16+
Захад Беларусi: гiстарычны пазл

Бесплатный фрагмент - Захад Беларусi: гiстарычны пазл

Объем: 234 бумажных стр.

Формат: epub, fb2, pdfRead, mobi

Подробнее

Prologo

Чытач ужо меў магчымасць заўважыць назву гэтага ўступа: Prologo. Гэта не што іншае, як «пралог» на мове эсперанта. Дадзены выбар не выпадковы, бо стваральнік эсперанта — Людвіг Заменгоф, як вядома, быў ураджэнцам Гродзенскай губерні Расійскай імперыі, працаваў таксама і ў самім Гродне, а значыць, яго вынаходства — частка таго гістарычнага пазла, які чытачы змогуць акуратна збіраць, гартаючы старонкі дадзенай кнігі. У часы Заменгофа Захад цяперашняй Беларусі знаходзіўся ў складзе адной адміністрацыйнай адзінкі з цэнтрам у старажытным Гродне. Менавіта пра беларускі Захад і пойдзе гаворка ў ніжэй прадстаўленых раздзелах кнігі.

Выданне не з'яўляецца турыстычным даведнікам, і аўтар не ставіў сабе задачу расказаць пра ўсе вёскі ці нават буйныя гарады на беларускім Захадзе. Аднак мы паспрабуем разгледзець бліжэй гісторыю гэтага краю, знайшоўшы адрозненні і падабенства ў асобных кутках Гродзешчыны і Брэстчыны, і перш за ўсё звернем увагу на найбуйнейшыя гарады рэгіёну.

Брэст і Гродна… Стагоддзямі тут адбываліся лёсавызначальныя для цэлых народаў падзеі! Гродна, разам з Навагрудкам і іншымі гарадамі Панямоння, знаходзіўся ў эпіцэнтры дзяржаўна-утваральных працэсаў Вялікага княства Літоўскага. Тут была заключана адна з сямі гістарычных уній ВКЛ і Польшчы: Гродзенская унія 1432 года, а яшчэ раней вялася праца над Віленска-Радамскай уніяй 1401 года. У Гродне праходзілі сеймы ВКЛ, сеймы Рэчы Паспалітай, у тым ліку і апошні сейм аб'яднанай дзяржавы. У гэтым горадзе адрокся ад стальца апошні вялікі князь літоўскі і кароль польскі.

У Брэсце таксама праходзілі сеймы ВКЛ і вырашаліся найважнейшыя для народаў Кароны і Княства пытанні. У Брэсце была заключана знакамітая царкоўная унія 1596 года, а праз некалькі соцень год тут заключылі Брэсцкі мір паміж расійскімі бальшавікамі і так званымі Цэнтральнымі дзяржавамі.

У гэта выданне ўвайшлі невялікія па памеры нататкі, у рамках якіх прадстаўлены даволі значны аб'ём цытат з гістарычных дакументаў, што можа быць цікава не толькі людзям без гістарычнай адукацыі, але і калегу гісторыку. Пераклад, у тым ліку і вершаваны, выкананы аўтарам.

У кнізе паказаны падзеі самых розных гадоў… Сівое і малавядомае XIII стагоддзе. Больш даследаванае XVI. Галантнае XVIII. Прыцемненае жахам сусветных войнаў XX. Але, як нярэдка бывае, з агульнай карціны выпадае XXI стагоддзе… І таму аўтар паспрабуе выправіць гэта, дадаўшы ў дадзены пралог асабістую гісторыю!

Прыкладна за 10 год да выдання гэтай кнігі я гуляў па Гродне з маладой дзяўчынай, якая нарадзілася ў Пінску, але жыла і працавала, маючы, дарэчы, творчую спецыяльнасць, менавіта ў Гродне. Гэткая рэальная сувязь Брэстчыны і Гродзеншчыны ў выглядзе жывой, цемнавокай палешучкі, поўнай любові да архітэктуры каралеўскага горада. Я вырашыў здзівіць госцю і адвёў яе на маленькую вуліцу Малую Траецкую, куды рэдка забрыдаюць турысты, хоць выглядае вулачка вельмі каларытна і крыху нагадвае, на мой погляд, стары Талін. Дзяўчына была задаволеная і жыва спытала:

— А чаму тут Малая Траецкая, а там Вялікая?

Добрае пытанне, на якое не так проста адказаць краязнаўцу.

— Таму што там вялікая вуліца, а тут маленькая, — упэўненым тонам адказаў я, хутчэй не як краязнаўца, а проста як персона, здольная лагічна разважаць.

Дзяўчына шматзначна хмыкнула, і мы пайшлі далей.

Вуліца Малая Траецкая. Фота аўтара.

Вось такая невялікая інтэрлюдыя, якая таксама з'яўляецца часткай бясконцай, стракатай стужкі, пад назвай «Летапіс Гродна», што ўбірае ўсе падзеі, як значныя, так і не надта.

Аўтар, як можна зразумець з вышэйпададзенага, не прэтэндуе на ўсёабдымнае асвятленне шматграннай гісторыі Захаду Беларусі. Раздзелы кнігі — толькі асобныя кавалачкі гістарычнага пазла, бліскучыя і разрозненыя дэталі, быццам мазаіка са знішчанага сабора Аляксандра Неўскага ў Варшаве, калісьці створаная па эскізах выбітнага жывапісца Васняцова. Рэшткі гэтай мазаікі падзелены паміж Свята-Пакроўскім храмам Баранавічаў і знакамітай гродзенскай Каложай, як бы дзеля фарміравання яшчэ адной з незлічоных сувязей, паміж заходнімі абласцямі Беларусі.

Так, кніга дэманструе чытачу толькі часцінкі цэлага, але, як здаецца аўтару, гэта досыць яркія фрагменты, здольныя даць некаторае ўяўленне і аб усёй, па-за ўсякім сумневам, дзіўнай і маштабнай карціне.

Кластар 1. Гродна і (або) Брэст

Фрагмент 1. Барацьба за статус альтэрнатыўнай сталіцы ВКЛ

Брэст і Гродна — дзве сталіцы заходніх абласцей Беларусі. Але ў свой час яны былі яшчэ і найважнейшымі гарадамі ВКЛ, як бы канкуруючымі ў барацьбе за статус альтэрнатыўнай (другой ці трэцяй) сталіцы Княства.

У XIII стагоддзі Гродна, у адрозненне ад Брэста, знаходзіўся ў эпіцэнтры фармавання Вялікага княства Літоўскага і паказаны ў крыніцах адной з галоўных арэн супрацьстаяння літоўскіх уладцаў і галіцка-валынскіх князёў. Можна ўпэўнена казаць пра тое, што Гродна ўвайшоў у склад ВКЛ раней за Брэст. Вылучыць нейкую базу для супастаўлення палітычных статусаў гэтых двух найважнейшых населеных пунктаў дзяржавы, можна, мабыць, ужо пры князе Вітаўце, які валодаў абодвума гарадамі. У даследчыкаў ёсць падставы асцярожна сцвярджаць, што пры Вітаўце і яго фармальным сюзерэне Уладзіславе Ягайла, горад над Нёманам часцей за яго «канкурэнта» над Бугам служыў валадарам для вырашэння важных палітычных пытанняў, напрыклад, у Гродне Вітаўт заключаў мір з крыжакамі і сустракаў чэшскіх паслоў. Аднак і ў Брэсце вырашаліся найважнейшыя для ВКЛ пытанні, у прыватнасці, як піша Ян Другаш, менавіта там адбыўся спецыяльны сход, з удзелам Вітаўта і Ягайлы:

«Пасля выезду з Непаламіц, кароль польскі Уладзіслаў адпраўляецца ў Літву, каб у Брэсце Рускім правесці з князем Аляксандрам з'езд, аб якім ужо даўно папярэдзіў яго».

Сустрэча была зладжана з мэтай падрыхтоўкі агульных дзеянняў супраць крыжакоў, якія ў выніку прывялі да пераможнай для Княства Грунвальдскай бітвы.

Ягайла. Партрэт XIX ст.

У некаторых выпадках Брэст і Гродна разам служылі своеасаблівай сцэнай для драматычнай барацьбы Вітаўта за ўладу. Напрыклад, у 80-х гадах XIV стагоддзя Вітаўт, паводле звестак з Летапісу Вялікіх князёў Літоўскіх, знаходзіцца з маці Бірутай у Гродне, а пасля яе ад'езду ў Брэст, збірае ў горадзе над Нёманам сілы для паходу супраць свайго стрыечнага брата Ягайлы. Менавіта ў Брэсце, паводле некаторых звестак, Бірута была забіта людзьмі вераломнага пляменніка яе мужа.

Пад 1387 годам Ян Длугаш згадвае Вітаўта ў ліку іншых князёў, выкліканых у Вільню каралём Ягайлам.

«Па каралеўскім загадзе сабраліся браты караля, троцкі князь Скіргайла, гродзенскі Вітаўт, кіеўскі Уладзімір, наваградскі Карыбут…»

У пераліку князёў Вітаўт названы менавіта гродзенскім князем, што можна трактаваць як указанне на вялікшую значнасць Гродна ў параўнанні з Брэстам.

Падчас чарговага супрацьстаяння Ягайлы і Вітаўта, першы вырашыў нанесці ўдар па вотчынных уладаннях суперніка. Хутка ўзяўшы Брэст, кароль падышоў да Гродна, дзе абложнікаў чакала доўгая і ўпартая барацьба з вернымі Вітаўту гарнізонамі. У выніку аблогі 1390 года, воіны польскага караля ўсё ж захапілі гродзенскія ўмацаванні.

Сярод дадзеных, якія сведчаць аб важнасці таго ці іншага населенага пункта, знаходзяцца і звесткі аб стварэньні розных абарончых пабудоў. Вядома, што ў Гродне Вітаўт разгортвае маштабнае замкавае будаўніцтва, падарыўшы гораду адзін з найлепшых фартыфікацыйных комплексаў краіны. На стыку XIV і XV стагоддзяў у горадзе над Нёманам існуюць два каменныя замкі — Верхні і Ніжні. Падобныя сістэмы двух каменных умацаванняў знаходзіліся толькі ў некаторых найважнейшых гарадах Княства: Вільні, Троках і, як мяркуецца, Віцебску.

Замак Брэста ў гэты час заставаўся ў асноўным драўляным, хаця, як мяркуецца, уключаў каменную вежу валынскага тыпу, так званы «столп», пабудаваны яшчэ ў XIII стагоддзі.

У сучаснай гістарычнай літаратуры Гродна ўсё яшчэ часта называюць «другой сталіцай Вітаўта», аднак жа, які горад лічыўся першай сталіцай, Вільня або Трокі, часта не ўдакладняецца. Так ці інакш, нават калі лічыць падобны статус горада пэўным перабольшаннем, варта адзначыць, што Гродна без усялякага сумнення, разам з Трокамі, Вільняй і Коўнам, уваходзіў у пералік асноўных рэзідэнцый вялікага князя Вітаўта, а таксама часта прымаў і польскага караля Ягайлу. Важнай рэзідэнцыяй уладцаў быў таксама замак у Берасцi.

Калі пры Вітаўце і Ягайле Берасце хутчэй знаходзіцца ў цені Гароднi, то пры Казіміры Ягелончыку горад над Бугам ужо можна назваць як мінімум не менш важнай рэзідэнцый польска-літоўскіх манархаў. Па звестках польскіх гісторыкаў, менавіта ў Гродне Казімір атрымлівае прапанову стаць валадаром Кароны, а ў Брэсце згаджаецца ўзысці на сталец Польскага каралеўства, гэта значыць у перыяд праўлення Казіміра, Гродна і Брэст у чарговы раз «дзеляць паміж сабой» важную гістарычную падзею.

Казімір Ягелончык даволі шмат часу бавіў у берасцейскім замку, калі адпраўляўся з Кракава ў літоўскія землі, а таксама вяртаўся з Княства ў Карону.

Важным паказчыкам палітычнага статусу як Гродна, так і Брэста можна назваць колькасць сеймаў ВКЛ, праведзеных ва ўказаных гарадах дзяржавы. Звесткі даследчыкаў аб гэтых найважнейшых актах палітычнага жыцця дзяржавы даволі моцна адрозніваюцца. Існуюць розныя погляды на пачатак сеймаў, і часта менавіта Гродна аб'яўляецца месцам правядзення першага сейма, хаця некаторыя даследчыкі адлічваюць гісторыю склікання старадаўніх парламенцкіх асамблей Княства ад схода ў Віцебску, а іншыя ад збору шляхты ў Вільнi. Так ці інакш, у большасці публікацый сталіца ВКЛ Вільня паказваецца горадам, які прыняў найбольшую колькасць сеймаў краіны, а вось другое месца займае Брэст. Гораду над Нёманам дастаецца толькі бронза ў гэтай ганаровай гонцы. Падобнае ўзвышэнне Берасця было намечана, на думку аўтара, менавіта ў перыяд праўлення Казіміра Ягелончыка, які, аднак, памёр у сваёй гродзенскай рэзідэнцыі.

Такім чынам, грунтуючыся на статусе «другой сеймавай сталіцы» Вялікага княства Літоўскага можна казаць аб тым, што Брэст, у перыяд кіравання Казіміра Ягелончыка, а затым і Жыгімонта Старога, як мінімум не саступаў Гародне палітычнай вагой, а можа быць і пераўзыходзіў горад над Нёманам па сваім значэнні.

Аднак ужо ў канцы праўлення Жыгімонта Аўгуста альтэрнатыўны Вільні цэнтр палітычнага жыцця па-за ўсякім сумневам знаходзіцца ў Гродне, дзе праходзіць прыём буйных дэлегацый розных краін, паказаны на вядомай гравюры Гродна, аўтарства Мацея Цюндта, і збіраюцца сеймы краіны, на якіх кароль вядзе падрыхтоўку да уніі Польшчы і ВКЛ.

Прыём у Гродне турэцкага пасольства. Гравюра Цюндта, 1568 год.

Пасля аб'яднання краін у канфедэрацыю, уладаром нядаўна створанай Рэчы Паспалітай неўзабаве становіцца Стэфан Баторый. Менавіта асабісты выбар гэтага манарха, які вылучаў Гродна сярод іншых населеных пунктаў краіны, у значнай ступені абумовіў будучае ўзвышэнне яго любімай рэзідэнцыі, і гэта ў выніку дазволіла гораду над Нёманам абысці нават Вільню, стаўшы фактычнай сталіцай ВКЛ.

Баторый пабудаваў у Гродне, па ўспамінах французскага падарожніка XVII стагоддзя Дзюпонта, «адзін з найпрыгажэйшых каралеўскіх дамоў у каралеўстве», што, зразумела, было істотным фактарам, якi прадвызначаў увагу наступных манархаў Рэчы Паспалітай да гродзенскага замка. Вектар узвышэння Гродна, намечаны Баторыем, умацоўвае статус горада, зафіксаваны, напрыклад, у кнізе нямецкага гісторыка Цайлера, выдадзенай у 1647 годзе. У ёй Гродна называецца «выбітным» і «другім пасля Вільні».

Асноўнай рэзідэнцыяй манархаў у гэты час з'яўляецца Варшава. Гродна стаяў якраз на актыўна выкарыстоўванай дарозе паміж сталіцай ВКЛ Вільняй і галоўнай рэзідэнцыяй каралёў і вялікіх князёў у Польшчы. Пры гэтым Брэст застаецца ў баку ад найкарацейшага шляха ўладцаў з фактычнай сталіцы Кароны ў сталіцу Княства.

У 1673 годзе Хрыстафор Пац дабіваецца так званай «літоўскай альтэрнатывы», гэта значыць правядзення сеймаў Рэчы Паспалітай на тэрыторыі ВКЛ. Сеймавым горадам Літвы прызначаецца Гродна. Падобна Брэсту, які быў некалі «другой сеймавай сталіцай» Княства, Гродна ператвараецца ў другую сталіцу ўсёй Рэчы Паспалітай. Цяпер гэта галоўны горад Літвы, хаця, у некалькі парадаксальным ключы, ён не мае свайго ваяводства, якое ёсць у Брэста. Тым не менш, у самым канцы існавання Рэчы Паспалітай Гродна, без усялякага сумнення — фактычная сталіца ВКЛ, дзе і перагортваюцца заключныя старонкі існавання Княства, у прыватнасці, праходзіць апошні сейм Рэчы Паспалітай, пасля якога адбываецца паўстанне Касцюшкі, а пасля гэтага — палон апошняга вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў горадзе над Нёманам, і адрачэнне бяздольнага манарха ад трону.

Пасля далучэння Берасцейшчыны і Гарадзеншчыны да Расійскай імперыі, статус Гродна быў такі высокі, што першапачаткова менавіта горад над Нёманам быў прызначаны цэнтрам краю, хаця неўзабаве сталіца перамясцілася ў Вільню.

У створанай расійскай адміністрацыяй новай губерніi Брэст стаў сталіцай павета, а губернскім горадам — Гродна, хоць, горад над Бугам быў больш-менш супастаўны з губернскім цэнтрам па колькасці насельніцтва.

Раздзелены Берасцейшчына і Гродзеншчына былі ў складзе ІІ Рэчы Паспалітай. У 20-х гадах ХХ стагоддзя палякі зрабілі Брэст цэнтрам ваяводства, а Гродна толькі цэнтрам павета ў складзе ваяводства са сталіцай у Беластоку.

У складзе БССР Гродна і Брэст атрымалі свае вобласці, такім чынам зраўняўшыся ў сталічным статусе.

Цэнтрамі абласцей гэтыя заходнія гарады з'яўляюцца і ў складзе Рэспублікі Беларусь.

На момант напісання кнігі Гродна — буйнейшы заходнi горад, які лідзіруе ў большасці ўнутраных рэйтынгаў самых прыгожых гарадоў Беларусі, затое Брэсцкая крэпасць прымае большую, чым любы гродзенскі аб'ект, колькасць турыстаў, якія ў асноўным едуць з Расіі.

Два цэнтры на захадзе Беларусі. Два такія блізкія, але ў нечым і такія далёкія, цудоўныя гарады. Іх гісторыя — не толькі гісторыя своеасаблівай барацьбы за палітычную вагу, але і летапіс як бы падзеленых паміж двума гарадамі, эпахальных падзей, якія мелі ўплыў на сотні тысяч продкаў сучасных беларусаў. Таму гарады злучаны адмысловымі глыбіннымі ніцямі, якія не заўсёды проста ўбачыць абывацелям, але якія і нельга разарваць, пакуль чалавечая цывілізацыя захоўвае прыведзеныя вышэй гістарычныя звесткі ў сваіх вялiкіх архівах.

Фрагмент 2. Імперскія крэпасці ў Брэсце і Гродне

Знакамітая Брэсцкая крэпасць, вядомая далёка за межамі Беларусі, без усялякага сумнення яўляе сабой унушальны архітэктурны аб'ект, з багатай гісторыяй.

Будаўніцтва гэтага фартыфікацыйнага збудавання было, аднак, спалучана з культурнай трагедыяй горада над Бугам, а менавіта: знішчэннем усяго старога горада старажытнага Берасця.

Ажыццяўлялася будаўніцтва ў 30-х і на пачатку 40-х гадоў XIX стагоддзя, пазней рабiлiліся шматлікія «дабудоўкі» крэпасці.

Рашэнне аб будаўніцтве дастаткова маштабнага і дарагога аб'екта прыняў цар Мікалай I, які асабіста прыязджаў у Брэст. Дзякуючы ўспамінам жыхаркі старога Брэста, Паліны (Паўліны) Венгеравай вядома, што мясцовая яўрэйская абшчына была ў жаху ад праекта, які прадугледжвае знішчэнне іх горада, хаця ўлады і абяцалі кампенсаваць страты. Людзі прасілі захаваць іх дом, але ніякія просьбы, зразумела, не мелі эфекту і зацверджаны найвышэйшым загадам план быў рэалізаваны.

Так крэпасць паглынула адзін з найбагацейшых, у свой час, гарадоў ВКЛ, які быў адным з ключавых палітычных цэнтраў краіны ў перыяд праўлення Ягайлы і яго нашчадкаў.

Гарадзенская крэпасць — значна менш вядомы аб'ект. Для малапрыкметнасці гродзенскага фартыфікацыйнага комплексу на фоне брэсцкага субрата ёсць шэраг прычын. Гэта і адсутнасць шырока вядомай гераічнай гісторыі — бо гродзенская крэпасць — гэта не гісторыя гераічнага супраціву, а якраз наадварот — гісторыя занадта хуткай здачы. Важнае тут і менш суцэльнае, у параўнанні з Брэсцкай крэпасцю, аблічча, і, нарэшце, знаходжанне ў цені больш яркіх і раскручаных аб'ектаў Гродна, здольнага прапанаваць турыстам сотні розных больш ці менш уражальных помнікаў архітэктуры.

Праект Гродзенскай крэпасці 1807 года. Большая частка горада ляжыць усярэдзіне ўмацаванняў.

Гродзенскую крэпасць збіраліся будаваць вельмі доўга — так доўга, што ў выніку рэальна прыступілі да будаўніцтва толькі ў канцы XIX стагоддзя. Некаторыя праекты крэпасці прадугледжвалі ўзвядзенне ўмацаванняў у цэнтральнай частцы горада, што, у выніку, скончылася б для старога Гродна катастрофай, хаця, як можна меркаваць, не такой маштабнай, як у Брэсце, але ўсё ж жахлівай па сваіх наступствах для ўсёй культуры беларускага народа.

У выніку, у Гродне зрабілі тое, што, несумненна, трэба было зрабіць у Берасце. Аб'екты крэпасці ўзвялі не ў цэнтры Гродна і, адпаведна, яны не пашкодзілі каштоўнай забудове старажытнага горада, а толькі дапоўнілі яго архітэктурную палітру новымі фарбамі.

Два гарады, дзве імперскія крэпасці, дзве розныя гісторыі, толькі адна з якіх спалучана з гібеллю найкаштоўнейшых для краіны культурных помнікаў. Так распарадзіўся лёс, і нашчадкам застаецца выношваць праекты частковай рэгенерацыі старога Брэста (аўтар з'яўляецца прыхільнікам падобных ідэй) і спрабаваць засвоіць урокі гісторыі, каб наступныя пакаленні як мага менш наракалі на страту каштоўных узораў архітэктуры, створаных дзякуючы працы майстроў мінулых стагоддзяў.

Фрагмент 3. Старыя цэнтры Брэста і Гродна

Старыя цэнтры дзвюх важных вялікакняскіх рэзідэнцый, Брэста і Гродна, маюць нямала агульнага, але, зразумела, маецца і немалая колькасцю адрозненняў.

Найважнейшымі дамінантамі гістарычных цэнтраў двух гарадоў былі храмы, якія ў асноўным належалі каталіцкім манастырам. Вылучаліся таксама каралеўскія рэзідэнцыі, а ў выпадку Гродна, яшчэ і маштабныя магнацкія палацы, пабудаваныя з каменя ў эпоху, калі горад над Нёманам быў сеймавай сталіцай Рэчы Паспалітай.

Брэст у другой палове XVII стагоддзя, падчас аблогі шведскімі войскамі. Фрагмент гравюры Дальберга.

Стылістычны аналіз брэсцкіх храмаў, якія належалі розным каталіцкім ордэнам, паказвае нямала агульных рыс гэтых пабудоў, што дазваляе казаць аб нейкай мастацкай праграме, у рамках якой фармаваўся своеасаблівы гарадскі стыль, падобна таму, як гэта было зроблена ў Вільні ці Віцебску.

Храмы Брэста маюць масіўныя формы. Яны пазбаўлены высокіх, стройных веж, такіх характэрных для віленскага барока, але затое ў кампазіцыі аб'ектаў часцяком падкрэсляны франтон. Магчыма меркаваць стылістычны ўплыў аднаго з найбольш ранніх і знакамітых храмаў Брэста, Свята-Мікалаеўскай царквы, звязанай з заключэннем Брэсцкай уніі 1596 года, хоць найбольш пераканаўчай версіяй будзе здагадка аб прамым мастацкім уплыве так званага люблінскага рэнесансу (renesans lubelski), які ў Брэсце быў як б «адпаліраваны» уплывам развітога барока.

Каталіцкія храмы Гродна, створаныя ў перыяд XVI — XVIII стагоддзяў, яўлялі сабой больш разнастайны ў мастацкім сэнсе ансамбль. Некаторыя прыкметы выкарыстання ў будаўніцтве агульных узораў можна прасачыць і ў горадзе над Нёманам, напрыклад, узвядзенне бернардынскага храма, вялося, як можна меркаваць, з улікам мастацкіх асаблівасцей галоўнага каталіцкага сабора горада, Фары Вітаўта, а дамініканскія і езуіцкі касцёлы першапачаткова мелі блізкія па кампазіцыях фасады, але ў цэлым, казаць пра вялікую стылістычную аднастайнасць гродзенскіх касцёлаў, як гэта можна рабіць у выпадку ансамбля брэсцкіх каталіцкіх манастыроў, усё ж няма падстаў.

Шведскі праектны план умацаванняў Брэста, XVII стагоддзе.

Шэраговая забудова абодвух гарадоў, у перыяд усяго існавання ВКЛ, уключала вялікі працэнт драўляных будынкаў.

Доля гістарычных цэнтраў Гродна і Брэста пасля канчатковага знішчэння Рэчы Паспалітай і з'яўлення расійскіх кіраўнікоў была не самай лепшай. Царская адміністрацыя знішчыла важныя дамінаты Гродна — касцёлы дамініканаў і кармелітаў.

Але значна больш сумная доля чакала цэнтр старога Брэста. Тут варта звярнуцца да ўспамінаў Юліяна Урсына Нямцэвіча, ураджэнца берасцейскага ваяводства, які апісаў свой візіт у горад, у 1816 годзе, калі да будаўніцтва крэпасці заставалася крыху больш за пятнаццаць гадоў. Ужо тады Брэст быў у заняпадзе, пра што з сумам паведаміў літаратар:

«На працягу трыццаці гадоў я не бачыў сталіцы майго роднага ваяводства і пасля такога працяглага перыяду часу, з улікам таго імкнення, якое чалавечы розум, і тым больш кіраўніцтва, павінны былі б мець для ўдасканалення сваіх спраў, я чакаў прыемнага здзіўлення, выявіўшы гэтую сталіцу павялічанай, удасканаленай, адным словам, квітнеючую багаццем, і, о Божа, як сумна я расчараваўся ў сваіх надзеях! У часы маёй маладосці Брэст, хаця і не такi быў багаты і не валодаў такой колькасцю прамысловых прадпрыемстваў, як гэта павінна было б быць, але ўсё ж быў на сваім узроўні. Сёння ж не столькі варожая зброя, колькі перыядычныя, і гэта можна даказаць, наўмысныя падпалы, захоп дамоў для раскватаравання вайскоўцаў, перашкоды гандлю, усе прафесіі, усе рамёствы, усе віды прамысловасці, аддадзеныя яўрэям, гэты горад зрабілі жабрачым і маланаселеным. Два будынкі, якія калісьці ўпрыгожвалі яго, езуіцкі касцёл і Фара, стаяць у сумных руінах, спаленых агнём. Спалены дамініканскі манастыр паўстае толькі з попелу. Аўгустыянскі манастыр, раскошныя манастыры езуітаў і бернардынцаў, а таксама манастыр брыгітак, зрабiлiся ваеннымi шпіталямі, знішчаны, напоены заразай. Я абышоў усе манастыры, разбураныя ваеннымі шпіталямі. Акрамя базыльянаў, якія трымалі школы, у манастырах ніхто не выконвае статут, нават у брыгітак вайскоўцы і манашкі перамяшаныя».

Гэтыя радкі, якія змяшчаюць нават указанне на наўмысныя падпалы, малююць самую сумную карціну, але горшае чакала стары горад пазней. Як ужо было сказана ў папярэдняй главе, стары горад Берасця быў знішчаны дзеля будаўніцтва крэпасці, якая заняла яго ўчастак.

Дамініканскі касцёл Брэста. Малюнак XIX ст.

Стары горад Гродна, які раскінуўся паблізу ад высокіх, прынёманскіх узгоркаў, увянчаных замкамі і старажытнай Каложай, гэты важны для ўсёй краіны куток даўніны, здольны прывабіць многія тысячы турыстаў, гэты чароўны міраж каралеўскай эпохі, як быццам усё яшчэ захоўвае многія рысы той даўняй, пазначанай у гісторыі, сталіцы ВКЛ, гэты горад над Нёманам, Горад узгоркаў — захаваўся, хоць і далёка не поўнасцю.

Але якім жа цудоўным мог быць стары горад Брэста, з яго храмамі і замкам, якія вырастаюць уверх, і лунаюць над астравамі. Горад накрыты маленькімі, разьбянымі шкатулкамі — дамамі мяшчан… Цяпер гэты Брэст жыве на старонках старых дакументаў, і ў чароўных, лічбавых рэканструкцыях, створаных энтузіястамі беларускай даўніны. Ён не загінуў поўнасцю, бо яго культурны код — гэта і культурны код беларускага народа, які стагоддзямі жыў у адным з найпрыгажэйшых гарадоў Вялікага княства Літоўскага.

Кластар 2. На прасторах Брэстчыны і Гродзеншчыны

Фрагмент 4. Гісторыя Кронана

Нёман — адна з галоўных рэк Беларусі, і не выпадкова ў народзе яе здаўна з асаблівай павагай называюць «Бацька Нёман». Тут дарэчы пагаварыць якраз пра слова Нёман. Спецыялісты ўжо даўно імкнуцца растлумачыць загадкавую назву ракі, якая не мае лёгка чытэльнай асновы, відавочна запазычанай з моў усходніх славян. Часцяком вытокі гэтага кароткага і фанетычна моцнага рачнога імя шукаюць у мовах прыбалтыйскіх народаў. Напрыклад, існуе версія, якая кажа, што адна з літоўскіх назваў чарніц «nemuogė» перайшла, у некалькі змененай форме, да найважнейшай ракi літоўскіх і беларускіх земляў. Літоўскае «miškelis», якое азначае невялікі малады лясок, некаторыя адмыслоўцы паказваюць у якасці магчымай асновы для вядомага яшчэ ў Сярэднія вякi назову Мемель, якім звалі адну з найбуйнейшых рэк рэгіёна жыхары нямецкіх тэрыторый. Часам спецыялісты знаходзяць вытокі імя ў іншых мовах. Лацінскае слова «nemus», якое азначае гушчар або гай, таксама называюць у ліку правобразаў імя «Бацькі Нёмана». Фінскае «niemi» абазначае мыс. Не варта забываць і адну са старажытных назваў ракі: Кронан, якую звязваюць з Кроносам, богам-бацькам Зеўса Грамавержца ў старажытнагрэцкай міфалогіі.

У любым выпадку, якое б паходжанне не мела імя цудоўнай беларускай ракі, сутнасць яе ад гэтага не мяняецца. Нёман застаецца сабой, то бок мае пэўныя гідралагічныя характарыстыкі.

Рака сілкуецца атмасфернымі ападкамі, адталымі водамі, а таксама крыніцамі. Найбольшы сцёк звычайна бывае вясной, але можа быць і ў іншыя сезоны. У цёплыя зімы Нёман можа не замярзаць, затое, паводле некаторых звестак, у асобныя асабліва халодныя зімы быў пакрыты лёдам больш за 100 дзён. Рачная сістэма Нёмана мае прыкметы дрэвападобнага тыпу. Тут часта сустракаюцца водмелі, пясчаныя астраўкі, перакаты і плёсы. Глыбіня ракі 1,5—5,6 метра. Сярэдні ўхіл складае 0,08 м/км.

Багатая гісторыя «старажытнага Кронана», воды якога бачылі сотні найзырчэйшых падзей, вядома, можа быць неверагодна цікавай.

Берагі ракі былі заселеныя з моманту адступлення леднікоў. Існуе археалагічная культура (7 — 3 тысячагоддзі да нашай эры), якая атрымала назву ў гонар Нёмана.

У Сярэднія вякi на тэрыторыі нёманскага басейна ішло актыўнае ўзаемадзеянне балцкіх і славянскіх плямёнаў. Яшчэ ў перыяд XII — XIII стагоддзяў у раёне Нёмана афармляецца шэраг часткова незалежных старажытнарускіх княстваў, найгалоўным з якіх, як можна меркаваць, першапачаткова было Гродзенскае. Багатая крэпасць на вяршыні наднёманскага ўзгорка, вядомая як старажытны Гарадзен, была важным цэнтрам славянскай каланізацыі на землях Панямоння. Адной з натуральных перашкод для нападу непрыяцеля на гарадзенскі дзяцінец служыў якраз Нёман.

Да перыяду ўтварэння Вялікага княства Літоўскага, у XIII стагоддзі, адносяцца згадкі аб суднаходстве на Нёмане, а ў другой палове гэтага стагоддзя на Панямонне нападаюць крыжакі. Падчас баявых дзеянняў рыцары часта перапраўляліся праз нёманскія воды. На больш-менш блізкай адлегласці ад ракі, было пабудавана мноства розных умацаванняў, у тым ліку магутныя замкі ў Троках, Навагрудку, Лідзе, а таксама замкі ў Гродне і Коўне, якія стаяць ушчыльную з Нёманам.

Караблі на Нёмане ў 2020 годзе. Фота аўтара.

Вельмі цікавы вайсковы эпізод, звязаны з Нёманам, згадваецца пад 1390 годам. Тады войскі Ягайлы аблажылі гродзенскія замкі, а Вітаўт спрабаваў дапамагчы сваім гарнізонам, стоячы на левым беразе ракі. З гэтай мэтай ён стварыў пераправу ў замак, але польскія войскі Ягайлы, па звестках гісторыка Яна Длугаша, ссеклі векавыя дрэвы і спусцілі іх па цячэнні, каб разбурыць створаную Вітаўтам канструкцыю. Гэты дасціпны трук аказаўся для абложнікаў паспяховым.

Яшчэ адзін цікавы эпізод, звязаны з ракой, зафіксаваны ў дзённіку шляхціца Яна Храпавіцкага, пад 1668 годам:

«Раніцай віціна, нагружаная жытам, і з Міланоўскім, як толькі яна выйшла насупраць замка ў Гродне, патрапіла на моцны рачны парог, па віне п'янага рулявога, таму што ён не змог добра яе накіраваць, і ледзь не разбілася, нават рачнікі ўсё страцілі надзею і ўпалі ў ваду. Цудоўным чынам яе Бог выратаваў».

Храпавіцкі згадвае тут вельмі цікавае судна, віцiну, якую прынята лічыць асаблівым, характэрным менавіта для Нёмана, караблём. Віціны хадзілі па Нёмане і іх даўжыня, паводле некаторых звестак, дасягала 42-х метраў. Для параўнання, флагманскі карабель Хрыстафора Калумба «Санта-Марыя», на якім ён адкрыў Амерыку, быў прыблізна ў два разы карацейшы.

У 1708 годзе Нёман стаў сведкам ваеннага мастацтва адчайнага шведскага караля Карла XII. Знатны шляхціц Кшыштаф Завіша пісаў пра гэта так:

«У Гродне шведскі кароль асабіста разам з шасцю сотнямі кавалерыстаў захапіў мост і шэсць маскоўскіх палкоў з горада прагнаў. Сам цар і Меньшыкаў збеглі адтуль за некалькі гадзін».

У другой палове XVIII стагоддзя «Бацька Нёман» перажыў асаблівую падзею. У тыя гады басейны Нёмана і Дняпра былі злучаны праз стварэнне канала Агінскага.

Успаміны польскай шляхцянкі Уршулі Тарноўскай, якія тычацца 1796 года, могуць паказаць чытачу наступны цікавы эпізод:

«Выехала я з Гродна ў сем вечара ў панядзелак, але прыехаўшы да перавозу праз Нёман убачыла, што дарога загрувашчана салдатамі і экіпажамі маскоўскімі і яны сказалі мне, што Рапнін знаходзіцца на беразе і аглядае новы мост, а таксама нядаўна пабудаваныя караблі, на якіх, разам з прускімі і іншымі афіцэрамі, ён павінен адправіцца для вызначэння межаў на вадзе».

Гэтыя ўзаемадзеянні прускіх і расійскіх адміністрацый не былі адзінымі. У 1803—1807 гадах пруска-расійская камісія займалася праектам карэкціроўкі рэчышча Нёмана.

Улетку 1807 года Аляксандр I і Напалеон Банапарт, не жадаючы вайны адзiн з адным, сустрэліся на мірных перамовах, якія прайшлі на плыце пасярэдзіне Нёмана, побач з горадам Тыльзіт (Савецк). Дамовіцца тады ўдалося, і ўладцы заключылі Тыльзіцкі мір. Аднак у чэрвені 1812 года велізарнае французскае войска перайшло Нёман, каб у выніку ўзяць Маскву, а затым прайграць вайну.

Сустрэча Аляксандра I і Напалеона на Нёмане.

У 1839 годзе быў завершаны Аўгустоўскі канал, які злучыў Нёман з Віслай.

У перыяд Другой сусветнай імя беларускай ракі ўвекавечылі ў назве эскадрыллі «Нармандыя — Нёман».

Вось некаторыя вехі гісторыі Нёмана. У непасрэднай блізкасці ад гэтай выдатнай ракі размешчана мноства славутасцяў, якія, па-за ўсякім сумневам, варта ўбачыць беларускім і замежным турыстам.

Фрагмент 5. З гісторыі Белавежскай пушчы: ад зламанай нагі караля да асаблівай самагонкі

Белавежская пушча размешчана на тэрыторыі дзвюх краін: Польшчы і Беларусі, і ўнесена ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Ну а яе беларуская частка якраз падзелена паміж дзвюма абласцямі, Гродзенскай і Брэсцкай.

Калісьці, яшчэ да стварэння ВКЛ, на тэрыторыі пушчы жыло ваяўнічае племя яцвягаў. Назва пушчы ўтворана, відавочна, ад нейкай «белай вежы», якой нярэдка аб'яўляюць менавіта старажытную валынскую вежу ў Камянцы, хоць дакладных звестак аб паходжанні назвы менавіта ад каменецкага «столпа» у даследчыкаў няма.

На тэрыторыі Польшчы знаходзіцца ўмоўная сталіца пушчы, вёска Белавежа.

Здаўна пушча была паляўнічымі ўгоддзямі каранаваных асоб. Пра паляванне тут караля польскага і найвышэйшага князя (supremus dux) літоўскага Уладзіслава Ягайлы паведамляецца ў працах знакамітага польскага храніста Яна Длугаша. Вядома, што ў час палявання ў пушчы Ягайла паламаў нагу, якую пазней доўга лячыў. Відаць, менавіта ўладца Польшчы і Літвы быў адным з манархаў-рэкардсменаў па колькасці часу, праведзенага ў лясах Белавежы.

Прыклад высакароднага (па нараджэнні, але не па характары) продка перанялі яго нашчадкі — Ягелоны. Вядома, што ў пушчы часта бываў Казімір Ягелончык.

Пасля Ягелонаў у пушчу наведваліся выбарныя манархі Польшчы і Літвы, напрыклад, кароль-паляўнічы Стэфан Баторый. Не цураліся палявання ў пушчы і каралі з дынастыі Ваза, а пазней саксонскія валадары краіны.

З Аўгустам III Саксонцам якраз было звязана маштабнае манаршае паляванне падчас якога было забіта, як можна прачытаць на спецыяльным абеліску, устаноўленым у гонар гэтай падзеі ў Белавежы, 42 зубры, а ўсяго 57 асобін з атрада капытных. Дарэчы, ужо ў часы караля гэтая «разня» была асуджаная сучаснікамі, і да падобнай думкі можа, праз гады, далучыцца і аўтар, якi наогул негатыўна адносіцца да забойства жывёл дзеля забавы.

Абеліск у гонар палявання Аўгуста III у пушчы.

У часы Станіслава Аўгуста Паянтоўскага, у пушчы распараджаўся яго ўсемагутны ў ВКЛ прыхільнік, граф Антоні Тызенгаўз. Паўлегендарныя звесткі польскіх гісторыкаў XIX стагоддзя, сведчаць аб тым, што няўрымслівы каралеўскі фаварыт ледзь не ўладкаваў на пастаяннае месца жыхарства ў пушчу вялікага філосафа Жан-Жака Русо.

Жан-Жак Русо — амаль паляшук. Ігральная карта XVIII — XIX стагоддзяў.

Пасля далучэння да Расійскай імперыі земляў знішчанай Рэчы Паспалітай, рускія ўладары даволі хутка заўважылі патэнцыял Белавежскай пушчы. Цар Аляксандр III загадаў узвесці, прыкладна на месцы двара польска-літоўскіх валадароў, своеасаблівы паляўнічы замак, манаршага размаху. Размяшчаўся аб'ект на ўскраіне сучаснай вёскі Белавежа, і цяпер ад яго захавалася няшмат, хоць турысты ўсё яшчэ могуць убачыць эфектную «замкавую браму» знішчанай царскай рэзідэнцыі.

Пасля таго як палац згарэў у агні II Сусветнай палякі не сталі аднаўляць аб'ект, які асацыюецца з перыядам валадарства Расіі.

Царскі палац у Белавежы.

Ну а ў беларускай частцы пушчы пасля вайны была пабудавана знакамітая рэзідэнцыі «Віскулі» якая спачатку мела ролю паляўнічай хаткі (калі так можна назваць самавіты дом, у стылі сталінскай неакласікі) для кіраўнікоў СССР, ну а затым менавіта ў гэтым лясным кутку былі падпісаныя знакамітыя Белавежскія пагадненні, якія фармальна пазначылі распад СССР.

Вядома, што мяцовыя жыхары вырабляюць сваю асаблівую самагонку, якая носіць яркую назву «пушчанка». У 2000-х гадах аўтар, знаходзячыся ў складзе групы творчых работнікаў, меў магчымасць наведаць раённы цэнтр Свіслач, пасля чаго прымаючы бок вывез калектыў у пушчу, дзеля арганізацыі своеасаблівага банкету. Аднак просьбы пачаставаць гасцей менавіта «пушчанкай» не былі задаволеныя, бо гаспадары, па іх словах, не чакалі ўвагі працаўнікоў культурнага профіля да іх самаробнага прадукта і таму не назапасілі яго, а зрабілі стаўку на простую гарэлку з крамы. Мілыя, асабістыя ўспаміны…

Вось такая кароткая гісторыя знакамітай Белавежскай пушчы.

Фрагмент 6. Храм Ваўкавыска і загадка каложскай лапаткі

Старажытнарускі храм у горадзе Ваўкавыску адрозніваецца ад менскага храма, які мае падобны лёс, тым, што аблічча ваўкавыскай святыні даследчыкі могуць рэканструяваць даволі дакладна.

Узвядзенне храмаў Мінска і Ваўкавыска, на думку гісторыкаў, не было завершана і, ва ўсякім разе, цэрквы вядомыя толькі ў раскопках. Аднак храм Ваўкавыска адносіцца да Гродзенскай архітэктурнай школы, і больш за тое, яго план амаль дакладна паўтарае план так званай Ніжняй царквы — старажытнай святыні гродзенскага дзядзінца, вядомага як Стары замак. Гэта дае важкія падставы меркаваць, што царква ў Ваўкавыску павінна была быць падобная на гарадзенскія цэрквы, уяўленне пра якія дае, перш за ўсё, адносна нядрэнна захаваны Барысаглебскі храм на Каложы.

Цікавая дэталь звязвае ваўкавыскі храм з гродзенскай Каложай. Заходні фасад гродзенскага храма, як і аналагічны фасад ваўкавыскага, несіметрычны. У правай частцы фасада Каложы знаходзілася шырокая лапатка, непадобная на суседнія, а ў ваўкавыскім храме ў гэтым месцы да падмурка фасада прымыкае падмурак асобнага прамавугольнага аб'ёму, які дазваляе меркаваць, што старажытны дойлід збіраўся ўзвесці там нейкую вежу.

Каложская царква, сярэдзіна XIX ст. Справа бачная шырокая лапатка.

Дзіўнай каложскай лапаткай, згубленай у выніку абвальвання сценаў храма, зацікавіўся гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч, які выказаў меркаванне, у сваёй публікацыі «Ці мела Каложская царква вежу-званніцу?», што тут некалі размяшчалася званіца храма. Пры гэтым спецыяліст меркаваў, што сама званіца не захавалася, а шырокая лапатка ўяўляла сабой яе ўнутраную сценку, то бок калісьці была закрытая вонкавымі сценамі. У доказ гэтай здагадкі Вашкевіч паказваў на вельмі сціплы дэкор шырокай каложскай лапаткі ў параўнанні з суседнімі, упрыгожанымі, паводле канона гродзенскай школы, паліраванымі камянямі і маёлікавай пліткай.

Аднак аналіз высокадакладных замалёвак Барысаглебскага храма, створаных у сярэдзіне XIX стагоддзя, паказвае, што, судзячы па дэталях лапатак і парожка, шырокая лапатка задумвалася дойлідам менавіта як вонкавы, несіметрычны элемент кампазіцыі. Ды і малалічныя, але ўсё ж скарыстаныя ў дэкоры лапаткі, камяні, ужываліся ў гродзенскай школе менавіта для вонкавага аздаблення фасадаў. Акрамя таго, апсіда Каложы, якая знаходзілася з боку Нёмана, таксама дэкарыравана бядней, чым супрацьлеглая ёй паўночная апсіда, а фасад з боку Нёмана відавочна саступае паўночнаму фасаду ў пышнасці аздаблення. Усё гэта наводзіць на думку, што архітэктар XII стагоддзя вылучыў для сябе сваеасаблівую «мёртвую зону», у паўднёвай палове царквы, і падчас яе аздаблення эканоміў камяні і маёліку.

Царква XII ст. у Ваўкавыску. Аўтарская, гіпатэтычная рэканструкцыя архітэктрунай ідэі.

Можна асцярожна казаць аб тым, што шырокая лапатка Каложы задумвалася бачнай часткай фасада, а не з'яўлялася ўнутранай сценкай, як меркаваў Андрэй Вашкевіч.

Звяртае на сябе ўвагу і невялікае акенца шырокай лапаткi Каложы. Падобныя праёмы знаходзіліся ў тых месцах, дзе ўсярэдзіне будынкаў змяшчаліся нейкія вітыя сходы на верхнія ярусы.

Такім чынам, шырокая лапатка можа быць вонкавым абазначэннем унутранага аб'ёму лесвічнай клеткі, якая вядзе ў верхні ярус царквы, напрыклад, у нейкі, накрыты купалком, барабан з арачнымі праёмамі, дзе, тэарэтычна, мог змяшчацца звон.

Вяртаючыся да храма Ваўкавыска, варта заўважыць, што яго будаўніцтва нярэдка адносяць да гістарычнага адрэзка пасля будаўніцтва гродзенскіх Ніжняй і Каложскай цэркваў. Падобны падыход выглядае лагічным. Нейкі член гродзенскага княжацкага роду Усеваладковічаў атрымаў ва ўдзел Ваўкавыск і вырашыў пабудаваць галоўны храм на яго дзядзінцы, на ўзор галоўнага храма гродзенскага дзяцінца. Пры гэтым улічваўся і вопыт будаўніцтва Каложскай царквы, якая мела ўнутраную лесвічную клетку, схаваную за той самай шырокай лапаткай. Дойлід вырашыў палепшыць праект, зэканоміўшы месца ўнутры храма, і вынес лесвіцу вонкі: з гэтай мэтай у праект і быў унесены вежападобны аб'ём, фундамент якога адкрыты археолагамі ў Ваўкавыску.

Дзве вежы з лесвіцамі ўпісаны ў кампазіцыю царквы Св. Васілія ў Оўручы, якая лічыцца найбліжэйшым аналагам гродзенскіх храмаў.

Казаць тут, зразумела, варта толькі аб гіпотэзах, але, як думаецца аўтару, даволі займальных.

Фрагмент 7. Пінчукі і стварэнне Вялікага княства Літоўскага

Фарміраванне Вялікага княства Літоўскага ў якасці своеасаблівага сімбіёзу балцкіх і славянскіх земляў ішло ў XIII стагоддзі, на тэрыторыі княстваў Панямоння і ўласна самой Літвы Міндоўга. Часта менавіта дзяржаваўтваральным працэсам, якія ішлi на тэрыторыі сучаснай Гродзенскай вобласці, надаюць асаблівую ўвагу даследчыкі. Між тым, вельмі цікавую ролю адыгрывалі ў гэтай гісторыі князі Пінска. Звернемся да Галіцка-валынскага летапісу (ГВЛ), які лічыцца найважнейшай крыніцай інфармацыі аб раннім ВКЛ.

У гэтым гістарычным дакуменце чытачы могуць заўважыць апісанне дзіўных паводзін пінскіх ўладцаў, якія нібы праяўляюць некаторую сімпатыю да літоўцаў.

«У год 6755 (1247). Літоўцы з Лугвенам ваявалі каля Мельнiка і ўзялі шмат палонных. Данііл і Васілька гналіся за імі да Пінска. Міхась Пінскі папярэдзіў літоўцаў. Яны сядзелі ў лесе за агароджай, а Міхаіл паслаў ім вестку з Пінска. А Данііл і Васілька праследавалі іх, і дворскі Якаў са сваімі ваярамі. Літоўцы ж не паверылі Міхаілу і выйшлі са станаў сваіх».

Такім чынам пінскі Рурыкавіч Міхаіл чамусьці дапамагае літоўцам супраць іншых Рурыкавічаў, галіцка-валынскіх валадароў Данііла і Васількі. Пры гэтым і самі літоўцы як быццам не чакаюць такой дапамогі і не вераць Міхалу.

Тут бы і меркаваць, што пінчукі гатовы актыўна падтрымаць літоўскія атрады, але далей летапісец дадае:

«Па літасці Божай пабеглі літоўцы і былі перабітыя, і палонныя былі адбітыя, а сам Лугвен збег, паранены. Прыйшла гэтая вестка Даніілу і Васільку, і была вялікая радасць у Пінску».

Нягледзячы на жаданне Міхаіла дапамагчы літоўцам, у Пінску чамусьці радуюцца іх разгрому, хаця тэкст нібы паказвае, што радаваліся ў Пінску менавіта Васілька і Данііл.

Гэты фрагмент наводзіць на думку пра «гнуткую пазіцыю» уладароў Пінскага княства, якія фармальна застаючыся саюзнікамі валынскіх ўладцаў, схіляліся да саюзу з літоўцамі і не жадалі з імі ваяваць.

Гартаючы ГВЛ далей можна знайсці і яшчэ аргументы на карысць дакладнасцi падобнай здагадкі.

«У год 6761 (1253). Таўцівіл даслаў да Даніілу Рэўбу сказаць: „Пайдзі да Навагародка“. І Данііл пайшоў з братам Васількам, і з сынам Львом, і з полаўцамі, і са сватам сваім Тэгакам, і прыйшоў да Пінска. Князі Пінскія ўтойвалі падман, іх узялі з сабою на вайну няволяй».

Вось яно! Нават скупыя звесткі валынскага летапісца пацвярджаюць нежаданне пінчукоў ваяваць з літоўцамі.

Зразумела, падобныя паводзіны можна тлумачыць па-рознаму, у тым ліку і страхам перад літоўцамі, але можна меркаваць тут і добры разлік на здабыццё новага саюзніка ў выглядзе відавочна набіраючай моц Літвы.

Нягледзячы на «затоены падман» пінскія Рурыкавічы, без усялякага сумнення, імкнуцца захоўваць саюзніцкія адносіны і з ўладарамі Галіцка-Валынскага княства.

У 1262 годзе літоўцы ў чарговы раз ваююць з валынцамі, у выніку чаго людзі Міндоўга церпяць паражэнне. Летапісец адзначыў і рэакцыю пінскіх князёў:

«Пачуўшы пра гэта, пінскія князі Фёдар, Дзямід і Юры прыехалі да Васілька з пітвом і пачалі весяліцца, бо бачылі сваіх ворагаў разбітых, а сваю дружыну цэлай. Толькі адзін быў забіты з палка Васілька — Перыбор, сын Сцяпана Родзівіча. Потым князі пінскія паехалі да сябе, а Васілька паехаў ва Уладзімір з перамогай і гонарам вялікім, славячы Бога, які стварыў цуды, які кінуў ворагаў да ног князя Васількi».

Атмасфера пастаяннага заключэння новых саюзаў і барацьбы «усіх супраць усіх», калі ўчорашні саюзнік ужо быў ворагам, вельмі добра чытаецца на старонках летапісу, таму віхлянні пінчукоў выглядаюць цалкам лагічнымі ў дадзеных, вельмі напружаных, палітычных і ваенных абставінах.

Далей валынскі летапісец апісвае забойства першага і апошняга караля Літвы Міндоўга, а затым згадвае і яго сына-спадчынніка Войшалка.

«Пасля забойства Міндоўга Войшалк пабаяўся таго ж, і ўцёк у Пінск, і там жыў».

Накладка на Лаўрышаўскае Евангелле. Мяркуецца, што гэта партрэт Войшалка. XIV стагоддзе.

Найважнейшае паведамленне, якое паказвае ролю Пінска ў ранняй гісторыі ВКЛ! Але далей ідзе яшчэ больш значны эпізод! Пасля забойства вялікага князя Траняты адбываецца наступнае:

«Пачуўшы пра гэта, Войшалк пайшоў з пінянамі да Навагародка, а адтуль, узяўшы з сабой наваградцаў, пайшоў у Літву княжыць. Літоўцы прынялі з радасьцю сына свайго гаспадара».

Гэта найважнейшае паведамленне дакладнай крыніцы, якое паказвае, што продкі беларусаў выступалі палітычнымі актарамі ў стварэнні ВКЛ, а не нейкімі маўклівымі аб'ектамі заваёвы магутных літоўскіх плямёнаў, якія, дарэчы, у сутыкненнях з галіцка-валынскімі князямі прадстаўлены летапісцам не надта паспяховымi.

Пінчукі і наваградцы падтрымліваюць літоўскага князя ва ўсталяванні ягонай улады на тэрыторыях Літвы Міндоўга, паказваючы, такім чынам, палітычную суб'ектнасць продкаў беларусаў падчас фармавання ВКЛ, уносячы пры гэтым адзін з важных камянёў у падмурак беларускіх правоў на спадчыну Княства.

Вось такі эпізод, звязаны з гісторыяй аднаго з найпрыгажэйшых беларускіх гарадоў — Пінска, прычым важны ў кантэксце гісторыі ўсяго беларускага народа.

Фрагмент 8. Да пытання сталічнасці Навагародка: аналiз артыкула Т. Банараўскаса

У гэтай нататцы аўтар паспрабуе разгледзець артыкул вядомага літоўскага гісторыка Томаса Баранаўскаса пад назвай «Навагрудак у XIII стагоддзі: гісторыя і міф». Пісаўся гэты артыкул даўно, больш за 20 гадоў таму, і яго аўтар, па-за ўсякім сумневам, прагрэсаваў з тых часоў у плане сваёй прафесійнай дзейнасці, але і зараз яшчэ дадзеная праца Баранаўскаса нярэдка фігуруе ў якасці крыніцы інфармацыі ў розных публікацыях, таму варта разгледзець твор бліжэй. У рамках навукова-папулярнага выдання аўтар не ставіць сабе задачу выконваць фармальныя правілы напісання крытычных работ — ніжэй дакладна не прадстаўлена класічна аформленая рэцэнзія. Замест гэтага выкарыстаны, скажам так, вольны падыход, які дазваляе данесці сутнасць крытычных заўваг у жаданай для аўтара форме.

Прыступім да сутнасці і звернемся да цытат са згаданага вышэй артыкула.

«1238 г. стаў фатальным для Русі і Літвы. На Русь навалілася хваля мангольскага нашэсця, якая неўзабаве ператварыла ў руіны многія квітнеючыя гарады. У Літве ж, наадварот, спыніліся міжусобіцы і зацвердзілася аднаасобная ўлада Міндоўга».

Гэта цалкам абгрунтаваная выснова літоўскага спецыяліста, які піша далей:

«Якім чынам Наваградак апынуўся пад уладай Літвы, можна меркаваць па расказе пра сына Міндоўга Вайшалгаса: ″Воишелкъ же нача княжити в Новегородече, в поганстве буда, и нача проливати крови много, убивашеть бо на всякъ день по три, по четыри; которого же дни не убьяшеть кого печаловашеть тогда, коли же убьяшеть кого, тогда веселъ бяшеть. Посем же вниде страхъ Божии во сердце его, помысли в собе, хотя прияти святое крещение. И крестися ту, в Новегородце, и нача быти во крестьянстве ″. Гэты тэкст адлюстроўвае гвалтоўнае ўкняжанне Вайшалгаса ў Навагрудку, за якім ішлі жорсткія рэпрэсіі».

З дадзенай высновай Баранаўскаса аб рэпрэсіях таксама можна пагадзіцца, хоць сам эпізод летапісу нагадвае кананічнае для хрысціянскіх легенд пераўтварэнне язычніка ў хрысціяніна, з відавочнай зменай яго маральнага аблічча, аднак прымаючы дакладнасць звестак Галіцка-Валынскага летапісу варта быць паслядоўнымі, адпаведна, можна прыняць і звесткi аб рэпрэсіях. Літоўскі спецыяліст не ўдакладняе, на каго менавіта былі накіраваныя гэтыя «рэпрэсіі», што выглядае лагічным, бо і летапісец нічога не сказаў пра тое, каго менавіта забіваў Войшалк. Зрэшты, далейшы разгляд працы Баранаўскаса пакажа, што ахвяры Войшалка літоўскаму гісторыку, як можна меркаваць, добра вядомыя.

Далей ён піша:

«У далейшай барацьбе Наваградак губляе сваё значэнне. Да яго ўвага зноў звяртаецца, толькі калі Таутвілас пацярпеў паразы ў Варуцкага замка (1251 г.) і ў Жамойці. Тады ён зноў звяртаецца да Данііла: ″Тевтивилъ присла Ревбу река поиди к Новугороду. Данило же поиде с братомъ Василкомъ, и со сыномъ Лвом, и с Половци со сватомъ своимъ Тегакомъ, и приде к Пиньску. Князи же Пиньсцеи имеяху лесть, и поя е со собою неволею на воину ″. Відаць, разам з Наваградкам у залежнасць ад Літвы патрапіў і Пінск».

А вось тут выснова Баранускаса аб залежнасці дзіўная і па сутнасці нічым не абгрунтаваная. Нежаданне пінскіх князёў ваяваць з Літвой, пра якое ідзе гаворка, зусім не кажа пра залежнасць Пінска ад Літвы. За некалькі гадоў да апісаных падзей Міхаіл Пінскі спрабуе папярэдзіць літоўцаў аб надыходзе галіцка-валынскіх войскаў.

«Міхаіл Пінскі папярэдзіў літоўцаў. Яны сядзелі ў лесе за агароджай, а Міхаіл паслаў ім вестку з Пінска».

Гэта сведчыць аб тым, што пінскі князь шукаў нейкіх кантактаў з літоўцамі, але зусім не сведчыць аб залежнасці пінчукоў ад Літвы.

Пасля апісання малапаспяховых для літоўцаў сутыкненняў з валынянамі, у выніку якіх Міндоўг і Войшалк аддалі князю Раману Данілавічу Навагрудак, а таксама інфармацыі аб барацьбе валынян з яцвягамі, Баранаўскас робіць цалкам неабгрунтаваную выснову аб Навагрудку:

«Яцвягі ўваходзілі ў склад Літвы як перыферыйнае, не зусім паўнапраўнае і неканчаткова інтэграванае ў структуру дзяржавы племя, аднак таксама на больш-менш добраахвотных асновах. Яны пярэчылі змене іх статусу, але ненастойліва. Наваградак жа быў уключаны ў склад Літвы шляхам гвалту, і таму не аказваў ніякага супраціву перадачы горада прадстаўніку традыцыйнай для яго дынастыі Рурыкавічаў. Жыхары Наваградка ад такой рэформы толькі выйгравалі».

Бесплатный фрагмент закончился.

Купите книгу, чтобы продолжить чтение.