16+
Сляза ляза

Объем: 294 бумажных стр.

Формат: epub, fb2, pdfRead, mobi

Подробнее

***

У самотнай цішы

Ледзь рыпнулі дзверы.

Я ўбачыў цень на шпалерах —

Пэўна, з’явілася ты…

***

Ты пакліч мяне. Пазаві

Там заблудзімся ў хмельных травах…

Пачынаецца ўсё з любві,

Нават самая простая ява.

Я. Янішчыц


Ты паклічаш, ты пазавеш,

У дурманы траваў духмяных…

Заблукаем у роснай імгле,

Знікнем разам у белых туманах…


Пачынаецца ўсё з любві,

Нават зманнасць нябеснага шляху.

Перад намі абсягаў гады,

Па-за намі — пакінутасць страху.


Распранаецца поўні святло

У вачах тваіх бляскам любові…

І ліецца з нябёсаў сяйво

Асляпляльна-празрыстай няволі.


Ты палічаш, ты пазавеш

Заблукаць у дзівосным адхланні…

На світанку ў роснае смузе

Знікнуць разам у белым тумане…

***

Я напішу верш для цябе

Удзень самотны і журботны.

Як сонца ўтопіцца ў вадзе —

Я напішу верш для цябе.


Я напішу верш для цябе

Апалым полымем пачуццяў.

Асадкай сэрца у мане —

Я напішу верш для цябе.


Я напішу верш для цябе

Стагоддзем вечнай адзіноты.

Палётам дзіды на вайне —

Я напішу верш для цябе.


Я напішу верш для цябе

Збуцвелым кветам асалоды.

Нектарным прысакам у сне —

Я напішу верш для цябе.


Я напішу верш для цябе

Маладзікова срэбнай сцюжай.

Калі прачнешся без мяне —

Я напішу верш для цябе.


Я напішу верш для цябе

Сутоннем пожадным і прагным.

У барвах смутку і ў смузе

Я напішу верш для цябе.


Я напішу верш для цябе

Удзень самотны і журботны.

Стагоддзем вечнай адзіноты,

Збуцвелым кветам асалоды.

***

Вас, відаць, не было сапраўды

Ля крыніцы, ля вішань, ля студні…

Нібы сон, паўтараліся Вы,

І балелі-балелі мне грудзі…


Вы прыйшлі, нібы з неба святло —

І з прадоння Сусвет утварыўся…

Разлілося паўсюдна цяпло,

І як быццам яму я маліўся…


Вас усмешкай аздобіла ноч,

Кожнай зоркай, травінкай, лісточкам…

Бласлаўлення святога ад воч

Атрымаў я у райскім куточку…


Вы, як цень, адбіваліся ў дні,

Быццам воблака, ноччу сплывалі…

Таямніцаю спеў Ваш вірыў,

Вашы словы ў вышынях луналі…


Вас, відаць, не было сапраўды —

Кроза дзіўная свету прывідаў…

Нібы сон, паўтараліся Вы

У абшарах маіх краявідаў…

***

Горкім сном не прысніцца віна —

Не мая, не твая, а чыя?

Як не прыйдзе ніколі вясна,

Не яго, не яе, а чыя?

Памяць ціха стаіць ля вакна —

Не мая, не твая, а чыя?

Нібы Чаша пакутаў без дна,

Не яго, не яе, а чыя?

Цемра плача з відна да відна —

Не мая, не твая, а чыя?

Уцякае скрозь пальцы вада —

Не яго, не яе, а чыя?

Новым днём прывітае зіма —

Не мая, не твая, а чыя?

Неўзабаве ўсё ж прыйдзе вясна —

Для яго, дя яе — Нічыя.

* * *

Спаўзе ў гушчар туман сівы

Між елак покрывам бялюткім.

Ізноў прысніцеся не Вы

У панаванні Рэха гнуткім…


Спаўзе з галінкі кроплі звон,

Які падхопіць шоргат лісця…

Ізноў сустрэнецца Вам Ён,

У мроях стрэчаны калісьці.


Спадзе на вокны змроку цень,

Кране далоні сарамліва…

Ізноў не Вы — самотны дзень

Аб нечым просіць палахліва…

Не сніцца Парыжу ворыва водар…

(Леаніду Дранько-Майсюку)


Мая душа не плача, а пяе, бо стомлена не лёсам, а табою.

(Л. Дранько-Майсюк)

Твая душа — нячулая машына, выразны запіс.

(Х. Картасар)


Не сніцца Парыжу ворыва водар,

Не бачыцца ў снах паплавоў хараство.

Вялікі адметнасцю светлаю горад,

Палескіх не сніць краявідаў даўно.


Самотны і з тым, без таго, у трывозе,

Палонены снамі стамлённа-чужых,

Не сніцца адчайна між вежаў і плошчаў

Усходняга вальсу багемны уздых…


Не сняцца Парыжу ліцьвінскія вочы,

Паэта здалёку, Паэта з не тут.

Ды чуе надоствітку, цішай, употай

Вандроўніка шэпат здзіўлены Луўр.


Дыханне займае прасторы і часу,

І водарыць — Божа! — нязнанасцю сноў,

Якія вяслуюць прывідамі страху

У колерах белых, чырвоных, бы кроў…


Адкуль жа самота? Нячутна-знаёма,

І мова нагадвае баль салаўёў…

Адна ў Беларусі на тыдзень субота

І сем у Парыжы на тыдзень субот…


Не сніцца яму, апалоненым жарсцю

Дзівотных фантазій ПікАсо-РэмбО,

Як поначы кветам ад Вільні, няйначай,

Ліецца з нябёсаў Ярылы святло…


Ды што яму богі? Д’арк больш за сонца,

А вуліца Ружаў прыўкрасней за свет.

Чаму ж, о Анёле, балюча быць можа

Ад шэпату кволага між безлічы моў?


Не сніцца Парыжу ні сад Люксембургскі,

Ні Руаяль, ні Сен-Жэрмэн…

Ён слухае моўчкі з слязою на вуснах

Аповеды з «Кнігі для спадарыні Эл».

***

А што такое жыццё,

Калі не хвалі,

Які гайдаюць

Нібы каралі

Лёс на вятрах і агні?


А што такое жыццё,

Калі не кросны,

Якія ткуць восень

Нібы нябёсы просінь

Ад самай вясны?


А што такое жыццё,

Калі не вагі,

Якія ўсе твае смагі

Хістаюць улева-управа

Выбарам адным.


А што такое жыццё,

Калі не спатканні,

Хістанні,

Ткацтвы,

Гайданні,

Ваганні

З мэтай адной —

Пазбегнуць растання?..

***

Адшумела, адгуляла, адпалала

Ты, душа, зняволеная сном.

Кропелькай слязы уноч растала,

Адцвіла язьмінам за вакном.


Маладосцю сінявокай звонкай

Адзвінела, адлунала, адышла.

На двары ліпнёвай вербы гронкай

Зачапілася за сполах сна,


У якім юнацкай непакорой,

Ты любіла, ты чакала, ты жыла…

А цяпер сталеннем верасовым

Адшумела, адгуляла, адышла…

***

Раніцай можна прачытаць

Гісторыю старажытнага

Учора…

***

Не астылі яшчэ паплавы

І ў паветры праменні гуляюць,

У пяшчоце блакітаў ставы

Спевы птушак апошніх гайдаюць…


Жоўтым лісцем красуе смуга, —

Няўлоўнай зімы набліжэнне.

Пожні хваляй цалуе рака

На спатканні апошнім нясмела.


Пракаветных дубоў галасы

Да нябёсаў імкнуць, нібы стрэлы.

Ім бы раз свае карані

Агарнуць у пухнатыя глебы…


Дыванамі самотных гаёў

Усцілаецца жоўтасць на чырвань,

Лета рэхам сцішэлых лясоў

Рысакоў сваіх ставіць на прывязь…

* * *

А ноч, прыснёная табой,

Хіба адно што вецер…

Каштуеш зоркавы напой —

Душа ляціць па свеце…


Дух спачывае на мяжы —

Салодкай мроі гукі…

Перакрыжуюцца нажы,

Як закаханых рукі…


Заззяе золатам рака,

Прысніш дзівосных птахаў…

І не ўстрымаць маладзіка,

Ад шчасця каб не плакаў.


…а ноч, прыснёная табой,

Засне на крылах ветру.

Чырвонай кропляй за табой

Душа ляціць планеты…

***

Там, дзе рачная хваля

Цалуе душаў пагляды,

І россыпам неба караляў

Азёры ў начы апранае,


Там, дзе вякуюць ляды,

Убраныя ў росныя травы,

І птах адзінокі кружляе

У плыні сонечнай лавы,


Там, дзе дыванамі пожні

У мяккасці крокі хаваюць

І мудрасцю даўняе прошчы

Абшары сабой атуляюць,


Там, дзе гаючай крыніцы

Шэпат празрыста-салодкі

І сінявокасць чарніцы

Глыбіннасць даруюць палёгкі,


Там, дзе вішнёвыя ранкі

Купаюцца ў спевах птушыных.

І на крылатых маланках

Мары лунаюць няспынна…


Там, дзе пакінуты годы,

І хаты ваўчкамі заняты.. —

Туды мы ўцякаем употай:

Адзінай істотнае страты…

***

па дарозе самоты

на узлогах журбы

ўсё што ёсць не істотна

што істотна не мы


па дарозе да скрухі

на абшарах любві

заблукалыя рухі

нам вяртаюцца ў сны.

***

За імгненнем бяжыць імгненне,

Нібы кадры нямога кіно.

Вечнасць грае ў тэатры стварэння,

Нараджаючы цень і святло.


За хвілінай мінае хвіліна,

Быццам сэрца біццё без душы.

Зоркі стынуць адвеку няспынна

У прасторы касмічнай імшы.


За гадзінай сплывае гадзіна,

Нібы хвалі бурлівай ракі.

Сустракаецца маці з сынам

Паміж часам у снах на Дзяды…


За гадамі імкнуцца стагоддзі,

Рысакамі імклівызх падзей.

У імгненнях народжаных богі

Стынуць зоркамі ў бляску вачэй.

***

Пакрысе ападае лістота,

Пад нагамі — пажоўклае лета…

Час ад часу прымроіцца мора,

Нібы з іншага, дзіўнага, свету…


Час ад часу душа ўскалыхнецца

І паймкнецца да сонца чужога.

Нібы сон, ты за ёю, здаецца,

Пралятаеш бясконцасць прасторы.


У трымценні ўяўялення жывога,

У аблоках, паветры, міжчассі…

Пірэнэйскаю поўнішся воляй,

І глытком каталонскага шчасця.


Там, дзе пальмы, пакінута нешта,

Там, дзе цыпрыс, вякуе усмешка…

Ад пачуццяў па восені рэшта

Застанецца, як пані Франчэска,


Застанецца, каб, мабыць, употай

Павясці за сабой ў далягляды,

Праз залевы, віхуры, праз слоту,

Праз пустэльні, гаі і праз ляды.


І, калі ачуняеш, прачнешся —

Незнарок успаміны ўзгайдаеш,

Краявід жоўтаскуры прал’ецца

Крыху горкай, прывезенай кавай…

Спатканне

Адчую сябе прыціснутым да краю непазбежнага твайго імя.

(Х. Картасар)


Калі ты падыдзеш, убраная ў вечнасць,

Калі пасміхнешся, як сонца між зор,

Схаваю і я сваю недарэчнасць

У торбу жаданняў збянтэжаных слоў.


Няхай і не блізка, няхай й недалёка,

Бурштынавых поглядаў л’ецца святло.

На пацерках часу струменіцца звонка

Усмешлівых дзён тваё хараство.


Калі ты адыдзеш, пакінуўшы вырай,

Калі азірнешся усмешкай багоў…

На мапе спаткання велікаю плямай

Свой роспіс пакінуць акорды ваўкоў…

Паэзіі святой душа

Я — абарваны пульс Зямлі,

Сляпога лёсу Падарожнік

У кожнай кропельцы крыві,

Пакінутай на Раздарожжы.


Я — полымя антычных строф,

Фартуны вечная забава.

Часцінка вокамгненных сноў,

Апранутая ў яву.


Я — некрануты боль лясоў,

Алоўка роспіс на паперы.

Смерць і жыццё ўсіх багоў

У свечках дагарэлых.


Я — цеплыня вясковых хат,

Лучыны цень далёкі.

Славянскіх песень зоркагляд

У чужаземных скоках…


Я — звон птушыных галасоў,

Крыніцы бег шчаслівы.

Лічыльнік несказаных слоў

У хораме магільным.


Я — Чалавек, Народ, Зямля,

Дзіця імклівай Думкі.

Паэзіі святой Душа

У праявах і малюнках…

* * *

Падманам поўніцца напой,

Напоем поўніцца падман.

Згадаеш шчырасці прыбой

І зноўку паляціш у зман.


Падманам поўніцца напой,

І сонца холадам імжыць,

Кранаеш сэрца моцай зор,

Але яно ўсё больш баліць.


Падманам поўніцца жыццё,

Напой разблытаны лухтой…

За поўняй праўды, як за сном,

Ты не дацягнешся рукой

Ваўчыная Поўня

Поўня бледнаскурая,

Поўня бледнатваря

Поўніць неба слёзамі,

Лёзамі халоднымі.

Паглядзі праз дахі

Змерзлага наўколля,

Паглядзі на гмахі

Снежаньскай няволі.

І пачуй як быццам

Воўчы сум замерзлы —

Воўкі — гэта богі,

Што згубілі ногі і

На лапах ў поўсці

Шчэраца ікласта,

Выскал тайны шчасця,

А, быць можа, праўды,

Той спрадвечнай, існай,

Нібы поўня ў небе,

Быццам хлеб карыснай,

І як смерць нязменнай.

Снегавых сцяжынаў

Ты прайшоў нямала,

Але ў небе поўня,

Як твая святая,

Як твая ліхая,

Як твая нямая,

Як твая сляпая,

Тая ж, тая ж, тая ж —

З бледнай скурай й

Тварам,

Са сяйвом слязлівым,

Праўду што хавае,

У вачах ваўчыных.

У крыві людское.

У агідных рухах

Змерзлага жывога.

Поўня бледнаскурая.

Поўня бледнатварая.

Штоноч зноў ты плачаш

Ў холадзе лядашчым….

Самота воўка

ваўчкі

ў маёй душы

нібыты вочы

воўка

палохаюць людзей,

і я, самотны зноўку,

брыду да іншых пасяленняў,

а можа, іншых вымярэнняў,

дзе воўкі замест зграяў

каханне з любай

выбіраюць…

* * *

На выпасе зоры пысамі

Дакрануліся да мяне.

Рэкі рэзалі снамі-арэхамі

Сэрца срэбнае мае.

Цішыня была добрая,

Часам модная і лагодная,

Калі вуснамі светла-спакуснымі

За душу ты кранула мяне…

* * *

У вачах тваіх —

Маё натхненне.

Заплюшчанае.

Берагіня

Ты такая прыгожая,

Нібы Берагіня

Ў фатэлі

З кубачкам кавы духмянай…

Тваіх валасоў кілімы

Бярэзінай альбо

Волмай

Змягчэламу сэрцу

Даюць

Прытулак.

Пах тваёй прыгажосці

Казыча

Жывіцай жаданні…

Адлегласць між намі —

Прывіды ды

Зданні

Тваіх сябровак-ахоўніц:

Вадзяніцы,

Каўкі,

Беражніцы

Светла-пяшчотным ценем

Душы

Нечыя грэюць…

Салодкім як грэх

Вуснаў алеем

Малюеш

Мой свет

Навакольны.

Пахне мне глеем

Далёкай

Бярэзіны або

Блізкае Волмы.

Сэрца нямее,

Дранцвее,

Буцвее.

Пад покрывам Поўні

У фатэлі

Дыяруш крозаў

Гартае

Вецер самоты…

Ты такая прыгожая —

Піша ў паветры

Дымок кавы

Філігранна,

Выкштацона,

Бязмоўна.

…прачынаешся.

У кватэры —

Пах глея

І жывіцы.

Стварэнне свету

Вішняй зімовае наспеў твой сон

І нібы птушка з далоняў

Успырхнуў у неба

Празрыстае як сон

Пра птушку і

Вішню і

І зіму.

Неснагавую зусім зіму.

Час ад часу слязлівую.

Прахалодную як труну ў

Прасторы трупярняў.

Безумоўна,

Ты адзіны там з жывых

(Ці табе так падаецца?)

Бо сон, вядома, надзейны падманнік і

Падменнік

Заменнік

Жыцця, у якім

Зімовай вішняй даспявае

Богам згубленае Слова.

***

Калі наўкола неспакой,

Бы дзідай сэрца працінае,

І слота косіць шыхты мрой —

Згадай свой край забраны.


Хоць і не забраны для цябе

Ардой ваўчыных згряў,

Хай шалам дзеяцца ў сяўбе,

Над нескароным — Краем.


Лютуюць прыхадняў сцягі —

Апрыкрыя Усходу знакі —

Твае ж не ўзяць ім берагі,

З бусламі не лятаць сабакам.


Руйнуюць храмы ўласных душ,

Няхай, народжаныя Хамам.

Твой сад спамінны з Княства Руж —

Не адчыніць ім яго брамы.


Як ні жадаць ім, не згібець

Ані табе, ані нашчадкам —

Датуль, пакуль у сэрцы днець

Пагоні Велічнае спадкі.

Д'ябал слухае цішыню…

І галосяць знічкі, па жывых галосяць, гэта люд крывіцкі

чорны ветах косіць.

Анатоль Сыс


Д'ябал слухае цішыню

Душ крывіцкіх збалелых.

Можа, пустка патрэбна яму

У вачах іх збялелых…


Выпівае анёл чарку сну

З бел-чырвонага куфля на небе.

Д'ябал шэпча ў хмелю яму:

Няма месца абодвум на глебе


Што ўзарана слязьмі і крывёй

Спакон веку яму падуладных…

Суразмоўца ў адказ цішынёй

Праслаўляе народ гэты ладны…


Праслаўляе мінулыя дні,

Што Пагоняй лунаюць у душах.

З тых часоў, калі Каралі

Баранілі крывіцкасць у Пушчах.


І калі не спакушаны Бог

Беларусь блаславіў вольным краем…

А ў 2010 з Раства Яго рок

Д'ябал душы ў краіне збірае…


Ды не бачыць ён пустку ў вачах,

І пакоры крывіцкай ня бачыць

Анёл шэпча: «Нячысты, твой страх

Зямлі гэтай свабоду пазначыць….


Д'ябал слухае цішыню

Душ крывіцкіх збалелых….

І здаецца, здаецца яму

Бляск вачэй іх у полымі веры…

Плошча

Адчуваю:

за мной са зброяй ідзе цень.

доўгі, насуплены, змрочны…

з цягам часу хаваецца ў Дзень,

нібы апошні бяглянак на Плошчы…


Ты адчуваеш:

боль — за табою бяжыць.

доўгі, апрануты ў форму вайскоўца.

адчуваеш:

сняжынка ў далонях трымціць

светам пакінутай Плошчы.


Што за грукат

насупраць будынкаў?

«Спаць!» —

загадалі сцямнёныя вочы вакон.

ціха паўзе самота ў натоўпе —

нязвыкла

нібыта ўваходзіць

Плошча у Скон.


Мы адчуваем

подых натоўпу ціха-

застылага.

ценю крысо, Змрок Болю, і

Ноч.

сэрца спявае слязьмі.

бел-чырвонымі крыламі шэпча

мароз:

з Плошчы кроч….

***

А.Э.

Там, дзе Малагу мора цалуе пяшчотна,

Там, дзе сонца паўднёвае ззяе як Бог,

Твае плечы у сне уздымаюцца вольна,

Пад прасцінай ласкавай, нібыта мурог.


Там, на вуліцах вузкіх, усмешных і ветлых,

Паміж небам далёкім і долам ў нагах,

Твае вусны варушацца ціха-нясмела

Быццам нечы спрабуючы вытрушчыць страх.


Там, дзе Лоркі гітара ўздыхае самотна,

А на плошчах Гранады фламенко жыве,

Твае вочы асветлены быццам паходняй

Што запалена сэрцам ліцьвінскім ў імгле.

***

а калі на гарышчы жніўня

вераснёвыя пожні заззяюць

таямнічым святлом сонцаліўня

барвай зжытага некалі траўня


у расхрыстаных душах наўкола

у вачох што стаміліся Поўняй

новым зыкам маланкавым мова

ўзнікне з мары тваёй маціцовай

***

Восень па-вар’яцку лютуе па-над намі:

Жоўтым лісцем сцеле прыбраныя дываны,

Гаманіць рачулкай, стомлена-халоднай,

І нябёсаў шэрасцю плача гэта восень.


Толькі ты ня чуеш, забыццём прачулы:

Пройдзеш крок у бок, сэрца не пачуе.

А наўкола свішча вецер нібы пугай

Цемра б’е няшчадна, ніб кат папругай.


Дождж вяроўкай слізкай абаўе наўкола:

І табе ад сонца не было нічога…

Бо лютуе восень, жоўта іклы шчэрыць —

Аняма тут свету, аняма тут веры…

Восеньская электрычка

Сесці ў човен і плысці ў нікуды, ніхто, ніадкуль

аж завершыцца эра і памяць растане на дне.

Час абраў нас. Абраў да апошніх лушпінаў. Пакуль

мы падымемся ў абсерваторыю, восень міне. (Айдас Марчэнас)


Вострыя, як відэльцы,

Слёзы кастрычніка

Ты малявала растаннем

Дрэваў і лісця.

Абапал калюжын,

У шэрасці сціслых,

З-за вокнаў няспешнай,

Як лёс, электрычцы.

І з кожным прыпынкам

Твой пэндзаль смялейша

Абрысы асенняй

Тугі вымалёўваў…

— Не, не, не турбуйцеся,

Ўсё нармалёва, ­

Вусны шапаталі

Камусьці з «тутэйшых»…

Таму, хто, як восень,

З пачуццяў пажоўклых

Скідаў да калюжынаў

Час і прастору…

Таму, хто наладзіў

З кастрычнікам змову

І параструшчыў

Цяпло долам глёўкім…


Вострыя, як нажніцы,

Хмары кастрычніка

Ты малявала

Спатканнем з няверай…

— Дзякую, дзякую,

Свет, пэўна, не белы, —

Словы расталі

Ў пустой электрычцы.

* * *

Агнём напоўніш мяне —

Агнём неспатольнага сонца.

Зруйнуеш на белай сцяне

Прысак самоты бясконцы.


Агнём разварушыш спакой —

Агнём забыцця жоўтай жарсці.

Планетаў далёкіх канвой

Нам не дазволіць упасці.


Агнём развярэдзіш душу —

Агнём пераплаўленых ранкаў.

Я крыж твой на сэрцы нашу

За ўсіх на свеце каханкаў.


Агнём распілуеш мяне —

Агнём пракаветнага дрэва.

І кожная частка — табе,

Агнём перапоўнена Ева…

***

Ядвабам аголеных ўночы адценняў

Лунаюцца мары ў празрыстаці зор…

Мільярды сусветных жаданняў-трымценняў

Ахутваюць ласкаю стомлены бор…


Прыціхласці рэха на стромых прасторах,

Бавоўнасці водару прагны глыток…

Скідай нерашуча, няўмела свой сорам —

І можа пачуе спакушаны Бог…


Як дыхае цень, што прачнуўся да скону,

Як коткаю крочыць смуга да ракі…

Як плача матыль у бяскрыллі палону,

Як дзіда ўваходзіць у вільгаць зямлі…


Перлінамі скарбніц дзівосных, таемных

Між нерушаў бору, між лядаў яго

Сустрэнуцца губы і вусны ўзмакрэлых

Цнатлівых юнацкіх, бы грэху віно…


На ростанях вечнасці, мнішкаю сціплай,

Ледзь-ледзь апранае світанак цяпло.

Мільярды пачуццяў па травах разліла

Ядвабам пяшчоты тумана крысо…

***

У прыцемках лета

Дагарае святло,

Нібы з песні паэта

Выцякае віно…

Пануе восень

Ты сыдзеш, мабыць, як прыйшла:

Туман, балоты, восень…

Прысніцца раз, другі вясна

Як між чарноцця просінь…

Ты знікнеш хутка між агнёў:

Блуканне, вецер, попел…

Свет перакуліцца і зноў

Звычайнай стане восень.

Ты развітаешся і… ўсё–

Цяпло, валошкі, сонца–

Як быццам больш і нічыё :

Вакол пануе восень…

Кроў ветру

Беражанка

Зранку

востракрыллем

Рэжа паветра

Кроў ветру

Сцякае

З пятага паверха

На павекі

Халоднага лета.

* * *

Стары і мудры воран

Заўсёды адзінотны.

Як вецер у няволі,

Вялікі і маркотны…


Як палкаводзец слынны,

Важак галоднай зграі…

Як Дух імклівай плыні,

Як цені на змярканні…


Ён чулы і сцішэлы,

Як лісце пасля віхры.

І голас памягчэлы

З жыццёвае палітры…


Стары і мудры воран

Ў чаканні заблукалы…

Наверсе — спевы зорак,

Унізе — цень расталы..

* * *

Ля помніка нябачнага нікому

Натоўп стаяў нікому невядомы.

Нікому непатрэбны і нязначны

Ля помніка нябачнага сабе самому…

***

Ты глядзіш стамлёнымі вачыма

На святло, якое не тваё…

Бачыш у сутонні, як Айчына

Вобцас ймкнецца да і па-за дно.


На жмуты малітвы разадраны,

Іх ня чуе той, хто вінен быць.

Нібы грэбляй, душы спрасаваны,

І няма куды ім болей плыць.


Цвеліць розум голая знявага:

Невідушчы як прарок народ

Сам сабе, сляпы, дае параду,

Як спакласці ўшэчнт свой род.


І тады, калі карчы ад дрэва

Спадкаемцы ўвозьмуць гадаваць,

Ты пабачыш нават скрозь залеву,

Што няма чаго ўжо ратаваць…

***

Першы снег.

Чалавек чорнай

Плямай выглядае

Між дрэваў..

***

Віна Румыніі глыток уночы,

Срабрыстай поўні ззянне-след…

З-за мора прывіды пакрочуць,

Каб атуліць магнолій свет…


Твая рука трымціць, бы лісце,

А позірк поўняй блаславён…

Яшчэ глыток… каб не даплысці…

Яшчэ мо крок… каб не праклён…


А золак жвава смокча цені,

Грамніцы рэдзенькай камлі…

Імчымся разам на арэлях,

Пакуль не злучым берагі…


Адной струной, адзіным мігам

Глыток румынскага віна…

Пачуеш сэрца грукат-скрыгат,

Як быццам бурыцца сцяна…


Знікаюць прывіды на хвалях,

Вось сонца твар наўскрай жытла…

Яшчэ глыток… і на каралях

Зайграе полымя святла…

***

Атруты выпіўшы глыток,

Схапіўся Ён за сэрца:

«Калі памру — няхай як воўк,

Які кахаўся з смерцю»…

***

Гонка імкнецца да новага года

Сцежка між памяці спаленых сноў.

Што адбылося — дабро ці нягода —

Паразрасталася часу быллём.


Хмары, аблокі, усмешкі, сустрэчы —

Пройдзена-зжыта — як мліва — даўно.

Ценем нязведаных далечы вежаў

Сумна ўсміхаецца лёсу шытво.


Толькі наперад няпэўна і квёла

Цягнецца ўсё ж за табой наўздагон

Ёлкай прысутнасцю страчанай долі

Бела-чырвонай надзеі палон…

* * *

На разгорнутай старонцы

Мімаходзь, імкліва, хутка

Захапляе ўладу стронцый,

Час згубіўся ў змрочных сутках.


Колер золата пагасне,

Адпачынак возьме лета.

Заквітнеюць лютым жарсці

І наноў памруць паэты.


На загорнутай старонцы

Мімаходзь, імкліва, жвава

Чорных армій ход бясконцы

Нам здаўна наканаваны.

* * *

Па-над ночкаю, па-над рэчкаю

Зоркі спрытныя, срэбрам абмытыя,

Цалавалі бярозкі белыя, вочкі смелыя,

Думкі збалелыя, сэрцы сшалелыя…

Па-над ночкаю, па-над рэчкаю

Зоркі спаймалі невадам мары,

Позіркі душаў, самотных на сушы,

Кранутых аднойчы цудамі ночы…

На прыпынку світанкаў

Падышлі да прыпнку світанкаў.

— Ці на «Мележу»? Ці на «Танку»?, —

Запытальна вочы блішчалі

Па-ліцьвінску прыгожай менчанкі.


— «Багдановіча»? Ці «Янкі Купалы»? —

Вусны хлопца ледзь ёй адказалі.

Ім абодвум было то замала

На прыпынку таемным світанкаў.


Між аблокаў і хмар-ваўкалакаў

Шляхта таньчыла з белых маланкаў.

— Ці на «Коласа»? «Пімена Панчанкі»?, —

Панна Нясвіжа і пане Каханку.

* * *

Цяпло твае пальцы даруюць няўмела…

Я ганаруся пачаткам такім —

Ты зберагла маю душу і цела,

Я не раздзьмуў красы тваёй дым.


Седзячы побач, на поўні грудастай,

Мы назіраем за сэрцам жыцця…

Ты пацалункам празрыстым і ясным

Хмары сагнала з постаці дня.


Яркія знічы квітнеюць вясёлкай…

Я ганаруся пачаткам такім —

Ты мне заззяла Максімавай зоркай,

Я расквітнеў Рамансам тваім…

***

Забінтуй ты мне ногі абдымкамі жарсці,

Заручы нашы вочы даўкай палёгкай,

Пацалункам шляхетнага ў росах світанка

Забінтуй маё сэрца чаканай аблогай.


Падары па аскепках свой цень небакрайны,

Распрані маю душу сунічным паглядам.

А пасля, калі пойдзеш, мой сон неахайны

Ты ўвазьмі за сабой… на ўсялякі… выпадак…

Цяжарнасць

Птушка-ноч распрастала крылы,

Зоркі-пёркі пападалі ў сны…

Пожняй стомленай поўня застыла

У адбітках на нырках вады…


Задухмянай задухі шыпшына

Калыхае мацункі любві…

Конік чорны хрупоніць няспынна

І пяшчоцяцца веццем сады…


Птушка-ноч прамільгнула і сплыла:

Росны водар абняў паплавы…

Золкам волкім пад сэрцам круціла

Патаўсцелай, цяжарнай зямлі…

***

калі лісце над крыжам пажоўкне

гэта будзе, напэўна, субота.

дзень калі ад сусвету ты вольны

і як восень — безабаронны

калі лісце над крыжам змярцвее

то надыйдуць, хутчэй, снегавеі.

дні, дзе холад дарэшты наспее

ў непрабудных абдымках Марфея.

калі лісця над крыжам ня будзе,

груганы завітаюць, не людзі,

да сірочай магілкі што ў смузе

лісцем цісне на вочы, на грудзі…

Да вытокаў

на схоне лета душа

да вытокаў вяртаецца

павольным узмахам

крыла

матыля

які ад нараджэння жыве

для агня

не больш за імгненне

дзідай трызнення

што скрозь брамы

ўяўлення

пранізае часу прасторы

пакуль у павуцінне

нябыту не згіне

нібы на страчанай векам карціне

водар язьміну…

вочы вусеня бачаць

час сваёй смерці

час сталення, калі выраслі дзеці

ды жадання апошняга мэты

матыльком праляцець

скрозь планету,

за душой палымнянаю лета

на акрайцы асадцы паэта

недзе там, дзе вытокі радкоў

ператвараюцца

з вусеняў

у матылькоў.

***

Апранулася восень у шалік лістоў,

у сукенку пажоўклага свету…

Капялюшык з халодна-гуллівых вятроў

Пасуе ёй, а мне так нясцерпна…


Нібы з лесу вярнуліся сны

пра герояў паўстання у Слуцку,

Быццам нас не знайшлі змагары,

Што жыццё аддалі у пакутах…


Апранулася восень у дождж,

Капялюшык крывёй набрынялы..

Побач з намі, вакол ды і ўздоўж

успамін пра Радзіму апалы…

Менчанка

Не Кракаў, не Варшава, не Залессе…

Гародня? Не… Не Беласток…

Вілейка мо? Ці Брэст? Палессе?

Ад Менску ўсё бярэ выток…


Не Вільні светач… Талін? Рыга?

Ці Прагі златай голас-звон?

Вясновай светлаю адлігай

На Менскі узыходзіш трон…


Адкуль? З чаго? Яны паўсталі,

Красой тваёй з’яднаны ў міг.

І Крэўным Знічам заблішчалі,

Як быццам Вечнасці уздых…


Ан не… І ўсё ж такі, канечне,

Радзімы светлае крыло

Варшаву, Кракаў і Залессе

Даруе мне сталічным сном.

Варажбіт

Сполахам роснага ранку

На тонях жыццёвага сну

Апусціцца чэрвенем з ганку

Цень, закаханы ў вясну.


Той цень, што насёння ссівелы,

Вядзьмак з прамінулых часоў,

Той цень, што пакінуў насенне

Пракляццю наступных гадоў.


Нібыта стары з барадою,

Бялюткаю цнотай святых,

Малітвай як быццам вадою

Змывае душы твой пухір.


Нябёсныя сёстры старога —

Агнёвыя зоркі ўначы, —

Бы Паркі ткуць лёс твой нанова

Ў старыцах сцішэлай душы.


Каб ранкам малочна-празрыстым

Згадаліся прашчураў дні

У чэрвеньскім ўбранні квяцістым

Слязой залатою вясны.

Перадсвітальнае

Знікае цемра спакваля,

Нібы ўздымаецца зямля

Пад спевы ў бэзе салаўя,

Ляціць да зорак нерухомых,

Празрыстых, чыстых, ёй знаёмых,

Якія свецяць матылям —

Табе і мне, сябрам, бацькам…

І вось трымаецца рука

За рог таго маладзіка,

Які люляў-спяваў нам сон,

Дзе залаты усмешны гном

Нас веў у панства аксіём:

Што ўсё-ўсё на свеце ёсць–

І добры эльф, і хцівы цмок.

А мы паверылі з табой,

Пацалаваныя вясной,

Што далягляд — наш вечны дзень…

Страчалі срэбраны прамень,

З Душы скідаючы камень

Цямнотаў ночы праз агмень

З дзяцінства светлых аксіём:

Ты — чараўніца, а я гном,

І пераможам мы той гром,

Што называюць людзі лёсам,

Бо лёс у нас — шаптанне сосен,

Бярозак светлых ціш увосень,

Блакіт глыбінны ўсіх нябёсаў,

Якія маем у Душы,

Што падарылі нам буслы,

Крылом сваім нас ахрысціўшы…


…«Бывай» аднойчы абраніўшы,

Парушыла ўвесь наш свет.

І цемра зноў паміж камет,

Нібы табой прайграны сэт,

Гумовым мячыкам нясецца,

Апошняй лічбай сэрца рвецца,

Душа сасмяглая смяецца,

Паразу болем не прыняўшы…

Аднойчы я цябе спаткаўшы,

Нібы як Зеўс, Еўропу скраўшы,

Ды падмануўся, бач ты, сам —

І ўсхваляваны Акіян

Ахутаў хваляй забыцця.

А цемра знікла спакваля,

Калі ўздымалася зямля

Пад спевы ў бэзе салаўя

І сон згарэлы матыля…

* * *

З далоні выпадае

Агеньчык —

Канае,

Усміхаецца…

Свет на тых падзяляецца

Хто

Шточас ці не

Нараджаецца

У кожным з такіх

Агеньчыкаў.

***

Дарога мяне вывела да пячоры,

Ля якой сыкалі пачварныя гады:

Так карціла схавацца ад палячага сонца.

Але перш трэба пацалаваць змяю.


***

Агонь з нябёсаў, сэрца, прымі,

Дашчэнту ў пакутах і смазе згары.

Жыццё несупынна і ўслед за табой

Нехта ідзе, мой сябра, зірні!

Зімовы дождж

Зімовы дождж — па шыбах слёзы…

На крушнях волкі ночы цень.

Твой шлях адсіверны мімозы

Ўсцілаюць зоркамі надзей…


Надзей няўцямных, кволых, стылых,

Нібы зімовы снежня дождж…

На ўскрайку лога чэзне-гіне

Жытнёвай веры памяць-смоўж.


Вандроўнік часу — дух прыгодаў

І той па ночы спруцянеў.

Зімовы дождж — праклён народаў,

Якіх няма…

ужо…

цяпер…

Завея глея

Глей, як алей, між дажджоў і завей.

Раз'юшаным ветрам

Нібыта сурвэткай

Свет атуляе, святло ахінае

Радзіму рачулак сваю пакідае.


Снегам прыветным у месяцы кветным

Красуе чароўна

Лунаючы ў чоўне

Вясна-паланянка, гуллівая панка,

Аздоблена часам увечары і ўранку.


А там у прыполлі стракатае волі

Нерушам веры

Як сцягам галеры

Паветрам духмяным красуюць аеры,

Узгадаваны завеяй і глеем.

***

Адхланнем неспатольнае вясны

Душа пялёсткам раскашуе,

На ўзлеску Белае Русі

Пан Бог ліцьвінам моц даруе.

І Страцім-Лебедзь паляціць

Пад перазвон Пагоні вольнай,

А сэрца полымем трымціць

нікім ніколі нескароным!

***

У завеі тваіх валасоў

Адыйду, забудуся, знікну…

І пад бой хмарных думак-часоў

Праплыву шэрым лебедзем дзікім.


У вачах твайго сэрца — туман,

У руках тваех пекных — жар-птушка.

Не шукай ў мяне слоў — то падман,

Ды жыццё без цябе — болю стужка.


У завеі тваіх валасоў

Сціхне вецер блукання паэтаў…

Адыйду, адбягу ў цемрадзь сноў,

Незавершаным кветам санетаў…

***

Між сузор’яў далёкіх сусветаў,

Між касмічных палеткаў душы —

Там, дзе цьмяцца абрысы паэтаў,

Там, дзе сняцца інакшыя сны, —

Напрадонні бязважкасцю сцяты,

У няіснай журбе маўкліні,

Прамінаюць змарнелыя святы

Зграяй даўніх часоў, бы з труны.

Там, Яе напаткаўшы між зданняў,

Там, пра сутнасць забылы сваю,

Гэта слова… (не! не! зноў падмане)

З вуснаў шалых сарваў, бы траву,

Што завецца жабер, дзедавіцай,

Што, як кажуць, зыначыць душу,

Злагадою буяе-іскрыцца,

Толькі ты не ўвойдзеш ў раку…

Між сзор’яў распаленых сненнем,

Між смарагдавых гоняў душы —

Там, вякуюць дзе ўсе пакаленні,

Там знянацку знайшоў Яе ты.

Душа

Знявечана адвечнаю вечнасцю

Ты лунала самотай між кроз.

Белым духам на сонцы скалечаным

Пераходзіла памяці мост.


На палетках палёгкаю ўлетку

Апускалася кволасцю сноў.

І знікаючы ў смутку ты рэштку

Пакідала агню кайданоў.


Пракаветнаю была адметнаю

Твая постаць з мінулых гадоў.

Перамогамі часу сагрэтая,

У абліччах Крыўі ваяроў.


У жвіры варажбіткаю жытняю

Неба жоўтасць пакінула днесь.

Песняй тонкай нібыта малітваю

Ты ахтувала край свой увесь.


Залюляляная лялькаю ўраніцу

Абуджалася захадам ТАМ,

Дзе паснулі нашчадкі без памяці —

Твае дзеці, Душа, і… твой скарб.

Іn mei memoriam facietis

На пяколцы ўспамінаў цянюткіх

Лапіць гонтамі памяць старанна

Страху часу, трантамі заткнутай,

Па-над варыўняй цішы падманнай.


Погляд звяглівы хіжым каршунам

Дападае да дыляў пачуццяў…

Мясаед пачынаецца хутка ­-

Раскушматаны гірсы у студнях…


Ля стадолаў вякоў беражніцы

Лоўж пачэзлай красы сабіраюць…

Толькі мне, Месяц Волкі, не спіцца?

Ці па мне вецер сумна спявае?


Там, за ўскрай небасхілу, паддашша

Назапашаных радасцяў часу

Там, не тут, некранутая паша

Тваіх мараў без следу гамашаў…

Тая хата

Тая хата была як маці —

Бесплатный фрагмент закончился.

Купите книгу, чтобы продолжить чтение.