18+
«Той дом, хоць невялікі, але мілы воку…»

Бесплатный фрагмент - «Той дом, хоць невялікі, але мілы воку…»

Маёнткі на захад ад Ліды

Объем: 242 бумажных стр.

Формат: epub, fb2, pdfRead, mobi

Подробнее

Ад аўтара

У гэтай кніжцы я распавяду пра лёс некалькіх маёнткаў і мястэчак на абшарах гістарычнай Лідчыны, на захад горада.

Можа галоўная выснова, якую я для сябе зрабіў, покуль пісаў гэту кнігу — жыццё, гэта такая рэч, што вялікае ў ім заўсёды пераблытаецца з малым, велічнае і слаўнае — са звычайным і недарэчным. У гэтым і ёсць яго праўда.

З старадаўніх часоў шлях з Ліды ў бок Гродна бег каля Астроўлі і Цыбараў на мост праз Дзітву, на якім бралі маставы і грэблявы збор (плату, або так званае мыта) і таму паселішча, якое месцілася каля моста і грэблі (раней яно называлася Дзітва Пратасаўская), атрымала назву Мыто. Гэты шлях называўся ў Лідзе Мытлянскі гасцінец, далей ён ішоў на Васілішкі, Астрыну, Азёры і да Гродна. Заўважу, што Астроўля — другасны тапонім, яго назва паходзіць ад старажытнага маёнтка (двара) Востраў, пра які я раскажу ў наступнай главе.

Пачнём нашу вандроўку па старажытных дварах і мястэчках Лідчыны…

Гісторыя маёнтка Востраў

Беларусь ідзе па еўрапейскім шляху развіцця з ХІІІ-XIV стагоддзяў, з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Трэба было бы на тэрыторыі Лідскага раёна, каля… Вострава, дзе было падпісана мірная дамова паміж вялікім князем літоўскім Вітаўтам і польскім каралём Ягайлам, паставіць помнік ім, таму што пасля гэтага спыніліся канфлікты, у тым ліку і ўзаемнае знішчэнне… Пасля гэтага Беларусь была адчыненая для ўплыву заходняй культуры.

Адам Мальдзіс

4 жніўня 1392 года было заключана Востраўскае пагадненне. Падпісалі яго з аднаго боку кароль польскі Уладзіслаў, ён жа Вялікі князь літоўскі, рускі і жамойцкі Ягайла і ягоная жонка — польская каралева Ядвіга, з другога боку — князь гарадзенскі Вітаўт і ягоная жонка Ганна. Яны дамовіліся спыніць міжусобную вайну. Вітаўт стаў фактычным уладаром Вялікага Княства Літоўскага. Пагадненне паклала канец братазабойчай вайне, прывяло да разгрому крыжакоў на палях Грунвальда і дазволіла Вялікаму Княству Літоўскаму неўзабаве дасягнуць найбольшага росквіту і магутнасці.

Раней мною было надрукавана некалькі артыкулаў пра месца падпісання Востраўскага пагаднення 1392 года паміж Вітаўтам і Ягайлам. У артыкулах аналізавалася інфармацыя, якую падаваў Тэадор Нарбут, і рабіліся некаторыя высновы аб яе дакладнасці.

Адразу заўважу, што расходы каралеўскага двара Ягайлы і яго месцазнаходжанне распісаны падзённа і яшчэ ў XIX стагоддзі выдадзены на лаціне і па-польску. Было б элементарна проста даведацца, дзе знаходзіўся кароль з каралевай 4 жніўня 1392 года. Але інфармацыі пра 1392 год у гэтых кнігах няма і, верагодна, яна страчана назаўжды. Тое ж самае тычыцца і раскладу па днях дзейнасці вялікага князя Вітаўта.

Верагодна, лакалізацыя месца заключэння Востраўскага пагаднення ўжо ніколі не будзе ўстаноўлена па-навуковаму дакладна, але гэта не перашкаджае кожнаму з магчымых гарадоў-прэтэндэнтаў выкарыстоўваць гэта гістарычнае пагадненне ў мэтах пашырэння турызму.

З моманту маіх першых публікацый паступова знайшлася гістарычная інфармацыя пра адну з найстарэйшых мясцін Лідчыны — двор Востраў, якую я і прапаную ў гэтым артыкуле.

Пагадненне было заключана ў маёнтку Востраў (Ostrów, Ostrowo). Аўтар, працуючы з «Дзеямі народа літоўскага» Тэадора Нарбута, знайшоў інфармацыю пра месца, дзе знаходзіўся Востраў. Наш гісторык дае дакладную і дастатковую інфармацыю. У пятым томе «Дзеяў…» (выданне 1839 г., Вільня, на старонцы 491, у дадатку №1) Нарбут піша: «Востраў, у павеце Лідскім, на захад ад Ліды недалёка Мыто, за левым берагам ракі Дзітва, раней уласнасць скарбу літоўскага, дзе быў вялікі палац і да гэтага часу фундамент і склепы захаваліся, … меў памер 9 моргаў, у апошнія часы належаў Тадэвушу Нарбуту, падкамораму лідскаму. Зараз, пасля здрабнення праз exdywizye, ёсць невялікім фальваркам, які належыць панам Міхалоўскім».

«За левым берагам» — гэта адносна вёскі Мыта. Такім чынам маем, што Востраў знаходзіўся на левым (лідскім) беразе Дзітвы. У кнізе Чэслава Малеўскага «Роды шляхецкія на Літве ў XIX стагоддзі. Лідскі павет» чытаем, што панам Міхалоўскім, сярод іншага, належыў Востраў (1832–1845 гг.) з вёскай Янцавічы — 350 дзесяцін, 40 душ мужчынскіх, 35 жаночых, у 1845 г. Лідская парафія.

На нямецкай карце 1913 г., якая з'яўляецца перадрукам з 1893 г., каля Янцавіч абазначаны фальварак Востраў. Далейшы пошук вывеў на польскую тапаграфічную карту 1929 г. На ёй Востраў адзначаны, і назва падаецца на польскі манер: «Fw. Ostrowo». Параўнанне розных карт дазволіла прайсці да высновы, што на тапаграфічнай карце 1983 г. на месцы Вострава абазначана купка дрэў.

Пасля знаходжання маёнтка на карце паўстала задача знайсці яго на мясцовасці. Гэта адбылося ў 2007 г. Перад выправай я сустрэўся з Юзафам Хрулём, 1929 года нараджэння, шляхцічам герба «Прадзіц». Ён — сын апошняга ўладальніка фальварка Воўкавічы, які знаходзіцца каля сямі кіламетраў на поўдзень ад Вострава. Юзаф Юзафавіч адразу сказаў, што добра ведае такі фальварак. Гэта быў адзіны пункт з падобнай назвай у ваколіцах Ліды, калі рухацца ў бок Мыто. Апошні ўладальнік гістарычнага месца — Барташэвіч. Гаспадар пакінуў сваё валоданне ў 1939 г. і апошні раз з'явіўся на Лідчыне ў сярэдзіне 1950-х гадоў, каб паглядзець, што сталася з яго маёмасцю. Фальварак быў добра бачны з боку Крупава як зялёны сад з домам і пабудовамі. З кнігі Ч. Малеўскага бачна, што Барташэвічы — вялікі і разгалінаваны шляхецкі род Лідскага павета гербаў «Бонча» і «Самсон». Самае цікавае, што ў 1835 г. Барташэвічам належалі Кербедзі, якія межавалі з Востравам. Верагодна, таму Барташэвічы і купілі занядбаны маёнтак. Улічваючы, што яшчэ ў 1829 г. фальварак належаў Міхалоўскім, а да Барташэвічаў ён перайшоў у 30-я гады XX ст., можна зрабіць выснову: Міхалоўскія валодалі ім больш як 100 гадоў.

Разам з Юзафам Юзафавічам выехалі ў Янцавічы. І першы ж жыхар вёскі Янцавічы адразу згадаў і правёў нас да Вострава. Тапонім з такой назвай жыве да нашага часу! Жыхары Янцавіч і цяпер помняць, што ўладальнікамі Вострава былі Міхалоўскія. А пра Барташэвіча ўжо не згадваюць. Мясцовы жыхар — Франц Ткацэвіч, 1953 года нараджэння, расказаў, што пра існаванне фальварка ён чуў ад старэйшых. Сам жа помніць толькі каменныя падмуркі з рэшткамі пабудоў. Большы падмурак меў памеры прыблізна 25 на 10 метраў. Фальварак быў засаджаны дрэвамі, добра запомнілася вялікая груша. У пачатку 80-х гадоў XX ст. падмуркі і рэшткі пабудоў былі зруйнаваныя бульдозерамі і скінутыя ў вялікую яму за сто пяцьдзесят метраў ад ваколіцы Янцавіч. Груда зямлі і вялікіх апрацаваных валуноў ляжыць на тым жа месцы і цяпер. Гэта ўсё, што засталося ад найстаражытнейшага на Лідчыне маёнтка Востраў. Франц Часлававіч адлічыў ад камянёў тыя сто пяцьдзесят метраў на ўсход, арыентуючыся на комін лідскай ЦЭЦ, і ў полі ўпэўнена паказаў месца, дзе стаяў фальварак. Па рэльефе месца і цяпер выразна праглядаецца пляцоўка двара.

Ткацэвіч прыгадаў, што яшчэ ў 2006 г. на месцы фальварка цэлы тыдзень «чорны археолаг» шукаў металашукальнікам скарбы. Але нічога для сябе каштоўнага не знайшоў. Для недасведчанага «чорнага археолага» гэта безназоўны фальварак, знойдзены, верагодна, па польскай карце 1929 г. Тым не менш, з ягонай працы скарысталіся і мы. На месцы маёнтка ён накапаў вялізную колькасць ям і шурфаў. На іх паверхні ляжалі металічныя часткі гаспадарчых прылад, цвікі, фрагменты цэглы, кераміка і нават два патроны. Яшчэ доўга ў маёй кішэні ляжалі абівачныя цвікі XIX ст., падабраныя пасля чорнага капальніка. Безумоўна, у зямлі застаўся вялікі культурны пласт. І хто ведае, магчыма, недзе на глыбіні захаваліся падмуркі. Павінны былі застацца і рэшткі склепа ці лядоўні. Археолагі маглі б знайсці рэшткі падмуркаў XIV стагоддзя там, дзе пазней стаяў фальварак Востраў. Але ці захавалася што-небудзь у зямлі пасля ўсіх бед, якія прайшлі па нашай зямлі?

Былая жыхарка вёскі Заполле, што ў двух кіламетрах ад Вострава, Ядвіга Паўлюкевіч, 1940 года нараджэння, таксама выдатна ведае гэты тапонім і помніць старыя пабудовы. З яе слоў — гэта быў вялікі драўляны аднапавярховы панскі дом з высокімі, у рост чалавека, каменнымі падмуркамі. Дом меў належны ганак з чатырма высокімі каменнымі прыступкамі, у ім было пяць пакояў — чатыры вялікія і адзін малы, а таксама кухня. Каля дома месціліся: гумно, свіран, хлеў, лядоўня і флігель для наёмных работнікаў. Пасля Другой сусветнай вайны ў доме знаходзіўся фельчарска-акушэрскі пункт, і жыла сям'я медыкаў Смалякоў. З 1963–64-х гадоў дом пуставаў.

Так скончылася сваё гістарычнае існаванне Востраў — адзін з першых населеных пунктаў Лідчыны. Маёнтак, ад назвы якога пайшоў другасны тапонім — вёска Астраўля.

Вось так, дзякуючы Тэадору Нарбуту, быў знойдзены найстарэйшы маёнтак Лідчыны — Востраў. Уся непасрэдная і ўскосная інфармацыя аказалася дакладнай. Факты шчыльна сышліся адзін да аднаго і пацвердзіліся на месцы. З вопыту даследчыка ведаю, што так здараецца рэдка.

Верагодна, Востраў як месца сустрэчы нашчадкаў Альгерда і Кейстута быў абраны невыпадкова.

Па-першае, на момант падпісання пагаднення маёнтак знаходзіўся на мяжы Гарадзенскага княства, якое належала Вітаўту, і лідскімі валоданнямі Ягайлы. Мяжа праходзіла па рацэ Дзітве.

Па-другое, недалёка ад Вострава праходзіў старадаўні шлях з Вільні ў Кракаў. І найстаражытнейшы мост праз раку Дзітву на шляху з Вільні на Варшаву ў 1392 г. знаходзіўся якраз насупраць Вострава, у Рулевічах. Мост праз Дзітву ў Мыто быў пабудаваны толькі ў канцы XV ст.

На адлегласці ў некалькі міль ад маёнтка Востраў знаходзіўся Лідскі замак, дзе два валадара, здавалася б, маглі наладзіць годны прыём. Але ў студзені таго ж 1392 г. атрады крыжакоў на чале з камандорам Янам Румпенгаймам, Конрадам Ліхтэнштэйнам, разам з войскамі Вітаўта, які ў той час яшчэ змагаўся з Ягайлам за кантроль над Літвой, разрабавалі і спалілі горад і замак. Таму Ліда не магла належным чынам прыняць стрыечных братоў.

Цікава пра пагадненне піша Ян Длугаш: «Уладзіслаў, кароль Польскі… прагнучы забяспечыць спакой Літвы, да якой, як да роднай зямлі, меў найвялікшае шанаванне… пастанавіў нарэшце паяднацца з князем Вітаўтам і даць яму ўладу над Літвой і Руссю, бо іншыя браты Ягайлавы былі аматарамі палявання і п’янства і не былі здатныя да кіравання дзяржавай. Дзеля гэтай мэты патаемна выслаў Генрыха, князя Мазавецкага, які быў абраны біскупам Плоцкім… але потым, парушыўшы стан духоўны, родную сястру Вітаўта… узяў за жонку. … Кароль Польскі Уладзіслаў напрыканцы месяца ліпеня выехаў у Літву, а 7 жніўня стаў у Востраве, туды ж для сустрэчы прыбыў князь Вітаўт з найбольш адданымі прыхільнікамі, і з пачцівай просьбай, слязьмі заліты, умольваў караля аб прабачэнні для сябе і дараванні сваёй віны. Кароль Уладзіслаў адпусціў яму ўсе правіны. Потым выправіўся з ім у Вільню… і не толькі вярнуў Вітаўту спадчынную тэрыторыю і замкі, але і ўсю Літву і Русь з замкамі аддаў пад ягоную ўладу…».

Длугаш піша, што дзеля заключэння пагаднення Ягайла выехаў у Літву.

Трэба адзначыць ролю плоцкага біскупа Генрыха (сына мазавецкага князя Земавіта III з дынастыі Пястаў) у справе пагаднення паміж Ягайлам і Вітаўтам. Біскуп па прапанове Ягайлы ў 1392 г. таемна правёў перамовы з Вітаўтам, які ў той час знаходзіўся ў крыжакоў. Місія біскупа была паспяховай і паклала пачатак прымірэнню паміж двума стрыечнымі братамі, што хутка прывяло да Востраўскага пагаднення.

Сустрэча біскупа з Вітаўтам мела цікавы пабочны эфект. Генрых, які да гэтага часу толькі 2 гады лічыўся плоцкім біскупам і нават яшчэ не заняў біскупскую кафедру, закахаўся ў сястру Вітаўта Рынгалу і ажаніўся з ёй. Але магчыма, гэты шлюб і паскорыў смерць Генрыха, які памёр у Луцку зімой 1392/93 г. З нагоды яго скону сучаснікі мелі 2 версіі: ці нашчадка Пястаў атруцілі крыжакі, ці гэта зрабіла яго ўласная жонка.

На момант падпісання пагаднення ў 1392 г. маёнтак быў уласнасцю скарбу ВКЛ.

Яшчэ ў XV ст. па ўсёй тэрыторыі гістарычнай Лідчыны цягнулася пушча, якая належала Вялікаму князю літоўскаму. У часы Вітаўта тут было не шмат сталага насельніцтва, і менавіта гэты Вялікі князь пачаў надзяляць баяраў землямі, але надаваць ён мог толькі лясы і рэкі. Гэта маёмасць каштавала не шмат, бо гаспадар павінен быў карчаваць лес, і так праз выкарчоўку лесу і заняцце новых пусташаў рухалася каланізацыя Лідчыны.

Першымі ўладальнікамі маёнтка маглі быць Бутрымы. Вядома, што ў Гародле ў 1413 г. Мацей з Вансоша, калішскі ваявода, адаптаваў у род Тапор Яна Бутрыма з Жырмун, які да акта адаптацыі прывесіў пячатку з гербам «Тапор» (павернуты ўправа). Бутрымы — першыя ўласнікі Жырмун. Як будзе бачна далей, Востраў на працягу стагоддзяў быў злучаны з Жырмунамі ў адну маёмасць і меў аднаго гаспадара, і таму, думаю, можна выказаць здагадку, што Бутрымы маглі атрымаць Востраў адначасова з Жырмунамі або пасля іх.

Неабходна трошкі расказаць пра гэты род. Першы раз мы сустракаем Бутрыма ў канцы XIV ст. на радзе баяраў. Гэты Бутрым меў патронім (імя па бацьку) Савічавіч, таму, верагодна, ягонага бацьку звалі Савіч. Але і Савіч ёсць патронім ад Савы, які быў дзедам Яна Бутрыма. Калі Сава таксама быў Бутрымам, дык магчыма, менавіта яго Ягайла загадаў пакараць смерцю ў 1382 г. за забойства Вайдылы.

Вяртаючыся да Яна Бутрыма, бачым яго ў 1407 і 1410 гг. яшчэ без усялякіх пасад. Але ўжо ў 1412 г. ён атрымлівае пасаду маршалка двара вялікага князя Вітаўта і на гэтай пасадзе знаходзіцца да канца жыцця. У 1410 г. Ян Бутрым адбываў пасольства Вітаўта ў Празе, а ў 1414 г. прымаў удзел у выправе на Прусію і каля замка Голанд патрапіў у крыжацкі палон. У 1422 г. атрымаў пасаду смаленскага старосты. З 1426 г. інфармацыі пра яго няма, аднак у 1428 г. пасаду маршалка двара Вітаўта займае сын Яна — Юры Бутрым. Таму можна лічыць, што Ян Бутрым памёр паміж 1426 і 1428 гг.

Сын Яна Бутрыма — Юры з Жырмун у маладосці вучыўся за мяжой і лічыўся высокаадукаваным чалавекам. У 1428–1429 гг., пасля бацькі, ён таксама займаў пасаду маршалка двара Вітаўта. Потым ніякай пасады не меў, аж пакуль у 1440 г. мы не сустракаем нейкага з Бутрымаў на пасадзе слонімскага і здзітаўскага намесніка. Але упэўненасці, што справа ідзе менавіта пра Юрыя Бутрыма, няма. Яго сын Уладзіслаў Бутрым у 1445 годзе — студэнт Кракаўскага ўніверсітэта. Другі сын — Трэчус Бутрымовіч — у сярэдзіне XV ст. атрымлівае маёмасць у Ашмянскім павеце.

Аляксандр Мантоўт у 1422–1435 гг. — салечніцкі стараста. Праз нейкі час ад Жыгімонта Кейстутавіча ён атрымаў Салечнікі ва ўласнасць. У 1440 годзе Мантоўт — эйшышскі стараста, пасля чаго яго след губляецца. Абодва староствы Мантоўта з двух бакоў суседнічалі з «гняздом» Бутрымаў — вёскамі Бутрыманцамі і Бутрымамі.

Аляксандр Мантоўт меў чатырох сыноў: Барташа, Конрада, Міхала і Таўцівіла. З іх Конрад вядомы з прыдомкам Кучук. Міхал Мантоўтавіч меў нейкія справы з Жырмунамі Бутрымаў, і, верагодна, праз яго Жырмуны перайшлі да Мантоўтавічаў.

Першае згадванне пра Востраў я знайшоў у дакуменце ад 1 ліпеня 1436 года — усяго праз 44 гады пасля заключэння Востраўскага пагаднення. У гэтым дакуменце Кучук Конрад (сын Аляксандра Мантоўта), дзедзіч Жырмунаў, надае касцёлу францысканаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вільні меру мёду са сваёй вёскі Дакудава і дзесяць мер жыта з Вострава (Dominis Conradus de Szyrmuni legat mensuram dictam vszatekin Dokudov millessimo quadringentesimo tricesimo sexro Legatio pro una mensura mellis ex villa Dokudov et pro desem vasis siliginis ex Ostrov a domino Conrado de Szyrmin).

Гэты старажытны пергамент захаваўся ў архіве Віленскага каталіцкага капітула. Да дакумента у архіве была прыкладзена папраўленая копія, перапісаная на пачатку XIX ст. Пра Востраў у копіі напісана: «et decem wasa siliginas (de) Ostrov», пра Кучука — «Cimradus alias Kuczuc».

Вядома, што родапачынальнікам гэтага роду быў Кучук — каморнік Ягайлы, які ў 1382 годзе ўдзельнічаў у забойстве Кейстута. Яго сын Конрад (? — пасля 1437) ужо валодаў Дакудавам, Шчучынам і Востравам. Сын Конрада — Ян Кучук (каля 1410 — каля 1478), маршалак гаспадарскі ў 1469–1478 гг. і намеснік лідскі ў 1473 г. У 1473 годзе згадваецца ў Метрыцы ВКЛ: «Здесъ положилъ передъ нами маршалокъ нашъ, намесникъ лидский, панъ Янъ Кучукъ…».

Ян Кучук меў сыноў Юрыя (каля 1435 — пасля 1482), які быў гаспадарскім маршалкам у 1482 годзе, і Войцеха (каля 1440 — пачатак 1506). Войцех у 1492–1505 гг. таксама займаў пасаду гаспадарчага маршалка. У 1496 годзе Войцех Кучукавіч заяўляе пра «близкость имения своего, на имя Жирмунъ, что жъ держать Михайловичи Монтовтовичи». Каля 1516 года ў метрыцы ёсць справа пра Кучукаўскае возера ў вёсцы Сцеркава пад Лідай, дзе Кучукі, пэўна, таксама мелі маёмасць.

У Метрыцы ВКЛ знаходзім, што Казімір Ягелончык 8 мая 1466 года сярод іншага надаў Андрэю, малодшаму сыну Галігіна з роду Клаўсуцяў, даннікаў з Вострава: «Ондрюшку дворецъ у Волковыску, а Червичи у Пинску, данники, а 14 человековъ у-въ Острыне, у-въ Острове данъники, на имя Поздешевичи; даютъ два устава меду». Польскі гісторык Глінка, каментуючы гэты тэкст, указваў, што гэтыя наданні даваліся ў межах радавых маёнткаў Клаўсуцевічаў. У выпадку з Востравам зусім блізка быў маёнтак Дзітва, якім валодалі Клаўсуці.

У недатаваным дакуменце (каля 1509 года), у якім разглядаюцца спрэчкі кухмістра пана Пятра з панам Юрыем (Радзівілам), ваяводзічам віленскім, размова ідзе пра трэцюю частку маёнткаў «Докудово, Щетино [Шчучын — Л.Л.] а Остров», якія раней належалі пану Войцеху Кучукавічу. 20 жніўня 1512 года ў судовай справе, акрамя іншага, запісана: «Будучи де ещчо за славное памяти милости Александра, панъ Вотехъ Кучуковичъ, маршалокъ его милости, именья свои отчизные, третюю часть, … Докудово а Щетино а Остров…». З Метрыкі не бачна, чым скончылася справа, аднак у 1537 годзе, пасля смерці кіеўскага ваяводы і лідскага старосты Юрыя Мікалаевіча Радзівіла (1480–1541), кароль Жыгімонт «на вечнасць» зацвердзіў за другою жонкаю нябожчыка, Барбарай Станіславаўнай, сярод іншых маёнткаў таксама і «Жирмуны, Щчучин, Остров, … Докудов».

У яшчэ адным недатаваным дакуменце (каля 1510 года) разглядаецца скарга каралеўскага двараніна Януша Сакаловіча на слуг паноў Крупскіх (уладальнікаў Крупава, зараз вёска пад Лідай, у некалькіх кіламетрах ад Вострава — Л. Л.). У справе ў якасці сведак фігуруюць суседзі Крупскіх — Баярын Юры Востраўскі і Міхна, «корчміт» Востраўскі.

Войскі рускага ваяводы Хаванскага разбурылі Востраўскі двор падчас вайны (1654–1667).

Далейшую гісторыю Вострава можна прасачыць па дакументах, і таму мы не будзем яе падрабязна пераказваць. Цікавую інфармацыю пра гэты населены пункт даў выбітны лідскі гісторык першай паловы XX ст. Міхал Шымялевіч. Ён піша, што на карце «Rizzi Zannoni», выдадзенай у 1772 годзе ў Парыжы, між Лідай і Мытом намаляваны вялікі лес з назвай «Лес Лідскі». Гэты лес уваходзіў у Лідскае староства і быў падзелены паміж маёнткамі Дайнава, Цыбары і інш. Напрыканцы XVI ст. Ян Янавіч Завіша, падкаморы лідскі, а потым кашталян і ваявода віцебскі, выкупіў Белагруду — маёмасць, якая належыла яшчэ яго дзяду, Андрэю Завішу. Пасля смерці віцебскага ваяводы Белагруда разам з Жырмунамі і Востравам (так званы Жырмунскі ключ) перайшла да ягонага пляменніка Мікалая Завішы, таксама кашталяна віцебскага. Пасля смерці бяздетнага Мікалая Завішы ўся гэта маёмасць перайшла да ягонай удавы, а потым, напрыканцы XVII ст., да Ганны Завішы, дачкі Яна Юрыя Завішы, старосты браслаўскага. У сярэдзіне XVIII ст. Жырмуны і Востраў з Белагрудай — маёмасць княгіні Барбары Радзівіл (з Завішаў). Ад яе маёмасць пераходзіць да сына — Станіслава Радзівіла (1722–1784) і ўнука Мікалая Радзівіла, уладальнікаў Жырмун.

У 1767 г. Востраў як пасаг атрымаў Юзаф Юдыцкі (1717–1797), калі ажаніўся з Алаізай Радзівіл, дачкой генерал-маёра Альбрэхта Радзівіла і Ганны Халецкай. Таму ў Падымным тарыфе 1775 г. Востраў належыць лідскаму абознаму Юдыцкаму, лідскі падкаморы Нарбут валодае суседнімі Сукурчамі. Тэадор Нарбут паведамляў, што перадапошнім гаспадаром Вострава быў як раз лідскі падкаморы Тадэвуш Нарбут. Ягоны ўнук Лявон Дэмбоўскі пісаў у сваіх мемуарах: «Лідскі падкаморы жыў у радзінным маёнтку Сукурчы і па жонцы меў вёску Котлава, а каля 1773 г. дакупіў ад Пясецкіх (насамрэч, Юдыцкіх — Л. Л.) маёнтак Востраў, нічога не заплаціўшы, у крэдыт».

Міхал Шымялевіч пісаў, што ў XVIII ст. у Белагрудскую парафію ўваходзіла маёмасць князёў Радзівілаў: Востраў, Дайнава, Вялікае Ольжава, Тарноўшчына. Акрамя касцёла ў Белагрудзе, парафія мела некалькі капліц: у Востраве, Дайнаве, Дзітве, Вялікім Ольжаве і інш. Дакладна вядома, што менавіта ў Востраве Тадэвуш Нарбут на свае сродкі фундаваў капліцу, якая была ліквідавана ў 1866 г. Тое, што ён пабудаваў капліцу не ў сваіх Сукурчах, а ў суседнім, нядаўна набытым маёнтку, кажа пра адметнасць Вострава ў вачах гаспадара і суседзяў, бо традыцыйна менавіта Сукурчы былі цэнтрам вясковай акругі (у акрузе жыло больш за 500 чалавек). Таксама пры Тадэвушы Нарбуце ў фальварку Востраў, каля дарогі, знаходзілася карчма, а на рацэ Крупка меўся стаў з млынам (другі стаў быў каля Сукурчоў).

У палове XX ст., калі Сукурчоў як населенага пункта ўжо не існавала, у народзе захавалася памяць пра тое, што адзін з тутэйшых будынкаў быў вельмі стары. А ў сям'і апошніх уладальнікаў Сукурчоў Пілецкіх захавалася легенда пра Востраўскае пагадненне. Апошні ўладальнік Сукурчоў Вітальд Пілецкі па расповедах сваіх бабулі і маці пераказаў мясцовую легенду пра тое, што калі «Ягайла сустрэўся з Ядвігай… у Востраве на Дзітве, у двары і стайнях было там занадта цесна, і яны прыйшлі ў Сукурчы на гучную бяседу».

Але на гэтым гісторыя не скончылася. Мае артыкулы пра знаходку месца падпісання дамовы 1392 года публікаваліся ў шматлікіх беларускіх сродках масавай інфармацыі і навуковых зборніках. І праз нейкі час, праз «трэція рукі», да мяне дайшла інфармацыя, што «чорныя капальнікі» зноў пабывалі на тым месцы і на гэты раз знайшлі рэчы XIV стагоддзя (энкалпіён і інш.).

І мне стала сумна…

Лідская Дайнова

Пасля таго, як быў знойдзены палац у Востраве, дзе па версіі Тэадора Нарбута было заключана знакамітае Востраўскае пагадненне 1392 года, мяне зацікавіў яшчэ адзін аб'ект каля Ліды — старая Дайнава, за некалькі кіламетраў на поўдзень ад Вострава.

Вялікі знаўца нашай гісторыі Адам Кіркор у «Живописной России» пісаў, што Ліда была сталіцай удзельнага княства і з'яўляецца старажытным паселішчам на мяжы ўласна Літвы і дайнаўцаў. Горад адыграў значную ролю ў гістарычных лёсах нашай дзяржавы. Кіркор лічыў, што каля Ліды магло існаваць умацаванне, а князь Гедымін ужо потым пабудаваў там замак. У кнізе «Черты из истории и жизни Литовского народа» Кіркор дапаўняе гэтую інфармацыю звесткамі пра Дайнаўскі замак, а ў заўвагах да тэксту дае вельмі цікавую інфармацыю: «Дайнава на захад ад Ліды за 10 вёрст (вярста = 1,0668 км — Л. Л.), паблізу ракі Дзітва, зараз маёнтак. Тут існаваў замак, сляды якога бачныя і цяпер у розных паглыбленнях сажалак, у грабах (дрэвах — Л. Л.), якія нідзе паблізу не растуць, у камені вялізарных памераў, на якім па паданні каралі смерцю злачынцаў. Камень гэты называецца і цяпер у простага люду „кабылай“ і, мяркуючы па яго месцазнаходжанні, верагодна, ляжаў на плошчы супраць палаца. Княства Дайнаўскае межавала з цяперашнімі паветамі: Гарадзенскім, Наваградскім і Ашмянскім». Інфармацыя пра Дайнаўскі замак (палац) не была падмацавана пісьмовымі крыніцамі, і таму ў сур'ёзнай навуковай працы «Труды Виленского отделения Московского предварительного комитета по устройству в Вильне IX Археологического съезда. 1893» нічога не пішацца пра замак, а толькі пра былое паселішча, і ўказваецца на крыніцу інфармацыі — народную памяць. Самы выбітны лідскі гісторык і краязнаўца XX стагоддзя Міхал Шымялевіч напісаў пра тое, як закончыўся лёс гэтага сакральнага для паганцаў каменя: «Пры вёсцы Бельск за 6 вёрст ад Ліды на полі ляжаў велізарны камень, які звалі „Кабыла“. Па паданні на гэтым камені каралі даўней злачынцаў. Магчыма, што тут у старажытнасці збіраліся копныя суды. Камень пабіты мулярамі на пачатку 1905 года».

Неабходна адзначыць, што Тэадор Нарбут таксама лакалізуе Дайнаўскае княства ў Лідскім павеце «за левым (лідскім — Л. Л.) берагам ракі Дзітва» і лічыць лідскі населены пункт Дайнава, які знаходзіцца паміж Мыто і Лідай, цэнтрам княства, пра што піша ў сваіх «Дзеях…». Аднак агульнага меркавання пра лакалізацыю Дайнавы няма. Можна прыгадаць меркаванне польскага гісторыка-медыевіста Генрыка Лаўмянскага, які на падставе лакалізацыі тапонімаў граматы Міндоўга 1259 года зрабіў выснову, што Дайнаўская зямля знаходзілася паміж Мазурскімі азёрамі і ракой Бебжа, ці расейскага гісторыка Мікалая Барсава, які лічыў, што яна знаходзілася ў міжрэччы Верхняга Нёмана і Віліі. У другім томе энцыклапедыі «Вялікае Княства Літоўскае» Валерый Пазднякоў пакінуў пытанне лакалізацыі Дайнаўскага княства адкрытым.

* * *

Святыя камяні былі, напэўна, самым распаўсюджаным аб'ектам пакланення ў насельніцтва Еўропы ва ўсе часы існавання дахрысціянскіх культаў. Пакаранне смерцю на камені павінна мець карані ў балцкай міфалогіі. Звычайна камяні з назвамі «кабыла», «кравец», «шавец» — гэта грубыя валуны аморфнай формы з неапрацаванай паверхняй. Тое, што валуны размяшчаліся ў паніжаных, забалочаных мясцінах, паблізу вады, і запісаныя народныя паданні, пацвярджаюць, што гэты від культавых камянёў у міфалогіі звязваўся з тытанічным боствам, якое магло ўвасабляцца ў вобразе вала або, зрэдку, каня ці змея. Пасля прыняцця хрысціянства ў народнай свядомасці гэта боства трансфармавалася ў чорта. Засталіся сляды людскога ўшанавання камянёў: знакі на іх, сляды ахвяраванняў каля іх, уключэнне камянёў у структуру больш складаных і буйных сакральных комплексаў. Шмат народных паданняў сведчыць пра «сямействы» сакральных камянёў. І нашая дайнаўская «кабыла» не была адзінокай. Да сённяшняга часу захаваўся яе напарнік — камень даўжынёй 2,45 м, шырынёй 1,8 м і вышынёй над паверхняй зямлі 1,15 м. Зверху на гэтым валуне маецца 13 выразных лунак і некалькі меркаваных. Дыяметр лунак 5—7 см, глыбіня — 1—3 см.

Вера ў цудоўную моц камянёў захавалася да нашых дзён. Спадзеючыся на краязнаўчую ўдачу, я пачаў шукаць сведак, якія захавалі паданні пра дайнаўскі камень. Такім сведкам стала Ядвіга Паўлюкевіч, 1940 года нараджэння, былая жыхарка вёскі Заполле, што ў двух кіламетрах ад былога маёнтка Дайнава. Яна расказала, што яе бацька, Іосіф Казіміравіч (1910 года нараджэння), раззлаваўшыся, ужываў прымаўку: «Адсяку галаву, як курыцы на Дайнаўскім камені». Ён жа, выкарыстоўваючы розныя гаспадарчыя прылады з сасны ці елкі, часта казаў: «Вось у нас растуць грабы, якіх больш нідзе няма, вось гэта дрэва! Мацнейшае за дуб!». Ядвіга Іосіфаўна памятае, што калі ёй было некалькі гадкоў, яе маці Міхаліна (1912 года нараджэння) расказвала казку, у якой людзі танцавалі на вялікім Дайнаўскім камені, але, на жаль, сюжэт гэтай казкі забылася. Яна распавяла, што стары панскі дом знаходзіўся паміж вёскамі Дайнава і Бельскія на выгане. Рэшткі сажалак захаваліся да нашага часу.

* * *

Засталося выехаць і знайсці месца легендарнага Дайнаўскага палаца, што і было зроблена напрыканцы траўня.

Ядвіга Паўлюкевіч паказала падвышэнне, дзе стаяў панскі дом Сангіноў, уся сям'я якіх з'ехала з Дайнавы прыкладна ў 1938 годзе. У першай палове XIX стагоддзя панскі двор, дзе ляжаў камень «Кабыла», належаў гаспадарам Брадоўскім (Brodowski, герба Лада). На расейскай тапаграфічнай мапе сярэдзіны XIX стагоддзя гэты фальварак названы Мазораўшчызнай (на польскай мапе 1929 года — Мазураўшчызна).

Пасля Другой сусветнай вайны ў панскім доме паслядоўна месціліся школа, сельсавет, медыцынскі пункт і дзесьці да канца 60-х гадоў панскі дом быў разбураны. Цяпер на яго месцы стаіць дом фермера, а на месцы фальварка — вялікая фермерская гаспадарка з жылым домам і гаспадарчымі пабудовамі. З паўночна-заходняга боку ад былога панскага дома яшчэ нядаўна меліся сажалкі з бачнымі яшчэ землянымі валамі. Грабаў, канешне, ужо не было. Зараз уся пляцоўка забудавана фермерскай гаспадаркай, і пэўна, я апошні, хто бачыў сажалкі. Тым не менш, каардынаты аб’екта — +53° 52» 9.96, +25° 10» 25.21

Сучасны гаспадар гэтай зямлі, фермер, і не здагадваецца, што ягоная гаспадарка стаіць на месцы, пра якое пісаў Адам Кіркор. І нават калі Дайнаўскі замак не больш, чым легенда, гэтае месца вартае таго, каб трапіць у турыстычныя даведнікі.

Ольжава

Польскі гісторык Ян Глінка ў сваёй ґрунтоўнай працы пра род Клаўсуцяў на Лідчыне ўказваў, што Ольжава, а таксама Малое і Вялікае Ольжава былі часткамі адзінай маёмасці і ў XV ст. належалі гэтаму роду. Заснавальнік роду Клаўсуцяў нарадзіўся, пэўна, каля 1300 года і жыў у першай палове XIV ст.. У XV ст. род асеў у Ваверцы і вакол яе. Працяглы час яны валодалі больш як 30 маёнткамі на Лідчыне.

Другімі ўладальнікамі нейкай часткі Ольжава ў ваколіцах Белагруды з першай паловы XV ст. былі Завішы. Пэўнай часткай маёнтка валодаў і Пётр Гаштольдавіч. Нам вядомы дакумент наступнага зместу, падпісаны ў Вільні 7 ліпеня 1468 года: «Ян, сын Пятра Гаштольдавіча, разам з жонкай Кацярынай і дзецьмі надалі віленскім францішканам на Пясках 10 бочак з Ольжава: 5 збожжа і 5 ярыны, а таксама 1 бочку пшаніцы і аднаго вепрука штогод з абавязкам адпраўляць штотыдзень дзве імшы — адну за жывых, другі за памерлых».

У 1463 годзе адзін з самых магутных у той час родаў Лідчыны — Клаўсуці — фундаваў касцёл у Ваверцы. Грошы на касцёл былі ахвяраваныя з двароў Ольжава і Ваверка. Ольжавам у той час валодалі прадстаўнікі роду Галігінавічаў: Міхал, Суцька, Дыль і Андрэй. Міхал Галігінавіч з жонкай Зоф’яй, якая жыла яшчэ ў 1479 годзе, меў сына Жыгімонта — адзінага нашчадка лініі Галігінавічаў і старэйшыну ўсяго роду. Жыгімонт меў сына Мікалая і дачку, якая пасля замужжа стала Скіндаравай. У Метрыцы ВКЛ захаваліся дакументы «Справы Скіндаравай пра маёнтак Ольжава». З гэтага дакумента вядома, што Мікалай быў сынам Жыгімонта і ўнукам Міхала Галігінавіча; ён памёр бяздзетным, а яго маёнтак унаследавала сястра (маці Сымона і Андрэя).

У 1498 годзе лідскі маршалак Войцех Кучукавіч атрымаў загад падзяліць маёнткі нябожчыка Мікалая Жыгімонтавіча паміж панамі Скіндарам і Андрэем Сіруцевічам. Сярод іншай маёмасці трэба было падзяліць і «имен (ь) я небожчика Миколая Жигимонтовича Олжево. … Ино, онъ небожчикъ отписалъ одно имен (ь) е Ольжево на церковъ Бож (ь) ю…» (тут і далей — старабеларуская мова).

Сутнасць справы была ў тым, што Мікалай Жыгімонтавіч памёр бяздзетным, і паводле тагачаснага закона вялікі князь Аляксандр перадаў яго маёнтак Ольжава Скіндару. Аднак стала вядома, што нябожчык запісаў сваю маёмасць царкве, а частку перадаў Андрэю Сіруцевічу. Вялікі князь і паны-рада вырашылі пакінуць царкве і Сіруцевічу толькі трэцюю частку маёмасці нябожчыка. Землі ў той час даваліся шляхце для таго, каб яна служыла дзяржаве, і пасля смерці бяздзетнага шляхціца яна адходзіла да дзяржавы. Зразумела, гэта не магло падабацца землеўладальнікам. Цікава, што бывалі выпадкі, калі вялікія князі прымушалі ўдавелых шляхцянак хутка выходзіць замуж другі раз — тады зямля заставалася за імі, каб было каму служыць дзяржаве. Таксама бяздзетным землеўладальнікам дазвалялася ўсыноўваць ці ўдачараць іншых людзей.

Хутка і сам лідскі маршалак Войцех Кучуковіч пачаў прэтэндаваць на маёнтак Ольжава і пажадаў забраць яго ў сваёй зводнай бабулі. 14 красавіка 1496 г. Кучуковіч у судзе выкарыстаў сведак: дарагічынскага пісара Станіслава Вадынскага і лідскіх баяр Юшку, Войтку і Богуша Караевічаў. Яны сведчылі, што муж Марыны Анцушка запісаў ёй Ольжава пажыццёва, а не навечна. Сама ж Марына, якая была замужам двойчы, перадавала маёмасць сваім дзецям ад другога шлюбу (з Раклем), а не ад першага (з Кучуковічам).

Верагодны ўнук Марыны Раклевай-Петкавай, Станіслаў Якубавіч Раклевіч, 30 кастрычніка 1556 года атрымаў прывілей на вольную карчму ў сваім ольжаўскім маёнтку — вёсцы Раклевічы. Можна не сумнявацца, што Раклевічы — гэта сучасная вёска Раклёўцы. З прывілею бачна, што землеўладальнік Станіслаў Якубавіч Раклевіч прасіў у вялікага князя дазволу пабудаваць у сваім ольжаўскім маёнтку карчму, каб гандляваць у ёй півам, мёдам і шынкаваць гарэлкай, што, на яго думку, не будзе перашкаджаць ужо існуючым дзяржаўным корчмам. Вялікі князь улічыў, што гаспадарскіх (дзяржаўных) корчмаў тут няма, і дазволіў Раклевічу пабудаваць сваю.

Як звычайна, калісьці вялікае ўладанне з часам распрадавалася па частках. Так, 29 жніўня 1493 года гаспадарскі маршалак і лідскі намеснік Станіслаў Пятрашкевіч (Кішка) купіў «Олжово, отчизное имение Григория Симоновича». Станіслаў (Пятровіч) Кішка паходзіў з магнацкага роду Кішкаў герба «Дуброва» і быў сынам Пятрашкі Страмілы. Ён атрымаў мянушку Кішка, ад якой і пайшло прозвішча роду. Займаў шэраг дзяржаўных пасад, у тым ліку падстолія (1487–1488), стольніка літоўскага (з 1491 г.), намесніка лідскага (з 1493 г.). Удзельнічаў у пасольстве ў Маскву наконт шлюбу дачкі маскоўскага гаспадара Івана III Алены з вялікім князем Аляксандрам. У 1496 годзе браў удзел у выправе караля Яна Ольбрахта на малдаўскага гаспадара, дзе з уласным атрадам разбіў татараў пад Брацлавам. У 1499 годзе атрымаў пасаду намесніка смаленскага і пачаў умацаванне горада. У чэрвені 1502 года кіраваў абаронай Смаленска ад маскоўскіх войскаў. У 1503 годзе разбіў татараў у бітве каля Прыпяці. У тым жа годзе стаў вялікім гетманам і заставаўся ім да 1507 года, калі з маскоўскага палону вярнуўся Канстанцін Астрожскі. У 1506 годзе ўдзельнічаў у бітве пад Клецкам. З 1508 года стаў гарадзенскім старостам. У 1508 і 1511 гадах працаваў у камісіі па размежаванні Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага ў Мазовіі. Каля 1512 года стаў земскім маршалкам. Другі раз ажаніўся з Соф’яй, дачкой троцкага ваяводы Пятра Мантыгірдавіча Белага, ад якой меў сына Пятра і дачку Ганну. У спадчыну ад згаслага роду Мантыгірдавічаў ён атрымаў маёнткі Нясвіж, Алыка і Лахва, якія праз шлюб дачкі Ганны пазней перайшлі да Радзівілаў.

У XVI ст. Вялікае Ольжава належала Кішкам, а Малое Ольжава — пані Раклевай.

У 1570-я гады Ольжава стала маёмасцю Мікалая Пятровіча Кішкі Цеханавецкага, падляшскага ваяводы, драгічынскага і бельскага старасты. Мікалай Кішка падтрымліваў планы збліжэння ВКЛ з Польшчай, дзякуючы чаму ў 1569 годзе стаў падляшскім ваяводам (пасля пераходу ваяводства ў склад Кароны). Заставаўся на гэтай пасадзе да канца жыцця. Быў сенатарам і разам з іншымі займаўся арганізацыяй пахавання караля Жыгімонта II Аўгуста. У 1573 годзе браў удзел у абранні новага манарха Генрыха Валуа. У 1575 годзе спачатку не падтрымліваў кандыдатуру Стэфана Баторыя, аднак прымаў удзел у яго ўрачыстым узвядзенні на трон Рэчы Паспалітай і ў каранацыйным сойме. Пазней ніколі не належыў да яго прыхільнікаў і нават супраціўляўся волі караля ў справе вызвалення ад падаткаў драгічынскіх мяшчан. Быў двойчы жанаты. Першы раз у 1555 годзе — з Марынай Заслаўскай, якая памерла ў 1563 годзе. Другі раз — з Барбарай Хадкевіч, дачкой віленскага кашталяна Гераніма Хадкевіча. Меў дачку Барбару (жонку Юрыя Алелькавіча) і сына Мікалая.

2 мая 1579 года падляшскі ваявода Мікалай Кішка Цеханавецкі запісаў сваёй другой жонцы Барбары з Хадкевічаў у пажыццёвае валоданне («дажыванне»), акрамя іншых, і маёнтак Ольжава за яе пасаг у 6 000 коп грошай літоўскіх.

Вядома, што ў 1586 годзе Канстанцін, Станіслаў і Мікалай Тукалы дакупілі яшчэ нейкую маёмасць у Ольжаве, але, як бачым са спіса войска ВКЛ 1567 года, яны ўжо і раней валодалі тут пэўнай уласнасцю. Крыштаф Тукала 13 мая 1603 года запісаў сваёй жонцы Гальшцы Сабакінаўне 1000 коп грошай літоўскіх на маёмасць Ольжава і Гарадзішча. Запісам у кнігах земскага суда ад 16 лютага 1612 года за Гальшкай Сабакінаўнай (па другому мужу — Дышкевічавай) былі пацверджаны яе правы на Гарадзішча, Ольжава і Жданаўшчыну Сабакінскую.

З судовых дакументаў даведваемся, што, як і раней, у 1618 годзе часткай Ольжава валодала Барбара Кішка з Хадкевічаў, а іншай часткай маёнтка ў той час валодаў мсціслаўскі староста Мікалай Францкевіч-Радзімінскі. У 1622 годзе Багдана, жонка драгічынскага старосты Мікалая Кішкі, адмовілася ад усіх правоў на Ольжава і перадала правы ўласнасці полацкаму ваяводзе Янушу Кішку і яго жонцы Крысціне.

2 жніўня 1624 года Мікалай Францкевіч-Радзімінскі падаваў пратэстацыю супраць Крысціны Кішкі за наезд на маёнтак Ольжава і грабеж рухомай маёмасці. У 1629 годзе пробашч Ваверскага касцёла праз суд запатрабаваў ад Мікалая Францкевіча-Радзімінскага вярнуць зямлю, запісаную за касцёлам, якую папярэднія землеўладальнікі выкарыстоўвалі як сваю. Судовы працэс цягнуўся доўга, і ў 1645 годзе касцёл судзіўся ўжо з Уладзіславам Леонам Францкевічам-Радзімінскім.

Прыкладна з XVIII ст. у Ольжаве існавала грэка-каталіцкая капліца, якая была філіялам лідскай царквы. У акце візітацыі 1784 года захавалася яе апісанне: «На зямлі вяльможных ягамосцяў паноў Гінетаў, крайчых лідскіх… У Ольжаве. Драўляная, гонтам крытая, на падмурку, асвечаная. Гэтага асвячэння сакрамант быў прэзентаваны. Мае дастаткова парафіян. Мае апараты (рэчы для набажэнства), якія маюцца падчас візіту… капліца пабудавана за кошт… Яна Бялькевіча, сурагатара Гарадзенскага, 2 жніўня 1764 г. ахвяравана Лідскай парафіяльнай царкве».

Варта таксама расказаць пра дарогі, якія праходзілі каля Ольжава. Міхал Шымелевіч пісаў, што ў даўнейшыя часы дарога з Ліды на Слонім (так званы Беліцкі гасцінец) ішла праз Гарні, Палубнікі і Любары, дзе быў пабудаваны вялікі мост праз Дзітву. Перад Ольжавам ад гэтага шляху адходзіла дарога на фальварак Белагруду, якая бегла праз Дзітву на Парачаны, Голдава і Жалудок і была вядомая пад назвай Зэльвенскага гасцінца.

Вось як апісана дарога ад Белагрудскага касцёла ў бок Ліды ў «Вопісах парафій Лідскага дзеканата ў 1784 годзе»: «Дарога да Ліды, судовага горада, і тракт Віленскі ад касцёла Белагрудскага ў кірунку на летні ўсход сонца ідзе па правым баку. Даехаўшы да броду, будзе вёска Гарняты за тры стадыі да карчмы Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла, генерал-лейтэнанта войскаў ВКЛ, за ёй Дубічаны Найяснейшага князя ягамосці Масальскага, біскупа Віленскага, за шэсцьдзесят стадый, далей фальварак Белагруда Найяснейшага князя ягамосці Радзівіла, генерал-лейтэнанта войскаў ВКЛ, за трыццаць стадый, потым Тукалаўшчына, фальварак яснавяльможнага пана Гінета, за чвэрць мілі, далей, мінуўшы брод, па правым баку — Рубікі ў арэндзе васпана Сідаровіча і васпанства Ёчаў. З гасцінца, з якога ідуць дарогі да фальварка Тукалаўшчына і вёскі Дубчаны, праз дзевяць стадый, па левым боку ідзе дарога да Мохавічаў і да Медзеўшчыны, плябаніі Белагрудскай, адкуль на ўсход сонца ідзе дарога на гасцінец Лідскі і Віленскі, да карчмы, якая мае назву „Пад крыжамі“, яснавяльможнага пана Альшэўскага, на мяжы Лідскай парафіі. Тут гасцінец налева ідзе да Вільні на Дайнаву ксяндзоў-аўгустынаў да гасцінца Віленскага, які ідзе з Мыта і сыходзіцца з Мытлянскім гасцінцам. Сярэдні гасцінец ідзе на Ліду, і крута направа — да Шчытнікаў. Ад гэтага гасцінца за дзесяць стадый ідуць дарожкі: адна да Лідскай парафіі, а другая направа на поўдзень, да Рубікаў. Шчытнікі дзеляць парафію Белагрудскую з Лідскай».

А вось апісанне дарогі з боку Ліды да Белагруды: «Дарога да Белагруды цягнецца каля Раклёўцаў на Ольжаў-Нелюбаўскі (Малое Ольжава) васпана Альшэўскага, падстолія Лідскага, дзе і заканчваецца парафія Лідская».

Вядома, што некалькі вялікіх маёнткаў Лідчыны, сярод якіх былі Тарноўшчына і Белагруда, належалі Радзівілам. Напрыканцы XVIII ст. яны пачалі набываць і ольжаўскую маёмасць. У 1808 годзе Мікалай Радзівіл здаў пад заставу (у арэнду) Тарноўшчыну Тадэвушу Андрэйкавічу. Са спісу парафіян-уніятаў 1829 года бачна, што Ольжава і Далекія належаць Андрэйкавічам.

У 1820 годзе маёнткам Лебяда і часткай маёнтка Ольжава валодаў цэльшаўскі маршалак Леапольд Горскі (1787–1825). У 1844 годзе маёнткам Ольжава валодаў Рышард Андрэйкавіч (305 душ), яшчэ адна частка Ольжава належала Хелене Горскай (100 душ), а Антон Альшэўскі валодаў вёскай Зайкі (40 душ).

Юлію Андрэйкавічу ў 1845 годзе, сярод іншай маёмасці, належала Вялікае Ольжава; ён жа валодаў маёнткам Тарноўшчына. У той жа час маёнтак Ольжава з вёскамі Ольжава, Дудары, Тукалаўшчына, Далекія, Палубнікі (3694 дзесяціны, 305 дымоў, 305 мужчынскіх і 252 жаночыя душы) належаў Рышарду Андрэйкавічу. Сын Тадэвуша Андрэйкавіча Юлій у 1858 годзе прадаў Тарноўшчыну Канстанціну Кашыцу.

Згодна з «Геаграфічным слоўнікам», у сярэдзіне XIX ст. Вялікае Ольжава было маёнткам Кашыцаў у Тарноўскай воласці і ўключала вёскі Ольжава, Палубнікі, Далекія і Дудары.

Прывяду звесткі, якія атрымалася знайсці пра Ольжава ў тагачасным друку.

Увосень 1906 года газеты пісалі пра некалькі грабяжоў на Лідчыне: «У ноч на 18 верасня ў фальварку Ольжава ў Тарноўскай гміне абрабаваныя арандатары Гірш Гутоўскі і Дварынскі. Рабаўнікі Юзаф Мерч-Аляксееў і Мікалай Пухальскі (сын кантралёра акцызнай палаты) былі арыштаваныя з забранымі грашамі».

Пра пажар: «У Лідскім павеце гэтай увосень усё больш пажараў. У пані Красіцкай у маёнтку Ольжава згарэлі гумно і свіран, яшчэ ў трох яе маёнтках пагарэлі гумны. Дрэнна, што прападае шмат збожжа — усё, што сёлета з поля сабралі. Ад гэтага хлеб даражэе, а пад вясну і селяніну не будзе дзе купіць… Арыштаваныя да суда 8 чалавек з вёскі Ольжава, іх вінавацяць у тым, што пасвілі жывёлу ў лесе пані Красіцкай. Вёска кажа, што яны не пасвілі, толькі раз дзеці мімаходам прапусцілі быдла».

У кастрычніку 1916 года ў вёсцы Ольжава каля Ліды адбылося забойства. Жыхар гэтай вёскі «Канстанцін Мазалеўскі за забойства і спробу забіць чалавека засуджаны на смерць».

Відавочна, што з 1920-х гадоў па ўплыве на насельніцтва сярод беларусаў Беларуская сялянска-работніцкая грамада перамагала ППС (Польскую сацыялістычную партыю), і з другога паўгоддзя 1926 года беларускі друк пачаў рэгулярна друкаваць лісты былых «пэпээсаўцаў», якія выйшлі з партыі і далучыліся да Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Напрыклад, у снежні 1926 года ў газеце «Наша Справа» былі надрукаваныя лісты былых сяброў ППС Ігната Ганевіча з вёскі Ольжава і А. Кліма з вёскі Вялікія Канюшаны.

9 жніўня 1928 года газета «Лідскае жыццё» змясціла нататку наступнага зместу: «Ушанаванне палеглых у 1863 годзе. Дня 5 жніўня ў Шчытніках Тарноўскай гміны адбылося ўрачыстае асвячэнне магілы палеглых герояў, удзельнікаў баёў 1863 года. Крыж і надмагільны камень зафундаваў вайсковы асаднік п. Кілінскі. Яго стараннем пры дапамозе асаднікаў п. Бердаўскага і палкоўніка Ардылоўскага была арганізавана ўрачыстасць. Прыгожую і узнёслаю прамову сказаў ксёндз Гародзька, звяртаючыся да падзей баёў 1863–1864 гадоў. У ўрачыстасці бралі чынны ўдзел мясцовыя жыхары, Белагрудская школа са сваёй харцэрскай дружынай і дзятва з Верхняй Сілезіі (Горнага Шлёнска), якая прыбыла ў Белагруду ў летні лагер».

20 кастрычніка 1930 года ў маёнтку Вялікае Ольжава былі падпаленыя стадола і свіран. Пабудовы згарэлі разам з 16 тонамі збожжа. У тушэнні пажару бралі чынны ўдзел добраахвотныя пажарныя дружыны з вёсак Далекія і Парачаны, а таксама мясцовыя сяляне. Страта ад пажару склала 75 000 злотых.

Пад суд траплялі нават вельмі ўплывовыя людзі. Напрыклад, Лідскі акруговы суд прысудзіў уладальніцу маёнтка Малое Ольжава графіню Эльжбету Красіцкую (пра гл. пра яе далей) да 8 месяцаў турмы за парушэнне межаў зямельных надзелаў. Ці адбывала графіня гэты тэрмін пакарання — невядома.

Трэба сказаць, што ў 1920–1930-х гадах каля Шчытнікаў валодаў фальваркам і гаспадарыў у ім адзін з заснавальнікаў і фундатараў беларускага руху на пачатку XX ст. доктар Амброзі Кастравіцкі. Ён пахаваны на могілках каля Белагрудскага касцёла, але на сёння яго магіла не знойдзена.

Пасля прымусовага продажу Тарноўшчыны (пасля паўстання 1863 года, гл. далей) за Кашыцамі застаўся маёнтак Вялікае Ольжава. Графіня Зоф’я Красіцкая з дому Кашыцаў (28.02.1852–25.01.1933) нарадзілася ў Тарнове і была дачкой Канстанціна Кашыца і Юліі з Нясілоўскіх. Яе муж — Раман Станіслаў Красіцкі (1844–1878). Мела сына Алекса Юліяна Марыяна (1878–1935), жанатага з Эльжбетай Красіцкай, якая памерла ў Лідзе і пахаваная на могілках Росы ў Вільні. Дадам, што лідскія Красіцкія паходзяць з літоўска-валынскай лініі графаў Красіцкіх.

Апошняя ўладальніца Ольжава — Цэцылія Красіцкая нарадзілася ў 1921 годзе ў Лідзе, але месцам нараджэння была запісана Вялікая Ольжава. Бацькі Цэцыліі — Алекса і Эльжбета Красіцкія — першыя тры гады адразу пасля шлюбу жылі ў радавым маёнтку Шабастоўка на Падоллі. Пасля заканчэння вайны, у 1921 годзе, бацькі Цэцыліі пераехалі ў маёнтак Вялікае Ольжава, які належаў Зоф’і Красіцкай з Кашыцаў — маці Алексы Красіцкага і бабулі Цэцыліі.

У 1936 годзе Эльжбета Красіцкая выдала ў Лідзе кнігу паэзіі. У рэцэнзіі, надрукаванай у газеце «Лідская Зямля», указваецца, што графіня ў сваім зборніку прапагандуе мясцовы фальклор і з’яўляецца прыхільніцай народнага мастацтва: «Пані Красіцкая была адной з першых, хто падтрымаў неабходнасць узняць якасць вырабаў з мясцовага льнянога валакна да ўзроўню, калі яно змагло б цалкам замяніць бавоўну. Праблемы льнаводства ў 1930 г. яна абмяркоўвала на старонках „Сучаснай кабеты“. Энтузіястка рэгіяналізму і жыцця сялян, у вершах яна акцэнтуе сваё гарачае замілаванне да вёскі».

Дадам, што з патрыятычнай ідэяй цалкам замяніць імпартную бавоўну на мясцовы лён у той час выступіў генерал Люцыян Жалігоўскі.

Маёнтак Вялікая Ольжава меў плошчу 2500 га і кіраваўся адміністратарамі. Палац маёнтка разам з іншымі пабудовамі быў спалены падчас вайны. Захаваўся толькі драўляны сядзібны дом, пабудаваны ў XVIII ст., у якім і пасяліліся новыя гаспадары. Гэтая старая пабудова мела анфіладную планіроўку — праз увесь дом можна было пераходзіць з пакоя ў пакой. Першым у доме быў доўгі калідор, потым — канцылярыя. У сярэдзіне знаходзілася вялікая сталовая (з якой можна было адразу прайсці ў бацькоўскую спальню), за ёй — салон, потым — тры пакоі ў шырыню дома. За салонам — гасціная, потым — кабінет бацькі, спальня бацькоў, спальня Цэцыліі, пакой Цэцыліі, пакой гувернанткі-францужанкі, далей — пакой для слуг і кухня. Паміж пакоямі стаялі вялікія кафляныя печы, кожная з якіх абагравала адразу два памяшканні.

Перад сядзібай расла ліпа, пад ёй стаялі стол і лавы. Сядзібны дом замыкаў квадрат фальварка, у якім былі стадолы, спіхлеры (свіраны) для сена і саломы, парк з садам і згарэлым палацам, за палацам — аборы і стайня, кузня і дамы для прыслугі на чатыры кватэры (так званыя чваракі). Была таксама птушкарня для качак і гусей, якія плавалі ў суседняй сажалкавай копанцы, а ў парку жылі два паўліны. Перад згарэлым палацам меўся вялікі газон, на якім расла белая спірэя і цвілі чырвоныя райскія яблыні, утвараючы бела-чырвоную какарду. Двор быў акружаны садам з вялікай колькасцю малін.

Маёнтак спецыялізаваўся на вытворчасці малака, у гаспадарцы трымалі каля 100 малочных кароў. З гэтага малака яўрэй Ілютовіч, які жыў у маёнтку, вырабляў галандскія сыры. Ольжаўскія сыры можна было купіць у самім маёнтку, у Лідзе, Вільні, Варшаве і нават у Галандыі.

Паводле звычаю, на Каляды леснікі маёнтка прыносілі ў двор ялінкі. Бацькі Цэцыліі выбіралі самую прыгожую і ўзнагароджвалі лесніка. Астатнія ялінкі раздавалі прыслузе.

А на Вялікдзень сям’ю прыходзіў віншаваць мясцовы яўрэй Ілютовіч. Ён дарыў гаспадарам маёнтка скрынку з мацой. На Вялікдзень заўсёды быў прыгожа прыбраны вялікі стол пад белым абрусам, на якім стаяла шмат прысмакаў. Раніцай усе ехалі ў Белагрудскі касцёл на імшу, якую праводзіў ксёндз Гародзька, а пасля набажэнства вярталіся на святочны сняданак.

Маці Цэцыліі, Эльжбета Красіцкая, добра ведала архібіскупа-мітрапаліта Рамуальда Ялбжыкоўскага, які ўгаварыў яе прыняць удзел у будаўніцтве Слабадскога касцёла ў Лідзе. І таму касцёл быў пабудаваны з лесу маёнтка Вялікая Ольжава. Цэцылія нават на год пазней прыняла першую камунію — каб зрабіць гэта менавіта ў новым касцёле. Першую камунію яна прымала разам з двума дачкамі слуг; пасля імшы дзяўчынак у Вялікай Ольжаве частавалі марожаным.

Цэцылія расла і выхоўвалася ў маёнтку. Яна мела тут няню па прозвішчы Капля і гувернантку-францужанку мадам Шубэн, жонку царскага афіцэра. Да паступлення ў школу Цэцылію рыхтаваў дырэктар суседняй школы Маргенштэрн.

У 10 гадоў Цэцылія пачала вучыцца ў пансіёне сясцёр-бенядзікцінак у Вільні, дзе яе адразу прынялі ў 4-ы клас. На пачатку сакавіка, на Казюкі, да дачкі ў Вільню заўсёды прыязджала маці і забірала яе да архібіскупа Ялбжыкоўскага. Архібіскупу яны прыносілі кветкі і пернік у выглядзе сэрца. На гэтых сустрэчах Цэцылія страшна нудзілася. Аднак на ўсё жыццё запомніла, як з балкона архібіскупа назірала за жалобнай працэсіяй, якая перавозіла сэрца маршала Пілсудскага з Віленскай катэдры на могілкі Росы.

А на Каляды і Вялікдзень дзяўчынка вярталася ў Вялікае Ольжава. Падчас летняга адпачынку ў бацькоў, Цэцылія любіла ездзіць верхам і нават мела свайго каня. У канцы лета 1939 года з маёнтка ў войска былі мабілізаваны легкавая і грузавая аўтамашыны, забралі і коней, разам з канём Цэцыліі.

17 верасня 1939 года Цэцылія разам з маці знаходзілася ў Вялікай Ольжаве. Раніцай яны селі на звычайны сялянскі воз і паехалі ў бок Вільні; у сталіцы краю былі 18 верасня.

У Вільні Цэцылія вярнулася ў сваім пансіён і правучылася ўвесь навучальны год (1939–1940). Пасля далучэння Літвы да СССР дзяўчына яшчэ год вучылася ў савецкай школе.

У чэрвені 1941 года прыйшлі немцы. Яны выдалі загад, які абавязваў уладальнікаў маёнткаў вярнуцца ў свае гаспадаркі. Таму ў ліпені 1941 года Эльжбета Красіцкая са сваёй сяброўкай і дачкой вярнулася ў Вялікае Ольжава. Дом быў заняты, і сям’я пасялілася ў чвараку. У жніўні 1941 года нямецкія ўлады прызначылі Эльжбету Красіцкую адміністратарам маёнтка і выдалі план па здачы сельскагаспадарчай прадукцыі.

Праз небяспеку на пачатку лета 1942 года Красіцкія з сяброўкай пераехалі ў Ліду. У Лідзе дзяўчына пазнаёмілася са сваім будучым мужам Станіславам Маскалам. Каб не патрапіць пад вываз на працу ў Германію, Цэцылія да шлюбу паўтара года працавала на бровары. У гэты час сям’я жыла ў арэндаванай палове дома з садам, а сваю швейную машынку «Зінгер» Эльжбета Красіцкая абмяняла на карову і корм для яе на два гады, у дадатак атрымаўшы яшчэ і два вёдры мёду.

У студзені 1944 года Цэцылія Красіцкая выйшла замуж за Станіслава Маскала.

Пасля вайны Цэцылія выехала ў Вільню, адтуль перабралася ў Люблін, а потым у Варшаву. Тут у жніўні 1945 года нарадзіўся сын Міхал Маскала-Красіцкі, а ўжо ў верасні яна запісалася ў Акадэмію палітычных навук, дзе вучылася 3 гады.

15 верасня 2017 года ў Варшаве я сустрэўся з дачкой апошняй уладальніцы маёнтка Вялікая Ольжава Цэцыліяй Красіцкай.

Жыла Цэцылія Красіцкая ў раёне Варшавы, забудаваным на пачатку 1960-х гадоў невялікімі двухпавярховымі домікамі, у двухпакаёвай кватэры. Калі ў яе гасціннай зале сабраліся сябры, пачалася двухгадзінная размова, якую графіня Красіцкая пачала фразай: «Мы ўсе нарадзіліся ў Лідзе». Абмяркоўвалася шмат тэм, але галоўнай тэмай быў наш горад.

Напісаць жа я хачу пра дзве рэчы.

Цэцылія Красіцкая дыпламатычна сказала, што шмат з таго, пра што напісаў адзін з аматараў лідскай гісторыі на адным з лідскіх сайтаў пра падзеі ў маёнтку Ольжава, ніколі не было ў рэчаіснасці.

Другім цікавым для мяне момантам былі ўспаміны графіні Красіцкай пра мову. Яна сказала, што польскую мову пачала вывучаць ва ўзросце 5–6 гадоў разам з французскай, а ў сям’і да гэтага заўсёды размаўлялі па-беларуску. Неяк, маючы 5 гадоў, яна гуляла з сялянскімі дзецьмі. Яны заўважылі ў Ольжаве іншых дзяцей, якія размаўлялі на нейкай іншай мове. Спыталіся і даведаліся, што гэтыя дзеці размаўляюць па-польску, бо яны… палякі!

— А я тады хто?! — закрычала малая Цэцылія. — Мама кажа, што гэта мы палякі!

Вось такая гісторыя пра тое, на якой мове размаўлялі графы Красіцкія ў сваёй сям’і.

Мыто

Мыто, якое заўсёды было мястэчкам, мае вельмі старажытную гісторыю.

Археолагам вядома гарадзішча Мыто, яно знаходзіцца на правам беразе р. Дзітва ў 1,5 км на паўднёвы захад ад сучаснай вёскі Мыто. Узрост гарадзішча датуецца сярэдзінай — другой паловай І тысячагоддзя н. э. Яно невялікіх памераў, пляцоўка авальнай формы 30 х 20 м, месціцца на ўзгорку і ўзвышаецца над далінай ракі Дзітва на 20 м. Археолагі мяркуюць, што гэта было гарадзішча-сховішча, куды падчас небяспекі хаваліся жыхары з блізкага селішча. У розных частках пляцоўкі вызначаны культурны пласт цёмнага колеру да 50 см таўшчынёй. Валоў і равоў гарадзішча не мела і, верагодна, агароджвалася драўлянай сцяной. За гарадзішчам, на раллі вызначана пляцоўка 200 х 150 м, на якой знойдзена ляпная кераміка. Тут фіксуецца славянская кераміка Х–ХІ стст.. Прыкладна з XVIII ст. на вяршыні ўзгорка знаходзіўся фальварак Мыто. З-за гаспадарчай дзейнасці ў 1980-х гадах значная частка гарадзішча была разбурана.

На поўнач ад гарадзішча Мыто, у лесе, ляжыць вельмі цікавы валун, які на сваёй паверхні мае даволі вялікае паглыбленне ў выглядзе чашы. Мясцовыя людзі расказваюць, што ў выемцы гэтага незвычайнага каменя заўсёды стаіць вада, і яна не высыхае нават у самую спёку, і вада гэтая гаючая — лечыць бародаўкі і «канапушкі». Колькі людзі сябе памятаюць, яны хадзілі да гэтага каменя лекавацца і пасёння водзяць сюды дзетак. У 1988 ці 1989 гг. моладзь з менскай «Талакі» была тут у вандроўцы, і імі былі запісаны расказы мясцовых людзей пра гэты камень, які мае назву «Чара Багародзіцы». Адна з бабуляў распавяла наступную легенду: «Стаяла вельмі сухое лета, выгаралі палі… Студні ў вёсцы пачалі сохнуць, і ў іх ужо амаль не было вады. Дзяўчына пайшла ў лес, дзе калісьці была крыніца. Але на тым месцы, дзе па паданні была крыніца, ляжаў вялікі камень… Дзяўчына была знясіленая ад смагі і, упаўшы на зямлю, пачала маліцца да Маці Божай, каб тая дапамагла не толькі ёй, але і ўсім вяскоўцам. Малітва была такая шчырая і чыстая, што Багародзіца падаравала дзяўчыне адмысловую чару з вадой, якая цудатворна з'явілася на камені. Усё лета вяскоўцы бралі з яе ваду і гэтым выратаваліся ад смяротнай спякоты». На паўночным баку каменя быў высечаны крыж, аднак, людзі кажуць, што яго счасалі па загадзе мясцовага (калгаснага?) партсакратара на пачатку 1960-х гг.

Яшчэ на карце Rizzi Zannoni, выдадзенай у Парыжы ў 1772 г., паміж Лідай і Мыто пад назвай Лідскі лес пазначана вялікая лясная прастора. Прастора тая калісьці складалася з лясных абшараў, якія належалі да Лідскага староства, Цыбарскай дзяржавы, маёнткаў Дайнава, Белагруда і іншыя.

Міхал Балінскі паведамляе пра Мыто ў 1415 г., верагодна, гэта першае згадванне мястэчка. Вядома, што з старадаўніх часоў дарога з Ліды ў бок Гародні бегла каля Астроўлі і Цыбараў на мост цераз Дзітву, на якім здаўна бралі маставую ці грэблевую аплату або так званае мыта, адкуль і паселішча, якое месцілася каля таго моста і грэблі і раней называлася Дзітва Пратасаўская, атрымала назву Мыто.

Для пераправы цераз Дзітву з даўніх часоў будавалі масты. Самы стары з іх ужо існаваў у 1392 г., ён быў пабудаваны на шляху з Жырмунаў да Васілішак, насупраць пазнейшай Дзітвы Тальвашоўскай ці Рулевічаў. Мост на вялікай дарозе з Васілішак да Ліды пры Дзітве Пратасаўскай ці Мыто вядомы з канца XV ст. Наогул маёнткаў з назвай Дзітва на Лідчыне ў розныя часы было некалькі, была Старая Дзітва Шамятоўская ці Дзітва Шамятоўская, Дзітва Талвашоўская і г. д.

Падчас спусташальнай вайны 1654–1667 паміж, у лютым 1659 г. у Мыто на грамнічны соймік сабралася шляхта Лідскага павета, каб спыніць разбоі і беззаконне ў павеце. На сойміку былі абраны службовыя асобы, на якіх ускладзены абавязак выкараніць злачынствы — выракі гэтых асоб прызнаваліся роўнымі выракам трыбунала і павінны былі безапеляцыйна выконвацца. Гэты былі: Васілішскі стараста Марцін Лімант — суддзя, Мацей Мікалай Альшэўскі — падсудак, Ян Нарбут — земскі пісар, Адам Нарбут — падстараста, Ян Зуб — суддзя, Аляксандр Станіслаў Калантай — гродскі пісар Лідскага павета, Мікалай Радашынскі і Аляксандр Тышкевіч. У мястэчку Мыто соймік сабраўся з-за эпідэміі ў Лідзе.

27 лістапада 1659 г. на пераправе каля Мыто адбыўся бой. У сувязі з гэтымі падзеямі мястэчка Мыто ўзгадваецца, з нашага боку — ва ўспамінах Багуслава Маскевіча, з расійскага — у рапарце камандзіра рускіх войскаў, якія прынялі ўдзел у сутычцы каля Мыто. Тады ж была спалена Мытлянская Пакроўская драўляная царква.

У 1784 г. калятарам царквы ў Мыто быў вілейскі стараста Юзаф Пац.

Юзаф Пётр Пац (1736–1797), з магнацкага роду Пацаў герба Газдава. Бацька — стараста пінскі і вілейскі Пётр Пац, маці — князёўна Ефрасіння з Агінскіх, сёстры — Бенядзікта і Альжбета. Дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, у 1757 г. ён атрымаў патэнт генерал-маёра літоўскіх войскаў, а не пазней за 1758 г. — патэнт генерал-ад'ютанта вялікай літоўскай булавы.

У дэпешы ад 2 кастрычніка 1767 г. да прэзідэнта калегіі замежных спраў Расійскай імперыі Мікіты Паніна, расійскі пасланнік Мікалай Рапнін назваў Юзафа Паца годным чалавекам для рэалізацыі расійскіх планаў на сойме 1767 г., куды ён абіраўся ад Лідскага павета. Абіраўся Пац і дэпутатам ад Лідскага павета на канфедэратыўны сойм 1776 г. Ён з'яўляўся праціўнікам так званай «Фаміліі» — партыі Чартарыскіх і Панятоўскіх. Тым не менш, 16 сакавіка 1792 г. Юзафа Паца ўзнагародзілі ордэнам Белага арла.

24 красавіка 1794 года на плошчы перад ратушай ў Вільні быў урачыста абвешчаны «Акт паўстання», які пацвярджаў адзінства віленскіх інсургентаў з паўстанцамі Тадэвуша Касцюшкі. У той жа дзень была створана Найвышэйшая Літоўская Рада на чале якой стаў Юзаф Несялоўскі. Сярод іншых, у склад Рады ўвайшоў і вілейскі стараста Юзаф Пац, ён лічыўся ў складзе ваеннай камісіі Рады. Пра сур'ёзнасць яго намераў кажа тое, што 15 чэрвеня 1794 г. ён ахвяраваў паўстанню ажно тры лёгкія янычарскія ружжы! Нагадаю, што Юзаф Пац быў вельмі багатым чалавекам, бо ў сваім тастаменце (06.03.1797 г.) акрамя вялікай нерухомасці, ён пералічвае і грашовыя квоты ў памеры 4 мільёнаў злотых. Не дзіва, што ў ліпені 1794 г. Пац выехаў у Галіцыю «для папраўкі здароўя на водах» і вярнуўся толькі пасля задушэння паўстання.

Юзаф Пац меў вялікую зямельную маёмасць у Лідскім і іншых паветах, памёр 13.03.1797 г. бяздзетным і быў пахаваны ў капліцы касцёла ў Ражанцы, дзе меў вялікую маёмасць (пісаўся — «граф на Ражане»). У тастаменце ўсю сваю маёмасць, акрамя раней запісаную для касцёла ў Ражанцы, запісаў свайму далёкаму крэўнаму Людвіку Міхалу Пацу «як апошняму з дома і роду пацаўскага».

Такім чынам уся маёмасць, у тым ліку і маёнтак Мыто, перайшла ў валоданне Людвіка Паца (1780–1835), які быў сынам Міхала і Людвікі з Тызенгаўзаў. Цікава, што бацька Людвіка Паца — Міхал Пац «запаў у меланхолію і памёр 29 студзеня 1800 г. у Мыто, маючы 46 гадоў» — памёр у маёнтку свайго сына але быў пахаваны «у катакомбах Езненскага касцёла».

Па сведчанні сучаснікаў, Людвік атрымаў «стараннае выхаванне ў Францыі, Англіі і на радзіме», а ў 1796 г. стаў студэнтам Віленскай акадэміі. Праз год атрымаў у спадкі ад далёкага сваяка Юзафа Паца вялікую маёмасць: ключы Ражанку (з Мыто) і Гарадзішча на Лідчыне і Наваградчыне, Даўспуду, Рачкі і Мазуркі на Беласточчыне, якая ў той час стала часткай Прусіі, палацы ў Вільні і Гародні і тыя самыя 4 мільёны злотых гатоўкай, пра якія я пісаў вышэй.

У 1802 г. Людвік па тагачасных законах стаў паўнагадовым і распачаў ваяжы па Еўропе: наведаў парыжскі салоны княгіні Ганны Сапяжанкі, а потым з яе братам Станіславам Замойскім у 1803 г. перабраўся ў Лондан. Тут, у Англіі, Шатландыі і Ірландыі, ён вывучаў сельскую гаспадарку. У 1808 г. у Парыжы са званнем «шэф эскадрона» паступіў у полк лёгкаконнай гвардыі. Ваяваў у Іспаніі, дзе атрымаў раненне багнетам у сцягно. Прыняў удзел у Аўстра-Французскай вайне 1809 г., належаў да эскорту Напалеона, атрымаў ордэн Ганаровага легіёна, пасля чаго пайшоў у адстаўку і пераехаў у Варшаўскае княства. Адсюль ён займаўся арганізацый выведкі на тэрыторыі былога ВКЛ і перад кампаніяй 1812 г. атрымаў чын палкоўніка. Напачатку камандаваў 15-м палком уланаў, а ў маі 1812 г. атрымаў 2-гі ўланскі полк. Пасля ўваходу Напалеона ў Вільню, сустракаў яго ў тут сваім палацы. 16 ліпеня атрымаў чын брыгаднага генерала і прайшоў з Напалеонам да Масквы праз усе бітвы. У 1814 г. стаў дывізіённым генералам і камандаваў кавалерыйскай брыгадай, якую сам і сфармаваў. Пры канцы вайны камандаваў усёй французскай коннай гвардыяй і недалёка ад Парыжа быў паранены. На баку Напалеона прайшоў чатыры ваенныя кампаніі і пасля адстаўкі, у маі 1814 г. выехаў у Англію, дзе зноў пільна вывучаў сельскую гаспадарку.

Пасля амністыі Людвік Пац вярнуўся дахаты і тут, разам з Адамам Чартарыскім, прэтэндаваў на руку Ганны Сапяжанкі. Канкурэнцыя з Чартарыскім за руку і сэрца дзяўчыны набыла палітычнае адценне, бо Адам Чартарыскі быў сябрам маладосці цара Аляксандра І і ў 1804–1806 гг. займаў пасаду міністра замежных спраў Расійскай імперыі. Справа даходзіла да дуэляў са шчаслівым канкурэнтам і цікава, што апошняя дуэль паміж імі адбылася, калі абодва рывалі ўжо былі жанатыя.

У 1817 г. Людвік Пац бярэ шлюб з Каралінай Малахоўскай, якая прынесла яму 1 мільён злотых пасагу. Але хутка, у 1822 г. ён аўдавеў. Жыў у беластоцкіх маёнтках і быў віца-прэзідэнтам мясцовага Аграрнага таварыства. Пабудаваў цікавы палац у стылі англійскай готыкі ў Даўспудзе і перабудаваў куплены ў 1823 г. у Радзівілаў палац па вуліцы Мядовай у Варшаве, пасля рэканструкцыі тут паўстала «адно з самых арыгінальных прасторавых рашэнняў Варшавы». Палац паступова ператварыўся ў музей, дзе месціліся калекцыі Людвіка Паца, у тым ліку і калекцыя антыкаў, купленая ім асабіста ў Рыме і Пампеях. Тут былі грэцкая, гатычная і маўрытанская залы і калекцыі жывапісу, у тым ліку і партрэты Пацаў розных эпох. Госці з захапленнем разглядалі сервізы са срэбра, крышталю, наборы сеўрскай парцэляны коштам у дзесяткі дукатаў за талерку. Жартавалі, што гэты гмах актуалізаваў даўнюю прымаўку: «Варты Пац палаца». Менавіта ў гэтым палацы і жыў калятар царквы ў Мыто. Перад 1830 г. нерухомасць Паца ў Польскім каралеўстве ацэньвалася ў 3 мільёны, а ў былым ВКЛ — у 1 мільён злотых.

Трэба дадаць, што Людвік Пац фундаваў у сваім мястэчку Ражанка Петра-Паўлаўскі касцёл. Архітэктарам касцёла быў Генрык Марконі, які пры праектаванні касцёла адмовіўся ад абавязковага ў той час падабенства з антычнасцю, і таму пастаўлены ім у 1827 г. Петра-Паўлаўскі касцёл у мястэчку Ражанка можна лічыць адным з першых неагатычных будынкаў Беларусі. Беспярэчна, гэта адзін з самых прыгожых касцёлаў Беларусі.

У Варшаве граф Пац трымаў дыстанцыю ад палітыкі, тым не менш з'яўляўся сенатарам каралеўства. Прыняў удзел у паўстанні 1830–1831 гг. і ахвяраваў на паўстанне 100 000 злотых — больш за ўсіх іншых сенатараў. Пасля паразы паўстання выехаў у Парыж.

Царскі ўрад канфіскаваў усю маёмасць Людвіка Паца, у тым ліку і ключ Ражанку (1351 душ), але нейкія капіталы ў яго захаваліся, і таму і за мяжой граф заставаўся багатым чалавекам. У 1834 г. з рознымі даручэннямі кола эмігрантаў Пац выехаў з Парыжа ў Італію — жыў у Генуі, Рыме, Неапалі, дзе, пакінуўшы дачку пад нагляд законніц, усю зіму бавіўся ў арыстакратычным «элегантным свеце». У 1835 г. выехаў у Грэцыю, дзе таксама займаўся палітычнымі справамі. З Афін перабраўся ў старажытны грэцкі горад Смірна, што ў Малой Азіі, дзе 31.08.1835 г. памёр. Некаторыя даследчыкі лічаць, што Людвік Пац для Адама Міцкевіча з'яўляўся правобразам Графа ў паэме «Пан Тадэвуш».

У 1816 г. Людвік Пац прадаў маёнтак Мыто за 300 000 злотых Яну Расудоўскаму, які ў 1812 г. быў чальцом Рады сканфедэраванай шляхты ў Жалудку. Працэс афармлення Мыто зацягнуўся, і маёнтак разам з усёй маёмасцю Паца быў канфісаваны ў скарб. Але Расудоўскі неяк даказаў сваё права і стаў гаспадаром Мыто. У 1860 г. Расудоўскія яшчэ валодалі ў Мыто 124 мужчынскім душамі і 495 дзесяцінамі зямлі. Сяляне павінны былі адпрацаваць на пана па 156 дзён у год, а таксама штогод з сялянскага двара аддаць пану 1 курыцу, 10 яек і 60 грыбоў.

Прывяду тут цікавы кавалак тэксту з дзённіка дамініканскага візітатара, які ў 1822 г. ехаў па Мытлянскім гасцінцы: «Ранні выезд праз Мыто. Мыто калісьці было прыгожым і добраўпарадкаваным мястэчкам: карчма дзедзіча васпана Паца, зараз карчма заняпала, стаіць паштовы дом, уніяцкая царква, як руіна, грэбля ў дрэнным стане. Паснедалі ў крупаўскай карчме. Нікчэмная, належыць Скіндарам. Ліда засталася па правай руцэ. Начавалі мы ў карчме ксяндзоў піяраў, карчма была б зручная, калі б не прусакі — казуркі занесеныя з глыбіні Расіі ў Літву. Гэтая казурка завецца прусаком таму, што яна тут з'явілася такім чынам: была прынесеная… падчас паходу рускіх на Прусію, у валадаранне царыцы Лізаветы».

Карэспандэнт «Виленского Вестника» ў артыкуле, перадрукаваным потым у «Літоўскіх епархіяльных ведамасцях», пісаў пра народную Мытлянскую вучэльню: «В. Мыто Лідскага павета. Нядаўна я быў сведкам станоўчай з'явы сялянскага жыцця. 20 мая я праездам знаходзіўся ў в. Мыто, гэта была нядзеля, і я зайшоў у мясцовую царкву. У параўнанні з іншымі вясковымі цэрквамі, тут было шмат вернікаў — чалавек 50. Пасля абедні ўсе сяляне, сялянкі і іх дзеці гуртам накіраваліся ў вучэльню. Гэта мяне здзівіла, бо я прызвычаіўся бачыць, што пасля царквы сяляне ўсім гуртам ідуць у карчму. Я пайшоў за сялянамі і патрапіў у чысты і дастаткова прасторны клас народнай вучэльні. Сяляне ўселіся за сталы… яны мне сказалі, што прыйдзе бацюшка з настаўніцай і будзе з імі размаўляць. … Хвілін праз 15 прыйшоў святар Мытлянскай царквы а. Мікалай Кустаў з настаўніцай народнай вучэльні сп. Мірановіч. Святар прачытаў нядзельнае евангелле на расійскай мове і растлумачыў слухачам, чаму гэтае евангелле чытаецца сёння. … Потым сп. Міроновіч прачытала два павучальныя апавяданні з жыцця першых хрысціян. … Як прыемна бачыць… што нашы бедныя сяляне маюць магчымасць раз на тыдзень падумаць пра духоўны бок свайго жыцця. … Сярод сялян былі і прыхаджане іншых прыходаў, бо ў гэтай частцы Лідчыны толькі ў Мыто маюцца нядзельныя чытанні. Вялікі дзякуй бескарысным працаўнікам а. Куставу і сп. Мірановіч… добра, каб у наш край прыязджала паболей такіх людзей… бо сяляне амаль што не разумеюць ні праваслаўнай, ні каталіцкай службы і з вялікай ахвотай ідуць у касцёл, бо там „музыка грае“. Трэба ж і нам шукаць, чым прывабіць сялян у царкву».

Але здараліся і іншыя выпадкі.

З 1861 г. Мыто стала цэнтрам Мытлянскай воласці, у якую ў другой палове XIX ст. уваходзіла 39 населеных пунктаў, у тым ліку і Ваверка. У 1871 г. прэса паведаміла пра незвычайнае здарэнне: «Адзін з лідскіх паліцыянтаў… прыбыў у піцейны дом вёскі Ваверка, і знайшоў там 4 п'яных сялян. Ён западозрыў дрэнныя намеры і спытаў у іх, чым набіты іх мяшок? Гаспадар мяшка не хацеў дазволіць яго агледзець, а ўсе іншыя з яго кампаніі ўцяклі. … У мяшку аказаліся дзве чалавечыя рукі. Арыштаваны селянін прызнаўся, што у ноч на 9 сакавіка, ён з 7 сябрамі, узброенымі ружжамі, на могілках маёнтка Ішчална, выкапалі толькі што пахаванага нябожчыка — селяніна Ёча, знялі яго вопратку і адрэзалі абедзве рукі, каб з чалавечага тлушчу зрабіць свечку. З гэтай свечкай яны разлічвалі бяспечна рабаваць дамы, бо існуе павер'е, што „свечка з тлушчу нябожчыка“ ці „з рук нябожчыка“, калі яе абнесці вакол выбранага для рабунку дома, пагружае жыхароў дома ў „мёртвы сон“».

Тарнова, Лебяда и кароль Андоры

Ваколіцы лідскай вёскі Тарнова з першай паловы XV ст. належалі ўплывоваму беларускаму роду Завішаў, спачатку герба Ружа. Пасля параднення з Кезгайламі і Шаметамі гэтыя роды атрымалі агульны герб Лебедзь. Трэбы адзначыць, што нашы лідскія Завішы не мелі нічога агульнага ні з Завішамі герба Парай, ні з польскімі Завішамі.

Родапачынальнік Завішаў успамінаецца ў 1443 і 1486 гадах. Ён пакінуў сыноў Мікалая (ўспамінаецца ў 1496 годзе, нашчадкаў не меў) і Яна, каралеўскага двараніна (1491), памёр да 1506 годзе. Сын Яна, Юры (каля 1480 — да 1528 гадах), быў суддзём земскім драгічынскім і значным землеўладальнікам, ён у 1528 годзе выстаўляў 34 вершнікі ў войска.

Каля 1488 годзе ўладанні наследаваў Мікалай Завіша, каралеўскі дваранін. Пасля яго смерці, каля 1500 года, палова маёмасці, па левым беразе Дзітвы, перайшла да яго брата Андрэя Завішы, цівуна віленскага, а другая палова — па правым беразе ракі Дзітва іншаму брату — Юрыю Завішу. Абедзве часткі гэтай маёмасці назваліся Белагрудай.

Нашчадкі Андрэя Завішы трымалі сваю частку Белагруды да другой паловы XVII ст. Юры Завіша пакінуў пасля сябе сыноў Мікалая, Кшыштафа, Альбрахта, Яна і дачку. Згодна з попісам войска 1528 годзе гэтыя Завішы са сваёй часткі Белагруды выстаўлялі разам з паветам Васілішскім 3 кані. Каля 1560 года гэтую частка Белагруды разам з Вашкевічамі ў Завішаў набыў князь Андрэй Вішнявецкі, праз 20 год ён прадаў яе Яраславу Мікалаевічу Ваўчку.

Пры канцы XVI ст. унук Андрэя Завішы Ян Янавіч Завіша, падкаморы лідскі (з 1593 года), а потым ваявода віцебскі выкупіў усе часткі Белагруды і па тастаманце ад 1 лютага 1593 года з гэтай зямлі і з іншай сваёй маёмасці забяспечыў за сваёй жонкай Анастасіяй з Трызнаў 400 коп літоўскіх грошаў. Пасля смерці віцебскага ваяводы гэтая маёмасць разам з Жырмунамі і Востравам (тым самым, дзе ў 1392 года было падпісана славутае пагадненне паміж Вітаўтам і Ягайлам) успадкаваў яго пляменнік Мікалай Завіша, таксама віцебскі кашталян, а калі і ён памёр бяздетным, маёмасць перайшла да яго ўдавы Гальшкі з Тышкевічаў, якая ў 1668 годзе аддала маёмасць у арэнду. Пад канец XVII ст. Белагруду ўспадкавала дачка Яна Юрыя Завішы, старасты браслаўскага, Ганна, якая ў першым замустве (каля 1690 года) была жонкай Пятра Амора, графа Тарноўскага, а ў другім — Крыштафа Шчыта, кашталяна смаленскага. Памяць гэтых двух прозвішчаў і заставалася ў назвах маёнтка Тарнова і фальварка Шчытнікі.

У XVIII ст. Жырмуны і Востраў з Белагрудай — маёмасць княгіні Барбары Радзівілл (з Завішаў). Ад яе Тарнова пераходзіць да сына — Станіслава Радзівіла (1722–1784), падкаморага літоўскага, а далей — Мікалаю Фаўстыну Радзівілу (1751–1811), уладальніку Жырмун. Пры канцы XVIII ст. з вопісаў парафій Лідскага дэканата бачна, што Тарноўшчына — фальварак Найяснейшага Князя ягомасці Радзівіла генерал-лейтэнанта войск ВКЛ. Незадоўга да смерці, Мікалай Фаўстын Радзівіл аддаў Тарнова ў заклад Тадэвушу Андрэйкавічу за 10 000 залатых дукатаў і 130 000 злотых. Пасля судовага працэсу ў 1824–25 гадах бакі падпісалі судовую дамову, згодна з якой Андрэйкавіч стаў уладальнікам Тарнова. Яго сын Юлій Андрэйкавіч прадаў Тарнова Канстанціну Кашыцу.

Бацька Кашыца — наваградскі маршалак Юзаф Кашыц, прымаў удзел у кампаніі 1812—1814 гг. на баку Напалеона, быў афіцэрам 17-га ўланскага палка. Пасля заканчэння вайны ён на тры года выехаў за мяжу для працягу адукацыі, пасля чаго вярнуўся і пасяліўся ў маёнтку Ятра Наваградскага павета. У 1830 г. Юзаф Кашыц быў абраны наваградскім маршалкам. Падчас паўстання 1831 г. быў арганізатарам выступлення ў Наваградскім і Слонімскім паветах, стварыў ў сваім маёнтку асобны атрад, які ў ліпені 1831 г. налічваў каля 1 тысячы чалавек.

Пасля паразы паўстання 1831 г. Канстанцін Кашыц разам з бацькам апынуўся ў эміграцыі ў Францыі — 26 кастрычніка 1831 г. яны прыбылі ў Парыж. У 1838—1842 гг. Канстанцін Кашыц у Дэрпцкім універсітэце вывучаў дыпламатыку і закончыў адукацыю з ступенню кандыдата, быў член мясцовай арганізацыі «Палонія». Маецца інфармацыя, што Кашыц меў дачыненне да справы Шымана Канарскага, аднак у іншых крыніцах гэты факт пацверджання не знаходзіць.

Канстанцін Кашыц — чалавек выдатных разумовых здольнасцей, вызначаўся трапным словам і вострым пяром. У 1850-я, калі яшчэ адбываліся шляхецкія соймікі, сваімі жартамі і эпіграмамі ён дакучаў розным павятовым і губернскім асобам. Аднаго такога «дыгнітарыя» (саноўніка), які ў лісце заміж «вторак» (аўтoрак) напісаў «фторак», ён назваў «Пан Фторак», і мянушка гэтая замацавалася назаўжды. Склаў некалькі рыфмаваных сатыр, якія называліся «Загадка», «Крыжык», «Дагератып», «Пастка на выбарах (галасаванне на сойміках ці выбары)».

Гісторык Вольга Гарбачова піша, што ў паўстанні 1863 г. Кашыц выконваў абавязкі цывільнага кіраўніка па Наваградскім павеце, аднак выступаў супраць пашырэння паўстання. Пазней ён сцвярджаў, што пагадзіўся на кіраўніцтва з мэтай нейтралізаваць актыўнасць прыхільнікаў узброенага выступлення. 20 красавіка 1863 г. Кашыц адмовіўся ад выканання сваіх абавязкаў і выехаў у Рыгу, затым у Пецярбург і далей у Мінск. 17 чэрвеня 1864 г. ён быў арыштаваны і падчас допыту 30 ліпеня 1864 г. даў поўныя і шчырыя паказанні, па выніках якіх былі раскрыты шэраг членаў і дзеянні наваградскай паўстанцкай арганізацыі. Рашэннем часовага палявога суду ў Вільні Кашыц быў прысуджаны да смяротнага пакарання, аднак гэтае рашэнне перагледзеў М. Мураўёў і па канфірмацыі ад 15 студзеня 1864 г. «за заслугі перад следствам» ён быў пакараны ссылкай у Казанскую губерню з утрыманнем пад пільным паліцэйскім наглядам. Правы і маёнткі былі захаваныя за Кашыцам. Пасля выплаты ім 9000 рублёў срэбрам з маёнткаў быў зняты секвестр.

Гіпаліт Корвін-Мілеўскі пісаў пра яго: «Быў арыштаваны добры сябар (бацькі аўтара, Аскара Корвін-Мілеўскага — Л. Л.) пан Канстанцін Кашыц, жанаты з прыгажуняй Несялоўскай, заможны землеўладальнік Лідскага і Наваградскага паветаў, нібыта начальнік нібыта цывільнага кіравання аднаго з гэтых двух паветаў. Пад пагрозай шыбеніцы, ён адразу растаў, як масла на сонцы і прызнаўся не толькі ва ўсім, але і пра ўсіх. Калі дайшла чарга да майго бацькі, Кашыц на пытанне, якія ў яго адносіны з панам Аскарам Корвін-Мілеўскім і што ён ведае пра яго палітычную дзейнасць, зароў, як бабёр: „Калі б я паслухаў гэтага мудрага чалавека, я б не быў тут!“. Ён расказаў, што неўзабаве пасля вяртання майго бацькі з-за мяжы, яны абодва ў яго гатэльных апартаментах пачалі дарагую гульню ў прэферанс. Было ўжо каля поўначы, калі нумарны чалавек прынёс Кашыцу запячатаны ліст. Прачытаўшы яго, ён паклаў на стол ужо раздадзеныя карты, паабяцаў вярнуцца і выйшаў. Вярнуўся толькі праз некалькі гадзін: „Пан Канстанты, я занадта добра ведаю цябе і тваё каханне да прыгожай жонкі, каб падумаць, што ты кінуў нашу паважную партыю дзеля нейкай красуні. Ні аб чым цябе не пытаю, але мне ясна, што ты дазволіў уцягнуць сябе ў нейкую інтрыгу палітычнага характару“, і выразна растлумачыў, што справа безнадзейная і што Кашыц можа толькі знішчыць сябе, сваю сям'ю і свой край, але не мае магчымасці зрабіць нешта карыснае».

Паводзіны Кашыца ў перыяд следтва становяцца прычынай нападак на яго з боку ўдзельнікаў паўстання. Гэта відаць ва ўспамінах, прысвечаных перыяду этапавання і ссылкі. Пра негатыўнае стаўленне да Кашыца з боку былых паўстанцаў згадвае Якуб Гейштар. Спыняецца на гэтым факце і гісторык Рышард Мяніцкі. Ён пісаў, што да канца жыцця за Канстанцінам Кашыцам быццам цені цягнуліся «слушныя папрокі і кляймо здрадніка. Пасля вяртання палякі не жадалі прымаць яго ў сваіх дамах, не жадалі з ім размаўляць». Апісвае сваю сустрэчу з Кашыцам па дарозе ў ссылку і Апалінарый Свентажэцкі, ён сустрэўся з Кашыцам на этапе ў Цюмені. Вольга Гарбачова падае фрагмент з успамінаў: «У партыі польскіх ссыльных на караблі знаходзіўся Кашыц з Наваградскага павета… хтосьці з прыяцеляў пазнаў яго. У нашай групе было чалавек дваццаць наваградцаў, і большасць з іх лічылі сябе ахвярамі „здрады“ Кашыца. Слова „здрада“ прычапілася да гэтага слабога і нешчаслівага чалавека, як чорная пляма, якой ніколі немагчыма адмыць. Распавядалася пра гэта шмат і шырока. Падлічвалі ягоных ахвяраў… Абурэнне і агульнае таўраванне нарастала з распаўсюдам разнастайных версій. Калі на караблі даведаліся пра прысутнасць Кашыца, усё забушавала. Асабліва моцна выступалі наваградцы. Уся прыхаваная антыпатыя і крыўда вылілася, як вулканічная лава. Вайсятыч, Грынявецкі, Пансет і іншыя кідалі гром і маланкі. Марна спакайнейшыя людзі, жадаючы прадухіліць буру, спрабавалі ахалодзіць распаленыя галовы. Усё скончылася тым, што Кашыца перавялі з групы палітычных ссыльных і адправілі яго на „баржу“ да крымінальных злачынцаў. Акт помсты быў выкананы».

Вольга Гарбачова лічыць, што магчыма справа Кашыца насамрэч не была настолькі адназначная, бо вядомая даследчыца Зоф'я Кавалеўская, пісала: «Адчуваю свой абавязак дадаць тут некаторыя факты, якія ў некаторай ступені павінны рэабілітаваць імя і памяць памерлага Кашыца. Склаў ён свае сведчанні на судовым следстве не з мэтай уратаваць сябе, як меркавалі пра гэта іншыя, а пад уплывам трохразовага катавання; у хвіліну болю і фізічнага аслаблення і дух мог лёгка аслабець. Вусны прашапталі месца схованкі пад Обрынскім палацам, дзе захоўваліся дакументы Нацыянальнага ўрада. Ці тыя, хто пазней кідаў у яго камяні, маглі б прысягнуць, што ў адпаведнай сітуацыі былі б больш трывалыя за Кашыца? Сведка, які апынуўся там у нейкай цывільнай судовай справе… распавядае, што ўбачыў у астрозе слабы цень чалавека, параненага бізунамі і напалову непрытомнага ад болю. Кашыц усё жыццё шкадаваў пра гэтую хвіліну слабасці, якая вырвала ў яго паказанне і прывяла да новых ахвяраў».

З 22 мая 1865 г. Кашыц знаходзіўся ў Цывільску. 19 сакавіка 1866 г. ён атрымаў дазвол на трохмесячную паездку ў Мінскую губерню для продажу свайго маёнтку, пасля чаго ў Цывільск болей не вярнуўся. У 1866 г. ён выехаў на чатыры месяцы ў Пецярбург, а 2 студзеня гэтага ж года выехаў у Маскву. У 1867 г. Кашыц атрымаў дазвол на выезд за мяжу, а ў снежні 1868 г. яму было дазволена пражыванне ў Рызе. Некалькі разоў Кашыц потым прыязджаў у свой маёнтак Обрын Наваградскага павета. У красавіку 1869 г. ён быў вызвалены з-пад паліцэйскага нагляду, а ў 1872 г. атрымаў дазвол на свабодны выбар месца пражывання.

З 1876 г. Кашыц жыў у маёнтку Обрын і займаўся гаспадаркай. Меў сыноў Юзафа Калікста (1855 г. н.) і Аляксандра Фелікса (1857 г. н.), дачку Ванду Людвіку (1860 г. н.). Маёнтак Обрын з'яўляўся ўласнасцю сям'і Кашыцаў да 1939 г. Канстанцін Кашыц пакінуў успаміны, прысвечаныя перыяду навучання ў Дэрпцкім універсітэце, якія захоўваюцца ў Аддзеле рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве (BN, rkps. 2981), апрацаваныя прафесарам Янам Трынкоўскім.

Ёсць меркаванне, што яшчэ ў час паўстання на зямлі Канстанціна Кашыца паміж Малым Ольжавам і Мохавічамі (Шчытнікамі) былі ўстаноўленыя памятныя крыжы па загінулым у баі паўстанцам.

Лепшы лідскі знаўца гісторыі Міхал Шымялевіч пісаў, што Канстанцін Кашыц, сасланы на выгнанне, праз нейкі час вярнуўся ў край і змушаны быў, як кажуць, «добраахвотна» падпісаць 25 траўня 1866 г. акт, у сілу якога прадаў Тарноўшчыну (разам каля 2500 дзесяцін), генералу Дзмітрыю Маўрасу за 56 300 рублёў, у гэтай суме набыўца прыняў да пагашэння 12 000 рублёў доўгу былога ўладальніка Юлія Андрэйкавіча і саступіў прадаўцу дом у Рызе, ацэнены ў 25 000 рублёў

Аднак Кашыца гэта не ўратавала, і ён быў паўторна сасланы ў Сібір, а вярнуўшыся на радзіму, хутка — у 1881 годзе — памёр.

Пасля 1863-га года Тарнова набывае статус цэнтра сялянскай воласці.

Маўрасы

Новым уладальнікам Тарнова стаў унук Георгія Маўраса, былога гаспадара Малдовы. Радзімай старажытнага грэцкага роду Маўрасаў быў востраў Радос у Эгейскім моры, адкуль Маўрасы перасяліліся на Мальту, а ў 1650-м пераехалі ў Малдову. Там род Маўрасаў займаў вельмі высокае становішча, парадніўся з самымі вяльможнымі малдаўскімі сем'ямі: Кантакузен, Суцо і Гіка. У 1785 годзе Георгі Маўрас быў гаспадаром Малдавіі, яго сын Мікалай у 1828 годзе перайшоў на рускую службу, памёр у 1868-м. Графскі тытул роду Маўрасаў напачатку быў пажалаваны ў лютым 1876-га аўстра-венгерскім імператарам Францам-Іосіфам І. Пасля дакладу дэпартаменту герольдыі цар Аляксандр ІІ указам ад 1 кастрычніка 1876-га прызнаў графскі тытул Маўрасаў у Расіі.

Дзмітрый Маўрас (26.10.1820–12.07.1896) як афіцэр рускай службы браў удзел у задушэнні Венгерскага паўстання ў 1849-м, Крымскай вайне 1853–1856-га, задушэнні на Беларусі паўстання 1863-га. З 1873-га Дзмітрый Маўрас у чыне генерал-маёра камандаваў 1-й брыгадай 27-й дывізіі пяхоты ў Вільні. У 1877–1878-х Маўрас камандаваў 6-й рэзервовай дывізіяй пяхоты ў вайне супраць Турцыі. З 1852-га Маўрас жанаты з графіняй Кацярынай Іванаўнай Сімоніч (1829–1890), дачкой графа Івана Восіпавіча Сімоніча. На час жаніцьбы Маўрас служыў ва ўланскім палку ў Варшаве, там жыла сям'я Сімонічаў. Род гэты мае паўднёва-славянскае паходжанне. Харват ці далмацінец Іван Восіпавіч (1792–1850) быў афіцэрам у войску Напалеона. У 1812-м узяты ў палон, у 1816-м паступіў на рускую службу. У Тыфлісе жаніўся з удавой, княгіняй Арбеліяні. Меў сына Мікалая і дачку Кацярыну.

У Дзмітрыя і Кацярыны (з Сімонічаў) Маўрасаў нарадзіліся дзеці: Марыя — у 1852-м, Ганна — у 1856-м, Аляксандра — у 1860-м, двайняты Мікалай і Лізавета — у 1861-м гг. Брат лідскага вайсковага начальніка Васіля дэ Лазары, афіцэр расійскага войска Мікалай дэ Лазары, які ў пошуках заробку нейкі час жыў у нашым горадзе, пісаў у сваіх мемуарах пра жыццё ў Лідзе: «… з'явілася некалькі блізкіх знаёмых, з ліку якіх… самай прывабнай была Кацярына Іванаўна Маўрас, якая любіла нас, як родных, а таму яе сяброўства было для нас самым радасным. Недалёка ад Ліды быў маёнтак Маўраса Тарноўшчына, мы часта ездзілі туды і бавілі там па некалькі дзён у асяроддзі яе сям'і. Але нам дзіўна было бачыць, што яе дзеці былі амаль што ўсе вельмі непрыгожымі, нягледзячы на прыгажосць і прывабнасць самой Кацярыны Іванаўны».

Як адзначана вышэй, маёнтак Тарнова генерал Маўрас набыў у 1866 годзе ў паўстанца Канстанціна Кашыца. Прадаць свой маёнтак Маўрасу Кашыц павінен быў па царскім указе хутка і танна. Гэтак жа танна ў паўстанца Маўрас купіў дом у цэнтры Вільні, на Георгіеўскім праспекце, зараз гэта праспект Гедыміна.

З 1879 годзе генерал-лейтэнант Маўрас выйшаў на пенсію пасяліўся ва уласным доме ў Вільні. Акрамя Тарнова генерал купіў суседнія вёскі Мыто, Дзітву Тарноўскую, Паперню, Нявішу, Ярэмічы, Жукоўшчыну і Лебяду. Уся гаспадарка разам мела 15 000 дзесяцін ці 150 квадратных кіламетраў. Перыядычна сям'я генерала жыла і ў Пецярбургу. Той жа Мікалай дэ Лазары, «бачачы ўдалую і забяспечаную ў матэрыяльным сэнсе службу брата Васіля ў корпусе жандараў» пісаў, што з дапамогай Дзмітрыя Маўраса, «які лічыўся тады пры шэфе жандараў, пачаў прасіць аб залічэнні мяне на службу ў корпус. Клопаты гэтыя праз непрацяглы тэрмін увянчаліся поспехам, і ў жніўні месяцы 1867 г., прадаўшы ўсю сваю маёмасць, я з жонкай пераехаў у Пецярбург і быў прыкамандзіраваны да штаба. … Хутка і м-м Маўрас з дзецьмі пераехала ў Пецярбург, і я адшукаў ім кватэру ў тым жа доме Ліпса і на тым жа паверсе, дзверы ў дзверы. Дзякуючы жонцы Маўраса генерал Мезенцаў выдаў мне грашовую дапамогу ў памеры 250 руб. Гэта нам добра дапамагло…».

З канца 1860-х спачатку толькі ў летні перыяд, а потым увесь час граф Маўрас з сям'ёй жыў у маёнтку Тарнова. У першай палове 1880-х тут быў пабудаваны палацавы комплекс, які цяпер знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі. Аўтар праекта — архітэктар, Вінцэнт Горскі (1848 — пасля 1901) паходзіў з шляхты Віленскага павета (сын Мельхіёра і Юзафіны з Нарбутаў). У 1867—1873 гг. Горскі вучыўся ў Санкт-Пецярбургскім будаўнічым вучылішчы. Пасля заканчэнні курса працаваў у Тэхніка-будаўнічым камітэце і ў хуткім часе быў прызначаны гарадскім архітэктарам г. Тэмрук (Краснадарскі край, Расія). У 1874 г. выйшаў у адстаўку. У 1885—1901 гг. працаваў экспертам па нерухомасці ў Віленскім зямельным банку і займаўся прыватнай архітэктурнай практыкай. Толькі ў Вільні па яго праектах пабудавана каля 70 прыватных і грамадскіх будынкаў у тым ліку ён пабудаваў ці перабудаваў два дамы Маўраса ў цэнтры Вільні.

Сядзіба Тарнова складаецца з палаца і гаспадарчых пабудоў — стайні, лядоўні і ветрака. Перад сядзібным домам разбіты сквер, за 200 метраў на поўдзень ад палаца — дзве сажалкі. Пад'язная дарога агінае сядзібны дом, праходзіць паміж сажалкамі і вядзе да былога гаспадарчага комплекса, дзе знаходзіцца вятрак. Каля Белагрудскага касцёла была пабудавана карчма.

Палац — мураваны, асіметрычны ў плане будынак у стылі мадэрн з маляўнічай ступеньчатай кампазіцыяй фасадаў. Асноўнай часткай будынка з'яўляецца двухпавярховы аб'ем з цэнтральным выступам-рызалітам на галоўным фасадзе. З заходняга боку размешчана аднапавярховая прыбудова, з усходняга — дамінуючая ў сілуэце чатырохпавярховая вежа. У пластыцы фасадаў выкарыстаны элементы розных гістарычных стыляў. Абапал цэнтральнага рызаліта над ганкамі размешчаны балконы. Вуглы асноўнага аб'ёму руставаныя. Цэнтральная вось галоўнага фасада выдзелена вільчыкам (каньком) рызаліта і вертыкальным шэрагам паўцыркульных акон з прафіляванымі арачнымі сандрыкамі. Планіроўка будынка была анфіладна-калідорная. Паверхні асноўнага аб'ёму звязаны лесвіцай, якая размешчана ў цэнтры будынка. Падлогі былі паркетныя.

Стайня каля палаца — аднапавярховы цагляны будынак пад двухсхільнай страхой з пластычным галоўным фасадам. Лядоўня — паўпадвальнае памяшканне, дах якога выступае над зямлёй. Над уваходам двухсхільны шчыт з адтулінай у цэнтры. Ветраны млын размешчаны за 500 м ад палаца. Конусападобная пабудова, складзеная з бутавага каменю. Верхняя частка млына — драўляны шацёр, які паварочваўся на металічных шарах вакол сваёй восі з улікам кірунку ветру, не захавалася.

Нелі Антонаўна Салаўёва, унучка садоўніка маёнтка, успамінала, што на другім паверсе тарноўскага палаца ладзіліся пышныя балі, «…прыязджала шмат гасцей, апранутых у адпаведнасці з модай таго часу. Граф з жонкай шмат падарожнічалі. Напрыклад, бывалі ў Палестыне, часта адпачывалі на Міжземнамор'і, адкуль прывозілі шмат сувеніраў, адзін з якіх, ракавіна, дагэтуль захоўваецца ў маёй хаце». Наогул, граф і графіня былі добрымі людзьмі. Дзмітры Маўрас паважаў старасць і ўсіх былых працаўнікоў трымаў да апошніх дзён iх жыцця. А калі паміраў сам, загадаў службоўцам зрабіць доўгія сталы і лавы, паставіць іх уздоўж усёй паркавай алеі і багата накрыць. Маўляў, хай прыходзяць усе ахвотнікі ўспомніць і памянуць.

Асобна трэба сказаць пра бібліятэку і калекцыю Маўрасаў. Бібліятэка налічвала больш за 8 000 тамоў на розных мовах, каля 2 000 тамоў перайшло ўладальніку Тарнова ад ягонага дзеда Георгія. Разам з кнігамі ў бібліятэцы захоўваліся радаслоўныя дакументы Маўрасаў, граматы на расійскія, аўстрыйскія, грэцкія ордэны і чыны, радаслоўны спіс чатырох пакаленняў сям’i, у тым ліку і па жаночай лініі. Большая частка кніг знаходзілася ў Вільні, але шмат кніг было і ў тарноўскім палацы графа. У каталозе гэтай бібліятэкі, выдадзеным у 1888 годзе, на першай старонцы прысутнічае герб Маўрасаў: леў і дракон трымаюць прастакутны шчыт, а над ім — графская карона. У каталогу надрукаваны i партрэт графа Дзмітрыя Маўраса.

Канстатуючы візiт Ковенскага епіскапа Антонія на Лідчыну ў 1887 годзе, «Літоўскія епархіяльныя ведамасці» пісалі: «Па дарозе ўладыка наведаў маёнтак графа Маўраса, які радасна прыняў дарагога госця і паказаў сваю бібліятэку, у якой захоўваецца шмат рэдкіх кніг і старажытных рукапісаў як гістарычнага, так і духоўнага зместу».

На пачатку Першай сусветнай вайны кнігі вывезлі ў глыб Расіі. Пасля 1917-га бібліятэка была нацыяналізавана і перавезена ў Дзяржаўны кніжны фонд, з якога ў 1920-м перададзена ў Бібліятэку Румянцаўскага музея. У 1915–1920-х з-за бібліятэка графа Маўраса была часткова раскрадзена.

У тарноўскім палацы знаходзілася яшчэ i каштоўная калекцыя карцін, мастацкіх вырабаў з золата, бронзы, парцаляны, старадаўняя зброя, рэдкія ракавіны, чучалы туземных жывёл. У справе аб ардынацыі Тарнова ёсць спіс «рухомай маёмасці», але без падрабязнага апісання. Сярод 28 карцін пералічаны «Узнясенне» Рубенса, «Могілкі» Руісдаля, «Унутраны від шынка і танцы» Астадэ, «Начны відарыс у Венецыі» Каналета, «Галандская кухня» Тэньера, «Галава старога» Лукі Кранаха. Верагодна, карціны дасталіся Маўрасу ад былых уладальнікаў-паўстанцаў — былі куплены разам з маёнткам і домам у Вільні. Яны не былі вынікам працяглых пошукаў, таму генерала цяжка назваць калекцыянерам, хутчэй, яго можна лічыць выпадковым чалавекам, якому за бясцэнак дасталіся каштоўныя рэчы. Добра, што не марадзёрам. Дарэчы, некаторыя лічылі, што карціны маглі быць копіямі, але даказаць гэта ўжо немагчыма. Не быў генерал і мецэнатам.

Сямейнікі Маўрасаў лічыліся прыхаджанамі блізкай да Тарнова Радзівонішскай царквы, у 1869 годзе «Літоўскія епархіяльныя ведамасці» пісалі: «…у Радзівонішскую царкву да дня яе асвячэння генерал-маёрам Маўрасам, вернікам гэтай жа царквы, былі ахвяраваны ўборы на прастол, ахвярнік і аналой, а таксама два абразы добрага жывапісу Св. Апосталаў Фамы і Пятра, коштам 100 руб.». У 1883 годзе тая ж газета пісала: «Сяло Радзівонішкі. У нашым вельмі малалікім прыходзе 16 мая было… прыкметнае свята. Гэта была імпрэза з-за каранавання Іх Імператарскай Вялікасці. Графіня Маўрас раздавала даволі каштоўныя падарункі, святкаванні працягваліся тры дні, грала хатняя музыка, і былі народныя танцы».

Дзеля свайго адзінага сына Мікалая граф Дзмiтры Маўрас 20 снежня 1883 года атрымаў ад імператара Аляксандра ІІІ імянны ўказ, паводле якога тарноўскія землі склалі ардынацыю, ці маярат, у які ўваходзілі: Тарнова, Андрушкі, Малы Ольжаў, Данеўшчына, Манькавічы, Ярэмічы, Лебяда. Туды таксама быў уключаны дом у Вільні з багатай бібліятэкай і каштоўнымі рэчамі. Агульная плошча сельскагаспадарчых зямель ардынацыі (па расейску — «заповедного имения») дасягала 3 500 дзесяцін з фальваркамі, цагляным і вапнавым заводамi.

У верасні 1883-га ў хадайніцтве аб «учреждении заповедного имения» граф пісаў: «Дзве старшыя дачкі замужам і адлучаны ад сямейства, а дзве малодшыя — яшчэ дзявіцы, жывуць пры мне. Для іх застаюцца маёнткі Мыто, Дзітва, Вялікая Лебяда, Балічы, Зданаўцы, якія дастаткова забяспечаць малодшых дачок».

Сучаснікі лічылі, што граф турбаваўся толькі за лёс адзінага сына, а чатырох дачок ён хутка выдаў замуж: Марыю Дзмітрыеўну — за Фёдара Карлавіча фон Эксе, жандарскага генерала, Ганну Дзмітрыеўну — за лідскага абшарніка Слізьня, Аляксандра Дзмітрыеўна стала Чапялеўскай. Гісторыя шлюбу малодшай дачкі Лізаветы Дзмітрыеўны — самая цікавая.

Каб атрымаць царскі вырак аб ардынацыі, Дзмітры Маўрас жыў у Пецярбургу. Там Лізавета пазнаёмілася з маладым графам Мікалаем Сімонічам, успыхнула каханне, і хутка маладыя пабраліся шлюбам. Трэба сказаць некалькі слоў пра яе мужа.

Мікалай Мікалаевіч Сімоніч (1862–1915) — унук заснавальніка роду Івана Восіпавіча Сімоніча, быў адзіным сынам маёра Грузінскага грэнадзёрскага палка Мiкалая Іванавiча Сімоніча і дачкі вядомага адмірала Меліхава, Алены Васільеўны. Пасля ранняй смерці бацькоў яго гадавала бабуля, удава адмірала. Верагодна, яна лічыла ўнука вялікім шалапутам, бо, пакідаючы яму па сваёй смерці чатырохпавярховы дом у Пецярбургу (па Мохавай вуліцы), ставіла ўмовы, каб унук не мог прадаць яго да свайго 30-годдзя. Па яе меркаванні толькі тады ўнук павінен быў «увайсці ў розум». Аднак дасягнуўшы 30-гадовага узросту, граф, прадаўшы дом, хутка распусціў грошы і пражыў жыццё бедным чалавекам. У 1883–1884-х, праўда, грошы яшчэ мелiся, як i дом у сталіцы, і Сімоніч лічыўся добрым жаніхом.

25 студзеня 1884 года ва Уваходаіерусалімскай (Знаменскай) царкве закаханыя былі на споведзі, праз некалькі дзён, 3 лютага, у царкве Зводна-Казачага палка (на Абвадным канале) адбылося вянчанне. Усе падзеі датычылiся не той царквы, прыхаджанінам якой Сімоніч з'яўляўся. І гэта зразумела, бо маладыя былі стрыечнымі братам і сястрой! Рэжысёрам і ініцыятарам дзеяння, па меркаваннi сучаснікаў, стаў бацька нявесты. Граф Дзмітры Маўрас вельмі хацеў аддаць дачку замуж.

Маладыя пачалі жыць у доме па вуліцы Мохавай, 26 у Пецярбургу. У іх нарадзіліся сын Аляксандр (1884–1889, пахаваны каля царквы ў вёсцы Лебяда пад Лідай) і дачка Марыя — выхаванка Смольнага інстытута.

У красавіку 1890-га памерла жонка ўладальніка Тарнова, графіня Кацярына Іванаўна Маўрас. 8 кастрычніка 1892-га г. была высвечаная мураваная капліца ў імя Святога Дзмітрыя Салунскага, пабудаваную ў маёнтку Тарнова: «Царква уяўляе сабой прыгожы мураваны будынак у гатычным стылі. Яна пабудаваная па загадам і пад асабістым наглядам графа — стваральніка храма. Над уваходнымі дзвярыма, у прыгожай трох’яруснай калоне ўладкавана званіца, яна ўвенчаная конусападобным купалам з крыжам. Шкло ў вокнах упрыгожана свяшчэннымі выявамі і крыжамі з рознакаляровага шкла. Унутраная аздоба храма таксама адрозніваецца сваёй вытанчанасцю, яна строга прытрымліваецца царкоўнага характару жывапісу. Царква мае новае каштоўнае начынне. Пад царквой пабудаваны вялікі фамільны склеп дзе знаходзіцца прах нябожчыцы-жонкі будаўніка храма, графіні Кацярыны Іванаўны Маўрас (у дзявоцтве — Сімоніч). У яе памяць і пабудаваны храм.

Царква высвечаная ў чацвер, 8 кастрычніка. Гэта свята наведалі спадар галоўны начальнік края, генерал ад артылерыі Каханаў, віленскі губернатар барон Грэвеніц і іншыя паважаныя асобы а таксама родныя графа Д. Маўраса. Царква асвечана лідскім дабрачынным протаіерэям Іосіфам Каяловічам з лідскім духавенствам. Храм прысвечаны св. пакутніку Дзмітрыю Салунскаму (дзень памяці 26 кастрычніка). Перад гэтым настаяцель Маламажэйкаўскай царквы Леў Савіцкі правёў у царкве ўсяночную службу. … настаяцель царквы ў Радзівонішках а. Аляксандр Дружыловіч выступіў з прамовай…».

У гэтай жа ўсыпальніцы пад храмам праз чатыры гады быў пахаваны і сам граф Дзмітрый. Дарэчы, калі ў 1939 г. капліца з магільным склепам Маўрасаў была разбурана, з'явіліся чуткі, што графіня Кацярына Маўрас ляжала забальзамаваная ў спірце.

Дзмітрый Маўрас памёр у 1896-м. Па яго смерці Тарнова разам з усёй ардынацыяй перайшло адзінаму нашчадку мужчынскага полу Мікалаю Дзмітрыевічу (1862–1919). Граф Мікалай Дзмітрыевіч 30 чэрвеня 1882 года ў Радзівонішскай царкве быў абвенчаны з Адэлаідай Аляксандраўнай (Адэляй Алекаўнай) Рамала (1865–18.02.1909), румынскай падданай. Шлюб іх быў бясплодным. У 1911 годзе Мікалая Маўраса прызналі недзеяздольным і аддалі пад апеку, пасля чаго ён жыў у Пецярбургу. У 1913-м даведнік «Увесь Пецярбург» паведамляў ягоны адрас: «Граф Маўрас Мікалай Дзмітрыевіч, Гатчына, Люцеўская, 11». Разам з ім жыла ягоная старэйшая сястра Марыя фон Эксе, удава генерал-маёра. Памёр Мікалай Маўрас у Гатчыне ў 1919 годзе.

11 красавіка 1921 года Лідскі павятовы камітэт прыняў у дзяржаўны скарб частку Маўрасавай ардынацыі: фальваркі Малы Ольжаў, Шчытнікі, Белагруду, Чыжоўшчыну і Бабоўцы. Да восені 1939-га Тарнова належала баронам Кехле (Koehle).

Лебяда

Верагодна, усе паселішчы з назвай Лебяда ці Лебёдка на Лідчыне атрымалі сваю назву ад ракі Лебяда. Рака Лебяда ўзгадваецца яшчэ ў XVI ст. у лісце дамовы Ваські Пушка з пані Войцахавай Нарбутовай аб зямлі ў Панямуні ад 15 лістапада 1531 г., мяжа гэтага кавалка зямлі апісана гэтак: «Межы рекою Немном а межы дороги великою, которая дорога идет од Белицы до Мостов на стары брод через реку Лебеду». Лідскі гісторык Міхал Шымялевіч цытуе фрагмент межавага акта паміж землямі маёнтка Лебяда Гераніма Хадкевіча і маёнткам Радзівонішкі Яна Камаеўскага, напісанага ў Лебядзе 15 сакавіка 1554 г. У спісе войска ВКЛ ад 1567 г.: «Панъ Станиславъ Микалаевичъ Нарбут воеводичъ Поляшскій, ставилъ почту з ыменей своихъ… з Лебеды въ повете Лидском, а з Забалотья въ томъ же повеце Лидскомъ…» і таксама «Пан Размусъ Довкгирдъ, судья земли Тройкое, ставил почотъ з ыменей свотхъ… з Лебеды съ подъ Василишокъ…» ці «Юрага Лебедский з ымений своихъ з Лебеды, з Заболотья, з Дитвы, з Каменки в Лидскомъ повеце коней 4 збройно пнцри… он же стаил драби 2 з ручниц, а з мечы».

Дзесьці на мяжы XVI–XVII ст. маёмасць Лебяда, пра якую пойдзе гаворка, пераходзіць у рукі Яна Трызны, сына смаленскага кашталяна Рыгора Трызны, які ў 1567 г. ставіў у войска 22 коннікі і 11 драбаў, у 1586 г. ён быў прызначаны лідскім земскім суддзём. Потым ён стаў гаспадарскім маршалкам.

Ад Яна Трызны маёнтак успадкаваў яго сын Адам, а вёска Лебяда, якая ляжала на старым гасцінцы, стала мястэчкам. Ад Адама Трызны маёмасць пераходзіць у рукі яго сына Клімента. У 1678 г. «велебный его милость отецъ Клеменсъ на Ольдове (Голдаве — Л. Л.) и Лебеде Тризна — законникъ закону светого в Базылего великого» пад залог фальварка Хацяновічы з вёскамі Казламі, Ходараўцамі і Серкамі і «асабліва са ставам на рацэ Лебядзе, з млынам і яго вывалкамі» пазычыў 26 000 злотых у Віленскага Свята-Духава брацтва. У 1683 г. Трызну прысудзілі да выплаты 32000 злотых за невяртанне маёнтка Лебяда, які знаходзіўся ў заставе ў Ганны Звертавай. Як адбывалася і чым закончылася тая справа, можна даведацца з дакумента, надрукаванага яшчэ ў XIX ст.

З Падымнага рэестра Лідскага павета ад 1680 г. бачна, што Лебядой (1 дым) валодаў Уладзіслаў Ланеўскі (ці Уладзіслаў Воўк-Ланеўскі), а вёска Хацяновічы (36 дымоў) з'яўлялася маёмасцю Станіслава Невяроўскага (палкоўніка літоўскіх войскаў, старасты будавецкага) і яго жонкі Марыі з Трызнаў (дачкі Адама Трызны).

Міхал Шымялевіч меў у сваім архіве «дазвол, пісаны 5 жніўня 1750 г. і прызнаны на другі дзень у Трыбунале, на вольны лоў рыбы ў рацэ Лебядзе паміж Войнам (маёнтак Вялікая Лебяда) і Вянсковічам (маёнтак Голдава)».

У Падымным тарыфе Лідскага павета ад 1775 г. Лебяда Трызнянская належыць ЯВп Горскаму (1 дым), жмудскаму кашталяну разам з фальваркам Ігнаткаўцы (1 дым), Ваенполем (1 дым), мястэчкам Лебяда (25 дымоў), вёскамі Дзмітраўцы (9 дымоў), Палуты (9 дымоў), Більтаўцы (6 дымоў), Даўгаполле (2 дымы), Леснікі (22 дымы), Забелы (2 дымы), Паваргі (2 дымы), Клімавічі (5 дымоў), Губейкі (6 дымоў), Сямашкі (13 дымоў), Ігнаткаўцы (14 дымоў). Згодна з гэтым жа тарыфам, у Лебядзе маецца грэка-каталіцкая плябанія (1 дым), на Горскага запісана ваколіца Станкевічы (2 дымы).

У 1784 г. Лебёдка Трызнянская — таксама двор «яснавяльможнага пана Леона Горскага, кашталяна жмудскага, паміж поўднем і захадам зімовым з царквой (зразумела, уніяцкай — Л. Л.) і мястэчкам, дзе рыма-католікаў мала, праз мілю». У «мясцовасці Лебяда яснавяльможнага пана Горскага, кашталяна жмудскага» быў стаў, «у які ўпадае рэчка Лебяда». У маёмасці Горскага меўся перавоз цераз раку Лебяда на дарозе з Вільні. Пасля смерці Леона Горскага (1760–1807) маёмасць пераходзіць да яго сына Леапольда.

Усё лета 1812 г. у Лебядзе, у маёнтку абшарніка Горскага жыў адлучаны ад камандавання сваім VIII-м корпусам арміі Напалеона вестфальскі генерал Вандам. Распавядалі, што Вандам, маючы пры сабе некалькі ад'ютантаў і паўтара дзясятка салдат, займаўся сельскай гаспадаркай і, як клапатлівы гаспадар, вырашаў сялянскія справы.

Вядома, што тры моцныя шляхетныя роды: Войны, Горскія і Агінскія ў розны часы валодалі дваром Салантай у Жамойцкім княстве (потым Цельшаўскі павет Расійскай імперыі) і менавіта там парадніліся паміж сабой. А маёнтак Лебяда, якім яны валодалі ў розныя часы, не быў для іх галоўнай маёмасцю.

У 1820-м г. маёнткам валодаў цельшаўскі маршалак Леапольд Горскі (1787–1825), які ў Лідскім павеце меў яшчэ і Ольжава (нейкую частку гэтай гістарычнай лідскай маёмасці). Леапольд Горскі — вядомы калекцыянер. У сваім галоўным маёнтку Салантай ён стварыў нумізматычны кабінет, любіў кнігі і ўмеў атрымліваць ад іх асалоду і таму назапасіў вялікую бібліятэку рэдкіх кніг, у тым ліку і гістарычных твораў XVI–XVII ст. Займаўся пісьменствам і навукай.

Пасля падзелу маёмасці, маёнтак Лебяда перайшоў да сястры Леапольда Горскага Алімпіі Рэне з Горскіх (1790–?). Разам з мужам, баронам Антонам Рэне (?1800–1869), сужэнцы мелі дачку Алімпію Агінскую з Рэне (1829–1861). Антон Рэне з 1864 па 1868 гг. выконваў абавязкі маршалка Цельшаўскага павета.

18+

Книга предназначена
для читателей старше 18 лет

Бесплатный фрагмент закончился.

Купите книгу, чтобы продолжить чтение.