Шчарбачы
Напэўна, многія з нас чулі пра бітву рускай і шведскай армій пад вёскай Добрае, што знаходзіцца непадалёк ад Маляцічаў. Тады руская армія ўпершыню нанесла шведам паразу, якая стала пачаткам перамогі ў бітве ў Лясной. Але гаворка сёння не аб гэтым змаганні, а пра тое, што, дзякуючы ёй, нарадзілася ў нашай мясцовасці легенда, і сёння мы вам яе раскажам.
У адным з палкоў арміі Пятра I служыў салдат. Гэта быў невысокага росту, каржакаваты, вясёлы малады мужчына. Аднойчы, яшчэ падчас ваеннага паходу на Азоў, яго запрыкмеціў сам цар. Перад штурмам крэпасці ён звярнуў увагу на ўсмешлівага салдата, які стаяў у першым шэрагу. Усмешка службовага відавочна не адпавядала моманту.
— Гэй, Шчарбач, — паклікаў яго цар мянушкай, намякаючы на вялікую шчарбіну ў верхнім шэрагу зубоў салдата. — Цябе нешта развесяліла?
— Ніяк не, Ваша Вялікасць!
— Дык што ж ты лыбішься, як дурань? — словы гаспадара развесялілі салдат, што стаялі побач.
— Баюся я, Ваша Вялікасць… Гэта першы мой бой.
— Смерці баішся? — у пагардлівай усмешцы скрывіў вусны цар.
— Ніяк не! — усё гэтак жа усміхаючыся, адказаў салдат. — Ваша Вялікасць, гэта цяжка растлумачыць. Не кожны зразумее…
— Ну, растлумач свайму цару, можа не такі ён і дурны, — бровы Пятра ўзляцелі высока ўверх.
Салдат на імгненне задумаўся і спытаў:
— Ваша Вялікасць, вам даводзілася заляцацца да дзяўчат?
— Што? — цар ад такога нахабства ледзь не страціў мову. Прыціхлі і салдаты, спалохаўшыся, што і ім цяпер уляціць пад гарачую руку. Афіцэры, якія былі побач з Пятром, ужо хацелі выцягнуць нахабніка з калоны, але Пётр узмахам рукі іх спыніў і адказаў шчарбатаму:
— Была справа…
— Ну, тады Ваша Вялікасць ведае, што іншым разам у дзяўчыны цяжка дамагчыся кахання. Стаіць яна перад табой, такая прыгожая, усім выглядам прываблівае да сябе. А калі позірк кіне ў твой бок, цябе ажно ў жар кідае і ногі дрыжэць пачынаюць. У такім выпадку патрэбны адвага і знаходлівасць, ну, і, вядома, ні ў якім разе не паказваць, што ты яе пабойваешся. Таму без усмешкі на твары ніяк…
Цар усміхнуўся і, пляснуўшы па плячы салдата, сказаў:
— Ну, што ж, паглядзім сёння ў баі, як твая тактыка спрацуе.
Азоў быў узяты. Туркі і крымскія татары беглі з крэпасці. А шчарбаты салдат паказаў сябе малайцом у баі.
Прайшоў час. Рускія войскі ўдзельнічалі яшчэ ў некалькіх ваенных кампаніях. Шчарбач, як пры сустрэчы працягваў яго называць цар, за мужнасць і кемлівасць у баях атрымаў чын афіцэра.
Да гэтага часу ўжо ішла Паўночная вайна. Шведскі кароль Карл XII «гуляў» са сваім войскам па тэрыторыі Рэчы Паспалітай. А рускі цар спрабаваў не пусціць яго на сваю землю. У пачатку верасня 1708 года шведскі кароль спыніўся на ноч на правым беразе ракі Чорная Натопа, што каля вёскі Маляцічы. Насупраць, на левым беразе ракі Белая Натопа, ля сяла Добрае, размясціліся галоўныя сілы рускай арміі.
Калоны шведскіх войскаў генерала Рооса знаходзіліся ў 2 вярстах ад галоўнага лагера. Пётр I вырашыў скарыстацца сітуацыяй і нанесці ворагу ўдар. Для нападу былі прызначаныя два атрады: генерал-маёра князя Галіцына і генерал-лейтэнанта Флуга.
Ноччу князь Галіцын з сваімі батальёнамі перайшоў абедзве ракі і, пад прыкрыццём туману, непрыкметна падышоў да шведаў. Тры гадзіны ішоў рукапашны бой. У гэтым баі зноў вызначылася рота, якой камандаваў Шчарбач, і толькі ўцёкі выратавалі шведаў ад поўнага знішчэння. Шчарбач і яго салдаты доўга пераследвалі варожых салдат і спыніліся толькі ў невялікай вёсачцы, непадалёк ад Маляцічаў. Маладому афіцэру тут спадабалася. Ён адчуў сябе ў гэтай сельскай прыгажосці як дома. Але, праз некаторы час, рускія салдаты пакінулі вёску і адышлі за Чорную Натопу — было атрымана данясенне аб прыбыцці падмацавання, якое выслаў Карл XII на дапамогу Роосу.
Пётр І быў рады гэтай перамозе. У лісце Кацярыне ён пісаў: «… мы вчерашнего утра… на правое крыло короля шведского с осмью баталионами напали и по двачасном огню оного с помоштию Божиею с поля збили, знамена и протчая побрали. Правда, что я как стал служить, такой игрушки не видал.».
Цар Пётр за гэты подзвіг узнагародзіў князя Галіцына ордэнам святога апостала Андрэя Першазванага. Многія афіцэры і салдаты былі адзначаныя ўзнагародамі. Не застаўся забыты і Шчарбач. Пасля бою цар захацеў асабіста сустрэцца з ваярамі, якія перамаглі ворага.
Праходзячы шэрагі салдат, ён дзякаваў ім за перамогу. Убачыўшы Шчарбача, ён кінуўся яго абдымаць.
— Ну што, чарцяка, не ўсміхаешся? — спытаў цар у афіцэра. — Ці не рады перамозе?
— Рады, Ваша Вялікасць! — злёгку шепелявячы, адказаў сарамліва афіцэр і, не вытрымаўшы, ўсміхнуўся, прадэманстраваўшы Ўладару адсутнасць пярэдняга зуба.
— Ха-ха-ха, — засмяяўся Пётр. — І дзе ж ты зуб страціў?
— У баі швед выбіў, Ваша Вялікасць.
— Пакараў крыўдзіцеля?
— Пакараў, Ваша Вялікасць.
— Ну, прасі ў мяне ўзнагароду за выбіты зуб, — Пётр, хітра ўсміхаючыся, глядзеў на Шчарбача.
— Ваша Вялікасць, падчас пераследу ворага мая рота пабывала ў невялікай вёсачцы. Мне яна вельмі спадабалася…
— Я цябе зразумеў, — спыніў афіцэра цар. — Хоць тут землі не мае, але сваю ўзнагароду ты атрымаеш.
Праз некалькі дзён цар высветліў, хто з'яўляецца ўладальнікам вёскі, і выкупіў яе. Так Шчарбач стаў гаспадаром невялікага маёнтка. Ён яшчэ доўга ваяваў у войску Пятра I, а пасля адстаўкі пераехаў у гэтую вёску. Як называлася яна да гэтага часу, ніхто не памятае, але пасля таго, як з'явіўся новы гаспадар, яе сталі называць Шчарбачы.
Папова возера
Калісьці зямля вакол Дзягавічаў і Зімоніна належала аднаму заможнаму чалавеку. Панскі дом быў пабудаваны як раз паміж гэтых вёсак. Бывала, падымецца пан летняй раніцай на трэці паверх свайго вялікага дома, паглядзіць у бок Зімоніна, затым Дзяговічаў і цяжка ўздыхне. Не радуюць яго вачэй урадлівыя палі, статкі хатніх жывёл, лясы і лугі, стогне яго панскае сэрца, баліць ужо не першы год, бо там, у Зімоніна, у бацькоўскай хаце, жыве прычына яго сардэчнай «хваробы» — дзяўчына дзівоснай прыгажосці. І клікалі яе незвычайна для гэтых месцаў — Александрына.
Пан сустрэў яе выпадкова. Была тое наступным чынам. Пан сеў на свайго Лешага (жарабца так клікалі за круты нораў) і накіраваўся да ракі, каб пераправіцца на той бок па мосце. Ехаў ён не спяшаючыся, атрымліваючы асалоду ад ранішняга росквіта прыроды, яго сэрцу было лёгка ад песень птушак. І вось, калі ён задумаўся, Лешы паказаў свой нораў: панёс гаспадара зусім у іншы бок. Пакуль пан апамятаўся, конь ужо імчаў праз густыя кусты, якімі парос бераг. З цяжкасцю, не гледзячы на тое, што пругкія галіны сцябалі па яго твары, гаспадару ўдалося ўтаймаваць жывёліну. Пан з палёгкай уздыхнуў і агледзеўся — яго атачалі густы альшанік і вербалоз. «Вось цуд! Заблукаў на сваёй зямлі» " — усміхнуўся ён і накіраваў каня ў той бок, дзе, на яго думку, павінен быў быць мост.
Ехаў ён доўга, і таму на душы ў яго стала не спакойна. І ўжо, калі ён хацеў павярнуць каня назад, нечакана, быццам хтосьці адхіліў рукой кусты, пан убачыў перад сабою раку. Сонца ярка блішчэла, купаючыся ў празрыстай вадзе, і ад гэтых яркіх фарбаў яго вочы на нейкае імгненне заслеплі. Ён заплюшчыў іх, моўчкі сядзечы на сваім Лешым. Той адчуў настрой гаспадара. А ў пана ў вачах пранесліся фантастычныя вобразы.
Праз нейкі час, перамогшы сябе, ён расплюшчыў вочы і нават прыадкрыў рот ад здзіўлення: на другім беразе нешырокай ракі купалася дзяўчына. Пан не верыў сваім вачам. А калі да яго дайшло, што зрок яго не падводзіць, ён спалохана пацягнуўся рукой да лба, каб перахрысціцца — пан вырашыў, што гэта купаецца русалка. Ён саскочыў з каня і пацягнуў яго у кусты, бо памятаў шмат легенд, калі русалкі да смерці казыталі мужчын. Але Лешы яго не паслухаўся і стаяў на месцы як укапаны. Пакуль чалавек ціха (каб русалка не пачула) ваяваў з канём, дзяўчына выйшла на пяшчаны бераг, і пан зразумеў, што гэта не русалка, а зямная прыгажуня. Напэўна, ён яшчэ б доўга стаяў і зачаравана глядзеў на яе, але зноў у справу ўмяшаўся конь — ён гучна заіржаў. Дзяўчына спалохана азірнулася і, убачыўшы, што за ёю назіраюць з іншага берага, схапіла сваю вопратку і хутка нырнула ў густы хмызняк. Пану стала сорамна, што яго злавілі за падглядваннем аголенай дзяўчыны. Ён паскакаў, не разбіраючы дарогі, прэч з гэтага месца…
З той раніцы і страціў пан спакой, бо думкі яго круціліся вакол цудоўнай незнаёмкі. Не вытрымаўшы такога напружання, пан вырашыў высветліць: хто яна такая, адкуль? Ён паклікаў да сябе кіраўніка маёнтка, а той добра ведаў усіх мясцовых і, з апісальнага партрэта ад гаспадара, тут жа назваў яе.
— Гэта, ваша светласць, хутчэй за ўсё, папоўская дачка. Іх у яго дзве. Абедзве прыгажуні. Айцец Мікалай іх вельмі любіць. Вам, ваша светласць, вельмі цяжка будзе да яе наблізіцца.
— Чаму ты так лічыш? — незадаволена спытаў пан.
— Так, прабачце мяне, ваша светласць, усе ж у акрузе добра ведаюць вашу рэпутацыю донжуана.
— Што ты тут брэшаш? Пшел адсюль! — люта крыкнуў пан. — Каб я цябе тут больш не бачыў!
Той спрытна знік за дзвярыма. Услед яму неслася лаянка гаспадара.
Супакоіўшыся, пан сеў ў крэсла і пацёр скроні.
— Ну, мы яшчэ паглядзім, хто ў хаце гаспадар! — прашаптаў ён.
І з таго моманту стаў шукаць пан шляхі да сэрца Александрыны. Але дзяўчына быццам хавалася ад яго. Пан шукаў яе на рацэ, але яна перастала там з'яўляцца. Тады ён пачаў яе высочваць каля бацькоўскага дома. Александрына перастала выходзіць з дому. Потым пан пад рознымі прычынамі стаў заходзіць у госці да святара. Але і гэтая хітрасць не ўдалася — дзяўчына проста не траплялася яму на вочы. Пан лютаваў, і гэта на сабе сталі адчуваць яго дваровыя людзі. Нават кіраўнік, якога пан не гледзячы ні на што, цаніў, не раз адчуў на сабе моц яго кулакоў. Кіраўніку было прыкра, што гаспадар б'е яго як простага халопа з-за нейкай дзяўчыны, і ён стаў самастойна вырашаць гэту праблему, каб зноў увайсці ў ласку да пана.
Аднойчы, страціўшы спакой, пан напіўся так, што ледзь стаяў на нагах. І тут хтосьці пастукаў у дзверы яго кабінета.
— Хто там? — прагыркаў пан.
— Дазвольце, ваша светласць?! — пачуў ён нясмелы голас кіраўніка.
— Што табе трэба, сабака?
— У мяне ёсць навіна… — баязліва пачаў той.
— Што за навіна? Гавары!..
— Пане, заўтра Александрына (пана пры згадванні гэтага імя нават перасмыкнула) разам з сястрой едуць у горад, да сваёй цёткі.
— І што з гэтага? — спытаў п'яны пан.
— Як што, ваша светласць?! Гэта ж сам Бог дае нам шанец. Дзесьці па дарозе трэба арганізаваць засаду і…
— Як гэта арганізаваць засаду? — не гледзячы на хмель у пана захавалася пачуцце прыстойнасці. — Мы ж жывем у цывілізаваным свеце…
— Пане, гэта ўжо вам выбіраць, што рабіць! Мне гэтая паненка не патрэбна. А калі яна і вам не патрэбна, тады я маўчу…
Пан задумаўся, але ў п'яную галаву рэдка што прыходзіць разумнае.
— Добра! Я згодны! Што ты прапануеш?
Пачуўшы голас гаспадара, кіраўнік з палёгкай уздыхнуў і, наблізіўшыся да пана, стаў распавядаць яму свой план.
Каб адвезці дачок да сястры, айцец Мікалай перад тым замовіў у горадзе добры выезд. Александрына і яе малодшая сястра, як ніколі за апошні час, былі вясёлыя, збіраючыся ў дарогу, усё ўсміхаліся бацьку, усім хатнім. Дзяўчыны былі радыя з'ехаць з роднага дома з-за надакучлівасці пана, якога яны баяліся.
У хуткім часе да дома пад'ехала карэта. І вось ужо пагружаны багаж, надыйшла хвіліна развітання. Слёзы, пацалункі, і дзяўчаты ўжо ў дарозе. Ехаць трэба было праз Крычаў на Магілёў. Кіламетраў дзесяць, да адной з вёсак, дачок праводзіў бацька, бо яго туды запрасілі на хрэсьбіны. Далей дзяўчаты ехалі адны.
Дарога ішла лесам, балоцістымі мясцінамі. Дзяўчатам было трохі страшна, яны ўсё ж такі памяталі суседа-пана. Але вакол было ціха, толькі лёгкі стук капытоў пары коняў разганяў смутак лесу.
І раптам, калі да горада засталося зусім няшмат (з вярсту лесам і столькі ж лугам), карэта чамусьці спынілася. Аказваецца, фурман убачыў, што на лясной дарозе ляжыць чалавек. Ён саскочыў з карэты і асцярожна падышоў да незнаёмца. Той ляжаў нерухома, тварам уніз. Фурман узяў яго за плячо, каб павярнуць, але той, разгарнуўшыся, ўхапіў яго за каўнер. Ад нечаканасці фурман упаў на зямлю. У гэты момант з кустоў выбеглі трое ў масках і кінуліся да карэты. Коні спалохаліся і панесліся прама на іх. Гэтая тройка незнаёмцаў паспела адскочыць у бок, фурман таксама ўвярнуўся ад колаў. На дарозе ж застаўся ляжаць панскі ўпраўляючы, патрапіўшы пад карэту.
Сам пан і яго памочнікі толькі і ўбачылі, як мільганулі ў акенцы спалоханыя твары сясцёр. А коні ўсё ляцелі і ляцелі. Лес скончыўся, скакуны, не разбіраючы дарогі, несліся па лузе. І там, не разгледзеўшы ў высокай траве абрыў, яны, разам з карэтай і дзяўчатамі, зваліліся ў возера…
Пан, пасля гэтага выпадку, хутка прадаў сваю зямлю і маёнтак амаль за бесцань, з'ехаў кудысьці за мяжу. Яго дваіх змоўшчыкаў потым судзілі, а галоўным сведкам быў фурман. Бацька дзяўчат, пабудаваў невялікі домік каля возера, каб быць бліжэй да сваіх дачок. А вяскоўцы, якім даводзілася вяртацца дадому познім вечарам ці ноччу з горада, часта расказвалі адзін аднаму, што бачылі, як у святле поўні на бераг возера выходзяць дзве юныя прыгожыя дзяўчыны і спяваюць сумныя песні…
Ваўчыная вёска
Ёсць у нашым раёне вёска з таямнічай назвай — Волчас. У некаторых крыніцах сцвярджаецца, што гэтае слова азначае ваўчыца, ваўчыная. Так, у гэтых месцах раней вадзілася шмат ваўкоў. Існуе легенда, якая пацвярджае гэта.
Кажуць, у старадаўнія часы, яшчэ да таго, як нарадзіліся прадзеды нашых прадзедаў, у гэтых месцах ужо жылі людзі. Яны аралі зямлю, вырошчвалі хлеб, пасвілі авечак і кароў. Любілі яны і паляваць, бо вакол вёскі былі дзікія лясы, у якіх вадзілася шмат рознага звяр’я, таму вяскоўцы, з панскага дазволу, часта хадзілі ў лес са зброяй.
Аднойчы двое вяскоўцаў сабраліся паляваць на зайца. Доўга яны кружылі па лесе, але даўгавухія як быццам даведаліся пра гэта і стаіліся ў зацішных кутках. Дзень ужо хіліўся да заходу, і вырашылі мужыкі вяртацца дадому.
— Дзядзька Рыгор, давай пойдзем уздоўж ракі, раптам качку якую падстрэлім, — прапанаваў не высокага росту маладжавы мужычок, якога ў вёсцы клікалі Сёмкам.
— Давай, — пагадзіўся яго напарнік, высокі сталы мужчына, і свіснуў свайму сабаку па мянушцы Жук, які забег далёка наперад.
Паляўнічыя пайшлі ўздоўж рэчышча. Блукаючы ў высокай траве, прабіраючыся праз кусты, абыходзячы невялікія азяркі, яны нечакана выйшлі да пясчанага ўзгорку, на якім раслі крывыя сосны. І раптам сабака, які да гэтага маўчаў, забрахаў.
— Дзядзька, здаецца, Жук кагосьці адчуў. З Божай дапамогай не застанемся без здабычы, — загарэліся вочы ў Сёмкі.
— Хто яго ведае, — разважліва адказаў паляўнічы і, зняўшы стрэльбу з пляча, хутка пакрочыў у бок сабакі. Следам за ім паспяшаў напарнік. Прабраўшыся цераз кусты, яны ўбачылі, што сабака брэша на кагосьці, хто схаваўся пад каранямі паваленай ветрам сасны. Першым да гэтага месца падбег Сёмка.
— Можа, гэта барсук, — выказаў ён здагадку і стаў на калені, каб зазірнуць пад карані. Праз імгненне ён расчаравана плюнуў: — Цьфу ты, гэта ж ваўчаняты. Зусім малыя.
— Ну, тады няма чаго з імі важдацца, — адказаў Рыгор. — Адна марока. Пайшлі дадому.
— Э не, — запярэчыў Сёмка, — хутчэй за ўсё, гэта ваўчаняты той ваўчыцы, што рэжа нашых авечак ды цяляці. Тыдзень таму ў мяне маладую ярку зарэзала.
— Дык што, ты за маці ваўчанят тапіць сабраўся? — недаверліва паглядзеў на напарніка Рыгор.
— Я іх пану знясу. Я чуў, ён нашым мужыкам неяк казаў, што хацеў бы вырасціць ваўка ў сябе на двары.
Паляўнічы запусціў руку ў логава і выцягнуў адтуль шчанюка. Той вішчэў і выгінаўся ў яго руках, а мужчына, паглядзеўшы на яго жывот, расчаравана сказаў: «Дзеўка». Некалькі імгненняў разважаючы, ён усё ж сунуў ваўчаня ў мяшок і палез за другім. Той таксама быў самачкай, якая праз хвіліну была ў мяшку разам са сваёй сястрой. Мужчына зноў паглядзеў у цемру логава.
— Бачу, яшчэ адзін ёсць, — сказаў ён Рыгору, які абыякава глядзеў на дзеянні Сёмкі. — Эх, гад, укусіў за палец, — лаючыся, мужчына выцягнуў яшчэ аднаго шчанюка. На гэты раз той аказаўся «хлопчыкам». Задаволены паляўнічы сунуў малога ў мяшок, закінуў на спіну і пакрочыў услед за напарнікам.
Больш ніякіх падзей на іх шляху не адбылося, і мужчыны без прыгод дайшлі да сваёй вёскі. Рыгор пайшоў дадому, а Сёмка панёс ваўчанят пану. Той быў рады падарунку вяскоўца і пачаставаў яго чаркай добрай гарэлкі і грошы даў.
Неўзабаве пацямнела, на небе загарэліся зоркі. Вёска клалася спаць, але раптам каля ракі жудасна завыў воўк. Рыгор, які правяраў у гэты час засаўкі на дзвярах хлева, прыслухаўся да вою і паклікаў за сабой у хату свайго Жука.
А дзесьці апоўначы залаялі вясковыя сабакі. Сёмка ў гэты час выходзіў з карчмы. І раптам на яго нехта кінуўся. Мужчына паспеў убачыць толькі цень вялізнага звера і адчуў, як вострыя зубы ўпіліся яму ў плячо. Вяскоўца выратавала толькі тое, што, пачуўшы шум, мужыкі, якія знаходзіліся ў памяшканні, выскачылі на вуліцу і адбілі ад шалёнага звера аднавяскоўца. Яны ўцягнулі акрываўленага Сёмку у карчму. А звер, пазбавіўшыся сваёй здабычы, пабег па вуліцы ў цемру. Гэта была велізарная ваўчыца, якая, вярнуўшыся дадому з палявання, не знайшла ў логаве сваіх шчанюкоў. Па паху яна зразумела, што іх забралі людзі, і прыйшла па іх слядах у вёску, каб помсціць.
У гэты час у невялікім хлеўчыку, дзе былі зачыненыя ваўчаняты, сядзеў пан са стрэльбай. Побач быў слуга з прыкрытай рагожай лямпай. Пан быў добрым паляўнічым і ведаў, што ваўчыца не кіне сваіх дзяцей і прыйдзе іх ратаваць. Так і здарылася, ваўчыца знайшла той хлеў. Яна паклікала сваіх дзяцей, тыя ў адказ завылі. Маці паспрабавала ўчапіцца зубамі ў дзверы, але яны былі надзейна зачынены, і тады звер пачаў рабіць падкоп. Зямля з цяжкасцю, але паддавалася кіпцюрам раз’юшанага звера. Нарэшце ваўчыца адчула, што ўжо засталося блізка да яе малых. Апошні шкрабок і галава ваўчыцы пралезла ў вузкую дзірку. У нос зверу ўдарыў пах чагосьці гарэлага. Яна адчула — гэта пастка. Але раптам у вочы ўдарыла святло ліхтара і прагучаў стрэл…
Назаўтра ўся вёска прыходзіла да панскага дому, каб паглядзець на велічэзную ваўчыцу, якая ўначы параніла іх аднавяскоўца і загрызла з дзясятак сабак.
Як расказвае народнае паданне, пан выгадаваў ваўчанят. Яны яго беспярэчна слухаліся і днём свабодна гулялі па вёсцы, наводзячы жах на мясцовых сабак. Людзі з суседніх вёсак баяліся сюды прыходзіць, і неўзабаве вёску, а ўжо потым і раку, якая працякае побач, сталі называць Ваўчынай, або Волчас.
Спадчына
Жыў-быў на Крычаўшчыне заможны чалавек, якога звалі Браніслаў. Кажуць, вялізны дом яго стаяў недзе ў раёне цяперашняй вёскі Ермакоўка. Быў ён разважлівы, і за парадай да яго прыязджалі з далёкіх месцаў. За дапамогу грошай не браў, але ад падарункаў не адмаўляўся. І пры гэтым быў добрым гаспадаром, таму з кожным годам яго даход павялічваўся, усё больш было збожжа ў свіранах, а жывёльны статак яго пашыраўся ледзь не па гадзінах. Але галоўным яго багаццем былі дзеці, тры сыны: Ярмак, Сяргей і Зуй. Час ішоў, дзеці падрасталі, і такія яны былі спрытныя ды ладныя ва ўсіх справах, што не магло нарадавацца гэтаму сэрца бацькі. Але з часам воблака смутку затуманьвала позірк мужчыны, бо ён разумеў, што дзеці выраслі, вось-вось ажэняцца і пакінуць дом бацькі.
«Каго ж з іх пакінуць у маёнтку, а каму падарыць вёсачку?» — думаў мужчына. — «У доме павінен застацца той з сыноў, хто больш за ўсіх мяне любіць і паважае. Але як аб гэтым даведацца?».
І прыдумаў. Аднойчы ўвечары ён сказаў сынам:
— Кладзіцеся, дзеці мае, сёння раней спаць.
— Навошта, бацюхна? — спыталі яго сыны.
— Зусім дарослыя вы ўжо сталі, і хачу я падзяліць паміж вас спадчыну.
— Навошта нешта дзяліць, бацюхна? — запярэчыў малодшы Ярмак. — Мы хочам жыць з табою! Не праганяй нас!
— А я вас і не ганю, — адказаў бацька. — Справа ў тым, што гаспадарка ў мяне вялікая, за ёй патрэбна пільна наглядаць. Таму хачу падзяліць яе паміж вас, каб вы за гэтым усім глядзелі, гаспадарылі з прыбыткам. А будзе вольны час, заўсёды зазірнеце ў маю хату.
— Бацюхна, калі гаспадарка ў нас будзе вялікая, то мы не зможам наведваць цябе і прыглядаць за табой, калі ты пастарэеш, — насупіўшы бровы, прабурчэў Зуй.
— Бацька справу кажа, — нечакана падтрымаў Браніслава Сяргей. — За гаспадаркай трэба глядзець і павялічваць яе.
Браты заспрачаліся з ім, але ў рэшце рэшт, пасля доўгіх спрэчак, Сяргей пераканаў усіх.
— Вось і выдатна, — пацёр далоні Браніслаў. — Кладзіцеся спаць, а заўтра на досвітку я вас пазбуджу, і вы за дзень як мага далей павінны адысці ад маёнтка. Колькі вы паспееце пракрочыць, столькі і будзе ў вас зямлі, а ўжо па зямлі конямі і каровамі будзе дадзена. Так што спіце і набірайцеся моцы.
Першым заснуў Сяргей, трохі паварочаўшыся, заснуў Зуй. I амаль да самай раніцы не спаў Ярмак. Сон ад яго гнала думка аб тым, што неўзабаве давядзецца пакінуць самага блізкага ва ўсім свеце чалавека. Ён спрабаваў што-небудзь прыдумаць, але нічога талковага ў галаву не прыходзіла.
Раніцай, на самай зорцы, бацька пабудзіў сваіх дзяцей і каля брамы добраславіў іх у дарогу. Ён доўга глядзеў ім услед і, толькі калі сыны зніклі за паваротам, пайшоў у хату. Слугі час ад часу заходзілі да яго па загады і з цікавасцю пазіралі на гаспадара. Яны ведалі, куды ён адправіў дзяцей, і ім было цікава, пра што зараз ён думае. Але яго твар быў непранікальны.
А між тым, дзень наблізіўся да абеду, затым і вечар запанаваў над мясцовасцю і домам. На небе запаліліся зоркі, у хаце згасла святло — усе паснулі. Не спаў толькі бацька, ён усё думаў аб дзецях. А раніцай ён аддаў загад адшукаць сваіх сыноў. Слугі, ускочыўшы на коней, зніклі ў клубах пылу.
Не прайшло і дзясятка хвілін, як з’явіліся першыя ганцы.
— Вы што, не паслухаліся майго загада? — нахмурыўшы бровы, грозна спытаў у іх гаспадар.
— Ніяк не! — адказвалі тыя. — Мы знайшлі аднаго з вашых сыноў.
— Каго ж? — здзіўлена спытаў гаспадар.
— Ермака Браніслававіча.
— І што ён вам сказаў?
— Ён адказаў, што не патрэбна яму багацце, абы толькі з вамі быць побач.
Уздыхнуў Браніслаў і пайшоў у хату. Праз гадзіну вярнуліся яшчэ двое слуг.
— А вы што так хутка? — падазрона спытаў у іх гаспадар.
— Мы адшукалі Зуя Браніслававіча, — адказалі слугі.
— І дзе ж ён знаходзіўся і што рабіў?
— На беразе Сожа, лавіў рыбу.
— Вы спыталі, чаму ён не пайшоў далей?
— Так, гаспадар, ён сказаў, што больш за ўсё любіць бацьку і спакойнае жыццё. Таму і абраў месца для сваёй будучай хаты на беразе ракі, дзе можна адпачыць, палавіць рыбу, памарыць і ў любы час пабываць у гасцях у бацькі. А гаспадарка, якую ён атрымае, не дасць яму памерці з голаду.
Браніслаў, выслухаўшы слуг, пакрочыў у хату.
Доўга ён чакаў вестак аб трэцім сыне. Мінула гадзіна, другая, пачалася трэцяя. Ужо надышоў і поўдзень, а вестак усё не было. І раптам бацька, пачуўшы стук капытоў, выскачыў у двор, насустрач трэцяй пары слуг.
— Дзе вы так доўга былі? Вы адшукалі майго сына? — запытаўся ў іх гаспадар.
— Так, мы адшукалі Сяргея Браніслававіча, — спалохана адказалі слугі. — Але з ім здарылася бяда.
— Дзе ён? Што з ім?
— Ён у вярстах сарака адсюль, за ракою. Мы не маглі яго адшукаць адразу, бо ён вывіхнуў нагу і поўз па зямлі.
— Ён вяртаўся дадому?
— Не, — адказвалі слугі. — Ён поўз у бок ад хаты.
— І што ён вам сказаў? — падазрона спытаў іх Браніслаў.
— Ён доўга не мог нічога нам адказаць.
— Чаму?
— З-за слёз. Яны не давалі яму нічога сказаць.
— Яму было так балюча? — уздрыгнула сэрца бацькі.
— Не. Ён плакаў ад крыўды. Сяргей Браніслававіч так хацеў далей уцячы ад хаты, што не заўважыў яр і, упаўшы ў яго, пашкодзіў нагу.
— Бярыце падводу і вязіце яго дадому. Будзем лячыць.
— Ужо вязуць, — адказалі ў два галасы слугі.
Пасля гэтых падзеяў прайшло некалькі тыдняў. Аднойчы ўвечары Браніслаў паклікаў сыноў у свае пакоі.
Бесплатный фрагмент закончился.
Купите книгу, чтобы продолжить чтение.