12+
Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства

Бесплатный фрагмент - Апавяданьні паштовых марак пра Вялікае Княства

Объем: 200 бумажных стр.

Формат: epub, fb2, pdfRead, mobi

Подробнее

Незвычайнае акно ў Гісторыю

Для незаангажаванага чалавека паштовая марка-гэта маленькі кавалачак паперы, які служыць для выкананьня паштовай аплаты, а для філятэліста марка — гэта ня толькі прадмет для калекцыянаваньня, але крыніца ведаў. Маркі могуць ня толькі выклікаць цікаўнасьць, але быць нават мастацкімі цудамі.

Паштовыя маркі адлюстроўваюць ня толькі развіцьцё сістэм пісьмовай пошты за апошнія два стагодзьдзі, але яны таксама адлюстроўваюць увесь спэктр гісторыі, мастацтва і культуры, пачынаючы з пачатку нашай глябальнай цывілізацыі, погляды і стылістыку свайго часу.

Гэты маленькі кавалачак паперу — паштовая марка — ня толькі ўводзіць краіну ў каталёгі цэлага сьвету, робіць яе больш вядомай, але становіцца сымбалем трываласьці народу, сьведчаньнем яго існаваньня.

25 гадоў першай Беларускай паштовай марцы. Канвэрт пошты Беларусі, выдадзены ў 2017

У гэтых апавяданьнях маркі становяцца незвычайным вакном у гісторыю краіны, у якой мы жывем, запрашаюць нас паслухаць паданьні пра таямнічае і чароўнае Вялікае Княства… Яны раскажуць пра багатую, шматслаёвую, захапляльную Гісторыю праз займальныя, часта прыгожыя, а часам і эксцэнтрычныя знакі паштовай аплаты. У той жа час трэба ўлічыць, што паштовая марка не адлюстроўвае ўвесь спэктр жыцьця. Яе зьмест залежыць найперш ад дзяржаўнага ладу краіны, ад самасьвядомасьці яе грамадзян, бо праект маркі ствараецца чалавекам і друкуюць марку ў дзяржаўных выдавецтвах. Таму тут дадзена слова ня толькі Беларускім маркам, як было задумана, але і маркам іншых краін, якія апавядаюць пра Вялікае Княства, бо адпаведных Беларускіх мрак няма… Паштовыя маркі Беларусі маюць вельмі кароткую гісторыю і колькасьць выдадзеных паштовых марак малая, недастатковая, каб адлюстраваць усю гісторыю Вялікага Княства. У кнізе ёсьць апавяданьні пра малазначные падзеі і адсутнічаюць некаторые вельмі значныя, бо ўсё залежыць ад таго, ці былі гэтыя падзеі адлюстраваныя на паштовых марках ці не…

Яшчэ асаблівасьць гэтых апавяданьняў такая, што яны бясконцыя, бо Гісторыя Вялікага Княства жывая, папаўняецца новымі зьвесткамі, новымі адкрыцьцямі, новымі выданьнямі марак… І новыя маркі будуць апавядаць новыя гісторыі ці дапаўняць ужо расказаныя. І гэта будзе матэрыял для наступнай кнігі апавяданьняў паштовых марак…

Папараць-кветка Гісторыі Народу

Далёка тое, што ёсьць, і глыбока-глыбока: хто дастане яго?

(Эклезіяст 7:23)

Вялікае Княства… Вялікае Княства нарадзілася на нашай зямлі ў выніку многавекавога падарожжа нашых продкаў па пакручастаму шляху Гісторыі, дасягнула найвышэйшага росквіту, стаўшы ўзорам для іншых, заняпала і зьнікла, разадраная кіпцюрамі зайздросных і драпежных суседзяў. Але ня зьнікла бясьсьледна, на што разьлічвалі ворагі, а стала для сваіх нашчадкаў таямнічай папараць-кветкай Гісторыі Народу… І хто знаходзіць гэтую папараць-кветку, пачынае разумець мову сваіх продкаў, перад ім раскрываецца ўся прыгажосьць роднай зямлі і сэрца напаўняецца любоў да Радзімы…

Любоўю да Радзімы напісаны Палянэз Агінскага Ля-мінор…

Палянэз «Разьвітаньне з Радзімай». Блёк пошты Беніну, выдадзены ў 2015

У картушы надпіс на францускай мове: 250-годзьдзе з дня нараджэньня Міхала Клеафаса Агінскага, кампазытара, пісьменьніка і дыплямата (1765—1833). На полі блёку ўверсе слова POLONEZ, ніжэй — ноты і фрагмэнт Рацлавіцкай панарамы (Бітва пад Рацлавіцамі 4 красавіка 1794).

Словы да Палянэзу напісаў Сокалаў-Воюш. Там ёсьць такія радкі:

Сонца праменьне стужкай вузкай

Ператкала помны вечар.

Край бацькоўскі, край мой Беларускі,

Я табе кажу на разьвітаньне:

«Да спатканьня, да сустрэчы».

Постаць на ростанях краiны.

Ранiць думкi шлях абраны.

Прагне сэрца ў родныя мясьціны

I Радзiмы вобраз ажывае

Растрывожанаю ранай.

Волi прагнуць волi,

Воля сьвет i доля.

Бронi звон ды конi,

Конi — клiч «Пагонi».

Крочым з багны ночы,

З ночы шлях прарочы.

Зноў залунае наш штандар,

Палыхне ўначы пажар,

I паходнаю трубой

Зноў пакліча нас з табой

на мужны бой

Мая Радзiма

край адзіны.

Да яго з выгнаньня

Шлях вяртаньня шлях змаганьня.

Вясна. Зараджэньне, нараджэньне, дзяцінства, юнацтва (ад пачатку па XIV стагодзьдзе)

Спачатку былі… шляхі-дарогі

Шляx — тaкcaмa вялiкaя дapoгa, aлe мae знaчэньне бoлeй шыpoкae i ўжывaeццa ў caмым paзнacтaйным cэнce. Мoжa пpaлягaць нe тoлькi пa зямлi, a i пa вaдзe — вoдны шляx, нaвaт пa нeбe — Млeчны Шляx, шляx дa iншыx плянeт — зopны шляx. Ёcць яшчэ жыцьцёвы шляx, бaявы шляx, гicтapычны шляx, a тaкcaмa — шляx як нaпpaмaк дзeйнacьцi, cпocaб i cpoдaк, якiмi дacягaeццa мэтa. Васіль Вітка

Сонечны Падарунак з Глыбіні Стагодзьдзяў

Звычайна гісторыя краіны ў кнігах пачынаецца з датаў і падзеяў. Я пачну Гісторыю нашай краіны з сонечнага каменя — Сонечнага Падарунку з Глыбіні Стагодзьдзяў. Так называе бурштын старажытнарымскі вучоны Пліні Старэйшы ў сваёй «Натуральнай гісторыі» згодна з легендай аб тым, што бурштын нараджаецца з сонечных прамянёў. Пра бурштын існуе мноства легендаў у многіх народаў. Грэкі называлі бурштын электронам — па назве зоркі Электра з сям'і Плеяд ў Сузор'і Цяляці. У старажытных грэкаў бурштын выклікаў асаблівую цікавасьць сваёй здольнасьцю электрызацыі.

Самае раньняе пісьмовае ўпамінаньне пра бурштын — клінапіс на абеліску Х стагодзьдзя да Р.Х., які знаходзіцца ў Брытанскім музэі.

Бурштын — адзін з першых каштоўных камянёў, што здабывалі і выкарыстоўвалі як упрыгожваньне і як лекавы сродак нашы продкі яшчэ ў часы палеаліту (450—12 тыс. да Р.Х.).

Бурштын. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2009. Марка Латвіі, выдадзеная ў 2020

У легендах бурштын найчасьцей узгадваецца як сьлёзы ці то з нагоды гора, ці то з нагоды радасьці. Але насамрэч вучоныя кажуць, што бурштын — гэта сьлёзы дрэў у выглядзе смалы, што «плакалі» мільёны гадоў таму і якія застылі, утварыўшы сонечны камень.

Бурштын называлі золатам Поўначы, золатам Славянскім або золатам Прыбалтыкі за яго лекавыя ўласьцівасьці, за яго прыгажосьць і лёгкасьць у апрацоўцы і за легендарныя магічныя ўласьцівасьці. І з гэтай нагоды бурштын набыў яшчэ і уласьцівасьць тавару.

Бурштынавы шлях упершыню згадвае «бацька гісторыі» Герадот (484 — 425 да Р.Х.), хаця шлях дзейнічаў за тысячагодзьдзі да яго нараджэньня: вырабы з балтыйскага бурштыну былі знойдзены ў грабніцы Тутанхамона. Напрыканцы I тысячагодзьдзя да Р.Х. з пашырэньнем гегемоніі Рыма ў Міжземнамор’і найбольш важным стаў вываз бурштыну па Вісьле — Бурштынавы шлях, які меў адгалінаваньне на Заходні Буг, а з II стагодзьдзя да Р.Х. пралягаў гандлёвы Бурштынавы шлях або Вялікі сонечны шлях і па Дзьвіне і па Нёмне, аб чым піша Кулакоў Уладзімір у кнізе «Нёманскі Бурштынавы шлях у эпоху вікінгаў». Заходняя Дзьвіна была добра вядомая старажытным грэкам і рымлянам і называлася Эрыдан, Рубон, Дуна або Дзіна.

Бурштынавы шлях паводле Абрагама Артэліуcа з XVI стагодзьдзя. Блёк пошты Польшчы, выдадзены ў 1993

Гісторыкі выказваюць думку, што гэта Рымскі імпэратар Нэрон (37—68) -неўтаймаваны тыран і неабмежаваны марнатраўца — загадаў нейкаму свайму цэнтурыёну наладзіць пастаўкі бурштыну з Балтыкі ў Рым…

Камень з агнём у жылах

Бурштын і вырабы з бурштыну насельніцтва нашых земляў атрымоўвала з Прыбалтыкі ў абмен на крэмневыя прылады працы.

Першыя крэмневыя прылады працы. Марка пошты Джэрсі, выдадзеная ў 2010

Крэмневыя прылады працы ў вялікай колькасьці і высокай якасьці варабляліся, пачынаючы з ІІІ тысячагодзьдзя да Р.Х. у Краснасельскім комплексе (цяпер Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласьці) па здабычы і вырабу крэмневых вырабаў.

Крэмень. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2009

Па падліках археолягаў тут было выкапана да некалькі тысяч шахтаў. Шахты захаваліся да цяперашняга часу і ў пасёлку Краснасельскім створаны музэй пра жыцьцё нашых далёкіх продкаў. Ca здабытага з кожнай выпрацоўкі можна было змайстраваць да сотні сякер і іншых прылад. Яны ў асноўным прызначаліся для абмену.

Крэмневая шахта. Марка пошты Вялікабрытаніі, выдадзеная ў 2017

Бурштынавы скарб у сонечнае Міжземнамор'е перавозілі спачатку на лодках, а цягам стагодзьдзяў па нашым рэкам ужэ плылі гандлёвыя снеккары і кнорры, часам ваенныя суровыя драккары скандынаваў з галовамі цмокаў на носе карабля ды рымскія анерарыі, астаўляючы сьляды на шляху свайго падарожжа.

Драккар вікінгаў. Марка пошты Сьера Леонэ, выдадзеная ў 2019

Многа такіх «сьлядоў» засталося ў выглядзе манэт. Найбольш раньнія знаходкі належаць да часоў Аляксандра Македонскага і яго нашчадкаў. На Ашмяншчыне вядомая нават знаходка тэтрадрахмы Піліпа Другога — бацькі Аляксандра. Гэта срэбраная манэта, адбітая ў IV стагодзьдзі да Р. Х. Трапляецца і Пталямееўскі Егіпет ІІІ стагодзьдзя да Р.Х., а таксама манэты рэспубліканскага Рыму ІІ стагодзьдзя, яшчэ да Цэзара. Зрэдку — манэты грэцкіх калоніяў на Чорным моры: Ольвіі, Пантыкапею.

Тетрадрахм Піліпа Другога з галавой Зеўса. 359 — 336 да Р. Х. Марка пошты Грэцыі, выдадзеная ў 1956

Бурштынавы шлях заняпаў толькі ў сярэднявечча, калі зменшыўся попыт на бурштын і Прычэрнамор'е было захоплена мусульманскай Турцыяй. Але гандаль таварамі не прыпыняўся і на зьмену Бурштынаваму шляху прыйшоў Шлях «з варагаў у грэкі», які праіснаваў па XII стагодзьдьдзе. На тэрыторыю нашай краіны прыпадала важная частка гэтага шляху праз балтыйска-чарнаморскі водападзел, які трэба было пераадольваць па сушы. Караблі перацявалі, валаклі па напрамку, які злучаў Дзьвіну з Дняпром. Валокі бралі пад кантроль ураднікі, якія займаліся зборам «валочнага» падатку-мыта. У такіх месцах ўзьніклі першыя гарады і дзяржавы на нашых землях: Полацкае княства на Заходняй Дзьвіне, Смаленскае-на Дняпры і Тураўскае-на Прыпяці.

Старажытныя гандлёвыя шляхі. Счэпка «Шлях з варагаў у грэкі». Высадка скандынаўскіх маракоў. Славяне на баявой ладзьдзі. Сумесны выпуск Украіны і Эстоніі ў 2003

На верхняй марцы манэта дацкага караля Свэнда Эстрыдсена, а ў нізе маркі надпіс «Полоцьк». На ніжняй марцы срэбная манэта князя Уладзіміра Сьвятаслававіча.

Апісаньне маршруту ёсьць у «Аповесьці часовых гадоў» і ў творы бізантыйскага імпэратара Канстанціна VII Чырвонага «De administrando imperio» («Аб кіраваньні імпэрыяй»; складзена ў 943–953). Узьнік у канцы IX — пачатку X стагодзьдзяў, заняпаў у 1204, пасьля разбурэньня крыжакамі Канстантынопалю, у выніку чаго цэнтар сьветавога гандлю перамясьціўся ў Вэнэцыянскую рэспубліку, што вядзе да яе росквіту і страты Кіевам і Полацкам свайго стратэгічнага значэньня. Купцы, якія дабіраліся ў Канстантынопаль за 40—50 дзён, везьлі ў Бізантыю хлеб, рамёствы, срэбра ў манэтах, рабоў, футра, мёд, воск, а таксама тавары са Скандынавіі і Прыбалтыкі (зброю, бурштын). З поўдня па Дняпры везьлі віно, спэцыі, садавіну, дарагія тканіны, ювэлірныя вырабы, шкляны посуд. Дарэчы, нашы продкі пісалі і на васковых таблічках.

Байдак. Казацкая «Чайка». Маркі пошты Украіны, выдадзеныя ў 1999

Бізантыйскі імпэратар Канстанцін Багрянародны (905—959) расказвае: «Славяне, падуладныя Русі, імёны крывічы і лучаны, а іншыя славяне сякуць дрэвы на лодкі ў зімовы пэрыяд, апрацоўваюць іх, а калі надыходзіць час, калі растане лёд, апускаюць у бліжэйшыя азёры. І як толькі іх спускаюць у Дняпро, яны ідуць па гэтай рацэ, прыходзяць у Кіеў…».

Цікава, ці могуць маркі расказаць, што адбывалася вакол нас ў сьветавой гісторыі?

P.S. Падарожжа ў сьветавую гісторыю

Мэсапатамія — калыска чалавецтва

Ужо з пачатку 4 тысячагодзьдзя да Р.Х. на землях Мэсапатаміі (Міжрэчча) узьнікла калыска, асяродак найбольш старажытнай цывілізацыі. Культура Мэсапатаміі прынесла чалавецтву пісьменнасьць, заканадаўства, эпічную паэзію, кола… Тут у Мэсапатаміі магчыма быў райскі сад Эдэм, у якім жылі першыя створаныя Богам людзі Адам і Ева, а каля 1850—1750 гадоў перад нараджэньнем Хрыста, ці каля 4000 тысяч гадоў таму, жыў Біблейскі Абрам. Роднай мясьцінай Абрама быў Ур на паграніччы паміж сучаснымі Іракам і Кувэйтам на поўнач ад Пэрсідзкай затокі. Адлюстравана гэта месца на марцы Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, прысьвечанай Мэсапатамскай цывілізацыі, дзе кругам вылучаны Ур.

Мэсапатамская цывілізацыя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012

Мэсапатамская цывілізацыя праіснавала па 12 кастрычніка 539 да Р.Х., калі Пэрсідзкае войска захапіла Бабілён і настаў канец гісторыі Старажытнай Мэсапатаміі, як палітычна самастойнага рэгіёну.

Перад стваральнікамі падобных марак паўстала вельмі складанае заданьне, што адлюстраваць на марцы, каб найдасканалей перадаць сутнасьць цывілізацыі… Як у іх атрымалася, вырашайце самі.

Цывілізацыя фараонаў і пірамід

Старажытны Егіпет займаў тэрыторыю ў даліне і дэльце Нілу ў Паўночна-Усходняй Афрыцы. Праіснавала Эгіпецкая цывілізацыя з канца 4 тысячагодзьдзя да Р.Х. да 332 да Р.Х., калі Егіпет заваяваў Аляксандр Македонскі.

Эгіпецкая цывілізацыя. Блёк пошты Сан-Тамэ і Прынсіпі, выдадзены ў 2008 і блёк пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзены ў 2012

Культура Эгіпецкай цывілізацыі застаецца адной з самых загадкавых і таямнічых у сьвеце. У 1280 да Р. Х. Маісей выводзіць свой народ з Эгіпту і каля 1280—1240 атрымлівае Дзесяць Божых Запаведзей на гары Сінай.

У 1995 у рамках 100-годзьдзя кіно ў Танзаніі была апублікаваная сэрыя паштовых марак і блёк, які паказвае амэрыканскага акцёра Тэадора Робертса ў вобразе Майсея ў фільме «Дзесяць Запаведзяў», які дэманстраваўся ў 1923. Майсей назірае, як Бог піша Запаведзі на каменных плітах.

Дзесяць Запаведзяў. Кадар з фільму. Блёк пошты Танзаніі, выдадзены ў 1995

Краіна Арыяў

У наш час працягваюць сваё існаваньне дзьве старажытныя цывілізацыі — індыйская і кітайская. Індыйская цывілізацыя ўзьнікла прыблізна ў 3 тысячагодзьдзі да Р.Х. і разьвівалася ў даліне рэк Інд і Ганг. Ужо ў старажытнасьці аб Індыі ведалі як пра «краіну мудрацоў». Яе жыхары першымі ў сьвеце навучыліся вырошчваць рыс, бавоўнік, цукровы трысьнёг, першымі пачалі разводзіць хатнюю птушку. Індыя падаравала сьвету лічбы, вядомыя як «арабскія», таму што перайшлі праз пасярэдніцтва арабаў, дзесятковую сыстэму рахунку, а таксама такую вялікую гульню, як шахматы. Каставая сыстэма забясьпечвала захаваньне рэлігіі індуізму і на працягу стагодзьдзяў забясьпечвала стабільнасьць індыйскай цывілізацыі. Незвычайна важная асаблівасьць Індыйскай цывілізацыі — відавочная зьвернутасьць да Сусьвету і адначасова да ўнутранага сьвету чалавека, надзвычайную «прасякнутасьць» пачуцьцём каханьня…

На блёках адлюстравана Цывілізацыя даліны Інда, або Харапская цывілізацыя, названая ў гонар старажытнага горада Харапа, — цывілізацыя бронзавага веку, тэрыторыя якой распасьціралася вакол даліны ракі Інд (сучасны Пакістан і яго навакольлі) прыкладна з 2600 да Р.Х. да 1900 да Р.Х.- першы пэрыяд Індыйскай цывілізацыі.

Цывілізацыя даліны Інда, або Харапская цывілізацыя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012

Паднябесная цывілізацыя

Цывілізацыя ў Старажытным Кітаі склалася прыблізна на мяжы 3—2 тысячагодзьдзяў да Р.Х. і, захаваўшы пераемнасьць традыцый, адметных рыс духоўнай і матэрыяльнай культуры, працягвае існаваць у сучасны пэрыяд. Кітайскае грамадзтва сфарміравалася ў басэйне ракі Хуанхэ (Жоўтай ракі). Найстаражытнейшым знойдзеным формам кітайскага пісьма 1600 гадоў. Падчас праўленьня першага імпэратара ў III стагодзьдзі да нашай эры пачалося будаўніцтва Вялікай сьцяны (фартыфікацыйная сыстэма), якая праіснавала да 16 стагодзьдзя, асноўнай яе функцыяй была абарона дзяржавы ад набегаў іншых народаў. Кітайцы лічылі, што іх краіна знаходзіцца ў цэнтры сьвету. Улада імпэратара была рэлігійна санкцыянаваная, а яго называлі сынам неба.

Кітайская цывілізацыя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012

Прадаючы паперу, шоўк і фарфор, Кітай праславіўся на ўвесь старажытны сьвет. Для гандлю кітайцы выкарыстоўвалі Шаўковы шлях, заснаваны ў II стагодзьдзі да Р. Х. Найважнейшым філязофска — этычным вучэньнем, якое стала пануючай рэлігіяй у Старажытным Кітаі, было канфуцыянства, стваральнікам якога на мяжы VI і V стагодзьдзяў да Р.Х. быў мысьляр Канфуцый. Па глыбіні эстэтычнага і паэтычнага пранікненьня ў быцьцё прыроды Кітайская цывілізацыя, бадай, ня мае сабе роўных. Мае вялізныя дасягненьні ў навуцы і тэхніцы. Кнігі ў Кітаі пачалі друкаваць у ІІ стагодзьдзі, а ў Эўропе — у XV. Сучасны Кітай займае 1-е месца ў сьвеце паводле колькасьці насельніцтва (1,404 млрд) і па абсягу замежнага гандлю. Краіна характарызуецца і як патэнцыйная звышдзяржава.

Аснова Эўрапейскай культуры

Культура Старажытнай Грэцыі і старажытнага Рыму традыцыйна называецца «антычнай культурай», бо яна была самай старажытнай з усіх вядомых культур у Эўропе ў эпоху Адраджэньня (15—16 стагодзьдзі).

Легендарная гісторыя Старажытнагрэцкай цывілізацыі налічвае амаль 30 стагодзьдзяў, пачынаючы з раньняй Мінойскай цывілізацыі, якая ўзьнікла на Крыце 2800—1100 да Р.Х., заканчваючы Эліністычным пэрыядам (323—146 да Р.Х.), калі Грэцыя становіцца лёгкай здабычай для Рымлян, якія цалкам заваявалі дзяржаву ў 147—146 да Р.Х.

Эгейская цывілізацыя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012

Антычная Грэчаская культура стала асновай усёй Эўрапейскай культуры. Менавіта ў старажытнагрэчаскай культуры сфарміраваліся адносіны да чалавека як да «меры ўсяго існага», вышэйшай каштоўнасьці. Першы пераклад Бібліі Старога Запавету быў зроблены з габрэйскай мовы на грэчаскую. Гэты пераклад вядомы як Сэптуагінта (ад лацінскага «семдзесят», па легендзе пераклад выконвалі семдзесят вучоных) быў зроблены ў Эгіпце для казачнай Александрыйскай бібліятэкі.

Блёкі прысьвечаныя першаму пэрыяду Старажытнагрэцкай цывілізацыі — Эгейскай цывілізацыі бронзавага веку ў 3000—1000 да Р.Х. на астравах Эгейскага мора, Крыце, у мацерыковай Грэцыі і Малой Азіі (Анатолія).

Рымская цывілізацыя

«Наўрад ці знойдзецца чалавек, настолькі легкадумны і абыякавы да навакольнага жыцьця, які б не зацікавіўся пытаньнем аб тым, якімі сродкамі, якімі прыёмамі палітыкі рымляне ў прамежак меншы 53 гадоў перамаглі амаль усе краіны населенага сьвету і падпарадкавалі іх сваёй адзінай уладзе, — факт у гісторыі бяспрыкладны», — адзначаў старажытнагрэцкі гісторык Палібій і меў рацыю.

З невялікага паселішча на Тыбры за некалькі стагодзьдзяў вырас магутны горад, які затым пабудаваў магутную і велізарную імпэрыю.

Рымляне былі выдатнымі будаўнікамі і інжынэрамі. Яны вынайшлі бэтон, дзякуючы якому маглі ўзводзіць у сваіх гарадах велізарныя будынкі — храмы, тэрмы, амфітэатры або базылікі. Ваду з крыніц у бліжэйшых гарах прыносілі ў гарады каменныя аквэдукі. Рымскае права стала ўзорам ці правобразам прававых сыстэм многіх іншых дзяржаў.

Антычная Рымская цывілізацыя аказала надзвычайнае ўзьдзеяньне на культурнае разьвіцьцё чалавецтва. Праіснавала яна каля 12 стагодзьдзяў — прыблізна з 8 стагодзьдзя да Р.Х. да 476 па Р.Х., да заваяваньня варварамі. Старажытнарымская культура многае пераняла з культуры суседніх народаў, найбольш у Грэкаў. Галоўнымі ідэаламі Рымскай цывілізацыі былі патрыятызм, вернасьць грамадзянскаму абавязку, ушанаваньне багоў, павага да продкаў, выкананьне законаў, перакананьне ў богавыбранасьці рымскага народу і што Рым цэнтар сьвету.

Рымская цывілізацыя. Блёкі пошты Гвінэі-Бісаў, выдадзеныя ў 2003

За сотні гадоў да нараджэньня Хрыста ў Бібліі былі запісаныя словы прарокаў Ізраіля, якія прадказвалі Яго прышэсьце. У Старым Запавеце, які пісаўся многімі людзьмі на працягу 1500 гадоў, зьмешчана больш за 300 прароцтваў гэтай падзеі. Першае зь іх выказана з вуснаў Бога ў прысудзе зьмею. Гэта быў плян выратаваньня грэшнага чалавека і вяртаньня яму бесьсьмяротнасьці: «І варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе: яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту». (Быцьцё 3:15). Прароцтва збылося ў Рымскай імпэрыі. Калі Марыя была ўжо цяжарнай, выйшаў загад Рымскага кесара Аўгуста. Дзе хто не жыў, дзеля перапісу павінен прыйсьці ў тое месца, дзе жылі яго продкі. Язэп і Марыя паходзілі з роду цара Давіда, таму павінны былі ісьці ў Віфлеем. Пакуль цяжарная Марыя змагла дабрацца да месца, усе дамы былі запоўнены прыйшоўшымі людзьмі. Свабоднай была толькі пячора, куды заганялі авечак у час непагоды. Тут у пячоры, уся мэбля якой складалася зь ясьляў з саломай, нараджаецца Збаўца.

Слова становіцца целам і пасяляецца між намі, Бог становіцца чалавекам. Многа разоў у розныя спосабы Бог прамаўляў да чалавека. Цяпер прамовіў да нас праз Свайго Сына!

Божае Нараджэньне з алтара Бад-Вільдунгена. Конрад фон Зост (1370 — 1422). Марка пошты Парагваю, выдадзеная ў 1971

У 386 вучоны Еранім пасяліўся ў Віфлееме і пачаў перакладаць Біблію на лацінскую мову. Праз 23 гады ён закончыў працу. Вульгата ці «народная» вэрсія Бібліі Ераніма была адзінай Бібліяй да 1609, якой карысталася Рыма-каталіцкая царква.

Бізантыйская цывілізацыя

Бізантыйская цывілізацыя (Усходняя Рымская) паўстала не з Рымскай, ні ў якасьці яе адшчэпку, ні як супрацьлегласьць. Радавод яе на Ўсходзе і паходжаньне ў Эліністычнай цывілізацыі. Можна сустрэць нават меркаваньне, што яна проста працяг Эліністычнай, уціснутай у хрысьціянства. Бізантыйская цывілізацыя ўтварылася ў выніку распаду Рымскай імпэрыі ў 395 і праіснавала каля тысячы гадоў да заваяваньня сталіцы горада Канстантынопаля туркамі ў 1453. Назва цывілізацыі паходзіць ад назвы заснаванага грэчаскімі каляністамі месца Бізантыя, які пазьней быў названы ў гонар імпэратара Канстанціна Канстантынопалем. Бізантыйцы называлі сябе рамеямі (рымлянамі), а краіну Імпэрыяй рамеяў. У эпоху сярэдневякоўя Бізантыйская цывілізацыя адагравала разам з Кітайскай вядучую ролю ў сусьветным культурным разьвіцьці. Асновай Бізантыйскай культуры было хрысьціянства ўсходняга веравызнаньня.

Бізантыйская цывілізацыя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012

У 313 імпэратар Канстанцін выдаў Эдыкт (указ) аб наданьні хрысьціянам роўных правоў з усімі іншымі рэлігіямі, а ў 324 афіцыйна абвясьціў хрысьціянства дзяржаўнай рэлігіяй Рымскай імпэрыі. Дзень Божага Нараджэньня ад IV веку, часу ўстанаўленьня гэтага сьвята, стаў днём асабліва ўрачыстым у сьвеце хрысьціянскім.

Найбольш знакаміты помнік Бізантыйскай архітэктуры — храм Сьвятой Сафіі ў Канстантынопалі (532—537).

Заварожваючая цывілізацыя

Майя зьявіліся ў Мезаамерыцы каля 1200 да Р.Х. на тэрыторыі сучасных Мэксыкі, Гандурасу, Гватэмалы, Сальвадору. Да нашых дзён захаваліся рэшткі звыш ста гарадоў Майя. Прыблізна на мяжы Новай эры Майя стварылі герагліфічную пісьменнасьць. Народы Майя пакінулі пасьля сябе надзвычай багатую спадчыну ў выглядзе ўражлівых будаўнічых аб'ектаў і археалягічных артэфактаў. Найбольш вядомы Храм Сонца ў Паленке (другая палова 7 стагодзьдзя). Няма адзінай думкі, па якой прычыне зьнікла цывілізацыя Майя. Найчасьцей згадваюцца кліматычныя катастрофы і гішпанскія заваяваньні. Зьмярканьне гэтай цывілізацыі наступіла ў 1546 ад Р.Х. пасьля заваяваньня гішпанцамі паўночнай часткі паўвыспы Юкатан.

Цывілізацыя Майя. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012

Пасьля гэтага незалежнымі засталіся толькі майянскія царствы Петэнскага басэйна. У 1697 Марцін дэ Урсуа ўзяў штурмам сталіцу мая — Таясаль, апошні незалежны майянскі горад.

Цывілізацыя Ацтэкаў

Ацтэкамі называюць індзейскі народ цэнтральнай Мэксыкі, які здолеў стварыць адну з найбуйнейшых імпэрый у дакалюмбавай Амэрыцы. Яны прыбылі ў даліну Мэксыкі ў XIII стагодзьдзі і заснавалі там горад Тэначтытлан, які з часам стаў сталіцай. Цывілізацыя Ацтэкаў здолела стварыць велізарную імпэрыю, канец якой наступіў толькі з прыходам канкістадораў.

Ацтэкі былі вельмі паэтычным народам. Філязофскімі разважаньнямі аб прыгажосьці чалавечага жыцьця і каханьня насычаная народная паэзія ў жанры «песьняў — кветак». Разам з гэтым Ацтэкі прыносілі чалавечыя ахвяры сваім багам і менавіта ацтэкская цывілізацыя ўвайшла ў гісторыю як самая крывавая. Для мужчынскага насельніцтва школьная вучоба была абавязковым заняткам. Гэты народ распрацаваў зорную карту неба.

Паміж 1519 і 1524 гадамі Эрнан Картэс з атрадам у 500 салдат заваяваў і авалодаў тэрыторыяй дзяржавы ацтэкаў. Гэта яму ўдалося таму што, яго прынялі за бога Кецалькоатля, які вярнуўся. Кецалькоатль — богастваральнік Сусьвету, чалавека і культуры, уладар прыродных стыхій, заступнік жрацоў, ведаў і рамёстваў. У 1545 і 1576 гадах успыхнулі дзьве эпідэміі меркаванага тыфу, які прывёў да сьмерці 80% Ацтэкаў.

У цяперашні час, у выніку канкіста, ад вялікай імпэрыі ацтэкаў засталіся толькі руіны, але ў Мэксыцы да гэтага часу жывуць нашчадкі Ацтэкаў, якія гавораць на старажытнай мове наўатль.

Цывілізацыя Ацтэкаў. Блёкі пошты Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, выдадзеныя ў 2012

Цывілізацыя «Дзяцей Сонца»

Інкі каля сярэдзіны XII стагодзьдзя стварылі дзяржаву, якая называлася Тавантінсую — Дзяржава пчол, на тэрыторыі сучаснага Перу. Найбольшае разьвіцьцё імпэрыі адбылося пасьля 1438, калі ўладу атрымаў Інка Пачакуці. Заняпад адной з самых магутных дакалюмбавых цывілізацый адбыўся менш чым праз 100 гадоў.

Крэпасьць Саксайуамана ў Куска. Блёк пошты Мазамбіку, выдадзены ў 2010

На полі блёку горад Мачу-Пікчу — таямнічы горад інкаў, пабудаваны ў сярэдзіне XV стагодзьдзя. У 2007 годзе 100 мільёнаў чалавек прагаласавалі, каб уключыць Мачу-Пікчу ў сьпіс 7 новых цудаў сьвету.

Інкі лічылі сонца сваім галоўным бажаством. Кіраўнік у інкаў лічыўся увасабленьнем бога Сонца на зямлі, таму ўсё, да чаго ён дакранаўся, спальвалася. У сувязі з сонечным культам былі вельмі распаўсюджаныя розныя вырабы з золата. Сам тэрмін «Інка» паходзіць ад слова «Сонца», таму інкаў называюць «Дзеці Сонца». Інкі не ведалі пісьменства, таму не існуе запісаў пра іх культуру. Амаль усё, што вядома, зьяўляецца заслугай працы археолягаў. Жыхары імпэрыі, якіх на піку разьвіцьця было каля 12 млн, займаліся ў першую чаргу сельскай гаспадаркай. Яны вырошчвалі бульбу, кукурузу, бавоўну, коку ў вельмі складаных кліматычных умовах: высокія горы, джунглі, пустэчы. Таксама займаліся разьвядзеньнем жывёл — марскіх сьвінак, лам і альпака — від маленькіх вярблюдаў. Найбольшай павагай у грамадзтве карысталіся сьвятары, паэты і філёзафы. Інкі былі вельмі добрымі будаўнікамі. Галоўны храм Сонца ў сталіцы Куска ўпрыгожвалі залатыя і срэбныя пласьціны, а ў сьвяшчэнным садзе пры ім знаходзіліся зробленыя з золата і срэбра жывёлы і птушкі ў натуральную велічыню.

Падзеньне гэтай магутнай цывілізацыі было вынікам трох фактараў: уварваньня канкістадораў, эпідэміі воспы і грамадзянскай вайны. У 1533 гішпанцы занялі сталіцу імпэрыі горад Куска. У 1572 ад рук канкістадораў загінуў апошні правіцель інкаў. Самая магутная імпэрыя ў Амэрыцы перастала існаваць.

Узьнікненьне дзяржаўнасьці. Полацкая гісторыя

Гістарычная дата нараджэньня

Археалягіныя знаходкі пацьвярджаюць, што пасяленьне людзей на месцы Полацкага гарадзішча існавала ў VII стагодзьдзі да Р. Х. Датай жа першага ўпаміну Полацку можна лічыць 447 год. Пад гэтым годам ангельская беларусістка Вера Рыч выявіла ў скандынаўскіх сагах упамін пра аблогу Полацку гунамі Атылы: «І прыйшоў конунг Атыла з усім сваім войскам да горада, які завецца Полацкам (Pallteskiu у Сазе). Горад гэты так умацаваны, што яны не ведаюць, як яго ўзяць. Была там моцная каменная сьцяна, вялікія вежы і шырокія і глыбокія равы, а ў горадзе было вялікае войска для яго абароны, і тыя, хто ахоўваў горад, мала баяліся войска конунга Атылы».

900 років «Повісті минулих літ». Блёк пошты Украіны, выдадзены ў 2013

На марцы намаляваны Нестар Летапісец (аўтар Аповесьці) за працай, на палях блёку — падзеі, апісаныя ў Аповесьці.

У славянскіх летапісах упершыню Полацак згадваецца ў «Аповесьці мінулых часоў» пад 862 годам: «Пачаў Рурык раздаваць сваім людзям гарады: таму — Полацк, таму — Растоў, а таму — Белавозера».

Трагічны лёс Полацкага князя Рагвалода і яго дачкі Рагнеды

У «Аповесьці мінулых гадоў» яшчэ многа зьвестак зьмешчана пра Полацк і наступная пра нялюдзкую і трагічную падзею пра першага вядомага Полацкага князя Рагвалода і яго дачку Рагнеду, якая атрымала назву «Крывавае вясельле» Ўладзіміра з Рагнедай.

Рагвалод — князь Полацкі. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1993

Трывалы хаўрус з маладой Полацкай дзяржаваю быў выгадны як Ноўгараду, так і Кіеву. Шлюб быў добрай падставай для гэтага. Першым заслаў сватоў Кіеўскі князь Яраполк. Рагвалод аддаў сваю прыхільнасьць мацнейшаму, на ягоную думку, Кіеву. Па бацькавай волі дванаццацігадовая Рагнеда (у такім веку дзяўчынка ўжо лічылася тады нявестаю) дала Яраполкавым сватам згоду і пачала рыхтавацца да вясельля.

Рагнеда — князёўна Полацкая. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1993

І тут заявіліся сваты з Ноўгараду ад Уладзіміра. Вось што апавядае пра гэта летапіс: «Запытаўся ў дачкі Рагвалод: «Ці хочаш за Ўладзіміра?» Яна ж адказала: «Не хачу разуці рабыніча, а Яраполка хачу». «Не хачу разуці» — бо існаваў звычай, што маладая жонка перад першай шлюбнаю ноччу здымала з мужавых ног абутак. Аднак тут не проста адмова, але і зьнявага, бо Полацкая князёўна гучна абвясьціла: жаніх — сын рабыні, а такі бязродны ёй не трэба. Гэта паслужыла падставай для варварскага нападу войскаў Уладзіміра на Полацк, разбурэньня горада, забойства княжацкай сям’і Рагвалодаў, згвалтаваньня і паланеньня Рагнеды, якая ў выніку мусіла стаць жонкай Уладзіміра, Наўгародзкага, а потым Кіеўскага князя.

Князь Уладзімір Вялікі. Блёк пошты Украіны, выдадзены ў 2000

У 2000 годзе Белпошта выпусьціла сэрыю «Беларускі балет», аформленую мастаком Андрэем Гапіенка, якая складаецца з маркі і паштовага блёка. На блёку намаляваная сцэна з балету «Страсьці» («Рагнеда») Андрэя Мдывані, выкананая па фатаграфіі, на якой адлюстраваны акцёры Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру оперы і балету Рэспублікі Беларусь.

Страсьці Рагнеды. Беларускі балет. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2000

Рагнеда нарадзіла ад Уладзіміра сыноў Ізяслава, Яраслава (яго потым назавуць Мудрым), Мсьціслава і дачок Прадславу і Праміславу. «Аднаго разу, — сьведчыць летапіс, — калі Ўладзімір прыйшоў да яе і заснуў, яна наважылася зарэзаць яго. І надарылася яму ў тую хвілю прачнуцца, і схапіў ён яе за руку. І сказала яна з жалем: „Ты бацьку майго забіў і зямлю ягоную паланіў дзеля мяне, а цяпер не любіш мяне з гэтым дзіцем“. І загадаў ёй прыбрацца па-царску, як перад шлюбам, і сесьці ў хораме на белым ложы, а ён прыйдзе і заб'е яе. Яна па словах мужавых і зрабіла. І дала ў рукі сыну свайму Ізяславу аголены меч і навучыла: „Як зойдзе твой бацька, скажы яму: не думай, што ты адзін тут“. І ўчыніў так Ізяслаў. Уладзімір жа прамовіў: „А хто ведаў, што ты тут“. І апусьціў ён меч і, склікаўшы баяраў, расказаў ім усё. Яны ж парадзілі: „Не забівай яе дзеля гэтага дзіцяці, а аднаві яе бацькаўшчыну і дай ёй з сынам сваім“. І пабудаваў Уладзімір горад, аддаў яго ім і назваў горад гэты Ізяслаўлем. І з таго часу ўзьнімаюць меч Рагвалодавы ўнукі супраць унукаў Яраслававых».

На марцы, прысьвечанай Заслаўю, у левым ніжнім куце адлюстраваны помнік Ізяславу і Рагнедзе. Маленькі Ізяслаў мужна бароніць маці ад разьюшанага Ўладзіміра, засланяючы яе сабой.

Заслаўе. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2014

Марка насычана інфармацыяй. Фон левай часткі — гэта мініяцюры Радзівілаўскага летапісу: замах Рагнеды на Вялікага князя Кіеўскага Уладзіміра і Уладзімір хоча пакараць Рагнеду, але на яе абарону паўстае Ізяслаў. Фон правай часткі — старажытнае гарадзішча «Замэчак» з памятным крыжам. Паверх фонаў знаходзяцца відарысы: помнік Ізяславу і Рагнедзе, касьцёл Найсьвяцейшай Дзевы Марыі, Герб Заслаўя, Кальвінскі Збор і руіны Замкавай брамы з шыльдай.

Прамень хрысьціянства

Ізяслаў (980—1001), не гледзячы на кароткае жыцьцё, вельмі многа зрабіў для Полаччыны. Менавіта яго летапісцы называюць кніжнікам, бо ён увёў у Полацку пісьменства і навучаньне грамаце. Пячатка з ягоным імем лічыцца сама даўнім помнікам беларускага пісьменства і другім па часе ва ўсіх усходніх Славянаў. Пачынаючы зь яго, усе нашчадкі Рагвалода нязьменна называлі сябе Рагвалодавічамі. У 992 князь Ізяслаў заснаваў у Полацку эпархію (вялікую царкоўную акругу), чым засьведчыў самастойнасьць Полацкага княства. Рагнеда і Ізяслаў сталі першымі хрысьціянамі ў Полацкім княстве. З часам Рагнеда вырашыла прысьвяціць сябе Хрысту і стала першаю на ўсходнеславянскіх землях манашкаю, прыняўшы імя Анастасіі.

Асабістым знакам Ізяслава быў трызуб з крыжападобнай вяршыняй сярэдняга зубца. У сучаснай геральдыцы трызуб Ізяслава ўвасоблены ў гербе горада Заслаўя (Мінскі раён, Мінская вобласьць, Беларусь).

Герб Заслаўя. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2004

Існуе легенда, што Торвальд Вандроўнік (950, Ісьляндыя — 1002, Полацк, Беларусь) — легендарны хрысьціянскі місіянэр, падарожнік, чые паходы апісваюцца ў Ісьляндзкай «Сазе аб хрышчэньні», у 986 разам са сваім паплечнікам Стэўнірам Таргільсанам, рухаючыся праз Кенугард (Кіеў) па Непры (Дняпры), прыбыў у Полацк. Ім была пабудавана царква і адкрыты манастыр Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў Полацку, дзе Торвальд памёр, як мяркуецца, пасьля 1002. («Þorvaldr andaðist í Rússía, skammt frá Palteskju. Þar er hann grafinn í fjalli einu, at kirkju Jóhannis baptistæ, ok kalla þeir hann helgan». Торвальд памёр у Русі, непадалёк ад Палтэск'я. Там ён пахаваны ў адной гары, пры царкве Яна Прадцечы, і называюць яго Сьвятым).

25 верасьня 1992 года поштай Рэспублікі Беларусь быў выпушчаны марачны блёк і канвэрт першага дня (КПД) у гонар 1000-годзьдзя Полацкай эпархіі і Праваслаўнай царквы на Беларусі. Варта заўважыць, што падзел хрысьціянства або Вялікі раскол — распад да таго часу адзінай хрысьціянскай царквы на дзьве часткі адбыўся ў 1054.

На канвэрце малюнак пляну Полацку, складзены па карце 1579 сакратаром Стэфана Баторыя Станіславам Паховічам. На фоне пляну рэканструкцыя Полацкай Сафіі. На полі блёку фрэска з Спаса-Перамяненскай царквы «Сьвяты, які моліцца», і выява Спаса-Перамяненскай царквы. На марцы — Крыж Эўфрасіньні Полацкай.

Канвэрт першага дня з блёкам ў гонар 1000-годзьдзя Полацкай эпархіі, выдадзены ў 1992

Легендарны Усяслаў Чарадзей

Пасьля нечаканай і таямнічай сьмерці Ізяслава ў 1001 Полацкі пасад заняў трынаццацігадовы Брачыслаў Ізяславіч (990-я — 1044) — князь Полацкі (1001–1044), сын Ізяслава, унук Рагнеды. Яго княжаньне адзначылася бітвай на Судоме з родным дзядзькам Кіеўскім князем Яраславам, які атрымаў прозьвішча «Мудры». Вынікі бітвы супярэчліва перадаюцца ў летапісах, але Яраслаў прызнаў самастойнасьць Полацку. У Ісландзкай «Сазе пра Эймунда» распавядаецца, што конунг Эймунд, які ўдзельнічаў у бітве, захапіў у палон жонку Яраслава Інгегерду. У якасьці выкупу Полацк атрымаў у валоданьне Віцебск і Усьвят, атрымаўшы магчымасьць кантраляваць валокі. Фактычна гэта была перамога.

Яраслаў Мудры на блёку, выдадзеным поштай Украіны ў 1999

Існуе меркаваньне, што Брачыслаў заснаваў горад Браслаў, хоць археолягі лічаць, што Браслаў існаваў задоўга да гэтай даты.

Браслаў. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2002

Браслаў упершыню згадваецца пад 1065 у «Хроніцы» Мацея Стрыйкоўскага.

З 1001 да 1044 у Полацку валадарыў Брачыслаў, а пасьля ягонай сьмерці да 1101 найслаўнейшы з Полацкіх князёў сын Брачыслава Усяслаў, якога назвалі Чарадзеем.

Выкарыстаўшы мірныя часы, Усяслаў узводзіць храм Сьвятой Сафіі, каб аддаць пашану Богу і паказаць роўнасьць Полацку з Ноўгарадам і Кіевам. На малюнку канвэрта паказаны выгляд Сафіі ў тыя часы.

У Полацкай Сафii, пабудаванай у 1044 — 1066, увасобленая моц i ўплывовасьць Полацкага княства. Сабор Сьвятой Сафіі быў галоўным грамадзкім будынкам у горадзе. Шмат разоў перабудоўваўся i дайшоў да нас у выглядзе, набытым у ХVІІІ стагодзьдзі.

Усяслаў Чарадзей. Марачны канвэрт, выдадзены поштай Беларусі ў 2001

На паштовым блёку Рэспублікі Беларусь на левай марцы адлюстраваны сучасны выгляд Полацкай Сафіі. На полі блёку зьлева выгляд Полацкай Сафіі ў часы Усяслава Чарадзея; каменны абразок 12 стагодзьдзя з Сьвятымі Канстанцінам і Аленай, знойдзены археолягамі ў Полацку; плян Полацкай Сафіі.

Архітэктура Беларусі. Праваслаўныя храмы. У абарачэньні з 22 лютага 2012

Белпошта зьдзейсьніла некалькі выданьняў паштовых марак з выяваю Полацкай Сафіі. У тым ліку маляўнічы блёк, выдадзены ў 2016.

Сафійскі Сабор у Полацку. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2016

У 1065 мірнае жыцьцё закончылася. Князь з дружынаю зьдзейсьніў паходы на Пскоў і Ноўгарад, вёў шматлікія бітвы з Кіеўскім княствам. 3 сакавіка 1067 адбылася Бітва на Нямізе, адна з самых крывавых у нашай старажытнасьці. З гэтым зьвязана першае ўпамінаньне пра Менск, як пра горад Полацкага княства. Летапісны збор «Русь» і «Аповесьць мінулых гадоў» апавядаюць пра разгром горада падчас ваеннага паходу трох Кіеўскіх князёў Яраславічаў на землі Полацкага князя Усяслава і пра Бітву на рацэ Нямізе паміж Кіеўскімі і Полацкімі дружынамі.

3 сакавіка 2017 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусьціла ў абарачэньне паштовы блёк «950 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінаньня Менску». У аснове маркі — мініяцюра Радзівілаўскага летапісу «Бітва на рацэ Нямізе». У аснове спэцштэмпэля — пячатка першага Менскага князя Глеба Усяславіча.

Нямігская бітва глыбока ўразіла не толькі сваіх суайчыньнікаў. Рэха яе праз 120 гадоў адбілася ў «Слове пра паход Ігараў» вобразам жудаснай крывавай малацьбы:

«На Нямізе голавы сьцелюць снапамі,

харалужнымі малоцяць цапамі,

жыцьцё кладуць на таку зьлюцела,

веюць галаву ад цела.

Нямігі крывавыя берагі

не збожжам былі засеяны зноў —

засеяны косьцьмі рускіх сыноў» (Пераклад Рыгора Барадуліна).

950 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінаньня Менску. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2017

Ілюстрацыяй да радкоў з «Слова пра паход Ігараў» добра адпавядае карціна Міхася Філіповіча «Бітва на Нямізе».

Бітва на Нямізе (1922). Міхась Філіповіч (1920—29). Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2002

Вераломна захоплены ў палон Усяслаў Чарадзей цудоўным чынам становіцца на чале Кіеўскага княства, але пакідае высокую пасаду і вяртаецца ў родны Полацк. Але і ў родным Полацку спакою князь не знайшоў. У тым жа годзе Ізяслаў прымусіў яго зьбегчы з гораду. Толькі ў 1071 вярнуў ён сваё княжаньне ў Полацку і зноў стаў гаспадаром Полаччыны. Кіеўскія князі не пакідалі і далей Усяслава Чарадзея ў спакоі, але сіл вярнуць Полацкія землі ў іх не хапала, а Усяслаў на Кіеўскі прастол не прэтэндаваў. Да самай сьмерці ўладарыў ён у родным княстве. Дзякуючы вайсковаму майстэрству і мудраму кіраўніцтву Ўсяслава з 1084 да самай яго сьмерці (1101) Полацкае княства існавала бяз войнаў. Доўгае, больш чым паўвекавое, валадарства гэтага князя было пэрыядам эканамічнага і палітычнага росквіту Полацкіх зямель. Акрамя сталіцы Полацкая зямля налічвала паўтара дзясятка гарадоў: Віцебск, Менск, Орша, Заслаўе, Барысаў… Улада Усяслава і яго наступнікаў, а ён пакінуў пасьля сябе 6 сыноў, пашырылася ад Ніжняга Падзьвіньня да Балтыйскага мора.

У сярэднявечнай гісторыі Ўсходняй Эўропы цяжка адшукаць больш велічную, загадкавую і таямнічую постаць, чым Полацкі князь Усяслаў Брачыславіч. Таму дата яго сьмерці зафіксавана ў «Слове (Песьні) пра паход Ігаравы»:

«У год 6609 (1101) памёр Усяслаў, князь Полацкі, месяца красавіка ў 14 дзень, у 9 гадзін дня ў сераду. Сумна стала на нашай зямлі. У гэты дзень яна разьвіталася з адным са сваіх лепшых сыноў». («В лето 6609 преставися Всеслав, Полоцкий князь, месяца априля, в 14 день, в 9 час дне, в среду»).

Сотню гадоў пазьней з захапленьнем пісаў аўтар «Слова пра паход Ігараў» пра Ўсяслава Чарадзея:

«Усяслаў-князь людзям чыніў суды.

радзіў князям гарады,

а сам уночы ваўком рыскаў,

З Кіева пасьпяваў да пеўняў да Тмутараканя,

Хорсу вялікаму шлях перацінаў.

Яму ў Полацку пазвоняць ютрань рана

ў званы сьвятое Сафіі.

а ён той звон чуе ў Кіеве.

Хоць і вешчую меў душу ў дзёрзкім целе,

Ды часта ад бедаў цярпеў ён».

(Пераклад Рыгора Барадуліна).

800-годзьдзе Слова пра паход Ігараў. Марка пошты СССР, выдадзеная ў1985

1 верасьня 2007 адбылося ўрачыстае адкрыцьцё першай коннай статуі ў Беларусі — помніка Усяславу Брачыслававічу (Чарадзею). Аўтары кампазыцыі — скульптары Аляксандр Прохараў, Сяргей Ігнацьеў, Леанід Мінкевіч і архітэктар Андрэй Сакалоў.

Скульптура ўяўляе сабой воіна на кані са скурай ваўка на сядле, а побач зь ім ляціць паляўнічы сокал. Гэтыя атрыбуты сымбалізуюць старажытную легенду пра тое, што Усяслаў Брачыслававіч мог пераўвасабляцца то ў ваўка, то ў сокала, то ў аленя. Адліты помнік з бронзы, а яго вышыня каля 3,5 мэтраў.

7 мая 2012 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусьціла ў абарачэньне канвэрт з арыгінальнай маркай «1150-годзьдзе першага летапіснага ўпамінаньня Полацку».

Канвэрт з арыгінальнай маркай «1150-годзьдзе першага летапіснага ўпамінаньня Полацку», выдадзены ў 2012

На марцы Крыжаўзьдвіжанскі Сабор Сьвятога-Эўфрасіньнеўскага манастыру. На канвэрце: помнікі Усяславу Чарадзею, Эўфрасіньні Полацкай, крывічам; герб гораду, выгляд Сафійскага Сабору ў XI стагодзьдзі, фрагмэнт гравюры сярэднявечнага Полацку.

Змаганьне з Кіеўскім княствам

Пасьля сьмерці Усяслава Чарадзея Полацкае княства было падзелена на шэраг удзельных княстваў. У шасьці зь іх княжылі сыны Усяслава, якія вялі паміж сабой барацьбу. Пасад у Полацку ачоліў старэйшы сын Чарадзея Барыс Рагвалод.

У 2002 Пошта Рэспублікі Беларусь выпусьціла ў абарачэньне марачны канвэрт «900 год. Барысаў». На марцы відарыс князя Барыса Усяславіча і год 1102, калі Полацкім князем быў заснаваны горад Барысаў. На полю маркі знаходзіцца малюнак Рагвалодавага каменя, які цяпер ляжыць ля Полацкай Сафіі. На камені каля шасьціканцовага крыжа высечаны словы: «ХС. Ніка. Гі (Госпадзі) помозі рабю своему Борісу».

«900 год. Барысаў». Марачны канвэрт пошты Беларусі, выдадзены ў 2002

Паступова на ролю лідэра на нашых землях пачало вылучацца Менскае княства. Менскі князь Глеб, паставіўшы мэту пашырэньня межаў сваіх зямель, уступае ў супрацьстаяньне з Кіеўскім князем Уладзімірам Манамахам.

Уладзімір Манамах (1053–1125). Блёк пошты Украіны, выдадзены ў 2003

Падчас паходу на нашы землі ў 1119 Манамах захапіў Менск. У выніку гэтага горад быў далучаны да Кіеўскіх уладаньняў ажно да сярэдзіны ХІІ — пачатку ХІІІ стагодзьдзяў. Глеб Усяславіч, трапіўшы ў палон, быў вывезены ў Кіеў, дзе ў палоне памёр.

Пасьля сьмерці Манамаха ў 1125 на Кіеўскі пасад заступіў старэйшы сын Мсьціслаў Уладзіміравіч (1076—1132). Змаганьне з Кіеўскім княствам працягвалася. Асабліва вызначыўся 1127 год, калі Кіеўскі князь з хаўрусьнікамі вялі наступ з чатырох бакоў. Палачане прызналі вяршэнства Кіева. Але гэты акт замірэньня і падпарадкаваньня так і не вырашыў дынастычных супярэчнасьцяў. Калі ў 1229 Мсьціслаў намерыўся выступіць супраць полаўцаў, то зьвярнуўся да палачанаў супольна выступіць у паход. Насуперак чаканага, Полацкія князі «з лаянкай» адмовіліся. У адказ пасьля пасьпяховага паходу супраць качэўнікаў, Мсьціслаў накіраваў на Полаччыну сваіх ваяроў. У гэты крытычны пэрыяд Полацкае веча не стала бараніць сваіх князёў і пагадзілася на мірнае вырашэньне канфлікту. Практычна ўвесь род Полацкіх князёў быў вывезены ў Кіеў, дзе адбыўся сымбалічны суд Рускіх князёў над Полацкімі Ізяславічамі. Паводле выраку, усе прадстаўнікі дынастыі разам з сем'ямі, былі сасланыя ў Бізантыю, дзе былі прызначаныя на службу ў войску.

Сьвятая Сафія. Марка пошты Турцыі, выдадзеная ў 2007

Пакараўшы Полацкіх князёў, Мсьціслаў атрымаў магчымасьць падпарадкаваць Полацкае княства. Але яго сьмерць у 1132 зноў зьмяніла палітычную сытуацыю на карысьць Полацку.

Сьвятло Эўфрасіньні

У гэтым жа 1101, калі памёр Усяслаў Чарадзей, у Полацкім княстве ў сям'і малодшага сына Усяслава Чарадзея Сьвятаслава-Георгія нарадзілася дзяўчынка, якой наканавана было стаць знакавай постацьцю для ўсяго сьвету. Праўда, гісторыкі падаюць розныя даты нараджэньня ўнучкі Чарадзея- і 1104, і 1110, і 1120… Дзяўчынку назвалі крывіцкім імем Прадслава. Калі ёй споўнілася дванаццаць гадоў і сталі сватацца жаніхі, Прадслава таемна ад бацькоў прыйшла ў манастыр і пад імем Эўфрасіньні прыняла пострыг, каб служыць Богу і свайму народу. І ўсё жыцьцё яна выконвала гэтую службу. Вымольвала ў Бога прабачэньне для яе народу, перапісвала Біблію, перакладала кнігі, адчыняла вучэльні, манастыры, храмы, вучыла дзетак… У «Жыціі…» апавядаецца, што ў сьне Эўфрасіньні зьявіўся Анёл, як і за руку прывёў яе ў прадмесьце Сяльцо і сказаў «Тут належыць быць табе». Эўфрасіньня перасялілася ў Сяльцо і заснавала ў ім жаночы Спаса-Эўфрасіньеўскі манастыр.

Тут па даручэньню Эўфрасіньні меркавана паміж 1152 і 1159 гадамі дойлід Іаан за трыццаць тыдняў будуе Спаса-Перамяненскую царкву, якую лічаць вяршыняй дойлідзтва Полаччыны. У кельлі гэтай царквы прайшла значная частка жыцьця Эўфрасіньні Полацкай і яе сястры.

Зьнешні выгляд храма не захаваўся. У 1833 яго перабудавалі да непазнавальнасьці. У 2015 годзе археолягі ўстанавілі, што храм у першапачатковым выглядзе быў значна большы. У свой час да яго былі прыбудаваны галерэі, а з боку ўваходу знаходзіўся крыты ганак — экзанартэкс.

Спаса-Эўфрасіньнеўскі Полацкі манастыр. Сучасны выгляд. Марка пошты Расеі, выдадзеная ў 2004

5 студзеня 2001 выйшаў у абарачэньне паштовы блёк «900 гадоў з дня нараджэньня Эўфрасіньні Полацкай».

Блёк «900 гадоў з дня нараджэньня Эўфрасіньні Полацкай», выдадзены поштай Беларусі ў 2001

На адкрытай старонцы словы з кнігі «Жыціе Эўфрасіньні Полацкай»: «Прыйдзіце ўсе, хто жыве ангельскім жыцьцём у пустэльнях…». Працяг гэтага сказу такі: «і ў гарах: старыя — адкінуўшы немач, маладыя — скачучы, быццам алені, — сыдзіцеся ўсе. Хачу бо даць вам трапэзу з такіх страваў, каб, паеўшы, узьвесялілі вы свае душы. Бо гэтая трапэза ад страваў нятленных — не тая, што дае асалоду гартані і чэрава насычае, але тая, што душу весяліць і розум умацоўвае на добрыя дзеі». «Жыціе Эўфрасіньні Полацкай» узьнікла ў канцы ХІІ ці ў першай палове ХІІІ стагодзьдзя і зьяўляецца асноўнай крыніцай зьвестак пра дзейнасьць і лёс славутай Полацкай асьветніцы, нябеснай заступніцы Беларусі. Аўтар Жыція невядомы. Справа ад партрэту Эўфрасіньні сучасны выгляд Спаса-Перамяненскай царквы.

Белпошта яшчэ двойчы прысьвяціла свае маркі Спаса-Перамяненскай царкве.

Спаса-Перамяненская царква на марках пошты Беларусі, выдадзеных у1992 і 2000

Храм расьпісаны ўнікальнымі фрэскамі, якія на 90 працэнтаў захаваліся. Усе роспісы выкананы ў тэхніцы па сырой вапнавай тынкоўцы, што забяспечыла захаванасць роспісу. Дзякуючы фрэскам вядомы першапачатковы выгляд царквы і верагодны партрэт Эўфрасіньні.

Пошта рэспублікі Беларусь у 2000 сумесна з поштамі Украіны і Расеі выпусьціла блёк «2000-годзьдзе Хрысьціянства». На адной з трох марак блёка (пасярэдзіне) знаходзіцца рэпрадукцыя дэталі фрэскі Спаса-Перамяненскай царквы Дэісус (Дээсіс або Дэізіс) Хрыстос у Велічы або Хрыстос Пантакратар на троне з кнігай.

2000-годзьдзе хрысьціянства. Блёк сумеснага выпуску поштаў Беларусі, Ураіны і Расеі ў 2000

У кастрычніку 2017 года поштай Рэспублікі Беларусь быў выпушчаны марачны блёк у гонар 1025-годзьдзя Полацкай эпархіі, які заняў 6-е месца на сусьветным конкурсе марак у Аўстрыі, а яго ўрачыстая прэзэнтацыя адбылася ў Сафійскім саборы ў Полацку. Блёк уключае тры маркі, на якіх намаляваны тры праваслаўныя храмы — Сафійскі сабор і Спаса-Перамяненская царква ў Полацку і Дабравешчанская царква ў Віцебску.

На полі блёку фрэскі з Спаса–Перамяненскай або Спаса-Эўфрасіньнеўскай царквы ў Полацку, узьведзенай у XII стагодзьдзі. У ніжнім левым куце Апосталы. Дэталь кампазыцыі Уваход Гасподні ў Іерусалім. Уверсе — Дэісус (Дээсіс або Дэізіс, Хрыстос у Велічы або Хрыстос Пантакратар на троне з кнігай і побач Дзева Марыя і Сьвяты Ян Хрысьціцель). Фрэска ў кельлі прападобнай Эўфрасіньні. Правы ніжні кут — Сьвятая Эўхарыстыя, Прычашчэньне хлебам (дэталь).

1025-годзьдзе Полацкай эпархіі. Блёк, выпушчаны поштай Рэспублікі Беларусь у 2017

Для Спаса-Перамяненскай царквы свайго манастыру Эўфрасіньня заказала ў полацкага ювэліра Лазара Богшы Крыж-каўчэг. Крыж быў створаны ў 1161 і стаў ня толькі прыкладам высокага ювэлірнага мастацтва, але сымбалям Сьвятасьці і Дзяржаўнасьці старажытнай Беларусі.

Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Першая паштовая марка Незалежнай Рэспублікі Беларусь, выпушчаная ў абарачэньне 20 сакавіка 1992

АЛягічна, што, калі пачала працаваць пошта Незалежнай Беларусі, першай выдадзенай маркай стала марка з выявай Крыжа Эўфрасіньні Полацкай..

Крыж Эўфрасіньні Полацкай зьяўляецца Крыжом-каўчэгам, бо ў падпісаных гнёздах Крыжа знаходзяцца найкаштоўнейшыя хрысьціянскія рэліквіі: кавалачак Крыжа, на якім быў расьпяты Хрыстос, з кроплямі крыві Ісуса і драбок каменю ад дамавіны Божай Маці.

Падчас знаходжаньня нашай краіны пад Расейскай акупацыяй у 1941 годзе, калі ішла Другая Сьветавая вайна, савецкімі ўладамі быў дадзены загад вывезьці Крыж з Беларусі. У выніку Крыж бясьсьледна зьнік. Да гэтага часу пошукі Крыжа не далі плёну. У 1992 кіраўнікі краін СНД падпісалі пагадненьне аб вяртаньні гістарычных каштоўнасьцяў дзяржавам іх паходжаньня. Гэта абудзіла надзею. Але Расея не прызнала гэтага пагадненьня, а ў 1997 Дзярждума Расеі прыняла Закон аб рэстытуцыях, які адмаўляе вяртаньне ўкрадзеных каштоўнасьцяў іх уладальнікам. Таму ў 1992 па ініцыятыве Згуртаваньня Беларусаў Сьвету (ЗБС) «Бацькаўшчына» прымаецца рашэньне аднавіць Сьвятыню, стварыць матэрыяльны вобраз.

Крыж Эўфрасіньні Полацкай. Наддрукоўка тэксту «адноўлены і асьвечаны ў верасьні 1997» і новага наміналу «3000» на марцы №1. У звароце з 8 сьнежная 1997

Крыж, узноўлены па вобразу і падабенству ўзьвіжальнага Крыжа Эўфрасіньні Полацкай мастаком — ювэлірам Міколам Кузьмічом, 6 сьнежня 1997 хросным ходам быў унесены на спрадвечнае месца Сьвятыні-у Спасаўскі храм.

«Сьвятыні сыходзяць, калі мы становімся нявартымі іх, і вяртаюцца, калі Душы імкнуцца да навяртаньня, сьвятла і волі…».

21 сакавіка 2011 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэньне два паштовыя блёкі і КПД «850-годзьдзе стварэньня Крыжа Эўфрасіньні Полацкай».

Уверсе блёку малюнак Эўфрасіньні Полацкай з Крыжам у правай руцэ і храмам Спаса — у левай.

850-годдзьдзе стварэньня Крыжа Эўфрасіньні Полацкай. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2011

Беларускі блёк «850-годзьдзе стварэньня крыжа Эўфрасіньні Полацкай» увайшоў у лік дзесяці лепшых марак сьвету на штогадовым міжнародным конкурсе «Вялікі прыз выставы WIPA».

Калі 8 ліпеня 1993 у Менску ў будынку Тэатра опэры і балету пачаў сваю працу Першы зьезд Беларусаў сьвету, то Белпошта адгукнулася на гэту падзею выданьнем паштовай маркі з відарысам эмблемы зьезду з стылізаванай фігурай Эўфрасіньні Полацкай. Акрамя маркі з эмблемай зьезду быў выдадзены канвэрт і картмаксімум з адпаведным штэмпэлем.

Картмаксімум, прысьвечаны Першаму зьезду Беларусаў Сьвету, выдадзены поштай Беларусі ў 1993

Пра дзейнасьць Эўфрасіньні Полацкай, пра яе заслугі перад нашай нацыяй і ўзьдзеяньне на нашы душы лепш, чым напісана ў «Жыціі Эўфрасіньні Полацкай», сказаць нельга: «Была яна дапамогай пакрыўджаным, суцяшэньнем смуткуючым, распранутым — адзеньнем, хворым — наведаньнем ці, проста кажучы, — для ўсіх была ўсім. Эўфрасіньня сэрца сваё паіла Божаю мудрасьцю. Эўфрасіньня — незьвядальны квет райскага саду. Эўфрасіньня — арол, што, лунаючы ў небе, праляцеў ад захаду і да ўсходу, як промень сонечны, прасьвятліў зямлю Полацкую».

Полацкае княства ўваходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага (1307)

На пачатку XIII стагодзьдзя ў Полацку і Літвы зьявіўся агульны вораг — крыжакі. Крыжакі заснавалі крэпасьць Рыгу (1201), чым перакрылі палачанам гандлёвы шлях да Скандынаўскіх краінаў. Адтуль пачалася экспансія крыжакоў у сфэру ўплыву Полацку. У 1208 крыжакі захапілі Кукенойс, у 1209 разрабавалі і спалілі Герцыке. Ніжняе Падзьвіньне перайшло да крыжакоў. У такіх умовах палачане ўсё часьцей выступалі супраць крыжакоў разам з літоўцамі. У 1262 Полацкае веча запрасіла на княжаньне Літоўскага князя Таўцівіла. Полацк уваходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага.

Вялікі Князь Літоўскі Віцень (1295—1316). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 2023

Датай уваходжаньня лічыцца 1307 год, калі ў Полацку пачаў княжыць брат Віценя Воін.

P.S.

Ваенны паход унука Чынгісхана Батыя на захад пачаўся ў 1235. Русь у першай палове трынаццатага стагодзьдзя не ўяўляла такой ваеннай сілы, як у папярэднія стагодзьдзя. Падзел, зьдзейсьнены Яраславам Мудрым у 1054 годзе, прывёў да поўнага палітычнага распаду рускіх зямель. Адсутнасьць адзінства значна ўскладняла сутыкненьне з пагрозай, якую прадстаўлялі манголы. Прайшоўшыся па Русі, спустошыўшы найбуйнейшыя цэнтры, манголы скрупулёзна зьбіралі зьвесткі аб Заходняй Эўропе: пра эканамічнае, палітычнае, сацыяльнае становішча Эўропы таго часу. Да эўрапейцаў жа даходзілі толькі чуткі пра манголаў, якія распавядаліся бежанцамі.

Заваяваньні манголаў. Блёк пошты Беніну, выдадзены ў 2018

У 1241 манголы захапілі Польшчу, Вэнгрыю. Затым манголы ўварваліся ў землі Букавіны, Малдавіі і Румыніі. Улетку 1241 года Субудай распрацоўваў пляны ўварваньня ў Італію, Аўстрыю і Германію. У канцы сьнежня перадавыя атрады манголаў перайшлі Юлійскіе Альпы і накіраваліся ў Паўночную Італію, а разьведчыкі падышлі па Дунайскай раўніне да Вены.

Правадыром усіх галоўных ваенных заваявальных заходніх паходаў мангола — татараў ва Усходнюю Эўропу быў унук заснавальніка Мангольскай імпэрыі Цемучына (Чынгісхана) хан Батый, заснавальнік велізарнай Залатой Арды, якая распасьціралася ад Іртышу да Дунаю са сталіцай у Сарай-Бату на ўсходнім беразе Волгі.

Хан Батый. Блёк пошты Манголіі, выдадзены ў 2013

Раптам з сталіцы Вялікай Мангольскай імпэрыі з далёкага Каракаруму да Бату-хана прыбыў ганец і прынёс вестку пра тое, што памёр сын і пераемнік Чынгісхана Угэдэй. Закон абвяшчаў, што пасьля сьмерці кіраўніка ўсе нашчадкі роду, дзе б яны ні знаходзіліся, павінны вярнуцца ў Манголію і прыняць удзел у выбарах новага хана. Так, у ваколіцах да сьмерці перапалоханых Вэнэцыі і Вены мангольскія тумены вымушаныя былі разгарнуцца і рушыць назад у Каракарум. Сьмерць Угедэя выратавала Эўропу. Ды перад сіламі манголаў першапачаткова была пастаўлена задача правесьці выведвальны паход (падобна паходу на Русь 1223), а канчатковае заваяваньне меркавалася ажыцьцявіць пазьней.

Тураўскае княства

Паўднёвы камень нашай дзяржаўнасьці

Тры пранароднасьці — продкі сучасных Беларусаў крывічы, дрыгавічы і радзімічы заснавалі першыя дзяржаўныя ўтварэньні, якія лічацца Беларускімі: Полацкае княства крывічаў, Тураўскае княства дрыгавічоў і Смаленскае княства крывічаў. Радзімічам гэтага зрабіць не ўдалося, бо яны ўвайшлі ў склад Чарнігаўскага (украінскага) княства. Тураўскае і Смаленскае княствы з 10 па 12 стагодзьдзі трапілі ў залежнасьць ад Кіеўскіх князёў. З сярэдзіны ХІІ стагодзьдзя Тураўскае княства становіцца самастойнай зямлёй-дзяржавай. Пры князю Гедыміну Турава-Пінская зямля ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). І Тураўскае і Смаленскае княствы таксама наша спадчына. Ці паштовыя маркі могуць нешта паведаміць пра іх?

Тураў — сталіца княства ўпершыню ўзгаданы ў «Аповесьці мінулых гадоў»: «А Рагвалод прыйшоў калісь з-за мора, і меў уладу сваю ў Полацку, а Туры — у Тураве, ад яго ж і тураўцы празваліся». Да 980 Тураўскае княства яшчэ было самастойным. У яго склад уваходзілі вядомыя па летапісах гарады Пінск, Берасьце, Слуцк, Клецк, Чартарыйск і Дубровіца. У 1005 у Тураве была заснавана эпіскапская катэдра. Аб адкрыцьці катэдры паведамляецца ў артыкуле (Устаўной грамаце), якая зьмяшчаецца ў Кіеўскім Патэрыку 17 стагодзьдзя рэдакцыі архімандрыта Язэпа Трызны пад назвай «Тураўскай эпіскапіі запавет блажэннага Уладзіміра». Сярод гарадоў, якія першапачаткова ўваходзілі ў межы Тураўскай эпархіі, называюцца: Пінск, Берасьце, Гародня, Ваўкавыск, Зьдзітаў, Навагародак, Слуцк…

Але маркі нам апавядаюць толькі пра Кірыла Тураўскага (1110—1182). Менавіта вяршыняй культурнай спадчыны Тураўскай зямлі зьяўляецца шматграннае творчасьць гэтага вялікага кніжніка, паэта і прамоўцы, выбітнага царкоўнага дзеяча, рэлігійнага асьветніка, набожнага прапаведніка, які заслужана названы «Златоустом, просиявшим паче всех на Руси».

Кірыла Тураўскі. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1996

Творы вялікага мысьляра на працягу стагодзьдзяў перапісваліся, уваходзілі ў склад розных зборнікаў і дзякуючы разьвіцьцю кнігадрукаваньня сталі шырока распаўсюджвацца па ўсёй Эўропе ў другой палове XVI стагодзьдзя. Прапаведнік быў дарадцам і настаўнікам многіх выбітных людзей свайго часу. У 1984 годзе выбітны асьветнік, філёзаф, мысьляр быў прылічаны да Сабору Беларускіх Сьвятых і дзень яго памяці адзначаецца штогод 11 траўня.

11 траўня 2013 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў зварот паштовы блёк «Выдатныя асобы Беларусі. Кірыл Тураўскі».

Канвэрт першага дня з блёкам «Выдатныя асобы Беларусі. Кірыл Тураўскі», выдадзены поштай Беларусі ў 2013

На канвэрце: Сьпіс «Слова на Ушэсьце Гасподняе» Кірылы Тураўскага XIII стагодзьдзя, Паўсядзённыя малітвы Кірылы Тураўскага (Вільня, 1596), старонкі з кнігі «Штодзённыя малітвы» з малітвай Кірыла Тураўскага (пачатак XVII стагодзьдзя).

Да 1000 годзьзя Тураўскай эпархіі Белпошта прымеркавала марку. На марцы помнік Кірылу Тураўскаму. Сямімэтровы помнік (Аўтары — скульптар Міхаіл Інькоў, архітэктар — Мікалай Лук'янчык) усталяваны ў 1993 у Тураве. Яго магутны сылюэт, у аснове якога — Крыж бізантыйскай формы, здалёку праглядаецца пры пад'езьдзе да Замкавай гары.

Картмаксімум «1000 год Тураўскай эпархіі». На марцы помнік Кірылу Тураўскаму. Марка выдадзена ў 2005. На паштоўцы карціна Аляксея Марачкіна «Кірыла Тураўскі» (1987)

Помнікі Кірылу Тураўскаму пастаўленыя ў Гомлі, Тураве, Менску. Цэрквы Сьвятога Кірылы Тураўскага знаходзяцца ў Лёндане, Таронта і Нью-Ёрку.

У 2004 Тураў прымаў гасьцей на Дзень Беларускага пісьменства. Белпошта да гэтай даты выпусьціла марачны канвэрт.

Дзень Беларускага пісьменства. Тураў. Канвэрт пошты Беларусі, выдадзены ў 2004

На марцы выгляд прыстані старога Турава на рацэ Прыпяць у XIX стагодзьдзі. На канвэрце: партрэт Кірылы Тураўскага і выява Тураўскага Эвангельля на фоне горада Турава ў XIІ стагодзьдзі.

Амаль нічога не раскажуць маркі пра Смаленскае княства…

Нічога не раскажуць маркі пра Смаленскае княства, бо такіх марак няма… Смаленск належыць Расеі і, ня гледзячы на багатую гісторыю, у філятэліі Расеі гэта гісторыя не адлюстраваная. У ХІІІ стагодзьдзі ў складзе Смаленскага княства знаходзіліся такія месцы сучаснай Беларусі, як Амсьціслаў, Ворша, Копысь, Крычаў і Прапойск. Смаленск — старажытны горад крывічоў і сталіца адной зь першых дзяржаваў на этнічнай тэрыторыі Беларусаў, Магдэбурскае места і цэнтар гістарычнага рэгіёну, першая сталіца Беларускай ССР (1–5 студзеня 1919).

1150 гадоў г. Смаленску. Марка пошты Расеі, выдадзеная ў 2013

На марцы намаляваная Смаленская крапасная сьцяна (1595—1602) і герб Смаленску. На палях паштовага блёка — кампазыцыя, якая ілюструе асобныя пэрыяды гісторыі Смаленску: залажэньне горада і фрагмэнт драўлянай сьцяны; Смаленская бітва вайны 1812 года і сьцяг пяхотнай дывізіі Невяроўскага; Смаленская бітва 1941 года і сьцяг 630 палку 107 стралковай дывізіі; дзяржаўны сьцяг Расейскай Фэдэрацыі і сьвяточнае шэсьце.

Да нашага часу тут захаваліся цэрквы Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла на Гарадзянцы, Яна Багаслова на Варажках і Сьвірская Сьвятога Міхала Арханёла, помнікі архітэктуры XII ст. з рысамі Полацкай і Смаленскай школаў дойлідзтва, Прачысьценская саборная царква з элемэнтамі магілёўскага барока і некалькі цэркваў XVII–XIX стагодзьдзяў, магутная фартэцыя з Каралеўскім бастыёнам і палац уніяцкага япіскапа, помнікі архітэктуры XVI–XVII стагодзьдзяў.

Смаленск. Агульны выгляд. Картмаксімум пошты Расеі, выдадзены ў 1909

На картмаксімуме вылучаецца Сабор Успеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы — катэдральны шасьціслупавы сабор Смаленскай эпархіі Рускай праваслаўнай царквы. Знаходзіцца ў цэнтральнай частцы горада Смаленску на Саборнай гары. Збудаваны на мяжы XVII і XVIII стагодзьдзяў у памяць аб абароне Смаленску ў 1609–1611 на месцы сабору XII стагодзьдзя ў стылі кіеўскага бароку.

Умелі будаваць, чытаць і пісаць

У 12 стагодзьдзі ў Заходняй Русі назіралася асабліва інтэнсіўнае будаўніцтва праваслаўных храмаў. У Полацку ў паказаны час было ўзьведзена не менш 10-ці манумэнтальных каменных цэркваў. У Гародні — 3 храмы. Царкоўнае каменнае дойлідзтва разьвівалася ў Тураве, Менску, Віцебску, Наваградку, Ваўкавыску. У многіх паселішчах узводзіліся драўляныя цэрквы. З таго часу да нашых дзён уцалелі храмы: Спаса-Перамяненскі ў Полацку, Сьвятых Барыса і Глеба (Калёскі) у Гародні, Благавешчаньня Прасьвятой Багародзіцы ў Віцебску.

Барысаглебская Калоская царква. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1992

Гароднянская паэтка Данута Бічэль так напісала пра Каложу:

Цудны Каложы снапок:

Кветка і Крыж,

Цуд гэты звыш,

Цуд гэты вытварыў Бог,

Так чалавек

Бы ня змог…

У горадзе Камянец Брэсцкай вобласьці знаходзіцца ўнікальны помнік архітэктуры і абарончага дойлідзтва другой палавіны XIII стагодзьдзя — непераможная Камянецкая вежа. Непераможная, бо яе ні разу не захапіў вораг.

Камянецкая вежа. 12—13 стагодзьдзі. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1992

Згодна з летапісамі, Камянецкая вежа ўзьведзена паміж 1276 і 1288 гадамі. Па загаду Галіцка-Валынскага князя Уладзіміра Васількавіча дойлід Алекса знайшоў месца, дзе ў хуткім часе зьявіліся горад з драўляным замкам і пяціярусная Вежа, вышынёй амаль 30 м, дыямэтрам 13,6 м і таўшчынёй сьцен 2,5 м.

Утварэньне княстваў, усталяваньне княжацкай улады, разьвіцьцё гаспадаркі і, асабліва, прыняцьце хрысьціянства выклікалі патрэбу ў ведах і пісьменнасьці. На нашых землях для рэлігійных патрэбаў асвойвацца Кірылічная азбука, складзеная ў 863 Кірылам і Мяфодзіем.

24 мая 2013 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпускае ў абарачэньне паштовы блёк «1150-годдзе славянскай азбукі Сьвятых братоў Кірыла і Мяфодзія».

«1150-годдзьдзе славянскай азбукі Сьвятых братоў Кірыла і Мяфодзія». Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2013

Адным з самых старажытных сьведчаньняў засваеньня кірылічнага пісьма крывічамі лічыцца надпіс «ГОРОУХША» на керамічным посудзе першай паловы 10 стагодзьдзя. Аб наяўнасьці пісьменнасьці сьведчаць надпісы на Барысавых камянях, знойдзеных у рэчышчы Заходняй Дзьвіны, надпіс на Рагвалодавым камяні каля Оршы. Мэталічныя пісалы для пісаньня на навошчаных дошчачках знойдзены ў Менску, Друцку, Наваградку, Ваўкавыску, Браславе… У Берасьці знойдзены драўляны грэбень з разьмешчанымі на ім літарамі славянскага алфавіту. Аб шырокім распаўсюджваньні пісьменнасьці пасьля прыняцьця хрысьціянства, сьведчаць шматлікія знаходкі пісал і асобных надпісаў, знойдзеных на розных прадметах побытавага характару.

Выключную каштоўнасьць маюць берасьцяныя граматы — бярозавая кара з літарамі, надрапанымі на ёй. Граматы знойдзены ў Віцебску і Мсьціслаўлі. Яны сьведчаць аб тым, што ў гарадах пісьменнай была частка простых гараджан, а іх дзеці навучаліся грамаце.

Берасьцяная пісьмо. Берасьцяныя граматы і піса́лы. Наўгародзкі музэй. Марка выдадзена поштай Беларусі ў 2008

На прывесцы маркі выява Полацкай Сафіі і найбольш раньняя берасьцяная грамата (XI стагодзьдзе), знойдзеная ў Ноўгарадзе. Яе напісаў Жыравіт, жыхар Полацку або Віцебску.

Аўтары спэцыяльных дасьледваньняў сьцьвярджаюць, што ня меней 10% нашых продкаў у 12—13 стагодзьдзях умелі чытаць і пісаць. Папулярнымі сталі кнігі. Найстаражытнейшыя, што дайшлі да нас, Тураўскае Эвангельле і Песьня пра паход Ігараў (арыгінал загінуў у 1812 падчас маскоўскага пажару).

«Слова пра паход Ігараў». Марка пошты СССР, выдадзеная ў 1957

Нашы продкі ня толькі ўмелі чытаць і пісаць, але бавілі час гульнёй у шахматы. Падчас раскопак на нашай тэрыторыі знойдзена 31 шахматная фігурка ў 16 месцах. Самая старажытная з Менску 11 стагодзьдзя.

У 2018 вышлі ў абарачэньне паштовыя маркі з сэрыі «Археалёгія. Шахматныя фігуры».

Археалёгія. Шахматныя фігуры. Маркі пошты Беларусі, выдадзеныя ў 2018

На полі марачнага лістка чытаем: «Шахматныя фігуры XI—XIV стагодзьдзяў — унікальныя знаходкі, якія паказваюць ня толькі тое, што нашы продкі гулялі ў інтэлектуальныя гульні, але і тое, што яны на высокім узроўні валодалі кастарэзным майстэрствам».

P.S.

У 10—13 стагодзьдзях пад уплывам традыцый старажытна-рымскага і бізантыйскага мастацтва ў Эўропе склаўся і быў распаўсюджаны Раманскі (ад лац. romanus — рымскі) стыль сярэднявечнага мастацтва. Архітэктура Раманскага стылю вызначалася дакладнасьцю форм, суровай мужнай прыгажосьцю, унушальнасьцю памераў і ўрачыстай сілай. Найбольш вядомымі помнікамі раманскай архітэктуры былі царква ў Клюні (11 ст.), царква Нотр Дам дзю Пор у Клермон-Феране (12 ст.), саборны ансамбль — Сабор Санта-Марыя Маджорэ, баптыстэрый і званіца (знакамітая Пізанская вежа) у Пізе (12—14 ст.).

У храме ў Клюні ўстаноўлена некалькі скульптур Багародзіцы, у тым ліку статуя Чорнай Мадоны (XVII ст.) — копія бізантыйскай скульптуры.

Царква Нотр Дам дзю Пор у Клермон-Феране (12 ст.). Картмаксімум пошты Францыі, выдадзены ў 1947

Пьяца дэі Міраколі (Плошча цудаў) — на ёй разьмясьціліся чатыры шэдэўры сярэднявечнай архітэктуры: Пізанскі сабор (1063—1118), Пізанская вежа, Баптыстэрый і могілкі Кампа-Санта.

Піза. Картмаксімум пошты Італіі, выдадзены ў 2012

Сэрца Плошчы Цудаў — сярэднявечны катэдральны сабор Санта-Марыя Асунта (Усьпеньня Найсьвяцейшай Панны Марыі).

Нараджэньне Вялікага Княства

ВКЛ-матрыца беларускай пэрспэктывы. Вобраз максымальнага росквіту фармуе для наступных пакаленьняў ідэалы зьнешнепалітычнага, эканамічнага й культуровага разьвіцьця. Павал Севярынец

Пачатак 500-гадовай Гісторыі Вялікага Княства

У 13 стагодзьдзі для нашых продкаў узьніклі дзьве найбольш небясьпечныя пагрозы: нашэсьце качэўнікаў татара-манголаў з усходу і агрэсіўнасьць Тэўтонскага ордэну з захаду. Адказам на гэтыя пагрозы і ходам гістарычнага разьвіцьця стала стварэньне ў Панямоньні на тэрыторыі з назвай Літва дзяржавы з доўгім і слаўным і трагічным лёсам. З гэтага часу пачынаецца новы пэрыяд у гісторыі нашай радзімы-пэрыяд Вялікага Княства Літоўскага.

Назва «Літва» упершыню згадана ў Кведлінбургскіх аналах у 1009, калі хрысьціянскі месіянер Брунон Баніфацый быў забіты язычнікамі дзесьці на мяжы Русі і Літвы. Ёсьць меркаваньне, што месца гібелі Брунана Баніфацыя каля Пінску. Такім чынам, верагодна паўднёвая мяжа Літвы знаходзілася каля Пінску.

З нагоды 1000-годдзя яго пакутніцкай сьмерці польская Пошта выпусьціла памятную паштовую марку з яго выявай — фрагмэнт карціны М. Залускі 1860 «Місія Сьвятога Брунона», разьмешчанай у саборы Сьвятога Міхаіла Архангела ў Ломжы.

1000-годдзьдзе пакутніцкай сьмерці Сьвятога Брунона з Квэрфурту. Марка пошты Польшчы, выдадзеная ў 2009

Міндоўг — адзін з князёў Панямоньня-Літвы — пацярпеў у 1245 (1246) паразу ад крыжакоў і разам з баярамі ўцёк у суседні Наваградак, дзе быў запрошаны на княжаньне. Але становішча Міндоўга застаецца вельмі складаным. У яго мноства ворагаў: мясцовыя князі, Русь (Кіеўская) і крыжакі. Каб залагодзіць крыжакоў, Міндоўг і яго жонка ў 1251 прынялі каталіцтва, а 6 ліпеня 1253 у дзень Сьвятых Пятра і Паўла (або 29 ліпеня) па даручэньні Папы Рымскага Інакенція IV Міндоўг і яго жонка Марта былі каранаваныя як Кароль і Каралева Літвы.

«Літоўскае дзіцячае Таварыства» («Lietuvos Vaikos») — жаночая арганізацыя, якая клапацілася аб сіротах і зьніклых без вестак, атрымала згоду прэм'ер-міністра і Кабінэта міністраў на выпуск чатырох простых і чатырох выпускаў паветраных марак. Гэтыя маркі прадаваліся ўсяго сем дзён, таму гэтыя сэрыі таксама называюць сямідзённымі». Непрададзеныя знакі былі перададзеныя грамадзтву, якое прадало іх калекцыянэрам у ЗША, а атрыманыя грошы выкарыстоўвала ў дабрачынных мэтах. Так быў зафіксаваны Дзень Нараджэньня Вялікага Княства Літоўскага з сталіцай, верагодна, у Наваградку.

Каранацыя Міндоўга (1253). Марка пошты Летувы. Другі авіяпаштовы нумар «Lietuvos Vaikos», 1932 год. Мастак Адамс Варнас

Пошта Беларусі ў 2019 выпусьціла марку «Навагрудак» з сэрыі «Гарады Беларусі».

Навагрудак. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2019

На марцы скульптура Міндоўга ў Наваградку ля гары Міндоўга, герб Наваградка, рэшткі абароннай цьвердзі 13—16 ст., Барысаглебаўская царква 17 ст., касьцёл Перамяненьня Пана 14—18 ст.

Гадавіна каранацыі караля Міндоўга штогод 6 ліпеня адзначаецца ў Летуве. Дзень таксама вядомы як Дзень Дзяржаўнасьці і лічыцца Нацыянальным сьвятам. У гэтае сьвята літоўцы ўспамінаюць свайго першага і адзінага Караля Літвы Міндоўга, чалавека, які перасягнуў сваю эпоху палітычнай стратэгіяй, менталітэтам і духовай сілай.

750-годзьдзе каранацыі Міндоўга. Блёк пошты Летувы, выдадзены ў 2003

У 1910 Вацлаў Ластоўскі намаляваў і апісаў пячатку Міндоўга з выяваю Пагоні, але рунічны надпіс, які азначае «СВАЮ ПЯЧАТКУ КНЯЗЬ МІНДАЎГ СТАВІЦЬ», быў прачытаны Алегам Сокалам-Кутылоўскім толькі ў 2006. І гэта сьведчыць пра сапраўднасьць пячаткі і гістарычнасьць Гербу Пагоня.

Апавяданьні пра Вялікае Княства будуць працягваць маркі розных краінаў, бо марак Рэспублікі Беларусь пра Вялікае Княства вельмі мала. Таму філятэлісты-патрыёты з мэтай пашырэньня ведаў пра Вялікае Княства і стварэньня магчымасьці зрабіць філятэлістычную выставу пра гісторыю краіны рабілі самвыдат — канвэрты з відарысамі Вялікіх князёў ВКЛ і тэкстамі пра іх на адваротным баку канвэрту.

У 1263 годзе Міндоўг быў забіты ў выніку змовы Нальшчанскага князя Даўмонта, Жамойцкага князя Траняты і полацкага князя Таўцівіла.

Цяжкае закладаньне падмурка

Пасаду захапіў Транята (~1210 — 1264) — князь Жамойцкі (? -1264), Вялікі Князь Літоўскі (1263—1264), пляменьнік (сын сястры) Міндоўга. Упершыню прыгадваецца ў «Ліфляндцкай рыфмаванай хроніцы» у сувязі з падзеямі 1260—61, калі Жамойць пазбавілася часовай залежнасьці ад крыжакоў і перайшла пад уладу Міндоўга.

Транята (уяўны партрэт, 1908). Мечыслаў Барвіцкі. Паштоўка, выдадзеная ў 1935

Неўзабаве сам быў забіты замоўцамі на чале з сынам Міндоўга Войшалкам, які і абвясьціў сябе князем. У 1270 Войшалк перадаў уладу Шварну (1230-я — 1270), які быў сынам Галіцка-Валынскага князя Данілы і зяцем Міндоўга. У 1270 годзе памёр не пакінуўшы нашчадкаў. Паводле іншых зьвестак, загінуў у бітве з войскамі брата Льва на рацэ Ясельдзе. Спачыў у Холме.

Вялікі Князь ВКЛ Войшалк. Канвэрт самвыдату (пярэдні і адваротны бок), які прайшоў пошту ў 2002

Пасьля памерлага Шварна ўладаром стаў Трайдзень (1269—1282).

Вялікі Князь ВКЛ Трайдзень. Канвэрт самвыдату (пярэдні і адваротны бок), які прайшоў пошту ў 2003

Даўмонт (? — 5 жніўня 1285) — меркаваны Вялікі Князь Літоўскі (1282? — 1285). На думку гісторыкаў, мог быць сынам і непасрэдным пераемнікам Трайдзеня. Лічыцца сынам Рамунта або Віта. Загінуў у бітве з аб'яднаным войскам з Цверы, Масквы, Волака Ламскага, Таржка, Дзьмітрава, Зубцова і Ржэвы. Але Васкрасенскі летапіс сьцьвярджае, што Даўмонта захапілі ў палон.

Польскі мастак Мечыслаў Барвіцкі ў 1908 намаляваў выявы Вялікіх князёў Літоўскіх. У 1935 з гэтымі выявамі была выдадзеная сэрыя паштовак.

Даўмонт (уяўны партрэт, 1908). Мечыслаў Барвіцкі. Паштоўка, выдадзеная ў 1935

Пераемнікам Даўмонта быў, магчыма, Будзікід.

Будзікід (уяўны партрэт, 1908). Мечыслаў Барвіцкі. Паштоўка, выдадзеная ў 1935

На паштоўцы марка Мірскага замку, выдадзеная поштай Польшчы ў 1937

Будзікі́д — Вялікі Князь Літоўскі (1282–1292). Большасьць дасьледчыкаў лічыць яго сынам вялікага князя літоўскага Трайдзеня. Памёр перад 1292 годам, бо тады згадваецца ўжо Pucuwerus rex Lethowie (Будзіві́д, Пукувер, Путувер) — Вялікі Князь Літоўскі (1291–1295?).

Вялікі Князь ВКЛ Путувер або Лютувер (1291–1295?). Канвэрт самвыдату, які прайшоў пошту ў 2005 (пярэдні і адваротны бакі)

Герб Вялікага Княства Літоўскага «Пагоня»

Віцень (Vytenis;? — 1315/1316) — Вялікі Князь Літоўскі (каля 1294—1315/1316). Заняў велікакняжацкі сталец па сьмерці свайго бацькі Будзівіда (Путувера). Магчыма Віцень, як і яго браты Гедымін і Воін, належаў да ваеннай кансорцыі, што абслугоўвала Нёманскі гандлёвы шлях і якую называлі ў летапісах Літва, як аналагічная кансорцыя ваяроў і купцоў Русь. Ад 1300 да канца ўладараньня Віценя Ордэнскія войскі зьдзейснілі блізу дваццаці паходаў на Літву, дасягаючы сталічнага Наваградка. У 1284, 1295, 1305 і 1306 нямецкія рыцары нападалі на Гародню. Аднак Княства ўпарта баранілася: у памежных замках стаялі моцныя залогі, разбураныя ўмацаваньні хутка аднаўлялі, а за ворагам наладжвалі пагоню.

Вялікі Князь ВКЛ Віцень (каля 1294–1315/1316). Канвэрт самвыдату, які прайшоў пошту ў 2001 (пярэдні і адваротны бакі)

На канвэрце Герб Рэспублікі Беларусь «Пагоня» і Крыж Эўфрасіньні Полацкай - маркі пошты Беларусі, выдадзеныя ў 1992.

Паводле Густынскага летапісу, Віцень прыняў для сваёй дзяржавы герб «Пагоня»: «Витен нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему князству Литовскому печать: Рыцар збройны на коне з мечем, еже ныне наричут Погоня». На 500 гадоў «Пагоня» стала Гербам Вялікага Княства Літоўскага і толькі пасьля захопу нашай краіны Расеяй ў 1875 была заменена двухгаловай птушкай. У 1917 Максім Багдановіч напісаў верш «Пагоня», які стаў песьняй і адным з кандыдатаў на Дзяржаўны Гімн.

Праз 200 гадоў напрыканцы 1991, калі была абвешчана Незалежная Рэспубліка Беларусь, «Пагоня» вяртаецца на сваё месца. Але ў 1995 забараняецца і той, хто яе асьмельваецца насіць, падвяргаецца суду і зьдзекам. Але, як напісаў паэт:

«Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,

Срэбнай збруяй далёка грымяць…

Старадаўняй Літоўскай Пагоні

Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць».

«Пагоня». Максім Багдановіч (1891—1917). Картмаксімум з маркай Герб Рэспублікі Беларусь Пагоня, выдадзенай поштай Беларусі ў 1993

У 1307 Палачане зьвярнуліся да Вялікага князя Літоўскага Віценя за дапамогай у барацьбе з немцамі, якія пачалі сяліцца на Полацкай зямлі і ў самім Полацку. Палачане і ліцьвіны прагналі немцаў з Полацку і яго навакольля. З таго часу Полацк канчаткова ўвайшоў у склад ВКЛ і стаў яго буйнейшым горадам.

Вяртаючыся з паходу, Віцень загінуў ад удару маланкі.

Гедымін. Вялікае Княства Літоўскае і Рускае

На зьмену Віценю стаў яго сын Гедымін (~1275 — 1341) — Вялікі Князь Літоўскі (~1316–1341).

Таленавіты палкаводзец, разважлівы палітык, выдатны дыплямат, ён зрабіў дзяржаву нашых продкаў моцнай, больш чым у два разы павялічыў яе тэрыторыю, якая стала называцца Вялікае Княства Літоўскае і Рускае. «Літоўскае», бо ў склад Княства ўваходзілі Літва: Аўкштайція, Жамойць і гарады Панямоньня (ад Гародні да Навагарадка). «Рускае», бо Княству належалі землі, што прынялі літоўскіх князёў па дагавору ці ўвайшлі ў васальную залежнасьць ад Літвы (Полацкае, Менскае, Віцебскае, Сьвіслацкае, Пінскае, магчыма, Кіеўскае княствы), так і астатнія тэрыторыі былой Кіеўскай Русі, якія Гедымін спадзяваўся падпарадкаваць у далейшым.

Вялікі Князь Гедымін заваёўвае рускую крэпасьць. Марка пошты Летувы. Другі авіяпаштовы нумар «Lietuvos Vaikos», 1932

У Гедыміна было сем сыноў і ён заснаваў дынастыю, прадстаўнікі якой былі ўладарамі Польшчы, Чэхіі і Вэнгрыі, займалі высокія пасады ў Маскоўскім княстве, знаходзіліся да 1572 на прастоле ВКЛ. Усе гэтыя гады прайшлі ў цяжкіх вайсковых паходах супраць іншаземных ворагаў. Гедымін бараніў свае ўладаньні ад ворагаў з Захаду — Ордэну Крыжаносцаў і пашыраў свае ўладаньні на Ўсход, трымаючы мірныя адносіны з Залатой Ардой.

На поўначы княства не было ніводнага абарончага збудаваньня супраць крыжакоў. Менавіта для абароны быў створаны магутны абарончы пас, складзены з замкаў у Ваўкавыску, Гародні, Наваградку, Слоніме, Лідзе, Крэве, Медніках, Вільні, Троках, Коўне, Берасьці, ў чым найбольшая заслуга ў арганізацыі будаўніцтва новых, ужо мураваных, замкаў належыць Гедыміну.

Адразу па адзысканьню незалежнасьці пошта Летувы выпусьціла марку прысьвечаную Гедыміну.

Гедымін — Вялікі Князь Вялікага Княства Літоўскага і Рускага. Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1920

У 1323 Гедымін на стала перанёс сталіцу ў Вільню. Аб гэтай падзеі засталася легенда.

Вялікі Князь Гедымін са сваімі братамі па зброі. Марка пошты Летувы (1932)

Будучы на паляваньні князь убачыў на вялікім дубе арлінае гняздо, адтуль гучаў плач дзіцяці. Гедымін загадаў зняць з дрэва дзіця і аддаць хлопчыка на выхаваньне ў княжацкі двор. Паколькі дзіця было знойдзена ў гняздзе (па-балцку – lizdas), хлопчыка празвалі Ліздзейка. Ліздзейка стаў вярхоўным жрацом Вялікага Княства Літоўскага.

Заснаваньне Вільні Гедымінам у 1323. Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932

Аднойчы князь убачыў сон: на гары стаіць жалезны воўк і раве як сотня ваўкоў. Прачнуўшыся, Гедымін звярнуўся да жраца растлумачыць сон. Ліздейка сказаў: «Воўк жалезны — значыць, быць гораду сталіцай, а тое, што ён раве як сто ваўкоў, — значыць, аб славе горада будзе ведаць увесь свет». Так паўстала ля ракі Вільля новая сталіца Вялікага Княства Літоўскага — Вільня.

Літве 1000 гадоў. Блёк пошты Летувы, выдадзены ў 2003

На полі блёку «Будаўніцтва замка Гедыміна». Разьба па дрэве (1882), Мастак Мікалас Эльвірас Андрыёліс, скульптар Баляслаў Пукас. На марках: 1323 г. Вільня (Vilnia) дэталь гравюры Тамаша Макоўскага (1600); 1183 г. Літва правяла першы наступ на Рускую землю (Полацк і Пскоў); 1236 г. Шаўляйская бітва. 1253 г. Каранацыя Міндоўга).

Думаў Гедымін, як падзякаваць Ліздзейцы, і вырашыў пабудаваць замак на там самым месцы, дзе знайшоў калісьці маленькага хлопчыка на дрэве ў арліным гняздзе.

Лідзкі замак. Картмаксімум. Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 2005

Бронзавую конную скульптуру заснавальніка Ліды Вялікага Князя Гедыміна адкрылі ў дзень горада 7 верасьня 2019 на 696 дзень нараджэньня.

Ліда — культурная сталіца Беларусі. Марачны канвэрт, выдадзены поштай Беларусі ў 2020

Шасьцімэтровая скульптура стаіць у цэнтры горада ля сцен Лідзкага замку. На полі канвэрту малюнкі: скульптура Гедыміну (2019), Лідзкі замак (1323), Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа (1387), Царква Усіх Сьвятых (2006).

Давыд Гарадзенскі

Давыд Гарадзенскі (каля 1283—1326) — вайскавод і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, староста Гарадзенскі, кашталян Гарадзенскага замку, які быў правай рукой Гедыміна і камандаваў войскам Вялікага Княства, калі ў паходах не ўдзельнічаў сам Гедымін. У росквіце славы Давыд загінуў. У 1326 у адным з паходаў здрадніцкім ударам у спіну яго забіў падкуплены крыжакамі здраднік. Паводле легенды, воіны на шчытах прынесьлі цела свайго правадыра ў Гародню і пахавалі яго каля Калоскай царквы.

Канвэрт «Давыд Гарадзенскі», выдадзены поштай Беларусі ў 2008

Упершыню Давыд Гарадзенскі ўзгадваецца ў хроніцы Пятра з Дусбургу пад 1314 годам, калі паспяхова абараніў Наваградак ад крыжакоў. У 1314 крыжакі тройчы нападалі на Вялікае Княства. Буйное рыцарскае войска вёў у паход сам маршал Тэўтонскага ордэну. Гарадзенцы на чале з Давыдам зрабілі свой замак непрыступным. Расчараваныя адсутнасьцю здабычы, немцы рушылі далей на Наваградак. Тым часам Давыд Гарадзенскі захапіў зробленыя крыжакамі ў пушчы харчовыя запасы і варожых коней. На зваротным шляху рыцары ўбачылі на месцы сховаў толькі пабітую варту. Рэшткі галоднага рыцарскага войска ахапіла роспач. Амаль ніхто з тэўтонцаў у Прусію не вярнуўся.

Давыд Гарадзенскі не прайграў ніводнай бітвы з крыжакамі.

Картмаксімум. Камень Давыда Гарадзенскага ля Каложы. Каложа (1969). Віталь Цвірка (1913—1993). Марка пошты Беларусі, выдадзеная ў 1998

20 верасьня 2003 ля Каложы быў адкрыты памятны знак у выглядзе каменя-валуна з выявай крыжа Эўфрасіньні Полацкай і тэкстам: «Давыду Гарадзенскаму (каля 1287—1326г.г.), славутаму абаронцу Гродна ад крыжацкай навалы. Ад ўдзячных нашчадкаў».

24 траўня 2018 у цэнтры Гродна ўсталявалі помнік Давыду Гарадзенскаму. Каля падножжа намаляваны Гарадзенскі замак, які неаднаразова абараняў ваявода. З адваротнага боку — Каложская царква, каля сцен якой, паводле легенды, пахавалі Давыда Гарадзенскага. Фігура наезьніка прыкладна два з паловай мэтры вышынёй, яе вага — каля дзевяці тон.

Апошнія гады княжаньня Гедзіміна прайшлі ў барацьбе з крыжакамі. Ён узначальваў ваенныя паходы і заўсёды быў у першых радах войска. Загінуў зімой 1341 у баі падчас асады нямецкай крэпасьці Баербург.

Гедымін. Картмаксімум пошты Летувы, выдадзеная ў 1991

На картмаксімуме помнік заснавальніку Вільні Вялікаму Князю Літоўскаму Гедыміну, які быў адкрыты на Катэдральнай плошчы ў 1996 (скульптар Вітаўтас Кашуба).

Усё яго жыцьцё было працяглай барацьбой з суседзямі, як на ўсходзе, так і на захадзе з крыжакамі, якіх яму ўдалося стрымаць, дзякуючы падтрымцы і гераізму жыхароў Княства. Прыкладам такога гераізму стала абарона замка Піленай у 1336. Калі 4000 жыхароў Піленай і яго ваколіц зразумелі, што будзе немагчыма абараніць сябе ад значна большага па сіле ворага, яны прынялі рашэньне лепшае забіць сябе, але не здацца жывымі тэўтонскім абложнікам, а таксама спаліць замак, зьнішчыўшы ўсю сваю маёмасьць, каб нічога каштоўнага не дасталася ворагу.

Сапраўднае мастацкае ўвасабленьне гісторыя замка Пілены і яго абаронцы князя Маргіціса атрымала ў гістарычным рамане «Кунігас» Юзафа Крашэўскага.

Гіраічная абарона Піленай (1336). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 2004

Падзел краіны

Яшчэ пры жыцьці славуты Гедымін падзяліў краіну паміж сваімі сынамі. Больш за ўсіх пашанцавала Яўнуцію (Яўнуту), менавіта ён атрымаў вялікакняскую пасаду, хоць у Густынскім летапісе ўпамінаецца, што ён быў недастаткова мужны, каб заняць гэта становішча. Альгерд і Кейстут вырашылі ратаваць магутнае княства. Вось што піша аб падзеях тых часоў «Летапіс Вялікіх князёў Літоўскіх»: «Альгерд, бацька караля Ягайлы, і Кейстут, бацька Вялікага Князя Вітаўта, жылі ў вялікай дружбе і любові. I не спадабалася ім, што Вялікі Князь Яўнут так узвысіўся, і змовіліся паміж сабою браты, Князь Вялікі Альгерд і Князь Вялікі Кейстут, як бы яго адтуль (з Вільні) выгнаць, яны выбралі пэўны час, калі б да Вільні прыгнаць і заняць горад пад братам, Вялікім Князем Яўнутам».

Яўнут (1308 — пасьля 1366) -Вялікі Князь ВКЛ (1341—1345). Канвэрт самвыдату, які прайшоў пошту ў 2002

Адбылося гэта ў 1345 годзе. Альгерд быў аб’яўлены Вялікім Князем, Кейстут захаваў папярэднія пасады.

Вялікія Князі Вялікага Княства Літоўскага і Рускага Альгерд (1345 — 1377) і Кейстут (1381—1382). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932

Яўнуту далі ў валоданьне Заслаўе. Але ён не пагадзіўся і стаў першым князем-уцекачом, які шукаў падтрымку ў Маскве. Праз два гады вярнуўся, памірыўся з братами і стаў правіць Ізяслаўскім княствам. Адышоў ад вялікай палітыкі і памірае пасьля 1366.

Бітва на Сініх Водах

Траціну стагодзьдзя весь Усход — Захад, як раўнавагу на шалях, трымала сваім вастрыём альгердава дзіда. Павал Севярынец

Альгерд (1296 — 1377) Вялікі Князь Вялікага Княства Літоўскага і Рускага (1345 — 1377) -адзін з найвыдатнейшых палкаводцаў, правіцеляў, збіральнікаў і ахоўнікаў старажытнай Беларуска-Літоўскай дзяржавы, за што быў празваны Альгегдам Вялікім. Яму прыйшлося ваяваць з Польшчай, з Масквой, з крыжакамі, з Ноўгарадам, Псковам, Цьвер'ю… У 1362 у Вялікай бітве на рацэ Сінія воды Альгерд разграміў войскі трох татарскіх ханаў.

Бітва на Сініх Водах (1362). Канвэрт першага дня, выдадзены поштай Летувы ў 2012 і марка пошты Украіны, выдадзеная ў 2012

Перамога прынесла вызваленьне Кіеўскага княства ад татарскай няволі і Альгерд пасадзіў на чале княства свайго сына Уладзіміра.

Бітва на Сініх Водах — першае буйное паражэньне мангола-татараў ва Усходняй Эўропе. У выніку ўладаньні ВКЛ вышлі на паўднёвы шлях міжнароднага гандлю з Цэнтральнай Эўропай праз Падольле ў Генуэзскія калёніі на паўночным узьбярэжжы Чорнага мора.

Альгерд падчас Літоўска-Маскоўскай вайны 1368—1372 зьдзейсьніў тры паходы ў 1368, 1370 і 1372 на Маскву, але крэмль захапіць яму не ўдалося. Толькі прыставіў дзіду да варот крамля.

Альгерд ля варот Маскоўскага крамля (1368). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932

Не даваў спакою ён і крыжакам. Некалькі разоў нападаў на Лівонію, дайшоў аж да Юр’ева (сучасны Тарту), змог разьбіць Каралевац (Кёнігсберг).

Літве 1000 гадоў. Блёк пошты Летувы, выдадзены ў 2004

У цэнтры блёку марка «Альгерд. Бітва на Сініх водах. 1362». Зьлева — «Гіраічная абарона Піленаў 1336». Справа — « Хрышчэньне Літвы 1387». Знізу - «Вітаўт у Грунвальдзкай бітве 1410». На полі блёку: Грунвальдзкая бітва (фрагмэнт). Ян Матэйка (1838 -1893).

Не жылі спакойна пры Альгердзе і ўсходнія суседзі. Спрабаваў падпарадкаваць сабе Ноўгарад і Пскоў.

Магутны Кейстут

Кейстут заўжды дапамагаў свайму брату Альгерду і той меў у яго асобе моцную падтрымку. На долю самого Кейстута выпала ахова заходняй мяжы Літоўскай дзяржавы ад націску крыжакоў і гэтую задачу ён выконваў каля паўстагодзьдзя з вялікім посьпехам.

Кароль Літвы Міндоўг, Вялікі Князь Літоўскі Гедымін, Вялікі Князь Літоўскі Кейстут. Маркі пошты Летувы, выдадзенгыя ў 1920

Месцам свайго пасаду Кейстут абраў Трокі.

Нейдзе ў 1355 разьнеслася па Княстве слава пра набожнасьць і незвычайную прыгажосьць жрыцы самага вядомага капішча жамайткі Біруты. Пачуў пра гэта і князь Кейстут. Ён падсьцярог жрыцу, калі тая гуляла па беразе мора і быў зачараваны прыгажосьцю дзяўчыны. Той жа ноччу разам са сваімі людзьмі князь напаў на жытло вайдэлотак і выкраў Біруту.

Тракайскі замак, пабудаваны Кейстутам. Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932

Кейстут таксама быў прыгожым ваяром. Захавалася апісаньне знешнасьці Кейстута, зробленая крыжакамі ў 1361 годзе: «Кейстут быў высокі, статны, прамяністыя вочы гарэлі на бледным твары, доўгія валасы пакрывалі яго галаву, сівая барада спадала на грудзі. Скупыя былі яго вусны, але кожнае слова шмат значыла. Калі ён пагражаў, то на ілбе ўздуваліся жылы. Увесь выгляд яго будзіў страх». Бірута згадзілася на шлюб.

Бірута і Кейстут. Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932

Адносна лёсу Біруты меркаваньні гісторыкаў разьдзяліліся. Напрыклад, Э. Гудавічус і І. Баранаўскенэ, цвердзяць, што Бірута была забітая пасьля сьмерці Кейстута. Іншыя цьвердзяць, што жыла яшчэ доўга і была акружаная павагай. Яны спасылаюцца на словы польскай дэлегацыі ў час спрэчак з Ордэнам.

Сучасьнікі пакінулі сьведчаньні пра Альгерда як пра загартаванага ў паходах чалавека, які вёў суровы лад жыцьця, быў непераборлівы ў ежы і зусім не ўжываў хмельных напояў. Адзін з маскоўскіх летапісцаў даў нашаму гаспадару такую характарыстыку: «Ён не піў ні віна, ні піва, меў вялікі розум і падпарадкаваў шмат земляў. Свае паходы рыхтаваў скрытна, ваяваў не колькасцю ваяроў, а розумам і ўменьнем». За часы Альгерда Вялікае Княства стала яшчэ больш моцным палітычна і эканамічна, у гарадах краіны развіваўся гандаль і рамёствы; беларускае праваслаўе займела сваю мэтраполію; развіцьцё атрымала прабеларуская («руская» ці, другая назва, «літоўская») мова, літаратура і культура, наша мова выкарыстоўвалася ў якасьці дзяржаўнай. На прабеларускай пісаліся акты, граматы, статуты, рабіліся пераклады кніг.

Альгерд з прыхільнасьцю ставіўся да хрысьціян. Ён сам паставіў дзьве царквы ў Віцебску. Абедзьве ягоныя жонкі Марыя і Юліяна будавалі новыя хрысьціянскія храмы. Баярын Альгерда Гаштольд заснаваў колькі каталіцкіх касьцёлаў. У той час Вільня займела францысканскі кляштар. Але, нягледзячы на гэта, былі выпадкі, пакутаў за хрысьціянскую веру. Трое такіх пакутнікаў Ян, Антоній і Яўстахій праваслаўнай царквой абвешчаны сьвятымі. Паводле летапісаў, сам Вялікі Князь Альгерд незадоўга да сьмерці прыняў праваслаўную веру і быў пахаваны ў царкве Прасьвятой Багародзіцы ў Вільні.

У Альгерда было дванаццаць сыноў, у тым ліку Ягайла, Свідрыгайла і Скіргайла, — асобы, якія ў будучым адыграюць значную ролю ў гісторыі краіны, і дзевяць дачок.

Суперніцтва паміж Альгердавічамі за валоданьне віленскім тронам распачалося адразу пасьля сьмерці Вялікага князя ў 1377. Згодна з воляй Альгерда ў Вільні ўвакняжыўся яго старэйшы сын ад другога шлюбу — Ягайла. У апазыцыю да новага валадара стаў старэйшы сын ад першага шлюбу Андрэй Полацкі. Пасьля ад'езду ў Маскву Полацкага князя Андрэя, Ягайла перадае гэтую зямлю брату Скіргайлу. Але палачане не прымаюць стаўленіка Вільні. На працягу вясны — лета 1381 яны не дапускалі ў горад Скіргайлу, а пасьля прынялі бок Кейстута. Распачалася Грамадзянская вайна 1381—1384 за ўладу ў ВКЛ. Кейстут, які ваяваў на баку свайго сына Вітаўта, паланіў Ягайлу, і быў прызнаны Вялікім Князем Літоўскім (1381—82).

Бірута (1317? — 1382 або 1389). Марка пошты Летувы, выдадзеная ў 1932

Аднак, вызваліўшы Ягайлу, надоўга прымірыцца зь ім не ўдалося. У ходзе мірных перагавораў Кейстут з сынам Вітаўтам былі запалонены і перавезены ў радавы замак Ягайлы — Крэва і Ягайла пачаў помсту. Сярод прыхільнікаў Кейстута быў пакараны сьмерцю брат яго жонкі Відзімонт і шмат іншых баяр. А затым і самога старога Кейстута задушылі ў вежы Крэўскага замка па загаду Ягайлы. Вітаўт ацалеў толькі таму, што пры наведваньні яго жонкай Ганнай Смаленскай пераапрануўся ў адзеньне яе служанкі і ўцёк з затачэньня.

Бесплатный фрагмент закончился.

Купите книгу, чтобы продолжить чтение.