэфана Баторыя ў фарным касцёле Гродна.

У маі гэтага года Баторый жыў у Гродне, і тут ён раіўся з літоўскімі вяльможамі наконт новых палітычных магчымасцяў, якія, без усялякага сумнення, адкрывала смерць рускага цара.

На пачатку восені 1584 года, Баторый надоўга акапаўся ў Гродне, палюючы ў гродзенскіх лясах і разглядаючы палітычныя справы да самага 1585 года.

Пасля новага года Баторый адправіўся ў Варшаву, дзе вырашыў шэраг важных пытанняў, у прыватнасці: дамогся канфіскацыі маёнткаў свайго суперніка Кшыштафа Збароўскага і адмовіўся ад планаў стварэння пірацкага флота.

Джон Дi (злева) і Эдвард Кэлі. Калаж аўтара. Арыгіналы ў Музеі Ашмолу і Лонданскім універсітэце.

У 1585 годзе здароўе караля значна пагоршылася. Тады уладар, які тады кватараваў на польскай тэрыторыі, прыняў пару ангельскіх містыкаў, знакамітых Джона Ді і Эдварда Кэлі. Ангельцы паказвалі Баторыю сеанс з крыштальным шарам, у які засяроджана ўглядваўся Кэлі. Цікава, што некаторыя словы Кэлі можна трактаваць як указанне на рэальныя акалічнасці жыцця манарха, а менавіта, язву на назе, якая шмат гадоў мучыла караля. Ці было гэта чымсцi рэальна містычным і навукова невытлумачальным, ці нечым іншым… Хто ведае. Аднак Баторый быў, мабыць, не надта ўражаны, і ніякіх асаблівых ушанаванняў ангельцы не атрымалі, хоць кароль расплаціўся з імі за сеанс грашыма.

У будучыні чарадзеяў чакала яшчэ шмат чаго цікавага. Напрыклад, праз пару гадоў пасля сустрэчы з Баторыем, Кэлі раптам адкрыў Ді, што анёлы сказалі яму падзяліцца з таварышам сваёй жонкай, а ён, у сваю чаргу, павінен зрабіць тое ж самае. Ді не асмеліўся праігнараваць анёлаў, і абмен адбыўся. Такім чынам, парачка містыкаў з Альбіёна займалася свінгам задоўга да закладкi першага свiнг-клубу.

Яркія біяграфіі ангельцаў дапамаглі ім стаць папулярнымі персанажамі заходняй поп-культуры. Розныя згадкі пра гэтых чараўнікоў прысутнічаюць у вядомых мастацкіх творах, у тым ліку культавых галівудскіх фільмах: «Ведзьма з Блэр» і «Сэрца анёла».

Баторыю, аднак, трэба было займацца палітыкай, а не толькі прымаць замежных вядзьмакоў. Альбертрандзі так піша пра гэты перыяд:

«Пасля сейма кароль з'ехаў у Кракаў і там, а таксама ў Непаламіцах, ён правёў лета і большую частку восені. З надыходам зімы кароль паехаў у Гродна, дзе займаўся ўзвядзеннем будынкаў, але насамрэч яго займалі куды больш грандыёзныя задумы».

Па іншых звестках, Баторый быў у Гродне ўжо ў канцы лістапада і склікаў тут раду сенатараў. Абмяркоўваліся ўсё тыя ж маскоўскія пытанні. З гэтага моманту Гродна набывае па-сапраўднаму сталічны статус, бо Баторый перастае бясконца раз'язджаць па розных кутках краіны і пасяляецца ў горадзе над Нёманам. Увесь наступны 1586 Баторый праводзіць тут.

Чым жа займаецца манарх у Гародні? Ёсць легендарныя звесткі аб рамане ўладара з нейкай жыхаркай горада ці наваколляў. Нібыта ад гэтай сувязі нарадзіўся Лжэдзмітрый I, які на сваім самым вядомым партрэце нават падобны да Баторыя.

У лютым 1586 года з Баторыем нiбыта адбываецца непрыемны інцыдэнт. Перапраўляючыся праз змёрзлае возера ў наваколлях Гродна, кароль адчуў, што лёд пад ім трэснуў. Манарх забараніў набліжацца да яго і сам акуратна рухаўся па лёдзе, пакуль не дасягнуў бяспечнага месца.

Нягледзячы на праблемы са здароўем, кароль дазваляў сабе забавы і нават, як лiчыцца, удзельнічаў у маскарадным балі.

У маі гэтага года манарх прыняў свайго маскоўскага пасла Гарабурду. А затым і царскага пасла Траякурава, дамовіцца з якім па ўсiх пытаннях не ўдалося, хоць мір паміж краінамі працягнулі.

У Гродне Баторый выношвае планы персанальнай уніі з Расіяй, гэта значыць, кароль бачыў сябе кіраўніком аб'яднанай дзяржавы Польшчы, ВКЛ і Маскоўскага Царства. Такая дзяржава-цяжкавагавік магла б змясцi асманаў і вызваліць, родную для Баторыя, Трансільванію.

Тады да Баторыя заязджаў і яшчэ адзін вельмі цікавы госць — князь Генрых XI (Henryk XI Legnicki) з польскай каралеўскай дынастыі Пястаў. Гэты арыстакрат кіраваў Лягніцкім княствам і ў пэўны момант не змог дамовiцца са сваім сюзерэнам — імператарам Рудольфам II. У выніку, Генрых апынуўся ў вязніцы, адкуль змог уцячы ў Польшчу, а затым наведаў і Баторыя ў Гродне.

Генрых XI Лягніцкі. Liegnitzische Jahr-Bücher, Worinnen so wohl… Thebesius G. Jauer, 1732—1733.

Найкаштоўнейшымі матэрыяламі, якія ілюструюць жыццё караля ў 1586 годзе, з'яўляюцца ўспаміны нямецкага падарожніка Самуэля Кіхеля.

Гэты госць горада над Нёманам бачыў як Баторый скача на службу з замка ў касцёл. Выгляд караля, у шапцы з чорнымі пёрамі, здаўся падарожніку надзвычай велічным і шыкоўным. Манарха акружала світа з рыцараў і самых шляхетных саноўнікаў, а паабапал вуліцы Замкавай стаялі каралеўскія гвардзейцы. Самуэль адзначае, што кароль застаецца ў горадзе толькі ў нядзелю, і менавіта ў гэты дзень у Гродне праходзяць прыёмы, астатні час манарх праводзіў на паляванні.

Кіхелю наверагодна пашанцавала, і ён убачыў вельмі запамінальную падзею, а менавіта: пажар у замку. Рэзідэнцыя, зрэшты, не надта пацярпела, бо дакладна вядома, што Баторый менавіта ў палацы Старога замка правёў свае апошнія дні.

У свіце манарха Кіхель асабліва вылучыў нейкага спадарожнiка, з якім у гісторыкаў звязана займальная загадка. Гэтага чалавека немец бачыў паблізу ад караля, а потым, падчас пажару, незнаёмец вылез на дах замка. Самуэль называе чалавека Scotus, што можна перавесці як «шатландзец» або зразумець, як імя ўласнае, што дазваляе выказаць здагадку: гэты той самы Скота з Пармы, які нярэдка, на старонках спецыяльнай літаратуры, называўся архітэктарам Старога замка яшчэ да таго, як галоўным дойлідам прызначылі Санці Гучы. У некаторых публікацыях Скота нават завуць «вядомым архітэктарам», i, мабыць, настолькі вядомым, што нават яго існаванне выклікае сумневы.

Замак Баторыя ў Гродне. Гравюра Т. Макоўскага, 1600 год.

Агледзеўшы Гродна, Кихель паехаў далей і наведаў яшчэ шмат гарадоў, напрыклад, Пскоў, аб насельніцтве якога ён распавёў у добра знаёмай манеры: дрэнныя дамы, зласлівыя жыхары і шмат гарэлкі.

Цікава, што рэдактар выдання шляхавых нататак Кіхеля, у сваім пасляслоўі да кнігі Самуэля, дзе пералічваюцца розныя яркія моманты вандравання аўтара, з усяго масіва дадзеных аб Рэчы Паспалітай абраў менавіта эпізод з гродзенскім Scotus-ам, якога заве zauberer (чараўнік).

Дакументы сапраўды паказваюць, што цікавасць Баторыя да акультыстаў не абмяжоўваўся англічанамі Дi і Кэлі.

Хоць манарх, як вынікае з запісак Кіхеля, працягваў выглядаць як моцны мужчына, аднак здароўе ўладара імкліва пагаршалася. Пры гэтым кароль і вялікі князь працягваў паляваць, у прыватнасці, у Кундзінскім лесе, які знаходзіўся ў раёне сучаснай Кузніцы.

Хвароба, смерць, рэчы караля і яго пахаванне

Хвароба Баторыя і яго апошнія дні нядрэнна апісаны сучаснікамі. Нейкі загадкавы чалавек — Ежы Х'якор (Jerzy Chiakor) за імем якога хаваўся, як лічаць, адзін з лекараў караля — Мікалай Бучэла, апісаў фінальны адрэзак жыцця выбітнага манарха. Вось пераклад, зроблены па тэксце ў кнізе польскага гісторыка Юліяна Урсын-Нямцэвіча.

«У той момант, калі Весяліні адпраўляе лісты да прымаса Яго Мосці і сенатараў, інфармуючы іх пра фатальную смерць Найяснейшага караля Яго Мосці, Пана нашага, я не хацеў упускаць выпадак для падрабязнага апісання таго, як гэта адбылося, таму што кожны дзень я запісваў усё, што мне, як сведцы, траплялася на вочы.

Не без праліцця многіх слёз даводзіцца мне выконваць гэты абавязак. Хто ж гэтую смерць аплакваць не будзе, а менавіта мы, венгры, засталіся ў гэтай краіне, як статак без пастыра, страціўшы з гэтым героем, усіх заслуг нашых узнагароды і надзеі.

Сграфіта з Баторыем. Стары замак Гродна, рэканструкцыя 10-х гадоў XXI стагоддзя. Першапачатковы варыянт (злева) і з выпраўленай тытулатурай. Фота аўтара.

Чацвёртага чысла, месяца снежня, 1586 года, Найсвятлейшы Пан вярнуўся ў Гродна і правёў тры дні на паляванні. Праз два дні пасля гэтага, кароль выдатна сябе адчуваў, і доктару Бучэла дазволілі паехаць да свайго маленькага пляменніка, які захварэў у яго маёнтку. Шостага, у нядзелю, кароль адчуў цяжар і нейкія болі ў целе, з усім гэтым ён быў на службе і публічна еў абед. Увечары ён не хацеў спаць, і згодна з рэцэптам Бучэла, ён хацеў, каб яму расцерлі ўсё яго цела, але доктар Сімоніус параіў толькі пацерці рукі і ногі, а каралю, каб заснуць, параіў два кубкі старога віна з кавалачкам хлеба. Так і сталася, і кароль пайшоў адпачываць.

З-за ліхаманкі, і ад галаўнога болю, кароль не мог заснуць, ён устаў і пайшоў у малы бакавы алькеж, дзе вокны былі заўсёды адчыненыя, каб астудзіцца. Калі ён вярнуўся адтуль, на яго навалілася слабасць, і так, што ён без пачуццяў упаў на зямлю і аб лаўку моцна, але не глыбока, параніў правае калена. На гэты шум прыбег Весяліні, падняў караля і агледзеў крывавае месца. Кароль не памятаў, якім чынам з ім адбылося такое; ён жа сам вярнуўся ў ложак.

Паклiканы былi, адразу ж, Весяліні і разам з ім доктар Сімоніус. Гэты прыклаў яечныя бялкі да раны з невялікай колькасцю міры і сказаў, што ў гэтым выпадку ўсё адбылося з-за галавакружэння паміж абуджэннем і сном, а, акрамя таго, з-за дуўшага ветру, але гэта не будзе мець найменшых наступстваў, калі толькі кароль прыме крыху манны на наступны дзень і застанецца ў ложку дзеля хутчэйшага гаення раны.

Кароль прачнуўся вельмі ранняй раніцай, выклікаў да сябе Весяліні і загадаў яму пайсці да канцлераў, каб яны не прыходзілі да яго ў гэты дзень з якімі-небудзь справамі. Больш за тое, ён строга рэкамендаваў нічога не згадваць пра выпадак, які адбыўся ўначы, і калі хто-небудзь спытае, варта сказаць, што з-за звычайнага гемарою ён застаецца ў ложку.

Ён таксама загадаў, каб ключы ад пакояў аддалі Весяліні. Нікому, акрамя трох гэтых людзей, не дазвалялася ўвайсці да караля.

Сімоніус прыгатаваў лякарства ў пакоях, даў яго каралю, а пазней сам прынёс абед. Абед складаўся з ячменнай кашы, цяляціны і сцю з каплуна. З дазволу Сімоніуса ён таксама піў віно і ваду з карыцай столькі ж, колькі піў звычайна, калі ўстрымліваўся ад віна. Тым часам ужытае каралём лякарства мала ці нічога не дало.

Увечары з'явіўся доктар Бучэла, выкліканы Весяліні, і, пачуўшы пра хваробу з вуснаў караля, ён папрасіў, каб сам Найяснейшы Пан некалькі дзён устрымліваўся ад віна. Але кароль сказаў:

— Мне ж дазволіў віно доктар Сімоніус.

— У дадзеным выпадку, — сказаў Бучэла, — замест віна павінен кароль піць прыгатаваны шалвей з цукрам або ліманад, як прыемны напой, што ўмацоўвае галаву.

Тым часам Сімоніус даведаўся, што Весяліні прывёз Бучэла з вёскі, і пачаў яго папракаць, што выглядае гэта так быццам уласных ведаў Сімоніуса недастаткова і трэба яшчэ кагосьці паклікаць. Угневаны ён на вячэру не прыйшоў да караля.

Падчас гэтай трапезы кароль настойліва прасіў віна, і Бучэла, хоць і доўга супраціўляўся гэтаму, але дазволіў нарэшце віно, змяшанае з вадой. Кароль, паспрабаваўшы толькі, палічыў за лепшае піць ваду з карыцай. Сімоніус прыйшоў пасля вячэры. У прысутнасьці Весяліні Бучэла сказала яму:

— Па-мойму, гэта хвароба, з якой не трэба жартаваць, і перамагчы яе трэба альбо кровапусканнем, альбо моцным слабільным.

— Няма нічога небяспечнага, — адказаў Сімоніус, — не патрэбны кровапусканне ці слабільнае, не трэба караля турбаваць, ён ледзь-ледзь і на гэтыя лекі згадзіўся, дастаткова даць хвораму персікавую цукерку, якую той хоча прыняць.

Бучэла доўга спрачаўся са сваім калегам, але ўрэшце яму давялося замаўчаць.

Баторый і Гейдэнштэйн, яго гісторык. Кіпрыян Дзільчынскі, 1886 год. Нацыянальны музей у Кракаве.

На наступны дзень кароль з дазволу Сімоніуса з'еў за абедам персікавую цукерку, выпіў віна і ўвесь астатак дня весяліўся.

Падчас вячэры, бачачы, што Бучэла вельмі крывіцца, калі прынеслі віно, ён выпіў толькі адзін кубак і два вады з карыцай.

Пасля вячэры, перавязаўшы рану, Сімоніус сказаў:

— Май добрую надзею, Твая Каралеўская Вялікасць, небяспекі ніякай няма.

— Я добра ведаю, што няма, — сказаў кароль нецярпліва, але тут жа выкінуў ногі з ложка, закаціў вочы і пачаў скрыгатаць зубамі. Напалоханыя людзi сталі рукі заломваць і крычалі, каб кароль супакоіўся.

— Што вы робіце? — усклікнуў кароль.

— Табе дрэнна, Твая Каралеўская Вялікасць, — сказаў Весяліні. — Праўда, — адказаў кароль, — я адчуваю гарачку і жудасны галаўны боль.

Гэтыя словы перарываліся з-за цяжкага дыхання. За імі рушылі ўслед неспакой і млоснасць. Толькі тады было заўважана, што гэты параксізм здарыўся ў той час, што і апошні.

Стэфан Баторый. Па некаторых звестках, партрэт створаны ў Гродне, у год смерці караля. Нацыянальны музей у Кракаве.

Затым Сімоніус пагадзіўся, каб Бучэла даў каралю пілюлі, а як іх кароль не любіў, іх растварылі ў вадзе ландыша з пяццю грамамі экстракта марозніка. Гэта выклікала лёгкі панос у караля, чатыры разы.

За абедам зноў разгарэлася сварка з-за віна, але перамагло меркаванне Сімоніуса аб набліжэнні параксізма і аб тым, што вада можа нашкодзіць. Тады Бучэла настаяў, каб хаця б віно было змяшана з вадой.

— Спачатку я хачу выпiць вiно, — адказаў кароль, — а потым саму ваду.

Але пасля таго як ён выпіў два кубкі самага старога віна кароль сказаў, што гэтага дастаткова і вада не патрэбна. На абед былі яйкі, булён з каплуна і печаныя яблыкi з цукрам.

Праз гадзіну ён шмат размаўляў з каронным канцлерам, дыхаў павольна, і амаль не было відаць, што ён хворы. Пры гэтым Бучэла, бачачы, што кароль мае намер не адмаўляцца ад віна і лічачы яго самым небяспечным пры гэтай хваробе, папрасіў кароннага кухмістра папярэдзіць канцлера аб стане караля, бо гэтая хвароба была вельмі цяжкай і яшчэ цяжэй ад таго, што ў лячэнні не згаджаліся абодва лекары. Так што няхай сенатары вырашаюць, што ім у гэтым выпадку рабіць. Гэта ж самае ён сказаў падканцлеру Літвы, папрасіўшы яго паведаміць пра гэта віленскаму кашталяну, але, аднак, самым таемным чынам, з-за каралеўскай забароны.

Надышоў час вячэры, і кароль не жадаў піць ваду, кажучы, што пасля яе заўсёды становіцца горш.

Калі ён збіраўся спаць, здарыўся трэці параксізм, але ён быў лягчэйшы за першы.

Потым параксізмы здараліся кожны дзень. Бучэла заклінаў караля і ўгаворваў Сімоніуса, каб перасталі даваць віно.

Нарэшце кароль паабяцаў.

Тут зноў успыхнула спрэчка паміж лекарамі аб тыпе хваробы, Бучэла, называў яе эпілепсіяй, Сімоніус астмай. Прычына гэтай спрэчкі заключалася ў тым, што яны з цяжкасцю згаджаліся наконт лекаў, якія трэба было даць. У выніку, яны пагадзіліся на адвар iсопа, бо ён не шкодны ні пры якіх захворваннях, дадалі некалькі кропель купарваснага экстракта, змясцілі чатырох п'явак яму на спіну, двух на крыж — гэтыя да васьмі ўнцый крыві высмакталі, дадалі крыху безаара і ласінага капыта, якія кароль заўсёды з задавальненнем ужываў.

Камень безаар. Падобным спрабавалі лячыць Баторыя.

Падчас абеду Сімоніус не паказваўся, бо паабяцаў Бучэла, што ў гэты дзень ён будзе маўчаць пра віно.

Бучэла, каб папярэдзіць усе просьбы аб гэтым напоі, прыгатаваў разнастайныя запраўленыя воды, паміж якімі адна была з цукрам і грэнкамі з пшаніцы, а кароль астылым піў гэта падчас абеду.

Стравы былі амаль такія ж, як і раней.

Пасля абеду кароль аб звычайнай для яго падчас ліхаманкі вадзе папрасіў, у якой растваралі кансерваваную ружу. Выпіўшы гэта, ён моцна спаў на працягу двух гадзін.

Прачнуўшыся, ён загадаў паклікаць літоўскіх канцлераў.

Апоўначы зноў вярнулася цяжкае дыханне. Сімоніус прашаптаў Весяліні, што калі кароль не вып'е віна, то хутка памрэ. І зноў дактары параіліся, і было вырашана даць тыя ж таблеткі, што і раней, але яны не дапамаглі.

У час абеду кароль рашуча загадаў даць сабе віна, на што Сімоніус з радасцю дазволіў. Адразу ж Бучэла паслаў свайго пляменніка да літоўскага падканцлера, сказаць, што кароль хутка памрэ і што, хоць ён, здаецца, весела размаўляе і не такі змучаны хваробай, ён не можа ўстаць і ісці, і калі Бог не пашкадуе, то найвялікшая небяспека застаецца. Пачуўшы тое, падканцлер неадкладна паведамляе аб гэтым прысутным сенатарам, не згадваючы, аднак, аб тым, што атрымаў гэтае пасланне ад Бучэла, бо гэтага доктар не хацеў.

Абодва канцлеры адправіліся адразу ж у замак. К вечару кароль зноў выпіў сваё віно, макаючы ў яго хлеб, таму што ён адчуваў жудасную смагу, быў надзвычай сумны і маўчаў, а калі Бучэла падтрымліваў яго і прасіў спадзявацца на лепшае кароль сказаў:

— Я ўжо аддаў сябе ў рукі Бога, я падрыхтаваны да смерці, мяне гэта не палохае, калі я і не буду адказваць, дык гэта таму, што ў мяне цяжкая галава і я хацеў бы заснуць.

Тут канцлеры падышлі да каралеўскага пакоя, папракаючы лекараў у тым, што яны не папярэдзілі аб небяспецы. Бучэла адказаў, што калі кароль загадваў нікога не ўпускаць яны баяліся не выканаць каралеўскі загад, але цяпер, калі яны ў яго пытаюцца, ён павінен сказаць, што кароль неўзабаве развітаецца з жыццём.

Толькі ён сказаў гэтыя словы і ў караля здарыўся жорсткі параксізм. Менавіта тады Сімоніус упершыню сказаў сенатарам, што ён таксама зразумеў, што каралеўская хвароба была смяротнай, але як доўга кароль зможа пражыць, толькі пасля другога параксізму ён зможа судзіць.

Потым яго паклікалі расцерці караля, яму дапамагаў сам Весяліні, але адразу ж другі быў жудасны параксізм, такі, што наш лепшы пан, найхрабрэйшы з каралёў, аддаў падчас яго свой дух.

Заліты слязьмі Весяліні выйшаў да сенатараў і павёў іх да ўжо нябожчыка караля. Ён неадкладна аддаў ім ключы ад скарбніцы і ўсё, што ў яго было з сабой. Тут сказаў Бучэла:

— Калі панства думаюць, што смерць караля павінна быць утоена на карысць грамадства, гэта можна зрабіць лёгка.

— Мы пракансультуемся, з гэтай нагоды, з сенатарамі, — адказалі яны, — але казаць пра гэта пакуль не варта.

Калі надышла ноч, паслалі за падскарбіямі, каб тыя таемна прыйшлі ў замак. Яны неадкладна запячаталі скарбніцу і пакоі, дзе знаходзіліся каралеўскія рэчы, і ўсю ноч неслі вахту, з двума падкаморыямi і двума дактарамі, у цела караля.

Раніцай вестка аб каралеўскай смерці разнеслася па Гродне. Паны радныя, дваране, гараджане, са слязамі накіраваліся да замка.

У тую ноч Сімоніус выслаў жонку з горада з грашыма і маёмасцю.

На наступную раніцу, па загадзе сенатараў, цела ўскрылі, калі яно ўжо пачынала пухнуць. Прысутнічалі Бучэла, Сімоніус, Гослас (Мабыць, лекар Гаслаўскi. Прым. Я.А.) хірург, медык і іншыя.

Сімоніус абвясціў, што ўсе знойдзеныя ворганы здаровыя, за выключэннем дробных каменьчыкаў у пузыры, і што ён напоўнены не жоўцю, а чыстай вадой.

Гэта сумная прыгода, якую нельга да канца аплакаць, і я пасылаю яе Пану са шчырай праўдай апісанай. Я нічога не пакідаю сабе. Я вырашыў, што як толькі належнае мне атрымаю, так і паспяшаюся да Яснавяльможнага Пана, жадаючы, каб Яснавяльможны Пан і адукаваны князь доўгія шчаслівыя гады жыў.

Дадзена ў Гродне 19 снежня 1586 г. Ежы Х'якор».


Баторый памёр 12 снежня 1586 года, у сваім гродзенскім замку, у пакоі, які знаходзіцца ў паўднёвай частцы палаца. Каралю было ўсяго 53 гады.

Варта адзначыць, што паведамленні аб дэталях апошніх дзён караля дастаткова значна адрозніваюцца ў розных дакументах.

У ананімным апісанні «Смерць Стэфана польскага караля ў Гродне 12 снежня 1586 года», аўтарам якога лічаць каралеўскага лекара Гаслаўскага, ёсць адрозненні ад прыведзенага апісання, да прыкладу, акрамя вiна i вады манарх п'е яшчэ і гарэлку з карыцай, ды прымае бабровы струмень.

Аднак няма сумневаў, што лекары Баторыя спрачаліся пра яго лячэнне, і разумнасць ўжывання віна, выкарыстоўвалі расціранні і розныя лекi, эфектыўнасць якіх, зразумела, не магла быць высокай, бо наўрад цi караля магло выратаваць ласінае капыта або бабровы струмень.

Баторый памёр падчас аднаго з прыступаў са стратай прытомнасці. Бучэла казаў, што падобныя прыпадкі адбываліся з будучым каралём яшчэ на радзіме.

Менавіта ў мекванным пасланні Гаслаўскага паведамляецца аб незвычайных нырках караля, якія нагадваюць ныркi вала. Акрамя таго, у жоўцевым пузыры быў вялікі камень.

Але праблемны адток жоўці, зразумела, не мог забіць Баторыя. Што ж стала прычынай смерці гэтага манарха?

Інтрыгі ў гэтую сітуацыю дадае ліст вядомага еўрапейскага «чарнакніжніка» Леанарда Турнэйсера. Гэты чараўнік, які займаўся лекаваннем, пісаў Баторыю з Берліна, у 1578 годзе:

«Я атрымаў ліст Вашай Каралеўскай Вялікасці праз пана Баяноўскага са Львова 21 траўня да мяне напісаны. Я пасылаю Вашай Каралеўскай Вялікасці пэўнае проціяддзе (antydotum), гэта значыць Alexipharmacum супраць усякай атруты, прыстасаванае да натуры і камплекцыі Вашай Каралеўскага Вялікасці. Бальзам гэты я з немалой працай зрабіў, у адпаведнасці з правіламі кабалістыкі і натуральнай магіі, таму што людская злосць зараз да такой ступені дайшла, што асцярожным варта быць не толькі ў ежы і пітве, але нават і ў адзенні, мыцці і дотыку, таму што здрада можа быць утоена ў самых розных рэчах: століках і лавах, iх калі хто кране або пераступіць — можа памерці. Пры гэтым вынік часам праз 15, а нават і 30 дзён прыходзіць, а яд праз мускулы, нервы і жылы пранікае ў сэрца. Таму гэтага каштоўнага бальзаму, які моцна ўмацоўвае здароўе і ахоўвае ад яду, я пасылаю Яго Каралеўскай Вялікасці чатыры порцыі. Іх я, паводле звычаяў каралеўскага двара, пакаштаваў у прысутнасці пана Баяноўскага, і ён за мной тое самае зрабіў».

Леанард Турнэйсэр. Нацыянальная бібліятэка медыцыны ЗША.

Дык ці быў прычыннай смерці караля яд, аб якім папярэджваў Баторыя Леанард? Гэта версія яркая, аднак жа вельмі сумнеўная. Тады ад чаго ж памёр Баторый? Аб гэтым разважалі не толькі дактары XVI стагоддзя, але і спецыялісты найноўшага часу.

Найбольш укаранёнай версіяй з'яўляецца здагадка аб урэміі — сіндроме вострай або хранічнай аутоінтаксікацыі, выкліканай дрэннай працай нырак. Плыўнае пагаршэнне здароўя манарха і прыступы са стратай прытомнасці, якія адбываліся з даўніх часоў (дарэчы, венгерскі арыстакрат, як было сказана раней, пакутаваў яшчэ і ад язваў на нагах) падштурхоўваюць да сумневаў наконт версіі, што апавядае пра смерць ад атруты. Пры гэтым, хоць прыпадкі, падобныя да эпілепсіi, на першы погляд, не занадта добра тлумачацца ўрэміяй, няхай нават моцна запушчанай, але астатнія сімптомы, такія як апатыя, смага, дрэнны апетыт, мурашкі на скуры, праблемы з дыханнем — могуць суправаджаць гэта захворванне.

У цяжкіх выпадках можа развівацца энцэфалапатыя і, як следства, зблытансць, курчы і абамленнi. Язвы на нагах, якія з'явіліся яшчэ ў маладога Баторыя, могуць быць сімптомамі цукровага дыябету, які ў сваю чаргу, здольны прыводзіць да ўрэміі. Пры гэтым i трафічныя язвы часам з'яўляюцца як следства запушчанай урэміі.

Бугрыстасць нырак, бачная падчас укрыцця, можа казаць аб спадчынным полікістозе нырак, які, ізноў жа, здольны прыводзіць усё да той жа ўрэміі.

А вось упэўнена звязваць меркаваную ўрэмію караля з празмерным ужываннем алкаголю, як гэта робяць многiя аўтары артыкулаў пра Баторыя, на самай справе не варта, бо п'янства з'яўляецца толькі адным з фактараў здольных, у тэорыі, выклікаць нырачную недастатковасць, аднак менавіта генетычныя захворванні венгерскага магната выглядаюць больш праўдападобнымі прычынамі для развіцця ў яго сур'ёзных праблем з ныркамі.

Непасрэднай прычынай смерці караля магло стаць спыненне сэрца ў час урэмічнай комы.

Пасля Баторыя ў гарадзенскім замку засталося мноства рэчаў. Іх апісанне прадстаўляе пэўную цікавасць, бо менавіта прадметы побыту часцяком могуць нямала распавесці аб сваім уладальніку.

Такім чынам, што ж захоўвалася пры двары Баторыя ў Гродне.

Сярод іншага:

Некалькі скрыняў з кнігамі і шкатулка з лістамі ад імператара Рудольфа II.

Белая скрыня з ручніцамі (агнястрэльная зброя. Заўв. Я.А.)

Вялікі гадзіннiк, падораны князем Ансбаха (Мабыць, гаворка пра Георга Фрыдрыха Гогенцолерна. Заўвага Я. А.)

Некалькі табурэтаў з чырвонымі пакрыццямі і шкатулка, упрыгожаная бурштынам.

Ложа з чырвоным, узорыстым балдахінам і срэбнымі навершамі, а разам з ім пара ўзорыстых, чырвоных матрацаў, чырвонае, узорыстае, падгалоўе ложка, пярына з шаўковым пакрыццём.

Некалькі карт.

Медныя ёмістасці для мыцця галавы.

Мяркуюць, што гэта сталовыя прыборы Стэфана Баторыя. Страчаныя ў перыяд II Сусветнай. Фота з архіваў Нацыянальнага музея ў Кракаве

У гардэробе караля польскага і вялікага князя літоўскага было нямала ўбораў, у тым ліку адзенне, выкананае паводле вугорскай моды.

Значная частка адзення Баторыя была чырвонага колеру. Гэта ўвогуле адзін з любімых колераў мясцовых дваран.

Многія ўборы мелі залатыя гузікі і аздабленне сабаліным мехам. Аб адным з убораў, а менавіта кабяняку (капеняку), гэта значыць, своеасаблівым шырокім плашчы, асобна сказана, што ў ім кароль ляжаў пасля смерці. Гэта быў кабеняк чырвонага колеру з адным чырвоным гузікам. Мяркуючы па вопісе ў караля было больш за дваццаць убораў, у тым ліку тры штукi сабаліных футраў.

На сталовым срэбры Баторыя красаваўся яго герб. Тут былі пляшкі, міскі, талеркі, кубкі, сальніца і іншыя рэчы. У зборы срэбра, прывезенага з Венгрыі, знаходзілася больш за 60 прадметаў.

З гэтага сталовага збора былi ўзяты два прадметы для стварэння каралеўскіх кароны, скіпетра і дзяржавы. Гэтыя знакі манаршай годнасці выкарыстоўвалі падчас цырымоніі пахавання.

Карона Стэфана Баторыя. Мабыць, тая самая, якую зрабілі са срэбнага посуду, што застаўся ў Гродне.

Акрамя таго, у распараджэнні каралеўскага двара быў каштоўны посуд з польскай каралеўскай скарбніцы. Тут было больш за сотню прадметаў, у тым ліку і залатая лыжка з залатымі відэльцамі.

Улічваліся і страты каралеўскай маёмасці. Вядома, што адна са срэбных лыжак згубілася пад Полацкам, адно срэбнае блюда ў Гродне.

Сярод прывезеных прадметаў была шкляная варонка для пляшак, зробленая ў Гродне.

Акрамя таго, сярод рэчаў караля знаходзіліся: залатое сядло, якое належала яшчэ каралю Жыгімонту Аўгусту, вадзяны гадзіннік (клепсідра), гадзіннік, відаць, прызначаны для вежы так званай Фары Вітаўта, паляўнічыя трафеі, гэта значыць, рогі ласёў і аленяў, а таксама шкуры рысяў.

У падвале караля, паводле вопісу, знаходзілася 51 бочка віна.

У манарха была і велізарная стайня, прычым згадваюцца не толькі коні, але нават вярблюды.

Вядомы імёны лепшых і найбольш пародзістых коней. Напрыклад, белы турэцкі конь насіў імя Івашка. А цёмна-гнядога гішпанскага скакуна клікалi Балага. Быў там і жарабец, які атрымаў імя ў гонар гаспадара — Баторы.

Слых манарха павінны былі цешыць музыкі, у карыстанні якіх знаходзіліся клавесін, скрыпкі, некалькі асобнікаў папулярнага яшчэ ў сярэднявеччы духавога інструмента пад назвай шалмей, і іншыя прылады: агулам не меней двух дзясяткаў.

Музыкі. Ханс Бургкмайр старэйшы, пачатак XVI стагоддзя.

Сваім завяшчаннем кароль і вялікі князь падтрымаў будаўніцтва гродзенскага калегіума езуітаў, прысутнасць якіх ён лічыў надзвычай важнай для асветы падуладнага яму краю.

Копія завяшчання Баторыя. Тэкст аб гродзенскім езуіцкім калегіуме з подпісам. Ultima voluntas D. Stephani… 1585 год. Курніцкая бібліятэка.

Асноўная частка пахавання Стэфана Баторыя прайшла ў Кракаве. Аднак урачыстыя абрады пачаліся ўжо ў Гродне. Звесткі аб гэтым можна ўзяць з працы Юліяна Нямцэвіча. Згодна з яго публікацыяй, цела Баторыя адправілі з Гродна 29 красавіка 1588 года.

Такім чынам, цела караля знаходзілася ў Гродне больш за год і чатыры месяцы, або некалькі больш за 500 дзён.

Месца, у якім захоўвалі парэшткі памерлага, таксама з'яўляецца прадметам дыскусій. Найбольш лагічнымі варыянтамі выглядаюць замак, а таксама пабудаваны Баторыем храм, вядомы пазней як Фара Вітаўта, і будынак насупраць гэтага храма, які стаяў на месцы палаца Тэкстыльшчыкаў. У Нямцэвіча пазначана, што выносілі цела з будынка, названага ў арыгінале «gmach». На думку аўтара, гэта сведчыць на карысць нейкага палаца, а не храма.

Існуе, акрамя таго, гіпотэза аб тым, што ўнутраныя органы караля засталіся недзе ў Гродне, бо ў тыя часы цела маглі пахаваць асобна ад, напрыклад, сэрца.

Перад адпраўкай астанкаў манарха была праведзена служба, а несці цела Баторыя павінны былі дваране, у тым ліку і важныя саноўнікі ВКЛ, сярод якiх, адзін з лепшых палкаводцаў краіны за ўсю яе гісторыю, Кшыштаф Радзівіл Пярун.

Ролі ў цырымоніі былі строга абумоўлены. Многія шляхцічы неслі ў руках свечкі. Цела караля паклалі на воз-катафалк, аздоблены чорнай тканінай і з чорным полагам, на якім быў вялікі белы крыж. Каля касцёлаў, з якіх чуўся звон, усталі сотні жабракоў, апранутых у спецыяльнае адзенне. Воз быў запрэжаны коньмі ў чорных капюшонах з гербамі караля. Наперадзе іншых, падчас вынасу цела манарха, ішлі капеланы караля, пасля рухаліся харунжыя са сцягамі, а за імі неслі астанкі Баторыя, далей крочылі віленскі, полацкі і наваградскі ваяводы, якія неслі карону, скіпетр і дзяржаву манарха. Уся гэтая працэсія накіравалася да маста праз Нёман і пакінула горад.

Пасля ўрачыстага выезду з Гродна, цела караля даехала да польскай сталіцы ў маі 1588 года.

Надмагільны помнік Баторыя ў Кракаве. Фота Ігнацыя Крыгера. 1896 год. Нацыянальны музей у Кракаве.

Цырымонія пахавання ў Кракаве доўжылася некалькі дзён, і яе ўдзельнікі выконвалі розныя сімвалічныя дзеянні, у прыватнасці, абрад меркаваў нават уезд у касцёл вершніка на кані і ў даспехах, а потым падзенне яго, з гучным шумам, што павінна было абазначаць смерць караля-рыцара.

Над магілай Баторыя ўзвялі прыгожы помнік, які турысты могуць убачыць у кафедральным саборы Вавеля.

І ўсё ж, воля караля не была выканана, і манарха пахавалі не ў горадзе над Нёманам, дзе ён сам жадаў спачываць, а гэта значыць, што было б справядліва, калі б у Гродне з'явілася сімвалічная магіла (кенатаф) Стэфана Баторыя, які навечна ўпісаў сябе ў гісторыю яго любімага места.

Noblesse oblige, або свет шляхты каралеўскага горада

Станаўленне шляхты ў ВКЛ

Традыцыйна, прывілеяванае саслоўе ВКЛ называлі баярамі. Гэта назва перайшла ў сістэму класавых найменняў Вялікага княства Літоўскага з папярэдніх яму княстваў Русі. Аднак паланізацыя, якая набірала абароты ўжо ў XV стагоддзі, дадала ва ўжытак ВКЛ новую назву — шляхта. Само гэтае слова было, па некаторых дадзеных, прыўнесена ў Польшчу з Чэхіі. На землях Вялікага княства Літоўскага такая назва феадальнага класа прыжывалася паступова, выцясняючы ўжыванне слова «баяры» у якасці іменi феадалаў, хоць пры гэтым баярамі працягвалі зваць людзей, занятых у вайсковай справе. Некаторыя з такіх падданых ВКЛ займалі як бы прамежкавую пазіцыю паміж шляхтай і сялянамі, а пазней многія бедныя прадстаўнiкi баяраў патрапілі ў сялянскае саслоўе. Такім чынам, найменне шляхта зацвердзілася ў якасці назвы прывілеяванага класа, ці, інакш кажучы, дваранства.

У перыяд XVI — XVIII стагоддзяў гэтая праслойка насельніцтва ВКЛ адчувала моцны ўплыў польскай культуры, але ў масе так ніколі і не страціла цалкам самасвядомасці літвінаў, якая была адрозная ад уласна польскай.

Разам з тым, трэба прызнаць, што ў многіх выпадках «літвінства» было праявай «краёвасці», гэта значыць, жыхары ВКЛ усведамлялі сябе жыхарамі рэгіёна Польшчы, «Літоўскай правінцыі», як цяпер жыхары, напрыклад, Шчучыншчыны, могуць усведамляць сваю рэгіянальную самабытнасць, але звычайна не адлучаюць сябе ад беларускага народа.

У асобна ўзятых персаналій, зразумела, былі розныя погляды на гэтае пытанне: ад выразнага адмаўлення ўласна польскай ідэнтычнасці, да поўнага яе прыняцця, таму абагульненнi тут варта рабіць асцярожна.

Найважнейшай падзеяй, якая абумовіла масавую паланізацыю, стала вядомая Люблінская ўнія 1569 года.

На ваенных аглядах

Паланізацыя канкрэтна гродзенскай шляхты можа быць добра прасочана, у прыватнасці, вельмі простым спосабам: з дапамогай дадзеных «попісаў», ці, інакш кажучы, ваенных аглядаў шляхты. Там гарадзенцы прадстаўлялі свой павет, які ўваходзіў у Троцкае ваяводства. Свайго ваяводства ў горада не было да самага канца XVIII стагоддзя, хаця фактычнае значэнне Гродна ўжо ў XVI стагоддзі было вышэй, чым у ваяводскага цэнтра — Трок.

У пераліку войска 1565 года, зробленым незадоўга да фармальнага аб'яднання ВКЛ і Польшчы ў канфедэрацыю, якую мянуюць Рэччу Паспалітай, згадваюцца, сярод многіх гродзенскіх воінаў, наступныя людзі: гродзенскі харунжы Богуш Пятровіч Міцута, Іван Карп, Сідар Касцюковіч, Ждан Паўловіч Эйсмантовіч, Нячай Тышык ды іншыя прадстаўнікі русінскіх і балцкіх па паходжанні мясцовых родаў.

Часцяком, байцы ўзбройваліся ашчэпамі, гэта значыць, дрэўкавай зброяй. Аб некаторых гродзенцах сказана, што яны мелі, корд або сякеру, а часам лук і стрэлы.

Конныя воіны Польшчы і ВКЛ у прадмесці Гродна. Панарама Адэльгаузера-Цюндта, 1568 год.

У пераліку ёсць і жанчыны, напрыклад, Федзя Сяньковая, якая, канешне, не была ваеннаабавязанай, але выставіла маладога чалавека на кані і з ашчэпам.

Агнястрэльная зброя ўсё яшчэ была рэдкім задавальненнем для мясцовых шляхцічаў, аднак сёй-той з дваран валодаў і такiм небяспечным для ворага прадметам. Напрыклад, Станіслаў Глядавіцкі, які зрабіў нядрэнную кар'еру ў павеце, меў у арсенале аркебузу.

На пачатку XVII стагоддзя на сцягу гродзенскага павета была выява «Пагонi». Коннік на гродзенскім палотнішчы сядзеў на чорным кані, чорны і чырвоны колеры вылучаліся і ва ўборы самога «рыцара збройнага».

Рыцар на харугве Гродзенскага павета ў часы Жыгімонта Вазы. Малюнак аўтара, па матывах арыгінала.

Перапіс 1765 года таксама цікавы. Пара соцень гадоў, вядома ж, значны перыяд, і згаданыя ў спісе паны прыкметна адрозніваюцца ад сваіх прашчураў з XVI стагоддзя.

8 ліпеня 1765 года гродзенскі харунжы Міхаіл Эйсмант выдаў універсал, які загадваў шляхце сабрацца на агляд. Сярод прыбылых шляхцічаў ёсць людзі, якія мелi такія імёны: Шымон Кульбацкі, Рох Снарскі, Шымон Пурскі, Каспер Тамашэўскі. Вось тут якраз і можна заўважыць, што нават самі імёны прадстаўнікоў гродзенскага павета гавораць пра ўплыў польскай культуры.

Пісталет XVIII стагоддзя. Нацыянальны музей у Кракаве.

Агнястрэльная зброя, у той час, ужо не была вялікай рэдкасцю, і шляхцічы выкарыстоўвалi як халоднае ўзбраенне, і перш за ўсё шаблю, так і зручныя для кавалерыстаў пісталеты. Аднак бедныя прадстаўнікі шляхты часам не мелі нават каня. Напрыклад, пан Якук Кажэнеўскі быў на перапісе пешым, хоць і меў пры сабе шаблю.

Высакародныя сарматы

Ваенная справа, безумоўна, займала асаблівае месца ў жыцці шляхецкага саслоўя ВКЛ, у тым ліку і гродзенскіх дваран.

Укаранёная ў асяроддзі шляхты, якраз у перыяд XVI — XVII стагоддзяў, ідэалогія сарматызму, якая абгрунтоўвае асаблівае паходжанне мясцовай эліты, нібы адрознай па крыві ад сялян, была прасякнута культам сілы і вайсковай доблесці. Шляхціц-сармат павінен быў быць сапраўдным рыцарам, абаронцам айчыны і сваёй веры.

Прадэманстраваць свае баявыя навыкі высакародны воін мог падчас паспалітага рушэння, то бок, усеагульнай ваеннай мабілізацыі шляхты.

Цікава, што сарматызм, у значнай ступені, арыентаваўся на ўсходнюю культуру, і перш за ўсё гэта выяўлялася ва ўзорах адзення і ўзбраення.

Наплечнік гусара Рэчы Паспалітай ХVІІ стагоддзя. Гарадзенскі гісторыка-археалагічны музей.

Адной з прыкметных праяў сармацкай культуры, і яе своеасаблівым сімвалам, з'яўляецца цяпер так званы сармацкі партрэт, а адным з лепшых прыкладаў такога мастацтва — выява Кшыштафа Весялоўскага, маршалка ВКЛ, заснавальніка гродзенскага кляштара брыгітак, дзе гэты ўплывовы саноўнік быў пахаваны.

Кшыштаф намаляваны ў палацавым інтэр'еры. На магнаце досыць строгае, але багатае адзенне. На стале ляжыць шапачка з каштоўным упрыгожаннем. У правай руцэ Кшыштафа жазло — сімвал улады маршалка. Жазло ўпрыгожвае каралеўская манаграма Жыгімонта Вазы. Левая рука на шаблі. Значэнне гэтага віду зброі ўвогуле было надзвычайным, бо шабля з'яўлялася адным з абавязковых атрыбутаў шляхціца, знакам яго высакароднага паходжання.

Кшыштаф Весялоўскі. Партрэт з манастыра брыгітак у Гродне, 1636 год. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

Тут дарэчы ўспомніць, што англійскі падарожнік Уільям Кокс, які наведваў Гродна і іншыя гарады рэгіёну ў другой палове XVIII стагоддзя, атрымаў ад мясцовага двараніна параду насіць зброю, калі падарожнікі сапраўды належаць да дваранскага саслоўя. Сарматызм усё яшчэ квітнеў у мясцовай культуры і кантраст ментальнасці літоўскіх шляхцічаў з ментальнасцю адукаванага англійскага джэнтльмена, ці нават караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста, можна заўважыць і ў мемуарах Кокса, і ва ўспамінах апошняга манарха.

Шабля караля Станіслава Ляшчынскага, XVIII стагоддзе. Нацыянальны музей у Кракаве.

Тут варта яшчэ адзначыць важны элемент сарматызму — веру ў рэспубліканскі лад, і жаданне абмежаваць уладу караля. Падобныя ідэалы могуць выглядаць надзвычай прагрэсіўнымі, у межах перыяду існавання Рэчы Паспалітай, аднак менавіта шляхецкая вольніца, у выніку, і загубіла гэтую магутную еўрапейскую дзяржаву.

Рэлігія

Акрамя мілітарызму, у падмурку ідэалогіі мясцовай шляхты ляжаў яшчэ адзін найважнейшы элемент. Асновай светапогляду літвінскага дваранства была вера, і нягледзячы на рэлігійную талерантнасць, наяўнасць у краіне шляхты праваслаўнага, пратэстанцкага, уніяцкага веравызнання, усё ж найбольш зручным для прасоўвання па кар'ернай лесвіцы, у перыяд XVII—XVIII стагоддзяў, быў менавіта каталіцызм. Не выпадкова таму, што гарадзенскі стараста Фрэдэрык Сапега, які жыў у першай палове XVII стагоддзя, перайшоў у каталіцтва, перастаўшы быць «схізматыкам», і нават заснаваў у Гродне кляштар дамініканаў, як бы дэманструючы сваю актыўную падтрымку каталіцкай веры.

Варта тут адзначыць і магутны гродзенскі род Валовічаў, радавой пахавальняй якіх была старадаўняя Прачысценская царква, пабудаваная яшчэ ў XII стагоддзі.

Але ў XVII стагоддзі ўсе заўважныя прадстаўнікі гэтага дома з'яўляюцца каталікамі, і ў іх шэрагах знаходзіцца нават кіраўнік каталіцкай царквы ВКЛ, віленскі біскуп Яўстафій Валовіч.

Спроба шэрагу магнатаў XVI стагоддзя, такіх як Астафiй Валовіч, прасоўваць у ВКЛ пратэстантызм, увогуле была няўдалай.

Значныя праваслаўныя роды актыўна пераходзілі ў каталіцтва, і на пачатку XVIII стагоддзя вышэйшая праслойка дваранства была амаль выключна каталіцкай.

Панаваў каталіцызм і ў асяроддзі гродзенскай шляхты XVIII стагоддзя.

Па ўспамінах Яна Ахоцкага, выхаванне шляхціча-каталіка, у веры касцёла, пачыналася ўжо ў калысцы. Нядзіўна таму, што фанатычна настроеных каталікоў сярод шляхты было шмат.

Маёмаснае расслаенне

Фармальная роўнасць усіх прадстаўнікоў шляхецкага саслоўя, вядома, ніяк не перашкаджала шырокаму ранжыру дваран ВКЛ на аснове іх рэальнага ўплыву.

Расслаенне шляхты было надзвычай моцным, і беззямельнага шляхціца-галоту аддзяляла ад самых забяспечаных дваран, прынамсі ў маёмасным плане, значна шырэйшая прорва, чым тая, што размяжоўвала яго з сялянамі.

Бедны шляхцюк мог хадзіць у драўляных лапцях і жыць у доме свайго гаспадара, напрыклад, сярэдняга шляхціца, у якасці слугі. У гэты ж самы час, верхняя праслойка шляхты, гэта значыць, магнатэрыя, валодала вялікай колькасцю рухомай і нерухомай маёмасці. Гарады, вёскі, землі і незлічоныя сяляне — усё гэта складала ўласнасць алігархічнага класа эліты ВКЛ.

Тоўсты і п'яны шляхціц. Я. П. Норблін, 1784. Нацыянальны музей у Кракаве.

Сярод досыць шырока прадстаўленых у гродзенскай павятовай іерархіі дамоў, маркіраваць магнацкім статусам можна Валовічаў, Храптовічаў, Масальскіх і, з некаторымі агаворкамі, Сцыпіё-дэль-Кампа.

Зразумела, магнатамі былі Сапегі і Хадкевічы, якія мелі дастаткова цесную сувязь з Гродна.

Статус тых ці іншых высакародных фамiлiй мог мяняцца на розных гістарычных адрэзках, і, хоць, найбольш уплывовыя магнаты, такія як Радзівілы, Сапегі і Чартарыйскія, нязменна вылучаліся сваёй магутнасцю на працягу ўсяго перыяду XVI — XVIII стагоддзяў, усё ж нават у гэтых знакамітых паноў здараліся моманты некаторага заняпаду.

Да сярэдняй гродзенскай шляхты можна аднесці, да прыкладу, вядомыя ў павеце роды Аляксандровічаў, Катовічаў, Эйсмантаў, Кірдзеяў і Вальмераў, якія ў розныя перыяды гістарычнага адрэзка ад XVI да XVIII стагоддзя, дабіваліся дастаткова значных пазіцый у мясцовай іерархіі.

Менш магутныя роды, такія як Сапоцькі і Баўфалы, таксама мелі ў сваіх шэрагах людзей, займаючых важныя пасады ў гарадзенскім павеце.

Найбяднейшая частка шляхты не дабіралася да пастоў у гродзенскім павеце, i канешне, звычайна, не магла зрабіць адчувальнага ўкладу ў гісторыю рэгіёна і краіны, хоць яе дзеі, нярэдка, цікавяць прамых нашчадкаў, якія капаюць архівы дзеля знаёмства з беднымі, але ганарлівымі павятовымі сарматамі.

Палітычнае жыццё

На ўзроўні палітычнага жыцця, найважнейшай для шляхты ВКЛ, у тым ліку і гродзенскіх дваран, была сістэма сеймікаў, якая прыжылася, а затым і была ліквідаваная ў Літве, якраз у перыяд XVI — XVIII стагоддзяў.

Сеймік уяўляў сабой сход шляхцічаў павета ці ваяводства, на якім мясцовая эліта вырашала розныя пытанні.

Па сутнасці, сеймік нагадваў старажытнарускае веча, з той, праўда, розніцай, што верхаводзiла тут толькі прывілеяваная частка грамадства — праслойка дваран, а не ўсе свабодныя главы гарадскіх сем'яў.

Сеймікі дзяліліся паводле свайго прызначэння.

Сейм у Сенатарскай зале Баторыеўкі, у Гродне. Малюнак XVIII стагоддзя.

Перадсеймавы сеймік быў прызначаны для выбару рэгіянальных паслоў на агульнадзяржаўны сейм Рэчы Паспалітай.

Рэляцыйны сеймік заслухоўваў даклады паслоў, што прыбылi з агульнадзяржаўнага сейма і, тэарэтычна, мог адмовіцца прыняць прадстаўленыя рашэнні фактычнага парламента краіны. Важным пытаннем такіх сеймікаў з'яўляліся пытанні падаткаў, збор якіх маглі і не зацвердзіць. Напрыклад, паводле дзённіка Яна Храпавіцкага, гарадзенскі рэляцыйны сеймік у снежні 1669 года, прайшоў з удзелам малой колькасці шляхты, і паседжанне завяршылася без ухвалення падаткаў.

Элекцыйны сеймік быў прысвечаны элекцыі, гэта значыць, выбару шляхцічаў на некаторыя пасады, напрыклад, на пасаду мясцовага падкаморыя.

Каптуравы сеймік збіраўся пасля смерці караля і меў характар арганізаванага замяшчэння каралеўскай улады, быццам згубленай у выніку смерці манарха, у прыватнасці, шляхта выбірала членаў каптуровага суда, які быў неабходны ў сувязі з тым, што суды, якія дзейнічалі ад імя ўладцы, пераставалі працаваць. Пасля ўзыходжання на трон новага караля і вялікага князя, каптуровыя суды спынялі працу, а манарх павінен быў зацвердзіць іх рашэнні.

Дэпутацкі сеймік выбіраў дэпутатаў, ці інакш кажучы, суддзяў, у Трыбунал ВКЛ, то бок, у вышэйшы дзяржаўны суд краіны.

На гаспадарскім сейміку вырашаліся пытанні падаткаў.

Гарадзенскія сеймікі праходзілі ў розных месцах, напрыклад, у касцёле бернардынцаў, інтэр'ер якога быў распісаны гербамі мясцовай шляхты.

Галасаванне на сейміку ў касцёле. Я. П. Норблін, 1801. Нацыянальны музей, Кракаў.

Шляхцічы, абраныя дэпутатамі ў літоўскі трыбунал ці пасламі на сейм, натуральна, мелі ўсе падставы ганарыцца сваімі статусамі. Для прадстаўнікоў не надта заможных родаў сярэдняй шляхты, удзел у сеймах і трыбуналах мог стаць адным з найвышэйшых дасягненняў у кар'еры. Не выпадкова таму, што статус пасла і выкананне абавязкаў суддзі згаданы ў рыфмаванай эпітафіі гродзенскага шляхціца Міцуты, пахаванага ў фарным касцёле Гродна.

Адвакат у судзе. Я. П. Норблін, пасля 1750. Нацыянальны музей, Кракаў.

Выбраныя паслы рэгіянальных сеймікаў ездзілі на сеймы ў Варшаву, Кракаў або Гродна, дзе прадстаўлялі інтарэсы сваіх рэгіёнаў у спецыяльнай Пасольскай iзбе.

Верхняя праслойка шляхты, якая займала пэўныя вышэйшыя пасады краіны, мела месцы ў Сенаце. Такіх шляхцічаў называлі, адпаведна, сенатарамі. Сенатары і паслы, разам з манархам, вяршылі лёсы Рэчы Паспалітай, хоць удзел у сеймах, паводле некаторых звестак, прымалі яшчэ і мяшчанскія дэлегацыі асобных гарадоў, у тым ліку і Гродна, але ўсё ж улада ў краіне належала шляхце.

Самі паседжанні сейма часцяком напаўняліся звадамі, і палітычны працэс ішоў пад акампанемент мноства крыкаў разгарачаных шляхціцаў. Дадаткова ўскладняла гэтыя сесіі магчымасць выкарыстання знакамітага права «liberum veto», паводле якога любы дэпутат мог спыніць працу сейма, толькi па сваім жаданні. Некалькі парадаксальным, на гэтым фоне, выглядае захаванне дастаткова складанага цырыманіялу. Перад паседжаннямі адбывалася абавязковае набажэнства, шляхцічы агучвалi ўступныя прамовы, і нават рассаджваліся ўдзельнікі паводле іерархіі: на першых месцах у Сенатарскай залi сядзелі вышэйшыя царкоўныя саноўнікі, а потым ужо сенатары свецкія.

У Пасольскай iзбе паслы займалі месцы і галасавалі таксама ў пэўным парадку.

Старшынстваваў на сейме сеймавы маршалак. Для таго, каб суняць хаас, які напаўняў паседжанні, яму даводзілася прыкладаць немалыя высілкі. Тут маршалку быў вельмі прыдатны сімвал яго ўлады — жазло. Вільгельм Шлемюлер успамінае, як на гродзенскім сейме 1752 года, сеймавы маршалак, і радавіты гродзенскі шляхціц, Юзаф Андрыян Масальскі, стукаў жазлом па падлозе, патрабуючы цішыні.

Арыстакратычныя сем'і, як было сказана вышэй, абапіраючыся на сваю эканамічную моц, кантралявалі размеркаванне вышэйшых пасад, таму менавіта магнаты займалі iх.

Зрэдку да верхавіны шляхецкай іерархіі мог дабрацца і які-небудзь сярэдні шляхціц, да прыкладу, Андрэй, прадстаўнік гродзенскага роду Катовічаў, змог стаць кашталянам віленскім і, адпаведна, увайсці ў Сенат.

Сенатар і Смерць. Фрагмент палатна «Танец Смерці», манастыр брыгітак у Гродне, XVII—XVIII ст.

Паслы, якія, звычайна, прадстаўлялі не самыя бедныя, па мерках павета, сем'і, атрымлівалі інструкцыі ад свайго сейміка і павінны былі вырашыць мясцовыя пытанні на агульнадзяржаўным узроўні.

Часам шляхта магла аб'яднацца ў своеасаблівы саюз, закліканы забяспечыць інтарэсы шляхецкага саслоўя, так званую «канфедэрацыю». Зваліся канфедэрацыі, часцяком, па месцы стварэння.

Гародня з'яўлялася адным з самых папулярных месцаў для такіх саюзаў. У горадзе над Нёманам было створана некалькі канфедэрацый, у тым ліку і адно з апошніх шляхецкіх аб'яднанняў — Гродзенская канфедэрацыя 1793 года.

Шляхта ВКЛ магла звяртацца ў розныя суды, а працэсы ў іх нярэдка мелі палітычнае значэньне.

Дваранам, у тым ліку і гродзенскім, служылі, сярод іншых: асэсарскі, земскі, падкаморскі і гродскі суды. Кожны з іх меў пэўныя асаблівасці. Напрыклад, асэсарскі суд, ці інакш «асэсорыя», займаўся, апроч іншага, пытаннямі, якія былі звязаныя з каралеўскімі маёнткамі. Старшынстваваць там павінен быў канцлер ці падканцлер.

Вядома, што ў «асэсорыі», якая праходзіла ў Гродне ў 1751 годзе, старшыняваў князь Міхаіл Фрэдэрык Чартарыйскі, падканцлер ВКЛ і гарадзенскі стараста.

Па ўспамінах аднаго з асэсараў, Марціна Матушэвіча:

«На гэтую асэсорыю з'ехалася амаль уся Літва, і для спраў, і для розных выгод, і дзеля будучых сеймікаў дэпутацкіх, і каб спадабацца князю падканцлеру».

У гэтым паведамленні адлюстроўваецца найважнейшы момант палітычнай сістэмы Рэчы Паспалітай, а менавіта: важнасць пратэкцыі найбольш уплывовых магнатаў, якія запраўлялі не толькі дробнай і сярэдняй шляхтай, але нават менш магутнымі магнатамі. Падобная сістэма завецца «кліенцкай». Кліентам у такіх адносінах выступаў менш магутны шляхціц, а патронам больш уплывовы, які нярэдка валодаў магнацкім статусам. Менавіта тут залатое правіла «кліент заўсёды мае рацыю» можа быць пераасэнсавана ў іранічным ключы.

Патронам, дарэчы, магла быць і жанчына магнатка, і аб пратэкцыі «вяльможнай панны дабрадзейкi» прасілі не менш лісліва, чым аб пратэкцыі магната мужчыны.

Пасады

Кар'ера шляхціца не абмяжоўвалася атрыманнем статусу пасла на сейм ці дэпутата-суддзі ў судовым органе. Доўгі пералік дзяржаўных пасад вабіў дваран сваімі перспектывамі. Пасты шляхцічу маглі даць яго таварышы на сейміку, або манарх. Назвы пасад і фармальныя абавязкі гэтых чыноўнікаў XVI — XVIII стагоддзяў, безумоўна, могуць быць вельмі цікавымi.

У гарадзенскім павеце шляхціц мог заняць наступныя пасады ці, інакш кажучы, урады:

Войскі — прыглядаў за парадкам у павеце. Пасада была па-свойму ўнікальнай, бо такi чалавек павінен быў забяспечваць жыццё сем'яў шляхты, што пайшла на вайну. Такім чынам, выконваючы абавязкі войскага шляхціц заставаўся ў адноснай бяспецы, пакуль яго таварышы па зброі ваявалі. Зразумела, на падобную «амаль сінякуру» лагічна было ставіць пажылых мужчын з добрай рэпутацыяй, аднак на практыцы часта атрымлівалася інакш.

Гараднічы — павінен быў прыглядаць за гарадамі і замкамі, захоўваў ключы ад важных дзвярэй горада.

Земскі суддзя — з'яўляўся кіраўніком земскага суда.

Лоўчы — першапачаткова чалавек, які займаўся арганізацыяй манаршага палявання.

Маршалак земскі або павятовы маршалак — кіраўнік мясцовых сеймікаў, які меў і некаторыя іншыя важныя паўнамоцтвы. Адзін з найважнейшых чыноўнікаў павета.

Гарадзенскі маршалак упаў з каня. Фрагмент роспісу лаў у Кангрэгацкай капліцы фарнага касцёла Гродна. Фота М. Супрон.

Мечнік — асоба, якая наглядае за ўзбраеннем уладцы.

Пісар земскі — той, хто клапаціўся пра кнігі земскіх судоў, займаўся напісаннем судовых пратаколаў.

Падкаморы — галоўны суддзя ў падкаморскім судзе.

Падстараста — намеснік старасты.

Падстолій — першапачаткова намеснік стольніка, які нават нёс перад ім ягонае жазло.

Падсудак — намеснік земскага суддзі.

Падчашы — ураднік, які першапачаткова займаўся каралеўскім кубкам, клапоцячыся аб тым, каб патрэбны напой заўсёды быў даступны для манарха.

Стараста градовы — адміністратар староства і старшыня гродскага суда.

Стольнік — першапачаткова падобная пасада быў звязана з клопатам пра стол манарха.

Харунжы — тытулярны сцяганосец, які аб'яўляў ваенны збор мясцовай шляхты і камандаваў ёй, часам з дапамогай памочнікаў — ротмістраў.

Чашнік — яшчэ адзін «алкагольны» пост. Абавязкі чашніка паходзілі на абавязкі падчашага, які першапачаткова быў яго памагатым.

Акрамя вышэй пералічаных існавала яшчэ мноства пасад-тытулаў, да прыкладу: мастаўнiчы, ляснічы, дзераўнiчы, крайчы, будаўнічы, неваднічы, піўнічы.

Большасць урадаў паступова сталі толькi ганаровымі пасадамі.

Жанчыны не займалі пасад, але выкарыстоўвалі тытул мужа ці бацькі. Напрыклад, жонка ваяводы — гэта ваяводзіна, а дачка — ваяводзянка. Чытачы могуць самастойна, у рамках практыкума, утварыць жаночыя формы тытула дзераўнiчы. А чытачкі, акрамя таго, спытаць сябе: хацелі б яны быць дачкой дзераўнiчага і насіць адпаведны тытул ці ўсё ж такі не.

У канцы існавання Рэчы Паспалітай, Гародня нарэшце атрымала сваё ваяводства, і ў іерархіі гродзенскай шляхты з'явіліся значныя пасады ваяводы і кашталяна.

Канешне, прадстаўнікі мясцовых родаў далёка не заўсёды абмяжоўваліся ўнутранай кар'ерай, і часам даходзілі да агульнадзяржаўных пасад. Некаторым удалося атрымаць нават найважнейшыя свецкія, ваенныя і духоўныя пасады ВКЛ, то бок, заняць урады маршалка вялікага, канцлера, вялікага гетмана і віленскага біскупа.

Паўсядзённае жыццё

Рэлігійны светапогляд і вучоба

Як ужо было сказана раней, рэлігійны светапогляд вызначаў канву жыцця сярэднестатыстычнага шляхціча ВКЛ у перыяд XVI — XVIII стагоддзяў. Гарадзенскія дваране не былі выключэннем.

Шляхта жыла ў сістэме царкоўных святаў і рэгулярна наведвала храмы. Напрыклад, гетман вялікі літоўскі Міхаіл Масальскі, любіў падоўгу маліцца ў гарадзенскім езуіцкім касцёле.

Жонка віцебскага ваяводы Яна Храпавіцкага неяк адправілася на богаслужэнне ў Гродна, з найбліжэйшага маёнтка. Яна ішла пешшу і прыхапіла з сабой дзяцей. Зроблена гэта было, відаць, дзеля дэманстрацыі асаблівай рэлігійнай стараннасці, аналагічнай той, што дэманструюць пешыя паломнікі XXI стагоддзя.

Рэлігійны складнік прывіваўся дамашнімі настаўнікамі, а таксама ў езуіцкіх калегіумах і Віленскім універсітэце, які заснаваў Стэфан Баторый, пераўтварыўшы ў езуіцкую акадэмію віленскі калегіум.

Важкі ўклад у развіццё мясцовай адукацыі ўнеслі і іншыя каталіцкія ордэны, у прыватнасці, дамініканцы: іх гродзенская навучальная ўстанова была адной з найлепшых у краіне і магла пахваліцца адной з самых вялікіх бібліятэк у ВКЛ.

Канешне, багатая шляхта нярэдка выязджала вучыцца за мяжу.

Паляванне і рыбалка

Адным з базавых заняткаў гродзенскіх шляхцічаў, самых розных узростаў, з'яўлялася паляванне. Падобнае баўленне часу дапамагала (аўтар тут не пасаромеецца каламбура) забіць адразу некалькіх трусаў.

Паляванне на аленя. Стэфана дэла Бэла. XVII стагоддзе. Нацыянальная бібліятэка Польшчы.

Паляванне служыла забавай, разнавіднасцю ваеннай трэніроўкі, а трафеі, безумоўна, былі карысныя і маглі выкарыстоўвацца для прыгатавання страў з дзічыны, а, акрамя таго, у шляхецкай гаспадарцы не былі лішнімі і шкуры здабытых жывёл.

Гарадзенскія лясы славіліся як выдатнае месца для пераследу дзічыны, і нездарма пакоі Стэфана Баторыя, у яго замку, былі запоўнены шматлікімі паляўнічымі трафеямі, а на гербе горада красуецца алень святога Губерта (альбо Яўстафія) гэта значыць, нябеснага заступніка палявання.

Не цураліся шляхцічы і рыбалкі. У 1699 годзе, Кшыштаф Завіша лавіў рыбу ў вельмі элітнай кампаніі, і напісаў пра гэта так:

«Я адправіўся ў Гродна, разам з чашнікам ВКЛ Тарло, дзе ён ладзіў сваім слугам вяселле. Падчас знаходжання ў Гродне, мы ўвесь час вялі гутаркі на розных вячэрах і паседжаннях. Калі мы выязджалі з Гродна, нас запрасілі на рыбалку да пана Язерскага, дзе былі пан гетман, пан чашнік і іншыя».

Тут варта заўважыць, што рыбакі тых гадоў, гэтак жа як паляўнічыя, мелі магчымасць здабываць значна больш шматлікія і разнастайныя трафеі. Гарадзенскі рыбак мог злавіць цудоўнага ласося, стронгу ці нават вялізнага асятра, і шляхта, варта заўважыць, з задавальненнем смакавала рыбныя стравы.

Транспарт і сувязь

Больш-менш буйныя саноўнікі шмат ездзілі па краіне, удзельнічая ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай.

Перамяшчацца паміж гарадамі, або па вуліцах аднаго населенага пункта, можна было на кані, або ў экіпажы.

Вядома, што Марцін Матушэвіч ехаў у карэце гетмана Масальскага ад гродзенскага езуіцкага касцёла да замка.

Часам выкарыстоўваўся і рачны транспарт.

Суднаходства на гродзенскай зямлі было развіта з даўніх часоў, і ў басейне Нёмана нават будавалі асаблівыя судны, якія лічыліся характэрнымі менавіта для гродзенскага карабельства. Гаворка пра вялізныя віцiны, даўжыня якіх, паводле некаторых звестак, перавальвала за 40 метраў. У 60-х гадах XVII стагоддзя, шляхціц Міланоўскі, слуга Яна Храпавіцкага, плыў на такім судне па Нёмане, але п'яны рулявы не справіўся са сваёй справай і лёс «Тытаніка» віціна не паўтарыла, паводле Храпавіцкага, дзякуючы таму, што «Цудоўным чынам яе Бог выратаваў».

Бесплатный фрагмент закончился.

Купите книгу, чтобы продолжить чтение.