Уступ
Вёска Сiнi Бор — адна з тых шматлiкiх невялiкiх весачак, што на Беларусi сустракаюцца амаль што на кожным кроку. Раскiнулася яна на ўскрайку вялiзнага сасновага бору, якiх у апошнi час застаецца ўсе меньш, але якiх, як кажуць мясцовыя жыхары, на наш век хопiць.
Нiчым непрыкметная, калiсьцi ўсяго ў некалькi двароў, потым у незапаветныя часы разросшаяся, расцягнуўшаяся ўздоўж спачатку заасфальтаванай, а потым зноў засыпанай пяском дарогi, яна была адной з соцен сясцер-блiзнятак, што шчамiлiся навокал. Бадай толькi адна прыкмета i выдзеляла яе з шэрагу астатнiх невялічкіх весачак — у весцы Сiнi Бор знаходзiўся цэнтр калгаса. Збудаваннi цэнтру, калiсьцi насiлi велiчны характар — вялiзны клуб з калонамі, кантора ў два паверхi, пошта, магазiн, паравое ацяпленне. Усе гэтыя прыбамбасы цывілізацыі знаходзіліся паабапал невялікай пляцоўкі, якую сіняборцы называлі паміж сабой плошчай. За ацяпленне ўсіх гэтых будынкаў адказвала прымасцiўшаяся памiж гэтага хараства качагарка, нi памерам нi па значнасцi нiчым не ўступаўшая ні клубу, ні канторы. I толькi вялiзная куча вугалю выдавала яе сапраўднае прызначэнне. З часам ўсе гэта хараство абтрапалася, абтрэслася i ўрэшце пры справах засталiся толькi магазiн, качагарка i кантора, у якой раней не хапала месца для ўсiх спецыялiстаў народнай гаспадаркi, а зараз знаходзiлiся i клуб, i бiблiятэка, i праўленне калгаса, i пошта, i яшчэ шмат невыкарыстаных пакояў. Ды i ўсе гэта большы час было зачынена да невядомых часоў. I каб паслаць пiсьмо лепей было iсцi не на пошту, а да самой паштаркi, якую адшукаць можна было цi на гародзе, цi на калгасных бураках. Будынкi клуба i пошты, зачыненыя і закінутыя цяпер жалобна паглядалi бруднымі цемнымі вокнамі на праходзячых мiма кароў, цi на прязджаючых з грукатам, падымаючых за сабой воблакi пылу i пакiдаючы апасля сябе водар паленага бензiну, машыны. I толькi качагарка i магазiн работалi спраўна. Праўда, iх працаўнiкi маглi часам i прыпазнiцца на працу, але яны заўседы ведалі пра свае абавязкі перад аднавяскоўцамі. Зiмой з трубы качагаркi і ўдзень і ўноч валiла густая шызая пара ад сырой драўнiны. Канторскія, гледячы на шызы дым, утульней куталіся ў платкі і кажухі. Якое там цяпло ад сырых дроў? Так, крышачку пагрэцца. А вось калi над качагаркай завісаў чорны туман ў канторы радавалiся — прывезлi вугаль і сення ў пакоях будзе цепла. Але ж радасць гэтая была нядоўгай. Праходзіла пара дзен і над качагаркай зноў навiсала шэра-шызае воблака пары.
Што тычыцца магазіна, то ен займаў цэнтральнаяе месца не толькi ў весцы, але i ў жыццi бадай кожнага яе жыхара. Пра яго трэба рассказваць асобна. Будынак, збудаваны па дзяржстандарту, нiчым не адрознiваўся ад магазiнаў, што раскiданы амаль па ўсiх буйных весках. Хтосьцi падумае, што галоўнае прызначэнне яго — даваць людзям тавары народна-прамысловага значэння. Зусiм не. Найгалоўнейшае яго прызначэнне — гэта месца сустрэч, месца спатканняў, месца вырашэння праблем. Такі сваеасаблiвы клуб. Дзе, як не ў магазiне людзi могуць абмяняцца думкамi наконт толькi што прывезеннай спаднiцы, цi галеш 45 памеру? Дзе, як не ў iм, родным, мы пазнаем столькi навiн, што нi адно тэлебачанне за суткi не здолее расказаць аб iх? Дзе, як не ў магазiне можна выказаць свае адносiны да суседа, каб яго чорт хапiў, цi да суседкi, дзвесцi год ей здароў'я? Вясковы магазiн — гэта самы лепшы сродак перадачы i апрацоўцы iнфармацыi. Праўду кажучы, яна магла тут змянiцца да непазнаваемасцi, але гэта ўжо не самае галоўнае. Ды i хто ведае, што ў гэтым жыццi галоўнае?
Дык вось, веска Сiнi Бор была не якой-небудзь славутай ці знакамітай, а самай звычайнай вескай. I жылi ў ей самыя звычайныя дзядзькi i цеткi са сваiмi дзецьмi, бабкамi, сваякамi. Мелi яны, як i ўсе, кожны свае хаты, гароды, гаспадаркi. Жылi яны, як i ўсе людзi навокал. Рана ўставалi, позна клалiся. Нараджалiся, раслi, жанiлiся i памiралi. Нiчым непрыкметныя, нiчым не выдзеляўшыяся сярод астатнiх. Любiлi пагуляць на вяселлях, паплакаць на памiнках. Хтосьцi любiў выпiць, хтосьцi — паспрачацца з суседзямi наконт забегшай у гарод курыцы. Амаль як i ўсе нармальныя людзi. Толькi вось часам траплялі гэтыя людзі ў такiя сiтуацыi, што калi расказаць каму, то не адразу i павераць. А калi i павераць, то не адразу. Вось пра гэтых людзей я і хачу вам паведаць. Пра iх жыцце, пра iх лёс. Пра іх мары і надзеі, пра іх горасці і радасці. I ўсе што тут напiсана — чыстай вады праўда. А калi не верыце — прыязджайце самi ў веску Сiнi Бор, што прытулiлася на ўскрайку сасновага бору, ўбачыце i пачуеце ўсе самi.
Спадарожнiк
У абед каля магазiну звычайна сабiраўся натоўп людзей. Выгнаўшы кароў у поле, ўсе чакалi калі магазін адчыніцца пасля абеду. Каму трэба хлеба купiць, каму бутэлечку гарэлкi, а хто i проста так зайшоў — за кампанiю. Дзе ж яшчэ, як не ў магазiне можна пачуць апошнiя навiны i не толькi вясковыя, а нават мiжнародныя, якiя яшчэ i не адбылiся. Магазiншчыца — тоўстая, неабхопная кабета Нiнка, змянiўшая за свой небагаты век не аднаго мужыка, спазнялася. Ейная карова па дарозе заблукала ў сусецкую бульбу i зараз Нінка напару з суседам Пятром бегала па барознах, спрабуя выгнаць непаслухмяную жывеліну дубцом i зусiм неласкавымi словамi. Сусед мацюкаўся i бегаў то за каровай, то за Нiнкай. Блага каб гэта было яшчэ дзе-небудзь, а не перад самым магазiнам — на вачах у вяскоўцаў. Людзi пасмейвалiся. Хтосьцi, жартуя, даваў парады, на якiя Нiнка бойка адказвала:
— Разумнiк знайшоўся! Лепш бы дапамог!
Лаялась і зноў скакала па барознах. Нарэшце карове наскучыла гэта гульня i яна, выбегшы на дарогу, шпарка накiравалася ўваслед за іншымі каровамі, якія ляніва крочылі ў напрамку поля. Нiнка пакрочыла следам за каровай. Пятро, наскакаўшыся за каровай i Нiнкай, падышоў да натоўпу:
— Чорт бы схапіў гэтую Нiнку з яе каровай, — абураўся ен, выціраючы пот з ілба і закурывая ванючую цыгарку. — Усю бульбу папсавала.
— А хто больш? — запытаў хтосьцi. — Карова цi Нiнка?.
— Ды з каровы якая шкода? Скацiна неразумная. Пастаяла крыху i пайшла б сабе. А Нiнка — з баразны на баразну скок, скок, а пераскочыць не можа — ўсе па кустах ды па кустах. Усю бульбу памяла, гарод нібы пасля бамбардзiроўкi. Не бульба — поле бою. Ну, нiчога. Я ей гэта яшчэ прыпомню. Я ей у гарод свайго казла пушчу — паглядзiм, што з ейнай капусты вырасце.
— Я табе пушчу! Я табе пушчу, — ўскрыкнула падбегшая Нiнка. — Я табе такiя рогi настаўлю, нават казел ад зайздрасцi здохне!
— Дык я што? — вiнавата патупiўся Пятро. — Можа я ў жарт сказаў?
— Я тваiх дурных жартаў не разумею.
— Не, людзцы, гляньце, — Пятро звярнуўся да натоўпу. — Яе карова мне шкоды нарабiла, а я яшчэ i вiнаваты застаўся.
Людзi рагаталi. Нiнка, распiхваючы натоўп, адчынiла дзверы i зайшла ў магазiн. Людзі, працiснуўшыся за ей у магазін, iмгненна выстраiлісь у чаргу:
— А што хлеб яшчэ не прывозiлi?
— Яшчэ не, — кiнула Нiнка, апранаючы калiсьцi бялюткi, а зараз падобны на сакавiцкi снег, халат. — Чакайце. Што табе? — спытала яна падышоўшага да прылаўка Пятра.
— Цыгарэт.
— «Астру» цi «Прыму»?
— Усе роўна, абы дым ішоў.
— Колькi?
— Пачак. І запалак на астатнiя.
— Навошта табе столькi запалак?
— А я iмi ў зубах кавыраюся.
— Не смяшы! Адкуль у цябе зубы? Што яшчэ? — Нiнка нiяк не магла ачухацца пасля скокаў па барознах.
— Больш нiчога, — Пятро не спяшаўся адыходзіць ад прылаўка. — Мо вечарам зойдзеш па сусецкi, мы з табой пра бульбу пабалакаем? Трэба ж камусьці яе ад тваей каровы ратаваць.
— Яшчэ чаго! — Нiнка ўспыхнула чырвоным колерам. — Твая бульба — ты i ратуй! Наступны!
— Дзве булкi чорнага, — праціснулася да прылаўка бабка Наста.
— Чакайце! Не прывезлі яшчэ, — буркнула Нiнка. — Каму без хлеба?
— Без хлеба нiкому не трэба, — Пятро ўсмiхаўся.
— Ты свае курава атрымаў? Вось i iдзi адсюль.
— А я не спяшаюсь.
— Ну, тады адыйдзi i не перашкаджай працаваць.
— Скажы, суседачка, і чаму ты мяне так не любiш?
— А за што цябе любiць? — фыркнула Нінка. — За тваю бульбу? Дык у мяне не горшая.
Людзi ў магазіне загудзелi.
— Не, з ей размаўляць на цвярозую галаву немагчыма, — Пятро, разумеючы, што размовы не будзе, адыйшоў ад прылаука і сеў на падаконнік каля бабкі Насты. — Бабка Наста, можа мне да цябе ў прымакi падацца?
Наста толькi плюнула ў адказ:
— Балаболка.
Пятро не адставаў:
— Цетка, а раскажы як ты на ялiне ехала.
— Адчапiся.
— Ну, раскажы.
— Я ўжо сто разоў расказвала.
— Дык я не чуў.
— Слухаць трэба было.
— Дык i людзi не ўсе чулi.
— Балаболка.
— Ну, раскажы, — Пятро налягаў на Насту.
— Ды што там расказваць? Ехала, ды ехала. Чорт папутаў бабу старую. Як сэрцам чула, — Наста пачала споведзь, расказваючы больш не людзям, як самой сабе. — Не, каб аўтобуса пачакаць — паперлася. Каб яшчэ налягке, а то з торбамi. Думала, бог з iм, з аўтобусам. Пацiхеньку дайду, мо хто падкiне. Толькi да паварота дайшла, а тут ен. І адкуль толькi ўзяўся? Сам страшэнны i ялiна мiж ног. Сядай, кажа, падвязу. Я аднекiвацца пачала, ды дзе там! Сядай, кажа, ногi не казенныя. Я перапужалася. Мала чаго ў яго ў галаве. Стала каля яго побач. А ен мне — ў кабiнку не сядай, лезь у кузаў. Я ззаду прымайстрылась — ялiна памiж ног, торбы ў руках. Смех i толькi! Ну, кажа, села? Села, адказваю. Ну, паехалi. I як пабег па дарозе, толькi пыл слупом. А я што? Ззаду бягу, баюся. Яшчэ стукне чым-небудзь па галаве i шукай потым. I як назло нi адной машыны, нi воднага чалавека. Як павымерлi ўсе. Ну, з кiлометр прабеглi, спынiлiся. Усе, кажа, бабка, злязай. Мне ў другi бок трэба. Я з ялiны злезла i далей ужо крочыць сабралася, а ен мне кажа — плацi. Ну, ўсе думаю — капец. Я ў карман цоп — а там рубель. На, кажу. Дзякуй, што падвез. Ен рубель узяў, паглядзеў i назад аддае. Многа, кажа. Каб ты ў кабiнцы ехала, а то ў кузаве. Выбачай, кажу, сынок, мяльчэйшых няма. Ну, добра тады, я паехаў. Гiкнуў i пабег сабе далей. А я стаю, нi рук нi ног не чую. Перапужалася насмерць. Думала ўсе — прапала! Цi гэта жарт — бягом, з торбамi, ды яшчэ ялiна мiж ног. Як дадому дайшла — ўжо i не памятаю.
— Пэўна ты яму спадабалася, раз ен з цябе грошы не ўзяў? — Пятро хiтра падмiргнуў бабцы.
— Каб ты скiс! — адрэзала Наста. — На ўсе жыцце зараклася пешшу хадзiць. Лепш лiшнюю гадзiну аўтобуса пачакаю.
Чэрга гудзела. Хто смяяўся, хто спачувальна ўздыхаў. Нарэшце прывезлi хлеб i людзi павольна пачалi разыходзiцца па сваiх справах.
Адпускаючы Насту, Нiнка спытала:
— А цi праўду ты, бабка, кажаш?
— Хiба такое прыдумаеш? — Наста сумна ўздыхнула. — Цi сама пакатацца захацела?
— Iдзi ты! — адмахнулася Нiнка i, працягнуўшы бабцы рэшту, пераключылася на наступнага пакупніка.
Узяўшы рэшту, старанна закруцiўшы яе ў выцвiўшую хусцiнку, Наста ўпiхнула яшчэ гарачыя булкi хлеба ў торбачку i пад усмешлiвы Нiнкiн позiрк выйшла з магазiну.
— Верце, не верце — ваша справа, — бубніла Наста сабе пад нос, паціху тупаючы дадому. — Жыцце не казка. Часам такое падкiне, што i не паверыш адразу. Пакуль сам не паспытаеш. А як паспытаеш, то i сам не зразумееш, цi то праўда было, цi ў ва сне саснiлася.
Урок ветлiвасцi
Пра прыезд новага настаўнiка ў весцы ведалi ўжо даўно. Не паспеў ен прыехаць, як усе ветлiва прапанавалi яму свае паслугі, каб праводзіць яго да новага месца жыхарства. Дзе паселiцца новы настаўнiк у Сінім бары ведалі ўсе. Усе, акрамя самога настаўнiка. Накiравалi яго ў сiняборскую школу адразу пасля заканчэння iнстытута. Кватэр маладым спецыялiстам ў калгасе не давалi, а сялiлi на нейкi час (пакуль не абзавядзецца сям'ей, цi не збяжыць куды-небудзь у iншае месца) на кватэру да бабы Дусi. Баба Дуся была звычайнай бабулькай, нiчым не адрознiвалася ад сваiх суседак i сябровак. Толькi вельмi любiла яна пагаварыць. Проста так. Нi аб чым i пра ўсе на свеце. Пра надвор'е, пра селетнi неўмалот, хто куды хадзiў, хто з кiм гуляе. Гэткая мясцовая служба навiн. Жыла яна адна. Дзецi павырасталi, абзавялiся сваiмi сем'ямi i хатамi. А жыць на старасцi гадоў адной ей было сумна, вось i брала яна да сябе на пастой кватарантаў. Колькi iх было за яе жыцце, не тое што ўспомнiць, нават пералiчыць было цяжка. Але бабка ўсiх памятала, пра кожнага магла расказаць столькi i такога, што пазайздросцiў бы iншы псiхолаг. Па частцы раскрыцця душ роўных ей не было не толькi ў Сiнiм Бары, але i ва ўсiм наваколлi. Толькi ўсяляўся новы кватарант, яна ўжо цiхенька грукатала пад дзвярамi. Хочаш, не хочаш, а вылезеш паглядзець, што там такое. А яна ўжо нагатове:
— Дзень добры. Усялiлiся? Ну, як спалося на новым месцы? Я тут прыбiраюся трошкi. Не перашкаджаю сваiм грукатам?
— Ды не, — чуецца ў адказ. — Прыбiрайцеся сабе на здароў'е.
І толькi жыхар вяртаўся ў свой пакойчык, як Дуся ўжо зноў стукала ў дзверы:
— Мо чаго трэба? Не саромейцеся — кажыце.
— Ды пакуль што нiчога не трэба.
— А я тут дранiкаў напякла з бульбы малодзенькай. Пачастуйтеся, — i праз дзвярную шчылiну прасоўваецца рука з мiскай пахучых, палiтых вясковай смятанай дранiкаў.
— Дзякуй, але я ўжо снедаў, — ветлiва аднекiваецца настаўнiк, але ўваслед за рукой з'яўляецца ўсе астатняе:
— Нiчога, нiчога. Зараз не хочацца, потым паспрабуеце. Вы вунь якi хударлявы. Пэўна настаўнiк?
— А адкуль вы ведаеце? — iдзе сустрэчнае пытанне.
— Ды адкуль не ведаць? Веска ў нас невялiчкая — ўсе пра ўсiх ведаюць.
Бабка, пакiнуўшы мiску на табурэтцы, знiкла за дзвярамi. Яшчэ з поўгадзiны праз тонкiя пераборкi сцен было чутна, як яна тупае ў сваiм пакоi. Потым усе сцiхла. Пэўна пабегла кудысьцi па сваiх справах. Есцi бабкiны дранiкi хлопцу не хацелася, але i адказацца было неяк няемка. Нядоўга думая, ен выкiнуў дранiкi ў вядро для смецця, прыкрыў, каб не было бачна, зверху паперкамi i аднес мiску на кухню. Увечары бабка не мiнула заглянуць яшчэ раз:
— Ну, як дранiкi? Спадабалiся?
— Дзякуй. Вельмi смачныя, — ветлiва адказаў хлопец i хацеў было заняцца сваiмi справамi, але бабка не спяшалася iсцi. Яна спакойна, быццам так i трэба, села на стул, разгладзіла рукамі спадніцу i пачала расказваць пра свае i чужое жыцце. Слухаць ейныя байкi настаўнiку не хацелася, але i выгнаць надакучлiвую кабету ен не мог. А бабкiным прыказкам не было канца.
— Сыноў у мяне чацвера, — гутарыла яна не так з хлопцам, як сама з сабой. — Іван, Пятро, Валерка i Сямен. Усе параз'ехалiся хто куды. Толькi Валерка тут жыве. Ты яго пэўна ведаеш? Ен тут трактарыстам працуе. Рыжы такi.
Хлопец дадатна кiўнуў галавой, хаця зусiм не ведаў, аб кiм iдзе размова. У першы дзень прыезду акрамя дырэктара школы i суседкi па кватэры, што сядзела побач, ен нiкога не бачыў i не ведаў. А бабка працягвала свае споведзi:
— Хлопец ен неблагi, толькi выпiць крышачку любiць. Ды хто зараз не п'е? Я i сама пад свята магу румачку другую выпiць за кампанiю. А так ен заўседы дапамагае — цi вады прынесцi, цi дроў нарыхтаваць, цi агарод узараць. Добры хлопец. І жонка ў яго нiчога, толькi гультаяватая — любiць па танцах хадзiць. А не дзеўка ўжо — трое дзяцей як-нiяк. Адны дзеўкi. Ты iх пэўна таксама ведаеш — яны ў школе вучацца. Адна — ў восьмым класе, другая — ў пятым, трэццяя — ў другiм. Добрыя дзеўкi, асаблiва старэйшая — Галька. Прыбяжыць — бабуля, што табе дапамагчы? Нiчога, кажу, не трэба. Сама пакуль спраўляюся. Пасядзiць хвiлiнку, я ей грошай на цукеркi цi на пячэнне дам, i бяжыць сабе. Вучыцца добра — двоек няма. Добрая дзеўка.
Бабка аб чымсцi задумалася.
— Ну, не буду перашкаджаць, — Дуся павольна паднялася са стула. — Рабiце свае справы. Калi трэба што, дык ты не бойцеся, гаварыце.
— Ды мне нiчога не трэба.
— Ну, пайду. Яшчэ карову трэба падаiць. Яна ў мяне дурная — карова мая. З поля як iдзе, вечна кудысьцi зойдзе. Шукай потым. Аднаго разу ледзь адшукалi — ў суседнюю веску прыбiлася. А так нiчога кароўка — малака шмат, тлустае. Не смятана — масла. Хочаш еш, хочаш на хлеб маж.
Бабка выйшла за дзверы. Настаўнiк, задаволены тым, што нарэшце застаўся адзiн, павалiўся на ложак. Але паляжаць яму не давялося. У дзверы пастукалi. Не паспеў ен падняць галавы, як у дзвярах зноў з’явілася баба Дуся.
— Я табе тут яшчэ дранiкаў прынесла, — на правах гаспадыні яна перайшла на ТЫ з хлопцам. — Еш, калi падабаецца. Я яшчэ напяку — бульбы многа.
Хлапец толькi гмыкнуў у адказ. Чамусьцi бабкiных пачастункаў яму зусiм не хацелася. Час быў ужо познi. За вокнамi раўлi яшчэ недоеныя каровы, ды тарахцеў чыйсцi трактар. Не спалося. І толькi хлапец крышачку задрамаў, як нехта пачаў грукаць у ўваходныя дзверы, ды з такой сiлай, што здавалася ад iх застануцца толькi шчэпкi. Хлопец глянуў на гадзiннiк — быў пачатак другой гадзiны ночы.
— Мама! — чулася з-за дзвярэй. — Адчынi! Мне з табой пагаварыць трэба!
Гэтыя словы перамежвалiся з такiмi прыкладамi роднай мовы, якiя лiтаратары называюць нецэнзурнымi. Але нецэнзурным словам было вельмi далека да тых, што неслiся з-за дзвярэй. Баба Дуся, шаркаючы па падлозе нагамi, вылезла з свайго пакойчыка:
— Ты чаго прыперся? Тут людзi адпачываюць!
Слова «людзi» адносiлась да настаўнiка.
— Мама пусцi! Пагаварыць трэба!
Хлапец здагадаўся, што гэта быў сын бабы Дусi Валерка, пра якога яна ўвесь вечар расказвала.
— Ідзi дадому, п'янiца, — i баба Дуся дабавiла пару слоў, ад якiх у звычайны час вянуць вушы.
— Мама, мне трэба з табой пагаварыць! — не супакойваўся Валерка i праз кожнае лiтаратурнае слова дадаваў зусiм не лiтаратурныя выразы.
— Ах, каб цябе! — абуралася баба Дуся ў адказ, не ўступаючы сыну ў выкарыстаннi мясцовых дыялектаў i асаблiвасцей. — Чаго ты тут мацюкаешся? Тут як-нiяк культурныя людзi жывуць! А ты, бэйбас, напiўся i лаешся!
І баба Дуся пачала тлумачыць сыну якi ен невук, старанна дадавая такi стос пярэстых фраз i абаротаў, што нiводны, нават самы знакамiты i таленавiты фiлолаг у сваiм жыццi не толькi не чуў, але i ўявiць не мог пра iх iснаванне. Нарэшце лаянка сцiхла. Валерка, зразумеўшы што яго не пусцяць, павярнуў назад. Баба Дуся, нешта бурча сабе пад нос, таксама пайшла спаць. Настаўнiк, узрушаны такiм выпадкам, яшчэ доўга не мог заснуць. За ўсе свае жыцце ен нiколi не чуў такога ўрока ветлiвасці i наўрад яшчэ пачуе.
Наша грамадства ў апошні час стала карыстацца непрыстойнымi словамi ўсе часцей, але ж такой гучнай, меладычнай, хаця i цяжкай вуху лаянкi ўжо мала дзе пачуеш. З адыходам маленькiх весачак пачала адыходзiць i тая мова, на якой размаўлялi нашы продкi, i на якой ужо не размаўляюць нашы нашчадкi.
Лазня
Другiм значным месцам пасля магазіну ў сiняборцаў была калгасная лазня. Два разы на тыднi падвячорак людзi цягнулiся на ўскраек вескi, каб памыцца i зноўку пагаварыць пра апошнiя навiны. Па пятнiцах звычайна мылiся жанчыны, а субота аддавалася мужской палове насельнiцтва. Аздобленая белай кафляй, з новымi ацынкованымi тазiкамi i лаўкамi, ад якiх несла сасновай смалой, лазня прыцягвала да сябе ўсiх жадаючых памыцца, пабалакаць пра жыцце i адведаць легкай пары. З самой ранiцы ў пятнiцу людзi паглядалi ў бок лазнi. Калi над комiнам вiсеў шызы слуп дыму, значыцца лазня ўжо тапiлася. Вяскоўцы таропка спраўлялiся па гаспадарцы i гадзiн з пяцi вечара накiроўвалiся ў лазню. Мылiся нетаропка, перамешваючы карысную справу з размовамi.
Загадвала гэтай гаспадаркай мясцовая кабета Фроська, якая ў звычайныя днi была яшчэ i калгасным конюхам.
Спачатку сiняборская лазня славiлася ва ўсiм наваколлi. У ей мылася не толькi мясцовае начальства, але нават з самога раену прыяжджалi, каб пазведаць першай пары. Такой пары не знойдзеш цяпер бадай нiдзе. У хуткiм часе лазня пачала адыходзiць на заднi план. Амаль кожны гаспадар пачаў будаваць свае лазнi. Саадносна свайму густу i кiшэнi. Тыя, хто не меў на гэта сродкаў i жадання, працягвалi хадзiць у калгасную, якая ў апошнi час паабтрапалася, паабцерлася. Кафля дзе-нiдзе адвалiлася. Чорныя тазiкi, ды падгнiўшыя лаўкi не нагадвалi былога хараства. Грошай на набыцце новага абсталявання i рамонт калгас не даваў. Карысталiся тым, што засталося ад былых часоў. І толькi пара засталася нязменнай — легкай, чыстай, ад якой маладзела не толькi цела, але i душа.
Аднаго разу ў суботу, як звычайна, Мiкола i Пятро так-сяк перарабiўшы хатнiя справы, накiравалiся ў лазню. Перш-наперш яны палезлi на палок. Уздаўшы пары, сядзелi, пацелi, успамiнаючы, як было раней i параўновывая з цяперашнiм часам. Памiж размовай устаўлялi пару благiх слоў у адрас кiраўнiкоў калгаса i дзяржавы. Не спяшалiся. Усе рабiлi паслядоўна, памяркоўна, нiбы гэта быў якiсьцi важны рытуал, а не звычайнае мыцце. Уздаўшы пары ў другi раз, прыгнулiся. Над галовамi прайшла паласа гарачага паветра. Выцягнулi замочаныя ў кiпенi бярозавыя венiкi i пачалi патроху лупцаваць сябе па спiне, жываце, баках. Рабiлi гэта павольна, нiбы гладзiлi свае зпешчанае цела i толькi палок рыпеў пад iх цяжарам.
Уздалi трэццi раз i пачалась сапраўдная малацьба. Хiсталi сябе не шкадуючы ні венiкаў, ні сябе. Нiбы выбiвалi пыл з дываноў. Саскаквалi з палку, аблiвалi твар халоднай вадой i зноўку залазiлi на палок, i зноўку лупцавалi сябе, покуль iх целы не зрабiлiся чырвонымi, нiбы ў вараных ракаў.
— Ну, пэўна, досыць. Трэба крышачку адпачыць, — сказаў хударлявы Мiкола, абмахваючыся венiкам, нiбыта веерам.
— Добры пар. Трэба на другi раз пакiнуць, — згадзiўся з iм Пятро.
— Ну, што? Пайшлi праветрымся? — Пятро пачаў злазiць з палку. Целам ен быў ладны. На такiх, кажуць, траiх трэба. Старыя дошкi рыпелi i стагналi пад iм. Не паспеў ен падняцца, як Мiкола завойкаў:
— Ай-ай, Пятро, сядай на месца!
Пятро, не разумеючы, што здарылася, паспяшыў было злезцi пахутчэй з палку, ды Мiкола заскуголiў, нiбы рэзанае парася:
— Сядай на месца, я табе кажу!
Пятро паслухмяна апусцiўся на месца:
— Ты чаго равеш?
Мiкола мацюкаўся:
— Каб iх! З iх лазняй! Сядзi, не рыпайся!
— Ды што здарылась?
— А цi то ты не бачыш? Вунь якiя шчылiны ў палку. Гаспадарку маю i прыцiснула, калi ты тут вошкаўся. Не варушысь, пакуль не выцягну.
Зразумеўшы, нарэшце, ў чым справа, Пятро зарагатаў:
— Нечага было расцiць.
— Гэта табе добра казаць, — абураўся Мiкола. — Ты сваiм задам i калодзеж закрыеш, а я… Ну вось, здаецца ўсе, — Мiкола злез з палку. — Можаш злазiць.
— Не адвалiцца? — жартаваў Пятро, злазячы ўваслед за Мiколай. — Мо халоднае трэба прыкласцi?
— Каб цябе! — адмахнуўся Мiкола. — Я ледзь калекай не застаўся, а табе смешна.
Пятро толькi усмiхаўся.
Крыху астыўшы ў сенцах лазнi, мужыкi пайшлi дамывацца.
— Ну, што? — спытаў сябрука Пятро. — Пойдзем яшчэ пар паганяем?
— Не, — адмовiўся Мікола. — Я ўжо напарыўся. Абмыюся крыху i досыць.
Мiкола падставiў пад кран пачарнеўшы тазiк. Адкруцiў адразу абодзьва краны. У тазiк пырснула гарачая вада. Халодная вада ледзь капала. Мiкола зноў замацюкаўся:
— Яшчэ i вады няма. Фроська! — крыкнуў ен, высоўваючы галаву ў дзверы на вулiцу, дзе загадчыцца лазні сядзела на прыступках у чаканнi новых наведвальнiкаў.
— Чаго табе? — парбурчэла яна ў адказ.
— Вады халоднай няма!
— Зараз зробiм, — Фроська неахвотна ўстала з нагрэтага месца i накiравалася ў лазню. Мужыкi прыкрылi свой сорам рукамi. Фроська ўсміхнулася:
— Што я мужыкоў голых не бачыла? Не бойцеся, не згвалтую.
Яна падыйшла да трубы з мноствам кранаў i кранiкаў. Пастукала па iх, пакруцiла. З адчыненага крана пырснула халодная вада.
Мiкола з легкасцю ўздыхнуў — яго нягоды нарэшчце скончылiся. Фроська пайшла на вулiцу. Пятро зноўку накіраваўся ўпарылку. Хутка абмыўшыся, Мiкола апрануўся i выйшаў на вуліцу. Чакаючы Пятра, ен прысеў побач з Фроськай, засмалiў ванючую цыгарку:
— Што гэта ў цябе, Фроська, палок гнiлы зусiм? Ногi паламаць можна.
— Вазьмi i адрамантуй, разумнiк, — абурылася Фростька. — Я што за свой кошт рамантаваць буду? Я старшынi ўжо колькi разоў пра гэта гаварыла. Ды што яму! Ен сабе вунь якую лазню адгрохаў. Жыць можна, — Фроська махнула рукой убок старшыневай хаты. — Што яму да iншых? Хутка ўсе развалiцца. Вунь i дах ужо працякае. Нiкому нiчога не патрэбна. Кожны ў свае глядзiць. Ды i хто цяпер мыецца? Ты, Пятро, ды стары Мiкiта.
— Дык, кажуць, што ен з хаты ўжо не выходзiць.
— Так, але ў лазню прычапае. Вунь бачыш, тупае, — Фроська кiўнула ў бок дарогi, дзе сагнуўшыся ў тры пагiбелi, тупаў дзядок, абапiраючыся на лыжную палку.
Мiкола маўчаў, выпускаючы шызыя кольцы дыму. На ганку паказаўся Пятро.
— З легкай парай, — удваiх сказалi Фроська з Мiколай
— Дзякуй, — адказаў Пятро, выціраючы ручніком расчырванеўшы ад гарачыні твар. — Ну, Фроська, можаш зачыняць сваю кантору. Усе, бадай, памылiся.
— Не. Вунь яшчэ Мiкiта тупае. Памыецца, тады i зачыню.
Мужыкi пайшлі па сваiх хатах. Фроська, седзячы на прыступках, выцягнула ногi i падставiла твар пад цеплыя, пяшчотныя прамянi апошняга восеньскага сонца. Заплюшчыўшы вочы, яна аб нечым разважала.
— Здароў, Фроська, — дзед Мiкiта цяжка апусцiўся на прыступку.
— Здароў, Мiкiта. Дакавыляў? — адказала, не расплюшчваючы вачэй, Фроська.
— Дакавыляў, — цяжка сапеў стары. — Вось адпачну крыху i пайду мыцца. Пары мне хоць пакiнулi?
— Ды куды табе старому парыцца?
— Не скажы. Я хоць i хадзiць не магу, а папарыцца люблю.
— Пары на ўсiх хопiць, — Фроська паднялася з ганку, абтрасла спаднiцу. — Ты, дзед, як памыешся, замок на дзверы накiнь. Не хачу чакаць. Ты занадта доўга мыешся.
— Добра. Накiну, — згадзiўся дзед.
Фроська пабегла па сваiх справах. Стары яшчэ з хвiлiну пасядзеў на прыступках, потым, ледзь падняўшыся, пайшоў мыцца.
На наступны год у лазню нiхто ўжо не хадзiў.
Фроськiна гаспадарка мала-памалу развалiвалася. Спачатку прарвала трубы, потым абвалiўся дах, так што можна было ўбачыць неба. Потым калгаснiкi разабралi i расцягнулi па сваiх дварах усе, што магло яшчэ спатрэбiцца. Прайшло некалькi год i замест былой славутай лазнi засталiся толькi голыя сцены без вакон i высачэнны комiн, над якiм наўрад калi будзе вiсець шызы клуб дыму, запрашаючы на першую легкую пару.
Канцэрт
Заежжыя артысты не часта балавалі сіняборцаў сваімі наведваннямі. У апошні час пра іх існаванне нават і забыліся, таму і былі рады кожнай сустрэчы з культурай. Збудаваны калісці ў незапамятныя часы, клуб пуставаў. Раней там кожны дзень круцілі кіно, цяпер усе сядзелі ля сваіх тэлевізараў. І толькі бібліятэкарка сваей прысутнасцю яшчэ вызначала існаванне калісці велічнага, ды з часам аблезшага і абтрэпанага будынку. Але калі камусьці з вяскоўцаў прыспічала нешта пачытаць, накіроўваліся праміком да бібліятэкаркі Веркі. Верка з задавальненнем адчыняла клуб і прапаноўвала свае паслугі. Што тычыцца наконт выступленняў, то не зпешчаныя ўвагай працаўнікоў культуры, вяскоўцы заўседы аднолькава шчыра і сардэчна прымалі ўсіх, хто стаяў на сцэне. Будзь то заслужоны дзеяч, ці школьнікі мясцовай школы. Апладысментаў і авацый хапала на ўсіх.
Аднойчы ў раене пранеслася чутка, нібыта нейкая народная артыстка вырашыла наведацца ў іх раен з канцэртам. Мясцовым уладам гэта прыйшлося да спадобы, але народная загнула такую суму, што ўлада схапілася за галаву. Што рабіць? Назначыць кошт білетаў саадносна патрабаванням артысткі — хто пойдзе? Узяць па маламу — сабе ўбытак. Паразважаўшы, улады ўсе ж вырашылі пабалаваць вяскоўцаў і расчынілі свае касы, бо самім таксама хацелася ўбачыць зорку, якая бадай кожны дзень мільгацела на экранах тэлевізараў. Назначылі дзень канцэрту. Жадаючых паглядзець на жывую зорку набралася шмат. Улады адразу зразумелі, што раенны палац культуры, ці як яго проста называлі — клуб, не зможа ўцiснуць і дзесятую частку жадаючых. І яны зноў схапіліся за галаву. Трэба было штосьці прыдумываць.
Побач з клубам знаходзіўся раенны стадыен. Шчыра кажучы — пустое поле, дзе рабятня пасля школы ганяла мячык. Калісьці тут хацелі пабудаваць нешта накштал сталічных стадыенаў: з трыбунамі, з гардэробамі, з касамі i палаткамі для таргашоў. Але будаўніцтва з-за недахопу грошай і жадання было прыпынена амаль пасля яго пачатку і спынілася на невядомы час. Ад велічнага праекту толькі і засталіся недабудаваныя трыбуны і то толькі з аднаго боку поля. Вось гэты доўгастрой улады і вырашылі прыстасаваць для канцэрту.
За два дні на разбураных трыбунах збудавалі месцы для гледачоў, а пасярэдзіне поля — нешта падобнае на сцэну. Недабудаваныя прыстройкі замаскіравалі вялізнымі шчытамі з наклеенымі афішамі, якія толькі здолелі знайсці. Пустыя месцы на шчытах заляпілі шпалерамі. Усе было гатова для правядзення значнай падзеі. Тэлефанавалі да зоркі, згадзіўшыся з усімі яе капрызамі наконт аплаты і прыема. Апавясцілі ўсе наваколле, што канцэрт славутай спявачкі адбудзецца не гледзячы ні на што. Узрадаваныя вяскоўцы пачалі рыхтавацца да сустрэчы са знакамітасцю.
Канцэрт быў назначаны на вечар у нядзелю.
З самой раніцы ў раен пацягнуліся гледачы. Хто пешшу, хто на конях. Старшыні не пашкадавалі калгасных атобусаў і машын. Людзі з`яждаліся з ўсяго раену. За гадзіну да пачатку трыбуны былі поўнасцю запоўнены. Каму не хапіла месца, размяшчаліся побач на траве, падклаўшы старыя часопісы цi свае торбачкі. Сіняборцы, як звычайна, займалі месцы ў першых радах. Перагаворваліся між сабой. Адны казалі пра нынешніх зорак, якім толькі хабар патрэбен. Другія казалі, што зорка не прыедзе. Навошта ей здалося такое захалусце? Трэцція сядзелі моўчкі ў спадзяванні, што канцэрт усе ж адбудзецца. Хутка на поле выехаў аўтобус, з якога выскачылі нейкія людзі і пачалі вытасківаць з яго нетраў вялізныя і маленькія скрыні. Расстаўлялі іх на сцэне, нешта прыкручвалі, прыбівалі, увесь час бегаючы да аўтобуса. Працавалі моўчкі. Было бачна, што гэтай справай яны займаліся не адзін раз.
— Будзе канцэрт, — радавалісь вяскоўцы, прыглядаючыся, ці не з`явіцца сама артыстка.
Вось нарэшце на поле выехала машiна кіраўніка раену. Праехаўшы перад трыбунамі, яна спынілася ля памосту. З машыны выскачыў спачатку сам кіраўнік — маленькі, вяртлявы чалавечак, якога ў раене празвалі Калабком. Калабок хуценька адчыніў заднюю дверцу, і з машыны выплыла доўгачаканая зорка.
Трыбуны загулі.
— Цю! Якая яна маленькая, ды тоўстая!
— А ты што хацеў? Гэта па тэлевізару ўсе прыгожыя і стройныя.
— Навальніца будзе, — хтосьці кіўнуў на хмары, што плавалі ў паветры.
— Не. Абміне.
Артыстка павольна ўзышла на памост і чамусьці стала збоку. Усе прыціхлі. Музыкі расселіся па сваіх месцах. Штосьці піснула і над трыбунамі панеслася музыка. Мікрафоны гулі, дынамікі рыпелі, што было сілы. Сядзеўшыя на першых радах, прыкрылі вушы, каб не аглохнуць.
Адыграўшы штось незразумелае, музыкі сціхлі. Трыбуны зараўлі. Падняўся такі шквал апладысментаў, якіх музыкі пэўна ніколі не чулі ў сваім жыцці. Асабліва стараліся мужыкі, якія да канцэрту паспелі прыняць па сто грам для настрою.
Артыстка выйшла на сярэдзіну сцэны і зацянула штосьці працяжнае, жаласлівае. Пра кахане і пра растанне. Пакуль яна спявала, над полем скучыліся хмары. Грымнула. Бліснула. І сыпануў буйны дождж. Ратуючысь ад непагадзі, людзі ўмомант пакідалі свае месцы і пачалі шукаць сховішча. Адны пабеглі хавацца пад страхой клуба. Другія — пад росшымі абапал стадыена дрэвамі. Прадбачлівыя раскрылі над галовамі парасоны, пад якія наравілі ўціснуцца і седзячыя побач.
Добра, што здагадаліся нацянуць пленку над сцэнай. Артыстка, заўважыўшы, што гледачы разбягаюцца, усе-такі дапела песню да канца. Навальніца грымела. Аппаратура трашчала і страляла. Падручныя кінуліся выдзергіваць шнуры, адключаць мікрафоны. Музыкі дапамагалі ім, прыкрываючы скрыні пленкай. Канцэрт спыніўся.
Артыстка разгублена пазірала то на апусцелыя трыбуны, то на музыкаў. Дождж ліў, не пераставая. Зразумеўшы, што навальніца зарадзіла надоўга, музыкі пачалі складывацца і грузіцца ў свой аўтобус. Да зоркі падскочыў Калабок з парасонам, і яны хуценька зніклі ў машыне. І тут здарылася зусім неверагоднае. Грымнуў гром. Бліснула маланка, і дождж скончыўся. Узрадаваныя людзі хуценька павылазілі са сваіх сховішч і накіраваліся да сваіх месцаў. Ля варот стадыена яны сутыкнуліся з машынай Калабка, які адвозіў артыстку прэч.
— Куды? — натоўп абступіў машыну, загароджваючы выезд. — А канцэрт?
Зразумеўшы, што так проста не адвяжашся, артыстка вылезла з машыны.
— Даражэнькія мае. Зразумейце мае становішча. Пры такім надвор`і выступаць проста немагчыма, — яна кіўнула ў бок памосту, дзе падручныя спешна грузілі мокрыя скрыні. — Апаратура мокрая. Як жа я спяваць буду?
— Як хочаш, так і спявай! Мы грошы плацілі! — пачуліся крыкі з натоўпа.
— Даражэнькія мае, — аднеківалася зорка. — Дык дзе ж я буду пець? Там зараз адні лужы.
— Дзе стаіш, там і спявай! — зноў пачуўся нечы выкрык.
Зорка разгублена паціснула плячыма. Твар, у стаяўшага побач Калабка, чырванеў з кожнай хвілінай. Ен пытаўся разгледзець крыкуноў, але яны хаваліся сярод натоўпа.
— Таварышы, — пыхцеў Калабок. — Ну, нельга ж так. Пашкадуйце!
— Хай спявае! — людзі не разыходзіліся ў чаканні працягу канцэрту.
— Добра, — нарэшце згадзілася зорка і зацягнула песню. Голас яе дрыжаў. Ці то ад хвалявання, ці то ад вільгаці, што прынесла навальніца. Не паспела яна праспяваць і паловы песні, як пачуся крык:
— Клуб адчынілі! Хутчэй туды!
Забыўшыся пра зорку і правілы паводзін, людзі кінуліся ў клуб займаць месцы. Ціскаліся. Пішчэлі. Піхаліся, каб толькі заняць месца палепшай і пабліжэй да сцэны. І зноў сіняборцы былі ў першых радах. Магазіншчыца Нінка, распіхваючы людзей, лоўка арудуя лакцямі і дапамагая бойкімі словамі, уціснулася ў глядзельную залу і адразу заняла цэлы рад для сваякоў і знаемых. Нейкая бабка села побач і на Нінкіна «занята» адрэзала:
— У цябе што? Куплена? Месцы не ўказаны. Дзе села, там і сядзець буду!
Нінка хацела паспрачацца, ды перадумала. Сваякі, згубіўшыся ў натоўпе, знайшлі месцы ў другім канцы залы. Хвілін праз дзесяць у залу ўціснуўся ўвесь люд, за выключэннем пары мужыкоў, што засталіся на стадыене прыканчваць прыпасенную пляшку гарэлкі. Было дзіўна, як невялічкае памяшканне магло ўціснуць столькі народу.
Зала адразу напоўнілася спертым паветрам. Пад столь падымалася бялюткая пара ад мокрых сарочак і сукенак.
— Адчыніце дзверы! Задохнемся! — завойкалі жанчыны.
— Перажывеш! — адказвалі тыя, хто прыпазніўся лезці ў клуб. Зараз яны стаялі падпіраючы дзверы.
Вось на сцэне з`явілася зорка. Людзі гаманілі. Хтосьці згубіў хустку. Камусьці было нязручна стаяць. Кагосьці прыціснулі стулам. Зорка, гледзячы на шумлівы натоўп, не вытрымала і крыкнула:
— Ды сціхніце вы!
У зале прыціхлі. З апошніх радоў данеслася:
— Малайдзец, баба! Так іх!
Не гледзячы на мноства нязручнасцей, зал затаіў дыханне ў чаканні працягу канцэрту. Артыстка яшчэ раз агледзела залу і пачала спяваць. З усей музыкі ей у акампанімент застаўся баяніст.
— Ейны мужык, — шапталі ў зале.
— Адкуль ведаеш?
— А ты паглядзі, як яна ім камандуе.
— Ціха вы! — шыкалі ззаду. — І так нічога не чуваць.
Размовы сціхлі. Артыстка пад шматлікія апладысменты, не чакаючы пакуль яны сціхнуць, пачала другую песню. Было відаць, што ей хочацца пахутчэй усе гэта скончыць. Вяскоўцы не скупіліся на авацыі. Неўзабаве зорка ўцягнулася і ўжо не звяртала ўвагі ні на шумлівую залу, ні на спертае паветра, ні на мінулыя непрыемнаці. Яна проста спявала. Спявала шчыра, ва ўвесь голас. Ад усей душы. Ад усяго сэрца. Спявала і ціхія галасы падпявалі ей. І кожная песня была адорана выбухам эмоцый, апладысментаў, крыкаў «брава» і «біс». Зорка перайшла на вяселыя спевы. Аднак стала заўважаць, што ўвага седзячых у зале пераключылася са сцэны кудысьці ў вугал. Краем вока яна зірнула туды, куды быў накіраваны позірк соцен вачэй. Ля самой сцэны стаяла бабулька, апранутая і размаляваная пад маладзіцу і, не звяртаючы ні на каго аніякай увагі, прытанцовывала і прыпявала, пляскаючы ў далоні і памахвая хусцінкай.
— Смешая бабка, — чулася ў зале.
— Дык гэта ж Людачка з Аўтухоў. У яе з галавой не ўсе ў парадку.
Зорка перайшла на прыпеўкі. Бабулька ўстрапянулася і палезла на сцэну. У зале загулі. Людачка з Аўтухоў, вырабляя каленцы, падскочыла да артысткі і разам з ей пачала спяваць і прытанцовываць. Збянтэжаная зорка, не ведая, што рабіць, падчынілася гэтай гульне. Скончыўшы прыпеўкі, Людачка выйшла на край сцэны і пачала раскланівацца, нібыта гэта яна сення выступае перад публікай, а не нейкая там народная артыстка.
Зорка паспрабавала было зацягнуць песню, ды не тут то было. Людачка адштурхнула яе ў бок і пачала танюсенькім пісклявым наласком выць нейкі раманс. Зал паміраў ад смеху. Зорка і яе акампаніятар, пацціскваючы плячыма, здзіўлена пераглядаліся. Людачка скончыла пішчэць і зноў пачала раскланівацца. Прыседаючы ў рэверансе, яна дасылала ў залу паветраныя пацалункі. Зала рагатала. Нейкія хлопцы паспрабавалі сцягнуць яе са сцэны, ды Людачка запішчэла на ўвесь клбу нібы рэзанае парася:
— За што я грошы плаціла? Я таксама спяваць хачу!
Людзі заходзіліся ад смеху. Хтосьці нават споўз са свайго месца на падлогу. Зорка пасмейвалася. Калі нарэшце Людачку спіхнулі са сцэны, зорка выйшла на ўскраек і сказала:
— Дзякуй вам, даражэнькія мае. Дзякуй вам за такі шчыры прыем. Такога поспеху я ніколі яшчэ не мела, — і народная артыстка схіліла галаву. Тут да яе падскачыў Калабок з ахопкам васількоў.
У зале здзіўлена загулі:
— І дзе ен іх столькi нарваў?
— Пэўна з раніцы па палях поўзаў.
— Ага! І жыта заадно выпалаў.
Зорка прыняла васількі, змахнула слязінку. Ці то ўзрушаная цеплым прыемам, ці то, каб проста паказаць сваю ўдзячнасць.
— Дзякуй вам, — яшчэ раз паўтарыла яна і раптам над радамі панеслася: «Издалека долго течет моя Волга…» Зала заспявала разам з ею. Моцны голас спявачкі тануў у хрыпатых, пісклявых гуках, што ішлі ўжо не з легкіх, а з самога сэрца.
Потым разыходзіліся і раз`яджаліся па сваіх хатах. Хто пешшу, хто на конях. Хто лез у свае аўтобусы і машыны. Назаўтра па тэлевізару паказвалі сольны канэрт учарашняй візіцершы. Сіняборцы, прыліпшы да экранаў, ціха ўздыхалі:
— Учора яна спявала значна лепш.
Чарнiцы
У тое лета ў лес не хадзiлi толькi хворыя i лянiвыя. Чарнiц урадзiла столькi, што насiлi iх ад мала да вяліка ведрамi. Хто нес ягады дадому i там варыў, смажыў, запасаючы вiтамiны на зiму, а хто адразу нес здаваць у магазін. Грошы за чарнiцы давалi невялiкiя, ды лiшняя капейка ў гаспадарцы нiкому не мяшала. Тым больш, што набраць вядро чарнiц не выклiкала асаблівай цяжкасцi. Тое лета было багата не толькi на ягады, але i на камароў. У лес збіраліся нібы зімой, апранаючы што патаўсцей ды пашырэй. Пракусіць такую колькасць адзення камары не маглі і таму накіроўвалі свае атакі ў адкрытыя твары і рукі. Жанчыны, ратуясь ад камарыных атак, хавалi твар у хусткi, так што заставалася толькi вузенькая шчылiна для вачэй. Мужыкам даводзiлася значна горш — завязваць хусткi яны не рашалiся, а каб камары не так лезлi ў твар, ратавалiся куравам. Дымiлi цыгарку за цыгаркай, адпугваючы ванючым дымам надакучлiвую машкару. Розныя рэкламныя сродкi, што прапаноўвалі ў вялікай колькасці ў аптэках i на базары, збаўлялi ад камарыных атак толькi на невялiкi час. Увогуле, хто як мог той так i ратаваўся — хто народнымi сродкамi, хто прыдумываў сваi. Аднак чалавек быў бы не чалавекам, калi б не перамудрыў надакучлiвых насякомых. Выходзiлi ў лес ранкам — ледзь толькi пачынала вiднець, калi толькi ўздымалася сонца i лес увесь блiшчэў ад кропель расы. Збiраць мокрыя чарнiцы было нязручна — лiсце лiпла да далоняў, але камары кусалi меней. Цi то яны ў гэты раннi час спалi, цi то iм было брыдка летаць сярод сырога зелянiва, але кусаліся яны значна менш.
Аднойчы, калi сонца толькi ўзвiднелася над вескай, цетка Мар'я пачала будзiць сваiх пляменнiкаў, якія штогод наведваліся ўлетку да яе ў госці.
— Уставайце, недарэкi. Чарнiцы праспiце.
Тыя толькі салодка пераварочвалiся з боку на бок. Цетка бухцела:
— Да паўночы гойсаюць — ранiцой не падняць. Уставайце, пакуль камароў няма.
Неахвотна пляменнiкi вылазiлi з ложкаў, паўсонныя пляскалi ў твар халоднай вадой, апраналiся i, ўзяўшы посуд што паямчэй, тупалi за цеткай. Цетка абуралася:
— Кастусь, ты куды столькi посуду набраў?
— У мяне механiзацыя, — адказваў Кастусь, кiваючы на прыстасаванне, якое ў народзе называлі камбайнам.
— Посуд што пабольш узяў. Цi здолееш набраць столькi? — зноўку бурчэла цетка.
Кастусь толькі адмахіваўся:
— З пустым яшчэ дадому не вяртаўся.
— Ну, глядзi сам. Не мне сорамна будзе.
І цетка тупала ў напрамку лесу. Сонныя пляменнiкi пакорна iшлi за ей. У лесе ўжо поўзалi людзi. Цетка здароўкалась з кожным i крочыла далей. Кастусь па дарозе рваў ягады, што віселі на кусціках абапал самой дарогі.
— Навошта так далека ісці? І тут ягад хапае.
— Разве ж гэта ягады? Адна назва. Тут ўжо ўсе павыдралi. Лепш крышачку далей адыйсцi — там ягад болей.
Праз нейкі час цетка звярнулап з дарогi:
— Ну, прачынайцеся — чарнiцы чакаюць, — i нахiлiўшыся да самага долу, шпарка пачала абрываць буйныя ягады.
Кастусь, узброены камбайнам, пачаў абдзiраць зяленыя кусцiкi. Яго жонка Вольга паспрабавала таксама збіраць ягады камбайнам, ды хутка кiнула гэту забаву:
— Больш смецця, чым ягад, — i пачала збiраць правераным спосабам — рукамі.
Ягады грукалi па баках вядзерак i вядзер. Сонца падымалася вышэй. Раса высыхала i збiраць ягады было больш прыемней, але над вухам усе часцей раздаваўся нудлiвы камарыны пiск. Спiна пачынала стагнаць, падпяваючы камарам. Сонца вышэй — камароў больш, а канца яшчэ не бачна. Вяртацца ж дадому з няпоўным посудам неяк няемка. Устанеш — разамнеш замлеўшую спiну i зноў рачком становiшся. А чарнiц — мора. Становiцца спякотна, камары кусаюць усе ямчэй. Каб неяк збавiць час вялі размовы. Пра тое, што было, пра тое, што будзе. Збіраючы ягады, Вольга увесь час паглядвала на Мар'ю:
— А вас, цетачка, i камары не кусаюць — голай галавой у лесе.
— Нясмачная, пэўна, — адказвала Мар’я. — Ды i хусткi не люблю.
— Цетачка, — асцярожна пытаецца Вольга. — А што гэта ў вас з вушамi?
— А што з iмi?
— Ды, нейкiя незвычайныя. Не такiя як ва ўсiх.
— А гэта ўсе ад ранейшых часоў, — смяецца цетка. — Раней як жылi? Усе ў адным пакоi. Тут старыя спяць, побач маладыя. Як мяне татка з мамкай рабiлi, дзед iх за ногi дзергаў, каб спаць не перашкаджалi, вось на вушах i спынiлiся. Усе добра атрымалася — толькi вушы недарабiлi.
Цетка выцірае пот з ілба i пытае пляменніцу:
— Я вось цябе ўсе запытаць хачу. Калi вы мяне бабкай зробiце? Колькi гадоў ужо разам з Кастусем жывеце, а дзяцей усе няма.
— Рана яшчэ.
— Ды ўжо самы час
— Спачатку кватэру трэба асобную займець, а потым i дзяцей можна заводзiць.
— Я табе так скажу — раней усе да кучы жылi i дзяцей ражалi, а зараз усе ў асобных кватэрах жывуць i дзяцей няма. Тут не ў кватэрах справа…
Цетка цяжка ўздыхнула і знозку прынялася за ягады.
Ускорасцi набралi поўныя ведры. Цетка хвалiла Вольгу:
— Малайчына, мяне дагнала. А што там твой з камбайнам корпаецца?
Пайшлі дапамагаць Кастусю. Хутка дабралі ягоны посуд i пайшлi дадому. Знаемыя здзiўлялiся:
— Толькi ў лес прыйшлi, а ўжо назад iдзеце. Пэўна ў вас з вечара чарнiцы недзе прыхаваны.
— Ага, — адказвае цетка. — Там — у лесе на кусцiках вiсяць.
Дома перабiралi чарнiцы. Цеткiны ягады перабiраць амаль не прыйшлося. Чыстыя — ніводнага лісціка.
— А я iх у лесе перабірала, — дзялілася вопытам цетка. — Горстачку набяру — дуну. Лiсцiкi ўсе выляцяць. Навошта смецце дадому несці?
Пляменнiцавы ягады таксама перабралi хутка — смецця нешмат, ды i ягадкi буйныя, адна да адной. Затое з Кастусевымi прасядзелi доўга. Бадай адно лiсце.
— Вось табе i механiзацыя, — пасмейвалася цетка.
Перабраўшы ягады пачалi смажыць, варыць, закатываць. Ажно да самага вечара. Гудзелi спiны, нылi рукi. Цетка пытала ў пляменнікаў:
— Ну, што? Заўтра зноў у ягады?
— Баранi бог! — аднекiвалiся маладыя. — Куды iх столькi?
Скончыўшы справы і павячэраўшы, клалiся спаць. А ранiцой, ледзь толькi над вескай пачынала падымацца сонца, зноўку тупалi у лес за чарнiцамi.
Дзень нараджэння
Адзначаць свой дзень нараджэння ў гэтым годзе Нiнка не збiралася. Дата была не юбiлейная, ды i настрою не было. Увечары, прыбраўшыся па хаце, схапiла ведры i пабегла на Мiхасеў двор за вадой. Мацюкнулая, зачапiўшыся за скiданыя ля самай калiткi дровы:
— Папрасi дурня богу малiцца, дык ен i лоб разаб'е, — абуралась яна на Валерку, якi скiнуў мятровыя чуркi ля самай дарогi. — Не мог са двара заехаць.
Нетаропка набрала поўныя ведры, крышачку пабалакала з Мiхасем i пакрочыла дадому.
— Што гэта за машына насупраць маей хаты? Каму гэта так позна катацца прыспiчала? — разважала Нінка. — Машына нейкая незнаемая. Мо, зламаўся хто? Займелі машыны, па весцы гойсаюць з раніцы да вечара. Быццам заняцца нечым.
Не паспела завярнуць да сваей хаты, як ззаду пачулася:
— Стой, страляць буду!
Нiнка ад нечаканасці выпусцiла ведры з рук, але не страцiла ўпэўненнасцi:
— Я табе зараз пастраляю! Жартаўнiк знайшоўся, — Нiнка замахнулася вядром. — Бацюхна родны! Вiталь? Адкуль? Якiм ветрам цябе сюды занесла? — лямантавала ўзрадаваная Нiнка. Гады з тры яна не бачыла роднага брата, якi зараз апынуўся за мяжой. У прыбалтыцы. Нiнка часам жаратавала — раней у анкетах пiсалi, што родных за мяжой няма, а зараз — уся радня за мяжой. Месца ў анкеце не хопiць, каб усiх пералiчыць. Хто у Расii, хто на Ўкраiне, а каго лес закiнуў аж у Амерыку.
— Ну, што мы стаiм? — завіхалася яна ля брата. — Пойдзем у хату.
— Ды я не адзiн, — аднеківаўся той. — З жонкай i дзецьмi.
— А дзе ж яны?
— У машыне сядзяць.
— Дык чаго ты iх там марозiш? — Нiнка падбегла да машыны. — Волечка, Аленка, Сцепка, — цалавала яна нечаканых гасцей.
Пайшлі ў хату. Нінка не ведала, што рабіць з нечаканымі гасцямі. Куды пасадзіць, чым карміць, як забаўляць.
— Вы хоця б загадзя папярэдзiлi, — летала яна па хаце. — Я б згатавала чаго. А то акрамя хлеба нiчога дома няма. Ну, зараз што-небудзь прыдумаю.
— Ды мы не з пустымi рукамi, — Віталь пачаў выкладываць на стол з вялізнай сумкі каробачкі і скрутачкі. — Гэта табе пачастункi.
— З якой нагоды?
— Дык дзень нараджэння усе такi.
— Успомнiў!
— А як жа! Усе паштоукi слалi, а зараз вырашылi самi завiтаць.
— Ну i добра. а я ужо думала, што i не убачымся. Да вас цяпер i не дабрацца — вiзы, пасольствы. Замежжа адным словам.
— Нам у гэтым выпадку прасцей, — Віталь сумна ўздыхаў. — Заплці і едзь.
— Ну вы пакуль стол сэрвiруйце, а мы з Волечкай на кухню пойдзем.
Даўшы ўказаннi Вользе, што рабiць, Нiнка скокнула ў падпол i пачала выстаўляць уселякiя слоiкi з рознымi прысмакамi, што назапасiла ўлетку — грыбы, агуркi, памiдорчыкi — саленыя, марынаваныя, у сваiм саку i яшчэ ў розных выглядах. Нiнка, што тычыцца па частцы закатак і нарыхтовак, была, як кажуць, сапраўдным майстрам. За лета яна спрабавала зрабiць i пасмакаваць усе, што цяпер стаяла ў падполе. Госцi, убачыўшы, што Нiнка выцягнула на свет амаль увесь падпол, пачалi абурацца:
— Ды не трэба.
— Ды было чаго, так на хуткую руку. Зараз бульба зварыцца i сядзем за стол.
Праз некалькi хвiлiн селi за стол. Нiнка дастала з шафы пару бутэлек марачнага i пляшку гарэлкi.
— Што пiць будзем?
— А ўсе роўна. Ехаць нікуды не трэба, — адказаў Вiталь, пазіраючы ў вакно. — Усяго i пачастуем.
— Што гэта ты ўсе на двор паглядаеш? — запыталась Нінка.
— Ды за машынай сачу.
— Каму твая машына патрэбна? — здзівілася Нінка. — У мінулым годзе да суседа таксама сваякi прыязджалi, дык покуль гасцiлi — машына iржой пакрылася. У нас хто мог — той ужо даўно на калесах. Ды не на адных. А калi баiшся за машыну, заганi ў двор. Спакайней будзе.
Вiталь так i зрабiў. Вярнуўся на свае месца, а Нiнка ўжо камандавала:
— Ну, Вiталь, налiвай. З якой пачнем?
— Усе роўна.
— Ну, тады з беленькай.
Налiлi, выпiлi. Не паспелi закусiць, як ў дзверы хтосьцi пастукаў.
— Каго там нялегкая прынесла? — Нiнка выскачыла ў карыдорчык.
— Бацюхна, — данеслась адтуль. — А вы якiм ветрам?
У хату ўвалiўся мужык, абтрасаючы снег з адзежы.
— Да вас, як да Амерыкi — не дабрацца. Давялось з раену пешшу iсцi. Добра хоць дарогу не занесла снегам.
— Вось i другi брат завiтаў — Васiль, — радасна прагаварыла Нiнка.
Вiталь падскочыў да брата i пачаў яго цiскаць.
— Ды не цiснi, задавiш.
Віталь адпусціў брата.
— Ты адзiн?
— Ды не, са сваей паловай.
— А дзе ж яна?
— У сенцах, снег абтрасае.
Увайшла Васілева жонка, пачалі цалавацца, абдымацца. Нінка прынесла чыстыя талеркі, пару табурэтак. Зноў селi за стол. Зноў выпiлi. Закусiлi.
— Нiколi не думала, што вось так святкаваць буду, — павяла размову Нінка. — Усе з'ехалiсь. Толькi нажаль Войцiка няма.
— Ен зараз у Амерыцы на працу спяшаецца. Куды яму да нас.
— Ну, дык хоць вып'ем за яго.
— Вып'ем.
І тут зазвiнеў тэлефон. Нiнка выскачыла з-за стала:
— Ало? Хто? Нiчога не чуваць! Кажыце грамчэй. Што? Якi Далас? Нiчога не разумею. Што? Амерыка? Давайце. Ало. Войцiк? Якiм чынам? Дзякуй, дзякуй. Добра… Чую добра, нiбы побач стаiш. Дзякуй, i табе таксама. А мы тут усе — i Вiталь са сваiмi, i Васiль. Прывiтанне перадаюць. Як ты там? Калi завiтаеш? Што? Нiчога не чую. Перарвалася.
Нiнка пастаяла крышачку, чакаючы мо перазвоняць, але тэлефон змоўк. Пасядзелі яшчэ крыху. Зноў выпілі, закусілі. У хаце боло горача. Мужыкі разчырванелісь. Жанчыны абмахваліся хусцінкамі.
— Душна, — сказаў Віталь.
— Праветрыцца трэба, — прапанаваў Васіль.
— А вунь там дровы ля дарогi ляжаць, — сказала ў жарт Нiнка. — На двор пазнасiце — праветрыцеся.
Мужыкi без размоў усталi i пайшлi апранацца.
— Вы куды?
— Дровы насiць.
— Ды пажартавала я.
— А чаго сядзець? Дай што-небудзь накiнуць, каб не вымазацца.
— Ну, як скажыце, — Нiнка пачала раздаваць усiм рабочае адзенне.
— Ну, а мы чаго? — завойкалi жанчыны. — І мы таксама.
Праз некалькi хвiлiн шумная кампанiя насiла дровы. Слiзгалiся, падалi, мацюкалiсь, смяялiсь. Праз поўгадзiны дровы акуратна ляжалi на шырокiм двары. Бабы з дзецьмi пайшлi ў хату, мужыкi засталiся курыць і ўспамінаць мінулыя часы. У хаце жанчыны прыбіралі посуд, сцялілі ложкі. Размеркаваўшы ўсіх па сваіх месцах Нінка таксама лягла спаць. Засынаючы, разважала:
— Шчаслiвая. Хто думаў, што селетні дзень нараджэння будзе гэткiм?
Бомба ў гародзе
Пятроўна сонна пазiрала на гадзiннiк. Да канца працоўнага дня заставалася яшчэ шмат часу, а справы ўсе былi скончаны. Гартаць старыя газеты i часопiсы Пятроўне не хацелась i яна марнавала час, гледзячы ў вакно за якiм, нiбы ў тэлевiзары, няспешна цякло вясковае жыцце. Вось Валерка спынiў свой трактар ля магазiну, штосьцi шапнуў Пятру, сядзеўшаму на ганку i абое зарагаталi. Вось Нiнка выскачыла з хаты i кiнулась выганяць Пятрова казла са свайго агароду. Вось баба Дуся таропка пылiць да сельсавету. Грукнулі ўваходныя дзверы i ў кабiнет уляцела баба Дуся.
— Пятроўна, — бухнула яна без прывiтання. — Званi ў мiлiцыю.
— З якой нагоды?
— Твой Дрозд бомбу знайшоў.
— Якую бобму? — не зразумела Пятроўна. — Дрозд табе агарод паша.
— Вось там i знайшоў.
— Брэшаш.
— Сабакi брэшуць, а я праўду кажу. Вось такую бомбу, — Дуся развяла рукi ўбокi. — Званi, пакуль не жахнула.
— А Дрозд дзе?
— Пiльнуе, каб не сперлi. Ты ж ведаеш, якiя людзi. Не ўпiльнуеш, як сапруць. Званi хутчэй.
Пятроўна зняла тэлефонную трубку, але замест нумара мiлiцыi набрала нумар мясцовага ўчастковага Івончыка.
— Сяргей Іванавiч? Гэта я — Пятроўна. Ад спраў адарвала? Не? Ну, тады ў мяне да цябе справа есць. Тут Дуся прыбегла, кажа, што на ейным агародзе бомба ляжыць.
— Вялiзная, — шаптала побач баба Дуся.
— Вялiзная. Ты б глянуў, калi час есць. Добра? Ну, буду чакаць, — Пятроўна паклала трубку. — Ну, пойдзем. Глянем на тваю бобму.
Усю дарогу Дуся абуралась, што Пятроўна пазванiла не у мiлiцыю, а Івончыку:
— Якая з яго карысць? Што ен зробiць? Паглядзiць, павойкае — i што? У раен званiць трэба было, цi ў вобласць.
— Мо адразу ў сталiцу?
— Мо i ў сталiцу. Там людзi разумнейшыя.
Датупалi да Дусiнага гарода.
— Ну, паказвай, дзе твая бомба?
— Вунь яна, — Дуся кiўнула ў бок Дразда, якi, кiнуўшы араць, ляжаў у цяньку старой бярозы.
— Што ты, Дрозд, тут выкапаў?
— Вунь, — Дрозд кіўнуў галавой у бок. — Сама гляздi. Я да яе падыходзiць баюсь. Яшчэ бабахне.
Пятроўна падыйшла да балванкi, што ляжала сярод баразны.
— З вайны пэўна, — пачуўся голас ззаду. Пятроўна азiрнулася.
— А! Сяргей Іванавiч? Добра, што падыйшоў. Ну, што скажаш?
— А што сказаць? Адкiнь у бок, ды ўся справа. Калi яна столькi год адляжала, то ўжо нiчога страшнага не здарыцца. Бач — уся iржавая.
— Разумнiк якi, — пыхнуў Дрозд. — Сам адкiнь.
— Я пры парадзе.
— А я пры галаве. Старая, а як рване — мала не пакажацца.
— Баязлiўца, — чыхнуў Івончык.
— Асцярожны, — паправiў Дрозд.
— Дык, сыначку, — завiхалась ля Івончыка баба Дуся. — Мне што рабiць? Гарод пахаць трэба.
— Ды пачакай ты са сваiм гародам! Тут праблему рашаць трэба.
— Рашай хутчэй.
— Не ганi. Падумаць трэба, — Івончык пачухаў патылiцу.
— Я ж табе казала, — Дуся пхала Пятроўну ў бок. — У раен званiць трэба было. А з гэтага карысцi, як з казла малака.
— Слухайце сюды, — нарэшце выдаў Івончык. — Ты Дуся на гарод свой не лезь пакуль. Ты Дрозд — будзеш пiльнаваць, каб нiхто сюды не лез.
— Яшчэ чаго! Сам пiльнуй.
— Ты з уладай спорыць будзеш?
— Знайшлась улада!
— Ты не ерапенься, Дрозд, а то я табе тваю матацыклетку прыпомню. Колькi ты на ей без правоў ездзiш? А?
— Добра, — сумна адказаў Дрозд. — Папiльную. А колькi?
— Пакуль з раену брыгада спецыяльная не прыедзе. Ясна? А мы, Пятроўна, пойдзем у раен званiць, пакуль яны там на рабоце.
Дрозд сумотна паглядзеў на жонку. Тая толькi пацiснула плячыма. Разыйшлiся. Дрозд застаўся пiльнаваць бомбу. Сонейка прыгравала i Дрозд, паўтульней прымасціўшыся пад бярозай, пачаў драмаць.
— На, сынок, перакусi.
Дрозд расплюшчыў вочы. Дуся прынесла мiсачку з варанай бульбай, кавалак чорнага хлеба i саленага сала.
— О, гэта добра! — пацер рукі Дрозд. — Каб яшчэ агурчык.
— Няма агукоў, — адказала баба Дуся. — Скончылiся.
— Ну i за гэта дзякуй, — Дрозд пачаў умiнаць ежу.
Пачало вячэраць. Брыгады з раену не было. Дразду хацелась плюнуць на ўсе i пайсцi дадому, але думка, што Iвончык сапраўды можа адабраць матацыкл, спыняла яго. У прыцемку з'явiлiсь Івончык і Пятроўна.
— Слухай сюды, — загундосiў Івончык. — Брыгада прыедзе заўтра. Таму табе давядзецца тут i ноч пасядзець.
— Во яшчэ!
— А матацыкл?
— Дроздзiк, — заляпятала Пятроўна. — Ну што табе рабiць? Пасядзi, калi трэба. Я табе тут паесцi прынесла. А каб не замерз — вось кажух i пляшачка.
— Добра, — буркнуў Дрод. — Толькi да ранiцы. Болей не буду.
— Болей i не спатрэбiцца.
Зноў усе разышлiся, пакiнуўшы Дразда ля праклятай бомбы. Дуся некалькi разоў завiтвала да Дразда, перакiдвалася парай слоў i бегла па сваiх справах.
Жжоўклы месяц асвяшчаў Дусiн гарод. Дрозд даўно ужо з'еў i выпiў прынесеннае жонкай, дасмалiў апошнюю цыгарэту i, паўтульней закруцiўшыся ў кажух, заснуў.
— А божачка мой, — Дрозд ускачыў. Дуся скакала на барознах.
Побач стаялi Івончык i Пятроўна.
— Праспаў! Бомбу праспаў!
Дрозд сонна хлопаў вачыма.
— Цябе на што тут пакiнулi? Бомбу пiльнаваць! А а ты яе праспаў! — крычаў Івончык. — Што цяпер рабiць? Хутка брыгада прыедзе, а бомбы няма. Выпiшуць штрафу — плацiць табе давядзецца.
— Ды каму яна патрэбна, — апраўдываўся Дрозд.
— Значыцца, камусьцi спатрэбiлась. Ідзi шукай цяпер, хто яе спер.
— Бомба цяжкая, — разважаў Івончык. — Далека не аднясеш. Машыны не было.
— Адкуль ведаеш?
— Слядоў няма. Значыцца хтось са сваiх сцягнуў.
— Я ведаю, хто, — завойкала Дуся. — Гэта Ванька Саўчанка, ен звячора ля маей хаты вiхляўся. Разам з гэтым — рыжым з прыезджых, што ў макравусавай хаце жывуць.
— Тожа мне — Шэрлак Холмс, — чыхнуў Івончык.
— Я вам праўду кажу, — бухцела Дуся. — Калі хто i спер — толькi яны. Акрамя iх тут нiкога не было. А яны мальцы паганыя. Толькi i швэндаюцца па весцы, каб дзе што-небудзь утварыць.
— Сходзiм, паглядзiм, — Івончык кiўнуў Пятроўне.
— Сходзiм, — згадзiлася тая.
Прыйшлi да хаты Саучанкаў. Пастукалi.
— Хто там? — данеслася з хаты.
— Гэта я — Івончык. Ванька ваш дома?
— Спiць яшчэ.
— Будзi.
— Дзеля чаго?
— Будзi, табе кажуць.
— А што здарылась?
— Пытанне есць.
— Зараз.
У дзверах паказаўся заспаны Ванька.
— Ты бомбу спер? — наляцела на яго баба Дуся.
— Якую бомбу?
— Не прыкiдывайся. Ты з гэтым рыжым ля майго гароду поўзаў. Ты i спер.
— Навошта яна мне? — аднекiваўся Ванька.
— Вы i рыжага спытайце. Яны разам там былi, — не супакойвалась Дуся.
— Ну, пайшлi да рыжага, — згадзіўся Івончык.
Па весцы iшла шумная працэссiя. Наперадзе кавыляла Дуся, за ей пад даглядам Івончыка, Пятроўны i бацькi тупаў Ванька. Ззаду плеўся Дрозд.
Толькi падыйшлi да макравусавай хаты, як нехта кiнуўся з хаты ў сарай. Івончык хуценька паспяшыў за iм. Праз хвiлiну ен выцягнуў на вулiцу рыжага, якi верашчаў:
— Дзядзечка, гэта не я! Гэта ўсе Ванька! Ен кажа — давай сцянем! Ну i сцянулi!
— А калi ен табе скажа тапiцца? Што рабiць будзеш? У ваду кiнешся?
— Гэта не я… — верашчаў рыжы.
— Я ж вам казала, — ганарыста шаптала Дуся. — Гэта яны, паршыўцы.
У хуткiм часе прыехала брыгада. Бомбу асцярожна пагрузiлi ў машыну i вывезлi за веску. Пачуўся глухi выбух. Вароны закружылi над вескай.
— А ты казаў старая, — Дрозд кiўнуў Івончыку. — Вунь як рванула.
— Хто ж ведаў, што яна праз столькi год жывой акажацца?
Пачалi разыходзiцца. Дрозд накiраваўся было да сваей хаты, але баба Дуся схапiла яго за рукаў:
Бесплатный фрагмент закончился.
Купите книгу, чтобы продолжить чтение.