16+
Адраджэнне пасярод крызісу

Бесплатный фрагмент - Адраджэнне пасярод крызісу

Святая літургія, традыцыйная Імша і аднаўленне Касцёла

Электронная книга - Бесплатно

Введите сумму не менее null ₽, если хотите поддержать автора, или скачайте книгу бесплатно.Подробнее

Объем: 266 бумажных стр.

Формат: epub, fb2, pdfRead, mobi

Подробнее

Ад перакладчыка

На працягу стагоддзяў святая Імша ў старажытным рымскім абрадзе выхоўвала бясконцыя шэрагі як славутых, так і невядомых святых. Цяпер, пасля цёмных гадоў ХХ ст., яна зноў вяртаецца ў літургічнае жыццё Каталіцкага Касцёла. Дзякуючы пастановам Папы Бенедыкта XVI скарбы традыцыйнага абраду не толькі не былі страчаны, але і сталі даступны кожнаму верніку, які таго пажадае.

Нягледзячы на існуючыя магчымасці гэтая літургія ў нашай краіне ўводзіцца і прымаецца не вельмі ахвотна. Звязаць гэта можна з дзвюма прычынамі. З аднаго боку, святары справядліва задаюць сабе пытанне, ці прынясуць рэальную карысць іхнія высілкі па вывучэнні традыцыйнага абраду і ці варта ўвогуле ўводзіць яго ў сваіх парафіях. З іншага боку, вернікі таксама рэдка ўсведамляюць тое дабро, якое яны маглі б атрымаць, і не просяць святароў аб рэгулярнай цэлебрацыі гэтай формы Імшы.

Кніга амерыканскага філосафа і публіцыста Пітэра Кваснеўскі, якую вы трымаеце ў руках, мае на мэце зрушыць гэтую сітуацыю з мёртвай кропкі і прадставіць каштоўнасць традыцыйнай лацінскай Імшы для духоўнага жыцця каталікоў і місіі Касцёла ў цэлым. Аўтар закранае шматлікія аспекты гэтай формы Імшы (лацінскую мову, цішыню і грыгарыянскі спеў, арыентацыю святара, характар малітваў і календара), аспрэчваючы распаўсюджаныя міфы і паказваючы перавагу традыцыйных элементаў культу ў кантэксце «беспрэцэдэнтнага крызісу ідэнтычнасці», у якім знаходзіцца Касцёл у нашыя часы. Такое прадстаўленне традыцыйнага абраду непазбежна прыводзіць да яго параўнання з сённяшняй літургічнай практыкай. На працягу ўсёй кнігі Кваснеўскі ставіць перад звычайнай формай рымскага абраду вострыя пытанні, робячы гэта далікатна, але ад гэтага не менш шчыра.

Цытаты з Новага Запавету, кнігі Псальмаў, дакументаў Другога Ватыканскага сабору і іншых паслясаборных дакументаў у гэтай кнізе па магчымасці прыводзяцца паводле афіцыйных выданняў Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі. Цытаты з іншых касцёльных дакументаў прыводзяцца ва ўласным перакладзе з англійскай мовы. Цытаты са Старога Запавету даюцца паводле Бібліі ў выданні Біблейскага таварыства ў Рэспубліцы Беларусь (Мінск, 2017). Літургічныя тэксты візантыйскай літургіі даюцца паводле Службоўніка БГКЦ (Мінск, 2004) з захаваннем яго тэрміналогіі і прывядзеннем да аднастайнага правапісу.

Шчыра дзякую а. Міхалу Ермашкевічу ОР і Дзмітрыю Цаўлоўскаму, якія згадзіліся прачытаць рукапіс і зрабіць важныя заўвагі. Вялікую ўдзячнасць выказваю таксама д-ру Пітэру Кваснеўскі за дазвол на публікацыю гэтай кнігі і пастаяннае кансультаванне пры яе падрыхтоўцы.

Спадзяюся, што прадстаўленыя тут аргументы не толькі паслужаць падтрымкай тым, хто ўжо адкрыў для сябе прыгажосць традыцыйнай рымскай літургіі, але і дапамогуць усім чытачам убачыць «важныя духоўныя ўрокі, паэтычную прыгажосць, катэхетычную вартасць, суцяшальнае ўздзеянне на душу», якія нясе ў сабе традыцыйная лацінская Імша.

Прадмова

Гэтая кніга закранае фундаментальныя праблемы, звязаныя са святой літургіяй, і робіць асаблівы націск на пастаянную і непраходзячую каштоўнасць традыцыйнай лацінскай Імшы (таксама вядомай пад назвамі usus antiquior і надзвычайнай формы рымскага абраду), прысутнасць якой хутка пашыраецца, асабліва ў англамоўным свеце. Таксама я часта падымаю тэмы, звязаныя з канцэпцыяй «рэформы рэформы». Цяпер як ніколі патрэбна тэалагічнае і філасофскае разважанне над адраджэннем usus antiquior і над тым, як гэтая старэйшая форма можа ўзбагаціць больш новую форму рымскага абраду і выявіць яе слабыя месцы, якія патрабуюць выпраўлення. Такое паяднанне апалогіі і крытыкі, якое разгортваецца на гэтых старонках, з’яўляецца маім унёскам у «новы літургічны рух», да якога заахвочваў Папа Бенедыкт XVI, а таксама ў вялікае аднаўленне Касцёла, якому ён даў пачатак.

Пасля Другога Ватыканскага сабору Рымска-каталіцкі Касцёл трапіў у беспрэцэдэнтны крызіс ідэнтычнасці, які пашырыўся нават на яго дагэтуль нязломныя вучэнне і духоўнасць, на яго апостальскую і місіянерскую працу. На думку Папы Бенедыкта XVI, гэты крызіс у значнай ступені бярэ пачатак з праблем у святой літургіі, якая крок за крокам псавалася пад уплывам новай тэалогіі і эксперыментаў. У выніку мы атрымалі замяшанне, трывогу і разбурэнне. Цягам той жа паловы стагоддзя ўсё большая колькасць каталікоў стала бачыць у традыцыйнай літургіі Касцёла адзін з яго найвялікшых скарбаў: сведчанне артадаксальнай веры, скалу духоўнага жыцця, бясконцую крыніцу сапраўднай і жывой пабожнасці, жывы выраз каталіцкага духу. Гэтыя вернікі далучыліся да невялікай групы тых, хто ўжо падчас Сабору альбо адразу пасля яго ведаў, што дагрукацца да сучаснага чалавека Касцёл можа не праз перастройванне сябе і ўсіх сваіх рэсурсаў пад цьмяную і няўстойлівую сучаснасць, а дзякуючы нястомнай працы па фарміраванні чалавека пад уздзеяннем спрадвечнага вучэння і пры дапамозе правераных і асвячаных стагоддзямі сродкаў, якія ён атрымаў ад Божага Провіду.

Падчас пантыфікату Папы Бенедыкта XVI мы сталі сведкамі 50-гадовага юбілею адкрыцця Другога Ватыканскага сабору, у якім ён прымаў актыўны ўдзел. Спачатку ён сімпатызаваў ліберальнай фракцыі, аднак пазней скардзіўся на тое, што вучэнне Сабору сказілі і выкарысталі ў сваіх мэтах, прыкрываючыся духам «віртуальнага» і «медыйнага» Сабору. Ён справядліва патрабаваў — як патрабаваў бы кожны каталік — каб дакументы Сабору чыталі, абапіраючыся на «герменеўтыку неразрыўнасці» з тым, што было перад гэтым, і з пазнейшымі тлумачэннямі. Займаючы ў папскім служэнні абарончую пазіцыю, Папа Бенедыкт XVI стараўся выправіць многія рэчы, якія за апошнія пяць дзесяцігоддзяў пайшлі ў абсалютна памылковым напрамку.

Каб зразумець, што адбылося цягам гэтай паловы стагоддзя, можна паразважаць над далікатным балансам паміж заданнямі Касцёла ad infra і ad extra, якія з’яўляюцца двума бакамі аднаго медаля. Можна сказаць, што Касцёл мае сваё ўласнае ўнутранае жыццё: літургічнае, сакрамэнтальнае, духоўнае, інтэлектуальнае — якое вызначаецца спалучэннем Святога Пісання, святой традыцыі і Магістэрыя. Гэтае жыццё трэба даглядаць, узрошчваць, ахоўваць, паглыбляць, каб яно само па сабе заставалася здаровым і актыўным. У той жа час Касцёл мае пастаяннае місіянерскае заданне — заклік выходзіць у свет няверуючых, прапаведаваць яму, навяртаць яго, асвячаць яго, супрацьстаяць яго памылкам і змагацца з яго праблемамі. Шляхетным намерам св. Яна ХХІІІ, вельмі традыцыйнага Папы ў многіх адносінах, было зрабіць так, каб скарбы ўнутранага жыцця Касцёла пачалі ўздзейнічаць на сучаснасць і на знешні свет. Менавіта з гэтай мэтай ён склікаў як Рымскі сінод, так і больш вядомы Другі Ватыканскі сабор. Ён жадаў, каб Каталіцкі Касцёл выдаў Божае святло і праўду, каб ён узмоцніў сваю апостальскую дзейнасць, якая квітнела ўжо пры пантыфікаце Пія ХІІ.

Што насамрэч адбылося ў гады Сабору і адразу пасля яго, добра вядома. Касцёл прайшоў праз перыяд амнэзіі ad intra і страціў сваю ідэнтычнасць з-за інтаксікацыі ad extra. Мы забыліся пра тое, што калі свой уласны дом, свая ўласная душа не ў парадку, то мы не маем нічога годнага, каб падзяліцца са светам; што прапаведаванне Добрай Навіны няверуючым эфектыўнае толькі тады, калі па прыбыцці ў Касцёл іх чакае штосьці неверагодна добрае. Аднак замест таго, каб заклікаць Божы люд да здаровага пакаяння і аб’явіць шырокае аднаўленне ad intra, Папа Павел VI і шматлікія іерархі працягвалі далей і далей, з усё большай нелагічнасцю прасоўваць непрадуманую праграму ad extra. Увядзенне радыкальна новай формы літургіі прыпячатала гэтую аднаўленчую траекторыю і на пэўны час прыдушыла выхаванне інстытуцыйнай памяці і ідэнтычнасці. Сапраўды, захаванне моцнай сувязі з мінуўшчынай пачало сярод многіх духоўных і свецкіх асобаў лічыцца небяспечнай справай, якая перашкаджае актуальнасці, эфектыўнасці, сціпласці і беднасці.

Кажучы коратка, гісторыя Касцёла ад Сабору да сённяшняга дня — гэта гісторыя зацятых высілкаў ad extra без дастаткова глыбокіх унутраных рэсурсаў альбо, што яшчэ горш, з адначасовым скажэннем і падаўленнем гэтых рэсурсаў. Як адзначалі многія, цягам апошніх пяцідзесяці гадоў часта здавалася, што інстытуцыянальны Касцёл нашмат больш клапоціцца пра атэістаў, мадэрністаў і не-каталікоў рознага кшталту, чым пра сваіх верных дзяцей, якія хочуць верыць у тое, у што верылі заўсёды, і жыць так, як святыя мужчыны і жанчыны заўсёды імкнуліся жыць, «у свеце, але не ад свету». На думку прыходзяць словы святога Паўла: «Дык вось, пакуль дадзены час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш — блізкім па веры» (Гал 6:10), і яшчэ: «Калі ж хто не апякуецца сваімі, асабліва хатнімі, той адкінуў веру і горшы за няверуючага» (1 Цім 5:8).

Касцёл — гэта Божая сям’я, а пастыры служаць in loco parentis — то чаму іх няма? Ці сапраўды яны дбаюць пра сваіх дзяцей і пра іх першасныя патрэбы? Экуменізм, міжрэлігійны дыялог, справы ў сферы сацыяльнай справядлівасці і нават евангелізацыя будуць марнымі, калі спачатку не апрануць, не накарміць і не навучыць сваіх вернікаў — не апрануць частым і годным прыняццем сакрамэнтаў, не накарміць прыгожай і паважлівай святой літургіяй, не навучыць грунтоўным ведам праз катэхізацыю, прапаведаванне і школьную адукацыю.

Таму пасля сарака гадоў блукання ў пустыні пантыфікат Папы Бенедыкта XVI здаваўся і сапраўды аказаўся пераломным момантам, подыхам свежага ветру. Гэта быў час на тое, каб заняцца станам сваёй душы, каб прывесці ў парадак наш дом, каб аднавіць літургію з яе найглыбейшых крыніцаў і зноў навучыцца таму, што такое тая Добрая Навіна, якою мы павінны дзяліцца з нашым бліжнім. Пантыфікат Ёзафа Ратцынгера пачаў сістэматычна лячыць амнэзію і інтаксікацыю. Сярод усіх плёнаў, якія гэты пантыфікат нарадзіў сярод каталікоў ва ўсім свеце, апостальскае пасланне Summorum Pontificum назаўсёды застанецца помнікам спробе зрабіць разумную змену праз заклік вернікаў да нязменных Традыцыі, духоўнасці і стылю жыцця, што адлюстравалася таксама і ў даце публікацыі гэтага дакумента: сёмы дзень сёмага месяца сёмага года новага тысячагоддзя.

Пантыфікат Папы Бенедыкта быў кароткім, аднак навучанне, прыклад і заканадаўства гэтых васьмі гадоў у новым стагоддзі акажуцца гарчычным зернем сапраўднага аднаўлення і прароцкім асуджэннем памылковага аднаўлення. У любым выпадку, гэта наш прывілей — хоць і не нашая заслуга — з удзячнасцю і гарачым сэрцам прыняць традыцыйную каталіцкую ідэнтычнасць, духмяную жывую памяць Божых дароў, дзеля абароны і развіцця якіх Ёзаф Ратцынгер/Бенедыкт XVI так шмат зрабіў, і дазволіць гэтаму зерню прынесці плён у нашым жыцці. Большага нам не зрабіць, але і гэтага дастаткова. Таму што Бог можа ўзяць нават некалькі хлябоў і рыбін і бясконца іх размножыць.

Калі мы думаем пра веліч задання, якое даручыў нам Папа Бенедыкт XVI, — задання аднаўляць нашу веру ад самых вытокаў і ў неразрыўнасці з Традыцыяй — і калі мы разважаем, наколькі шмат працы і цярпення нас чакае, пакуль мы будзем імкнуцца ўвесці ў практыку глыбокае вучэнне пра святую літургію, якое наш Пан даў нам праз гэтага вялікага Папу, у нас можа ўзнікнуць знеахвота і жаданне кінуць гэтае змаганне, асабліва ў тыя часы, калі шмат людзей у Касцёле, здаецца, бяжыць ад узыходзячага святла ў апраметную цемру сямідзясятых. Аднак няхай нас натхняе прыклад многіх шляхетных мужчын і жанчын, клерыкаў, законнікаў і свецкіх, якія ад часоў Сабору і да сённяшняга дня змагаліся ў добрым змаганні; няхай нас таксама падтрымлівае нязменная духоўнасць, якая ляжыць у аснове бенедыктынскай манаскай мадэлі і ў якой знаходзіў натхненне Святы Айцец. Як казаў абат Поль Дэлат OSB:

«Цярплівасць жа павінна мець дасканалае дзеянне», а дзеянне яе ў тым, каб нягледзячы ні на што падтрымліваць у нас добры стан розуму і веры. Абдымем жа адвагу абедзвюма рукамі, схопім жа гэтую благаслаўлёную цярплівасць так моцна, каб нічога ў свеце не магло нас адарваць ад яе: ад patientiam amplectatur. Цяпер не час стагнаць, апраўдваць сябе і дыскутаваць. Калі б наш Пан адмовіўся цярпець, мы не былі б збаўленыя. Цяпер час падставіць свае плечы і ўзяць крыж, час без стогну і затрымак у дарозе несці ўсё, што Бог хоча, і да таго часу, пакуль Ён гэтага хоча… Няма духоўнай будучыні для нікога, як толькі для тых, хто вытрымае такім чынам. Калі мы паабяцаем сабе цвёрда стаяць і чакаць, пакуль не пройдзе бура, тады мы ўдасканалім у сабе моц вытрымкі.

Падзяка

Хоць тэкст і заўвагі для выкарыстання ў гэтай кнізе былі перапрацаваны, часам даволі істотна, матэрыял раздзелаў 1–12 і 14 упершыню быў апублікаваны ў часопісе The Latin Mass: The Journal of Catholic Culture and Tradition, а менавіта: «Урачыстасць як цэнтральная праблема» ў 17.1 (зіма 2008), 8–12 і 17.2 (вясна 2008), 6–11; «Слова Бога і шматслоўнасць чалавека» ў 17.4 (восень 2008), 12–19; «Сімволіка цішыні і пустаты» ў 15.5 (Адвэнт/Божае Нараджэнне 2006), 6–11; «Сузіранне нязменнай Праўды» ў 17.5 (Адвэнт/Божае Нараджэнне 2008), 14–19; «Літургія фарміруе Хрыста ў нас: Ён павінен павялічвацца, я павінен памяншацца» ў 15.2 (вясна 2006), 12–15; «Нашчадак Арыя ў Святым святых» у 15.4 (восень 2006), 26–33; «Пяць ранаў і Касцёл будучыні» у 21.2 (лета 2012), 12–19; «Тэатральны і дэзарыентаваны абрад» у 16.1 (зіма 2007), 34–39; «Страта літургічных скарбаў цыклу святых» у 16.4 (восень 2007), 30–35; «Страта ласкі: прыватныя Імшы супраць канцэлебрацыі» у 19.1 (зіма 2010), 6–9; «Доўгатэрміновы ўплыў літургічнай рэформы на хрысціянскі экуменізм» у 15.3 (лета 2006), 32–36; «Лаціна, ідэальная літургічная мова для Заходняга Касцёла» ў 20.2 (вясна 2011), 6–9; «Патройная амнэзія: святая літургія, сацыяльнае вучэнне і святы Тамаш» у 16.5 (Адвэнт/Божае Нараджэнне 2007), 6–11. У сваёй арыгінальнай форме раздзелы 2, 5, 8 і 11 былі апублікаваны пад псеўданімам. Раздзел 13 быў апублікаваны пад назвай «Выхаванне і літургія: думкі з нагоды саракагадовага юбілею закрыцця Другога Ватыканскага сабору» ў часопісе The Downside Review 124 (красавік 2006), 135–148. Я дзякую рэдактарам гэтых перыядычных выданняў за дазвол паўторна апублікаваць матэрыял, які ўпершыню з’явіўся на іх старонках. Пасляслоўе было апублікавана ў выглядзе двух артыкулаў: аднаго на старонцы New Liturgical Movement і аднаго на старонцы OnePeterFive.

Калі не пазначана іначай, пераклады прац св. Тамаша і іншых аўтараў з’яўляюцца маімі ўласнымі. У выпадку «Сумы тэалогіі» я шчодра карыстаўся класічным перакладам, які выканалі айцы Англійскай дамініканскай правінцыі і які цяпер знаходзіцца ў грамадскім набытку. Святое Пісанне зазвычай цытуецца па Revised Standard Version.

На працягу гадоў многія мае сябры ахвотна чыталі рукапісы і рабілі заўвагі, з якіх паўстала мноства ўдасканаленняў як у змесце, так і ў стылі. Я хацеў бы падзякаваць ім па імёнах: а. Томас Болін OSB, кс. Рабэр Фрамажо FSSP, Джэрэмі Холмс, Тадэвуш Казінскі, Рональд Лоусан і кс. Джон Савард. Пасля падзякі за іх дапамогу дазвольце мне дадаць, што меркаванні, выказаныя на гэтых старонках, неабавязкова належаць ім, а за любыя пазасталыя хібы і памылкі нясу адказнасць толькі я. Усе свае меркаванні і суджэнні я аддаю на разгляд уладзе Святога Рымскага Касцёла, у паслухмянасці якому і ў падпарадкаванні Вярхоўнаму Пантыфіку якога я жадаю жыць і памерці.

Я таксама дзякую маёй жонцы Кларыс і маім дзецям Джуліяну і Роўз за іх цярплівасць і добрае стаўленне да чалавека, які сваімі паводзінамі хутчэй пацвярджае, чым абвяргае стэрэатып пра рассеянага прафесара.

Нарэшце, я хачу асаблівым чынам падзякаваць двум пастырам, якія навучылі мяне, як трэба следаваць за нашым Панам на простай дарозе святой літургіі і Традыцыі: Папу на пенсіі Бенедыкту XVI і абату Касіяну Фолсаму OSB, настаяцелю кляштара св. Бенедыкта ў Норчы, Італія. Пра першага з іх наўрад ці трэба казаць, бо ягонае вучэнне і прыклад добра вядомыя ва ўсім свеце; яны і стаяць за ўсімі маімі думкамі і тэкстамі пра літургію. Пра а. Касіяна ж будзе дастаткова сказаць, што да сустрэчы з ім і да знаёмства з яго супольнасцю я ведаў пра прыгажосць і святасць літургіі больш па чутках, нібы здалёк; але дзякуючы яму і ягоным сабратам мае вочы шырока адкрыліся на бязмерныя глыбіні літургіі — гэтай пастаяннай і невычэрпнай крыніцы жыцця. Папу Бенедыкту XVI і а. Касіяну я з удзячнасцю прысвячаю гэтую кнігу.

Раздзел 1. Урачыстасць як цэнтральная праблема

І

Сястра Тома Аўгустына Бекер апісвае тое, што яна лічыць важнай крыніцай сучаснага літургічнага напружання ў Касцёле:

Мне здаецца, што пасля рэалізацыі рэформы, ініцыяванай Другім Ватыканскім саборам, большасць разыходжанняў наконт літургіі так ці інакш датычыцца ўрачыстасці… Аргументавана сцвярджаецца, што ўрачыстасці зашмат ці замала, або прапаноўваецца цалкам новае бачанне таго, што такое ўрачыстая літургія, але амаль заўсёды ў цэнтры непаразумення знаходзіцца пытанне пра пэўную ступень ўрачыстасці ў літургіі.

Можна задаць сабе пытанне, ці ўвогуле бывае «зашмат» урачыстасці. Таксама можна пацікавіцца, ці задумваліся хоць бы крыху парафіяльныя рады, якія на працягу апошніх дзесяцігоддзяў аўтарытарна вызначалі малітоўнае жыццё парафіянаў, над паняццем урачыстасці. Аднак сястра кажа пра важную праўду. Розніца паміж добрай і дрэннай літургіяй, калі абапірацца на меркаванне Касцёла, часта зводзіцца да розніцы паміж малітвай урачыстай, фармальнай і пабожнай — і малітвай неахайнай і павярхоўнай, з выразна нефармальнай атмасферай. Таму я пачаў цікавіцца: чаму ў сучаснай літургіі ў тым выглядзе, як яна служыцца ў касцёлах па ўсім свеце, так не хапае ўсяго, што заслугоўвала б апісання словам «урачысты»?

Найперш я задаў сабе пытанне, ці можа гэта быць праблемай, характэрнай для Імшы ў звычайнай форме рымскага абраду, якая служыцца па Імшале Паўла VI. Але мае шчаслівыя ўспаміны пра набажэнствы аратарыянцаў, дзе той жа Імшал выкарыстоўваўся з бляскам і сур’ёзнасцю, змусілі мяне прызнаць, што праблема не ў самім Імшале (прынамсі не так проста і непасрэдна), хоць ён і мае хібы ў многіх адносінах. Бо, з аднаго боку, цэлебрацыю сучаснага рымскага абраду магчыма прывесці ў яўную, бачную адпаведнасць з папярэдняй формай, як гэта навучыліся рабіць аратарыянцы, але, з іншага боку, шмат у чым Імшал Паўла VI не заахвочвае і не патрабуе ўрачыстасці, тады як традыцыйны Імшал робіць гэта сістэматычна. Сярод іншых прычын, чаму некаторыя святары сёння не жадаюць вывучаць старую Імшу, напэўна, ёсць і тое, што яна вельмі пераборлівая і патрабавальная ў сваіх прадпісаннях наконт мовы, паставаў цела і жэстаў.

Калі я разважаў над гэтым пытаннем, усепранікальная адсутнасць урачыстасці здавалася мне хутчэй праблемай людзей і іх пастыраў. Яна выклікана тым, што бацькі называюць «кепскімі манерамі». Гэтыя манеры можна ахарактарызаваць як збянтэжанасць або (няхай дапаможа нам добры Бог) нудоту ад згадвання самой толькі ідэі ўрачыстасці, ад праяўлення выражанай пашаны хоць да чаго — ці то мова ідзе пра пашану, якая выяўляецца ў анельскай музыцы, ці то пра ціхае сузіранне. На жаль, вынікам становіцца не проста «недахоп» урачыстасці, а занядбанне і пагарда той урачыстасцю, якой патрабуе эўхарыстычная таямніца. Звычайную форму рымскага абраду можна выканаць добра, аднак яна рэдка служыцца ў духу ўсеабдымнай урачыстасці, тады як для надзвычайнай формы ўрачыстасць, або прынамсі сакральная годнасць, гэта тая атмасфера, у якой яна жыве і рухаецца, у якой знаходзіцца яе самае існаванне. Асабліва моцна гэтую праўду ілюструе ўрачыстая спяваная Імша, хоць спяваная Імша, альбо Missa cantata, таксама не адстае ў гэтым, а прыватная Імша адданага манаха можа быць пераломным момантам у жыцці кожнага, хто меў прывілей удзельнічаць у ёй. Падтрыманы багатай літургічнай культурай Еўропы ХІІІ ст., св. Тамаш Аквінскі мог спакойна сцвярджаць: «Паколькі гэты сакрамэнт [Эўхарыстыі] заключае ў сабе ўсю таямніцу нашага збаўлення, мы цэлебруем яго больш урачыста, чым астатнія сакрамэнты». На ўвазе маецца, што ўсе іншыя сакрамэнты таксама цэлебраваліся (і павінны цэлебравацца) урачыста.

Смерць урачыстасці, пра якую сведчыць нудная музыка Імшаў на народных мовах, убранне і млявая выпраўка святароў і прыслугоўваючых, размяшчэнне нязграбнага стала, які выконвае функцыю развернутага алтара, адцягванне ўвагі знакам супакою і іншыя падобныя рэчы, паказвае на страту веры, на страту ўпэўненасці, на страту адказнасці і духоўнага аўтарытэту. Святар больш не ўпэўнены ў сваёй ролі настаўніка, кіраўніка і асвячальніка sub et cum Christo. Гэты крызіс упэўненасці адлюстроўвае больш агульную страту веры ў высокае службовае пакліканне святара да таго, каб стаяць на месцы Хрыста, прадстаўляючы Найвышэйшага і Вечнага Святара. Страта ўрачыстасці наўпрост звязана са стратай веры ў Сапраўдную Прысутнасць, ахвярную прыроду Імшы і духоўны аўтарытэт святарскага служэння. Таму яна звязана з пасіўнай або актыўнай абаронай такой заганы, як бестурботнасць у адносінах да боскіх рэчаў, і гэта прыводзіць да таго, што ў нашых вачах яны перастаюць выглядаць боскімі, нават калі яны застаюцца боскімі самі па сабе. Аслабляецца сур’ёзнасць, падрываецца ўрачыстасць, што сама сабою прыходзіць да сур’ёзнага святара, які сціпла служыць святым Божым таямніцам.

Страх перад рытуалам

Адной з многіх памылак, якія атруцілі літургічную рэформу, была пагарда да рытуалу, якая паходзіла з меркавання, што рытуал трымае людзей наводдаль і перашкаджае святару «ўступаць у кантакт» з людзьмі. Новы Імшал быў «дэрытуалізаваны», альбо прынамсі ён дазваляе святару і нават заахвочвае яго дэрытуалізаваць Імшу: дадаваць у літургію імправізаваныя рэмаркі, рухацца нефармальным чынам і запрашаць у прэзбітэрый шматлікіх не апранутых адпаведным чынам свецкіх асобаў, што цалкам супярэчыць духу рытуалу і Божага культу. Томас Дэй у сваёй кнізе «Why Catholics Can’t Sing» («Чаму каталікі не могуць спяваць») прыводзіць захапляльнае (і жахліва праўдзівае) апісанне таго, як цяперашнія рубрыкі ў спалучэнні з кепскай адукацыяй і неразумнымі традыцыямі прыводзяць да шызафрэнічных літургій, да відавочна рытуальнай цырымоніі, у якой людзі паводзяць сябе так, быццам бы цырымонія не з’яўляецца рытуалам. Святар у рытуальным убранні выходзіць у бакавую наву, пачынаючы спяваць гімн. Ён падыходзіць да алтара. Ён папраўляе мікрафон. Ён глядзіць на сабраных. Ён усміхаецца і пераходзіць да поўнай банальнасці: «Добры дзень, браты і сёстры!» І зноў да рытуалу: «У імя Айца…» І зноў да балбатні: «Сёння літургія нам кажа пра тое, што, як бы мы ні стараліся, мы ўсё адно робім памылкі, і таму мы звяртаемся да Бога з просьбай аб міласэрнасці». І зноў да рытуалу: «Пане, змілуйся над намі». І гэтае туды-сюды працягваецца, пакуль ён не адпускае народ са словамі «Усім добрага дня!»

На працягу доўгага часу мяне вельмі здзіўляла, што так мала людзей адчуваюць абсалютную несумяшчальнасць рытуальных манер і спосабаў звароту са штодзённымі. Калі ж я лепш абдумаў сваё меркаванне наконт беспарадку сучаснасці, мне стала больш зразумела, наколькі антырытуальным і антырэлігійным зрабіўся наш свет. Усё, што знаходзіцца па-за камфортнай зонай штодзённых дзелавых размоваў і задавальнення, сталася чужым, небяспечным і пагрозлівым, і таму людзі пазбягаюць гэтай зоны непадабенства, як толькі могуць. Каталіцкая літургія, цалкам засяроджаная на сакральных, неспасцігальных, таямнічых рэчах, стаіць на дыяметральнай адлегласці ад менталітэту заходняга «рынку ідэй»; яна ідзе супраць паўсюднага сучаснага вобразу жыцця, заснаванага на патуранні матэрыялізму. Усялякая традыцыйная літургія, падчас якой вочы і душы засяроджваюцца на тым, што вышэйшае і далёкае, з’яўляецца сур’ёзнай пагрозай для трыумфу эгаізму — эгаізму, які ўрад, школьная сістэма і прыватны сектар усімі сіламі імкнуцца прынесці ў кожны горад і ў кожны дом. Слоган «уратуй літургію, уратуй свет» ніколі дагэтуль не здаваўся мне такім трапным.

Трэба ясна сказаць, што ў сучасным свеце вялася вайна супраць мучаніцкага сэнсу, які кажа, што абсалютная праўда вартая таго, каб за яе памерці, каб дзеля яе ўсё пакінуць. Адным з галоўных заданняў нігіліста Жан-Поля Сартра было пераканаць сваіх чытачоў, што не існуе «праўды», якой можна служыць, пакланяцца і за якую можна памерці, альбо, кажучы іншымі словамі, што адзіным сэнсам жыцця з’яўляецца служэнне сваёй «праўдзе». Вайна супраць найвышэйшай, трансцэндэнтнай значнасці таксама праявілася ў наданні літургіі гарызантальнага характару і ў яе секулярызацыі. У многіх выпадках літургічныя цэлебрацыі больш не праяўляюць глыбокай засяроджанасці на Богу і не пераймаюцца духоўнымі рэаліямі: анёламі і святымі, ласкай, грахом, небам, пеклам. Вернасць духоўнай праўдзе — гэта мучаніцтва для цялеснага эга: калі чалавек сапраўды верыць у вышэйшыя праўды веры, ён павінен утаймоўваць «цела», пад якім у дадзеным выпадку я маю на ўвазе заганную людскую схільнасць апашляць, занядбоўваць, забывацца і павярхоўна ставіцца да догматаў і рытуалаў веры. Кожная фраза традыцыйнай Імшы вартая таго, каб за яе памерці, таму што кожная фраза прыносіць нам (і прыносіць нас да) Хрыста Пана. У той момант, калі чалавек глядзіць на яе проста як на людскі канструкт, які можна лудзіць і на якім можна выпрабоўваць законы сацыяльнай інжынерыі, ён траціць мучаніцкую паставу ў адносінах да Традыцыі і да праўды, якою адзначаліся ўсе святыя нашага святога Касцёла. Ці можаце вы хоць на момант уявіць сабе, каб св. Аўгустын, св. Тамаш Аквінскі, св. Францішак Сальскі або св. Пій з П’етрэльчыны гуляліся з тэкстам Імшы альбо засядалі ў камісіях, разважаючы над стварэннем новых эўхарыстычных малітваў? (Адна прымаўка кажа: «Бог так палюбіў свет, што ён не спаслаў камісію». ) Святыя з удзячным сэрцам прымалі тое, што было ім перададзена, і выкарыстоўвалі гэта для асвячэння свайго жыцця. Яны былі гатовыя тлумачыць і абараняць малітвы і практыкі сваіх продкаў, нават калі гэта азначала катаванні і смерць ад рук няверных і ерэтыкоў.

Часам я задаю сабе пытанні наконт Камісіі, якой Павел VI даверыў перагляд Імшы, або наконт першага складу ICEL, які даў нам карыкатуру замест перакладу. Якімі былі іхнія духоўныя заслугі? Не акадэмічныя ступені, не псеўданавуковая хвальба, не добрыя сувязі ў курыі, а, паўтаруся, духоўныя заслугі — каб узяць на сябе настолькі далікатныя, патрабавальныя і жахліва сур’ёзныя заданні, як «рэфармаванне», а затым «пераклад» літургіі Каталіцкага Касцёла? Ці хто-небудзь падумаў пра гэтае пытанне? Ці хто-небудзь даў сабе працу яго задаць? Так, я ведаю, што цягам стагоддзяў Папы прызначалі камісіі для ацэнкі, даследавання, аднаўлення альбо пашырэння пэўных аспектаў літургіі. Я не хачу сказаць, што такіх кансультацый ніколі не павінна быць. Хутчэй я стаўлю пытанне пра мінімальную кваліфікацыю таго, хто бярэ на сябе смеласць сядзець у такой камісіі. Думаю, будзе немагчыма спрачацца са сцвярджэннем, што мінімальнай кваліфікацыяй павінна быць найбольш глыбокая павага і пашана да Традыцыі, настолькі глыбокая, што чалавек хутчэй дасць руку на адсячэнне, чым пачне псаваць тое, што было яму перададзена. Аднак, як паказваюць Notitiae, альбо афіцыйныя паведамленні, разам з такімі дакументамі, як мемуары Буньіні, гэты дух пашаны, на дзіва, зусім адсутнічаў у Камісіі, у супольнасці тэолагаў, якім даверылі перагляд літургічных кніг рымскага абраду. Самы ганебны прыклад, які я памятаю, гэта апублікаваны ў Notitiae адказ на пытанне, чаму былі выкрэслены старыя малітвы аферторыя. Калі коратка, Камісія адказала, што малітвы аферторыя з’яўляюцца залішнімі і непатрэбнымі, паколькі яны проста (тут маецца на ўвазе, без патрэбы, нават памылкова) прадчуваюць ахвярнае дзеянне, якое адбудзецца пазней. Адным франтаватым адказам ўбок адмятаюцца стагоддзі малітвы і тэалогіі, быццам бы ніхто і ніколі не разумеў аферторыя, пакуль прасветленыя гуру Камісіі не згадзіліся растлумачыць яго.

Усё сваё жыццё Жан-Поль Сартр змагаўся супраць веры ў тое, што нешта можа быць настолькі добрым, настолькі праўдзівым, настолькі годным, што чалавеку варта ўхапіцца за яго і абараняць гэта з найвялікшай сур’ёзнасцю і самаадрачэннем. Аднак, калі і можна дакладна апісаць адносіны паміж старажытнай літургіяй і боскімі таямніцамі, то вось гэтае апісанне: літургія прымае і абараняе боскія таямніцы з найвялікшай сур’ёзнасцю, урачыстасцю і самаадданасцю.

Музыка і начынне, годныя Божага дому

Разгледзім два тыповыя прыклады: грыгарыянскі спеў і прыгожае начынне.

Грыгарыянскі спеў быў выкінуты з касцёлаў не таму, што ён быў на лацінскай мове (бо мелодыі можна было б адаптаваць да англійскіх тэкстаў), а таму што гэтая музыка не «шчаслівая», яна не «ўздымае настрой» так, як народная альбо папулярная музыка. Грыгарыянскі спеў — не для шчаслівых катоў, а для манаскіх душаў, якія сумуюць па Богу, а менавіта такая душа павінна быць у кожнага хрысціяніна, адпаведна з яго стылем жыцця. Такі спеў мае на ўвазе фундаментальную сур’ёзнасць душы, і ён узрошчвае такі стан усё больш і больш, пакуль ён не стане тым, што містыкі называюць «цвярозым ап’яненнем», sobria inebrietas. Чалавек, які пагружаецца ў спеў, сапраўды пачынае ўспрымаць свет вакол сябе па-іншаму, вачыма веры, з сузіральнай гатоўнасцю, праніклівасцю і яснасцю. Грыгарыянскі спеў — гэта магутны сродак духоўных зменаў і сталасці: ён напаўняе душу гарачай духоўнай тугою па Богу, сумам, які ўвасабляецца і выяўляецца ў кожным павароце мелодыі, што адлюстроўвае невыказныя нюансы і няўлоўныя рухі людской душы. Наколькі ж сталымі мусілі быць ананімныя кампазітары, наколькі моцным і высокім было іх імкненне да Бога, якое захавалася ў гэтых цудоўна разнастайных і прыемных мелодыях!

Пэўным ранкам, спяваючы мелодыі з агульных тэкстаў пра дактароў Касцёла, я адчуў асаблівае трымценне ад іх прыгажосці, ад іх слодычы, ад іх меланхалічнай ноткі, быццам яны праз музыку выказваюць тое, што «Salve Regina» ахоплівае словамі: сумесь любові, даверу, радасці з тугою, смуткам і слязьмі. Так, менавіта музыка можа з цягам часу дапамагчы тым, хто яе спявае ці слухае, узрастаць у сталасці сваёй веры, нібы ўрастаць у прыклад тых сузіральнікаў, якія ведаюць, як трэба цярпець і як трэба радавацца ў Пану. Візантыйскі спеў дасягае той жа мэты іншымі сродкамі. Сучасная ж літургічная музыка са сваёй другасортнай сентыментальнай лірыкай, слёзнымі мелодыямі, павярхоўнымі эмоцыямі і рэзкім акампанементам не толькі не здольная ствараць духоўную сталасць — яна шкодзіць хрысціянскай душы, зацямняючы яснасць інтэлекту, прытупляючы пачуццё прыгожага, сціскаючы волю ў хватцы эмоцый і ствараючы настрой, які не спрыяе любові да адзіноты і цішыні. Карацей, яна не здолела б ані нарадзіць, ані падтрымаць манаскую супольнасць, якая прысвяціла сябе адданаму жыццю медытацыяй і сузіраннем. Адно гэта з’яўляецца дастатковай прычынай, каб «выгнаць яе з прэзбітэрыя святыні», як паэтычна кажуць Папы. Калі гэтая музыка не з’яўляецца здаровай для людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё Богу, яна не будзе здаровай для ніводнага з нас, бо ўсе мы павінны быць святарскім народам.

Гэты цяжкі досвед зваліўся на мяне ў капліцы аднаго кампуса ў Аўстрыі, дзе я тады выкладаў. У абарочаным гатычным касцёле была верхняя капліца, надбудаваная над ніжняй капліцай, так што калі-нікалі ў іх адначасова адбываліся літургіі альбо набажэнствы. У той дзень наша група малілася на Трыдэнцкай Імшы ў верхняй капліцы, спяваючы старажытныя мелодыі грыгарыянскага спеву, калі раптам знізу пачуўся какафанічны каціны віскат моладзі, якая спявала змрочныя песенькі апошніх дзесяцігоддзяў. Гэта быў жывы выклад у кантрастах: традыцыйная форма малітвы, шляхетная, стрыманая, поўная пашаны, засяроджаная на таямніцы, з любоўю перададзеная ў рытмічных лацінскіх радках, — і сучасная форма малітвы, гіперактыўная, манатонная і неарганізаваная, без меры, без прыгажосці, без годнасці.

Што датычыцца святога начыння, я ніколі не забудуся пра гамілію аднаго святара-швейцарца, які, прапаведуючы пра дар золата, якое прынёс адзін з мудрацоў, заўважыў: «Калі мы не аддаём найлепшае з нашай маёмасці Богу, мы насамрэч увогуле не верым у Бога. Калі ў нас ёсць золата, каштоўнае, дарагое і прыгожае, мы павінны выкарыстоўваць яго для праслаўлення Бога; калі мы робім святое начынне з дрэва, шкла альбо гліны, мы фактычна кажам, што не лічым Яго вышэйшым за ўсё тое, што можам Яму даць. Таму мы павінны даваць Яму найлепшае з таго, што здольныя даць, нават (ці асабліва) тады, калі яно выварочвае нашыя кішэні. Мы абрэзалі Бога да нашых памераў і прызначылі Яму пэўны бюджэт, як быццам мы абстаўляем кухню ў сваім доме; мы слаба верым у Яго, а можа, і ўвогуле не верым».

Гэтая гамілія запомнілася мне не толькі таму, што я ніколі не чуў, каб святар казаў штосьці падобнае — здаецца, тлумачэнне шанаваных традыцый Каталіцкага Касцёла сёння не лічыцца распаўсюджанай гамілетычнай стратэгіяй, — але таксама таму, што яна дапамагла мне зразумець, чаму хрысціяне заўсёды імкнуліся аддаваць Богу найлепшае. Такая адданасць дала пачатак цудоўнаму мастацтву і архітэктуры Сярэднявечча, побач з якой сённяшнія эквіваленты пераважна выглядаюць павярхоўнымі і няўмелымі. Немагчыма пераацаніць важнасць для ўсяго літургічнага духу святога начыння, якое выглядае годна (наколькі мы ўвогуле можам дасягнуць такой годнасці) тых таямніцаў, якія мае прывілей у сабе трымаць. Узняцце кансэкраванай Ахвяры падчас Імшы — гэта кульмінацыйная кропка вялікага гімна, які ўсё чалавецтва і ўсё стварэнне ўзносіць да Бога; гэта час, калі ўнутраная звышнатуральная істота дароў павінна як мага больш яскрава праявіцца ў знешняй прыгажосці келіха і іншага начыння на алтары, а таксама ў прыгажосці прэзбітэрыя і ўсяго касцёла. Вось што мы чытаем пра св. Яна Віянэя, пробашча з Арса, які апранаўся ў зношанае адзенне, спаў на падлозе і сілкаваўся бульбай:

Калі заходзіла пытанне пра прадметы, прызначаныя для Божага культу, яму нішто не здавалася дастаткова прыгожым… Калі ён атрымаў ад віконта Арса цудоўны балдахін, прыгожыя арнаты, харугвы, вялікую манстранцыю з пазалочанага срэбра, табернакулюм з пазалочанай медзі, некалькі прыгожых свечнікаў і шэсць рэлікварыяў, яго радасць не ведала межаў.

Гэта праўда, што Езус нарадзіўся ў сціплай стайні і быў пакладзены ў яслі. Але мудрацы не прынеслі яму салому, бруд і гной: яны прынеслі яму каштоўныя каралеўскія дары золата, ладану і міры. Тое, як нарадзіўся наш Пан, раскрывае Ягоную пакору, якая пагарджае зямной раскошай; тое, як пакланіліся Яму тры каралі, раскрывае іхнюю пакору, у якой яны шукалі найлепшыя дары, якія яны могуць прынесці, хоць у сваёй мудрасці яны і ведалі, што гэта далёка не тое, чаго Ён заслугоўвае. Не нам належыць паводзіць сябе так, быццам мы — Езус, Які прыходзіць у свет, і будаваць касцёлы, якія выглядаюць, як свіраны, стайні ці пячоры, якія нас прымуць. Хутчэй нам належыць далучыцца да мудрацоў і пастухоў і ўважліва слухаць Божы заклік, які запрашае нас выйсці па-за свае абмежаванні. Адказваючы на гэты заклік вераю, мы павінны аддаць найлепшае Слову, якое сталася целам. Тое ж можна сказаць і пра сакральную музыку. Сучасны чалавек па сваёй сутнасці нічым не адрозніваецца ад людзей іншых часоў, і таму ў нас няма апраўдання, каб ствараць рэчы, непрыемныя для вачэй і вушэй. Калі б нашыя сучаснікі мелі магчымасць выбіраць, большасць з іх не захацела б гэтага пустога глупства; і, напэўна, гэта не тое, што ім патрэбна.

Хоць у першы раз наш Пан з’явіўся на зямлі ў сціплых яслях, у патаемнасці і беднасці, святая літургія — гэта не падарожжа ў часе ў Бэтлеем каля 4 года да н. э. Імша — гэта жывы вобраз і дзейснае падабенства дасканалага культу, які Езус Хрыстус здзяйсняе як Галава Касцёла — нявіннае Ягня, забітае на Кальварыі, якое цяпер уладарыць у нябесным Ерузалеме. Імша робіць прысутным сярод нас праслаўленага Збаўцу, другое прыйсце Якога адбудзецца не ў ціхай беднасці, а ў дзівосным ззянні. З гэтай прычыны інстынктам нашай веры заўсёды было імкненне павялічваць прыгажосць літургіі, яе прыладаў і аздобы, усімі сіламі набліжаючыся да таго, што будзе, а не патураючы сваім адваротным памкненням. З такога пункту гледжання, вінаватыя ў настальгіі не тыя вернікі, якія жадаюць аднаўлення традыцыйнага рымскага абраду, а менавіта літургісты, якія патрабуюць вяртання да евангелічнай ці апостальскай «прастаты». Яны хочуць ісці назад, мы хочам рухацца наперад. У гэтым заключаецца розніца паміж археалогіяй і эсхаталогіяй. Але цікава вось што: адзін з самых старажытных звычаяў, які перажыў усе стагоддзі і культуры (пакуль не знайшоў сабе ворага ў абліччы ганарыстасці сучаснага Захаду), гэта арыентацыя на ўсход падчас малітвы да Хрыста, сапраўднага святла, якое асвятляе кожнага чалавека (пар. Ян 1:9). Павярнуўшы святара плячыма да Сонца справядлівасці і тварам да людзей, нібы гэта ён прыходзячае святло, абаронцы новага літургічнага стылю праявілі пагарду да ўніверсальнай сімволікі і скасавалі адзін з нешматлікіх звычаяў, пра які можна з упэўненасцю сказаць, што яго практыкаваў Касцёл першых стагоддзяў. І зноў тыя, хто абараняе Традыцыю, аказваюцца больш здольнымі за сваіх апанентаў захаваць тое, што апошнія называюць найбольш каштоўным, у дадзеным выпадку старажытнасць.

II

Таму вашай першай паслугай гэтаму свету павінна стаць малітва і цэлебрацыя Божага Афіцыя. Унутраная пастава кожнага святара і кожнай кансэкраванай асобы павінна быць такая: «Няхай нічога не ставіцца перад Божай працай». Прыгажосць гэтай унутранай паставы знойдзе выраз у прыгажосці літургіі, і калі мы будзем яднацца ў спеве, хвале, узвялічванні Бога і пакланенні Яму, на зямлі будзе прысутнічаць крыху неба. Сапраўды, не будзе дзёрзкасцю сказаць, што ў літургіі, абсалютна засяроджанай на Богу, у яе абрадах і спевах мы можам убачыць вобраз вечнасці. Інакш як маглі б нашыя продкі сотні гадоў таму збудаваць такі велічны святы будынак, як гэты? Тут сама архітэктура ўзносіць усе нашыя пачуцці да таго, «чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і што не ўваходзіла ў чалавечае сэрца, і што Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго» (пар. 1 Кар 2:9). Ва ўсіх нашых высілках, звязаных з літургіяй, вырашальным фактарам заўсёды павінен быць наш позірк на Бога. Мы стаім перад Богам: Ён прамаўляе да нас, а мы прамаўляем да Яго.

Нефармальная духоўнасць

Праблему, якую мы разглядаем, можна сфармуляваць наступным чынам. Як кажа св. Леў Вялікі, той, хто перастае жадаць прагрэсу, рызыкуе пачаць адставаць. Св. Бэрнард з Клерво паўтарае за ім: проста стаяць на Божай дарозе азначае адставаць. Усе мы стаім перад пагрозай аслабець, здаць назад, зрабіцца несур’ёзнымі. У духоўным жыцці няма адпачынку, але нам хацелася б думаць, што ён бывае, і ў нас узнікае спакуса якім-небудзь чынам яго ўзяць. І гэта азначае, што мы адкідваем Бога, Які з’яўляецца агнём плавільшчыка і палаючым вуглём, заўсёды блізкім і гатовым перамяніць нас, калі толькі мы здадзімся Яму. З улікам гэтага, нельга недаацэньваць небяспеку духоўнай нефармальнасці, якой спрыяе тыповае парафіяльнае здзяйсненне Імшы ў звычайнай форме рымскага абраду. Гэтая нефармальнасць выражаецца ў звыклым уваходзе свецкіх асобаў у прэзбітэрый для выканання чытанняў і ўдзялення Камуніі; у млявым паўуздыманні Эўхарыстыі, не кажучы ўжо пра многія іншыя знакі заняпаду ці адсутнасці веры ў Сапраўдную Прысутнасць; у агульнай сяброўскай атмасферы, у «знаку спакою», у адсутнасці цішыні перад Імшою і пасля яе; у вербальнай перагружанасці, якая робіць Бога малым і прыручаным аб’ектам, гатовым рабіць цуды і падпарадкоўвацца нашым загадам, альбо прынамсі гатовым да адносінаў з намі на роўных. Бог робіцца «адным з нас» зусім няправільным чынам. Хрыстус сённяшняй парафіі — гэта чалавек, прытым толькі чалавек. Як неаднаразова заўважалася, новае выданне Імшала адлюстроўвае амаль што арыянскую паставу.

Параўнайце ўсё гэта з пашанай, якая аддаецца Евангеллю ці прэзбітэрыю ў старым абрадзе з цудоўнымі малітвамі аферторыя, са складанымі акаджэннямі, з урачыстым спевам прэфацыі пра Найсвяцейшую Тройцу ў стылі Атаназія, з Рымскім Канонам і яго шматлікімі знакамі крыжа і пачцівымі ўзняццямі Гостыі і келіха, ужо не кажучы пра ўсю падрыхтоўку, якую робяць святар і сабраны люд: «Asperges», малітвы каля прыступак алтара, абмыванне пальцаў у суправаджэнні псальма. Праз гэтыя абрадавыя дзеянні чалавек прызнае першынство Бога і Яго найвышэйшую таямніцу, упрошвае дазволіць пакланяцца Яму, упрошвае быць годным прынясення Ахвяры і ўдзелу ў Ахвяры, якую Сын у сваёй людской прыродзе прыносіць Найсвяцейшай Тройцы. Традыцыйная літургія адлюстроўвае не толькі правільную тэалогію, але і правільную антрапалогію. Антрапалогія, выражаная старым абрадам і сукупнасцю далучаных да яго звычаяў і законаў, з’яўляецца ўзнёслай, вертыкальнай і падпарадкаванай Богу, як гэта годна і справядліва; антрапалогія ж новага абраду з яго інкультурацыяй у сучасным Заходнім свеце з’яўляецца рацыяналістычнай, іманентычнай, гарызантальнай і дамінатыўнай: яна падпарадкоўвае сакральнае гуманістычнаму канону «супольнасці». Старажытны рымскі абрад, велічны і святарскі, узносіць славу і пакланенне Укрыжаванаму Пану, кідаючы бясконцы парадокс Уцелаўлення проста ў вочы і вушы тых вернікаў, якія маюць вочы, каб яго ўбачыць, і вушы, каб яго пачуць. Ці ж звычайная форма рымскага абраду робіць гэта настолькі ж добра?

Многія малітвы і абрады Novus Ordo маюць кепскую прапорцыю адносна ахвяры, якая мае месца падчас Імшы; яны ад’яднаныя ад яе. Форма і змест літургіі канфліктуюць, і таму тое, што, як я веру, адбываецца — а мая вера фарміравалася пад уплывам вучэння пра святую Ахвяру Імшы, сфармуляванага як Трыдэнцкім, так і Другім Ватыканскім саборам, — кепска адлюстроўваецца формай літургіі, якая мае ў сабе толькі частку той яснасці і глыбіні, з якімі старажытны абрад прадстаўляе тыя самыя таямніцы. У старажытным абрадзе форма і змест паяднаныя; яны, так бы мовіць, «сімбіятычныя». Старажытная літургія са сваімі вострымі сімваламі і бясконцымі дэталямі — гэта працяглае дагляданне душы, якое заваблівае і цягне яе наперад, ведучы яе да містычнага сужэнства, да вясельнага свята нябёсаў.

Аднойчы я меў магчымасць чуць, як украінскі біскуп візантыйскага абраду казаў пра тое, якая ступень сталасці патрабуецца ад мужчыны і жанчыны, калі яны спадзяюцца быць «паспяховымі» сужэнцамі. Ён рабіў акцэнт на здольнасці ахвяраваць з любові і казаў, што ніводнае сужэнства не пацярпела б паразу, калі б сужэнцы мелі гэтую цноту. Мімаходзь ён заўважыў, што Боская літургія не павінна разглядацца як штосьці, пасля чаго трэба хутка ачуняць і аправіцца. Хутчэй, гэта тое самае месца, дзе абуджаецца і выхоўваецца любоў да Бога і бліжняга, прычым не праз павярхоўную атмасферу сяброўства, а праз урачыстасць і сэнсоўнасць самога абраду, які выціскае на сэрцы прыклад любові Хрыста, Які прыйшоў вучыць словам і прыкладам. Гэты біскуп быў упэўнены, што крызіс сужэнства — вынік недахопу духоўнай сталасці, маральнай сур’ёзнасці і сілы волі — меў адлюстраванне ў крызісе самой літургіі, якой неставала тых жа рэчаў. Ён таксама меў перакананне, што сужэнская любоў і сямейнае жыццё маглі б зноў зрабіцца моцнымі толькі тады, калі б сужэнцы з галавою акунуліся ў фармальную літургічную малітву. Калі людзі глыбока пагружаюцца ў таямніцы веры падчас годнай літургіі, руцінныя супярэчнасці пачынаюць адыходзіць на задні план, таму што літургія вядзе іх да больш фундаментальнай рэальнасці, чым іх уласнае існаванне і жыццё.

Калі не станеце як дзеці

Крызіс пакліканняў у паслясаборным Касцёле пасрэдна альбо непасрэдна звязаны з дэмантажом і баналізацыяй літургіі. Гэта становіцца зразумелым усё больш і больш. Чаму ж тады традыцыйныя рэлігійныя ордэны і таварыствы апостальскага жыцця квітнеюць і выбухаюць пакліканнямі? Сэрца чалавека сумуе па найвышэйшым сэнсе і мэце жыцця, па смаку дасканаласці і святасці, а звычайная форма рымскага абраду не адказвае на гэтае прагненне. Праблему новай формы Імшы можна сфармуляваць даволі проста: яна не мае ані містычнай цішыні, характэрнай для старой ціхай Імшы, ані драматычнай прыгажосці, характэрнай для ўрачыстай спяванай Імшы. Яна не ззяе ані знешнім выразам трыумфальнага святкавання, ані ўнутраным вымярэннем сузіральнай малітвы. Таму яна не мае ані знешняга бляску, ані ўнутранай глыбіні старога абраду. У сваіх спробах быць усім для ўсіх яна не сталася нічым для нікога. У сваім імкненні дайсці да невядомага «сучаснага чалавека» яна стварыла пустэчу. Аднак ласка не зносіць пустэчы яшчэ больш, чым прырода.

Цягам дзесяцігоддзяў літургісты выступалі за адмысловыя «Імшы для дзяцей», і, паколькі людзі схільныя слухацца экспертаў незалежна ад таго, колькі ў іх прапановах здаровага сэнсу, многія парафіі ўвялі такія рэдуцыраваныя Імшы. Смутная рэальнасць заключаецца ў тым, што стандартная новая Імша — гэта ўжо штосьці накшталт дзіцячай Імшы з яе спрошчанымі малітвамі, падручнікавай структурай і незмястоўнай празрыстасцю. Насамрэч — і гэта таксама горкая іронія, — новы абрад не здольны настолькі ж эфектыўна выхоўваць душы дзяцей, наколькі гэта робіць стары абрад. Уявіце сабе розніцу паміж дзіцём, якое бачыць традыцыйную ўрачыстую спяваную Імшу, і дзіцём, якое бачыць тыповую нядзельную парафіяльную Імшу. Кожны, хто разбіраецца ў дзіцячай псіхалогіі, здолее зразумець, якая з гэтых літургій, спалучаная з катэхізацыяй, дасць больш глыбокі доўгатэрміновы плён.

Мой сын, цяпер ужо юнак, дзіцём прысутнічаў на некаторых Трыдэнцкіх Імшах, але то быў час, калі мы не маглі знайсці спяваную Імшу, каб у ёй удзельнічаць. Калі яму споўнілася больш-менш сем гадоў, нам пашчасціла ўдзельнічаць у Missa cantata пасля больш чым гадавога перапынку. Калі мы вярнуліся дадому, ён узяў ліст паперы і без усялякіх просьбаў з нашага боку намаляваў тое, што ён бачыў на алтары (гл. ілюстрацыю). Заўважце, якім чынам адлюстраваны ключавы момант цэлебрацыі, прынашэнне ахвяры нашага Пана, і як перададзена неад’емная сакральнасць гэтага моманту: высокі келіх, перабольшаныя свечнікі, прыслугоўваючы звоніць у званкі, крыху схіліўшыся. Мой сын ніколі не маляваў Імшы Novus Ordo, нават самай пабожнай; магчыма, яна ніколі не ўражвала яго альбо не кранала так, як Трыдэнцкая Імша. Я ўжо чую, як літургічныя эксперты кажуць: «Ён не разумеў гэтай Імшы, бо ён не мог перакласці (і нават пачуць) кожнае лацінскае слова». Вам, літургічныя эксперты, якім так патрэбны глыток здаровага сэнсу, я адкажу: ён убачыў і бясслоўна ўхапіў самую сутнасць Імшы — велічны, таямнічы, прыцішаны і святы акт пакланення, засяроджаны вакол Цела і Крыві Хрыста. Калі ласка, адкажыце мне: што разумее і з чым выходзіць сямігадовае дзіця пасля тыповай англамоўнай парафіяльнай літургіі? Альбо не, не кажыце! Я лепш распавяду вам, што сказала мая дачка, якой тады было чатыры гады, калі яна ўбачыла як дарослая жанчына выконвала функцыю галоўнага міністранта: «Мама, мама, жанчыны-святары ўсё ж бываюць!» Нагода для спакойнай катэхэзы і ціхага абурэння. Такая літургія — гэта банкрут яшчэ да свайго пачатку; а пакуль яна не скончыцца, мы будзем сведкамі пародыі на каталіцкую Традыцыю. Толькі таямнічая прысутнасць Хрыста не дае ёй зрабіцца поўнай пародыяй.

Найвышэйшая «Імша для дзяцей» — я маю на ўвазе кожную асобу, ад малюткага хлопчыка да старога, якая хоча жыць пакліканнем духоўнага дзяцінства, а не тых, хто застаецца на дзіцячай ступені чалавечага развіцця, — гэта Трыдэнцкая Імша ва ўсёй сваёй прыгажосці, якая кожнага прысутнага аглушае артадаксальнасцю і кожнаму нашэптвае таямніцу. Калі вы хочаце мець поўны касцёл каталікоў, якія ведаюць, любяць і практыкуюць сваю веру, дайце ім літургію патрабавальную, глыбокую і дасканалую. Яны дарастуць да гэтага выкліку. Чаму ж гэтага не бачылі рэфарматары літургіі і чаму іх сённяшнія паслухмяныя прыхільнікі не бачаць, што людской душы патрэбна пэўная незразумеласць, бязгучная глыбіня, крыніца супраціву і цяжкасці, чужая веліч, якая рэзка кантрастуе са знаёмымі і павярхоўнымі справамі штодзённага жыцця? Чалавеку патрэбна гэта, каб ведаць, хто ён і чаму ён тут. Без гэтага ён умацуецца ў нігілістычным меркаванні, што штодзённае жыццё — гэта пастка, з якой ён ніколі не вызваліцца. Літургія дакладна не павінна быць лёгкадаступнай і зразумелай. Такімі павінны быць адносіны ў бізнэсе, а нашыя справы з Усемагутным Богам не могуць быць настолькі празрыстымі і нефармальнымі. «Я той, Які ёсць, а ты тая, хто не ёсць», — сказаў Пан св. Кацярыне Сіенскай. Літургія павінна перадаваць нам (або прынамсі мець магчымасць перадаваць) агромністае адчуванне ўніверсальнасці Бога і мізэрнасці чалавека ў тым выглядзе, у якім яны з’ядналіся ў неспасцігальнай таямніцы Езуса Хрыста, сапраўднага Бога і сапраўднага Чалавека, недасяжнага перасячэння Усяго і Нічога ў шлюбе, які зрабіў Усё слугою Нічога, каб з Нічога пачало існаваць вечнае сяброўства з Усім. «Як жа гэта станецца, калі я мужа не ведаю?» — Я не ведаю, наколькі людскі патэнцыял можа ахапіць Бога, і нават пад натхненнем Духа гэта застаецца для мяне таямніцай, бо нішто з гэтага па-людску не мае «сэнсу», але ўсё ж яно мае нашмат больш сэнсу, чым усё, што калісьці прыходзіла ў галаву чалавеку. Гэта суцяшальная загадка, вакол якой традыцыйная літургія круціцца аж да пэўнай знямогі. Прыгадайце візантыйскі абрад з яго хвалепадобнымі паўторамі: «Госпадзе, змілуйся» і «Дай нам, Госпадзе»; паглядзіце на традыцыйны рымскі абрад з яго геаметрычнай харэаграфіяй, змястоўнымі перыядамі цішыні і драматычнымі жэстамі.

Таму давайце раз і назаўсёды пакінем абсурднае сцвярджэнне, што «людзі не могуць зразумець, што адбываецца на лацінскай Імшы, але ўсе разумеюць, што адбываецца на англійскай Імшы». Насамрэч самы нямыты, непісьменны селянін Сярэднявечча лепш ведаў, што адбываецца ў велічным прэзбітэрыі яго мясцовага касцёла. Гэты селянін, часткова з вітражоў, прыгажосцю і складанасцю якіх мы захапляемся дагэтуль, ведаў, што Бог памёр за яго, што Кроў Езуса змывае ягоныя грахі і што ўсё гэта цудоўным чынам прысутнічае ў Імшы. Селянін ведаў гэта лепш за сучаснага парафіяніна, які сядзіць у выбеленым касцёле сярод нязграбных прадметаў і не можа ясна вызнаць веру ў Сапраўдную Прысутнасць нашага Пана ў Эўхарыстыі, які блытае любоў з эмацыйнасцю і малітву з супольным спевам. Той від разумення, які сапраўды важны падчас Імшы, здольны набыць кожны вернік, які ўвойдзе ў сапраўдны касцёл на святую літургію: гэта інтуітыўнае разуменне таямніцы Уцелаўлёнага Слова, якое стала ежай для нас; разуменне адзінай і ўніверсальнай ахвяры Кальварыі, прысутнай сярод нас. Любое іншае «разуменне», незалежна ад актыўнасці ўдзелу, з’яўляецца ілюзіяй рэальнасці, скажэннем формы, адцягваннем увагі ад таго, што сапраўды мае значэнне. Імша на роднай мове — гэта зусім не гарантыя таго, што чалавек зразумее таямніцу Імшы. Наадварот, калі аправа цырымоніі абсалютна знаёмая, удзельнік можа лёгка падумаць, што ён да канца разабраўся ў сутнасці гэтай цырымоніі. Знаёмае робіцца руцінай, а руціна пачынае ігнаравацца. Наша ўласная мова — гэта зона камфорту, якая абараняе нас ад шоку Евангелля, ад скандалу Крыжа, ад прывабнасці невядомага. Я хутчэй пагадзіўся б на вялікую дозу чужароднасці, на несучасную музыку, на дзіўныя словы, на архаічную мову, на рытуальныя рухі, вельмі непрыстойныя для дэмакратычнага грамадства. Чалавек, кінуты ў такую сітуацыю, прынамсі ведае, што ён мае справу з чымсьці абсалютна адрозным і, магчыма, нашмат больш глыбокім, чым яго штодзённыя заняткі.

Verbum caro factum est супраць шматслоўнасці

Калі мы жадаем, каб «люд» удзельнічаў у літургіі актыўна, дзе participatio actuosa разумеецца так, як гэта разумее Касцёл: як павышанае ўсведамленне і ўспрымальнасць да рэлігійнай мовы і сімволікі з адпаведнымі адказамі, чутнымі і нячутнымі, вербальнымі і невербальнымі, то нам трэба пастарацца паважаць элементарную будову людской псіхалогіі. Павольная працэсія з прыгожа ўбраных служыцеляў, якая паважна падыходзіць да алтара пад магутныя гукі духавога аргана альбо пад нябесны спеў хору, ахоплівае пачуцці і душу, прыводзячы да больш глыбокага і працяглага эфекту, чым кепска апрануты святар, які ў свабоднай манеры выходзіць з сакрыстыі і пачынае Імшу блытанай прамовай з элементамі персанальных перажыванняў. Калі літургія не можа адразу паказаць штосьці сэнсоўнае прастадушнаму дзіцяці, яна правалілася. Паклон святара, які прамаўляе «Confiteor», акаліт, які разгойдвае кадзільніцу, іерархічна расстаўленыя на ўрачыстай Імшы субдыякан, дыякан і святар, магутная цішыня Рымскага Канона — усе гэтыя рэчы прамаўляюць наўпрост да сэрца, нават да сэрца малога дзіцяці, якое здолее сядзець ціха і глядзець, як рабілі шматлікія дзеці, бачаныя мною, нават на доўгіх урачыстых літургіях. Літургія Novus Ordo можа мала што сказаць такім душам, таму што яна толькі кажа, яна не робіць, не кланяецца, не шэпча, не маўчыць, не чувае, не гойдае кадзільніцу, не выконвае мелодыі, не кіруе расстаноўкай служыцеляў па меры таго, як яны выконваюць свае разнастайныя абавязкі. Значэнне, моц сказанага слова тым меншая, чым большую яму прыдаюць значнасць. У крайнім выпадку мы маем літургію, на якой вельмі шмат чаго кажуць, але рэдка на вока ці ў вуха трапляе штосьці ўрачыстае ці сакральнае.

Аднойчы ў нядзелю я і мая жонка ўдзельнічалі ў лацінскай Імшы Novus Ordo ў венскім Карлскірхэ, і ўся літургія была толькі словамі, словамі, словамі. Святар выйшаў з сакрыстыі і пачаў гаварыць. Ішла размова. Ішлі чытанні, ішла гамілія, ішоў аферторый, ішоў канон — заўсёды словы, рэдка песня, ніколі сімвал. Пасля апошняй малітвы святар вярнуўся ў сакрыстыю. Усё. З пункту гледжання фенаменалогіі, гэта было не што іншае, як малітоўнае набажэнства. Кожнае дзіця, якое было там, — дзіця гадамі альбо дзіця сэрцам — знайшло б недастаткова спажытку для людской прыроды, нават калі б яно прыняло найвялікшую духоўную ежу ў выглядзе святой Эўхарыстыі. У гэтым і заключаецца праблема: колькі можа цягнуцца сітуацыя, калі самая сутнасць і мэта літургіі, яе бясконца каштоўны дар Цела і Крыві Пана Езуса, знаходзіцца ў супярэчнасці з яе пустой, банальнай формай, з бездарожнай пустыняй, у якой не жыве ніводзін чалавек? Мераючы стандартамі сакральнай значнасці, новая літургія, перапоўненая шматслоўнасцю і музыкай «мюзак», часта з’яўляецца нежывой пустыняй.

У адным інтэрв’ю выключна прамалінейны кардынал Ранжыт (у той час ён працаваў у Кангрэгацыі Божага культу) сказаў наступнае:

На працягу гадоў літургія падвяргалася шматлікім злоўжыванням, а многія біскупы ігнаравалі іх. У motu proprio Ecclesia Dei adflicta Папа Ян Павел ІІ выказаў гаротную просьбу, якая была не чым іншым, як заклікам да парадку ў Касцёле і да больш сур’ёзнага стаўлення да літургіі… Перад абліччам такой сітуацыі Святы Айцец [Бенедыкт XVI] не мог маўчаць: як мы бачым ў лісце да біскупаў наконт motu proprio, а таксама ў яго шматлікіх прамовах, ён мае глыбокае пачуццё пастырскай адказнасці. Таму гэты дакумент, акрамя таго, што ён з’яўляецца спробай дайсці да еднасці з Супольнасцю св. Пія Х, таксама можна назваць знакам, моцным заклікам паўсюднага пастыра да зброі, да пачуцця сур’ёзнасці.

«Пачуццё сур’ёзнасці» — гэта менавіта тое, прасоўванню чаго служыць урачыстае выкананне рытуалу альбо цырымоніі, бо пры гэтым ствараецца і выхоўваецца правільная ўнутраная пастава тых, хто моліцца, — усведамленне таго, што мы кленчым ці хутка будзем кленчыць перад Каралём каралёў і Уладаром уладароў, укрыжаваным і ўваскрослым Збаўцам, укрытым пад вэлюмам Найсвяцейшай Эўхарыстыі, і што гэтае наша прывілеяванае становішча патрабуе ад нас найвышэйшай пакоры, пакланення і прагі святасці. Толькі тады, калі гэтыя цноты (а таксама іншыя, блізкія да іх) бачным і чутным чынам будуць характарызаваць кожны аспект нашай публічнай малітвы, у нас будзе сапраўдная сакральная літургія, верная сваёй нязменнай прыродзе і таму духоўна здаровая і бяспечная для тых, хто ў ёй удзельнічае.

Калі я гляджу на тое, што казалі св. Ян ад Крыжа, св. Тэрэза Авільская і св. Тэрэза з Лізьё пра свой досвед святой літургіі ў агульным кантэксце свайго імкнення да сузіральнага саюзу з Найсвяцейшай Тройцай, я пытаюся ў сябе: ці распазналі б яны «поўную, канчатковую Ахвяру, на якую ўсе правобразы звярнулі свае вочы» (Крэшо) у збяднелых сходах сённяшніх парафій? Альбо, калі б яны нягледзячы на ўсю бязладзіцу распазналі ў гэтай непрыхаванай рэальнасці гарантаваную Богам ахвяру, якою б была іхняя рэакцыя? Гэта маглі б быць толькі крайні сполах, замяшанне, смутак, нават жах і справядлівае абурэнне. Не будзем паддавацца ілюзіям: святыя лепш чым хто ведаюць, у чым заключаецца сутнасць літургіі, бо яны нібы ўзнесеныя ў нябесную літургію і ў захапленне яе цалкам адкрытай рэальнасцю. Яны больш за нас усведамляюць зневажальны характар і шкоду зямной літургіі, якая так кепска адлюстроўвае ці нават проста супярэчыць сваёй нябеснай мадэлі. Калі мы хочам прыпадобніцца розумам да Хрыста, нам трэба таксама прыпадобніцца розумам да святых, якія найлепш наследавалі Яго. Гэта азначае, што трэба перастаць ісці на кампрамісы, калі мова заходзіць пра пакланенне Усемагутнаму Богу; нам трэба старанна пазбягаць і выганяць з нашых касцёлаў усялякую пасрэднасць, банальнасць, свецкасць і мадэрнізм. Больш за тое, разумнае стварэнне — ці то анёлы, ці то чалавек — абавязана прыносіць Богу належнае, паважлівае пакланенне; наш абавязак, больш фундаментальны і больш неадкладны, чым любыя іншыя справядлівыя абавязкі, гэта праслаўленне, благаслаўленне, пакланенне і падзяка Найсвяцейшай Тройцы — нашаму першаму пачатку і апошняму канцу, — такія, якія адпавядаюць Яе славе і велічы. Менавіта такое пакланенне прыносіць Езус Хрыстус, Найвышэйшы і Вечны Святар і Галава Містычнага Цела, у еднасці са сваімі членамі ў Каталіцкім Касцёле, згодна з законнымі абрадамі, якія Ён натхніў праз працу Святога Духа на працягу стагоддзяў.

Місія аднаўлення традыцыйнай Імшы (а для тых, хто пакліканы да гэтага, яшчэ і паралельная праца па «рэфармаванні рэформы») надзвычай складаная. Перад абліччам пастаяннага бязлітаснага супраціву з боку пэўных біскупаў і святароў, якія пасвяць (калі можна ўжыць такое слова) недавыхаваных і нецікаўных вернікаў, мы часам можам трапіць у спакусу роспачы альбо прынамсі адчуць знеахвоту. У такія часы, як гэты, калі наш рух асветлены новай надзеяй і энергіяй, але сутыкаецца з супрацівам і вялікімі перашкодамі, нам трэба часта нагадваць сабе пра тое, што поспех прыйдзе (і можа прыйсці) толькі ад Таго, Хто з’яўляецца ўсемагутным. «Езус, зірнуўшы на іх, сказаў: «У людзей гэта немагчыма, але не ў Бога; бо ў Бога ўсё магчыма» (Мк 10:27). Якім бы ні быў наш прыжыццёвы літургічны лёс, якім бы ні быў поспех у нашым змаганні, мы ведаем, што Хрыстус, наш Кароль, у сваіх пакутах, уваскрасенні і ўнебаўшэсці ўжо перамог свет і чакае, калі мы далучымся да Ягонай перамогі. «Гэта Я сказаў вам, каб вы мелі ўва Мне спакой. У свеце зведаеце ўціск, але будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16:33). Гэты свет няспыннай барацьбы — гэта наш выпрабавальны палігон, на якім наш Пан правярае нашую вернасць справам Праўды (пар. Ян 18:37). Пасля добрага змагання, пасля знішчэння плямы нашых грахоў мы перанясемся ў святыню, не людскімі рукамі збудаваную, да трона, які няможна разбурыць, да алтара, які ніколі не будзе перасунуты — да невымоўнай прыгажосці Хрыста, да Бога бясконцага суцяшэння і хвалы, Якому «благаслаўленне і слава, і мудрасць, і падзяка, і пашана, і сіла, і моц… на вякі вякоў. Амэн» (Ап 7:12).

Раздзел 2. Слова Бога і шматслоўнасць чалавека

Аднойчы мне на думку прыйшло такое параўнанне: імправізаваныя прамовы падчас парафіяльнай Імшы на народнай мове — гэта літургічны эквівалент разрастання прыгарадных раёнаў.

Многія з нас сустракаліся з выпадкамі разрастання казанняў. Я хацеў бы ўзгадаць два прыклады, якія варта прывесці менавіта таму, што святары, пра якіх я кажу, былі ў кожным сэнсе вернымі і пабожнымі і насамрэч верылі ў Сапраўдную Прысутнасць Езуса ў Эўхарыстыі. Можна было б прывесці і прыклады няверных святароў; аднак тут я хачу паказаць, што штосьці не так менавіта з абрадам Імшы, калі ён незаўважна ўплывае на кожнага цэлебранта і той робіцца прамоўцам, а не перадатчыкам. У першым выпадку святар перад малітвай «Ойча наш» сказаў не «памятаючы збавенныя запаведзі і Божым настаўленнем навучаныя, асмельваемся казаць» ці штосьці падобнае, а вось што: «Сабраныя нашым Збаўцам Езусам Хрыстом як Божая сям’я, мы слухаем Яго і вучымся Яго малітве, у якой мы просім аб выкананні Божай волі і молімся аб ласцы прабачаць тым, хто зграшыў супраць нас і супраць нашых любімых, у той самы час пакорна просячы Пана прабачыць нам тыя моманты, калі мы падводзілі Яго». У іншым выпадку, гэтым разам перад «Пане, я не варты», іншы святар прамовіў такую імправізацыю: «Вось Езус, наш брат, добры пастыр, рахманае Ягнё, Ён бярэ на сябе грахі свету, Яго Кроў адкупляе нас, а да Яго Цела — Касцёла — мы пакліканыя як браты і сёстры. Мы маем шчасце і благаслаўленне раздзяляць гэтую вячэру, але паколькі мы часам падводзілі Яго, цяпер мы молімся: Пане, я не варты…»

Чуючы такія пакручастыя экстрапаляцыі імшальных тэкстаў усё сваё жыццё (я нарадзіўся ў год Пана 1971, калі мастацкі густ, верагодна, дасягнуў такога дна, ніжэй за якое яму не дазвалялі апусціцца законы метафізікі), я ўвесь час здзіўляюся, што Папа і біскупы дагэтуль не ачунялі і не забаранілі ўсе падобныя імправізацыі яшчэ шмат часу таму. Ужо дарослым, падчас шчаслівых момантаў наведвання Боскай літургіі св. Яна Хрызастома і іншых візантыйскіх літургічных набажэнстваў, я не мог не заўважыць, што там ніколі не сустракалася тэксту, які не быў бы дакладна прадпісаны; усё, што святар і люд павінны былі гаварыць ці спяваць, было дакладна і адназначна дадзена ім. Тое самае назіраецца і ў традыцыйным лацінскім абрадзе, а таксама ў кожным гістарычным абрадзе Каталіцкага Касцёла ці праваслаўных супольнасцяў. Заахвочваць і нават дазваляць спантаннасць у святой літургіі — гэта чыстая і адназначная навінка. Ёзаф Ратцынгер добра заўважыў: «Веліч літургіі залежыць… ад яе неспантаннасці (Unbeliebigkeit. Калі здагадкі гісторыкаў верныя, то ў раннія стагоддзі мясцовыя Касцёлы маглі ў пэўнай ступені імправізаваць, але гэта быў адносна кароткі час, пасля якога літургічныя тэксты ў розных абрадах пачалі прадпісвацца адпаведнай касцёльнай уладай, а іх фармуляванне стала лічыцца нармальнай справай. Як у веравучэнні, так і ў літургіі Святы Дух вядзе Касцёл да паўнаты праўды; стабільнасць літургіі, стрыманасць святара і ўрачыстасць рытуалу з’яўляюцца яўнай часткай гэтага працэсу навучання — працэсу пакорнага памяншэння ў сферы «крэатыўнасці», каб наш Пан, уцелаўлёнае Слова Праўды, мог зрабіцца вялікім у сваёй дамінуючай, жыццядайнай Прысутнасці. Біскупы і святары ні ў якім разе не з’яўляюцца ані аўтарамі, ані імправізатарамі, а толькі спадкаемцамі і распарадчыкамі гэтага дару. Як бы таленавіта ў іх ні выходзіла паэтычнае ўпрыгожванне Імшы, яны з’яўляюцца слугамі спадчыны і зазвычай нікім болей. Калі тэксты былі ўкладзены і зацверджаны, ужо не застаецца ані магчымасці, ані патрэбы для слоўнай імправізацыі.

Слова супраць шматслоўнасці

Рэфармаваная рымская літургія ў тым выглядзе, у якім яна цэлебруецца сёння ў большасці касцёлаў, вельмі часта рэцытуе прадпісаныя тэксты і вельмі мала спявае тыя ж тэксты, а таксама ўключае ў сябе надта мала цішыні — найлепшага спадарожніка спеву. У Боскай літургіі св. Яна Хрызастома падчас набажэнства выкарыстоўваецца вельмі вялікая колькасць літургічнага тэксту, нашмат больш, чым у Трыдэнцкай літургіі, аднак увесь гэты тэкст успрымаецца роўна, таму што, з аднаго боку, вернікі і кантары спяваюць большую яго частку, а з іншага боку, у алтарнай частцы святыні святары і дыяканы ціха рэцытуюць іншыя малітвы. Кожны ведае альбо можа лёгка даведацца, што гэта за «прыватныя» малітвы, таму не ствараецца ўражання непраходнага раздзелу паміж духавенствам і свецкімі вернікамі. У выніку ствараецца такі эфект, нібы з розных крыніцаў, як дым кадзіла, уздымаецца адзіная хваля малітвы на хвалу Найвышэйшага Бога. Тое самае датычыцца ўрачыстай спяванай Імшы ў надзвычайнай форме рымскага абраду. На ёй многія літургічныя тэксты спяваюцца ўголас (антыфоны, Kyrie, Gloria, Пасланне, Евангелле і г. д.), тады як святар і іншыя служыцелі ціха прамаўляюць свае ўласныя малітвы. Рымская Імша больш стрыманая і ўмеркаваная, чым яе візантыйскі аналаг, аднак іх падабенства можна лёгка бачыць у паэтычнасці жэстаў, у паліфоніі і шчыльнасці малітваў, у прыгажосці ўбрання і спеваў, у агульнай атмасферы боскай таямніцы.

У параўнанні са сваім сучасным аналагам, традыцыйная Імша з’яўляецца парадаксальнай літургіяй, бо яна мае больш тэксту, але менш шматслоўнасці. Калі паглядзець у кнігі, там будзе больш малітваў, больш лексікі, аднак, несумненна, агульнае ўражанне будзе такім, быццам шматслоўнасці, «тэкставасці» ў гэтай Імшы менш, чым мы адчуваем у выпадку Novus Ordo. Растлумачыць гэты парадокс даволі лёгка. Па-першае, як і ў выпадку ўсіх традыцыйных літургій, незалежна ад абраду, у usus antiquior ёсць шмат малітваў, якія святар чытае ціха альбо прыцішана, пакуль адбываюцца іншыя рэчы альбо гучаць спевы. Novus Ordo са сваім рацыяналізмам, характэрным для ўсіх навінак, патрабуе, каб амаль усё прамаўлялася гучна і, што яшчэ горш, абвяшчалася ўсяму свету. З-за гэтага ўся Імша можа выглядаць, як пабожная прамова, асабліва ў касцёле з мікрафонамі, гаманлівым цэлебрантам альбо і тым, і іншым.

Па-другое, малітвы класічнага рымскага абраду нашмат больш устойлівыя, прадказальныя, паэтычныя і глыбокія. Гэта азначае, што святар і люд даволі моцна прывыкаюць да іх, аднак знаходзяць іх бясконца багатымі ў змесце. Чым больш іх паўтараеш, тым лепшымі яны становяцца. Хто ж будзе аспрэчваць, што адной з найбольш любімых якасцяў традыцыйнай літургіі з’яўляецца тое, што яе можна вельмі добра спазнаць? Вы ведаеце, што ідзе наступным, і вы ведаеце, што вам гэта патрэбна; ваш закеўзаны імшалік робіцца вашым сябрам; вы асцярожна і з ўдзячнасцю ўваходзіце ў дух літургіі, а яна кіўком кліча вас, каб зноў падзяліцца сваімі сакрэтамі. У гэтым сэнсе традыцыйная Імша прадстаўляецца як ціхае, зыркае святло, у якое чалавек можа ўвайсці, увабраць яго, аддацца яму. У новай жа Імшы ландшафт, надвор’е і дарожныя знакі пастаянна змяняюцца ў залежнасці ад выбару таго ці іншага набору варыянтаў; там і тут з’яўляюцца спантанныя каментары, чытаюцца кепска ўкладзеныя малітвы вернікаў і г. д.; у ёй надта мала таго, што з дня ў дзень застаецца нязменным. Найгоршы вынік з гэтага ўсяго такі, што пра медытацыю можна забыцца.

Мова цяжкая і мова лёгкая

Гэта праўда, што ціхая Імша з’яўляецца той формай usus antiquior, у якой прысутнічае вялікая доля рэцытаванага тэксту, і гэта, вядома, не ідэал; нормай з’яўляецца ўрачыстая спяваная Імша, і калі б у Заходнім Касцёле ўсё было так, як павінна быць, то спяваных Імшаў было б нашмат больш, падобна як і ва Усходнім Касцёле Боская літургія заўсёды была спяванай. Тым не менш існуе істотнае адрозненне паміж рэцытацыяй ціхай Імшы і рэцытацыяй новай Імшы. Розніца заключаецца ў багацці і сталым характары старажытных тэкстаў, якія робяцца другой натурай таго, хто моліцца. Сама прырода слова на старой Імшы адрозніваецца з-за спосабу, якім яно прадстаўляецца, перадаецца, выказваецца, з-за ахінаючай яго цішыні, з-за шэпту, з-за пераходу паміж публічным і прыватным, знешнім і ўнутраным, з-за рытмічнага гучання псальмаў. Дзякуючы ўсім гэтым спосабам словы пранізваюць цішыню і нараджаюць медытацыю; Імша глыбока пускае карані ў душу асобы, як расліна пранікае ў зямлю. Тут «праблема» словаў пераўзыходзіцца самой літургічнай формай, даючы магчымасць гэтай падзеі з усімі яе словамі і цішынёю, з яе зменнымі і сталымі часткамі стаць благаслаўленнем любячага адказу на прапанову Езуса аб сяброўстве, на неспасцігальную міласэрнасць Бога, рэалізаваную на Крыжы. Рэцытаваная Імша з’яўляецца ціхай у сваіх словах і вымоўнай у сваёй цішыні. Яна кажа пра Узлюбленага і Узлюбленую, пра Жаніха і Нявесту — боскі раман, як называе яго св. Ян ад Крыжа, дзе і гарачы шэпт, і гучны спеў з’яўляюцца нашмат больш адпаведнымі, чым простая штодзённая мова.

Рэфармаваная рымская літургія, як па самім сваім укладзе, так і па распаўсюджаным цяпер спосабе яе цэлебрацыі, абясцэньвае цішыню і надае надта шмат увагі гуку, асабліва размове, слову чалавека, а не больш цяжкадаступнаму слову Бога. На многіх Імшах адбываецца поўны пераварот самой істоты літургіі, калі «літургія Слова» значна пераважае ў прапорцыях і годнасці літургію Эўхарыстыі. Часам гамілія ўсё цягнецца і цягнецца, тады як Канон Імшы, самая сакральная яе частка, доўжыцца ўсяго некалькі момантаў, бо зазвычай, каб Імша не займала зашмат часу, выкарыстоўваецца ІІ эўхарыстычная малітва. Многія святары не ўсведамляюць сабе вялікую недарэчнасць гэтага дысбалансу. Для грунтоўных зменаў нам спатрэбіцца новае пакаленне святароў, якія дзякуючы традыцыйнай літургіі навучацца, што павінна стаяць на першым па важнасці месцы і што мае знаходзіцца на перыферыі: «Яму трэба ўзрастаць, а мне станавіцца меншым» (Ян 3:30).

Як рэлігійны рытуал, новая Імша здзіўляе сваёй дробнасцю. Падрыхтоўка ў пачатку Імшы нязначная, нотка пакаяння настолькі слабая, што яе магла б заглушыць пралятаючая муха; першай частцы Імшы ад пачатку да першага чытання балюча не хапае засяроджання на тым, хто такі Бог, хто такія мы і што ўвогуле будзе адбывацца. Ад словаў прывітання і далей пануе лёгкая атмасфера, гарызантальны настрой і размоўны рэжым. Параўнайце гэта з радком, які прамаўляецца напачатку Трыдэнцкай Імшы з адначасовым выкананнем знакам крыжа: «Дапамога нашая ў імені Пана, Які стварыў неба і зямлю». Акрамя таго, што гэты радок яўна прызнае, што Бог з’яўляецца Творцам сусвету, ён насамрэч яшчэ больш кажа штосьці пра душу чалавека, пра яе бездапаможнасць, пра яе патрэбу ў Богу. Дзе ў Novus Ordo тая ж патрэба, тая ж туга, тая ж мальба да Найсвяцейшай Тройцы? У літургічнай мове новай Імшы практычна адсутнічае вага, змест і сур’ёзнасць, якія павінны быць у гэтым месцы. Нават выкарыстанне біблійнай мовы і фразеалогіі на працягу ўсёй літургіі было вычышчана і перанесена ў рацыяналістычны, масіўны лекцыянарый, з якім літургія амаль не звязана і які не надаецца да запамінання.

Усепаглынаючая малітва

Аднойчы ў Еўропе я ўдзельнічаў у адной літургіі: яе цэлебраваў святар, які размаўляў па-нямецку, але я не вельмі добра яго разумеў, таму што яго вымаўленне адрознівалася ад таго, што я вывучаў у школе. Я больш-менш разумеў, пра што ён кажа, але дэталі губляліся. Аднак гэта аказалася цікавым адукацыйным досведам. Пабыўшы пасіўным адбівацелем гуку, я вельмі добра зразумеў, наколькі вербальнай, манатоннай і аднароднай можа быць новая Імша. Уся яна ад пачатку да канца была амаль бесперапыннай плынню словаў. Дапаўняе ж карціну тое, што я таксама меў магчымасць прысутнічаць на многіх Трыдэнцкіх Імшах у Еўропе, і мой досвед быў цалкам супрацьлеглы: малітвы — о дасканалая разважлівасць і прастата! — былі тымі самымі незалежна ад роднай мовы святара; гэта было нібы вяртанне дадому, цёплае прывітанне, суцяшэнне; Імша была і адчувалася як паўторнае ўпрысутненне ахвяры Кальварыі, у якім я, нягодны грэшнік, мог удзельнічаць з усёй уважлівасцю маёй душы, у кампаніі Найсвяцейшай Дзевы Марыі, св. Яна і ўсёй супольнасці анёлаў і святых.

Хоць касцёльная іерархія працягвае рабіць выгляд, што паслясаборнага крызісу, звязанага з рэформай Імшала, няма і ніколі не было, шматпакутныя каталікі на зямлі вельмі добра ведаюць пра існаванне крызісу вялікага маштабу. Жудаснае падзенне наведвальнасці Імшаў не было выпадковым ці выкліканым толькі знешнімі фактарамі; у ступені большай, чым гэта асмельваюцца прызнаць пастыры Касцёла, яно было выклікана вельмі банальным набажэнствам з Камуніяй, якое, як здавалася, замяніла Найсвяцейшую Ахвяру. Гэты фактар паўплываў на многіх хісткіх вернікаў у 1970-я гады і канчаткова адштурхнуў іх ад наведвання Імшы.

Але былі і больш трагічныя выпадкі глыбока адданых каталікоў, якія любілі старую Імшу і былі скрушаны, здзіўлены, шакіраваны, абураны і раззлаваны раптоўнымі зменамі — тымі зменамі, што вырвалі іхнія сэрцы з найдаражэйшай для іх рэлігійнай практыкі і мелі нахабства ўстанавіць на яе месцы эрзац-рытуал, цырк эксгібіцыянізму. Цягам гадоў я размаўляў з многімі такімі адкінутымі каталікамі — людзьмі, якія ніколі не змогуць забыцца пра тое, што святары і біскупы зрабілі з каталіцкім жыццём і культурай, з Імшою, з верай. Літургічная рэформа пакінула па сабе незлічоныя магілы параненых і зламаных душаў, пра пакуты якіх — ці то страту веры, ці то гераічнае захаванне веры — мы даведаемся толькі ў наступным свеце, на Апошнім судзе, калі ўсё схаванае будзе зроблена яўным.

З сацыялагічнага пункту гледжання, рэзкі спад у наведвальнасці Імшаў быў нармальнай і прадказальнай рэакцыяй на хутка і радыкальна перагледжаную літургію, якая моцна супярэчыла папярэдняй Традыцыі, але іронія заключаецца ў тым, што новы бліскучы абрад быў складзены якраз для таго, каб «больш непасрэдна прамаўляць» да сучаснага чалавека, чаго быццам бы не магла рабіць раздражняльна складаная, эстэтычная, рытуальная, сімвалічная лацінская літургія, якую, на думку экспертаў, «мала хто разумеў». Яшчэ ніколі натуралістычную памылку не ўдавалася прадэманстраваць настолькі яскрава. Малітвы і цырымоніі традыцыйнай Імшы з’яўляюцца ў найлепшым і найбольш поўным сэнсе слова натуральным адказам на трансцэндэнтную таямніцу Уцелаўлення. Менавіта таму гэтая Імша з’яўляецца такім дасканалым інструментам звышнатуральнай ласкі, які ўключае ў сябе натуру і ў той самы час пераўзыходзіць яе. Літургія арганічна развілася з Аб’яўлення і натхнёнага ласкай людскога адказу на яго, і менавіта таму пасля адпаведнага кантакту і высілку кожны здолее зразумець старажытны абрад, але ніхто не зможа ахапіць яго. Novus Ordo, наадварот, з’яўляецца эстэтычна-інтэлектуальным канструктам: яе эстэтыка настолькі ж бясформенна брыдкая, як і большасць касцёлаў, збудаваных у паслясаборны перыяд, а яе «даступны змест» з-за сваёй шматслоўнасці і рацыяналістычнасці (гэтыя дзве рэчы амаль заўсёды ідуць побач) з’яўляецца нудным і павярхоўным. Кожны можа гэта зразумець, кожны можа бачыць гэта наскрозь. Ці ж гэта сапраўды ўсё, на што мы здольныя дзеля таямніцы веры, якая знаходзіцца ў цэнтры сусвету?

Як вынік, на звычайнай Імшы ў рэфармаваным абрадзе ўсепаглынанне альбо адсутнічае, альбо яго вельмі мала ў абодвух сэнсах: у сэнсе свядомасці таго, што сама літургія мае дастаткова сродкаў, каб паглынуць нашыя сэрца і розум, а таксама свядомасці таго, што мы паглынаем тое, што яна прапануе. Яна не мае амаль нічога супольнага з Божым культам, са шчырым пакланеннем Богу, да якога з розным поспехам імкнуліся ўсе народы ўсіх культур у кожныя часы. Калі гэта сапраўды так, то ў новай літургіі вельмі мала што здольнае моцна прывабіць сур’ёзнага пілігрыма, які знаходзіцца ў пошуку жывога Бога: мусульманіна, які непераадольна жадае пакланяцца Усемагутнаму Пану неба і зямлі, будыйскага манаха, засяроджанага на ціхім дасягненні прасвятлення, артадаксальнага юдэя, жыццё якога ахоплена пашанай да Закону Найвышэйшага. Калі такія пілігрымы ўвогуле знаходзяць штосьці прывабнае ў каталіцкай веры ў тым выглядзе, у якім яна практыкуецца ў сучаснай парафіі, і нават навяртаюцца, то гэта найчысцейшая Божая міласэрнасць, ласка якой пераўзыходзіць абмежаванні прыроды і культуры. Новая літургія вельмі мала дапамагае ў гэтым. Параўнайце гэты смутны факт з бясконцымі гісторыямі дасаборных канвертытаў, такіх як Шарль Пэгі, якіх да каталіцкай веры прывабіла найперш ці найбольш глыбока менавіта тая святая літургія, якая калісьці служылася па ўсім свеце.

Закон спадаючай даходнасці

Прыняцце Novus Ordo і фактычнае скасаванне грыгарыянскай літургіі было асабліва неразумным з «экуменічнага» пункту гледжання. Класічная літургія кідае выклік. Яна пытаецца: ці верыш ты ў тое, у што верыць Касцёл, ці не? Сама яе форма патрабуе адказу, і многія канвертыты прыйшлі ў Касцёл дзякуючы яго культу, таму што ён змусіў іх зрабіць выбар. Перагледжаная ж форма Імшы паводле задумы мае ў сабе пратэстанцкі элемент. Які-небудзь пратэстант на новай Імшы можа нават адчуваць сябе настолькі ж камфортна, наколькі ён адчувае сябе на сваёй службе. Адпаведна, для пратэстантаў існуе значна менш сэнсу навяртацца, значна менш сэнсу захапляцца Верай у яе адрознасці і паўнаце праўды. Чаму ж у той перыяд гісторыі, калі пратэстанты альбо знікаюць у ліберальным прыцемку багоў, альбо вяртаюцца да сціслых лютэранскіх і кальвінісцкіх памылак, мы маем ласкавасць іх імітаваць? Ці ж не павінны мы хутчэй паказаць нашую любоў да несмяротных душаў нашых аддзеленых братоў, запрашаючы іх далучыцца да адзінага сапраўднага Касцёла, заснаванага Хрыстом на скале св. Пятра, і пакланяцца Богу так, як гэта рабілася ў згодзе з дзвюма тысячамі гадоў Традыцыі?

Уявім сабе яшчэ больш трагічны выпадак усходняга праваслаўнага хрысціяніна. Калі ён хоць крыху бесстаронна паставіцца да Захаду, ён зможа пабачыць у традыцыйнай малітве Заходняга Касцёла штосьці старажытнае, урачыстае і прыгожае, прысутнасць духу ранняга Касцёла, эпоху мучанікаў і вызнаўцаў. «Не можа любіць той, — заўважае Арыстоцель, — каму найперш не спадабалася тое, што ён убачыў». Але наш дэмантаж і інавацыі толькі пацвердзяць суровы прысуд, вынесены праваслаўнымі тэолагамі, што Заходні Касцёл знаходзіцца пад уладай рацыяналізму, які з’яўляецца крыніцай пошасці мадэрнізму. Для праваслаўнага галоўная праблема, звязаная з Захадам, гэта тое, што нашая тэалогія — гэта «тэалогія мысліцеля»: мы ствараем новыя тэорыі, пачынаем іх любіць і затым пачынаем змяняць нашы звычаі, практыку і нават нашу літургію, каб яны адпавядалі гэтым тэорыям. На Усходзе першаснае значэнне мае Традыцыя, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне; гэта павінна быць канчатковай мерай нашых цяперашніх унутраных паставаў і думак, і калі акажацца, што мы адыходзім ад гэтага альбо супраціўляемся гэтаму, мы павінны пакаяцца і навярнуцца. Сёння, бачачы, як лёгка перамяняецца ў сляпую пыху пастава «гары Афон», я не хвалю праваслаўных за іх вернасць Традыцыі; у некаторым сэнсе, яны здрадзілі ёй яшчэ больш, чым гэта зрабіў Захад. Чым я захапляюся, дык гэта іх фундаментальнай паставай адносна спадчыны, якую яны атрымалі: яны жадаюць быць вернымі ёй як каштоўнаму Божаму дару, і менавіта гэта і ёсць духоўна здаровая пазіцыя — значна лепшая, чым пазіцыя заходніх «рэфарматараў» ці то XVI, ці то XX стагоддзя, для якіх каталіцкая Традыцыя — гэта штосьці накшталт рынку, на якім кожны выбірае інгрэдыенты на свой густ.

Як жа мы маглі яшчэ больш аддаліцца ад візантыйскай Боскай літургіі якраз у той момант, калі ў адносінах з праваслаўнымі пачало праяўляцца ўзаемапаразуменне, якога не існавала стагоддзямі? Нягледзячы на вялікую і відавочную знешнюю розніцу па сваім духу старажытная літургія, асабліва калі яна цэлебруецца ў форме ўрачыстай спяванай Імшы, вельмі зразумелая для ўсходніх хрысціянаў. Яна размаўляе на той жа мове пашаны, урачыстасці і прыгажосці. У сваіх падарожжах я заўважыў пацвярджэнне гэтаму, бо ўсходнія біскупы, святары і манахі былі больш прыхільныя і сяброўскія да тых заходніх кляштараў, якія захоўваюць першынство літургіі, спеву і іншых сакральных сімвалаў, а таксама сур’ёзна і аддана жывуць пакліканнем сузірання.

Такім чынам, несумненны паслясаборны крызіс можна ў вялікай ступені аднесці да літургічнай рэвалюцыі, да дэмантажу традыцыйнага культу Каталіцкага Касцёла. Імша з’яўляецца квінтэсэнцыяй веры; калі яна моцная, жыццё вернікаў будзе засяроджана на Уладару і Цэнтры ўсіх сэрцаў, нашым Пану Езусе Хрысце. Калі яна моцная, таксама будзе моцным і місіянерскі імпульс: жаданне прывесці пратэстантаў у паўнату веры праз іх асабістае навяртанне, жаданне шукаць сапраўднай еднасці паміж Усходам і Захадам, заснаванай на супольнай духоўнай спадчыне.

Святое Пісанне: колькасць ці якасць?

Выдатную ілюстрацыю глыбокіх адрозненняў паміж дзвюма формамі рымскага абраду можна пабачыць у тым, як кожная з іх выкарыстоўвае найвялікшы з усіх тэкстаў: боганатхнёнае Пісанне.

У традыцыйнай літургіі Святое Пісанне прысутнічае паўсюль у форме радкоў, дастаткова кароткіх, каб іх можна было запамятаць, абдумаць і далучыць да свайго малітоўнага жыцця: інтроіт, градуал, аллелюя, антыфона аферторыя, антыфона на Камунію… У старажытнай Імшы Божым словам моляцца, і моляцца глыбока, як і належыць абраду, які быў сфармаваны культурай lectio divina. У найлепшых абставінах (хоць ад гэтага і не менш нарматыўна) Божае слова спяваецца, прычым мелодыя дасканала адпавядае паэзіі лацінскай мовы. Над якімі тэкстамі ў гэтай слёз даліне (якую мы, сучасныя людзі, шукаючы больш стрэсу, ператварылі ў даліну хуткасных магістраляў і пастаянных электронных лістоў) мы можам спыніцца і паспяваць іх? Як казаў Аўгустын, «спяваць можа толькі той, хто любіць». Мы спяваем словы, якія любім, альбо словы, якія нагадваюць нам пра тых, каго мы любім. Кожны раз, калі на Трыдэнцкай Імшы спяваецца Пасланне ці Евангелле, гэта прымушае маё сэрца біцца хутчэй; гэта спеў любові, спеў чалавечага сэрца, якое трапіла ў раман са спрадвечным Словам. У новай жа літургіі Біблія амаль заўсёды чытаецца. Тут няма любоўных адносінаў; гэта размераная сустрэча, на якой трэба вырашыць пэўныя справы.

Насуперак паўсюднаму меркаванню, звычайная форма рымскага абраду таксама прапануе вернікам менш Пісання, калі казаць пра якасць. Старажытная літургія насычана Пісаннем не толькі ў зменных антыфонах і малітвах, але таксама і ў нязменных частках, і таму яна з большай моцай духоўна ўплывае на душу таго, хто моліцца. Пасланне і Евангелле старога абраду амаль заўсёды карацейшыя, мацнейшыя, больш непасрэдна звязаныя з самім святам, а таму больш эфектыўныя з пункту гледжання педагогікі. Таму старая літургія вельмі добра надаецца для разважання і прапаведавання, заснаванага на Пісанні. Але заўважце, што паспяховай яна будзе толькі тады, калі яна застанецца тым, чым яна з’яўляецца: літургіяй, багатай і поўнай пабожнасці; яна не задумвалася як заняткі па вывучэнні Бібліі.

Рэдактары лекцыянарыя для Novus Ordo кажуць, што мэтай было дадаць «больш Пісання», каб «карміць люд Божым словам». Аднак старажытны абрад значна больш прасякнуты Пісаннем праз жывое засваенне біблійнай мовы, рытмаў, тэмаў, чым новая Імша, якая, у адрозненне ад старажытнага абраду, прабягае праз «літургію слова» без усялякай затрымкі. Таму класічны абрад з’яўляецца выдатным пастаянным катэхізатарам для тых, хто аддае сябе ў рукі малітваў і чытанняў. І ў надзвычайнай форме (калі яна рэцытаваная), і ў звычайнай форме да чытання Евангелля даходзіць праз пяць-дзесяць хвілін пасля пачатку Імшы, аднак удзельнік першай з іх будзе лепш падрыхтаваны: яго душа ўжо была апрацавана псальмам 42, двайным «Confiteor», дыялогам «Ostende nobis», узыходжаннем да алтара з дзвюма багатымі суправаджальнымі малітвамі і шматграннай калектай, якая выказвае многае малой колькасцю словаў. А ў звычайнай форме гэтая частка хуткая і раз’яднаная: знак крыжа, прывітанне, «Kyrie» (часта без «Confiteor», які так ці інакш выкарыстоўваецца ў скалечанай форме) і калекта. Няма адчування натуральнага руху, арганічнай цэласнасці; гэта больш падобна на праходжанне праз пункты плану. Затым — бах! — чытанне, якое амаль заўсёды чытае свецкая асоба, найчасцей жанчына, апранутая так, каб відавочна выпадаць з шэрагу прыслугоўваючых, нібыта мы хацелі падкрэсліць, што чытанні не з’яўляюцца часткай культу і іх сэнс не заключаецца ў прынашэнні Богу ўцелаўлёнага Слова праз святарскае служэнне. Традыцыйная літургія з’яўляецца больш глыбока біблійнай, таму што яна засвоіла словы Пісання: малітвы каля прыступак алтара, заснаваныя на псальме; малітва пра агністы вугаль перад чытаннем Евангелля; аферторый са шматлікімі алюзіямі да Пасланняў; псальм, які чытаецца падчас абмывання рук; апошняе чытанне з першага раздзела Евангелля ад Яна — усё гэта прысутнічае нават на ціхай Імшы. Урачыстая спяваная Імша яшчэ больш дыхае літарай і духам Пісання. Божае слова ўплецена ў тканіну старажытнай літургіі, косць ад косці, цела ад цела.

Роля і «вага» Святога Пісання ў старой і новай формах рымскага абраду заслугоўвае большай увагі, і мы вернемся да гэтага пытання ў раздзеле 9, дзе пры дапамозе некалькіх канкрэтных прыкладаў я праілюструю і пашыру крытыку, прапанаваную ў гэтай частцы кнігі.

Рэформа, якая падманула чаканні Сабору

Калі звярнуць увагу на прычыны, па якіх св. Ян ХХІІІ склікаў Другі Ватыканскі сабор — каб паяднаць з Касцёлам усіх яго марнатраўных сыноў і дачок і выйсці насустрач сучаснаму свету, які, здавалася, прагнуў сэнсу, жадаў праўды і чакаў, калі яго саб’е з ног хрысціянскае сведчанне пра сапраўдную годнасць чалавека — то нельга не прыйсці да высновы, што наўрад ці можна было зрабіць горшую рэч, чым змяніць літургію так, як яе змянілі. Сур’ёзныя маладыя людзі, якіх я сустракаў, прагнуць містычнага, таямнічага, «іншага», адным словам, сакральнага, у якім бы абліччы яны яго ні знайшлі; яны прагнуць сімвалічнага рытуалу. Да нядаўняга часу такія рэчы знаходзіліся ў Касцёле пад забаронай на працягу сарака гадоў ці больш. Колькі разоў я бачыў захапленне і трымценне, з якімі людзі майго ўзросту альбо маладзейшыя (гэта значыць народжаныя пасля 1970 года) рэагавалі на сваю першую ўрачыстую спяваную Імшу! Старажытная рымская літургія дае магутны адказ на іхнія найглыбейшыя духоўныя жаданні, што яна заўсёды рабіла для вернікаў цягам стагоддзяў і таксама падчас «навуковых» ХІХ і ХХ стагоддзяў, калі так шмат канвертытаў прыйшло ў Касцёл дзякуючы яго літургіі.

Ёзаф Піпер так каментуе гісторыю, якая распавядаецца ў платонаўскім «Федры» пра міфічнага Тамуза, вынаходніка алфавіта:

Гэтая гісторыя… прыводзіць да вечна актуальнай высновы, што тэхнічныя вынаходніцтвы, якія, на першы погляд, спрашчаюць удзел чалавека, у рэальнасці і сапраўднасці робяць адваротнае: яны перашкаджаюць і, магчыма, нават знішчаюць гэты ўдзел. Прастата камунікацыі знішчае сапраўдную камунікацыю.

Канстытуцыя Sacrosanctum concilium заклікала да простых і ясных абрадаў, якія амаль не будуць патрабаваць тлумачэння. Нават з такім неадназначным крытэрыем класічны рымскі абрад катэхізуе больш эфектыўна, чым яго наступнік, без патрэбы ў настаўленнях, інструкцыях і тлумачэннях па-за межамі гаміліі. Па сваім характары, у сваіх малітвах, рытуалах, велічы, цішыні, ва ўсім сваім ансамблі элементаў Трыдэнцкая Імша з’яўляецца містагагічнай катэхэзай — нашчадкам шчаслівага саюзу паміж высокай тэалогіяй Айцоў Касцёла і інтэнсіўнай манаскай і народнай пабожнасцю ранніх стагоддзяў. Яна вучыць прыкладам, знакам і сімвалам; яна вучыць словам, малітвамі і чытаннямі, багатымі і нязмернымі, але не празмернымі. Той, хто год за годам прыходзіць на старую Імшу, заўсёды здолее атрымаць больш пладоў з багатага саду Касцёла.

Літургічныя рэфарматары заяўлялі, што іх адзіным намерам было даць людзям грунтоўнае духоўнае выхаванне — як быццам у нас яшчэ не было яго ў агромністай колькасці. Замест гэтага мы атрымалі кепскую сучасную ежу, якая не можа падтрымліваць жыццё. Мы атрымалі каталікоў, які супраціўляюцца гатаванню Камісіі на вячэры Традыцыі. Аднаўленне традыцыйных заходніх літургій, беручы шырока, з’яўляецца ўмовай выжывання каталіцтва. Традыцыяналістычны рух, заахвочаны заканадаўствам і прыкладам Бенедыкта XVI, благаслаўлёны хуткім прыростам прыхільнікаў, займае пачэснае месца на пярэднім фронце сапраўднай рэформы і адновы, якія заключаюцца перадусім у руплівай любові да Божага дома, да месца, дзе прабывае Яго слава (Пс 69:9, Ян 2:17, Пс 26:8), а таксама ў вернасці нашай слаўнай спадчыне, нашаму праву наследавання ў Хрысце Езусе.

Раздзел 3. Сімволіка цішыні і пустаты

Адзін з аспектаў, які мы павінны развіваць у сваіх супольнасцях з большай стараннасцю, гэта досвед цішыні. «Калі мы хочам прыняць у свае сэрцы поўны водгук голасу Духа Святога і больш цесна з’яднаць нашу асабістую малітву са Словам Бога і з публічным голасам Касцёла», нам патрэбная цішыня. У грамадстве, жыццё якога цячэ ва ўсё больш хуткім тэмпе і часта заглушаецца шумам і зводзіцца прамінаючымі рэчамі, жыццёва важна зноў адкрыць каштоўнасць цішыні. Распаўсюджанне — таксама і па-за межамі хрысціянскага культу — практык медытацыі, якія аддаюць перавагу разважанням, не з’яўляецца выпадковым. Чаму б не пачаць з педагагічнай адвагай адмысловае навучанне цішыні ў межах асабістага хрысціянскага досведу? Будзем жа трымаць перад вачыма прыклад Езуса, Які «выйшаў і пайшоў у пустыннае месца, і там маліўся» (Мк 1:35). Літургія са сваімі рознымі момантамі і сімваламі не можа ігнараваць цішыню.
Ян Павел ІІ

У старажытнай рымскай літургіі сама цішыня з’яўляецца сімвалам. Як навучае Дыянісій Арэапагіт, мы найбольш набліжаемся да спазнання Бога тады, калі цалкам адмаўляемся ад сваіх недасканалых канцэпцый і пагружаемся ў «прыцемнае святло» Бога праз інтэнсіўны сакрамэнтальны культ. Дыянісій пагадзіўся б з кс. Дэвідам Вінсэнтам Меконі: «Цішыня з’яўляецца самым забытым імем Бога. Наш свет зрабіўся надта гучным, каб ацаніць такі спосаб пакланення, як цішыня». У сваёй красамоўнай абароне традыцыйнай Імшы Дзітрых фон Хільдэбранд часта кажа пра тое, што кожнаму акту малітвы павінна папярэднічаць пастава пашаны; ён звяртае ўвагу на ўздзеянне цішыні на душу чалавека, якая пасля падзення схіляецца да знаходжання ў пастаянным шумным руху. Літургія з’яўляецца прыкладам таго, калі цішыня прамаўляе гучней за словы. Цішыня — гэта паўната мовы, паўната Божага Логасу, Які ў сваёй боскасці з’яўляецца бязмоўна зразуметым Словам Айца. І менавіта таму св. Тамаш Аквінскі, адзін з самых шматслоўных і, напэўна, найбольш таленавіты тэолаг Касцёла, не скончыў свой шлях служэння Слову, хутка накідаўшы яшчэ адзін трактат ці разгледзеўшы яшчэ адно цяжкое пытанне; ён па-дзіцячы ўвайшоў у аазіс маўклівага захаплення. Раней мы ўжо бачылі, як Ёзаф Піпер інтэрпрэтуе паваротную візію, якую св. Тамаш меў падчас Імшы 6 снежня 1273 года:

Апошнім словам св. Тамаша з’яўляецца не паведамленне, а цішыня. Але пяро з ягонай рукі вырвала не смерць. Ягоная мова змоўкла з-за вельмі глыбокага прабывання ў таямніцы Бога. Ён змаўкае не таму, што яму няма чаго сказаць; ён змаўкае таму, што яму было дазволена зазірнуць у невыказную глыбіню той таямніцы, якой людскі розум і людская мова не могуць асягнуць.

Цішыня Трыдэнцкай літургіі дае хрысціянскай душы прастору, каб засвоіць таямніцы, якія Бог ёй міласціва адкрывае; прастору, каб паразважаць над тым, як Езус прыходзіць да нас у невыказным дары Эўхарыстыі. Тыя, хто прызвычаіўся да класічнага абраду Імшы, ведаюць, як у той самай драме, якая разгортваецца ў прэзбітэрыі, можна ясна і жыва на свае вочы ўбачыць, як Езус, Ягнё Божае, «дзеля нас, людзей, і дзеля нашага збаўлення» робіць сябе прысутным на алтары ахвяры. Ахвярны характар Імшы ясна прадстаўлены ўпрыгожваннем алтара, паставай святара і годнай урачыстасцю рубрык — усё гэта настойліва вяртае розум да mysterium fidei. Важнасць цішыні ва ўсім гэтым цяжка пераацаніць, бо яна выконвае сапраўдную літургічную ролю; гэта не проста дадатак. Цішыня патрэбная якраз для таго, каб дазволіць вернікам усвядоміць паўторнае аднаўленне ахвяры Кальварыі, раскрыць прастору сваіх сэрцаў і прыняць яе плёны, зрабіць розум Хрыста сваім розумам, з’яднаць свае думкі і жаданні з боскай Ахвярай — і з ёю зрабіцца прынашэннем Трыадзінаму Богу. У суцішанай душы, падрыхтаванай для свайго Пана, Ён знойдзе — Ён створыць — месца, дзе зможа адпачыць з намі. Гэта абавязкова неабходна найперш для заходняга чалавека, які заўсёды знаходзіцца ў руху і баўбатні, якія пры дапамозе тэхналагічнай інвазіі атупляюць душу і ізалююць яе ў сацыяльным сэнсе. Людзі, якія амаль што залежаць ад таго, каб мітусіцца і ствараць шум, яшчэ больш патрабуюць магчымасці спыніцца, набраць паветра, суцішыцца, засяродзіцца ў цішыні, паслухаць, пабыць з Панам, а часам і ўкленчыць перад Ім у паставе пакоры і слабасці.

Communicatio in sacris

Камунікацыя абапіраецца на маўчанне, яму ж спрыяе і дзякуючы яму існуе. Маўчанне з’яўляецца найбольш важнай ежай для раскіданай душы, без якой яна загіне ў брудзе словаў і шуму. «Маўчанне — гэта такая магутная мова, што яна дасягае трону Бога жывога; маўчанне — гэта Яго мова, хоць таемная, але магутная і жывая», — піша св. Фаўстына Кавальская ў сваім «Дзённіку». Як паказвае старажытная лацінская літургія, святы Касцёл разумеў, што нам патрэбныя як музыка, так і цішыня — прыгожыя мелодыі і прыгожая адсутнасць гукаў. Нават калі свецкія вернікі моляцца для падрыхтоўкі сваімі ўласнымі малітвамі і пагружаны ў разумовую малітву, тым не менш гэтыя малітвы ствараюць агромністую прастору спакою, якая памяншае гэтых людзей, дае ім адчуванне свайго месца, падкрэслівае недасканаласць іх прыроды. Старажытная літургія прымушае нас усвядоміць нашую заганнасць, нашыя «незлічоныя грахі, знявагі і занядбанні» і ў той самы час — нашую ўнутраную веліч перад Богам, Які робіць сваіх слугаў вялікімі, даючы ім удзел у сваім жыцці праз боскія цноты веры, надзеі і любові. Здаецца, чалавек, асабліва сучасны, не ўсведамляе ані глыбіні сваёй грэшнасці, ані велічы свайго паклікання; ад яго схаваныя і ягоная мізэрнасць, і тое, што яму было абяцана. Такому чалавеку тэрмінова патрэбнае абуджэнне да рэальнасці, усведамленне таго, кім і чым ён з’яўляецца перад Богам, магчымасць «вярнуцца да сябе» і так дайсці да Бога, Які «бліжэй да мяне, чым я да сябе» (св. Аўгустын). Для хрысціяніна, як і для Платона, добрай будзе парада дэльфійскага аракула: «Спазнай самога сябе». Але гэта таксама цяжкі і балючы шлях, у які чалавек выходзіць толькі тады, калі пачынае вызваляцца ад зямных спосабаў думаць, размаўляць і дзейнічаць і адкідаць іх. Той самы чалавек ідзе гэтым шляхам і дасягае сваёй мэты толькі тады, калі ён пастаянна пагружаны ў гэты нябачны свет, атмасферай якога з’яўляецца Святы Дух, а цэнтрам прыцягнення якога з’яўляецца боская Чалавечнасць Хрыста.

Традыцыйная літургія з’яўляецца скарбніцай сімвалаў, значэнне якіх можа ўхапіць душа, якая не спіць. Сапраўдная літургічная рэформа дапамагала б людзям абудзіцца і пастаянна чуваць, а не спрашчала б рэчы настолькі, што людзям можна было б і не абуджацца. Словы і дзеянні не павінны станавіцца аўтаномнай функцыяй альбо рысай, якая адцягвае ўвагу тых, хто моліцца, ад таямніцы, якая здзяйсняецца на алтары; яны павінны быць празрыстыя для боскіх правобразаў, дазваляючы ім заззяць праз тэкст, спеў, жэст, убранне і — так — адсутнасць словаў і спеву. Літургія павінна быць акном, праз якое dum medio silentium, пасярод вялікай цішыні зімовай ночы, калі нарадзіўся Хрыстус, ззяе святло боскіх рэчаў; яна павінна быць люстэркам, у якім з містычнай праўдападобнасцю, што праслаўляе свой Узор, адлюстроўваюцца жыццё і смерць Хрыста. Калі падчас Імшы будзе гучаць размова ці спеў, яны павінны быць рытуальна абмежаваныя і цалкам сфакусаваныя на таямніцы, як гэта мае месца ва ўсходняй літургіі з яе паўторамі і нарастаючымі хвалямі малітвы альбо ў заходняй урачыстай спяванай Імшы, калі грыгарыянскі спеў і велічныя цырымоніі аб’ядноўваюцца, каб вывесці пабожную душу па-за час, па-за месца, у самае Сэрца Хрыста, вечнага Настаўніка. Што сапраўды не спрыяе нашаму прасвятленню ў Хрысце, дык гэта простае памнажэнне словаў, як быццам бы большай колькасцю словаў мы можам перадаць большую колькасць праўды. Наадварот, як суха заўважае св. Тамаш, «бясконцая колькасць людскіх словаў не можа здавальняючым чынам асягнуць аднаго Божага Слова». Мы наблізімся да праўды, калі адкінем свае імправізацыйныя прэтэнзіі і аддадзім сябе на службу Пану, з пашанай рэцытуючы святыя словы хрысціянскай Традыцыі, дазваляючы ім весці нас у невыказную таямніцу, якая іх спарадзіла.

Гэтая тамістычная здагадка адлюстравана ў сцвярджэнні Людвіга Вітгенштэйна: «Калі вы не будзеце спрабаваць вымавіць невымоўнае, то нічога не будзе страчана. Аднак невымоўнае будзе — невымоўным чынам — абмежавана тым, што было вымаўлена». Як кажа Кэтрын Піксток, традыцыйная літургія, са сваімі паўторамі, пропускамі, шматслойнымі сэнсамі, накладаннем прыватнага і публічнага, складанымі цырымоніямі, здольная азначаць і перадаваць нашмат больш, чым літургія, укладзеная і сфабрыкаваная камісіяй «экспертаў», рашуча нацэленых на празрысты, упарадкаваны і «рацыянальны» прадукт. Класічны абрад можа вымавіць невымоўнае, таму што ён не пераймаецца вербалізацыяй і ўдзелам: хутчэй ён настойліва засяроджаны на таямніцы, а так, безумоўна, можна знайсці правільныя словы і правільны спосаб удзелу. Таму гэты абрад ведае, калі трэба казаць, калі спяваць, калі шаптаць, калі званіць у званы альбо калі бразгаць ланцужкамі кадзільніцы — а таксама калі захоўваць цішыню.

Адно Слова ў дзвюх кнігах

Згодна з меркаваннем сярэднявечных тэолагаў, Бог напісаў дзве кнігі: Кнігу Прыроды і Кнігу Пісання. Першым аб’яўленнем Бога з’яўляецца стварэнне; гэта Слова, прамоўленае да кожнай істоты, і кожная істота ўдзельнічае ў гэтым Слове. Мы не змаглі б зразумець словаў Пісання, калі б Бог найперш не стварыў рэчы, пра якія і пры дапамозе якіх Ён сам змог бы размаўляць з намі. Годнасць класічнай філасофіі заключаецца ў яскравым сведчанні яе найвялікшых настаўнікаў — Сакрата, Платона, Арыстоцеля, Плаціна — пра сэнсоўнасць гэтага свету, гэтага космасу, праз сузіранне якога мы можам зазірнуць у боскую аснову ўсёй рэальнасці: у простую Прысутнасць усёй прыгажосці, дабраты і праўды, сканцэнтраваную ў Крыніцы ўсяго. Гэтая сэнсоўнасць адлюстроўваецца ў сэнсоўнасці словаў, мовы, якая, у сваю чаргу, робіць магчымымі сяброўскія адносіны паміж людзьмі, якія разам жывуць у грамадстве. Таму асновай грамадства, сяброўства, мовы, сузірання, малітвы, усёй чалавечай дзейнасці з’яўляецца Слова, Слова невычэрпнай урадлівасці, з якога выліваюцца формы ўсяго створанага. Гэта тое, пра што мы чытаем у першых вершах той прадмовы Евангелля ад Яна, якую святар ціха прамаўляе напрыканцы кожнай Трыдэнцкай Імшы: «На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на пачатку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей» (Ян 1:1–4).

Бесплатный фрагмент закончился.

Купите книгу, чтобы продолжить чтение.

Введите сумму не менее null ₽, если хотите поддержать автора, или скачайте книгу бесплатно.Подробнее