16+
Трыкутнiк караля

Объем: 170 бумажных стр.

Формат: epub, fb2, pdfRead, mobi

Подробнее

Частка I. Трыкутнiк караля

Глава 1. У тры гадзіны дня

Мечыслаў ужо даволі доўга бадзяўся па цэнтры горада, пазіраючы на будынкі. Гэта быў звычайны працоўны дзень, абедзенны час якога Мечык праводзіў вывучаючы свой любімы горад. Гродна стаў яму родным, хоць вырас ён у невялікім мястэчку нездалёк.

Старыя, крывыя вулачкі, велічныя касцёлы — у гэта ўсё цяжка было не ўлюбiцца. Мечык і не спрабаваў супраціўляцца абаянню горада. Ужо ў першы прыезд ён ведаў, што хацеў бы жыць тут, сярод усёй гэтай прыгожай даўніны, якая не палохала чалавека сваёй несувымернай яму веліччу, хоць падобнае можна было сказаць, да прыкладу, пра Фарны касцёл, але ўсё ж не — і ён быў Мечыку сваім, як сябар дзяцінства, з якім звязваюць гады дробных свавольстваў і грубых правін, радасцяў і крыўдаў. Гарадзенская даўніна ўлагоджвае гараджан, радасна ўсміхаючыся ім мілавіднымі фасадамі, з маленькімі балкончыкамi, над каменным тратуарам.

Вось ужо некалькі гадоў бліскучы выпускнік аднаго з польскіх універсітэтаў, магістр гістарычных навук — пан Мечыслаў, працаваў, не пакладаючы рук, зусім не па сваёй спецыяльнасці. Працаваць прыходзілася не галавой, а рукамі і хоць, па сутнасці, Мечык нічога не меў супраць такой працы, у глыбіні душы варушылася крыўда ні то на сябе, ні то на краіну, ні то на тых, хто быў вінаваты ў такім становішчы яго краіны.

Каб філасофстваваць, зрэшты, у Мечыслава было не вельмі шмат часу. Хлопец ужо паспеў абзавесціся жонкай і маленькім дзіцём, і абодва гэтых родных і блізкіх яму чалавека, зразумела, патрабавалі самай пільнай увагі, якую Мечык з задавальненнем аддаваў ім, не забываючы пры гэтым і пра сваю творчасць.

Тварыць жа Мечыслаў мог не толькі гістарычныя нататкі, але і карціны. Гісторык сапраўды нядрэнна маляваў. Такая адоранасць, безумоўна, яшчэ больш распальвала жаданне Мечыка працаваць у асноўным сваім розумам, а не мускуламі.

У абліччы гэтага маладога, дваццаці з лішнім гадоў ад нараджэння, чалавека, была прыкметная ахайнасць. Характар пана Мечыслава быў не самы спакойны, хоць гэты добры па натуры хлопец не трацiў разважлівасьці і валодаў здольнасцю стрымліваць гарачыя парывы сваёй душы, у тыя моманты, калі яна клікала яго наперад.

Розум падказваў Мечыку, што актыўныя дзеянні не заўсёды патрэбныя і што вось так проста ўзяць і даць бязглуздаму балбесу па фізіяноміі — не заўсёды лепшае, хай нават і вельмі жаданае, рашэнне.

Не гледзячы на немагчымасць зарабляць сваёй любiмай спецыяльнасцю — гісторыяй, хоць колькі-небудзь прыстойныя грошы, Мечыслаў не кідаў сваіх заняткаў на ніве Кліо, а проста рабіў гэта ў вольны ад асноўнай працы час.

Так і зараз, у свой абед, малады чалавек хадзіў па горадзе і прымячаў тое, што яму было трэба для нататак, якія ён публікаваў у гістарычных часопісах. У распрацоўцы гісторыка было адразу некалькі артыкулаў, а прагулкі па Гродна звычайна натхнялі яго і на новыя ідэі, таму ён не спяшаўся вяртацца на працу, а ўсё блукаў і блукаў сярод мінакоў, як звычайна ў такі час, трохі спяшаючыхся і панурых, сноўдаючых па сваіх справах.

Мечыслава моцна засмучала тое, што ў яго любімым горадзе ўжо даўно даволі бязладна ставіліся да гістарычнай спадчыны. Мечык быў актыўным крытыкам дзеянняў гарадской адміністрацыі, якая разбурала старадаўнія ансамблі вулачак і плошчаў Гродна. Імкнучыся хаця б зафіксаваць на фота, атакаваных людзьмі, маўклівых сведкаў мінулага, Мечыслаў не раз дакараў сябе, калі не паспяваў да якога-небудзь доміка, са сваім фотаапаратам, раней, чым да яго паспявалі, разнамасныя групы рабочых з бульдозерам. Таму ён з вялікай увагай працягваў блукаць па старым цэнтры, узіраючыся ў знаёмыя кварталы і, з унутраным трымценьнем, уяўляў сабе чарговыя работы па паляпшэнню гарадской інфраструктуры, якія праз раз зводзіліся да разбурэння горача любiмага ім, прыгожага беларускага горада.

Цяпер ён ішоў па вуліцы Савецкай, якая выглядала зусім не па-савецку. У адным з закуткоў, што адкрываліся воку з гэтай вуліцы, некалькі чалавек у робах капалі яму.

Адным з вялікіх інтарэсаў Мечыслава была археалогія. Веды маладога чалавека ў гэтай дысцыпліне былі сапраўды шырокімі. Яшчэ ў гады першых курсаў універсітэта, ён актыўна ўдасканальваў свае навыкі археолага, абганяючы праграму і здзіўляючы выкладчыкаў. Пазней Мечык любіў аглядаць траншэі выкапаныя рабочымі на вуліцах Гродна. У іх амаль заўсёды можна было знайсці нешта цікавае для археолага. Сырая зямля, яе выгляд і пах, ужо абяцалі Мечыславу плойму адкрыццяў, і ён лёгка знаходзіў дзіўныя рэчы там, дзе іншыя мінакі бачылі толькі камякі гразі, брыдка прыліпаючыя да чыстага, яшчэ пахкага свежай скурай і офісам, абутку.

Рабочыя часцяком са здзіўленнем глядзелі на невядомага ім маладога чалавека, які вывучаў плён іх працы, але мала хто цікавіўся: што ж спатрэбілася яму тут і навошта трэба разглядаць і перабіраць кучы зямлі, выкінутай на агляд прахожых вялікімі рыдлёўкамі — шуфлямі, як іх называлі самі працаўнікі гарадской гаспадаркі.

Мечык не стаў паварочваць, каб паглядзець на яму рабочых у закутку, бо ён бачыў яе ў мінулы раз, а працягнуў рухацца наперад.

Дайшоўшы да канца вуліцы, ён павярнуў у сквер на месцы разбуранага галоўнага каталіцкага храма Гродна — Фары Вітаўта, і, прайшоўшы міма нейкай парачкі, якая займала, як звычайна, лаўку ля краю сквера, павярнуў на вуліцу Замкавую, накіроўваючыся ў бок гродзенскіх каралеўскіх рэзідэнцый. Перад ім маячыла высокая пажарная вежа. Яна была падобная да сярэднявечнай абарончай, мела фігурны флюгер і бутафорскага пажарніка на верхняй пляцоўцы.

Перайшоўшы дарогу побач з упрыгожаным гербам Гродна асабняком арыстакратаў Храптовічаў, Мечыслаў накіраваўся да драўлянай статуі Вітаўта, падоранай шмат гадоў таму літоўцамі, і калі дайшоў да яе, павярнуў налева, у Новы замак. Ззаду засталіся вароты замка з фігурамі каменных сфінксаў, якiя вось ужо больш за дзвесце гадоў ахоўвалі ўваход у былую каралеўскую рэзідэнцыю.

Звярнуўшы направа, Мечыслаў апынуўся на абрыве над мірнай плынню Нёмана. Тут адкрываўся цудоўны від на Стары замак і Каложскую царкву. Унізе, па набярэжнай, рухаліся малюсенькія фігуркі людзей, сонца свяціла ярка і яго цяпло можна было лёгка адчуць, падставіўшы твар, з заплюшчанымі вачыма, пад ззянне, якое напаўняла ўсю прастору. Аблокі — шырокія, пакрытыя неверагодна складанымі разводамі, у прасвеце якіх і гарэў яркі сонечны шар, засланялі сабою амаль усё неба, і, здавалася, віселі нізка над іскрыстымі, зялёнымі хвалямі ракі, адкрываючы ў далі, размыты блакітнай смугой пейзаж, што дэманстраваў высокія груды-горы над самым лесам.

Палюбаваўшыся гэтай карцінай, Мечыслаў працягнуў свой шлях. Прайшоўшы ўздоўж правага крыла каралеўскага палаца, якое выходзіла да абрыву, ён павярнуў налева i выйшаў да паўкруглага палацавага эркеру.

Тут корпаліся пяцёра рабочых, яшчэ столькі ж сядзела на прыступках перад палацам, а адзін аблюбаваў для сябе дэкаратыўную вазу, ужо моцна аблезлую ад часу. Брыгада вяла раскопкі, вiдаць з мэтай рамонту вадаправодных труб. Усмешлівыя, адпачываючыя без справы, рабочыя, дружна зiрнулi на Мечыслава.

— Добры дзень, спадарства, — убачыўшы іх увагу, сказаў Мечык.

— Спадары вось тут надоечы ўсе ў Парыж паехалі, — адказаў рабочы з тварам Вітаўта на карціне Матэйкі «Грунвальдская бітва». — А мы вось тут зямлю роем.

Астатнія рабацягі стрымана засмяяліся.

Гісторык нічога не меў супраць жартачак рабочых і ўжо даўно прывык да іх.

Будаўнік — вельмі філасофская спецыяльнасць. Адпачынак пасля цяжкай, фізічнай працы, на кучы будаўнічых адходаў, з кубачкам таннай, растваральнай кавы, размешанай чымсьці накшталт цвіка — вось яна цудоўная рэальнасць будаўніка, пра якую Мечыслаў ведаў не па чутках. У такія моманты чалавек бывае адкрыты і фiласафiчны да крайнасці, нават калі ўсё яшчэ цвярозы.

— Я гісторык, пагляджу трохі, што тут у зямлі можа быць.

— Так-так, калі ласка, — ветліва адказаў нейкі тып, якi, мяркуючы па больш ахайнай фізіяноміі, і апранутай белай касцы, з'яўляўся брыгадзірам.

— Нам зямлі не шкада, — уставіў «Вітаўт», выклікаўшы ў рабочых крывыя ўсмешкі.

Мечыслаў апусціўся на кукішкі і пачаў разглядаць кучы зямлі перад сваiм тварам. Адзін з тых рабочых, што ўвесь час капалі, між тым вылез з траншэі, падышоў да брыгадзіра і папрасіў запаліць. Тыя рабочыя, што засталіся адпачываць, вярнуліся да абмеркавання нейкага фільма, нядаўна паказанага па тэлевізары. Адзін з іх уважліва паглядзеў на значок з гербам Пагоня, на грудзях гісторыка.

Мечыслаў тым часам капаўся ў зямлі. Цікавасць да раскопак у самым цэнтры горада заўсёды была максімальнай. Адсюль, з гэтых пагоркаў, жыхары Гродна глядзелі на навакольны свет… Стагоддзямі на гэтым месцы жылі людзі. Што тычыцца прасторы за эркерам Новага замка, то тут маладога чалавека прыцягвала магчымасць убачыць у раскопках падмуркі саксонскай капліцы васемнаццатага стагоддзя, якая служыла для малітвы каралю і была разбурана ў дваццатым стагоддзі. Траншэі рабочых былі пракапаныя як раз у тым месцы, дзе павінны былі хавацца гэтыя падмуркі…

Выбух рогату прымусіў Мечыка падняць галаву. Двое рабочых задумалі дуэль на рыдлёўках, астатнія сэкундавалi ім. Адзін з будаўнікоў адыходзіў у бок маладога гісторыка і, наблізіўшыся да яго ў шчыльную, адскочыў убок у момант удару лапатай, які зрабіў яго праціўнік — пажылы чалавек з чорнымі вачыма і сівымі, смешна зачасанымі валасамi. Рыдлёўка прасвістала ў паветры і трапіла зусім не туды, куды жадаў той, хто трымаў яе. Мечык заплюшчыў вочы.

— Гэтыя рабочыя проста як цыркачы. У жыцці не бачыў такіх вясёлых капальнікаў, — сказаў сам сабе Мечыслаў. І тут жа апусціў галаву, таму што яго рука адчула нейкі выцягнуты прадмет.

Змахнуўшы зямлю, якая патрапіла на яго наручны гадзіннік (ён паказваў тры гадзіны дня) гісторык глянуў на тое, што было ў яго руцэ. Угледзеўшыся, ён спачатку не паверыў вачам. Гэта была невялікая металічная капсула з выявай нейкіх завіткоў, не вельмі добра бачных на цёмнай паверхні. Над гэтымі завіткамі змяшчалася карона. Трохі ачуняўшы ад здзіўлення, ён падумаў, што ўжо бачыў гэтую выяву.

— Дык гэта ж… — гісторык здзіўлена падняў бровы.

На капсуле была адлюстравана манаграма караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага, дакладна такая ж, як на сцяне яго гродзенскага палаца. Тры лацінскіх літары «S A R», якія азначаюць фразу на лацінскай мове: «Stanislaus Augustus Rex».

«Станіслаў Аўгуст Кароль», — падумаў Мечык.

Але самым дзіўным Мечыславу здалося тое, што капсула, падобна, была зроблена са срэбра. Матэрыял пацямнеў, але ў свежай драпіны, нанесенай лапатай рабочага, якi не заўважыў, што ён выкінуў на паверхню, праступаў светлы метал.

Мабыць, гэта было не зусім правільным дзеяннем, але малады гісторык сунуў капсулу пад кашулю і, падняўшыся на ногі, хуткім крокам пайшоў прэч, не гледзячы на ўсё яшчэ дуракуючых людзей з рыдлёўкамі.

Пралятаючы па вуліцах, Мечыслаў адчуваў, як сэрца калоціцца ў грудзях. Часам ён зазіраў пад кашулю, каб пераканацца, што ён нічога не прыдумаў і яму сапраўды ўдалося знайсці такi каштоўны артэфакт.

Выпусціўшы на парозе хаты ключы, ён імкліва нагнуўся за імі і, намацаўшы іх злёгку дрыготкімі пальцамі, рэзка выпрастаўся, выдыхнуў, сказаўшы сабе, што трэба супакоіцца, затым ускінуў галаву, а потым рэзка ўставіў ключ у замок. Ключ лёгка пракруціўся і Мечык увайшоў у дом. Цяпло і знаёмы пах свайго дома адразу супакоілі яго, але неверагодная знаходка працягвала паліць рукі. Шурпатая, цёмная паверхня капсулы, была прыемнай навобмацак, але галоўнае, вядома, тое, што ўнутры. Што можа быць схавана ў капсуле з каштоўнага мэталу з манаграмай апошняга ўладцы Рэчы Паспалітай?

Падняўшыся на гарышча дома, гісторык пашукаў інструменты, якія маглі спатрэбіцца для працы з капсулай. Нечакана ён кінуў усё ды проста сеў на кульгавае старое крэсла, якое дасталося яму ад прадзеда, і пільна прыгледзеўся да капсулы. На ёй быў яшчэ адзін, цяпер ледзь прыкметны, знак. Нешта накшталт крыжа і ружы. Ніякіх надпісаў відаць не было, але зачынена капсула была вечкам з маленькай ручкай у выглядзе каровінай галавы.

— Так-так, — прашаптаў сабе пад нос Мечык. — Галава вала, здаецца гэта герб Панятоўскіх.

Было падобна, што вечка проста ўстаўлена ў капсулу і ніяк не мацуецца звонку. Захоўванне ў неналежных умовах зрабіла сваю справу: стан капсулы быў даволі такі дрэнны. Малады чалавек злёгку патузаў за галаву вала — вечка не паддалася. Прыгледзеўшыся, Мечыслаў заўважыў, што рагатая ручка вырастала з невялікай кароны.

— Гэта сапраўды герб Панятоўскіх, — гучна ўголас сказаў сам сабе Мечык.

Застыўшы на некалькі секунд, малады чалавек паспрабаваў круціць ручку супраць гадзіннай стрэлкі. Вечка не паддаваліся. Сціснуўшы вусны і глыбока ўдыхнуўшы, гісторык яшчэ раз паспрабаваў пакруціць ручку. На гэты раз ён пачуў рэзкаваты трэск і вечка, на здзіўленне лёгка адлучыўшыся, засталася ў левай руцэ Мечыслава. Капсула была адкрыта!

Чамусьцi менавіта ў гэты момант Мечык успомніў, што так і не вярнуўся на працу, і проста будзе мець прагул. Але гэта яго зусім не кранула.

Ён здрыгануўся ад гуку сігнала вырабленага суседскім аўтамабілем, якi пад'ехаў да дома насупраць. Машынальна падняўшы галаву і паглядзеўшы ў вакно, ён тут жа зноў яе апусціў і плаўна павярнуў да сябе капсулу, тым бокам, дзе толькі што была вечка, а затым пільна зірнуў унутр.

— Так, — сказаў Мечыслаў, папстрыкаўшы языком і злёгку ўсміхнуўшыся.

Капсула не была пустая. Надзеўшы чыстую пальчатку, якую Мечык вывудзіў са скрыні з інструментамі, ён асцярожна, двума пальцамі, дастаў са срэбнай ёмістасці яе змесціва. У руцэ даследчыка апынулася маленькая скрыначка з чырвонага дрэва, мяркуючы па выглядзе — выдатна захаваная. Адклаўшы каштоўны пенал на стол, малады чалавек вырашыў заняцца капсулай. Ён хутка падрыхтаваў ашчаджальны содава-саляны раствор, для ачысткі срэбра, і пагрузіў у яго сваю здабычу, а потым вярнуўся да пенала.

— Трэба будзе ўсё ж праверыць хромпiкам гэтае срэбра. Хоць, я і так упэўнены… — заўважыў сам сабе Мечык.

На вечцы красаваўся пазалочаны герб Панятоўскіх — вол павернуты налева. Асцярожна адкрыўшы пенал, гісторык дастаў нешта невялікае, падобнае на скрутак паперы.

— Ды гэта ж пергамент, — здзіўлена прамовіў Мечыслаў. — У Гродне? У васемнаццатым стагоддзі? Калі гэта, вядома, сапраўды прывітанне з васемнаццатага стагоддзя, — дадаў ён, жмурачыся на святло суседскага вакна, дзе гарэла яркая люстра, бо ўжо надышоў вечар.

Асцярожна разгарнуўшы пергамент з дапамогай свайго любiмага, які служыў яму ўжо, здавалася, тысячу гадоў, алоўка, малады чалавек убачыў польскі тэкст напісаны чырвонымi чарніламi, цудоўным, каліграфічным почыркам.

«Rycerz Salsinatus złożył swoje imiona w trójkąt. Umieść wybranych według imion na miejscach ich w dniu przybycia rycerza na świat mapa gwiazd jego słońcem wskaże na słońce w imion trójkąt. Odpowiedź w imionach wybranych złożonych razem otrzymasz. Na Poszukiwanym znajdziesz ją w wyznaczonym dniu».

Мечык свабодна валодаў польскім «ензыкем» і таму хутка, тым самым алоўкам, які выкарыстаў для таго, каб разгарнуць скрутак, ён запісаў на кавалачку паперы пераклад.

«Рыцар Salsinatus імёны свае ў трыкутнік склаў. Пастаў абраных па імёнах на месцы іх у дзень прыходу рыцара ў свет зорная карта яго сонцам на сонца пакажа ў імёнаў трыкутнік. Адказ у імёнах абраных складзеных разам атрымаеш ты. На Шуканым знойдзеш яго ў дзень прызначаны»

Усміхнуўшыся, Мечыслаў пастукаў тупым канцом алоўка аб стол.

— Хм…

«Пераклад з польскай атрымаўся кітайскім — нічога ж не зразумела…» — прамільгнула ў галаве Мечыка.

— І што далей? — спытаў ён сябе ўголас. — Напісаць Віцы, — адказаў сам сабе гісторык.

Глава 2. Прафесар філасофіі

Сонечным, пагодлівым днём, па вуліцы Універсітэцкай горада Вільні, якая праходзіць, як і вынікае з назвы, побач з універсітэтам, ішла маладая дзяўчына гадоў дваццаці. На ёй былі элегантныя штонікі, яе любімага белага колеру, белы шалік і лёгкае светла-шэрае паліто. Уся яе стройная фігурка, здавалася, была ўвасабленнем элегантнасці. У яе былі шэрыя, напоўненыя жывымі іскрынкамі, вочы, светла-русыя валасы і доўгія пальчыкі без яркага лаку на акуратных кіпцірках.

Прайшоўшы міма пазбаўленага ўсякай пампезнасці светлага будынка прэзідэнцкага палаца, яна накіравалася ўнутр старадаўняга Віленскага ўніверсітэта, чый масіўны корпус навісаў над стаянкай машын. Дзяўчына iшла да адной з заляў, дзе ёй была прызначана сустрэча. Дасягнуўшы ўваходу ў залю, які быў размешчаны паміж двума нішамі з белымі скульптурамі, яна на момант затрымалася і, падняўшы галаву вышэй, прачытала надпіс на латыні, змешчаны над злёгку прыадчыненымi, цяжкімі дзвярыма:

«Alma Mater Vilnensis»

Трохi нахіліўшы галаву набок, госця працягнула свой шлях у залю, якая насіла літоўскаю назву «Mažoji aula». Увайшоўшы ў яе, дзяўчына акінула позіркам велічнае памяшканне, з радамі карынфскіх калон уздоўж сцен. Заля была застаўлена крэсламі, з мяккімі чырвонымі спінкамі. У далёкім канцы памяшкання, спіной да ўвайшоўшай, стаяў чалавек у карычневым касцюме і карычневых жа лакіраваных туфлях. Ён як быццам ведаў, што тая каго ён чакае — ужо тут, хоць яна ўвайшла амаль бясшумна. Павольна развярнуўшыся да яе, чалавек падняў вочы. Пільны погляд яго трохі выпуклых вачэй, чорнага колеру, здаваўся насмешлівым і гэты насмешлівы позірк зваліўся на госцю. У гэтага чалавека быў квадратны падбародак, нізкі лоб і чорныя, неверагодна густыя, кучаравыя валасы. Яго пульхныя вусны былі складзеныя ў лёгкую ўсьмешку. Твар здаваўся ў цэлым трохі глупаватым, а чырвоны, у белую палоску, гальштук — толькі ўзмацняў гэтае ўражанне. Акрамя таго, чалавек быў невысокі і даволі поўны.

— Добры дзень, — сказала дзяўчына па-літоўску, прыемным мяккім голасам, добра дапаўняючым яе мілавідную знешнасць, — гэта вы Мiхаiлас Лiтвакас?

Карычневы чалавек злёгку пакланіўся, адвёўшы рукі трохі назад, і адказаў высокім хлапечым тэнарам:

— А вы, я ўпэўнены, і ёсць Вікторыя.

— Так… Гэта я, — адказала дзяўчына.

— Вас да мяне паслаў прафесар Баранаўскас? Гэта значыць ён — гісторык, паслаў да мяне — філосафа, дзяўчыну з пытаннем па гісторыі, я правільна зразумеў? — насмешліва спытаў прафесар.

— Гэтае пытанне вамі дасканала вывучана, прафесар. Паважаны прафесар Баранаўскас гэта ведаў і таму накіраваў мяне да вас.

— Што ж гэта за пытанне?

— Гісторыя таемных таварыстваў, прафесар.

Лiтвакас цмокнуў сваімі поўнымі вуснамі і аблізаў іх як бы ў знак таго, что яго апетыт прачнуўся.

— Так-так, — сказаў ён, патупіўшы вочы ўніз, — гэтая тэма мяне вельмі цікавіць… вельмі.

Дзяўчына ўсміхнулася і з разуменнем паківала галавой.

— Ну што ж, пайшлі лепш у мой кабінет — вымавіў Лiтвакас. — А па дарозе купім пірожных, вы ж любіце пірожныя, праўда? І давайце размаўляць на вашай роднай мове, я бачу, што вы валодаеце літоўскай, але хачу, каб вам было максімальна камфортна, а ваша мова і для мяне, можна сказаць, родная.

Кабінет прафесара, куды праз сорак хвілін ён увайшоў з дзяўчынай, якая трымала скрыначку пірожных, знаходзіўся даволі далёка ад месца сустрэчы суразмоўцаў. Гэта была невялікая каморка, застаўленая ўсякай рознасцю.

Размясціўшыся ў крэсле і прапанаваўшы госці сесці, прафесар сказаў:

— А вось наш агульны сябар — майстар несці лухту з разумным выглядам, ён быў бы добрым палітыкам.

Лiтвакас змоўк, запытальна гледзячы на дзяўчыну.

— Я не буду адымаць занадта шмат вашага часу…

— Ды што вы? Не стрымлівайце сябе, я не спяшаюся.

— І ўсё ж… Мне, канешне, было б цікава праслухаць лекцыю па гісторыі таемных таварыстваў васемнаццатага стагоддзя, бо я чула пра тое, які вы выдатны лектар, прафесар, — Лiтвакас злёгку нахіліў галаву і пастукаў пальцамі па стале, — але я, паўтаруся, не хачу ў вас адымаць шмат часу…

На гэтых словах дзяўчына лёгкім, хуткім рухам дастала складзеную ўдвая паперку і, разгарнуўшы яе, паклала на стол перад прафесарам, да паперкi яна дадала дзве фатаграфіі, на кожнай з якіх было адлюстравана па адным прадмеце: на першай — серабрыстая капсула, на другой — маленькая чырвоная скрыначка.

— Вось тэкст, — сказала Віка, паказваючы на паперку ў сваёй руцэ, — які мне вельмі хацелася б зразумець. Ці можаце вы растлумачыць сэнс? Тэкст напісаны на сапраўдным пергаменце і знойдзены ў футляры, — дзяўчына ткнула пальчыкам у фота, — а футляр у срэбнай капсуле. Яна на іншым фота.

Дзяўчына дастала яшчэ некалькі фотаздымкаў, якія паказвалi знаходкі з розных бакоў, і, склаўшы рукі на грудзях, сядзела моўчкі, пакуль прафесар, павольна адарваўшыся ад спінкі крэсла яшчэ павольней нахіляўся да фатаграфій і паперкi на стале. Чым больш ён прыглядаўся да іх, тым больш пашыраліся яго вочы. Было бачна, што ён стаў дыхаць часцей. Ён даволі доўга ўглядаўся ў выявы на фотаздымках і перачытваў тэкст на паперцы. Здавалася, ён зусім забыў аб сваёй маладой наведвальніцы. Нарэшце Лiтвакас адкінуўся ў крэсле, прыціснуўшы дзве складзеныя далоні да вуснаў і гледзячы ў пустэчу. Рэзка перавёўшы позірк на сваю госцю, ён сказаў спакойным тонам, хоць голас яго дрыгнуў на апошніх словах:

— Гэта праўда, скажыце шчыра? Можа быць гэта жарт, містыфікацыя… Як мне даведацца? Вы хочаце… Хочаце чаго? Можа быць грошай?

— Я хачу даведацца, што значаць словы на паперцы.

— Людзі хлусяць іншым пра ўсё, каб атрымаць грошы, а грошы хлусяць ім пра іх саміх, што яны атрымалі сябе, — вымавіў, сапучы Лiтвакас.

Дзяўчына задуменна адвяла позірк.

— Дзе гэта было знойдзена?

— Там, дзе жыў Панятоўскі. Вы ж ведаеце ўжо, што там манаграма Панятоўскага?

— Ведаю не горш за вас! — рашуча i зло гаркнуў прафесар. Ён імгненна авалодаў сабой, толькі ў глыбіні вачэй чыталася злосць ад раптоўнай успышкі.

— Людзі хочуць толькі жэрці, але вы — вы імкнецеся да нечага большага! Дзеля чаго вы асабіста, мілая, цягніцеся да гэтых ведаў? Калі гэтая сярэбраная штука сапраўдная, то вартая шмат грошай, але ж вам не патрэбныя грошы. Вы проста любіце гісторыю, як мне сказаў ваш… наш агульны сябар — прафесар Баранаўскас. І вы нават не гісторык па спецыяльнасці. Вы цягніцеся да ведаў. Але не да грошай. Але ведаеце, што я скажу вам? Гэта больш сур'ёзна, чым вы можаце ўявіць. Лепш бы вы не прыходзілі да мяне з гэтымі фотаздымкамі і запіскай. Хочаце ведаць? Хочаце насамрэч? Ну дык я вам скажу!

Лiтвакас расхваляваўся зноў, але авалодаў сабой.

— Так… — прафесар прыслабіў свой смешны гальштук. — На срэбнай капсуле знаходзіцца манаграма караля Панятоўскага, там ёсць яшчэ невялікая выява: ружа і крыж — эмблема ордэна розенкрэйцараў, вол — герб роду Панятоўскіх. Вось гэта ўсё вы ведалі. Цяпер тое, што вы не ведалі, — вымавіў ён.

Дзяўчына прыўзняла галаву і прыжмурылася.

— Дык вось, тое, што вы не ведалі, — Лiтвакас шматзначна памаўчаў.– Мяркую, Баранаўскас ужо распавёў вам, што кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, быў масонам і розэнкрэйцарам, рыцар Salsinatus — частка тытула, дадзенага каралю ў масонскай ложы. Salsinatus — анаграма ад імя Станіслаў. Усё гэта даволі шырока вядома сярод тых асоб, што цікавяцца гісторыяй і, верагодна, ужо вядома вам, дзякуючы нашаму паважанаму сябру, прафесару гэтай самай гісторыі Баранаўскасу. Так?

Дзяўчына нахіліла галаву на знак згоды.

— І значыць… — працягнуў прафесар, — я нічога больш не магу вам сказаць. Так, я ўсё жыццё цікаўлюся таемнымі таварыствамі: масоны, розэнкрэйцары, ілюмінаты. Мне ўсё гэта цікава, але ваша загадка занадта складаная і я не магу дадаць нічога да сказанага Баранаўскасам…

Віка, пры ўсёй сваёй стрыманай грацыі і спакойнай ветлівасці, не змагла схаваць на твары моцнага расчаравання.

— Не магу дадаць нічога, — зноў загаварыў Лiтвакас, — акрамя сцвярджэння, што ў пасланні перададзена зашыфраваная інфармацыя пра месцазнаходжанне нейкага артэфакта.

Віка ўскінула вочы, i яны імгненна загарэліся цікаўнасцю. Прафесар сядзеў, склаўшы рукі на тоўстым жываце, з самым каменным тварам, якi толькі мог адлюстраваць. Праз секунду ён гучна зарагатаў, закінуўшы галаву назад.

— Усё ж у наш час моладзь глядзіць занадта шмат фільмаў, — хіхікаючы, прамовіў Лiтвакас. — Нават калі тое, што вы мне прынеслі сапраўднае, наўрад ці расшыфраваўшы пасланне, вы знойдзеце скарб масонаў. Баранаўскас занадта наіўны і лёгка ўзяў на веру вашыя доказы… Зрэшты, пакіньце фатаграфіі і тэкст тут, калі я змагу нешта зразумець, дык абавязкова паведамлю вам. Толькі той хто выкрыў таямніцу прыроды ведае, што насамрэч стварыў новую. Жадаю прыемнага дня, Вікторыя.

Віка, секунду падумаўшы, устала і, пакінуўшы фатаграфіі на стале, пайшла да дзвярэй. На твары яе была ўсмешка, якая, праўда, не вельмі хавала яе расчараванне. Павярнуўшыся на парозе і паціснуўшы руку, працягнутую ёй прафесарам, дзяўчына сказала:

— Што ж, гэта было прыемнае знаёмства і карысная размова. Прабачце, што патурбавала, дзякуй, што аказалі дапамогу. Калі ласка, паведаміце, калі вы нешта зразумееце, і можаце не сумнявацца ў сапраўднасці артэфактаў. Я дык зусім не шукаю скарб, але расшыфраваць гэтае пасланне, зразумець, што хацеў сказаць нам аўтар, якім мог быць сам кароль… Хіба гэта не значная справа?

— Так-так, так-так, — зачасціў Лiтвакас, — усяго найлепшага, паненка. Апошняе слова ён сказаў па-літоўску.

Зачыніўшы за госцяй дзверы, Лiтвакас яшчэ доўга стаяў на адным месцы, як чалавек пагружаны ў гіпноз. Затым ён ляпнуў сябе па каленях, ды вярнуўся да стала.

Сонечны дзень у Вільні, між тым, паволі падыходзіў да канца. Вікторыя спакойнай хадой пайшла ў бок сваёй здымнай кватэры.

Увайшоўшы дадому, яна заўважыла, што яе саарандатараў — двух дзіўнаватых дзяўчынак студэнтак — яшчэ няма. У гэты момант у яе зазваніў тэлефон.

— Алё, — сказала Віка, калi паднесла трубку да вуха.

— Алё. Гэта Лiтвакас, Віка. М-м-м-м, я хацеў бы парэкамендаваць вам аднаго спецыяліста па вашым пытанні, выдатнага гісторыка з Мінска. Дакладней, можа ён і не зусім спецыяліст менавіта па вашай, так бы мовіць, справе… м-м-м-м, але гэта чалавек захоплены гісторыяй, вялікіх ведаў хлопец. Яго клічуць Уладзімір. Ён можа дапамагчы ў пошуках. Запішыце каардынаты…

Праз хвіліну дзяўчына запісала дадзеныя пратэжэ Лiтвакаса, а потым увайшла ў сацыяльную сетку і пакінула аднаму з фрэндаў наступнае паведамленне:

«Мечык, я паразмаўляла з Лiтвакасам. Нажаль, амаль нічога.: (»

Глава 3. Трыкутнік караля

Дарога ад Мінска да Гродна — дакладна не самая доўгая на свеце. Але калі яе праехаць на старэнькім «карчы», яна можа стаць доўгай і маляўнічай. Уладзімір і яго зялёны аўтамабільчык былі ўжо ў Шчучынскім раёне, дзе дарогу абступаюць з двух бакоў старыя, калматыя, іглічныя дрэвы.

Больш за месяц таму Уладзіміру ў інтэрнэце напісала дзяўчына і, распавёўшы, што яго парэкамендаваў, як добрага гісторыка, прафесар Мiхаiлас Лiтвакас, прапанавала супрацоўніцтва. Жыць меркавалася ў Гродне, наведаць якое Уладзімір заўсёды быў не супраць, тым больш, што паказаныя яму анлайн здымкі знойдзеных артэфактаў былі для яго сапраўды ашаламляльнымі.

Аказалася, што яны ўжо знаёмы завочна з гэтай дзяўчынай, бо знаходзяцца ў адной групе ў сацыяльнай сетцы. Акрамя таго, у даследаванні павінен быў удзельнічаць і іншы па чутках знаёмы Уладзіміру гісторык з Гродна.

«Гэта будзе выдатна…» — думаў Уладзімір, уціхамірвая малапакорны аўтамабільчык на павароце.

Выйшаўшы на прамую ён трохі расслабіўся і нават падумваў уключыць магнітолу, такую ж старую, як і сама машына. Гэта быў рарытэт, які працуе на касетах. Iх Уладзімір спецыяльна вышукваў, дзе толькі мог. Ён быў настроены пазітыўна і, пасвістваючы, падкінуў пальцамі вымпел хакейнага клуба з Маладзечна, якi боўтаўся на люстэрку задняга вiду…

Драм!!! Цяжкі ўдар у бок аўтамабіля скалануў легкавік. Ззаду нешта пакацілася, а Уладзіміра матнула ў бок. Рэзка націснуўшы на тармазы, ён даволі хутка спыніў машыну і выбег з яе. На дарозе цямнела нешта. Нешта якое нагадвала вялікага звера.

«Мядзведзь» — чамусьці пранеслася ў галаве Уладзіміра.

Наблізіўшыся, ён адразу ж адчуў сябе дурням з-за гэтай здагадкі. Ляжачы на дарозе звер быў, вядома, значна меншы за мядзведзя, але ўсё ж, на вока, важыў не менш за сто кiлаграм. Вялікіх памераў кабан ляжаў на дарозе і не падаваў ніякіх прыкмет жыцця. Вочы жывёлiны былі зачыненыя. Уладзімір застыў на месцы, пільна гледзячы на звера і не ведаючы, што рабіць. Нечакана яго ўвагу адцягнуў далёкі гук выбуху за лесам. Вiдаць, гэты гук зыходзіў з прыхаванай там вёсачкі. Апусціўшы галаву і зноў пільна паглядзеўшы на ляснога госця, Уладзімір працягнуў да яго руку… У тую ж секунду кабан расплюшчыў вочы, зароў, і рэзка матнуў ікластай галавой, пры гэтым ледзь не ўдарыўшы чалавека ў калена. Адскочыўшы ад нечаканасці далёка ў бок, Уладзімір пачуў ліхаманкавы стук уласнага сэрца. Вяпрук між тым узняўся і пабрыў у лес.

Падышоўшы да машыны Уладзімір, да свайго здзіўлення, не знайшоў драпiны цi ўвагнутасцi на крыле аўто. Гэта палепшыла яго настрой. Вярнуцца ў салон, завесці матор, уключыць музыку: усё гэта стала справай адной хвіліны. І вось ужо зялёны аўтамабільчык зноў на шляху.

«У старажытнасці варажбіты выкарыстоўвалі жывёл для прадказанняў, цікава, што б на іх варажбiтскi погляд азначаў бы ўдар дзiком у стары корч» — думаў Уладзімір.

Ад гэтых думак ён развесяліўся яшчэ больш і ў выдатным настроі заехаў на вуліцы Гродна.

Шэрая смуга туману пакрывала старадаўні горад. Зіма, пазбаўленая пакладаў снегу і моцнага холаду, панавала ў ім. Адны людзі былі апранутыя ў зімовыя курткі, іншыя — ледзь не ў летнія ўборы. Тратуары здаваліся намаляванымі цёмнымі фарбамі па грубым палатне, а яшчэ далей, праз туман, праступалі абрысы храмаў, якія здаваліся нейкімі прывіднымі замкамі ў змрочных далінах.

Хлопец і дзяўчына стаялі ў скверы Фары Вітаўта. У тры гадзіны дня, яны ўбачылі, як з боку вуліцы Замкавай у сквер увайшоў цёмнавалосы чалавек з невялікай барадой, апрануты ў армейскага пакрою паліто. Ён прыпаркаваўся непадалёк і цяпер ішоў паспешлівым крокам да помніка, ля якога павольна хадзіла маладая пара. Падышоўшы да іх, чалавек сарамліва ўсміхнуўся і, працягнуўшы кожнаму руку, два разы сказаў:

— Уладзімір. Рады пазнаёміцца.

— Віка, — адказала дзяўчына, — вельмі прыемна.

— Мечыслаў, — сказаў яе таварыш.

Знаёмства ў рэальным свеце людзей ведаючых адно аднаго толькі праз iнэт — можа быць вельмі цікавым, як і пачатак iнэтавай перапіскі людзей, якія ведалі адно аднаго толькі ў жыцці.

Праз трыццаць хвілін усе трое сядзелі з ноўтбукам у адным з гарадскіх кафэ. Адарваўшыся ад кавы, Уладзімір сказаў:

— Пакуль я ехаў да вас мяне ледзь не пратараніў дзік. Гэта быў самы ўражальны кантакт з прыродай у маім жыцці.

Віка і Мечык адначасова змянілі выраз твараў.

— А ў мяне… — выпалілi яны адначасова.

Мечык усміхнуўся і памаўчаў, даючы зразумець Віцы, што яна можа працягваць.

— А ў мяне, — працягнула Віка, — таксама быў, так бы мовіць, кантакт пакуль я сюды ішла. Матылёк, і, па-мойму, гэта рэдкi матылёк — вачнiца. Велізарны проста! І ён ж начны, але прыляцеў днём і кружыўся ля майго твару вельмі доўга. І падумайце, матылёк зімой! Падаў лёгкі сняжок, калі ён зляцеў да мяне.

Апошнія словы дзяўчына сказала трохі саромячыся сваіх вялікіх ведаў аб матылях.

— У мяне была кніжка, ну… аб матылях, — патлумачыла яна, збянтэжыўшыся яшчэ больш.

Мечыслаў усміхнуўся і бразнуў лыжкай аб кубак з капучына. Яму таксама было што расказаць, і ён адсунуў сваю каву трошкi далей.

— Я ішоў сюды… — пачаў Мечык, — i ў гэты момант яго ўвагу прыцягнуў чалавек, які сядзеў за барнай стойкай, непадалёк ад іх століка. У яго была настолькі невыразная знешнасць, што Мечыслаў, хоць i мастак, не змог бы намаляваць партрэт незнаёмца нават з натуры. Гэты чалавек пільна назіраў за іх кампаніяй, але тут жа ўткнуўся ў свой келіх з віном, калі гісторык затрымаў на ім позірк.

— Ну дык вось, я ішоў сюды, — працягнуў малады чалавек, выкінуўшы невыразнага наведвальніка бара з галавы, — міма бернардынскага касцёла. І тут да мяне зляцеў сокал, што жыве там, за статуяй святой Алены.

Віка заківала галавой у знак таго, што таксама ведае аб пражываннi сокала ў самым цэнтры горада.

— Там парачка сакалоў, у іх нават ёсць імёны, — дадаў гісторык.

— Але самае дзіўнае, што ён проста пераследваў мяне гэты сокал. Вось гэтая драпежная птушка проста такі ледзь не кідалася мне пад ногі. Ён быў такі… ну… незвычайны. Мінакі на гэта глядзелі як на цуд нейкі. І не ведаю, хіба яны не ляцяць на зімоўку?

«Як бачна, не мяне аднаго пераследвала жывёла. Можа быць я і нездарма ўспомніў пра старажытных прадказальнікаў…» — пранеслася ў галаве Уладзіміра, і ён сербануў яшчэ кавы.

Троіца маўчала, абдумваючы тое, што з імі здарылася. Мiнчук вырашыў перайсцi да мэты свайго візіту, ды сказаў:

— І што ж у вас за археалогія цікавая, раскажыце, калі ласка.

Віка парнула да госця ноўтбук, на экране якога былі здымкі знаходак Мечыслава.

— Фоткi артэфактаў я ўжо і так бачыў, — сказаў малады чалавек. — Спадзяюся, я змагу ўбачыць гэтыя чароўнасцi і на ўласныя вочы?

— Канешне, — прамовіў Мечыслаў, жуючы круасан.

— Я так разумею, — сказаў Уладзімір, — што галоўная наша задача расшыфраваць гэты рукапіс з бутэлькі, то бок пасланне скрозь стагоддзі ад Панятоўскага.

Маладыя гарадзенцы кіўнулі.

— Пакажыце яго, — дадаў мінчанін.

Віка шчоўкнула па клавіятуры ноўтбука і перад гісторыкам паўстал фотаздымак пергамента з надпісам. Уладзімір ведаў яго на памяць. З таго часу, як гiсторык атрымаў паведамленнем на сваю старонку ў сацыяльнай сетцы гэты тэкст, ён столькі разоў яго чытаў, што мог бы распавесці нават прачнуўшыся ад удару грома, але фота пергамента бачыў упершыню. І гэта карцiнка зрабіла на яго вялікае ўражанне. Прабягаючы тэкст вачамі, ён чытаў у думках:

«Рыцар Salsinatus імёны свае ў трыкутнік склаў. Пастаў абраных па імёнах на месцы іх у дзень прыходу рыцара ў свет зорная карта яго сонцам на сонца пакажа ў імёнаў трыкутнік. Адказ у імёнах абраных складзеных разам атрымаеш ты. На Шуканым знойдзеш яго ў дзень прызначаны».

— Пергамент проста магічны, — сказаў Уладзімір услых.

— Імёны свае ў трыкутнік склаў… — прамармытаў Мечыслаў.

— Як можна скласці імёны ў трыкутнік? — спытаў Уладзімір.

— І дзе можа быць гэты трыкутнік? — дадала Віка.

— Гаворка пра трыкутнік, відавочна, нездарма, — сказаў Уладзімір, — гэта адзін з сымбаляў розэнкрэйцараў…

— А мы ведаем ужо, што на капсуле сімвал розэнкрэйцараў і што кароль Панятоўскі быў масонам, — сказала Віка.

— І акрамя таго цікавіўся і розэнкрэйцарамi, — дапоўніў Уладзімір.

— Можа быць, гаворка пра нейкую… мапу, — выказала здагадку Віка. — Дзе можа быць намаляваны трохкутнік? Гэта павінна быць нешта накшталт карты, карты на якой ёсць імёны.

— Тут гаворка пра імёны Панятоўскага, раз гэта ён рыцар Salsinatus, — прамовіў Уладзімір.

Ён пачухаў патыліцу, зрабіў глыток кавы і працягнуў:

— Але што гэта за імёны?

— Станіслаў і Аўгуст? — зноў выказала здагадку Віка.

— Цi гэта нейкія іншыя імёны. Якія яшчэ былі імёны ў Панятоўскага? — спытаў Уладзімір.

— Salsinatus, — ягонае таемнае імя, — сказала Віка.

— У яго манаграме «S A R» апошняя літара R, — дадаў Уладзімір.

— Гэта Rex. На лацінскай значыць кароль, — сказаў Мечыслаў.

— Так-так, менавіта, — пацвердзіў Уладзімір. — Iмёнаў у караля, выходзіць, даволі шмат і гэта толькі тыя, што вядомыя нам, але дзе тая карта, ці нешта накшталт яе, на якой можна скласці ягоныя імёны разам? Ну і, мабыць, гаворка аб трох яго імёнах.

— Так, бо ў трыкутніка тры бакі і тры кута, можа быць пэтрэбныя роўна тры іменi, — сказаў Мечыслаў.

— Але як выбраць тры з усіх тых ягоных імёнаў, якія нам вядомыя? — спытала Віка.

Мечыслаў пагрузіўся ў роздумы. Кожны раз, калі ён чытаў тэкст з пергамента, яго не пакідала думка, што ён бачыў дзесьці, у нейкіх гродзенскіх гісторыкаў, нешта пра трыкутнік неяк звязаны з каралём Панятоўскім. Ён з усёй сілы зажмурыўся і рэзка раскрыўшы вочы, паглядзеў на Віку. На шыі ў яе вісела срэбнае ўпрыгожванне трохкутнай формы, з трыма чырвонымі каменьчыкамі па краях. Рашэнне прыйшло да яго ў адну секунду, кавалачкі мазаікі, якія ён ніяк не мог падабраць з цёмных закуткоў памяці, склаліся ў адно цэлае.

— Так, я зразумеў! — не вельмі гучна ўсклікнуў малады чалавек, прымусіўшы афіцыянтку, якая праходзіла міма, кінуць падазроны позірк на яго твар.

Забраўшы ў здзіўленага Уладзіміра ноўтбук, Мечыслаў пачаў клыпаць клавішамі, і праз дзве хвіліны разгарнуў яго да таварышаў, якія сядзелі са здзіўленымi, але поўнымі надзеі тварамi. Перад імі зьявіўся спадарожнікавы здымак Гродна, з намаляваным на ім амаль правільным трыкутнікам. Па кутах гэтага трыкутніка былі размешчаны літары С А П.

— Вось гэты трыкутнік рыцара Salsinatus, — заявіў Мечык. — Калі злучыць на карце Гродна тры каралеўскія рэзідэнцыі, якія адпавядаюць імёнам караля, атрымаецца вось такі трыкутнік. Як бачыце, ён яшчэ і з амаль роўнымі бакамі, значыць, усе тры рэзідэнцыі на амаль роўнай адлегласці адна ад адной — гэта не выпадковасць.

Мечыслаў паказаў на літару С у аднаго з кутоў трыкутніка.

— Гэта сядзіба Станіславова, адпаведная імені Станіслаў. Далей… — гісторык перасунуў палец, — A — сядзіба Аўгустова, адпаведна Аўгуст, далей… — Мечык пераклаў палец на апошні кут трыкутніка, — сядзіба Панямунь, першая літара П, як у прозвішчы Панятоўскі. Станіславова, Аўгустова, Панямунь — Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Эўрыка! — трыумфаваў гісторык.

— Вось гэта і ёсць імёны складзеныя рыцарам у трыкутнік, — дадаў Мечыслаў, трохі супакоіўшыся.

— Ты маеш рацыю, я ўпэўненая! — радасна сказала Віка.

— Так, гэта ўжо нешта, пачатак пакладзены, — усміхаючыся, прагаварыў Уладзімір.

У гэты момант Мечык зірнуў на невыразнага чалавека з куфлем віна. Той працягваў сядзець і піць, але ўжо, здавалася, не звяртаў на кампанію ніякай увагі.

— А давайце з'ездзім у гэтыя сядзібы і паглядзім, — прапанаваў Мечыслаў.

Маладыя людзі расплаціліся і адправіліся ў сядзібу Станіславова. Невялікі палац з манаграмай караля, старыя дрэвы, рэшткі брамы і два флігелі. Перад галоўным фасадам вытанчанай рэзідэнцыі размясціўся нейкі помнік. У вестыбюлі палаца сябры агледзелі дзве шыкоўныя старадаўнія печы ў стылі неаготыкі,

Далей яны наведалі Панямунь. У гэтай сядзібе гісторыкі бачылі знявечаную прыбудовамі неагатычную капліцу, невялікi будынак, які паходзіць на дом Міцкевіча ў Наваградку, і сам палац караля, ад якога засталося няшмат. Сябры таксама мелi задавальненне спусціцца ў велізарны яр, які раскінуўся побач з былой рэзідэнцыяй.

Напрыканцы падарожжа яны адправіліся за Нёман, у сядзібу Аўгустова. Каралеўскі палац у ёй не захаваўся, але на месцы была капліца пабудаваная арыстакратамі, якiя валодалі сядзібай пасля караля. Гэтая невялікая капліца з купалам, уяўляла сабой рэдкі тып пабудовы — схаваная ратонда. Яна была прамавугольнай звонку, а яе заля — круглай.

Затым маладыя людзі зазбіралася дадому. Уладзімір павінен быў жыць у Мечыслава, а Віка адправілася ў дом, дзе жыла падчас рэдкіх прыездаў з вучобы, калі яна пакідала Вільню, ды вярталася да роднай Гародні.

Халодны вечар надыходзіў у горадзе, і запаленыя агеньчыкі быццам бы праціналі кожнага, хто праходзіў міма іх. Густое, сырое паветра поўзала пад адзеннем, напаўняючы сабой лёгкія людзей, якія спяшалiся дадому з працы. Туман згусцеў і гуляў са святлом, малюючы тысячы светлавых снапоў, што ахіналi вуліцы як павуцінне гіганцкага павука, які стаіўся недзе над дахамi гмахаў, поўных людскіх постацяў, мільгаючых у яркіх, святлявых вокнах.

Пару разоў, сярод туману, дзяўчыне здавалася, што за ёю ідзе нейкі чалавек і чамусцi ўспамінаўся прафесар Лiтвакас. Нарэшце, павольныя крокі Вiкi пачуў яе родны дом — вялікi чырвоная гмах, у элітным раёне.

Віка была з добрай і нябеднай сям'і, не пазбаўленай цягі да прыгожага. Бацька яе быў мастаком і, мабыць, таму сама Віка выдатна малявала. З дзяцінства дзяўчынка цягнулася да ўсяго прыгожага і была напорыстая ў вучобе.

Зайшоўшы дадому і распрануўшыся, дзяўчына адправілася ў душ. Праз паўгадзіны, ахінуўшы сваю вытанчаную фігурку ў белы пухнаты халат, яна зайшла ў спальню, дзе стаяў яе вялікi зручны ложак. Побач ляжала кніга Эдгара По, раскрытая на вершы «Сон у сне». Дзяўчына бачыла, што ўсё вакол як быццам расплывалася…

Звычайна, да яе не прыходзілі сны, але на гэта раз, як толькі Вiка заплюшчыла вочы, яе свядомасць правалілася ў мутны вір…

Глава 4. Сон Вікі

Вялікая авальная заля была слаба асветлена свечкамі, патрэскваўчымi ў пазалочаных падсвечніках. У прыгожым, разьбяным крэсле, паклаўшы ногі ў ботах на аксамітную падушку з кутаскамi, сядзеў чалавек, які здаваўся пагружаным у глыбокі роздум. Серабрыстыя пасмы на яго галаве рабілі яго падобным на сівога старога, якi ўспамінае дзянькі бесклапотнай маладосці. Шаўковыя адзеннi і ордэн у выглядзе зоркі паблісквалі ў паўзмроку. Ён церабіў пальцамі карункаваю хустку. У чалавека былі вялікія вочы і арліны нос. На некаторай адлегласці ад яго, у поўнай павагi позе, стаяў стары чалавек з вялікімі вусамі, падпяразаны велізарным, вышытым золатам, кушаком. Можна было здагадацца, што гэта падданы таго, хто сядзеў у крэсле.

— Ваша Вялікасць, — мякка сказаў вусаты слуга па-польску, — той, каго вы маеце ласку чакаць — тут.

Кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, не перастаючы церабіць пальцамі хустку і не паднімаючы позірку ціха адказаў:

— Хай увойдзе.

Праз некалькі імгненняў у зале ўжо стаяў худы чалавек, у дзіўным, не па модзе таго часу, строі, з вусамі і барадой, доўгім носам, вялікімі вачыма. Ён злёгку пакланіўся каралю.

— Вось вы і прыйшлі, — сказаў Панятоўскі, падняўшы погляд на госця. — Пакіньце нас адных.

Вусаты ў залатым поясе і яшчэ адзін слуга, які стаяў ля мармуровай статуі, пакланіліся і выйшлі, зачыніўшы за сабою дзверы.

Нейкі час у зале была амаль поўная цішыня. Было чуваць крокі прыслугі і гасцей караля за дзвярыма. Адна са свечак стала вэндзіць і мігацець. Кароль глядзеў на яе танцуючы агеньчык і працягваў церабіць карункаваю хустачку. Нарэшце, адклаўшы яе ў бок, ён паклікаў госця да сябе жэстам рукі і ціха вымавіў:

— Падыдзіце бліжэй, Панурыш. У гэтым палацы і наогул ва ўсіх маіх палацах, столькі вушэй, што кожны мой удых і выдых апісваецца і адпраўляецца імператрыцы наўпрост у Пецярбург. І хоць мы з вамі будзем абмяркоўваць мае асабістыя справы, а не… — тут кароль узвысіў голас, — барані нас Усявышні, не бунт жа… — ён зноў стаў гаварыць ціха, — мне б хацелася, каб нашу справу ведалі толькі мы. Мы паглядзім, цi ажыццявіцца маё жаданне.

Кароль рухам вачэй паказаў на крываногі пуф, мяккае сядзенне якога было абцягнута чырвоным аксамітам, і калі яго госць падышоў, зняў з пуфа чорны кій з сярэбранай булавешкай і сказаў:

— Вы ўпэўнены, што гэта сёння зацьменне месяца?

— Цалкам.

— Сядзьце, Якаў.

За тыя некалькі секунд, якія госць выдаткаваў, каб выканаць загад караля. Панятоўскі паспеў раз'ятрыцца і некалькі разоў з сілай ірвануць невялі сярэбраны жэзлік, прывязаны да кія.

— Яны трымаюць мяне тут у палоне, ганаровым, але ўсё ж палоне, — сумна сказаў кароль.

— Я ведаю, што вы хутка адправіцеся ў Пецярбург, — павольна прамовіў Якаў.

— У сталіцы варвараў, так далёка ад радзімы… — ледзь чутна прашаптаў кароль. — Я б так хацеў цяпер патрапіць у Лазенкі.

— Вы вернецеся ў Воўчын, Ваша Вялікасць, — дзіўна паглядзеўшы на суразмоўцу і ледзь улоўна ўсміхнуўшыся, прамовіў Панурыш.

— Мой родны Воўчын?

Як гэта часта бывае з людзьмі змучанымі нервовай напругай, Панятоўскі раптам рэзка засмяяўся і спытаў госця быццам бы недарэчы:

— А ці праўда, Якаў, што ў вашым родзе ўсе старэйшыя сыны носяць тое ж імя што і вы? Гэта значыць, Якаваў Панурышаў было шмат і будзе яшчэ больш, калі, вядома, ваш род не згасне.

Госць з павагай схіліў галаву і адказаў:

— Так, Ваша Вялікасць, вы маеце рацыю.

— Значыць вы як Радзівілы. У іх было прызначана імя Мікалай для старэйшых сыноў, не ведаю, праўда, ці выконваецца зараз гэты звычай. Але вы, ясная справа, не Радзівілы. Эх, мне зараз успомніўся вясёлы Караль Станіслаў Пане Каханку. Дзівак жа, вось дзівак, — і кароль гучна засмяяўся.

Нейкі час Панятоўскі яшчэ пасмейваўся сабе пад нос, але затым, не гледзячы на свайго госця, выняў аднекуль тры залатыя фігуркі на тоўстым ланцужку і, падняўшы вочы на Панурыша, працягнуў каралі яму. Якаў узяў рэч, якую працягваў кароль, паднёс яе да твару i пільна паглядзеў на тое, што было ў ягоных руках. Перад ім віселі залаты матылёк — абсыпаны дробнымі дыяментамі, залаты кабан — пакрыты смарагдамі і залатая драпежная птушка — падобная да сокала, упрыгожаная рубінамі. Залаты ланцужок быў масіўны, з велізарнай зашпількай, выкананай у выглядзе крыжа з ружай, пялёсткі якой былі сярэбранымі. Відавочна было, што гэта ўпрыгожванне вартае незлічоных грошай.

— Усё правільна? — спытаў Панятоўскі.

— Так, усё менавіта так як павінна быць, — адказаў Панурыш.

Прабіў гадзіннік. Кожны ўдар глуха адлятаў ад столі да падлогі і, у змрочнай зале, гэтыя гукі здаваліся па-сапраўднаму злавеснымі. Кароль здрыгануўся пры апошнім удары і, матнуўшы галавой, сказаў:

— Значыць, я буду жыць у Пецярбургу.

— У Мармуровым палацы, Ваша Вялікасць.

Скрыжаваўшы рукі на грудзях і паківаўшы галавой, Панятоўскі ўсміхнуўся.

— Добра быць усёведаючым, Якаў? Аб вашым дары мараць многія. Але я змагу загладзіць свой грэх? Як і вы?

— Не так ужо і добра, Ваша Вялікасць, але я не скарджуся. Грэх не ваш, а мой.

Кароль устаў, і Панурыш адразу ж падняўся ўслед за ім.

Панятоўскі падышоў да акна. У далі цямнеў Нёман. На супрацьлеглым беразе гарэлі агеньчыкі ў драўляных хатках, над стрэхамі якіх віўся ледзь бачны дымок. Панурыш стаяў за спіной караля. У цьмяным святле нешматлікіх свечак выгляд у госця быў таямнічы ды змрочны.

— Ну што ж… — сказаў кароль.

Панятоўскі вярнуўся да свайго крэсла, побач з якім стаяла невялікая скрыначка, уся пакрытая вытанчанымі завіткамі. Адкрыўшы яе, кароль дастаў сярэбраную капсулу са сваёй манаграмай і запытальна паглядзеў на Панурыша.

— Гэта тое, што трэба, Ваша Вялікасць, — сказаў той.

Каралеўскі госць зірнуў на свой пярсцёнак, на якім быў выкладзены ўпрыгожаны дробнымі смарагдамі трыкутнік. Кароль прасачыў яго погляд.

— Калі б я не ведаў, што вы таксама своеасаблівы кароль, я мог бы здзівіцца наяўнасці ў вас такога скарба, — сказаў Панятоўскі.

— Гэта сямейная рэліквія, Ваша Вялікасць, — адказаў Панурыш.

Засунуўшы руку за пазуху, Якаў дастаў адтуль нейкі скрутак цёмнай тканіны. Разгарнуўшы яго, ён выцягнуў невялікі, згорнуты аркуш пергаменту.

— Вось пяргамент, на якім Вашай Вялікасці варта пісаць, — нізкім голасам прамовіў Панурыш.

— Мабыць, нам спатрэбіцца больш святла, — адказаў кароль.

Панурыш падышоў да аднаго з падсвечнікаў і, выдраўшы свечку, зрабіў некалькі крокаў у бок невялікага століка, на якім стаяў залачоны кандэлябр. Ён запаліў кожную з трох свечак кандэлябра ад свечкі, якую трымаў у руках, а затым вярнуў яе на месца. Падсунуўшы крэсла да стала i з павагай схіліўшыся, ён даў зразумець каралю, што той можа заняць сваё месца і прыступіць да ліста.

— Гэтыя чарніла добра падыдуць для пергамента, — сказаў Якаў, дастаючы з-за пазухі невялікую бутэлечку з моцна прычыненай вечкай. — Зрабiце ласку ды скарыстайцеся маім пяром, Ваша Вялікасць, — дадаў ён, дастаючы маленькае, чорнае пёрышка.

Пяро гэта чамусьці зрабіла асаблівае ўражанне на Панятоўскага.

— Гэта як быццам вароніна? — спытаў кароль усміхаючыся.

— Так, Ваша Вялікасць.

Панятоўскі сеў за стол, на якім яго госць расклаў прыналежнасці для пісання, дадаўшы звычайны аркуш паперы з тэкстам.

— Проста перапішыце тэкст на пергамент, Ваша Вялікасць, сказаў Панурыш.

— Не так даўно я як раз практыкаваўся ў каліграфіі, — адказаў яму кароль.

Пакуль былы правіцель аднай з найбуйнейшых дзяржаў Еўропы перапісваў тэкст з лістка на пергамент, Якаў Панурыш у поўным маўчанні застыў побач з каралём. Ён быў настолькі нярухомы, што здаваўся не жывым чалавекам, а мармуровай статуяй. Панурыш уважліва сачыў за пяром у руцэ Станіслава Аўгуста. Не кожнаму даводзілася бачыць караля асабіста перапісваючага тэкст з паперы на пергамент. Чорнае пяро паскрыпвала і пакідала літары, якія складвалiся ў словы…

Нарэшце кароль скончыў і, пакінуўшы пяро ў чарніліцы, падняў галаву на свайго госця.

— У Вашай Вялікасці выдатна атрымалася, — сказаў Панурыш, злёгку пакланіўшыся. — Ці гатова месца для дару?

— Так, — адказаў Панятоўскі, — яно там, — ён махнуў рукой у бок адной з дзвярэй залы.

Устаўшы з-за стала, ён накіраваўся да яе. Кароль адчыніў дзверы, з-за якіх быў бачны выхад у будынак капліцы, злучанай з авальнай заляй калідорам.

— Нам трэба дзейнічаць хутка, — сказаў кароль.

Панурыш і Панятоўскі прайшлі ў далёкі канец памяшкання, там відочны быў маленькі столік. Ссунуўшы яго ўласнымі рукамі, кароль прыўзняў дошку, на якой стол стаяў, і вачам яго адкрылася глыбокая яма. На дне ямы ляжаў драўляны куфар, без якіх-небудзь упрыгожванняў.

— Усё так, як павінна быць. Тут і варта пакінуць дар. Трэба будзе распарадзіцца, каб слугі схавалі ўсе сляды, старанна заладзілі падлогу. У вас жа яшчэ ёсць некалькі давераных слуг, Ваша Вялікасць?

— Так, яшчэ ёсць.

Суразмоўцы вярнуліся ў авальную залу. За дзвярыма пачулася руская гаворка і бразганне шпор.

— Канвой… — прамовіў Станіслаў Аўгуст, ды сумна паглядзеў у вакно.

Кароль памарудзіў у нерашучасці яшчэ імгненне, а затым павярнуўся да Панурыша, які стаяў за два крокі.

— Тыя, хто павінны ведаць — будуць, у тым ліку нейкія габрэі? — спытаў кароль.

— Так.

— І апошняе, што вы павінны сказаць мне. Я прасіў імператрыцу за свой народ, я не магу забыць свой абавязак перад ім. Я ведаю, што вам адкрыта будучыня краіны, і мая будучыня таксама. Дык вось, адкажыце мне, я хачу ведаць: што будзе з маёй радзімай? — кароль гаварыў усё хутчэй, — і яшчэ адно: я памру ў Пецярбургу?

Панурыш паглядзеў на караля ва ўпор. Яго погляд быў непранікальны. Ён склаў далоні разам. Здавалася, зараз ён пачне ўгаворваць караля не прасіць яго адказаць на гэтыя пытанні. Бледны, твар Панятоўскага, быў зусім не падобны зараз на твар некалі магутнага манарха. Перад Якавам быў просьбіт. Развядучы рукi ў бакі, Панурыш сказаў толькі два словы:

— Яна адродзіцца, — а затым дадаў. — Так, у Пецярбургу.

Кароль збялеў яшчэ больш і некалькі імгненняў толькі варушыў сухімі вуснамі. Ён закрыў вушы рукамі, як чалавек аглушаны выбухам, але хутка авалодаўшы сабою, пільна паглядзеў на госця.

— Але ж вы сказалі, што я вярнуся ў Воўчын!

— Так вернецеся, але ўжо пасля гэтага… — Панурыш памаўчаў і скончыў, — жыцця.

Глава 5. Прыгоды з раніцы

Прафесар Лiтвакас расплюшчыў вочы. Ён пражываў у не самым старым раёне Вільні, але ўсё ж старадаўніх асабнякоў, якім хутка павінна было споўніцца сто гадоў, там было дастаткова. Многія заможныя людзі ўжо не першы год скуплялі маёмасць па суседству з прафесарам філасофіі. Называўся гэты раён — Жвярынас.

Лiтвакас вельмі любіў свой раён і свой стары драўляны дом, пакрыты выдатным чарапічным дахам. У гэтым доме ў яго была вялікая спальня і вузкi спартанскi ложак, з якога ён і падняўся раніцай. Выгляд яго выдаваў бяссонную ноч. На яго прыложкавай тумбачцы ляжала кніга Эдгара По раскрытая на вершы «Сон у сне». Спехам памыўшыся, Лiтвакас хутка перакусіў тым, што засталося ад вячэры і, накінуўшы паліто, выбег з хаты. Сёння ён не збіраўся чытаць лекцыі. Скокнуўшы ў свой навюткі дарагі седан, чорнага колеру, прафесар завёў рухавік і праз кароткi адрэзак часу быў ужо за горадам, дзе дазволіў сабе развіць неабыякую хуткасць — сто восемдзесят кіламетраў на гадзіну. Лiтвакас любіў хуткасць, акрамя таго ён спяшаўся. Яго седан, пабліскваючы на сонцы, ляцеў па трасе ў бок Беларусі.

Праскочыўшы мяжу адносна хутка, Лiтвакас працягваў ціснуць на газ і неўзабаве ўбачыў, што наперадзе замаячыла Гародня. Менавіта туды спяшаўся літоўскі прафесар.

Прыпаркаваўшыся ў цэнтры, Лiтвакас пастукаў пальцамі па рулі, злёгку паскроб яго прыемную навобмацак скураную паверхню, і дастаў з унутранай кішэні пінжака свой тэлефон. Прабегшыся па сэнсарных клавішах, ён паднёс трубку да вуха.

— Алё, — сказаў у трубцы прыемны, малады жаночы голас.

— Вікторыя, гэта Лiтвакас.

— Вы, прафесар? — голас дзяўчыны гучаў здзіўлена, і як здалося Лiтвакасу, трохі стомлена.

— Я прыехаў у Гродна і мне трэба пагаварыць з вамі, Віка.

— Вы ў Гродна? — голас суразмоўніцы Лiтвакаса стаў яшчэ больш здзіўленым.

— Так, гэта вельмі важна. Я разумею, што ўсё гэта вельмі нечакана для вас. Я прама як няпрошаны госць у разгар чаявання. Проста зразумейце, што гэта вельмі, ну вельмі важна, Вікторыя!

— О, вядома, прафесар. Я ўсё цудоўна разумею і ведаю, што вы не проста так прыехалі да нас у горад. У вас ёсць важная справа, і я з задавальненнем з вамі сустрэнуся, каб вырашыць яе.

— Я ведаў, што знайду ў вас разуменне, Вікторыя. Ці можаце вы быць у тры гадзіны дня каля помніка Элізы Ажэшкі?

— Хвіліначку… Так, прафесар. Давайце так і зробім.

— Дзякуй. Да сустрэчы.

— Дзякуй вам, прафесар.

Паклаўшы трубку, Лiтвакас застыў на некалькі імгненняў, а потым, рэзка адкрыўшы дзверы з машыны, пайшоў прагуляцца па горадзе і перакусіць да сустрэчы з дзяўчынай.

Віка тым часам абдумвала нечаканае з'яўленне Лiтвакаса. Яна ўсё яшчэ сядзела на ложку не адзеўшыся. Віка правяла рукамі па валасах. Незвычайны яркі і цікавы сон, прымусіў дзяўчыну задумацца пра прычыну яго з'яўлення.

— Звычайна я не бачу сноў, — сказала яна сама сабе і працягнула руку да тэлефона, які паспела адкласці на маленькі часопісны столік.

У гэты час Мечыслаў і Уладзімір абедалі дома ў гродзенскага гісторыка. Мечык даў прытулак свайму мінскаму калегу, і яны ўжо паспелі з раніцы пазаймацца унікальнымі артэфактамі, якія да гэтага былі знаёмыя Уладзіміру толькі па фота і апісанням сяброў. Уладзімір змог сам патрымаць у руках сярэбраную капсулу — добра вычышчаную і бліскучую.

Жонка Мечыка ўвайшла на кухню, дзе размясціліся гісторыкі.

— Смачна есцi, — сказала яна.

— Дзякуй! — хорам адказалі Мечык і Уладзімір.

— Вельмі смачна. Вы выдатна гатуеце, — зрабіў Уладзімір камплімент гаспадыні дома, якая была апранута ў хатні спартыўны гарнітурчык і якраз збірала валасы ў пучок на патыліцы.

— Вельмі прыемна, — сказала маладая гаспадыня і ўсміхнулася.

У гэты час у кухню ўбег маленькі сын Мечыслава. Ён кінуўся да бацькі і паспрабаваў схапіць яго за гарлавіну швэдры.

— Я ж ем, ты ж бачыш, — сказаў Мечыслаў і, усміхнуўшыся, падняў сына і пасадзіў яго да сябе на калені.

У гэты час у пакоі на гарышчы, дзе Уладзімір і Мечыслаў пакінулі свае тэлефоны побач з артэфактамі Панятоўскага, чуўся званок. Тэлефон Мечыка вібраваў на стале, але насельнікі дома не чулі, бо былі занадта далёка.

Віка пачакала яшчэ трохі і, так і не пачуўшы прывітання Мечыка ў трубцы, апусціла тэлефон на калені.

— Не падымае, — задуменна сказала дзяўчына, — Трэба будзе набраць пазней.

Яна ўстала і пачала збірацца на сустрэчу з Лiтвакасам.

У гэты час Мечык і Уладзімір скончылі абед і вярнуліся да сваёй працы.

— Захаванасць дзівосная, — сказаў Уладзімір, яшчэ раз беручы сярэбраную капсулу ў рукі.

— А гэтая скрыначка з чырвонага дрэва, — вымавіў Мечыслаў, — проста ладная штучка. Нават складана сказаць, што тут радуе больш.

— Залаты герб Панятоўскіх, — адказаў гісторык.

— Ну дык! — усклікнуў Мечык.

— Але пергамент… Ведаеш, нават калі б на ім нічога не было напісана, я б усё роўна лічыў, што ён выдатны, — вымавіў мінчанін.

Мечыслаў усміхнуўся і кіўнуў галавой. Уладзімір працягваў трымаць у руках сярэбраную капсулу.

— Ты вельмі добра яе ачысціў. Яна прама ва ўсім бляску. Цяпер выдатна відаць усё, што на ёй адлюстравана, — адзначыў Уладзімір.

— Звярні ўвагу на гэтую ручку ў выглядзе галавы вала, — параіў гарадзенец.

— Яна такая прыемная навобмацак… мне нават больш падабаецца яе мацаць, чым на яе глядзець, — злёгку ўсміхнуўшыся, спакойным голасам сказаў госць.

Мечык падышоў да стала, дзе ляжаў ягоны тэлефон і, узяўшы яго ў рукі, усклікнуў:

— Тэлефанавала Віка! Мабыць, мы не чулі, пакуль абедалі. Эх!

— Патэлефануй ёй, — параіў Уладзімір і Мечык, націснуўшы на выклік, паднёс тэлефон да вуха

Віка пачула званок тэлефона, які ляжаў у яе ў невялікай сумцы, перакінутай праз плячо. Дзяўчына парылася ў ёй і, не без высілкаў намацаўшы тэлефон, выцягнула яго. Зірнуўшы на мабільны яна з радасцю ўсміхнулася.

— Так, Мечык, — усміхаючыся сказала дзяўчына ў трубку.

— Прывітанне, — пачула яна ў адказ.

— Прывітанне.

— Я бачу, ты тэлефанавала, але мы з Уладзем не чулі. Елі, ага, — сказаў вясёлым тонам Мечык.

— Проста ёсць навіны.

— Якія?

— Сёння з раніцы мне патэлефанаваў Лiтвакас. Уяві сабе! Прафесар у Гародні…

— Вось гэта навіны, — здзіўлена сказаў Мечыслаў. — Ён табе тэлефанаваў? І што сказаў? Што ён хоча?

— Ён не патлумачыў, — адказала Віка.

— І?

— І цяпер я іду на сустрэчу з ім. Мы дамовіліся ў тры гадзіны каля помніка Ажэшкі. Я ўжо даволі блізка да месца.

— Ты зусім не ведаеш, чаго ён можа хацець? Хоць, меркаваць тое нескладана. Праўда, як думаеш?

— Дакладна не ведаю, але выказаць здагадку сапраўды лёгка.

— Напэўна гэта звязана з артэфактамі.

— Так, напэўна. Ну што ж яшчэ яму можа быць трэба. Ён хоча нешта паведаміць па нашай справе і гэта, верагодна, будзе нам на карысць.

— Ці яшчэ пра нешта даведацца, — сказаў Мечыслаў.


У гэты момант Віцы здалося, што наперадзе, сярод тых людзей, што ішлі па вулiцы, стаіць нейкі чалавек, твар якога быў ёй знаёмы, але яна ніяк не магла ўспомніць, дзе яго бачыла. Ягоная знешнасць была такой невыразнай, што запомніць ягоны твар здавалася амаль немагчымым. Ёй прыгадалася, што падобны чалавек ужо ішоў за ёй аднойчы, ці ж ёй проста здалося, і ніякага чалавека не было, ні тады, ні цяпер.

— Алё, Віка, ты тут? — спытаў Мечыслаў, чуючы ў трубцы маўчанне.

— Так, — сказала дзяўчына спахапіўшыся.

Яна яшчэ раз пільна ўгледзелася ў чалавека, што здаўся ёй знаёмым, але ён проста стаяў і глядзеў на яе, а потым раптам усміхнуўся і памахаў дзяўчыне.

«Гэта проста нейкі мой знаёмы, але я яго зусім не памятаю» — пранеслася ў галаве гараздзенкi.

— Віка, з табой усё добра? — пачула яна пытанне Мечыслава.

— Так-так, — адказала Вiка, а сама падняла галаву і зноў угледзелася ў чалавека, які махаў ёй. Ён пайшоў дзяўчыне насустрач, але тут Віка ўбачыла, што махае і ўсміхаецца ён не ёй, а камусьцi за яе спіной.

— Тут проста нехта махаў мне, але аказалася, што не мне, — сказала Віка ў трубку.

— Ага, — крыху збянтэжана адказаў Мечыслаў.

— Я думаю, гэта выдатная магчымасць даведацца яшчэ пра нейкiя факты. Я, шчыра сказаць, згараю ад цікаўнасці. У Лiтвакаса ўніверсітэт і студэнты. І вось ён, атрымліваецца, усё кінуў і паехаў у Гродна. Хіба тут можна быць незацікаўленай?

— Ну так. Можа ты хочаш, каб мы з Уладзем пад'ехалі?

— Ну, я думаю, што спраўлюся. Магчыма, Лiтвакас і сам захоча пабачыць Уладзіміра, бо яны ж даўно знаёмыя і менавіта ён яго нам і парэкамендаваў. Калі ён захоча, то і вы з ім сустрэнецеся.

— Зразумела. Ну, тады стэлефануемся.

— Так, да званка, Мечык.

Дзяўчына адключыла трубку і паглядзела на неба. Дзень быў сонечны, але не асабліва цёплы.

Пасля таго як сувязь перарвалася Мечык падышоў да акна і паглядзеў на вуліцу.

— Ну і што там? — спытаў Уладзімір, якi ўсё яшчэ трымаў у руках капсулу.

— Уяўляеш, Лiтвакас прыехаў у Гродна і патэлефанаваў Віцы. Прапанаваў ёй сустрэцца, і яна зараз ідзе на гэтую сустрэчу.

— Дык гэта ж добра, — спакойна сказаў Уладзімір. — Напэўна ён паведаміць, пра нешта важнае, а інакш, чаму ён прыехаў у Гродна?

— Мда… У мяне нейкае дзіўнае пачуццё… Як быццам бы гэты Лiтвакас нясе нейкую пагрозу. Як быццам бы ён звязаны з пагрозай. Ты вось ведаеш яго даўно. Што ён за чалавек? — спытаў Мечык.

— Ну, ён добры спецыяліст, — адказаў мінчанін.

— А што ён за чалавек?

Уладзімір толькі паціснуў плячыма.

Пакуль Мечыслаў і Уладзімір абмяркоўвалі Лiтвакаса, Віка амаль прыйшла на месца сустрэчы. Дзяўчына была вельмі педантычная і не любiла спазняцца. На сустрэчы, тым больш дзелавыя, яна амаль заўсёды прыходзіла загадзя і нярэдка сама чакала таго з кім дамовілася.

Побач з помнікам знаходзілася старая гарадзенская аптэка з выдатным інтэр'ерам. Бываць там было прыемна, і дзяўчына зазірнула туды, бо да трох гадзін было яшчэ трохi часу. Правёўшы некалькі хвілін у аптэцы, Віка выйшла на вуліцу і накіравалася да помніка Элізы Ажэшкі, да якога заставалася прайсці самую драбніцу.

Да здзіўлення дзяўчыны Лiтвакас ужо чакаў там. Прафесар прыйшоў на сустрэчу нават раней яе і цяпер сядзеў на невялікай, чыстай лаўцы.

Вiленскi госць падняўся насустрач той каго чакаў, і моцны парыў ветру расчыніў крысы яго цяжкага, зімовага паліто, пашытага з шэрага драпу. Неверагоднай даўжыні шалік быў наматаны на шыю прафесара. Ягоныя лакаваныя туфлі не адрозніваліся чысцінёй, а тоўстыя далоні з даволі такі кароткімі пальцамі — напалову выглядалі з кішэняў цёмных, паласатых штаноў. Ён быў з тых людзей, якія выглядаюць смешнымі дзівакамі нават у дарагой вопратцы і дарагой машыне, з дарагім гадзіннікам на запясце, а асабліва смешнымі такіх людзей робяць дарагія сяброўкі, што трымаюць іх пад руку.

Чорныя вочы Лiтвакаса глядзелі, не адрываючыся, на Віку. Зімовае сонца залівала месца сустрэчы прафесара і дзяўчыны. Акуратны помнік Элізы Ажэшкi ўжо шмат дзесяцігоддзяў упрыгожваў Гродна і цяпер твар пісьменніцы быў звернуты да Лiтвакаса. Стаяў невялікі мароз і ў гэтым месцы адкрываўся выдатны вiд на цэнтральны парк, названы ў гонар французскага навукоўца васемнаццатага стагоддзя — Жылібера. Нават голыя дрэвы гэтага парку выраблялі прыемнае ўражанне, а на маленькім мастку, з каванымі ажурнымі парэнчамі, як быццам вышытымі ў паветры чорнымі ніткамі, гарэзавала нейкая парачка, пасылаючы ў неба свае вясёлыя крыкі.

— Добры дзень, Вікторыя, — сказаў Лiтвакас, калі тая была яшчэ далёка. Ён быў упэўнены, што яго голасу хопіць моцы прабіцца скрозь вецер і дасягнуць слыху дзяўчыны, якая бадзёра шагала яму насустрач. Віка сапраўды пачула і, памахаўшы рукой, пайшла хутчэй.

— Добры дзень, — сказала яна, падышоўшы да Лiтвакаса.

Сонца асвятляла акуратна прыбраныя валасы, а вецер гойдаў вопратку дзяўчыны. Яна збянтэжана апусціла вочы і правяла па краі паліто сваімі доўгімі пальчыкамі.

Але Лiтвакас застаўся абыякавы да гэтай ідылічнай карціны. У іншы момант ён мог бы аддаць ёй належнае, бо быў заўзятым знатаком жаночай вабноты, аднак цяпер ён быў паглынуты нейкай ідэяй, якая спальвала ягоны мозг. Таму ён зрабіў крок да дзяўчыны, якая працягвала злёгку саромецца,, і гучна выпаліў:

— Віка, вы павінны кінуць гэтую справу са знаходкай.

— Што?

— Вы павінны перастаць разблытваць гісторыю гэтых знаходак, якія вы вывудзілі з часоў Панятоўскага. Я ўжо казаў, што гэта сур'ёзней, чым вы думаеце, магу толькі пацвердзіць свае словы. Ваш сябар можа прадаць мне гэтыя артэфакты.

— Але ж я казала вам, прафесар, што справа не ў грошах.

— Так, не ў грошах, не ў грошах, але вы павінны зразумець, што я прашу вас пакінуць гэтую справу. Вы разумееце?

— Але чаму?

У гэты момант рэзкі парыў ветру накрыў суразмоўцаў. Лiтвакас удыхнуў свежае, халоднае паветра, але гэта яго не супакоіла.

— Магчыма, мне варта гаварыць з Уладзімірам, а не з вамі, — зло сказаў Лiтвакас, — вось ужо ён…

Нечакана госць замоўк на паўслове, а твар яго напоўнілася жахам. Прафесар глядзеў кудысьцi за спіну дзяўчыны. Здзіўленая гарадзенка павярнулася, спрабуючы зразумець, што ж так уразіла яе суразмоўцу. Праз дарогу ад іх, каля агароджы парку, стаяў той самы чалавек з невыразнай знешнасцю, які ўжо некалькі разоў быў заўважаны Вiкай. Павярнуўшы галаву назад, дзяўчына выявіла, што прафесар, не гледзячы на свой не самы малады ўзрост, з велізарнай хуткасцю бяжыць уверх па вуліцы Тэлеграфнай.

— Ты што… — прагучаў люты мужчынскі голас, сярод скрыгата тармазоў.

Паглядзеўшы зноў на дарогу, за якой да гэтага стаяў загадкавы невыразны чалавек, Віка зразумела, што ён ужо пасярод гэтай дарогі, а перад ім затармазіла машына, у якой сядзеў i не пераставаў крычаць недрукоўныя словы кіроўца.

Віка амаль механічна, хутка пайшла ўслед за Лiтвакасам — далей ад гэтых дзіўных падзей. Прайшоўшы дзясятак метраў, дзяўчына павярнулася і ўбачыла бойку кіроўцы, якi выскачыў з машыны, і невыразнага суб'екта. Той першым жа ударам адкінуў кіроўцу да машыны, па якой няшчасны споўз на дарогу і распластаўся без прыкмет жыцця. Затым Невыразны пайшоў услед за Вікай. Дзяўчына ў жаху пабегла наперад, але як толькі гарадзенка параўнялася з аркай аднаго з дамоў, яна адчула рывок. Хтосьці схапіў яе і імкліва рвануў да сябе. Дзяўчына апынулася ў арцы і адчула, што не можа паварушыцца.

Глава 6. Прыгоды працягваюцца

Хтосьці моцна трымаў Віку ззаду і заціскаў ёй далонню рот. Праз некалькі секунд у арку ўвайшоў той самы невыразны суб'ект, які ішоў за дзяўчынай ад дарогі, дзе ён адным ударам адправіў у накаўт кіроўцу. Суб'ект наблізіў свой твар да твару Вікі, і яна ўбачыла, што вочы ў яго амаль празрыстыя і не выказваюць ніякіх эмоцый.

Бесплатный фрагмент закончился.

Купите книгу, чтобы продолжить чтение.