Майму дзеду
Баніфацыю Жураўка
і маёй бабе
Эміліі Жураўка,
якія былі мне як бацькі;
маёй маме Браніславе;
маёй каханай жонцы Валянціне,
якая заставалася
маім спадарожнікам
на працягу ўсяго жыцьця
і падарыла мне
цудоўных дачок;
маім любімым дочкам
Жане, Алёне і Натальлі;
маім цудоўным унукам
Дзімітрыю, Антону і Мікіце
прысьвячаю
Біблія і філятэлія
Наказваю вам: любіце адзін аднаго. (Яна 15:17)
Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае для навучаньня, для выкрыцьця, для выпраўленьня, для настаўленьня ў праведнасьці, каб быў дасканалы Божы чалавек, да ўсякае добрае справы падрыхтаваны. (Другое да Цімафея 3:16,17)
Кнігі Сьвятога Пісаньня, якое складаецца з Старога і Новага Запаветаў, маюць агульную назву «Біблія». Назва паходзіць з грэцкай мовы і азначае ў перакладзе «кніга», якая зьяўляецца найбольш важнай з усіх кніг, проста «Кніга Кніг». Сапраўды, Біблія зьяўляецца адной з найважнейшых кніг у гісторыі сьвету, і не толькі ў сэнсе духоўным, але і літаратурным, гістарычным і сацыяльным. Няма ніякіх сумневаў, што для многіх людзей Біблія зьяўляецца свайго роду жыцьцёвай інструкцыяй, своеасаблівай кнігай псыхалягічнай, філязофскай, унівэрсальнай. Для мільёнаў людзей Біблія была і застаецца крыніцай вечнай ісьціны і мудрасьці, вучыць любіць і дараваць.
Сьвятое пісьмо зьмяшчае праўду пра Бога і праўду пра чалавека і паказвае дзеі чалавецтва праз адносіны з Богам.
Па дадзеных Сусьветнага Альянсу Уікліф на кастрычнік 2019: «У сьвеце налічваецца прыблізна 7097 „жывых“ моў. Сьвятое Пісаньне, у поўным або частковым складзе, існуе на 3384 зь іх».
Ужо ў трэцім стагодзьдзі да Р.Х. быў зроблены першы пераклад Старога Запавету — Сэптуагінта. У Сэптуагінце было ўжыта слова Пантакратар для перакладу габрэйскага назвы Эль-Шаддай (Бог). Спас Вобраз Уседзяржыцеля, або Пантакратара (ад грэч.: παντοκράτωρ — Усеўладны, Усемагутны) стаў цэнтральным вобразам у іканаграфіі Хрыста, які ўяўляе Яго як Нябеснага Цара і Судзьдзю. На мазаіцы з Сіцыліі Кніга ў левай руцэ Хрыста Панкратара раскрыта на старонцы з тэкстам «Я-сьвятло сьвятла. Хто ідзе за Мною, той не будзе хадзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыцьця» (Паводле Яна 8:12), напісаным на лацінскай і грэцкай мовах.
Пасьля ўзьнікненьня хрысьціянства стандартным перакладам Бібліі на лацінскую мову стала Вульгата, пераклад, зроблены Сьвятым Еранімам у 382 — 406 гадах. Сьвяты Еранім стаў міфам і легендай яшчэ пры жыцьці. У самай прыгожай і самай вядомай гісторыі пра Ераніма ён дастае стрэмку з лапы льва, які потым аддана ідзе за ім. Некалькі самых вядомых эўрапейскіх мастакоў адлюстроўвалі яго са львом на працягу стагодзьдзяў. Сьвяты Еранім таксама быў адлюстраваны ў выглядзе пустэльніка, які трымаў Біблію і чэрап, і ў выглядзе кардынала, апранутага ў афіцыйнае кардынальскае адзеньне. Яму прысьвечаныя дзясяткі паштовых марак.
«Я жадаў бы, каб Пісаньня пераклалі на ўсе мовы, каб іх чыталі і разумелі ня толькі шатляндцы і ірляндцы, але таксама туркі і сарацыны. Мне хацелася б, каб араты сьпяваў вершы зь Пісаньня, ідучы за плугам, ткач паўтараў іх пад гудзеньне чаўнака і падарожнік забаўляўся Эвангельскімі апавяданьнямі падчас сумнага падарожжа» — так пісаў вялікі галяндзкі навуковец Эразм Ратэрдамскі ў 1516 годзе.
Гэта стала магчымым, калі зьявілася першая друкаваная Біблія — гэта Біблія, надрукаваная ў 1452 — 1455 гады ў Майнцы Іяганам Гутэнбэргам. Вынаходніцтва Іягана Гутэнбэрга — друкарня зьмяніла палітычны, сацыяльны і культурны ляндшафт яго часу. Network прызнала Іягана Гутэнбэрга самай уплывовай фігурай другога тысячагодзьдзя. Таму і маркі, прысьвечаныя яму, выдаюцца многімі краінамі сьвету.
На пачатку было Слова, запісанае ў Кнігу, а Кніга была супраць выяваў: «Не рабеце сабе куміраў і выяваў, і слупоў ня стаўце ў сябе, і камянёў з выявамі не кладзеце ў зямлі вашай, каб кланяцца перад імі, бо Я Гасподзь, Бог ваш» (Лявіт 26:1). Не магло быць іначай сярод паганцаў, якія пакланяліся ідалам і прыносілі ім ахвяры. Абраны народ павінен быў быць верным Нябачнаму. І яўрэі не стварылі ніводнай выявы Бога. Першыя сцэны біблейныя паўсталі ў Рымскай імпэрыі. Гэта былі ілюстрацыі Сэптуагінты — грэцкага перакладу Старога Запавету. Стары Запавет забараняў тварыць выявы, а Новы Запавет не зьнімаў гэтай забароны. Але зьявіўся Богачалавек, Ісус, «выява Бога Нябачнага». Гэта давала мажлівасьць стварэньня вобраза Бога. Яшчэ доўга цягнуліся споры, хоць многія казалі «аб вялікім пажытку ад выяваў біблейных».
Наш зямляк Францыск Скарына з Полацку арганізаваў ў Празе друкарню, пераклаў на тагачасную беларускую мову, напісаў прадмовы і за 1517 — 1519 гады надрукаваў 22 кнігі Бібліі.
Беларуская пошта зрабіла некалькі выданьняў, прысьвечаных Францыску Скарыну. У тым ліку і першая Беларуская паштовая марка, выдадзеная Урадам Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе
Скарына друкаваў Біблію як з рэлігійнымі так і з асьветніцкімі мэтамі, пра што піша ў прадмове: «Дедтем малым початок всякое доброе наукы, дорослым помножение в науце, мужем моцное утверьжение». Біблію Скарына ўпрыгожыў 52 гравюрамі яго выкананьня.
«Што чытаньне дае вушам, тое маўклівае малярства ставіць перад вачамі» казаў Сьвяты Базыль у 379 годзе, а ягоны брат Сьвяты Георгій з Нысы скажа, што абразы замяняюць кніжкі, прыносячы гледачу тыя самыя карысьці. Але яшчэ доўгі час Кніга і выява не знаходзілі шляху да паяднаньня. Выявы зьявіліся пасьля Нікейскага (325 ад Р.Х.) і Халкедонскага (451 ад Р.Х.) царкоўных сабораў і расквітнелі ў Італіі эпохі Адраджэньня.
Матывы Біблейныя можна знайсьці ў творах знакамітых мастакоў і скульптараў, паэтаў і пісьменьнікаў, творах, якія сабраныя ў знакамітых музэях, галерэях і бібліятэках усяго сьвету. Біблія аказала вялікі ўплыў на мову, якой размаўляем, на творчасьць музычную. Мы жывём у сьвеце, які ў значнай ступені стаў упарадкаваны праз культуру Біблейную.
Выдадзена мноства кніг, дзе сабраныя самыя знакамітыя творы мастакоў, ілюструючых Біблію. Здавалася б, навошта займацца зьбіраньнем і апісаньнем, як паштовая марка ілюструе Біблейскія сюжэты. Дзьве прычыны. Вывучаць Біблію ня проста. Калі мы чытаем Пісаньне, калі не зьвяртаем пільнай увагі і не адкрываем сэрца і розум на тое, што Бог сапраўды кажа, мы бачым толькі тое, што хочам бачыць. Мне дапамог мэтад паралельнага вывучэньня. Чытаньне Бібліі стымулявала пошук марак для філятэлістычнай выставы, а знойдзеныя мініяцюры патрабавалі знаёмства з адпаведным тэкстам Бібліі. А яшчэ, з дапамогай паштовых марак кожны жадаючы можа напісаць «сваю кнігу» з біблейскімі сюжэтамі, якая будзе рукатворнай і непаўторнай, бо немагчыма сабраць усе паштовыя маркі на Біблейскую тэму. Штодня паяўляюцца ўсё новыя выданьні, а папярэднія становяцца ўсё больш недаступнымі. Праца па складаньню калекцыі пакліча ў пошук, пашырыць круг знаёмых і сяброў, паспрыяе пазнаваньню зьместу Кнігі, яго асэнсаваньню, прывядзе да веры або ўмацуе ў ёй. Такая праца прывяла мяне да напісаньня гэтай кнігі.
Першай паштовай маркай, тэматычна зьвязанай з Бібліяй, зьяўляецца марка пошты Італіі, выдадзеная ў 1852 годзе. На марцы Герб Папы Рымскага — залаты і срэбны ключы, якія Хрыстос перадаў Апосталу Пятру.
У наступныя гады колькасьць выдадзеных марак на Біблейскую тэму расла ў геамэтрычнай прагрэсіі. І хоць не ўсе тэмы раскрытыя, варта зрабіць спробу, паказаць з дапамогай паштовых марак доўгія дзеі збаўленьня, якія папярэдзілі нараджэньне, жыцьцё, дзейнасьць, сьмерць і паўстаньне зь мёртвых Ісуса Хрыста. Гэта ня толькі для таго, каб з цікавасьці разгледзець мініяцюрныя малюнкі, якія пошты розных краін абралі для сваіх выданьняў, але, каб як мага больш даведацца аб тым, што яны паказваюць, што нам хацеў сказаць аўтар. Толькі тады марка ня толькі забаўляе, але вучыць і выхоўвае.
Наступным было выданьне пошты Мальты па карціне Густава Доры — «Сьвяты Павал пасьля караблекрушэньня». За Сьвятым Паўлам ў вогнішчы зьмяя. Падзея адбылася пазьней, калі Апостал грэўся ля вогнішча і на яго напала зьмяя. «Але ён, абтросшы зьмяю ў вагонь, не зазнаў аніякае шкоды» (Дзеі 28:5).
Мяне вельмі ўразілі словы, на жаль я згубіў кім сказаныя: «Царква прыгожая, калі знаходзіцца ў будынку, але яшчэ больш уражлівая, калі ажывае праз Яго народ у паўсядзённым жыцьці. Няхай Слова Божае ажыве праз вас, і вы будзеце Яго рукамі і нагамі ў страчаным і паміраючым сьвеце, маяком Яго надзеі ў цемры».
«Хіба ня ведаеце, што вы храм Божы, і Дух Божы жыве ў вас?» (Першае да Карынфянаў 3:16).
Трыміленіюм
4 верасьня 1995 году пачаліся ўрачыстасьці, прысьвечаныя трохтысячагодзьдзю Ерусаліма, якія працягваліся 16 месяцаў. Яны былі насычаныя разнастайнай культурнай праграмай.
З гэтай нагоды пошта Палаў выпусьціла прыгожы марачны ліст. У загалоўку марачнага ліста напісана: «Па Нашаму Вобразу і Падабенству. Дасьледаваньні пэрсанажаў Бібліі для Іерусалімскага Трыміленіюмa».
На гэтым марачным лісьце відарысы 30 розных Біблейскіх пэрсанажаў, намаляваных мастаком Гаем Роў (1894–1969). Аб гэтым сьведчыць надпіс пад малюнкамі ў нізе ліста:
«Рэпрадукцыі разьмешчаныя з дазволу нашчадкаў Гая Роў, з карцін, першапачаткова апублікаваных у кнізе „Па Нашаму Вобразу і Падабенству“: Дасьледаваньні пэрсанажаў са Старога Запавету; выбрана з вэрсіі „Кінг Джэймс“ Х'юстана Хартэ (Выдавецтва Оксфардзкага унівэрсытэта, 1949)».
Пачынаючы зьлева направа і зьверху ўніз разьмешчаныя малюнкі з наступнымі назвамі: 1. Стварэньне. 2. Адам і Ева. 3. Ной і яго жонка. 4. Абрагам. 5. Дабраславеньне Якава. 6. Якаў становіцца Ізраілем. 7. Іосіф і яго браты. 8. Майсей і Неапалімая Купіна. 9. Майсей і скрыжалі. 10. Валаам. 11. Ісус Наваў. 12. Гідэон. 13. Ефтай. 14. Самсон. 15. Рут і Наэмінь. 16. Саўл Памазаны. 17. Саўл. Асуджэньне. 18. Давід і Ёнатан. 19. Давід і Натан. 20. Давід смуткуе. 21. Саламон моліцца. 22. Саламон судзіць. 23. Ільля. 24. Елісей. 25. Ёв. 26. Ісая. 27. Ерамія. 28. Езэкііль. 29. Сон Навухаданосара. 30. Aмос.
Пра гэтых і іншых пэрсанажаў Бібліі, пра Біблейскія гісторыі гэта кніга. Яна можа зацікавіць як маленькага чытача так і дарослага, калекцыянэра і таго, хто ўлюбёны ў мастацтва і таго, каму не абыякавая Біблія… Магчыма некаму прыйдзецца да спадобы мэтад паралельнага дасьледаваньня і ён прыменіць яго зусім у іншых тэмах…
Стварэньне Сьвету і раньняя гісторыя жыцьця Божага народу (5508—1050 да Р.Х.)
Стварэньне Сьвету і страта Раю
Стварэньне Сьвету
І ўбачыў Бог усё, што Ён стварыў, і вось, добра вельмі. (Быцьцё 1:31)
Першая Кніга Бібліі Быцьцё пачынаецца апісаньнем Стварэньня Сьвету. Бог шэсьць дзён стварае Сьвет.
На шасьці марках ў стылізаваным выглядзе адлюстраваны кожны наступны дзень Стварэньня Сьвету. Пад маркамі знаходзяцца прывескі з тэкстам абазначэньнем дня Стварэньня на габрэйскай і францускай мове.
Апісаньне гэтага дзеяньня ў Бібліі пераканаўчае і вельмі прыгожае. Яно стала натхненьнем для многіх аўтараў мастацкіх твораў.
Першы дзень. «На пачатку стварыў Бог неба і зямлю» (Быцьцё 1:1). «І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло. І ўбачыў Бог сьвятло, што яно добра, і аддзяліў Бог сьвятло ад цемры» (Быцьцё 1:3,4).
Сціснуты рамай архітэктурнага збудаваньня, Бог змагаецца з навакольным хаосам. Неймаверным высілкам ён разьдзяляе цяжкую цемру і аблокі. Яшчэ адно намаганьне-і мэта дасягнутая: на зьмену сьвету «нябачнаму і пустому і цемры над безданьню» (Быцьцё 1:2) прыходзіць першая раніца Сусьвету.
«І назваў Бог сьвятло днём, а цемру ноччу. І быў вечар, і была раніца: дзень адзін» (Быцьцё 1:5).
Другі дзень. «І стварыў Бог цьвердзь, і аддзяліў ваду, якая пад цьвердзю, ад вады, якая над цьвердзю. І сталася так.
І назваў Бог цьвердзь небам. І быў вечар, і была раніца: дзень другі» (Быцьцё 1:7,8).
Трэці дзень. «І сказаў Бог: хай уродзіць зямля зеляніну, траву, каб сеяла насеньне, дрэва плоднае, каб радзіла паводле роду свайго плод, у якім насеньне яго на зямлі. І сталася так. І ўтварыла зямля зеляніну, траву, што сеяла насеньне паводле роду яе, і дрэва, што радзіла плод, у якім насеньне паводле роду ягонага. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І быў вечар, і была раніца: дзень трэці» (Быцьцё 1:11—13).
Трэці дзень «Стварэньне сушы, травы, дрэў» на гравюры знаходзіцца ў другом радзе левы малюнак. Марачны ліст, прысьвечаны 500-годзьдзю перакладу Бібліі Скарыны і 500-годзьдзю Беларускага кнігадрукаваньня, ня быў прыняты для друку Белпоштай і выдадзены ў выглядзе налепак Міжнародным Грамадзкім Аб’яднаньнем «Згуртаваньне Беларусаў сьвету „Бацьувўшчына“» і Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва (Нью-Ёрк).
Чацьвёрты дзень. «І стварыў Бог два сьвяцілы вялікія: сьвяціла большае, каб кіраваць днём, і сьвяціла меншае, каб кіраваць ноччу, і зоркі; і паставіў іх Бог на цьвердзі нябеснай, каб сьвяціць на зямлю, і кіраваць днём і ноччу, і аддзяляць сьвятло ад цемры. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І быў вечар, і была раніца: дзень чацьвёрты» (Быцьцё 1:16—19).
Мастак намагаўся перадаць наступныя словы Бібліі: «І назваў Бог сушу зямлёю, а збор вады назваў морамі. І ўбачыў Бог, што гэта добра « (Быцьцё 1:10).
Пяты дзень. «І стварыў Бог рыб вялікіх і ўсякую душу жывёл паўзуноў, якіх утварыла вада, паводле роду іх, і ўсякую птушку крылатую паводле роду яе. І ўбачыў Бог, што гэта добра. І дабраславіў іх Бог, кажучы: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце воды ў морах, і птушкі хай множацца на зямлі. І быў вечар, і была раніца: дзень пяты» (Быцьцё 1:21—23).
У зьзяньні залатога сьвятла, якое высьлізгвае з цемры, яшчэ часткова ахутваючай толькі што створаную зямлю, Бог-Бацька як быццам лунае ў паветры ў акце тварэньня. Жывёлы рухаюцца наперад перад і за Ім, а птушкі і рыбы стромка ляцяць у паветры і па вадзе, як стрэлы, выпушчаныя зь Яго рукі.
Валявымі ўзмахамі рук Творца пасылае на неба сьвяцілы, дае жыцьцё раслінам, уціхамірвае водную стыхію…
Бог-Творца ходзіць сярод дзівоснай калекцыі жывёл і птушак. Яго жэст і позірк выказваюць задаволенасьць і пацеху.
На марцы намалявана першая надрукаваная Біблія на армянскай мове, а на сувенірным аркушы — ілюстрацыя «Стварэньне свету» з Кнігі Быцьця.
На блёку, выданым поштай Гішпаніі ў 1980 годзе, зьмешчана рэпрадукцыя знакамітага «Габэлену Стварэньня» 11 ст. Габэлен «Стварэньня сьвету» — адзін з самых загадкавых помнікаў эпохі эўрапейскай раманікі. Гэта незвычайна каштоўны і прыгожы твор мастацтва, які захоўваецца ў катэдры гішпанскага месца Верона. Узор у выглядзе круга паказвае розныя сцэны Стварэньня Сьвету і чалавека. Зьмяшчае таксама цытаты на лацінскай мове з Кнігі Быцьця. Круг у сярэдзіне зьмяшчае выяву Бога Стваральніка. Вакол круга надпіс: «І сказаў Бог: хай будзе сьвятло. І сталася сьвятло» (Быцьцё 1:3). Над цэнтральным кругам на 11 гадзін самы цёмны сэктар, прысьвечаны «цемры над безданьню» перад пачаткам Стварэньня. Наступны сэктар (на 12 гадзін) Дух Божы над водамі. Справа ад яго — Стварэньне Сьвету. Сымэтрычныя сэктары па «экватары»: «хай будзе цьвердзь» і «аддзяліў ваду». Самы большы ніжні сэктар — Стварэньне істот водных і птушак. Па бакам гэтага сэктару — Стварэньне жывёл і чалавека і Стварэньне жанчыны.
Гэты твор унікальны як сваёй велічынёй, так і сваёй іканаграфічнай праграмай, якая арыгінальна аб'ядноўвае ў сабе Біблейскую гісторыю Стварэньня Сьвету, касмаграфічны каляндар і легенду аб Сапраўдным Крыжы.
Стваральнікі габэлену выказалі ня толькі падзіў справай Стварэньня Сьвету, але падкрэсьлілі яе гармонію. Дзякуючы пошце Габэлен Стварэньня стаў больш вядомым, выклікаючы пачуцьці ўсьведамленьня велічы падзеі.
Стварэньне чалавека
І стварыў Гасподзь Бог чалавека з пылу зямнога і ўдыхнуў у твар ягоны дыханьне жыцьця, і зрабіўся чалавек душою жывою. Быццё 2:7
Пяць дзён займаўся Бог стварэньнем сьвятла, вады і неба, сушы і расьлін, сьвяцілаў, птушак, рыб і зьвяроў… Уся справа стварэньня Сусьвету, зямлі, азоранай пяшчотным сонцам, напоўненай жывымі істотамі і расьлінамі, неба, блакітнага днём і зорнага ноччу, была прадвызначана для чалавека, як вынікае з Кнігі Быцьцё. Чалавек — карона Боскай справы.
Пяць дзён для чалавека стваралася месца існаваньня ў адзінстве з Богам.
«І сказаў Бог: створым чалавека паводле вобразу Нашага, паводле падабенства Нашага; і хай валадараць яны над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над быдлам, і над усёю зямлёю, і над усімі гадамі, што поўзаюць па зямлі» (Быцьцё 1:26). Створаны чалавек атрымаў імя Адам (іўр.: אָדָם — Сын Землі ці чалавек).
Падзея стварэньня чалавека знайшла адлюстраваньне ў многіх творах мастацтва. Адзін з найпрыгажэйшых знаходзіцца ў Ватыкане ў Сыкстынскай капэле сярод фрэсак, якія стварыў Мікеланджэла ў 1508—1512 гадах. Гэты шэдэўр стаў адным з сымбаляў мастацтва. Фрэска адлюстравана на марках многіх краін. Адам намаляваны як сымэтрычнае адлюстраваньне Творцы. Далонь Бога і далонь Адама амаль злучаюцца, выражаючы пачуцьці ўзаемнай міласьці і любові. Джорджа Вазары пісаў пра Адама на фрэсцы, што ён намалёваны «такім выдатным, у такім становішчы, з такімі абрысамі, што здаецца, быццам ён зноў створаны вышэйшым і першапачатковым Стваральнікам сваім, а не пэндзьлем і па задуме чалавека».
Апрануты ў простую ружовую туніку, Бог праносіцца над створаным сьветам у акружэньні анёлаў без крылаў. Некаторыя дасьледчыкі лічаць, што Мікеланджэла адлюстраваў Творцу як крыніцу розуму. Фон разам з анёламі абрысамі нагадвае мозг. Жаночая постаць справа ад Яго — Ева, яна яшчэ чакае гадзіны свайго стварэньня, але ўжо задумана Богам. Падчас палёту Бог паварочваецца, накіроўваецца насустрач Адаму і падае яму руку. Рукі амаль сустракаюцца. Энэргія Бога перадаецца руцэ чалавека. Гэта імгненьне нараджэньня Душы…
«І сказаў Гасподзь Бог: нядобра быць чалавеку аднаму; створым яму памочніка, адпаведнага яму» (Быцьцё 2:18). «І стварыў Гасподзь Бог з рабрыны, узятай у чалавека, жанчыну, і прывёў яе да чалавека» (Быцьцё 2:22).
З правага боку маркі цытата з Кнігі Быцьця: «І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх. І дабраславіў іх Бог, і сказаў ім Бог: пладзецеся і множцеся, і напаўняйце зямлю і валодайце ёю, і валадарце над рыбамі марскімі, і над птушкамі нябеснымі, і над усякай жывёлаю, што поўзае па зямлі» (Быцьцё 1:27,28).
Рафаэль стварыў сэрыю з 52 карцін, якую называюць Бібліяй Рафаэля. Адна зь іх паказана на марцы Парагваю.
Цікава, як Мідраш (тлумачэньне вершаў Торы) апісвае стварэньне жанчыны: «… калі Усявышні ствараў жанчыну, то ўвесь час паўтараў, што яна павінна быць сьціплая. Таму не зрабіў яе з вачэй, каб яна не глядзела, куды ня трэба, з рук, каб не чапала, чаго ня трэба, з ног, каб не хадзіла, куды ня варта, з мовы, каб не казала лішняга. А рабро заўсёды закрытае рукой, ёсьць самае сьціплае месца ў целе чалавека».
Бог-Бацька немаладога выгляду з доўгай барадой укладвае «дыханьне жыцьця» у толькі што створаную Еву на фоне сельскага пэйзажу, дзе бачныя і фігуркі некаторых жывёл.
З нагоды 500-годзьдзя адкрыцьця фрэсак Сыкстынскай капэлы пошта Гамбіі выпусьціла блёк з выявай фрэсак Мікеланджэла. Сярод іх-Стварэньне Евы.
У 1977 годзе пошта Ватыкану выпусьціла сэрыю марак з матывамі барэльефаў са старахрысьціянскіх саркафагаў. На адной з марак паказаны фрагмэнт верхняй левай часткі, дзе знаходзіцца самая раньняя вядомая скульптура Сьвятой Тройцы: Бога Айца, Сына і Духа Сьвятога. Сьвяты Дух стаіць за тронам Бога Айца (на марцы адсутнічае). Бацька кладзе правую руку на плячо Сына, які знаходзіцца ў акце стварэньня Евы. Паводле Біблейскага апавяданьня, Адам ляжыць на зямлі і сьпіць. Першыя хрысьціяне разумелі, што справа стварэньня чалавека была справай Божай любові.
Кожны чалавек створаны па вобразу Божаму. Гэта падабенства ў першую чаргу знаходзіцца ў душы, бо душа зьяўляецца несьмяротнай. Справа чалавека захаваць гэта падабенства, ня зьнішчыць душу бязбожным жыцьцём. «І стварыў Бог чалавека паводле вобразу Свайго, паводле вобразу Божага стварыў яго; мужчыну і жанчыну стварыў іх» (Быцьцё 1:27). Яшчэ раз аб гэтым гаворыцца ў Бібліі.
Імя мужчыны — Адам — сын зямлі, імя жанчыны — Ева — жыцьцё — маці ўсіх людзей. Яны выйшлі з творчых рук Госпада прыгожымі і шчасьлівымі, абласканымі Божай любоўю і магчымасьцю зносін з Богам. Бог аддаў Адаму і Еве ўсё створанае, але і даручыў адказнасьць за сьвет, які паклікаў да існаваньня для чалавека.
Рай
І пасадзіў Гасподзь Бог рай у Эдэме на ўсходзе, і зьмясьціў там чалавека, якога стварыў. (Быцьцё 2:8)
«І ўзяў Гасподзь Бог чалавека, якога стварыў, і пасяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб урабляць яго і захоўваць яго» (Быцьцё 2:15). Гэта першая праява адносін Бога да чалавека. Сад Эдэма апісаны ў Бібліі як ідэальнае месца, дзе Адам і Ева былі забясьпечаны ўсім неабходным. Іх жыцьцё было простым і нявінным і для іх былі ўсе шчадроты Эдэмскага саду.
Мастак Ян Брэйгель Старэйшы атрымаў мянушку «Аксамітны» з — за незвычайнай прыгажосьці яго палітры, а «Райскі» — таму што напісаў больш за сто прац з райскімі краявідамі. У Брэйгеля Бог не глядзіць на зямлю з далёкіх нябёсаў, а знаходзіцца ў кожнай частачцы адзінага мэханізму Сусьвету. На першай марцы бачым постаці Адама і Евы, якім Бог паказвае сад у Эдэме — месца вечнага дасканалага жыцьця ў таварыстве з Богам, у шчасьці, у гармоніі з прыродай, некранутага часам і сьмерцю. На другой марцы гіена корміцца расьлінамі, таму ёй ня трэба забіваць іншых зьвяроў. На трэцяй марцы пантэра лашчыцца зь ільвом.
Ужо некалькі гадоў філятэлістычная служба Ізраіля выдае маркі на аснове дзіцячых малюнкаў.
У выніку зьявілася сэрыя марак «Дзеці малююць Біблію», на адной зь якіх «Адам і Ева».
Людзі задаюцца пытаньнем, дзе знаходзіўся Эдэмскі сад? Выказваюцца розныя варыянты. Але трэба разумець, што Рай — гэта сымбаль жыцьця разам з Богам, у Яго таварыстве. Настрой сумеснага жыцьця з Богам цудоўна адлюстраваны на адным з габэленаў з 16 веку «Гісторыя раю», на якім адлюстраваныя сцэны: Стварэньне Адама, Стварэньне Евы, Забаронены плод, Бог знаёміць Адама і Еву з Раем, Першародны грэх, Выгнаньне з Раю.
Бог у выглядзе пачцівага старца па — прыяцельску размаўляе з Адамам і Еваю, паказваючы Дрэва Жыцьця.
Вітраж з выявай Дрэва Жыцьця ў францысканскай капліцы ў Сарбуре — самае вялікае Вітражнае акно, выкананае Маркам Шагалам у Эўропе (вышыня 12 мэтраў, шырыня 7,5 мэтраў; вагою 900 кг, 13 000 кавалачкаў шкла). Марк Шагал казаў: «Вітраж зьяўляецца празрыстай сьцяной паміж маім сэрцам і сэрцам сьвету». Аснову ўсёй кампазыцыі вітража складае велізарнае маляўнічае Дрэва Жыцьця, больш падобнае на пышны букет кветак.
Шагал робіць акцэнт на незвычайнай прыгажосьці Райскага дрэва, якое, паводле Сьвятога Пісаньня, зьяўляецца цэнтрам Раю: «І выгадаваў Гасподзь Бог зь зямлі кожнае дрэва прыемнае з выгляду і добрае ў ежу, і дрэва жыцьця пасярод раю, і дрэва спазнаньня дабра і зла» (Быцьцё 2:9).
На фоне Дрэва Жыцьця на блёку дзьве маркі. На верхняй — выява Адама і Евы з гэтага ж вітражу.
Але, акрамя выгадаў, Адам і Ева атрымалі даручэньне: «І ўзяў Гасподзь Бог чалавека, якога стварыў, і пасяліў яго ў садзе Эдэмскім, каб урабляць яго і захоўваць яго» (Быцьцё 2:15). І забарону: «І наказаў Гасподзь Бог чалавеку, кажучы: з кожнага дрэва ў садзе ты будзеш есьці; а з дрэва спазнаньня дабра і зла, ня еж зь яго; бо ў дзень, калі ты пакаштуеш зь яго, сьмерцю памрэш» (Быцьцё 2:16,17).
На ніжняй марцы блёку фрагмэнт карціны Марка Шагала Рай (1961). Адам і Ева, моцна абняўшыся і, як быццам утвараючы адзінае цела з двума рукамі і трыма нагамі, вось-вось парушаць забарону, зьведаюць забаронены плён Дрэва спазнаньня дабра і зла, што павінна зробіць іх «роўнымі» Богу.
Між волі прыходзяць на думку словы прыгожага Псальму 8: «Калі я гляджу на нябёсы Твае, — твор Тваіх рук, на месяц і зоркі, якія Ты паставіў, што ёсьць чалавек, якога Ты памятаеш, і сын чалавечы, якога наведваеш Ты? Нядужа Ты зьменшыў яго перад анёламі: славаю, гонарам увянчаў яго; паставіў яго ўладаром над творамі рук Тваіх; пад ногі паклаў яму ўсё: валоў і авечак усіх, і польных зьвяроў гэтак сама, птушак нябесных і рыбін марскіх, усё, што праходзіць марскімі шляхамі. Госпадзе Божа наш! Якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі!» (Псалтыр 8:4—10).
Зло ўвайшло ў гэты цудоўны сьвет у выглядзе зьмея, які прывабіў Еву, кідаючы выклік забароне, есьці плод з Дрэва пазнаньня. Пакараньне за гэты ўчынак было хуткім і жорсткім. «Бог стварыў чалавека для нятленьня і зрабіў яго чынам вечнага быцьця Свайго; але зайздрасьцю д'ябла ўвайшла ў сьвет сьмерць, і зазнаюць яе якія належаць да надзелу яго» (Кніга Прыпавесцяў Саламонавых 2:24).
Грэх
А таму, як праз аднаго чалавека грэх увайшоў у сьвет, і праз грэх — сьмерць, так і сьмерць перайшла ва ўсіх людзей, бо ў ім усе зграшылі. (Да Рымлянаў 5:12)
Зьмясьціўшы людзей у Эдэмскім садзе Бог устанавіў маральны парадак, акрэсьліў, што ёсьць добрае і што ёсьць злое. Ён асьцерагае іх, што зьмена ўсталяваных правіл прывядзе да згубы. «І наказаў Гасподзь Бог чалавеку, кажучы: з кожнага дрэва ў садзе ты будзеш есьці; а з дрэва спазнаньня дабра і зла, ня еж зь яго; бо ў дзень, калі ты пакаштуеш зь яго, сьмерцю памрэш» (Быцьцё 2:16,17). Але ў парушэньне ўсталяванага парадку ўступае Сатана.
На полі марачнага ліста ва ўсёй сваёй красе намаляваны Райскі сад. Яго прыгажосьць як бы вобразна паказвае, ад чаго рызыкуюць адмовіцца Адам з Еваю.
Сатана ў выглядзе зьмея спачатку сее сумнеў у праўдзівасьці забароны, дадзенай Богам: «І сказаў зьмей жанчыне: ці сапраўды сказаў Бог: ня ежце ні зь якога дрэва ў раі?» (Быцьцё 3:1). Атрымаўшы адказ, зьмей ня толькі падвяргае сумненьню дабрату Бога, але стараецца зьмяніць сутнасьць уяўленьня аб Богу ў Евы. «І сказаў зьмей жанчыне: не, не памраце; але ведае Бог, што ў дзень, калі вы скаштуеце іх, адамкнуцца вочы вашыя, і вы будзеце, як багі, якія ведаюць дабро і зло» (Быцьцё 3:4,5). Сатана замест падпарадкаваньня Богу абяцае «свабоду». Спакуса пачынае дзейнічаць.
Зьмей, абкруціўшыся вакол «Дрэва пазнаньня дабра і зла», ператвараецца ў верхняй частцы ў падабенства чалавека, каб улатвіць выкананьне сваёй задумы. Адам і Ева як бы абмяркоўваюць прапанову зьмея… Адам і Ева яшчэ ня вырашылі, што рабіць зь яблыкам, але зьмей упэўнены, што яго задума спрацавала.
Падзея, якая зьмяніла лёсы чалавецтва, стала адной з найпапулярнейшых тэмаў для мастацтва.
Лукас Кранах Старэйшы стварыў каля 50 малюнкаў гэтага сюжэту, яны захоўваюцца ў галерэях Лёндана, Бэрліна, Прагі, Антвэрпэна. Ева ўпэўнена трымае яблык, але Адам чамусьці чухае галаву… Штосьці ня так. Зьявіўся сорам голага цела, таму ў руках Адама і Евы галінкі, якімі яны прыкрываюцца.
Па праўдзе ў Бібліі не гаворыцца, што забаронены плод гэта яблык, як і не названыя імёны першых людзей. Гэта плён чалавечай фантазіі, спроба зразумець і ўявіць тыя падзеі, што апісаныя ў Бібліі. Так сталася, што ў хрысьціянстве яблык — забаронены плод з Дрэва Пазнаньня дабра і зла — стаў сымбалям спакусы, недазволенага (забароненага) плёну і дзеі.
Пошта Мікранэзіі, рыхтуючыся да Міжнароднай выставы марак «Ізраіль» 98» — Тэль — Авіў, выпусьціла шэраг маляўнічых блёкаў на тэму: «Ізраіль — Старазапаветныя гісторыі».
«Грэхападзеньне» Хуга ван дэр Гуса частка Венскага дыптыху «Грэхападзеньне і выратаваньне чалавека».
Зьмей з жаночым тварам і целам яшчаркі з нецярпеньнем чакае фіналу яго пляну. Паводле апакрыфічнага Эвангельля Сьвятога Варнавы, калі спакусьнік быў пракляты, Сьвяты Міхаіл адрэзаў яму рукі і ногі, тым самым атрымаўшы вядомую сёньня зьмяю без канечнасьцей. Бог таксама адабраў у яго сілу чалавечай гаворкі, раскалоўшы яго язык, так што пасьля гэтага ён мог толькі шыпець.
У Яна Брэйгеля намаляваны момант непасрэдна перад ужываньнем забароненага плёну. Адам і Ева пад Дрэвам пазнаньня дабра і зла. Малпа, якая кусае яблык, сымбалізуе грэх. і Вінаград у лістоце ззаду Адама і Евы сымбалізуе сьмерць Хрыста на крыжы і віно, як Яго кроў. На карціне шмат розных сымбалічных жывёл, якіх няма на марцы.
У сьвятле, колеру слановай косьці спакойная сцэна пары прыгожых людзей. Але Ева тут — увасабленьне спакусы: яна прыціскаецца да Дрэва пазнаньня, а яе рукі працягваюць лінію зьмея, які спускаецца зьверху. На заднім пляне, справа, сцэна трагічнана эпілёгу чалавечага непадпарадкаваньня Боскай волі.
У далечыні бачым вогненнага Анёла, які гоніць Адама і Еву ў далёкія пустынныя пагоркі і раўніны. Зь Евай адбываецца згубная перамена: «І ўбачыла жанчына, што дрэва добрае для ежы, і што яно прыемнае вачам і панаднае, бо дае веды; і ўзяла пладоў зь яго і ела; і дала таксама мужу свайму, і ён еў» (Быцьцё 3:6). У Эдэмскім садзе нічога не зьмянілася, але ў Адама і Евы зьмяніўся стан душы.
На карціне Якаба Ёрданса не выглядае, што зьмею цяжка было спакусіць Еву і Адама. Адам працягнуў руку да галінкі з яблыкамі, якую падае зьмей разам з Еваю. Хоць выраз твару ў яго трывожны. І нішто ня сьведчыць аб тым, што ў гэтае імгненьне вырашаецца лёс чалавецтва.
Ева хоча пакаштаваць яблык.
Але Адам на карціне Рубенса зусім не такі ўпэўнены, што гэта правільна. Яго жэст выказвае засьцярогу.
На карціне Лукаса Кранаха Старэйшага Адам і Ева знаходзяцца ў Эдэмскім садзе каля Дрэва пазнаньня. Ева ўжо сарвала яблык і падае яго Адаму. Адам бярэ, але ў задуменьні чухае патыліцу. Што рабіць?
Сорак шэсьць мэдальёнаў, кожны зь якіх зьмяшчае мініяцюрныя ілюстрацыі гісторый з Бібліі, разьмешчана на блёку пошты Ізраілю, эмітаваным у 1985 годзе. Марка ў левым ніжнім куце паказвае Адама, Еву і зьмея на «Дрэве пазнаньня дабра і зла». На блёку ў першым радку зьверху наступныя мэдальёны: Адам і Ева і зьмей; Адама і Еву выгналі з Раю; Каін, які забівае Авэля; Ноеў каўчэг; Ной пасадзіў вінаграднік; Вавілонская вежа. Радок другі: Зьнішчэньне Садома і Гаморы; Абрагам ахвяруе Ісаака; Ісаак дабраславіў Якуба; Ісаў вяртаўся з пагоні; Сон Якуба; Якаў змагаецца з Анёлам. Габрэйскія літары ў сярэдзіне ўтвараюць слова «Bereszit», што значыць «На пачатку». Гэта першыя словы Кнігі Быцьця, а значыць і ўсёй Бібліі. Увесь блёк гэта рэпрадукцыя старонкі ілюстраванага выданьня Бібліі з 13 веку, створанай у Германіі. Біблія носіць назву «Biblia Schockena» і знаходзіцца ў інстытуце Шокена ў Ерусаліме.
Варта бачыць розьніцу паміж першародным грахом нашых прабацькаў Адама і Евы і першародным грахом, які атрымалі ў спадчыну ўсе мы. У першым выпадку гэта — зьдзейсьнены першародны грэх, а ў другім — атрыманы. Першародны грэх, у якім нараджаюцца ўсе людзі, — гэта стан пазбаўленасьці першароднай сьвятасьці і праведнасьці. Гэты грэх атрыманы намі, а не зьдзейсьнены; гэта — стан ад нараджэньня, а не асабісты ўчынак. Па прычыне адзінства роду чалавечага, ён перадаецца ад Адама да нашчадкаў разам з чалавечай прыродай, не перайманьнем, але працягам роду. Гэтая перадача застаецца таямніцай, якую мы не можам да канца зразумець.
«Ніжэй намалявана, як Адам у адказ на ўгаворы напоўжанчыны — напоўзьмяі прымае праз яблык уласную і нашу пагібель. Там жа намалявана выгнаньне яго і Евы з раю, і ў постаці анёла паказана, з якой веліччу і высакароднасьцю выконваецца загад разгневанага ўладара, а ў позе Адама і горыч зробленага граху, і страх сьмерці, у той час як у жонкі яго сорам яе, прыніжэньне і раскаяньне бачныя ў тым, як яна абхапіла сябе рукамі, як яна прыціскае пальцы да далоняў, як яна паварочвае галаву да анёла, апусьціўшы шыю сваю да грудзей, бо страх адплаты відавочна перамагае ў ёй надзею на Боскую Міласэрнасьць» — напісаў Джорджа Вазары — італьянскі жывапісец, архітэктар і пісьменьнік, аўтар знакамітых «Жыцьцяпісаў».
На фрэсцы Мікеланджэла велічная ў сваёй пераможнай прыгажосьці Ева ў сцэне «Грэхападзеньня», з накіраваным да Дрэва пазнаньня поглядам, і якая яна скурчаная, прыгнечаная, зьнябожаная — у «Выгнаньні з раю». Віна не ўскладзена толькі на Еву. Адам таксама цягнецца да забароненага плёну Дрэва пазнаньня дабра і зла.
Вынікі парушэньня Запаведзі Божай
І выгнаў Адама, і паставіў на ўсходзе каля саду Эдэмскага херувіма і палымяны меч, які сам паварочваўся, каб ахоўваць дарогу да дрэва жыцьця. (Быцьцё 3:24)
Адразу пасьля парушэньня Божай забароны Адам і Ева пераканаліся, што засталіся падманутымі. «І адамкнуліся вочы ў іх абаіх, і ўведалі яны, што голыя, і сшылі смакоўныя лісьціны, і зрабілі сабе апаяскі». (Быцьцё 3:7). Нагата сымбалізуе прыніжэньне і зьнеславеньне… Перад правіннасьцю Адам і Ева адчувалі сябе шчасьлівымі і ў прысутнасьці Бога. Цяпер, пачуўшы крокі Бога, Адам схаваўся. Бог шукае яго і навязвае зь ім размову. Адам паводзіцца зусім не па — мужчынску, перакладаючы ўсю віну на Еву. Ева паводзіцца лепей, яна з шкадаваньнем прызнае сваю віну: «зьмей змусіў мяне, і я ела» (Быцьцё 3:13).
Наступае пакараньне. Першым пакараны зьмей. «І сказаў Гасподзь Бог зьмею: за тое, што ты зрабіў гэта, пракляты ты перад усім быдлам і перад усімі жывёламі польнымі; ты будзеш хадзіць на чэраве тваім, і будзеш есьці пыл ва ўсе дні жыцьця твайго» (Быцьцё 3:14). Затым пакараньне атрымлівае жанчына: «Жонцы сказаў: множачы памножу скруху тваю ў цяжарнасьці тваёй; у хворасьці будзеш нараджаць дзяцей; і да мужа твайго цяга твая, і ён будзе валадарыць над табою» (Быцьцё 3:16). Без пакараньня не застаўся і Адам: «У поце твару твайго будзеш есьці хлеб, пакуль ня вернешся ў зямлю, зь якое ты ўзяты; бо пыл ты і ў пыл вернешся» (Быцьцё 3:19).
На марцы Чэхаславакіі зьмешчана рэпрадукцыя фрагмэнту іконы 16 веку з музэю ў Бардэюве. Адам і Ева выслухваюць прыгавор Бога.
Але найбольшым пакараньнем выгнаньня з Раю стала немагчымасьць далейшага знаходжаньня ў таварыстве з Богам.
Марка Парагваю паказвае фрагмэнт фрэскі Мікеланджэла з Капліцы Сыкстынскай: «І выгнаў Адама, і паставіў на ўсходзе каля саду Эдэмскага херувіма і палымяны меч, які сам паварочваўся, каб ахоўваць дарогу да дрэва жыцьця» (Быцьцё 3:24).
Адам абараняе сябе ад чароўнага мяча Анёла, адкідваючы рукі назад, і зьнябожылася ў адчаі Ева…
Гэтага Анёла бачым на блёку Гамбіі.
Зьмест карціны супадае з бачаньнем Раю, апісанага флярэнтыйскім паэтам Дантэ ў «Боскай камэдыі». Сусьвет паказаны як нябесны глёбус з Зямлёй у цэнтры, акружанай канцэнтрычнымі коламі ў адпаведнасьці з канцэпцыяй Пталямея. Творца, Якога нясуць серафімы над Райскім садам, паказвае на створаны ім Сусьвет. Прырода Раю сымбалізуе чысты і беззаганны стан чалавека да грэхападзеньня. Адам і Ева выганяюцца з Райскага саду Анёлам, чыё чалавечае аблічча сымбалізуе яго спачуваньне.
Пасьля сур'ёзных прац можа варта зьвярнуць увагу на маляўнічы блёк, больш падобны на кадар з мультфільму.
Поўнай сымбаляў і загадак зьяўляецца карціна Еранімуса Босха «Воз сена». Левая створка трыпціха прысьвечана тэме грэхападзеньня Адама і Евы. Яна ўключае чатыры эпізоды з Кнігі Быцьця. У верхнім левым куце Бог стварае жанчыну з рабра Адама. У цэнтры — Дрэва пазнаньня дабра і зла. Яго ствол абвівае зьмей, які падае Еве забаронены плён. Унізе Архангел з мячом выганяе Адама і Еву з Раю. Босх зьвязаў грэхападзеньне Адама і Евы з зрыньваньнем збунтаваных паўшых анёлаў. Уверсе створкі намаляваныя зіхатлівыя нябёсы, зь якіх сыплюцца, нібы дождж, анёлы. Па меры таго, як яны падаюць, у іх застаецца ўсё менш анёльскага — яны ператвараюцца ў насякомых, у саранчу. Ад гэтага і Эдэм ужо не выглядае такім райскім.
Пэйзаж выклікае трывогу. У сцэне з Арханёлам Ева, гатычны выгнутая, з падоўжанымі прапорцыямі, ужо адвярнулася ад нябеснага вечнага жыцьця і глядзіць на цэнтральную частку трыпціха. Яна, нібы рыхтуючыся прыняць свой зямны лёс, бачыць усе наступствы першароднага граху, паколькі справа, вакол воза з сенам, разгорнутая ўсёабдымная панарама чалавечага вар'яцтва.
Творца не пакінуў чалавецтва без надзеі. Ён вымавіў прароцтва аб тым, што семя жонкі ўразіць галаву зьмея: «і варожасьць пакладу паміж табою і паміж жанчынаю, і паміж семем тваім і паміж семем яе; яно будзе біць цябе ў галаву, а ты будзеш джаліць яго ў пяту» (Быцьцё 3:15).
На пярэднім пляне Анёл прыступіў да Божага пляну пазбаўленьня чалавецтва ад наступстваў спадчыннага граху. Але ў цёмнай далечыні за крыламі Анёла дзьве маленькія фігуркі, якіх гоніць Анёл — напамін аб выгнаньне з Раю Адама і Евы.
Мы можам пазбавіцца ад наступстваў спадчыннага граху і атрымаць тое, што страцілі Адам і Ева, — вечнае жыцьцё. «Бо так палюбіў Бог сьвет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, а меў жыцьцё вечнае» (Паводле Яна 3:16).
У хрысьціянстве раскрываецца новы сэнс Раю, як «Валадарства нябеснага», угатаванага ад пачатку сьвету, страчанага з-за грэхападзеньня людзей, і зноў адкрытага ўсім людзям у выніку перамогі Ісуса Хрыста над пеклам.
Ватыканская марка з нагоды набліжэньня Юбілейнага году, які агалашаецца праз кожныя 25 год, паказвае крыж Хрыста, як новае Дзерава жыцьця. З-пад крыжа, як у Садзе Эдэмскім, выцякаюць чатыры ракі. Маюць напаўняць жывою вадою збаўленьне, прынесенае праз мукі, сьмерць і паўстаньне з мёртвых Ісуса. Дзьве сарны каля крыжа адсылаюць да Псалтыры: «Як сарна імкнецца да водных патокаў, так душа мая імкнецца да Цябе, Божа!» (Псалтыр 42:2)
Першапачатковае мінулае і канчатковая будучыня злучаюцца ў ідэі Раю. Можна сказаць, што гэта Рай пасьля пекла, пасьля вопыту зла і свабоднага адхіленьня спакусы. Дастойныя ўспадкуюць Рай пасьля зямной сьмерці і ўваскрасеньня ў новай сьветабудове, не ведаючы ні хвароб, ні тугі, ні ўздыханьня, адчуваючы няспынную радасьць і шчасьце. «І ўтрэ Бог кожную сьлязіну з вачэй іхніх, і сьмерці ня будзе ўжо; ні плачу, ні енку, ні хваробы ўжо ня будзе; бо ранейшае прайшло» (Адкрыцьцё 21:4).
Каін і Авель
…калі ня робіш добрага, дык пад дзьвярыма грэх ляжыць; ён вабіць цябе да сябе, але ты пануй над ім. (Быцьцё 4:7)
Ішоў час жыцьця Адама і Евы па-за Раем. «Адам спазнаў Еву, жонку сваю; і яна зачала, і нарадзіла Каіна, і сказала: здабыла я чалавека ад Госпада» (Быцьцё 4:1). Гэта значыць, што Бог непасрэдна ўдзельнічае ў нараджэньні новага чалавека: як тлумачыць старажытная традыцыя, ужо ў той момант, калі ў целе маці толькі завязваецца «кропелька» новага жыцьця, Бог удзімае ў гэтую «кропельку» новую душу, і гэтая, здаецца, яшчэ зусім неаформленая, аморфная «кропелька» ёсьць душою жывою з пункту гледжаньня рэлігійнай сьвядомасьці, і забіваць яе, нават на самых раньніх стадыях цяжарнасьці, — цяжкі грэх перад Богам. Такім чынам, кожнае дзіця, што зьяўляецца на сьвет, ёсьць у высокім сэнсе дзіцём Божым, і кожнаму Бог дае душу, здольную процістаяць злу.
З першымі дзецьмі зьвязаная найвялікшая трагедыя першай чалавечай сям'і — сумны вынік адыходу ад Бога. Першавобразам сьвядомага злачынства і амаль абсалютнага граху і становіцца ў Бібліі Каін.
«І яшчэ нарадзіла брата ягонага, Авеля. І быў Авель пастух авечак, а Каін быў земляроб» (Быцьцё 4:2).
Навукоўцы — бібліёлягі ў адзін голас сьцьвярджаюць, што прыпавесьць пра Каіна і Авеля — адзін з найцяжэйшых для тлумачэньня тэкст Пісаньня. Бо ўсе падзеі, якія ў ёй адбываюцца, ня маюць мэтавага тлумачэньня. Не даюць адказу на пытаньне: чаму?
У левай частцы карціны Адам «у поце твару» працуе, сын Адама — Каін у цэнтры, апрануты ў ружовае, а Ева — у правай з Авелям на каленях на фоне цудоўнага пэйзажу. Але гэта ня Рай!
«Празь некаторы час Каін прынёс ад пладоў зямлі дар Госпаду; і Авель таксама прынёс ад першародных статку свайго і ад тлушчу іхняга. І прыхінуўся Гасподзь да Авеля і да дару ягонага; а да Каіна і да дару ягонага не прыхінуўся. Каін моцна засмуціўся, і панік твар ягоны» (Быцьцё 4:3—5). Чаму Бог «прыхінуўся» да дару Авеля і «не прыхінуўся да дару Каіна? Можам толькі здагадвацца, што ахвяра аднаго была шчырай, а другога не. Каін павінен быў раскаяцца, але замест гэтага Каіна апанавала зайздрасьць. Бог папярэджвае: «калі робіш добрае, дык ці не падымаеш твару? а калі ня робіш добрага, дык пад дзьвярыма грэх ляжыць; ён вабіць цябе да сябе, але ты пануй над ім» (Быцьцё 4:7).
Бог судзіць нас толькі за нашы ўчынкі; пакуль ты яшчэ нічога не зрабіў, але цьмяныя і дрэнныя думкі пачынаюць адольваць цябе, ты яшчэ можаш выбраць шлях дабра, ухіліцца ад зла… «Вераю Авель прынёс Богу ахвяру лепшую, ніж Каін; ён атрымаў сьведчаньне, што ён праведны, як засьведчыў Бог пра дары ягоныя; ёю ён і пасьля сьмерці гаворыць яшчэ» (Да Габрэяў 11:4).
На малюнку маркі два ахвярнікі. Бог прыняў ахвяру Авеля, — дым ад яе ўзьнёсься да неба. Ахвяра Каіна не прынята і дым ад яе слаўся па зямлі.
Але Каін ня можа панаваць над грахом. Наадварот, грэх яго апанаваў. «І сказаў Каін Авелю, брату свайму: хадзем у поле. І калі яны былі ў полі, паўстаў Каін на Авеля, брата свайго, і забіў яго» (Быцьцё 4:8).
Так, біблейскі тэкст сьцьвярджае, што асновай па сутнасьці ўсіх наўмысных злачынстваў — ад малога да вялікага — зьяўляецца зайздрасьць.
Абмяркоўваючы пытаньне пра Адама, што ён быў створаны адзін, мудрацы Талмуду вынесьлі вэрдыкт: «Чалавек — гэта цэлы сьвет, і той, хто зьнішчае хоць адну душу — зьнішчае цэлы сьвет, а той, хто ратуе хоць бы адну душу, ратуе цэлы сьвет». Найстрашэньнейшая віна Каіна: забіўшы брата, ён забіў усіх ненароджаных яго дзяцей і нашчадкаў, зьнішчыў цэлы сьвет.
У жудаснай сцэне першага ў сьвеце забойства паднятая Каінам дубіна, каб нанесьці ёй удар па брату, бездапаможна балансуючым на ўскрайку каменя, здаецца абрынецца на нас. І, менавіта, абрынулася на нас. Бо першае забойства выклікала ланцуговую рэакцыю, якая не канчаецца…
Бог ізноў распачынае дыялёг з Каінам, і на гэты раз у надзеі на пакаяньне. Ні адзін чалавек не згублены перад Тварам Божым, калі ён здольны пакаяцца. Вось чаму Бог пытаецца ў Каіна: «Дзе Авель, брат твой?» (Быцьцё 4:9). Выраз «Дзе Авель, брат твой?» стаў крылатым: гэта формула адказнасьці аднаго чалавека за другога, бо ўсе людзі — браты, гэта формула адказнасьці за ўсё, што адбываецца навакол. Каін не хоча несьці адказнасьць: «Не ведаю! Хіба я вартаўнік брату майму?» (Быцьцё 4:10). У гэтых словах упіканьне Самому Богу: гэта ж Ты — галоўны Гаспадар і Вартаўнік сьвету; чаму ж Ты не выратаваў Авеля, чаму дазволіў мне забіць яго? Зазначым, што гэта таксама тыповая мадэль паводзінаў многіх людзей: ухіліцца ад адказнасьці, схавацца за тое, што сьвет такі недасканалы, што ў рэшце рэшт ва ўсім вінаваты Сам Бог, калі Ён ёсьць…
Забойства Авеля разьмясьціла на сваёй марцы пошта Тога. Гэта адна з дзесяці марак, на каторых пры дапамозе ілюстрацый розных біблейных эпізодаў прадстаўлена Дзесяць Запаведзяў.
Пачуўшы адказ Каіна, Бог вымаўляе страшныя і жорсткія словы: «І сказаў Гасподзь: што ты зрабіў? голас крыві брата твайго крычыць Мне зь зямлі; і сёньня пракляты ты ад зямлі, якая разьзявіла вусны свае прыняць кроў брата твайго ад рукі тваёй…» (Быцьцё 4:10,11).
У арыгінале слова «кроў» стаіць у множным ліку. Бо маецца на ўвазе не толькі кроў Авеля, але і ўсіх яго ненароджаных нашчадкаў. Каін — першы чалавек, пракляты Богам. Адам і Ева не былі праклятыя, бо яны зрабілі памылку, а не злачынства. Пракляты быў зьмей, праз якога грэх увайшоў у душу чалавека. Каін таксама пракляты як чалавеказабойца.
Кожны раз кожнаму чалавеку, кожнаму пакаленьню Бог дае волю выбіраць паміж дабром і злом. Грэх Каіна такі жудасны, што падлягае толькі суду Божаму, і Бог карае Каіна непрыкаянасьцю (вельмі сымбалічна супадзеньне ў гучаньні гэтых слоў у славянскіх мовах; а можа, гэтае «непрыкаяны» і ёсьць вытворнае ад «Каін»? ), немагчымасьцю поўнага пакаяньня (бо не захацеў гэтага сам Каін), адсутнасьцю душэўнага спакою і гармоніі, адчужанасьцю ад людзей. Ці можа быць пакараньне цяжэйшым? Можа, гэта горш за сьмерць?
На трох марках Партугаліі, выданых у 1967 годзе, зьмешчаны дзьве каменныя пліты Запавету. Майсей атрымаў на іх дзесяць Запаведзяў Божых. Пятая Запаведзь: «Не забі».
Запіс на марках на лацінскай і партугальскай мовах. Маркі выпушчаныя з нагоды забароны кары сьмерці.
Імёны Каіна і Авеля назаўсёды ўвайшлі ў сьвядомасьць людзей той цывілізацыі (ці нават некалькіх), што пабудаваная на Бібліі. Першы забойца і першая ахвяра… Каін назаўжды стаў не проста архетыпам забойцы, але перадусім прататыпам чалавека, які жыве пераважна матэрыяльным, залішне прывязанага да гэтага сьвету. Авель — прататып чалавека духоўнага, які не ставіць мэтай жыцьця набыцьцё багацьця, які імкнецца аддаць лепшае Богу і людзям, для якога апрача зямнога, матэрыяльнага існуе сьвет будучы, Царства Божае. Ужо ў старазапаветных апокрыфах Авель паўстае як першы Сьвяты, як першамучанік.
Чаму ж, калі гэта так, у новых пакаленьнях зноў і зноў праяўляецца «сындром Каіна»? Чаму варожасьць да падобнага сабе не пакідае чалавека? Сындром гэты такі незразумелы, часта такі нематываваны, што нават арнітолягі, якія назіраюць, як выштурхвае адно птушаня з роднага гнязда другое (пры тым, што абодвум даволі ежы і цяпла), назвалі гэты фэномэн «сындромам Каіна». Дык можа, ён закладзены ў чалавека? Можа, гэта наканаваньне? Адплата за першародны грэх? Аб усіх гэтых пытаньнях прымушае разважаць прыпавесьць пра Каіна і Авеля — адна з самых знакавых у Бібліі.
Людзі змагаюцца за адмену сьмяротнага пакараньня. Але ня ўсе краіны яго адмянілі.
Калі Бог не пакараў Каіна сьмерцю за забойства брата, то людзкая справядлівасьць павінна насьледаваць справядлівасьць Божую. «Бо такое зьвеставаньне, якое вы чулі ад пачатку, — каб мы любілі адно аднаго, ня так, як Каін, які быў ад зламысьніка, і забіў брата свайго» (Першае Яна 3:11,12).
Сусьветны патоп і яго наступствы. Ноеў Завет
Патоп
Дабрашчасны той муж, што ня ходзіць на раду бязбожных, і не стаіць на дарозе грэшных, і не сядзіць на зборні распустаў… (Псалтыр 1:1)
Адам і Ева не змаглі ўтрымацца ад адзінай спакусы — пладоў Дрэва пазнаньня. Іх нашчадкі, папаўшы ў «Сад зямных асалодаў», напоўнены спакусамі, паддаліся гэтым спакусам. Біблія папярэджвае, што з-за чалавека могуць сказіцца ўсе законы прыроды і ўся зямля можа разбэсьціцца: «Але зямля разбэсьцілася прад абліччам Божым і напоўнілася зямля злачынствамі. І паглядзеў Гасподзь Бог на зямлю, і вось, яна разбэшчаная: бо ўсякая плоць скрывіла дарогу сваю на зямлі» (Быцьцё 6:11,12).
Бог перажывае роспач і раскаяньне ад таго, што найлепшае Яго стварэньне, якому Ён падараваў свабоду волі, аказваецца нявартым гэтага высокага дару: «і пашкадаваў Гасподзь, што стварыў чалавека на зямлі, і засмуціўся ў сэрцы Сваім» (Быцьцё 6:6).
Слова «пашкадаваў» ужываецца ў сэнсе: «зьмяніў стаўленьне», «зьмяніў кіраваньне». Ад кіраваньня, заснаванага толькі на міласьці, любові, Бог перайшоў да кіраваньня з дапамогай суда і пакараньня. Але, Ён сьвядома ратуе праведніка Ноя і яго сям’ю, спадзеючыся на адраджэньне і духоўнае абнаўленьне чалавецтва на новым узроўні — Запавету зь Ім. Імя Ноах азначае на іўрыце «той, хто суцяшае». Ною загадана будаваць Каўчэг. У тэксьце Бібліі дакладна ўказаныя яго парамэтры: «І зрабі яго так: даўжыня каўчэга трыста локцяў; шырыня яго пяцьдзесят локцяў, а вышыня яго трыццаць локцяў» (Быцьцё 6:15).
Старажытнаўсходні «локаць» складае прыкладна 45 см; такім чынам Ноеў каўчэг меў сто трыццаць пяць мэтраў у даўжыню, дваццаць два з паловаю мэтры ў шырыню і трынаццаць з паловаю мэтраў у вышыню. Гэта было гіганцкае збудаваньне, бо ў ім, адпаведна задуме Божай, павінны былі ўратавацца не толькі Ной і яго сям’я, але і прадстаўнікі ўсяго жывёльнага сьвету, наогул — усяго жывога.
Як паведамляе Мідраш, будавалі карабель 120 гадоў. Увесь час Ной заклікаў народ да пакаяньня. Але над ім толькі сьмяяліся. Пасьля ста дваццаці гадоў, дадзеных людзям на выпраўленьне, бачачы, што ніхто не пакаяўся, апрача Мафусаіла (дзед Ноя) і Ноя, Бог даў чалавецтву яшчэ сем дзён (гэта час жалобы па Мафусаілу, які памёр перад самым патопам). Але і гэта не мела ніякага выніку. «Што тычыцца Ашэма (Ашэм, дакладней — га-Шэм, — замена ў юдэйскай традыцыі невымаўляльнага Тэтраграматону — Сьвятога Імя Бога), то Ён правёў гэтыя сем дзён у смутку, аплакваючы чалавецтва, якое адмовілася скарыстаць усё тое хараство, якім Ён хацеў яго абдарыць. Пасьля сямі дзён жалобы Бог канчаткова вырашае пакараць чалавецтва: «І сказаў Гасподзь: вынішчу з улоньня зямлі людзей, якіх Я стварыў, ад чалавека да быдла, і гадаў і птушак нябесных вынішчу; бо Я пашкадаваў, што стварыў іх» (Быцьцё 6:7).
Ною Бог сказаў: «Але з табою Я станаўлю запавет Мой, і ўвойдзеш у каўчэг ты і сыны твае, і жонка твая і жонкі сыноў тваіх з табою. Увядзі таксама ў каўчэг з усіх жывёл, і ад кожнае плоці па пары, каб яны засталіся з табою жывыя; мужчынскага полу і жаночага хай яны будуць. З птушак паводле роду іхняга, і з быдла паводле роду іхняга, і з усіх паўзуноў зямных паводле роду іхняга, з усіх па пары ўвойдуць да цябе, каб засталіся жывыя» (Быцьцё 6:18—20).
«І ўвайшлі да Ноя ў каўчэг па пары ад усякай плоці, у якой ёсьць дух жыцьця… (Быцьцё 7:15).
Патоп абрынуўся на грэшнае чалавецтва нечакана менавіта таму, што яно абсалютна не ўсьведамляла сваю разбэшчанасьць. Лівень не адступаў сорак дзён і сорак начэй. Пад вадой аказаліся самыя высокія горы, а каўчэг плаваў па паверхні вады. Лівень не спыняецца і хутка на зямлі не застанецца ні аднаго астраўка. Людзі ў жаху робяць спробы ўратавацца. Але ўсе спробы людзей выжыць марныя. «Зьнішчылася кожная істота, якая была на паверхні; ад чалавека да быдла, і гадаў і птушак нябесных, усё зьнішчылася зь зямлі: застаўся толькі Ной, і што было зь ім у каўчэгу. А вада мацнела на зямлі сто пяцьдзесят дзён» (Быцьцё 7:23,24). І ў той жа час складваецца адчуваньне, што род чалавечы выжыве і не зьнікне.
Чамусьці аўтар Блоку прысьвяціў яго не крумкачу і не голубу, як апісана ў Бібліі, а Чарнаногай Чайцы Кітывейцы.
«І спыніўся каўчэг на сёмым месяцы, на сямнаццаты дзень месяца, на гарах Арарацкіх. Вада спакваля ўбывала да дзясятага месяца; у першы дзень дзясятага месяца паказаліся вярхі гор. Праз сорак дзён Ной адчыніў зробленае ім акно ў каўчэгу і выпусьціў крумкача, які, вылецеўшы, адлятаў і прылятаў, пакуль не абсохла зямля ад вады» (Быцьцё 8:4—7).
Потым Ной выпусьціў голуба, але голуб, як і крумкач, вярнуўся на каўчэг. Праз сем дзён Ной зноў выпусьціў голуба. «Голуб вярнуўся да яго вечаровай парою, і вось, сьвежы аліўкавы ліст у дзюбе ў яго: і Ной даведаўся, што вада сышла зь зямлі» (Быцьцё 8:11). Голуба з аліўкавым лістом бачым на марцы Ватыкану.
Да каўчэга вяртаецца голуб з аліўкавым лістом.
Яшчэ праз сем дзён Ной ізноў выпусьціў голуба, і цяпер той знайшоў сабе месца для гнязда і не вярнуўся. «І сказаў Бог Ною: выйдзі з каўчэга ты і жонка твая, і сыны твае і жонкі сыноў тваіх з табою; выведзі з сабою ўсе жывёлы, якія з табою, ад усякае плоці, з птушак, і быдла, і ўсіх гадаў, якія поўзаюць па зямлі: хай разыдуцца яны па зямлі, і хай плодзяцца і множацца на зямлі» (Быцьцё 8:15—17).
У 1968 годзе Ізраіль выпусьціў набор з пяці марак, якія сымбалічна ўяўляюць гэтую вялікую катастрофу. Першая марка паказвае нарыхтоўку дрэў, Ноя і каўчэг, які будуецца. На другой — сям'я Ноя і пары жывёл, што ідуць у каўчэг.
На прывесках марак цытаты з Бібліі. «Зрабі сабе каўчэг з дрэва гофэр…» (Быцьцё 6:14). «І ўвайшлі да Ноя ў каўчэг па пары ад усякай плоці…» (Быцьцё 7:15).
Потым «І доўжылася на зямлі паводка сорак дзён…» Быцьцё 7:17) — прадстаўлена трэцяй маркай з гіганцкімі хвалямі і сполахамі маланкі.
Праз сорак дзён Ной паслаў крумкача, а потым голуба тройчы, з перапынкам у сем дзён, як паказвае чацьвёртая марка. На прывесках марак цытаты з Бібліі. «…і каўчэг плаваў па паверхні водаў» (Быцьцё 7:18). «Потым выпусьціў ад сябе голуба…» (Быцьцё 8:8). Першы раз голуб вярнуўся да каўчэга з пустой дзюбай, бо зямля ўсё яшчэ была пад вадой. У другі раз ён вярнуўся з аліўкавым лістом і Ной даведаўся, што вада спадае. У трэці раз голуб не вярнуўся.
На апошняй марцы — вясёлка — знак Божага запавету з чалавекам пасьля патопу. На прывесцы цытата: «…дык явіцца вясёлка ў воблаку» (Быцьцё 9:14).
Блёк Ізраілю каранаваны вясёлкай.
Голуб з аліўкавай галінкаю, сям’я Ноя і зьвяры выходзяць з каўчэгу…
Гэта быў вельмі шчасьлівы момант для ўсіх істот, якія знаходзіліся ў зьняволеньні каля цэлага году и выходзілі з каўчэгу, каб засяліць бязьлюдны сьвет. У загалоўку блоку цытата на ангельскай мове: «І ўспомніў Бог пра Ноя, і пра ўсю жывёлу» (Быцьцё 8:1).
У 1889 годзе Іван Айвазоўскі напісаў карціну «Ной спускаецца з гары Арарат».
Ной вяртаецца на зямлю пасьля сусьветнага патопу. Разам зь ім з Арарацкіх гор спускаюцца яго сыны, жонка, жонкі сыноў і шматлікія жывёлы, якія выратаваліся ад патопу дзякуючы каўчэгу.
Ной адразу будуе ахвярнік і прыносіць Богу ахвяру ўсеспаленьня, як знак яго гатоўнасьці да служэньня Богу.
Сьмерць жывёліны сымбалізуе сьмерць жывёльнага пачатку ў чалавеку, яго падпарадкаваньне пачатку духоўнаму. За гэтую шчырую падзяку Бог і дае «у сэрцы Сваім» абяцаньне не праклінаць зямлю за чалавека і не караць больш так жорстка чалавецтва.
Новая старонка чалавечай гісторыі пачнецца з дабраславеньня Божага Ною і яго нашчадкам, з усталяваньня новага Саюзу-Запавету з усім чалавецтвам. «І сказаў Гасподзь у сэрцы Сваім: ня буду больш праклінаць зямлю за чалавека, бо намысел сэрца чалавечага — зло ад маладосьці ягонай; і ня буду болей пабіваць усё жывое, як Я зрабіў…» (Быцьцё 8:21).
Пасьля гісторыі паводкі быў усталяваны шэраг сымбаляў, якія сталі неад'емнай часткай культурнай спадчыны. Так вясёлка стала выразам надзеі і абяцаньня на лепшую будучыню, а голуб, які нясе ў дзюбе аліўкавую галінку, стаў сымбалям міру.
«Я кладу вясёлку Маю ў воблаку, каб яна была азнакаю запавету паміж Мною і паміж зямлёю» (Быцьцё 9:13) напісана на выданьні пошты Сэнт-Вінсэнту.
Калі мы думаем пра жорсткасьць Божага пакараньня, то павінны ўспомніць, што Ісус, «быўшы забіты ў целе, але ажылы духам, якім Ён і духам, што ў цямніцы былі, сышоўшы, прапаведаваў; яны калісьці непакорлівыя былі Божаму доўгацярпеньню, што іх чакала, у дні Ноя, у часы будаваньня каўчэга…» (Першае Пятра 3:18—20). Гэта значыць, што тыя душы, якія не пакаяліся за 120 гадоў, дадзеных чалавецтву для пакаяньня перад патопам, знайшлі пакаяньне, дзякуючы Хрысту.
Запаветз Ноем змацоўвае саюз паміж Богам і чалавекам. Дуга вясёлкі пераклікаецца з выгібам цела сьпячага Ноя, чыё імя ў перакладзе з іўрыту азначае «адпачынак» або «суцяшэньне». Жоўты Анёл, які ўяўляе сабой Боскае слова, падкрэсьлівае цудоўную прыроду вясёлкі. Яе дзіўнай белізной Шагал паказвае, што белы зьяўляецца сумай усіх колераў. Анёл абвяшчае дабраславеньне, абяцанае Запаветам, і паказвае сцэны будучага дастатку (яны прадстаўлены ў верхняй частцы карціны), а таксама беды габрэйскага народу, намаляваныя ўнізе палатна (як апісаныя Прарокамі ў Бібліі, так і тыя, якія габрэям сапраўды прыйшлося перажыць у ходзе гісторыі). Упершыню сьмяротнае пакараньне стала часткай чалавечага быцьця і ўсе забойцы з тых часоў павінны былі быць пакараныя.
«Ці спраўдзіў наш, Другі, сьвет надзею Бога? Ці не пахіснуў яе яшчэ больш? Ці навучыўся ён чаму-небудзь на прыкладзе таго, Першага, што назаўсёды згінуў пад хвалямі патопу? Невядома. Але цяпер на старонках Бібліі гэты малады пасьляпатопны сьвет толькі робіць першыя крокі, і Ной чакае голасу Божага». Галіна Сініла.
П'яны Ной
Глядзеце ж за сабою, каб сэрцы вашыя не абцяжарваліся абжорствам і п'янствам і клопатам будным, і каб дзень той не застаў вас зьнянацку… (Паводле Лукаша 21:34)
У Бібліі слова «віно» сустракаецца больш за сто разоў і першы раз у сувязі з Ноем.
«Сыны Ноя, якія выйшлі з каўчэга, былі: Сім, Хам і Яфэт. А Хам быў бацька Ханаана. Гэтыя трое былі сыны Ноевыя, і ад іх насялілася ўся зямля. Ной пачаў урабляць зямлю і пасадзіў вінаграднік…» (Быцьцё 9:18—20).
На ўспамінаным раней блёку пошты Ізраілю з рэпрадукцыяй старонкі ілюстраванага выданьня Бібліі — «Biblia Schockena» з 13 веку, створанай у Германіі, малюнак у верхнім куце другі зьлева паказвае, як Ной садзіць вінаграднік. Але Ной навучыўся ня толькі вырошчваць вінаград, але і рабіць віно і ня змог разумна гэта выкарыстаць.
Зьлева — Ной капае вінаграднік. У цэнтры сьпіць аголены Ной; Хам, які стаіць сьпіной да нас, паказвае пальцам на бацьку, якога Сім і Яфэт накрываюць.
«І выпіў ён віна, і ап'янеў, і ляжаў голы ў намёце сваім. І бачыў Хам, бацька Ханаанаў, сарамату бацькі свайго і, выйшаўшы, расказаў двум братам сваім» (Быцьцё 9:21,22).
«Немагчыма перадаць, як выдатна намаляваная гісторыя Ноя, дзе ён, ап'янелы віном, сьпіць, аголены, і тут жа прысутнічаюць адзін з сыноў, які над ім сьмяецца, іншыя, якія яго затуляюць; гісторыя гэтая і майстэрства мастака не параўнальныя ні з чым, і перасягнуць яго мог бы хіба толькі ён сам» Вазары.
Сцэна з п'яным Ноем паказана на марцы пошты Тога з сэрыі, прысьвечанай Дзесяці Запаведзям. Бачым Сіма і Яфэта, прыкрываючых бацьку. Біблейны эпізод тут выкарыстаны для ілюстрацыі Запаведзі: «Шануй бацьку твайго і маці тваю, каб падоўжыліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе» (Выхад 20:12).
Нядобры ўчынак Ноя справакаваў другі нядобры ўчынак яго сына, які стаў насьміхацца над бацькам. Яму не хапіла ў гэтым выпадку сыновай любові. Сім і Яфэт прыпынілі нядобры ход падзей. «А Сім і Яфэт узялі вопратку, і паклаўшы яе на плечы свае, пайшлі адвярнуўшыся і накрылі галізну бацькі свайго; твары іх былі абернуты назад, і яны ня бачылі сараматы бацькі свайго» (Быцьцё 9:23).
Нядобры пачатак і далей вёў нядобрай дарогай. Бо, калі Ной працьверазеў і даведаўся аб усім, то пакараў Хама і пахваліў Сіма і Яфэта. П'янства працягвае быць злом. Але калі сын высьмейвае бацьку, гэта яго ўласная ганьба, не яго бацькі.
Гэта яшчэ зварот увагі на тое, што трэба быць цярплівым і верыць у чалавека, які заўсёды мае шанс выправіцца.
Жыў Ной пасьля патопу трыста пяцьдзесят гадоў. І памёр ва ўзросьце 950 гадоў. А яго сыны Сім, Хам і Яфэт сталі прабацькамі ўсяго цяперашняга чалавецтва.
Вавілонская вежа
«І расьсеяў іх Гасподзь адтуль па паверхні ўсёй зямлі; і яны перасталі будаваць горад». (Быцьцё 11:8)
Кнізе Быцьця распавядаецца, што ў сыноў Ноя Сіма, Хама і Яфэта было мноства патомкаў. Ад іх расьсяліліся народы па зямлі пасьля патопу.
«На ўсёй зямлі была адна мова і адна гаворка. Рушыўшы з усходу, яны знайшлі ў зямлі Сэнаар раўніну і пасяліліся там. І сказалі адно аднаму: наробім цэглы і абпалім агнём. І стала ў іх цэгла замест камянёў, а земляная смала замест вапны. І сказалі яны: збудуем сабе горад і вежу, вышынёю да нябёсаў, і зробім сабе імя, перш чым расьсеемся па ўлоньні ўсёй зямлі» (Быцьцё 11:1—4).
Памылка людзей была ў тым, што яны задумалі вежу і ідала на вяршыні вежы зрабіць сымбалям яднаньня і пакланеньня замест Бога.
Сюжэт пра Вавілонскую вежу распаўсюджаны ў хрысьціянскай іканаграфіі — у шматлікіх мініяцюрах, рукапісных і друкаваных выданьнях Бібліі (напрыклад, у мініяцюры англійскага рукапісу XI стагодзьдзя); а таксама ў мазаіках і фрэсках сабораў і цэркваў (напрыклад, мазаіка сабора Сан-Марка ў Венецыі, канец XII — пачатак XIII ст.).
У эўрапейскім жывапісу найбольш знакамітай карцінай на гэты сюжэт зьяўляецца палатно Пітэра Брэйгеля Старэйшага «Вавілонскі гармідар» (1563). На фоне «Вавілонскай вежы» Партрэт Пітэра Брэйгеля. Гэта адна з трох алейных карцін Пітэра Брэйгеля Старэйшага. Першая зь іх, была напісана ў той час, калі Брэйгель быў у Рыме, і ў цяперашні час зьяўляецца страчанай.
Старажытны Вавілон апісаны ў працах Арыстоцеля і Герадота. Апошні пісаў: «Вежа падымалася да неба гіганцкімі тэрасамі, яе складалі сем вежаў, пастаўленых адна на адну. Падстава вежы было шырынёй 90 мэтраў, і столькі ж вежа мела ў вышыню. На першы паверх даводзілася 33 мэтра вышыні, на другой — 18 мэтраў і на астатнія чатыры — па 6 мэтраў. Верхні паверх вышынёй 15 мэтраў, пакрыты золатам і абліцаваны блакітнай паліванай цэглай гарэў на сонцы сіне — залатым агнём і быў бачны за многія кілямэтры».
На наступнай марцы трэцяя карціна Пітэра Брэйгеля Старэйшага. Марка выданая ў спалучэньні з сымбалем Эсперанта — штучнай мовы, створанай Людвікам Заменхофам (1859—1917) з надзеяй, што стане яна міжнароднай мовай. Над недабудаванай вежай лунае вясёлка — сымбаль Божай апекі.
Шэраг вучоных — біблеістаў прасочвае сувязь паданьня пра Вавілонскую вежу з будаўніцтвам у Двурэччы высокіх веж-храмаў, якія зваліся зікуратамі. Вяршыні вежаў служылі для адпраўленьня рэлігійных абрадаў і астранамічных назіраньняў. Самы высокі зікурат (вышынёй 91 м, адна прамавугольная ступень і сем сьпіральных — усяго 8) знаходзіўся менавіта ў Вавілоне. Зікурат зваўся Этэменанкі, што азначае «дом, дзе сыходзяцца нябёсы з зямлёю». Невядома, калі менавіта было распачата будаўніцтва гэтай вежы, але яна ўжо існавала падчас кіраваньня Хамурапі (1792–1750 да Р.Х.). Асірыйскі цар Сінахерыб у 689 г. да Р.Х. разбурыў Вавілон і Этэменанкі. Зікурат быў адноўлены Навухаданосарам II.
На марцы Іраку намаляваны варыянт карціны «Вавілонская вежа», які захоўваецца ў музэі Ратэрдама, а таксама меркаваны выгляд зікурата ў Барсіпе альбо Бірс Німруд.
«І сышоў Гасподзь паглядзець горад і вежу, што будавалі сыны людзкія. І сказаў Гасподзь: вось, адзін народ, і адна ў іх мова; і вось, што пачалі яны рабіць, і не адстануць ад таго, што задумалі рабіць; сыдзем жа і зьмяшаем там мову іхнюю, так каб адзін не разумеў гаворкі другога. І расьсеяў іх Гасподзь адтуль па паверхні ўсёй зямлі; і яны перасталі будаваць горад. Таму дадзена яму імя: Вавілон, бо так зьмяшаў Гасподзь мову ўсёй зямлі, і адтуль расьсеяў іх Гасподзь па ўсёй зямлі» (Быцьцё 11:5—9).
На марцы Вэнгрыі з сэрыі «Сем цудаў сьвету», паказаны Зікурат у славутых Садах Семіраміды ў Вавілоне. Паказана таксама геаграфічнае становішча Вавілону — на поўнач ад Пэрсідзкага заліву.
Падзел людзей на рознамоўныя плямёны — бяда гэта ці ласка Божая? Да чаго вяло тое, «што задумалі рабіць»? Ніжэйшае пагражала пазбавіць будучыні вышэйшае. Людзі апынуліся б у «аднадумстве зла» (Прамудрасці Саламона 10:5). Першы грэх, які апісваецца Бібліяй, і грэх будаўнікоў вежы ў істоце адзін і той жа: самаабагаўленьне чалавека. На шмат пакаленьняў наперад чалавечае грамадзтва засталося б адным і тым жа і не магло б адчуваць іншых магчымасьцяў разуменьня сьвету і жыцьця ў сьвеце. Разбурэньне Богам Вавілонскай вежы расчысьціла дарогу для чалавечай гісторыі.
Вернемся да карціны Пітэра Брэйгеля Старэйшага «Вавілонская вежа». Узрушае маштаб будаўніцтва, прысутнасьць вялікай колькасьці людзей і будаўнічай тэхнікі. Ля падножжа вежы разьмясьціўся горад з ажыўленым портам. Намаляваныя на карціне людзі — рабочыя, каменячосы — здаюцца вельмі маленькімі і нагадваюць сваёй стараннасьцю мурашак. Значна большай намалявана фігура Німрода — легендарнага заваёўніка Вавілона ў II тысячагодзьдзі да Р.Х., які па традыцыі лічыцца кіраўніком будаўніцтва Вавілонскай вежы, і яго сьвіты ў левым ніжнім куце карціны. Яму сьпяшаюцца вызваліць дарогу, каменячосы падаюць ніцма, сьвіта дрыгатліва ловіць выраз твару фанабэрыстага ўладара… Ля падножжа вежы кіпіць праца. Але яна ніколі не будзе завершана. Адчуваньне бессэнсоўнасьці ўсяго пачынаньня, асуджанасьці намаганьняў чалавечых не пакідае гледача. Ад вежы вее закінутасьцю, ад карціны — безнадзейнасьцю: гордая задума людзей ўзьнесьціся да нябёсаў не даспадобы Богу.
Само па сабе адзінства людзей не ёсьць абсалютнае зло ці абсалютная карысьць. Пытаньне ў тым — у імя чаго гэта адзінства. Узьяднаньне розных народаў і моў адбылося ў Ерусаліме ў Новазапаветныя часы. Сьвяты Дух сыходзіць на апосталаў і навучае прапаведаваць на незнаёмых ім мовах. Па сьведчаньні апостала Паўла: «А плод Духа: любоў, радасьць, згода, доўгая цярплівасьць, добрасьць, міласэрнасьць, вера…» (Да Галятаў 5:22).
Такім чынам, Біблія вучыць, што адзінства людзей зьяўляецца дабром, калі яно грунтуецца на служэньні дабру, і зьяўляецца злом, калі яно становіцца супольнасьцю багаборцаў.
Вавілонская вежа стала тэмай нават для коміксаў.
Аднак, падобна слухаць Бога мы ніяк не хочам. Яшчэ тлее галавешкамі чарговая рухнуўшая Вавілонская вежа — пабудова сьветлай камуністычнай будучыні, а зямляне ўжо рушылі ў новыя праекты падобнага кшталту.
Аўрагамаў Завет. Патрыярхі Абранага народу
Божая місія. Пакліканьне Абрама
…ён стаўся бацькам усіх веруючых… (Да Рымлянаў 4:11)
На пачатку гісторыі чалавецтва Бог не пазбаўляў людзей Сваёй прысутнасьці. Але зло таксама не пакідала людзей. Людзі лёгка паддаваліся спакусам і пакланяліся паганскім ідалам. Да Абрагама былі людзі, якія верылі ў Адзінага Бога і нават заключалі зь ім Запавет, як, напрыклад, Ной. Але з Абрагамам зьвязана ўзьнікненьне народа Божага. Адносіны з Богам сталі перадавацца іншым пакаленьням. Але ўсё пачалося з пакліканьня.
У Мэсапатаміі ў халдэйскім горадзе Ур нарадзіўся хлопчык Абрам, малодшы сын Тары, дзясятага патрыярха па прамой лініі ад Сіма, сына Ноя. Жывучы сярод паганцаў Абрам верыў ў адзінага Бога, апосталам якога ён стаў. За гэта яго падвяргалі ганеньням суайчыньнікі. Знаёмячыся з жыцьцём Абрама мы ўступаем у абсяг гісторыі, бо дакладна можам даведацца дзе і калі ён жыў. Абрам жыў каля 1850—1750 году перад нараджэньнем Хрыста, ці каля 4000 тысяч гадоў таму. Роднай мясьцінай Абрама быў Ур на паграніччу паміж сучаснымі Іракам і Кувэйтам на поўнач ад Персыдзкай затокі. Адлюстрована гэта месца на марцы Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі, прысьвечанай Месапатамскай цывілізацыі, дзе кругам вылучаны Ур.
Там Абрам пачуў голас Бога: «І сказаў Гасподзь Абраму: ідзі зь зямлі тваёй, ад радзіны тваёй і з дома бацькі твайго ў зямлю, якую Я пакажу табе; і Я выведу ад цябе вялікі народ, і дабраслаўлю цябе, і праслаўлю імя тваё, і будзеш ты ў дабраславенстве. Я дабраслаўлю тых, што дабраслаўляюць цябе, і тых, што ліхасловяць цябе, пракляну; і дабраславяцца ў табе ўсе плямёны зямныя» (Быцьцё 12:1—3).
Тут важна вылучыць два моманты. Чаму Бог выбраў Абрама? Напэўна Абрам адпавядаў тым якасьцям і патрабаваньням Бога, каб прызначыць яго пачынальнікам Абранага народу. Сярод габрэяў жыве такая легенда, якую расказваюць усім дзецям у Ізраільскай школе, што Фара, бацька Абрама меў лаўку фігуркаў бажкоў. Аднойчы, пры адсутнасьці бацькі, Абрам парубаў усе фігуркі акрамя найбольшай, якой уклаў у руку сякеру. На пытаньне раззлаванага бацькі Абрам сказаў, што бажкі пасварыліся і пазабіваліся і таму ім нельга маліцца, бо яны не ў стане абараніць самы сябе.
На 75 годзе жыцьця Абрам мусіў пакінуць радзіму, накіраваўшыся цераз Эўфрат у зямлю Ханаанскую, якую абяцаў Бог яму й ягоным нашчадкам.
Марка Аўстрыі прысьвечана Дзесятаму Кангрэсу Міжнароднай Арганізацыі Вывучэньня Старога Запавету. Выява Абрама зьяўляецца ілюстрацыяй да кнігі «Божы зварот да Абрама».
Чаму Абрам без ваганьня пакінуў дом, месца, дзе нарадзіўся і пражыў 75 гадоў, суседзяў і блізкіх і накіраваўся ў доўгую і небясьпечную дарогу? Абрам, маючы дасканалую веру, безумоўна прымае Боскую задуму і падпарадкоўваецца ва ўсім волі Божай. «Бо што кажа Пісаньне? „Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць“» (Да Рымлянаў 4:3). З патрыярха Абрагама пачынаецца гісторыя народа, зь якога адбылася Найсьвяцейшая Дзева Марыя, якая нарадзіла Збаўцу сьвету.
Прайшоўшы прыблізна 1700 кілямэтраў караван Абрама вайшоў у зямлю Ханаанскую да Сіхему (Наблус), да дубровы Марэ. «І явіўся Гасподзь Абраму і сказаў: нашчадкам тваім аддам Я зямлю гэтую. І паставіў там ахвярнік Госпаду, Які явіўся яму» (Быцьцё 12:7).
Шлях Абрама з Сіхему на поўдзень пралягаў па горнай мясцовасьці, вядомай яшчэ, як Дарога Патрыярхаў.
Абрам разбіў свой шацёр на ўзгорку паміж Вэтылем і Гаем, пабудаваў там ахвярнік і заклікаў імя Госпада. Затым ён пайшоў далей на поўдзень міма Хэўрона ў вобласць Негеў, што азначае «паўднёвая» і «сухая».
У беларускім перакладзе Бібліі няма назвы Негеў. Але параўнаем адпаведныя вершы з беларускага і польскага перакладу.
«І падаўся Абрам далей і пайшоў на поўдзень» (Быцьцё 12:9).
«Zwinąwszy namioty, Abram wędrował z miejsca na miejsce w stronę Negebu» (Rdz 12.9).
У беларускім перакладзе назва пустані Негеў падаецца як «поўдзень» — напрамак руху, а ў польскім, як геаграфічная назва. Сапраўды, Абрам рухаўся на поўдзень да пустыні Негеў. Там Аўраам быў празваны «га-гіўры», што азначала: прыбылы з таго берагу ракі, адкуль і пайшла назва — габрэй. Потым з прычыны голаду Абрагам рушыў у Егіпет.
У Бібліі Сара ўпамінаецца як старая кабета, але мастак намаляваў прыгожую маладую дзяўчыну. Напэўна кіраваўся словамі Бібліі: «І было, калі Абрам прыйшоў у Егіпет, Егіпцяне ўбачылі, што яна жанчына даволі прыгожая; убачылі яе і вяльможы фараонавыя і пахвалілі яе фараону; і была яна ўзятая ў дом фараонаў» (Быцьцё 12:14,15). У Егіпце Абрам выдаў Сару за сваю сястру, каб Егіпцяне, убачыўшы прыгажосьць Сары, не забілі яго. Цнатлівастць Сары было захавана Богам праз пакараньне фараона..
Абрам з сямействам, атрымаўшы вялікія дары ад фараона, вярнуўся ў Ханаан. «І быў Абрам вельмі багаты быдлам і срэбрам і золатам» (Быцьцё 13:2). Тут Абрам і яго пляменьнік Лот падзялілі гаспадарку і разышліся: Лот да Садому, а Абрам да Хэўрону.
«…І пасяліўся каля дубровы Мамрэ, што ў Хэўроне; і паставіў там ахвярнік Госпаду» (Быцьцё 13:18).
Сустрэча Абрама і Мелхісэдэка
Бо Мелхісэдэк, цар Саліма, сьвятар Бога Ўсявышняга […] цар праўды, а потым і цар Саліма, што азначае — цар сьвету… (Да Габрэяў 7:1,2)
Пасля вяртаньня Абрама зь Егіпту «Абрам пачаў жыць на зямлі Ханаанскай; а Лот пачаў жыць у гарадах навакольля і раскінуў намёты да Садомы» (Быцьцё 13:12).
Падчас царскіх войнаў пляменьнік Абрама Лот трапіў у палон да цара Кедарлаамэра. «І прыйшоў адзін з ацалелых і паведаміў Абраму Габрэю, які жыў тады каля дубровы Мамрэ, Амарэяніну, брату Эшколу і брату Анэру, якія былі спрымірэнцы Абрамавыя» (Быцьцё 14:13). Тут упершыню ўжываецца ў Бібліі слова «Габрэй». Абрам, даведаўшыся пра гэта, узброіў сваіх рабоў, перамог цара і вярнуў Лота і ўсю яго маёмасьць.
«Калі ён вяртаўся пасьля паразы Кедарлаамэра і цароў, якія былі зь ім, цар Садомскі выйшаў яму насустрач у даліну Шавэ, што сёньня даліна царская; і Мэлхісэдэк, цар Салімскі, вынес хлеб і віно, — ён быў сьвятар Бога Ўсявышняга, — і дабраславіў яго і сказаў: дабраславёны Абрам ад Бога Ўсявышняга, Уладара неба і зямлі; і дабраславёны Бог Усявышні, Які аддаў ворагаў тваіх у рукі твае. Абрам даў яму дзясятую частку з усяго» (Быцьцё 14:17—20).
Абрам у дасьпехах стаіць на чале сваёй групы салдат і з удзячнасьцю прымае хлеб ад Мэлхісэдэка.
Свой погляд на гэту падзею выказаў на сваёй карціне мастак Дыэрых Бутс (Dieric Bouts). Цар Салема (будучага Ерусаліма) Мелхісэдэк сустракае Абрама хлебам і віном. Абрагам, апрануты ў дасьпехі пасьля пасьпяховай бітвы пры Сідыме, становіцца на калені перад Мелхісэдэкам. На заднім пляне — вяртаньне войскаў Абрама.
Пачынаючы з XIII стагодзьдзя было цалкам нармальна адлюстроўваць біблейскіх і гістарычных асоб у сучасных дасьпехах. Каб навучыць непісьменных людзей падзеям, якія адбыліся стагодзьдзі раней, гэта быў звычайны спосаб перанесьці іх у біблейскія часы, каб ім было лягчэй суперажываць рэлігійнай падзеі, якая адбывалася ў тыя далёкія часы. І мастак, нават каб хацеў, ня мог дабрацца да першакрыніц, якія паказвалі б сапраўдную вопратку часоў Абрама.
«Мэлхісэдэк, цар Салімскі, вынес хлеб і віно, — ён быў сьвятар Бога Ўсявышняга» (Быцьцё 14:18).
Мелхісэдэк «дабраславіў яго і сказаў: дабраславёны Абрам ад Бога Ўсявышняга, Уладара неба і зямлі…» (Быцьцё 14:19).
Імя Мелхісэдэк, складаецца з двух габрэйскіх слоў: «мелех» — цар, і «цадзік» — праведнік; і значыць «цар праўды»; слова «Салім» значыць «мір». Зьяўленьне Мелхісэдэка да часоў Закона, паказвае, што ён сьвятар Божы, непасрэдна ад Бога. Ён стаіць ля вытокаў гісторыі народаў і рэлігій. Для хрысьціянства Мелхісэдэк — гэта правобраз Хрыста, Яго валадараньня і Яго сьвятарства. Як Мелхісэдэк быў разам сьвятаром і царом, так і Ісус Хрыстос ёсьць Першасьвятар і Цар. Ісус Хрыстос даў нам пад выглядам хлеба і віна цела і кроў сваю, так і Мелхісэдэк прынёс Абраму хлеб і віно і дабраславіў яго.
Сара і Агар
Ішлі гады. Абрам і яго жонка старыліся, а дзяцей у іх усё не было. А ў тыя часы існаваў звычай, па якім спадарыня, якая не мае дзяцей, магла даць свайму мужу ў жонкі служанку. Дзіця, народжанае служанкай, станавілася спадчыньнікам гаспадара. У Сары была рабыня Егіпцянка Агар, якую Сара і аддала ў жонкі Абраму. У Бібліі гэта запісана так: «Ён увайшоў да Агары, і яна зачала. А ўбачыўшы, што зачала, яна пачала пагарджаць гаспадыняй сваёй. І сказала Сара Абраму: у крыўдзе маёй ты вінаваты; я аддала служанку маю ва ўтробу тваю; а яна, угледзеўшы, што зачала, пачала пагарджаць мною; Гасподзь хай будзе судзьдзя паміж мною і табою. Абрам сказаў Сары: вось, служанка твая ў тваіх руках; рабі зь ёю, што табе заўгодна. І Сара пачала ўціскаць яе, і тая ўцякла ад яе» (Быцьцё 16:4—6).
На карціне Рубенса «Агар пакідае дом Абрама» на парозе дома сівабароды старац Абрам, побач зь ім Сара, яго жонка. Яна настолькі злая, што гатовая ўдарыць Агар і ўжо занесла руку. Сабака заліваецца брэхам, скаліцца на Агар. Ён відавочна не любіць Агар. Толькі Абрам чамусьці захоўвае спакой. Але пазірае неяк вінавата. Агар сыходзіць. Сыходзіць у нікуды. У невядомасьць.
Агар сыходзіць, уцякае. Уцякае ў пустыню. Яна страшна пакрыўджаная. Яна стамілася, прысела на нейкія камяні. Уся вада выпіта, пусты збан валяецца ў баку. Яна ня ведае, што будзе далей. Але ўсё скончылася шчасна: Анёл Гасподні знайшоў Агар у пустыні, угаварыў яе вярнуцца да Сары.
Першапачаткова лічылася, што карціна адлюстроўвае першую сустрэчу Агар з Анёлам у пустыні, куды тая зьбегла цяжарнай ад прыгнёту Сары. Аднак падчас адной з рэстаўрацыяй быў выдалены пацямнелы пласт лаку ў правай частцы карціны, за якім хаваўся посуд з вадой, — так стала зразумела, што карціна адлюстроўвае больш позьні сюжэт туляньня Агары з сынам па пустыні, калі Анёл ратуе паміраючага ад смагі Ізмаіла, вывеўшы яго з маці да крыніцы.
Агар нарадзіла сына, яму далі імя Ізмаіл (Бог чуе) і жыла ў доме Абрама. Праз 13 гадоў зьявіўся Бог Абраму і сказаў: «Я — вось запавет Мой з табою: ты будзеш бацька мноства народаў, і ня будзеш ты болей звацца Абрамам, а будзе табе імя Абрагам, бо Я зраблю цябе бацькам мноства народаў…» (Быцьцё 17:4,5). «І сказаў Бог Абрагаму: Сару, жонку тваю, не называй Сараю, а хай будзе імя ёй: Сарра; Я дабраслаўляю яе і дам табе ад яе сына; дабраслаўляю яе, і пойдуць ад яе народы, і цары народаў пойдуць ад яе. І ўпаў Абрагам на аблічча сваё, і сказаў сам сабе: няўжо ад стогадовага будзе сын? і Сарра, дзевяностагадовая, няўжо народзіць? І сказаў Абрагам Богу: о, хоць бы Ізмаіл быў жывы прад абліччам Тваім! А Бог сказаў: менавіта Сарра, жонка твая, народзіць табе сына, і ты дасі яму імя: Ісаак; і пастанаўлю запавет Мой зь ім запаветам вечным, нашчадкам ягоным пасьля яго. І пра Ізмаіла Я пачуў цябе: вось, Я дабраслаўляю яго, і выгадую яго, і вельмі, вельмі памножу; дванаццаць князёў народзяцца ад яго; і Я выведу ад яго вялікі народ. Але запавет Мой пастанаўлю зь Ісаакам, якога народзіць табе Сарра ў гэты самы час на другі год» (Быцьцё 17:15—21).
І было другое выгнаньне Агары, ужо без вяртаньня ў дом Абрагама. «І ўбачыла Сарра, што сын Агары Егіпцянкі, якога яна нарадзіла Абрагаму, насьміхаецца, і сказала Абрагаму: выгані гэтую рабыню і сына яе, бо ня спадкуе рабынін сын гэты з сынам маім Ісаакам. І здалося гэта Абрагаму даволі няпрыемным дзеля сына ягонага. Але Бог сказаў Абрагаму: не засмучайся за хлопчыка і рабыню тваю; ва ўсім, што скажа табе Сарра, слухайся голасу яе, бо ў Ісааку назавецца табе семя; і ад сына рабынінага Я выведу, бо ён семя тваё. Абрагам устаў з самае раніцы, і ўзяў хлеба і мех вады, і даў Агары, паклаўшы ёй на плечы, і хлопчыка, і адпусьціў яе. Яна пайшла і заблудзілася ў пустыні Вірсавіі; і ня стала вады ў меху, і яна пакінула хлопчыка пад адным кустом і пайшла, села зводдаль, на аддалі аднаго стрэлу з лука. Бо яна сказала: не хачу бачыць сьмерці хлопчыка. І яна села насупраць, і заенчыла, і плакала…» (Быцьцё 21:9—16).
«І пачуў Бог голас хлопчыка; і анёл Божы зь неба паклікаў Агар і сказаў ёй: што з табою, Агар? ня бойся; Бог пачуў хлопчыкаў голас адтуль, дзе ён быў» (Быцьцё 21:17).
Твар прыгожай жанчыны з дзіцём на руках павернуты да Анёла, які зьявіўся, каб іх уратаваць. «Устань, падымі хлопчыка і вазьмі яго за руку, бо Я выведу зь яго вялікі народ. І Бог адкрыў вочы яе, і яна ўбачыла калодзеж з вадою, і пайшла, наліла ў мех вады і напаіла хлопчыка. І Бог быў з хлопчыкам; і ён вырас, і пачаў жыць у пустыні, і зрабіўся лучнікам» (Быцьцё 21:18—20).
Які далейшы лёс Агары і Ізмаіла? Многія юдэйскія аўтары мяркуюць, што праз шмат гадоў пасьля сьмерці Сарры, яна зноў сустракаецца з Абрагамам і становіцца яго жонкай. Цяпер яе імя Хэтура, пахучая. Гэта ўжо зусім іншая жанчына. Яна шукае любові і нараджае Абрагаму яшчэ многа дзяцей. Хэтура прыносіць духмянасьць хатняга агменю, мір і спакой стомленаму жыцьцём Абрагаму.
Магамет называе Ізмаіла Прарокам (Каран, 19, 55). У якасьці Прарока ён валодаў дарам зьдзяйсьняць цуды, дзякуючы чаму і схіліў многіх язычнікаў да пакланеньня Богу. У Ізмаіла было 12 сыноў, з якіх Кедар лічыцца прамым продкам Магамета. У Мецы да гэтага часу існуе сьвяты камень, пад якім, паводле паданьня, пахаваныя Ізмаіл і Агар.
Гасьціннасьць Абрагама
У Старым Запавеце ёсьць аповед пра тое, як у паўдзённую сьпёку дзевяноста дзевяцігадовы Абрагам сядзеў каля свайго намёту пад зелянінай Мамрыйскай дубровы. Раптам ён убачыў трох змучаных падарожнікаў. Гаспадар запрасіў вандроўнікаў адпачыць і падсілкавацца, а жонцы Сарры загадаў напячы хлеба. Сам гаспадар дома абраў лепшае цяля і загадаў закалоць яго і прыгатаваць пачастунак не чакаючы ніякай аплаты. Аказалася, што частаваў Абрагам Самога Бога.
Гэты ўзрушаючы эпізод стаў тэмай блёку пошты Ватыкану, эмітаванаму ў 1990 годзе з нагоды «40-годзьдзя з дня заснаваньня Карытас (міласэрнасьць) Інтэрнацыяналіс». На блёку чатыры маркі з рэпрадукцыямі дэталей старажытнага малярства з Базылікі Маці Божай Большай (Santa Maria Maggiore).
На першай марцы бачым падарожнікаў і Абрагама, які сьпяшаецца ім насустрач. На другой марцы — трое гасьцей. На трэцяй — Абрагам і Сарра рыхтуюць пачастункі. Чацьвёртая марка прысьвечана спажываньню ежы. Бог у вобразе Тройцы стаў зьместам ікон, найбольш знакамітай зь якіх зьяўляецца «Троіца», напісаная Андрэем Рублёвым і вядомая ва ўсім сьвеце. «Троіца» Рублёва напісана на той самы Біблейскі сюжэт з Старога Запавету, па якому да Абрагаму прыйшлі трое Вандроўнікаў-Анёлаў. Найбольш набліжанай датай стварэньня «Троіцы» Андрэя Рублёва называюць 1411 або 1425—27 гады.
Трое Анёлаў, якія ўвасабляюць трыадзінства Бога (Айца, Сына, Сьвятога Духу), сядзяць вакол стала. У своеасаблівым крузе, які яны ўтвараюць, разьмяшчаецца напоўненая чаша. Традыцыйна круг зьяўляўся сымбалям аб'яднаньня. Сьвятая Чаша, вакол якой сядзяць Анёлы, сымбалізуе пакуты Хрыста — унутры сабрана кроў, што капала зь яго ран, калі ён быў укрыжаваны. Сілуэт дрэва можа азначаць Дрэва пазнаньня з саду Эдэма, адначасова з гэтым — дуб, пад якім адпачываў Абрагам. А будынак — царкву альбо ўваход у Абрагамаў дом. Гара ж, разьмешчаная ў правым верхнім куце, становіцца сымбалям Галгофы. Анёлы апранутыя ў простыя адзеньні, за іх сьпінамі — крылы, у руках — тонкія кіі, вакол галоў — сьвецяцца арэолы.
Часам з «Троіцай» Рублёва параўноўваюць шагалаўскае палатно «Абрагам і Тры анёла», і гэта справядліва, але толькі ў частцы абраньня аднолькавага сюжэту. Рублёў, наўмысна прыбіраючы з сюжэту Абрагама і Сарру, раскрывае ў сваёй іконе тэму траічнасьці, алегарычна адлюстроўваючы свайго роду партрэт Усявышняга: Бога-Айца, Бога-Сына і Бога-Сьвятога Духа.
Іншымі словамі, Рублёў прысьвяціў сваё палатно Богу, а Шагал — чалавеку, які мае зносіны з Богам. Хоць у карціне «Абрагам і Тры Анёлы» Анёлы займаюць цэнтральнае месца, як і ў іконе Рублёва, але Абрагам і Сарра зьяўляюцца паўнавартаснымі ўдзельнікамі падзеі. Магчыма, таму Анёлы разгорнутыя мастаком унутр палатна і зьвернутыя тварам да прабацькі. Гасьціннасьці ў старажытных габрэяў надавалася асаблівае значэньне. Яго трэба было аказваць кожнаму чужаземцу і падарожніку, такі быў Закон. У адпаведнасьці з Законам, Абрагам прыняў невядомых яму гасьцей. Шагал адлюстроўвае гэту падзею, падрабязна абстаўляючы яе дэталямі. Тут і накрыты стол, і Сарра, якая сьпяшаецца да гасьцей з стравай у руках, і сам Абрагам, гатовы выконваць жаданьні гасьцей. На ярка пунсовым фоне зьзяюць белыя, жоўтыя, сінія фарбы крылаў і вопраткі Анёлаў, а іх прасьветленыя абліччы быццам працятыя ўнутраным духоўным сьвятлом. Аднак тое, што Абрагама наведалі не простыя падарожныя, ведаюць толькі гледачы карціны, сам Абрагам знаходзіцца яшчэ ў недасьведчанасьці.
Будучы ў гасьцях у Абрагама, незвычайныя госьці апошні раз, перад прыняцьцем важнага рашэньня, правяралі яго. Упэўніўшыся, што яны зрабілі правільны выбар і менавіта гэты чалавек варты быць першым Патрыярхам Абранага Богам народу, яны адкрыліся яму. У правай верхняй частцы палатна ў мэдальёне Шагал адлюстраваў гэту галоўную падзею ў жыцьці Абрагама, што адбылася ўсьлед за вячэрай. Гэта падзея зьмяніла жыцьцё Абрагама-Бог заключыў зь ім вечны саюз і абяцаў у валоданьне зямлю Ханаанскаю (Ханаан — «краіна, Палаючая барвяным»; ці не адсюль гэты чырвоны калярыт карціны?). А яшчэ Бог абяцаў Абрагаму, што менавіта ад яго адбудзецца шматлікае нашчадзтва.
Абрагам зьдзівіўся, бо Абрагаму ў той час было 99 гадоў, а Сары 90 і яна была бясплодная. Каб падкрэсьліць зьмены, якія адбыліся ў Абрагама, Бог зьмяніў яго імя: ён атрымаў імя Абрагам — «айцец мноства». У мэдальёне Шагал як раз і паказаў ператварэньне Абрагама. Са звычайнага чалавека ён ператварыўся ў першага і старэйшага Ізраільскага Патрыярха Абрагама.
«І сказаў Бог Абрагаму: Сару, жонку тваю, не называй Сараю, а хай будзе імя ёй: Сарра (маці мноства); Я дабраслаўляю яе і дам табе ад яе сына; дабраслаўляю яе, і пойдуць ад яе народы, і цары народаў пойдуць ад яе» (Быцьцё 17:15,16).
Мастак Хасэ Гурвіч менавіта гэтай падзеі аддаў перавагу ў сваім творы, назваўшы яго «Дабравешчаньне Сарры». Хасэ Гурвіч нарадзіўся ў Літве, вырас у Уругваі, памёр у ЗША і пахаваны ў Ізраілі, што робіць яго сапраўды ўнівэрсальным чалавекам.
«Сарра ўнутрана засьмяялася, сказаўшы: ці мне, калі я пастарэла, мець гэтую ўцеху? і гаспадар мой стары» (Быцьцё 18:12).
Джавані Батыста Т'епола адлюстраваў на твары Сарры зьдзіўленьне, радасьць і ў той жа час — недавер. «І сказаў Гасподзь Абрагаму: чаго гэта засьмяялася Сарра, сказаўшы: няўжо я сапраўды магу нарадзіць, калі я пастарэла? Ці ёсьць што цяжкае Госпаду? У назначаны час буду Я ў цябе на другі год, і будзе ў Сарры сын. А Сарра ня прызналася, а сказала: я не сьмяялася. Бо яна спалохалася. Але Ён сказаў: не, ты сьмяялася» (Быцьцё 18:13—15).
Драматычнае выпрабаваньне веры
І спраўдзілася слова Пісаньня: вераваў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць, і ён названы прыяцелем Божым. (Якава 2:23)
«І паглядзеў Гасподзь на Сарру, як сказаў; і зрабіў Гасподзь Сарры, як казаў. Сарра зачала і нарадзіла Абрагаму сына ў старасьці ягонай у час, пра які казаў яму Бог; і даў Абрагам імя свайму сыну, які нарадзіўся ў яго, якога нарадзіла яму Сарра: Ісаак…» (Быцьцё 21:1—3). Абрагам вельмі любіў сына Ісаака і бярог яго, як зрэнку вока, таму што ведаў, што менавіта ён — корань будучага Абранага народу. Але аднойчы, каб праверыць паслухмянасьць Абрагама, Бог запатрабаваў прынесьці Ісаака ў ахвяру. «Бог сказаў: вазьмі сына твайго, адзінага твайго, якога ты любіш, Ісаака; і ідзі ў зямлю Морыя і там прынясі яго на цэласпаленьне на адной з гор, пра якую Я скажу табе» (Быцьцё 22:2).
Патрыярх накалоў дроў, пагрузіў іх на асла, узяў нож, двух хлопчыкаў і адправіўся на месца, названае яму Богам.
«Бог спакушаў Абрагама» (Быцьцё 22:1), гэта значыць правяраў. Але самае дзіўнае — гэта тое, што, зьбіраючыся падняцца на гару, дзе Абрагам плянаваў зьдзейсьніць ахвярапрынашэньне Ісаака, ён быў упэўнены, што ўсё будзе добра. Сьвятое Пісаньне абвяшчае: «І сказаў Абрагам падлеткам сваім: застаньцеся тут з аслом; а я і сын пойдзем туды і паклонімся, і вернемся да вас» (Быцьцё 22:5). Іншымі словамі, Абрагам зьбіраўся вярнуцца разам з сынам.
Калі ж Ісаак спытаў Абрагама: «бацька мой! …дзе ж ягня на цэласпаленьне? Абрагам сказаў: «Бог нагледзіць сабе ягня на цэласпаленьне, сыне мой. І прыйшлі на месца, пра якое сказаў яму Бог; і зладзіў там Абрагам ахвярнік, расклаў дровы і, зьвязаўшы сына свайго Ісаака, паклаў яго на ахвярнік паўзьверх дроў» (Быцьцё 22:7—9).
У 1997 годзе пошта Ізраілю выпусьціла сэрыю марак, прысьвечаных Патрыярхам і Сьвяту Суккот. На марцы бачым Ісаака і Арагама, які прыгатаваўся да выкананьня волі Божай. На што ж спадзяваўся Абрагам у такой страшнай сытуацыі? Ён спадзяваўся на Слова Божае, бо добра памятаў абяцаньне Госпада, што менавіта ад Ісаака адбудзецца вялікі народ. Што адбылося далей, вядома. Анёл адвёў Абрагамаву руку з нажом ад Ісаака і падаў для ахвярапрынашэньня барана.
Гэты сюжэт папулярны сярод мастакоў, якія разважаюць над тэксамі Бібліі, яшчэ з часоў раньняга хрысьціянства. Традыцыйна Ісаака малявалі зьвязаным, напрыклад, у карціне Караваджа. Каб падкрэсьліць страх маладога чалавека перад будучыняй, твар яго пісалі скажоным ад жаху ці ўвогуле з завязанымі вачыма. У сваю чаргу, твар Абрагама малявалі суровым, як бы пераадольваючым пакуты, ці нават жорсткім перад прыняцьцем рашэньня — пазбавіць жыцьця ўласнае дзіця, якое так цяжка дасталася.
«І падняў Абрагам руку сваю і ўзяў нож, каб закалоць сына свайго» (Быцьцё 22:10).
У Бібліі прама сказана, што Бог не плянаваў забіць Ісаака. І адбываецца цуд.
«Але анёл Гасподні заклікаў яго зь неба і сказаў: Абрагаме! Абрагаме! Ён сказаў: вось я. Анёл сказаў: не падымай рукі тваёй на хлопчыка, і не рабі зь ім нічога; бо цяпер Я ведаю, што баішся ты Бога і не пашкадаваў сына твайго, адзінага твайго, дзеля Мяне» (Быцьцё 22:11,12).
Ахвярны Ісаак з звязанымі рукамі ляжыць там, дзе праз хвіліну павінна загарэцца ахвярнае вогнішча. Рука бацькі закрывае адкінуты твар сына. Гэтым перадаецца адчайная рашучасць Абрагама і яго бязьмерны жаль да сына, які не павінен бачыць рукі, яго забіваючай. Абрагам павярнуўся да Анёла, які спыняе руку бацькі, з якой выпадае кінжал.
Аднак Абрагам — гэта не фанатык, які сьлепа падпарадкоўваецца лёсу, а глыбока веруючы чалавек. Ён гранічна шчыры і адкрыты сэрцам да Бога, а яго вочы, зьвернутыя да Анёла, шырока расчыненыя і поўныя даверу. Усявышні не памыліўся ў Абрагаме, і таму мастак малюе Абрагама як чалавека, вернага Боскаму запавету да канца. Ён спакойна выконвае тое, аб чым прасіў Бог. Думаецца, што ў гэтым глыбокі сэнс! Абрагам цалкам аддаўся волі Усявышняга, як і Ісаак цалкам аддаў сябе ў рукі свайго бацькі Абрагама.
Абрагам з нажом у руцэ, узьнятым, каб забіць свайго сына Ісаака ў той момант, калі ўмешваецца Анёл. У Біблійным апавяданьні няма намёку на тое, што Абрагам меў сумневу ў тым, каб не паслухацца або чымсьці палегчыць долю любімага сына. Хіба таму твар Абрагама на карціне Паола Веранэзэ не выпраменьвае ні цені пакуты або болю, наадварот, ён здаецца нават некалькі наіўным у сваёй пакоры і адданасьці Богу.
Пасланьне да Габрэяў так тлумачыць веру Абрагама: «Бо ён думаў, што Бог моцны і зь мёртвых уваскрэсіць, таму і атрымае яго са сьмерці» (Да Габрэяў 11:19). Бяз веры ў уваскрэсеньне немагчыма паслухацца Бога нават у маленькім. Але калі верыць ва ўваскрэсеньне, тады аддаць Богу і жыцьцё няцяжка.
У трактаце на старонцы 17а Вавілонскага Талмуду гаворыцца, што гук шофару — старажытнага інструмэнту з рога — нагадвае пра сілу веры Абрагама, які быў гатовы прынесьці ў ахвяру свайго сына, і міласьць Божую, бо Ён даў барана для Абрагама, каб прынесьці яго ў ахвяру замест сына.
«І ўзьвёў Абрагам вочы свае і ўбачыў: і вось, за табою баран, які заблытаўся ў гушчобе рагамі сваімі. Абрагам пайшоў, узяў барана і прынёс яго на цэласпаленьне замест сына свайго» (Быцьцё 22:13).
Шчасьлівыя бацька і сын пяшчотна абнімаюць адзін аднаго. Побач прызначаны на ахвяру баран, які заблытаўся рагамі за вецьце.
Узнагародаю за веру стала канчатковае пацьверджаньне абяцаньня патомства: «Я дабраслаўлю цябе і дам табе нашчадзтва такім шматлікім, як зоркі на небе і як пясок пясок на беразе мора» (Быцьцё 22:17). Ілюструе гэтыя словы марка Ізраіля. На карціне, намаляванай мастаком Эфраімам Мошэ Ліліенам, Абрагам заглядзеўся на зоркі — сымбаль мноства яго патомства. На прывесцы цытата з Бібліі на габрэйскай і ангельскай мовах: «…і дам табе нашчадзтва такім шматлікім, як зоркі на небе…» (Быцьцё 22:17).
Гара, дзе адбылося Зьвязваньне Ісаака, называецца Морыя. На гэтай гары быў пабудаваны царом Саламонам па загаду Божаму Ерусалімскі Храм.
На месцы Храма Саламона паміж 687 і 691 гадамі 9-м халіфам Абд аль-Малікам пабудаваны Купал Скалы — ісламская Сьвятыня ў Ерусаліме. Скала ў цэнтры Купалу лічыцца мусульманамі месцам, зь якога Мухамед узьнёсься праз нябёсы да Бога ў суправаджэньні Анёла Гаўрыіла, а таксама тут стаяў Каўчэг Запавету ў часы першага Храма і зь якога, па габрэйскай традыцыі, пачалося Стварэньне сьвету.
Айцы касьцёла бачаць у сюжэце «Ахвярапрынашэньне Ісаака» прароцтва пакут і ўваскрэсеньня Хрыста. У сярэднявечнай «Бібліі бедных» прыводзілася такое параўнаньне: Ісаак гэтак жа, як Ісус Хрыстос, пакорліва ішоў на месца ахвяры. Як Ісус Хрыстос нёс на сабе крыж, так і Ісаак на сабе нёс дровы для ахвярапрынашэньня.
Абрагам і Сарра дажылі да глыбокай старасьці. Сарра памерла ва ўзросьце 127 гадоў у Кірыят-Арбе (Кір'ят-Арбе) каля Хэўрона і была пахаваная Абрагамам у пячоры Махпела («Падвойная пячора») у Хэўроне. Абрагам купіў гэта месца ў Эфрона за 400 шэкеляў срэбра. Абрагам памёр ва ўзросьце 175 гадоў і быў пахаваны ў пячоры Махпела яго сынамі Ісаакам і Ізмаілам.
Пячора Махпела — склеп Патрыярхаў у Хэўроне, у якім, паводле Бібліі, пахаваныя Абрагам, Сарра, Ісаак, Рэбэка, Якаў і яго жонка Лія. Згодна з габрэйскай традыцыяй, тут таксама спачываюць целы Адама і Евы. У юдаізме шануецца як другое па сьвятасьці месца пасьля Храмавай горы, таксама шануецца хрысьціянамі і мусульманамі.
Магчыма ў цяперашні час да Абрагама адносіліся б, як да грэшніка. Але ацэньваць асобу трэба ва ўсёй паўнаце. Уся 4 глава Пасланьня да Рымлянаў прысьвечана Абрагаму, як прыклад, што чалавек можа стаць праведны перад Богам толькі па веры, а не па справах. «Калі Абрагам апраўдаўся дзеямі, ён мае пахвалу, але не перад Богам. Бо што кажа Пісаньне? «Паверыў Абрагам Богу, і гэта залічылася яму ў праведнасьць» (Да Рымлянаў 4:2,3). «Так і Давід называе шчасным чалавека, якому Бог залічвае праведнасьць незалежна ад дзеяў: «дабрашчасныя, каму беззаконьні дараваныя і чые грахі пакрытыя; дабрашчасны той чалавек, якому Гасподзь не залічыць грэху»» (Да Рымлянаў 4:6—8).
Спрэчка Абрагама з Богам аб Садоме
Вось, у чым была беззаконнасьць Садомы, сястры тваёй і дачок яе: у ганарлівасьці, перасычанасьці і гультайстве, і яна рук беднага і ўбогага не падтрымлівала, І заганарыліся яны і рабілі мярзоты перад абліччам Маім, і, убачыўшы гэта, Я адкінуў іх. (Езэкііль 16:49,50)
Прайшло каля 400 гадоў пасьля сусьветнага патопу, калі адбылася катастрофа чатырох гарадоў: Садом, Гамора, Адма і Севаім былі зьнішчаны агнём зь неба. Чалавечае правасудзьдзе ў гэтых гарадах было бясьсільна перад злачыннасьцю і распустай, і, як гэта бывае ў такіх выпадках, у справу ўступіла правасудзьдзе Боскае.
Калі Бог паведаміў Ною пра патоп і загадаў яму будаваць каўчэг, Ной моўчкі выканаў гэта загад. Але не так паступіў Абрагам, калі даведаўся аб маючым адбыцца зьнішчэньні Садомы.
Гэта першы выпадак спору чалавека з Богам, які стаў характэрнай рысай юдаізму.
Глава 19 Кнігі Быцьця апавядае аб двух Анёлах, якія пад выглядам людзей наведваюць Садому. Пляменьнік Абрагама Лот сядзеў каля брамы Садомы. Ён пакланіўся падарожнікам да зямлі і запрасіў іх у дом. Неўзабаве жыхары Садомы атачылі дом Лота і патрабавалі аддаць ім падарожнікаў. Лот прасіў іх не рабіць зла і гатовы быў аддаць натоўпу на гвалтаваньне сваіх дачок. Анёлы ўразілі натоўп сьлепатой і тыя не маглі выканаць свой злочын.
«І падышоў Абрагам і сказаў: няўжо ты загубіш праведнага зь бязбожным? магчыма, ёсьць у гэтым горадзе пяцьдзесят праведнікаў? няўжо Ты загубіш і не пашкадуеш месца гэтага дзеля пяцідзесяці праведнікаў? ня можа быць, каб Ты зрабіў так, каб Ты загубіў праведнага зь бязбожным, каб тое самае было з праведнікам, што і зь бязбожнікам, ня можа быць ад Цябе! Ці ж Судзьдзя ўсёй зямлі ўчыніць неправасудна?» (Быцьцё 18:23—25).
Падобна Абрагам бараніў і злачынцаў, бо іначай ён прасіў бы літасьці толькі для добрых людзей. Але ён прасіў зьберагчы ўсіх. Абрагам кажа: даруй усё месца дзеля праведнікаў у ім. Такім чынам, згодна з канцэпцыяй Абрагама, праведнік павінен не проста выратавацца сам; наяўнасьць праведнікаў ратуе горад.
Сьледам за Абрагамам юдаізм лічыць легітымным абмяркоўваць справядлівасьць ці несправядлівасьць дзеяньняў Усявышняга; больш за тое, кніга Ёва спэцыяльна прысьвечана гэтай тэме. Але падобныя пытаньні будуць канструктыўнымі, калі чалавек задае іх, каб умацаваць сваю сувязь з Богам. Наадварот, яны стануць дэструктыўнымі, калі яны выкарыстоўваюцца як падстава для разрыву гэтай сувязі. Габрэі лічаць, што спрэчка Абрагама з Богам аб Садоме — шлях набліжэньня да Бога, а не аддаленьня.
У Садоме не знайшлося праведнікаў, акрамя Лота, і лёс горада быў вырашаны.
«Калі ўзышла зара, анёлы пачалі прысьпешваць Лота, кажучы: устань, вазьмі жонку тваю і дзьвюх дачок тваіх, якія ў цябе, каб не загінуць табе за беззаконьні горада.
І як што ён марудзіў, дык мужы тыя, зь літасьці да яго Гасподняй, узялі за руку яго і жонку і дзьвюх дачок ягоных, і вывелі яго, і паставілі яго па-за горадам» (Быцьцё 19:15,16).
Анёлы настойліва выводзяць сям’ю Лота далей ад горада, які ўжо палае. І ўжо ў такой сытуацыі, калі горад гіне і выратаваць яго нельга, Анёлы загадваюць: «не азірацца». Гэтая забарона застаецца загадкай. Адна васьмідзесяцігадовая жанчына пры агучваньні гэтай загадкі гідам сказала: «Хіба вам незразумела? Калі вы ўвесь час аглядваецеся назад, вы становіцеся неарганічнымі». «А жонка Лотава за ім азірнулася і зрабілася саляным слупам» (Быцьцё 19:26).
На трагедыю жонкі Лота паэтка Ахматава адгукнулася вершам:
«Праведнік верыў пасланьнікам Бога,
Вялікі і сьветлы, ён мусіў цярпець.
А жонку мацней ахапляла трывога:
Ня позна яшчэ,
можаш хоць паглядзець
На вежы і любыя месцы Садома,
Дзе песьні сьпявала,
да крыніцы хадзіла,
На вокна пустыя сямейнага дома,
Дзе любаму мужу дзяцей нарадзіла.
І глянула.
Тут жа скавана нястрымнай больлю
І вочы ўжо болей глядзець не маглі,
Зрабілася цела празрыстаю сольлю,
А хуткія ногі да скал прырасьлі.
Ці гэту жанчыну аплакваць хто будзе?
Ці большая гэта за тысячы страт?
Хай сэрца маё яе боль не забудзе,
Што жыцьцё аддала
за погляд назад».
Верш Ахматавай «Лотава жонка» (1922—1924). (Пераклаў Л. К.)
Вунь там удалечыні, жонка Лота ўжо стала слупам з солі, таму што азірнулася на родны горад і дом… А Лот і дзьве дачкі, пасьля таго як іх папярэдзілі пасланцы самога Бога, узялі самае неабходнае і сыходзяць. Іх папярэдзілі і таму Дзюрэр намаляваў, што яны не бягуць голыя або напаўголыя, як нярэдка традыцыйна пісалі гэтую сцэну іншыя аўтары.
Лотава жонка сымбалізуе чалавека, які ня здолеў своечасова зрабіць правільны духоўны выбар і які вагаецца паміж каштоўнасьцямі зямнога і нябеснага быцьця. Трансфармацыя зла ў дабро — праграма нашага будучага. Самотны салянай слуп каля Мёртвага мора — гэта душа жонкі Лота. Сотні стагодзьдзяў жывёлы прыходзяць і зьлізваюць з гэтай «статуі» соль. У гэтым і складаецца яе выпраўленьне. Ерусалімскі Талмуд піша, што так будзе працягвацца да ўваскрашэньня мёртвых. І тады ажыве і статуя, якая сымбалізавала духоўную сьлепату — стане відушчым і абудзіцца да вечнага жыцьця. Гэта наказ і нам: калі Гасподзь ратуе нас ад граху, трэба ўцякаць ад яго, не азірацца, не затрымлівацца і не шкадаваць пра яго. Аб гэтым напамінае Эвангеліст Лукаш: «Але ў дзень, калі Лот выйшаў з Садомы, праліўся зь неба дождж агнявы і серны і вынішчыў усіх: так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы адкрыецца. У той дзень, хто будзе на даху, а рэчы ягоныя ў доме, той ня сыходзь узяць іх; і хто будзе на полі, таксама не вяртайся назад; успамінайце жонку Лотаву» (Паводле Лукаша 17:29—32).
Пасьля катастрофы Лот і яго дачкі схаваліся ў горадзе Сігор.
Але на іх не глядзелі, як на ўратаваных, а як на адзіных жыхароў праклятага горада, і ніхто не хацеў ажаніцца на дачках Лота. Тады, выйшаўшы з Сігора, Лот пасяліўся ў пячоры пад гарой разам са сваімі дачкамі.
Карціна Веранэзе нясе шмат інфармацыі. У далечыні палае Садома, маленькая белая фігурка на дарозе — жонка Лота, якая пераўтварылася ў соль, дачкі бягуць уперадзе, за імі ледзьве пасьпявае забіты горам Лот. Ня пярэднім пляне Лот з дачкамі, хіба, прыселі паабедаць. Але нешта павінна здарыцца, бо ў правым куце гуляюць два амуры і адзін зь іх чамусьці ў масцы…
Спалоханы стары бацька яшчэ не зусім разумее, што адбываецца. Але яго вочы, гэта вочы загнанага ў кут чалавека, які ведае што ён нікуды не дзенецца. А гэта яго нявінныя дачкі намагаюцца ўвесьці яго ў грэх, ахвяруючыся дзеля аднаўленьня племені.
Дачкі, якія засталіся без мужоў, вырашылі напаіць свайго бацьку і пераспаць зь ім, каб нарадзіць ад яго нашчадкаў і аднавіць сваё племя, у адпаведнасьці з старазапаветным прадстаўленьнем аб родавай бесьсьмяротнасьці. «І сказала старэйшая малодшай: бацька наш стары, і няма чалавека на зямлі, каб увайшоў да нас паводле звычаю ўсёй зямлі…» (Быцьцё 19:31).
Спачатку так паступіла старэйшая, на наступны дзень — малодшая; абедзьве зацяжаралі ад свайго бацькі. Лісічка, якая стаіць справа ў глыбіні, сымбалізуе хітрасьць дачок. Каля лісічкі, ператвораная ў такі вось, як дрэва, саляны слуп, жонка Лота. Правей палае Садома.
Чаму ў гэтай трагічнай гісторыі зьнішчэньня гарадоў мастакі выбіралі эпізод, калі дочкі вырашылі зацяжарыць ад свайго бацькі? Можа мастакам хацелася зьвярнуцца да далікатнай тэмы з голымі дзяўчынамі, а Біблія давала ім набожнае апраўданьне?
У інтэрпрэтацыі Ота Дыксам біблейскай гісторыі Лота, разбураны і спалены горад Дрэздэн становіцца цэнтральным фонам маральнай дылемы, з якой сутыкаюцца Лот і яго дачкі.
Старэйшая дачка нарадзіла сына, названага Маавам (імя азначае «ад бацькі»). Ён стаў родапачынальнікам маавіцянаў — шматлікага народа, што жыў на ўсходзе Ярдана. Ад другой дачкі нарадзіўся Амон («сын майго народа»), бацька аманіцянаў. Гэтыя народы былі ідалапаклонцамі і вызначыліся ў гісторыі асаблівай жорсткасьцю, бессаромнасьцю і разбэшчанасьцю нораваў. А Маавіцяне яшчэ і выключнай нянавісьцю да народу Ізраіля. Але габрэйскія мудрацы ўбачылі тут намёк на двух вялікіх жанчын з Бібліі: на Маавіцянку Рут, гісторыя якой апісана ў аднайменнай Кнізе Бібліі, і Аманіцянку Нааму. Аманіцянка Наама стала жонкай цара Саламона і маці цара Юдэі Раваама. Рут далучылася да габрэйскага народу і, стаўшы жонкаю Ваоза, нарадзіла яму сына Авіда, у якога, у сваю чаргу, нарадзіўся сын Эсэй, будучы бацька Давіда. Такім чынам, Рут Маавіцянка, якая вядзе сваё паходжаньне ад старэйшай дачкі Лота, была прабабуляй цара Давіда. Атрымалася, што ў выніку падзей у Садоме «знайшоўся» Давід, які стаў не толькі родапачынальнікам царскай дынастыі, але і роду Мэсіі-Збавіцеля.
Вось чаму Біблію трэба чытаць да канца.
Рэбэка
…ад Госпада прыйшла гэтая дзея… (Быцьцё 24:50)
У Сьвятым пісьме неаднаразова падкрэсьліваецца вялікае значэньне шлюбу і сямейнага жыцьця. Біблейныя шлюбныя сувязі даюць прыгожыя прыклады ўдалых шлюбаў.
Абставіны ўступленьня Рэбэкі ў шлюб з Ісаакам і іншыя выпадкі з яе жыцьця займаюць адну з самых прыгожых і кранальных старонак Бібліі.
У Кнізе «Быцьцё» падрабязна апісваецца заклапочанасьць Абрагама і Сарры пошукам жонкі для іх сына Ісаака. Бацькі ня хочуць мець нявестку з паганскага роду. І Абрагам пасылае свайго слугу Эліязэра ў Мэсапатамію, дзе ў горадзе Нахора ён павінен знайсьці жонку Ісааку: «Гасподзь, Бог неба […]. Ён пашле анёла Свайго перад табою, і ты возьмеш жонку сыну майму адтуль…» (Быцьцё 24:7).
Прарабіўшы доўгі шлях з Ханаана, Эліязэр узмаліў Бога пазначыць яму жонку для Ісаака з тых дзяўчат, у якіх ён папросіць вады, і якая зь іх таксама прапануе ваду і для яго вярблюдаў.
Адказ не замарудзіў. «Яшчэ не перастаў ён гаварыць, і вось, выйшла Рэбэка, якая нарадзілася ад Ватуіла, сына Мілкі, жонкі Нахора, брата Абрагамавага, і збанок яе на плячы ў яе…» (Быцьцё 24:15).
Дарэчы, імя Эліязэр значыць «Бог бацькі майго быў мне дапамогай».
«І пабег раб насустрач ёй і сказаў: дай мне выпіць крыху вады са збанка твайго. Яна сказала: пі, гаспадару мой. І адразу апусьціла збанок свой на руку сваю і напаіла яго. І, калі напаіла яго, сказала: я пачну чэрпаць і вярблюдам тваім, пакуль не нап'юцца ўсе» (Быцьцё 24:17—19).
На маляўнічым блёку Мікранэзіі ўсё адпавядае біблейскаму апавяданьню: Рэбэка з збаном вады, Эліязэр з вярблюдам і Анёл, які сьпяшаецца на дапамогу.
Сустрэча Эліязэра з Рэбэкай стала папулярнай у мастакоў.
Біблейская сцэна, напісаная Джавані Пьяцета нагадвае пастырскую ідылію, слуга Абрагама Эліязэр сустракае Рэбэку ля студні. Яна прапануе яму ваду, а потым непрыкметна прымае падарункі, якія Абрагам паслаў разам з Эліязэрам для сваёй будучай нявесткі. Джавані Пьяцета акцэнтаваў наступны момант біблейскай гісторыі, калі Элзіязэр падарыў Рэбэцы завушніцы і запясьці, тым самым паведаміўшы ёй волю Бога на яе шлюб з Ісаакам.
«Яна сказала: пі, гаспадару мой. І адразу апусьціла збанок свой на руку сваю і напаіла яго. І, калі напаіла яго, сказала: я пачну чэрпаць і вярблюдам тваім, пакуль не нап'юцца ўсе» (Быцьцё 24:18,19).
Эліязэр пакланіўся Богу, Які прывёў яго да патрэбнага месца. У доме, дзе жыла Рэбэка, Эліязэр распавёў пра жыцьцё Абрагама і навошта ён прыйшоў.
«І паклікалі Рэбэку і сказалі ёй: ці пойдзеш з гэтым чалавекам? Яна сказала: пайду. І пусьцілі Рэбэку, сястру сваю, і карміцельку яе, і раба Абрагамавага, і людзей ягоных. І дабраславілі Рэбэку і сказалі ёй: сястра наша, хай родзяцца ад цябе тысячы тысяч, і хай валодаюць нашчадкі твае жытлішчамі ворагаў тваіх…» (Быцьцё 24:58—60). Эліязэр зрабіў усім багатыя падарункі і на наступны дзень Павёз яе да Абрагама і Ісаака.
Дома іх чакаў Ісаак. З першай сустрэчы яны пакахалі адзін аднаго.
«Габрэйская нявеста» — адна з апошніх і самых загадкавых карцін Рэмбрандта. Адзеньне персанажаў падобнае на старадаўнюю, біблейскую, таму ў якасьці назвы прапаноўваліся «Артаксеркс і Эсфір», «Якаў і Рахіль», «Абрам і Сарра», «Ваоз і Рут». Але канчаткова абрана была назва «Ісаак і Рэбэка». «Габрэйская нявеста», лірычная і рамантычная, пяшчотная і загадкавая, паказвае ўсяго толькі адносіны сямейнай пары, поўныя пачуцьця і ласкі.
Вінцэнт Ван Гог казаў, што аддаў бы дзесяць гадоў свайго жыцьця за магчымасьць праседзець два тыдні перад гэтай карцінай з адным толькі боханам хлеба.
Сустрэўшы Рэбэку, Ісаак ажаніўся на ёй. Атрымаўшы каханую жонку, суцешыўся Ісаак у смутку па сваёй маці (Быцьцё 24). Рэбэка выйшла замуж за Ісаака і тры цуду, якія адбыліся пры жыцьці Сарры, былі адноўленыя. Калі Рэбэка запальвала сьвечкі ў пятніцу ўвечары, то яны гарэлі цэлы тыдзень; хлеб, які яна пякла, заставаўся сьвежым ад тыдня да тыдня; і воблака славы парыла над яе шатром.
Сюжэт наступнай карціны нагадвае Біблейскую гісторыю.
Быў голад і Ісаак перасяліўся ў царства Авімэлэха, цара Філістымскага, у Герар.
«Жыхары месца таго спыталіся пра жонку ягоную, і ён сказаў: „гэта сястра мая“, бо баяўся сказаць: „жонка мая“, каб не забілі мяне, думаў ён, жыхары месца гэтага за Рэбэку, бо яна прыгожая з выгляду. Але калі ўжо шмат часу ён там пражыў, Авімэлэх, цар Філістымскі, паглядзеў у акно, убачыў, што Ісаак гуляе з Рэбэкаю, жонкаю сваёю. І паклікаў Авімэлэх Ісаака і сказаў: вось, гэта жонка твая: як жа ты сказаў: яна сястра мая? Ісаак сказаў яму: бо я думаў, каб жа не памерці мне дзеля яе. Але Авімэлэх сказаў: што гэта ты зрабіў з намі? адзін з народу ледзь не злучыўся з жонкаю тваёю, і ты ўвёў бы нас у грэх. І даў Авімэлэх загад усяму народу, сказаўшы: хто кране гэтага чалавека і жонку ягоную, той аддадзены будзе сьмерці» (Быцьцё 26:7—11).
Сказаныя Рэбэцы словы на дарогу, калі яна адпраўлялася з бацькоўскага дома ў дом Ісаака, «сястра наша, хай родзяцца ад цябе тысячы тысяч» (Быцьцё 24:60), да гэтага часу паўтараюцца рабінамі нявестам на габрэйскіх вясельлях.
Падман
…дык, зграшыўшы і зрабіўшыся вінаватым, ён павінен аддаць узятае, што ўкраў… (Лявіт 6:4)
Ісаак і Рэбэка мелі двух сыноў-блізьнюкоў. Першым нарадзіўся Ісаў. «Потым выйшаў брат ягоны, трымаючыся рукою сваёю за пяту Ісава; і дадзена яму імя: Якаў. Дзеці вырасьлі; і стаў Ісаў чалавекам спрытным у ловах зьвера, чалавекам палёў; а Якаў чалавекам рахманым, жыхаром намётаў. Ісаак любіў Ісава, бо дзічына была да смаку яму; а Рэбэка любіла Якава» (Быцьцё 25:26—28).
І здарылася адна з тых «брыдкіх» гісторый, якімі мае шмат Сьвятое Пісаньне. Аднойчы, калі стомлены і галодны Ісаў вярнуўся дадому, ён убачыў, што Якаў зварыў чырвоную сачыўку, і папрасіў у брата трохі гэтай сачыўкі. «А што ты мне дасі наўзамен, калі я дам табе сачыўкі? Прадай мне цяпер жа сваё першародзтва» (Быцьцё 25:31). Відавочна, паляваньне ў гэты дзень у Ісава не была пасьпяховым і ня было чым заплаціць брату за страву. Ісаў у адказ засьмяяўся — і толькі?! Ён быў малады і рашучы, удачлівы ў паляваньні і ва ўсіх справах; ён не сумняваўся, што заўсёды зможа здабыць сабе пражытак і жыць на тое, што здабудзе сам, і няма ў яго неабходнасьці чакаць бацькоўскай спадчыны, і бацька яшчэ здаровы і паміраць не зьбіраецца… А цяпер ён жудасна галодны… Ды прападзі яно — гэта права першародзтва! І Ісаў прадаў сваё права першародзтва брату за міску чырвонай сачавічнай поліўкі. Пра гэты выпадак ведала Рэбэка і яна яго выкарыстала разам з Якавам, калі надышоў час дабраслаўленьня. Рэбэка вырашыла падмануць мужа і зрабіць спадчыньнікам любімага сына — Якава.
Стары, сьляпы і нямоглы Ісаак паклікаў Ісава і папрасіў яго згатаваць бацьку добры абед з дзічыны і тады ён атрымае бацькоўскае бласлаўленьне. А Рэбэка паклікала Якава і загадала яму як мага хутчэй прынесьці двух маладых ягнят з бліжэйшага статка, хутка прыгатавала зь іх страву, якую хацелася зьесьці Ісааку, і загадала Якаву аднесьці гэтую страву бацьку, і сказаць, што ён — Ісаў, які прыйшоў з паляваньня і падрыхтаваў любімую страву бацькі. Якаў спалохаўся і «сказаў Рэбэцы, маці сваёй: Ісаў, брат мой, чалавек касматы, а я чалавек гладкі; можа стацца, абмацае мяне бацька мой, і я буду ў вачах у яго ашуканец і навяду на сябе праклён, а не дабраславеньне. Маці ягоная сказала яму: на мне хай будзе праклён твой…» (Быцьцё 27:11—13). «Не бойся, сынок» — сказала Рэбэка — «мы апранем цябе ў вопратку Ісава, а рукі і шыю абгорнем скурай казьлянят: бацька памацае, і паверыць, што гэта валасатыя рукі і шыя Ісава».
На карціне Гаверта Флінка намаляваны момант падману Якавым сьляпога бацькі. Падбадзёрваны маткаю, ён атрымлівае дабраславеньне, а разам з тым і спадчыну, ад паміраючага Ісаака.
Якаў стаіць на каленях ля ложка свайго сьляпога бацькі Ісаака пад пільным вокам маці Рэбэкі, калі ён атрымлівае дабраславеньне замест брата Ісава. Якаў апрануты ў «лепшую куртку» свайго старэйшага брата (якая занадта вялікая), а яго рукі і шыя пакрытыя казінай шкурай. На сьпіне ў яго паляўнічы калчан са стрэламі, але на падлозе ляжыць лук, цеціва якога аслаблена, што паказвае на тое, што ён не паляўнічы. На бакавым століку, пакрытым дываном, нацюрморт з сурвэткай, сальніца і пляшка з віном. Гэта смачная казьляціна нібы прыгатаваная Якавам. Прадмет на стале — збан Амстэрдамскай гільдыі срэбных спраў майстроў, які адпавядае бацькоўскай тэме. Бацька Ван Экхаута быў членам Гільдыі срэбных спраў майстроў і збан мог быць адным зь яго твораў.
Пазьней Якава дабраславіў Бог, нягледзячы, што той быў хітры. Чаму? Інтрыган Якаў меў дзьве адкупляльныя якасьці. У атрыманай спадчыне ён цаніў духоўнае дабраславеньне і ведаў сілу малітвы. Падман Рэбэкі і Якава ўдаўся! Але ўсё далейшае жыцьцё Якаў вымушаны быў расплачвацца за гэты падман.
Загадкавы сон Якава
І калі мы не спасьціглі таямніцу Пісаньня, то які быў сэнс у тым, што ён выліў алей на камень? Яўсевій Сафроній Еранім
Пазьбягаючы помсты брата Ісава, які выказаў сваё жаданьне яго забіць, Якаў, па радзе сваёй маці Рэбэкі, павінен быў уцякаць і пераадолець доўгі шлях у Мэсапатамію. Ён меў з сабой толькі адзін дарожны посах, а галаву для сну схіляў на камянях. Дайшоўшы да Харану, што на паграніччу сучасных Турцыі і Сірыі, змучаны, затрымаўся на начлег. І тут пачынаецца шэраг загадак. Якаў знайшоў пляскаты камень і паклаў яго сабе замест падушкі. Далей Якаву сьніцца загадкавы сон.
Бачыць ён у сьне лесьвіцу ад зямлі да неба, а па ёй спускаюцца і падымаюцца Божыя анёлы. «І вось, Гасподзь стаіць на ёй і кажа: Я Гасподзь, Бог Абрагама, бацькі твайго, і Бог Ісаака. Зямлю, на якой ты ляжыш, Я дам табе і нашчадкам тваім; і будуць нашчадкі твае, як пясок зямны; і пашырышся да мора і на ўсход, і на поўнач і на поўдзень; і дабраславяцца ў табе і ў семені тваім усе плямёны зямныя: і вось, Я з табою; і захаваю цябе ўсюды, куды ні пойдзеш; і вярну цябе ў гэтую зямлю; бо Я не пакіну цябе, пакуль ня выканаю таго, што Я сказаў табе» (Быцьцё 28:13—15).
Так Якаў атрымаў пацьверджаньне абяцаньня, якое раней дадзена было Абрагаму і Ісааку.
Многіх мастакоў натхніў на працу загадкавы сон Якава.
У 1990 годзе ў Тэль-Авіве адбылася выстава «Дзеці і моладзь малююць Біблію». Малюнкі зь якой сталі зьместам сэрыі марак.
На лілова-бэзавым фоне, які згушчаецца да цёмна-фіялетавага, Шагал зьмясьціў знакамітую лесьвіцу Якава. Якаў бачыць у сьне анёлаў, якія падымаюцца і спускаюцца па лесьвіцы, сымбалізуючы яго шматлікіх нашчадкаў. Анёлы танчаць, як акрабаты, вакол лесьвіцы, нагадваючы цырк, які любіў Шагал, і падкрэсьліваючы «сваяцтва» сакральных і мірскіх сюжэтаў.
У правай частцы палатна, якая не разьмешчана на марцы, Шагал адлюстраваў Серафіма, які трымае Мэнору. За крылатым Серафімам Шагал адлюстроўвае ўкрыжаванага Хрыста, і гэта не выпадкова. У сярэднія стагодзьдзі сон Якава атаясамляўся з узьнясеньнем Хрыста.
Да гэтага сымбалічнага сну зьвяртае ўвагу сваіх вучняў Ісус Хрыстос на пачатку Сваёй грамадзкай дзейнасьці: «… ад сёньня будзеце бачыць неба адчыненае і анёлаў Божых, якія ўзыходзяць і сыходзяць да Сына Чалавечага» (Паводле Яна 1:51).
Існуе многа варыянтаў тлумачэньня загадкавага сну Якава. Мне падабаецца хіба самы просты і зразумелы. Лесьвіца — гэта сымбаль сувязі чалавека з Богам. Бог сыходзіць да кожнага з нас, дзе б ты ня быў і які б ты ня быў, і заклікае да выкананьня тваёй місіі, пракладае дарогу да Сябе і дапаможа па ёй падняцца, калі ты прыкладзеш да гэтага намаганьні.
«Якаў прачнуўся са сну свайго і сказаў: сапраўды Гасподзь прысутны на месцы гэтым; а я ня ведаў. І спалохаўся я і сказаў: якое страшнае месца гэтае! гэта ня што іншае, як дом Божы, гэта — брама нябесная. І ўстаў Якаў з самае раніцы, і ўзяў камень, які ён паклаў сабе пад галаву, і паставіў яго як помнік, і выліў алей на верх яго. І даў імя месцу таму: Бэт-Эль: а ранейшае імя таго горада было: Луз» (Быцьцё 28:16—19).
Дзіўны вокліч Якава: «сапраўды Гасподзь прысутны на месцы гэтым; а я ня ведаў». Як і ў выпадку з Агар. Мы не распазнаем блізкасьць Госпада да кожнага з нас, самі выдаляемся ад яго сваім неадчуваньнем Яго любові і зноў набліжаемся да яго, абнятыя Яго клопатам і ласкай.
Якаў на службе ў Лавана
Ратуючыся ад гневу брата-блізьнюка, Якаў адпраўляецца ў Харран (у Мэсапатаміі) да свайго дзядзькі Лавана, дзе сустракае Рахіль. «Калі Якаў убачыў Рахіль, дачку Лавана, брата маці сваёй, дык падышоў Якаў, адваліў камень ад вусьця калодзежа і напаіў авечкі Лавана, брата маці сваёй» (Быцьцё 29:10).
У многіх краінах, у тым ліку ў Ізраілі, можна замовіць асабістыя паштовыя маркі. Гэта прыклад такой пэрсанальнай маркі на заказ з малюнкам з Бібліі Піліпа Медхерста.
Якаў палюбіў малодшую дачку Лавана прыгажуню Рахіль і, каб атрымаць яе ў жонкі, працаваў на Лавана 7 гадоў. Але Лаван падманам даў яму ў жонкі Лію, старэйшую дачку, якая Якаву не падабалася. Падмен нявесты магчымы дзякуючы звычаю ўводзіць маладых у шлюбны пакой пад покрывам. Каб ажаніцца на Рахіль, Якаў згадзіўся працаваць на Лавана яшчэ 7 гадоў, але палічыў справядлівым перахітрыць Лавана. Ён папрасіў у пасаг для сваіх жонак авечак і коз з плямкамі і пярэсьцінамі. Большасьць жывёл было белых, і Лаван з радасьцю пагадзіўся.
«І ўзяў Якаў сьвежых дубцоў таполевых, міндальных і яваравых, і выразаў на іх белыя палосы, акарыўшы да белага, якое на дубцах; і паклаў дубцы з нарэзкаю перад быдлам у вадапойных кадаўбах, зь якіх быдла прыходзіла паіцца, зачынала перад дубцамі. І зачынала быдла перад дубцамі, і нараджалася быдла пярэстае, і з плямкамі, і зь пярэсьцінамі» (Быцьцё 30:37—39).
Якаў адпачывае пад дрэвам.
У вадзе ляжаць драўляныя дубцы, вычышчаныя ад кары. Якаў будзе паіць авечак вадою, настоянай на гэтых дубцах. Праз некаторы час большасьць статка стала «з плямкамі і зь пярэсьцінамі і чорных». Большасьць статка стала ўласнасьцю Якава і ён стаў багатым. Якаў вырашыў, што настаў час, каб памірыцца з братам. Для гэтага трэба было ўсёй сям'ёй вярнуцца на радзіму.
У Рахілі доўга не было дзяцей. Але малітва Рахілі была пачута. «Яна зачала і нарадзіла сына, і сказала: зьняў Бог ганьбу маю. І дала яму імя Язэп, сказаўшы: Гасподзь дасьць мне і другога сына» (Быцьцё 30:23,24).
Пасьля нараджэньня Язэпа Якаў рушыў ў Ханаан.
Загадкавае змаганьне Якава
І сказаў: ад сёньня імя тваё будзе ня Якаў, а Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам, і людзей адольваць будзеш. (Быцьцё 32:28)
Ад двух дачок Лавана і ад іх двух служанак у Якава нарадзіліся дванаццаць сыноў, родапачынальнікаў дванаццаці плямёнаў Ізраілявых, і дачка. Пасьля доўгіх гадоў службы ў Лавана Якаў разам з усім сваім нашчадствам вырашае вярнуцца дадому. Якаў вельмі баіцца сустрэчы з сваім братам, але і марыць аб прымірэньні і моліць аб гэтым Бога. Астанавіўшыся на начлег з жонкамі, дзецьмі, рабамі і быдлам, перавёў усіх праз паток. «І застаўся Якаў адзін.
І змагаўся Нехта зь ім, пакуль настала зара; і ўбачыўшы, што не адольвае яго, крануўся суглоба сьцягна ягонага і пашкодзіў суглоб сьцягна ў Якава, калі ён змагаўся зь Ім. І сказаў: пусьці Мяне, бо ўзышла зара. Якаў сказаў: ня пушчу Цябе, пакуль не дабраславіш мяне. І сказаў: як імя тваё? Ён сказаў: Якаў. І сказаў: ад сёньня імя тваё будзе ня Якаў, а Ізраіль, бо ты змагаўся з Богам, і людзей адольваць будзеш» (Быцьцё 32:24—28). Што гэта за загадкавы бой? У Кнізе Прарока Асіі ёсьць такія словы аб гэтым начным бою: «Яшчэ ў чэраве ў маці запыняў ён брата свайго, а ўзмужнеўшы змагаўся з Богам. Ён змагаўся з Анёлам — і перамог; плакаў і благаў Яго; у Віфлееме Ён знайшоў нас і там гутарыў з намі» (Асія 12:3,4). Сам Бог сыходзіць да Якава ў вобразе Анёла, але чалавек на самай справе не ў стане цалкам зразумець сутнасьць Боскасьці.
Зьявіліся разнастайныя тлумачэньні гэтай сцэны. Бо зьдзіўленьне і ўнутраны супраціў выклікае сытуацыя, калі чалавек мае перавагу над Усемагутным Богам. Адно з самых распаўсюджаных, што Якаў такім чынам наблізіўся да Бога, праўдзіва зразумеў сваё прызначэньне. Ці не навяртае гэта падзея да загадкавага сну з лесьвіцай? Бог спусьціўся, каб падняць?
Згодна з царкоўнай традыцыяй, гэтая барацьба зьяўляецца сымбалям малітвы, барацьбы веры і перамогі настойлівасьці. Цяжкасьць змаганьня Сьвяты Аўгустын паясьняе наступным чынам: «тое, што атрымана з лёгкасьцю, людзі лёгка губляюць, і наадварот адбываецца з тым, што патрабуе працы і намаганьняў».
Бог прымусіў змагацца Якава з Анёлам. У асобе гэтага Анёла, гэта сам Гасподзь вёў бой і дазволіў Сябе трымаць не ад слабасьці, а з міласэрнасьці. У Патрыярха заплюшчаныя вочы, мы не бачым ягоных рук, мала намёкаў на тое, што ён вядзе драматычную барацьбу. Рука на шыі Якава можа счытвацца як жэст пяшчоты і клопату. Толькі левая рука Анёла, якая абапіраецца на сьцягно, нагадвае аб калецтве. Баявыя фігуры, разьмешчаныя на фоне пэйзажу, змагаюцца пад разгалістымі дрэвамі. Анёл не спрабаваў вырвацца з хваткі Якава, які пратрымаў Яго ўсю ноч, дамагаючыся дабраславеньня. Відаць, як напружаныя мышцы Якава, які спрабуе ўтрымаць Анёла, і як Анёл не стараецца выкарыстаць сваю сілу супраць Якава. Лязо кінутай дзіды накіравана ў бок патрыярха, што яшчэ больш падкрэсьлівае вастрыню канфлікту і накіроўвае погляд гледача ў цэнтар падзеі. Тазасьцегнавы сустаў будзе вывіхнуты, чалавек будзе адзначаны калецтвам, але ж яго патрабаваньне будзе выканана.
Змаганьне Якава з Анёлам ня першы прыклад непаслухмянасьці Богу. Абрагам без запярэчаньня гатовы ахвяраваць сына па загадзе Бога, але ўступае ў спор у выпадку з Садомам і Гаморай. Якаў змагаецца з Богам фізычна.
Выявы, якія адносяцца да адной і той жа падзеі, зьяўляюцца прыкладам індывідуальнага падыходу мастакоў да тэксту Бібліі.
Невядомы дабраславіў Якава і даў яму новае імя — Ізраіль («які змагаецца з Богам»). З таго часу імёны Якаў і Ізраіль сталі выкарыстоўвацца ў адносінах да Патрыярха і Габрэйскага народу, як узаемазамяняемыя.
Хіба кожны чалавек перажываў у сваім жыцьці этап барацьбы з Богам. Магчыма кожны з нас быў Якавам, які змагаўся ў цемры. Магчыма, барацьба суправаджалася нейкім блюзьнерскім пэрыядам. Хто з нас не меў такіх момантаў у жыцьці, што выкрыкваў Богу ўласнае бясьсільле, адчуваньне закінутасьці, тугі звыш сіл і горыч? Хаваем гэта ў сабе. Біблія паказвае шмат такіх пэрсанажаў: Якава, Ёва, сясьцёр Лазара. Вера не ёсьць спакойным ручаём, але ўнутранай спрэчкай чалавека пра сябе, свайго блізкага і свайго Бога. Мастакі рэагуюць на гэта сваімі творамі. Мастацтва — гэта запіс духоўнай сытуацыі. Не ёсьць гэта зразумелым, што да драбязі…
Ня гледзячы на ўсе хібы, у равіністычнай літаратуры прабацька Якаў разглядаецца як сымбаль габрэйскага народа, узор цноты і справядлівасьці. «Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супроць цябе, пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі сьпярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой» (Паводле Мацьвея 5:23,24).
Адбылася сустрэча Якава з Ісавам і яны цёпла і сардэчна разышліся, ня трымаючы зла.
«Якаў сказаў: не, калі я здабыў упадабаньне ў вачах тваіх, прымі дарунак мой з рукі маёй; бо я ўгледзеў аблічча тваё, як бы хто ўбачыў аблічча Божае, і ты быў прыхільны да мяне…» (Быцьцё 33:10).
Пад дубам каля Сіхему (Ханаан) Якаў зьнішчае ўсіх ідалаў, а ў Вэтылі, дзе яму зьявіўся Бог, ставіць Богу ахвярнік.
Магіла Рахілі
…як Рахіль і як Лію, якія абедзьве заснавалі дом Ізраілеў… (Рут 4:11)
Калі Рахіль, каханая жонка Якава, нараджала другога сына, Веньяміна, яна памерла. У Бібліі аб гэтым напісана так: «І памерла Рахіль, і пахавана на дарозе ў Эфрату, гэта значыцца, Віфлеем. Якаў паставіў над магілай яе помнік. Гэта магільны помнік Рахілі да гэтага дня» (Быцьцё 35:19,20). У габрэйскай традыцыі яна стала ўвасабленьнем любячай маці.
У 2013 годзе поштай Ізраілю выпушчана марка і канвэрт першага дня (КПД), прысьвечаныя Рахілі. На марцы намаляваная магіла Рахілі, гістарычны купальны будынак і сымбалічны партрэт Рахілі. На прывесцы маркі дэталь унутранай часткі грабніцы і надпіс на габрэйскай і англійскай мовах: «Рахіль плача па дзецях сваіх…» (Ерамія 31:15). На полі канвэрту малітоўная заля дабудаваная да магілы Рахілі і надпіс на габрэйскай і англійскай мовах: «Утрымай голас твой ад галашэньня і вочы твае ад сьлёз, бо ёсьць узнагарода за працу тваю, і вернуцца сыны твае ў межы свае» (Ерамія 31:16).
Грабніца Рахілі, Матрыарха габрэяў, была прызнана ў яе цяперашнім месцазнаходжаньні недалёка ад раёна Гіла, на мяжы паміж Ерусалімам і Віфлеемам, на працягу 1700 гадоў. У старажытнасьці тут было ўсталявана надмагільле, якое складалася з 12 камянёў, сымбалізуючых сыноў Якава. Пазьней быў узьведзены купал, які абапіраецца на чатыры калёны, а ў 17 стагодзьдзі грабніца Рахілі была пераўтвораная ў закрытае збудаваньне. У 1841 годзе сэр Мозэс Монтэфьёрэ прыбудаваў яшчэ адзін пакой да магілы Рахілі.
Калектыўная Габрэйская памяць пра Рахіль, Матрыярха, мае два аспэкты — асабісты і Нацыянальны. Першы — трагічная і сумная гісторыя яе жыцьця, апісаная ў Кнізе Быцьця. Другі — прароцтва Ераміі пра суцяшэньне, у якім Рахіль, Матрыярха, апісаная як маці, якая плача над сваімі сынамі, і як тая, чые крыкі разарвалі браму нябёсаў, і якая пасьля прывядзе на шлях да адкупленьня, да зьбіраньня выгнаньнікаў і да вяртаньня народа Ізраіля на сваю зямлю. Гэта аснова нацыянальнай габрэйскай ідэнтыфікацыі з Рахіль.
Мільёны габрэяў наведвалі гэтае месца на працягу пакаленьняў, молячыся і заклікаючы да Рахілі, Матрыярха, каб яна зьвярнулася да Бога з просьбай пра здароўе, плодзе чэрава, сродках да існаваньня, а таксама аб нацыянальным і агульным выратаваньні. Прастата гэтага месца зачароўвала мінакоў, качэўнікаў і паломнікаў на працягу многіх гадоў. Яны запісвалі апісаньне грабніцы, звычаяў месца і вопыту, які разьвіўся вакол яе, першапачаткова ў пісьмовай форме, а затым з дапамогай малюнкаў і фатаграфій. Грабніца адлюстроўваецца на працягу многіх гадоў у габрэйскім мастацтве, у сьвятых кнігах і на марках. Пра самую Рахіль напісаныя паданьні і легенды, вершы і богаслужбовыя тэксты, апавяданьні і п'есы. Імя Рахілі застаецца адным з найбольш папулярных габрэйскіх імёнаў, якім бацькі называюць сёньня сваіх дзяцей.
Дванаццаць сыноў Якава
Вось усе дванаццаць каленаў Ізраілевых; і вось, што сказаў ім бацька іхні; і дабраславіў іх, і даў ім дабраславеньне, кожнаму сваё. (Быцьцё 49:28)
Якаў, чыё імя ад часу змаганьня з Богам было Ізраіль, дачакаўся дванаццаці сыноў. Але ці была яго сям’я сапраўднай, ці была яна шчасьлівай?
Якаў любіў Рахіль, а Лія была «нелюбка». Убачыўшы гэта, Бог «адчыніў нутробу яе». Рахіль ж заставалася бясплоднай. Аднак Лія хацела не толькі дзіцяці, але і любові свайго мужа. Яна бачыла, зь якой пяшчотай Якаў зьвяртаецца да Рахілі, і ёй станавілася вельмі горка. І ўсё ж Лія не губляла надзеі заваяваць любоў мужа і нарадзіла яму сына. Яна назвала хлопчыка Рувім, што азначае «глядзі: сын», разважаючы такім чынам: «Гасподзь угледзеў маё гароцтва; бо цяпер будзе кахаць мяне муж мой» (Быцьцё 29:32). Але Якаў не палюбіў яе. Не палюбіў ён яе і тады, калі яна нарадзіла яму другога сына. Лія назвала сына Сымон, што азначае «чуе». Яна падумала «Гасподзь пачуў, што я нелюбка, і даў мне і гэтага» (Быцьцё 29:33).
Дванаццаць сыноў Якава паказала на марках, выдадзеных у 1973 годзе поштай Ізраілю. На іх рэпрадукцыя прыгожых вітражоў, выкананых Маркам Шагалам, габрэйскім мастаком, народжаным у Віцебску ў Беларусі. Знаходзяцца яны ў вокнах сынагогі ў Цэнтры Мэдычным у Айн Карэм на заходным прадмесьці Ерусаліма.
Першы вітраж ясна нябескага колеру прасьвечаны Рувіму, першароднаму сыну Якава. На версе запісана цытата з Кнігі Быцьця: «Рувім, першынец мой! ты бушаваў, як вада» (Быцьцё 49:3,4). Гэта намёк на гвалтоўны характар Рувіма.
Другі вітраж сіняга колеру прысьвечаны Сымону. Яго імя напісанае па-габрэйску ў памаранчавым коле ў версе з правага боку. У нізе цытата: «праклён гневу іхняму, бо ён жорсткі, і лютасьці іхняй, бо шалёная» (Быцьцё 49:7). Гэта намёк на крывавую помсту, якую зьдзейсьнілі Сымон і Левій за ганьбу іх сястры.
Бог «пачуў» Лію-гэта значыць, яна малілася пра сваё гора. Мяркуючы па ўсім, яна была верным чалавекам. Аднак яна не пазбавілася ад душэўнага болю, нават нарадзіўшы трэцяга сына. Лія дала яму імя Левій, што азначае «прыхільнасьць», патлумачыўшы: «вось цяпер прылепіцца да мяне муж мой, бо я нарадзіла яму трох сыноў (Быцьцё 29:34). Але пачуцьці Якава да яе не зьмяніліся. Верагодна, Лія зьмірылася з гэтым, паколькі ў імя яе чацьвёртага сына ўжо не гучыць надзея на тое, каб хоць неяк падпаліць сэрца Якава. Яна назвала гэтага сына Юда, што азначае «усхваляемы». Так Лія выказала сваю падзяку Богу, сказаўшы: «вось цяпер я праслаўлю Госпада» (Быцьцё 29:35).
Трэцяя яскраважоўтая марка прысьвечана Левію. Яго імя відаць над Зоркай Давіда. У нізе вылучаюцца дзьве табліцы Майсея з 10 Запаведзямі. Маісей, які паходзіў з калена Левія, атрымаў іх ад Бога на гары Сінай. Надпіс узяты з дабраславеньня Майсея: «вучаць законам Тваім Якава і запаведзям Тваім Ізраіля» (Другі закон 33:10). Чацьвёртая пурпуровая марка прысьвечана Юдзе. Яго імя над узьнесенымі да Бога рукамі. Надпіс гучыць: «Малады леў Юда, са здабычы, сыне мой, ты вяртаесься» (Быцьцё 49:9).
Лія працягвала пакутаваць, але і Рахілі было не лягчэй. Яна ўмольвала Якава: «дай мне дзяцей; а калі не, я паміраю» (Быцьцё 30:1). У Рахілі была любоў Якава, але яна хацела дзяцей. У Ліі былі дзеці, але яна хацела любові. Кожная прагнула таго, што было ў іншай, і ні адна не была шчасьлівая. Абедзьве любілі Якава і хацелі нарадзіць яму дзяцей. І тую, і іншую разьдзірала зайздрасьць. Якой няпростай была жыцьцё гэтай сям'і!
У тыя часы бясплодзьдзе было вялікім горам для жанчыны. Бог абяцаў Абрагаму, Ісааку і Якаву, што праз іх «нашчадкаў» дабраславяцца «усе народы зямныя» (Быцьцё 26:4). Але Рахіль была бясплоднай. Якаў лічыў, што толькі Бог можа даць Рахілі сыноў і толькі Ён можа даць ёй такія дабраславеньні. Аднак Рахілі не хапала цярпеньня. «Яна сказала: вось служанка мая Вала: увайдзі да яе; хай яна родзіць на калені мае, каб і я мела дзяцей ад яе» (Быцьцё 30:3).
Нам цяжка зразумець паводзіны Рахілі. Аднак са старажытных тэкстаў шлюбных дагавораў, знойдзеных на Блізкім Усходзе, відаць, што існуючы тады звычай дазваляў бясплоднай жанчыне аддаваць свайму мужу служанку, каб тая нарадзіла спадчыньніка. У некаторых выпадках дзеці служанкі разглядаліся як дзеці жонкі.
Калі Вала нарадзіла хлопчыка, Рахіль узрадавалася і ўсклікнула: «наканаваў мне Бог, і пачуў голас мой, і даў мне сына» (Быцьцё 30:6). Яна назвала яго Дан, што азначае «судзьдзя». Як відаць, яна таксама малілася аб сваім горы. Калі Вала нарадзіла другога сына, Напталіма, што азначае «мая барацьба», Рахіль сказала: «я з усіх сіл змагалася з сястрой і перамагла!» (Быцьцё 30:8).
Пятая нябескага колеру марка прысьвечана Дану. Пасярэдзіне намалёваны вуж, абвіты вакол падсьвечніка. Гэтым малюнкам Шагал ілюстраваў словы Якава аб Дане: «Дан будзе зьмеем на дарозе, асьпідам на шляху» (Быцьцё 49:17).
Шостая марка жоўтага колеру — вітраж Напталіма. Яго імя напісана ў правым верхнім куце. Ніжэй адпачывае касуля — спасылка на дабраславенства Якава Напталіму: «Напталім — вольная касуля» (Быцьцё 49:21).
Магчыма, даючы Валу Якаву, Рахіль думала, што дзейнічае ў згодзе са сваімі малітвамі, але Бог хацеў ёй даць дзяцей іншым шляхам. У гэтым урок для нас. Калі мы просім аб нечым Бога, то не павінны губляць цярпеньня. Ён можа адказаць на малітвы нечаканым для нас чынам і тады, калі мы менш за ўсё гэтага чакаем.
Каб не страціць сваёй перавагі, Лія таксама дала Якаву сваю служанку, Зілфу. Тая нарадзіла Гада, затым Асіра (Быцьцё 30:9—13).
Цёмназялёны вітраж прысьвечаны Гаду. Колер непакою адпавядае словам Якава аб Гадзе: «Гад, — натоўп будзе цясьніць яго, але ён адцісьне яго па пятах» (Быцьцё 49:19). Аб Асіры Якаў сказаў «ён будзе дастаўляць царскія прысмакі» (Быцьцё 49:20), таму колер вітражу аліўкавы. Аліўкі Сьвятой Зямлі гэта сымбаль багацьця.
Яскравы прыклад суперніцтва паміж сёстрамі — выпадак з мандрагорами, якія знайшоў сын Ліі Рувім. Лічылася, што мандрагоры спрыяюць зачацьцю. Рахіль папрасіла ў Ліі гэтых пладоў, але тая рэзка адказала: «Няўжо мала табе — завалодаць мужам маім, што ты дамагаесься і мандрагораў сына майго?» (Быцьцё 30: 15). Гэтыя словы наводзяць на думку, што Якаў бываў з Рахільлю часьцей, чым з Ліяй. Відавочна, Рахіль адчула справядлівасьць гэтых папрокаў, таму сказала Ліі: «дык няхай ён ляжа з табою гэтай ночы, за мандрагоры сына твайго». Калі Якаў прыйшоў дадому, Лія сказала яму: «увайдзі да мяне, бо я купіла цябе за мандрагоры сына майго. І лёг ён зь ёю тае ночы» (Быцьцё 30:16).
Лія нарадзіла пятага і шостага сына: Ісахара (што азначае «адплата») і Завулона. Тады яна ўсклікнула: «Бог даў мне цудоўны дар: цяпер будзе жыць у мяне муж мой, бо я нарадзіла яму шэсьць сыноў» (Быцьцё 30: 17—20).
Зялёны колер вітража Ісахара сымбалізуе дастатак і спакой. Якуб сказаў аб сваім сыне: «І ўбачыш ты, што спакой табе добры і зямля корміць» (Быцьцё 49:15). На чырвонай марцы Завулона намаляваны карабель поўны рыбы, таму што Якаў сказаў: «Завулон каля берага марскога будзе жыць і каля прыстані карабельнай» (Быцьцё 49:13).
Мандрагоры не дапамаглі Рахілі. Тым не менш праз шэсьць гадоў замужжа Рахіль зацяжарала і нарадзіла Язэпа. Але гэта адбылося дзякуючы таму, што Гасподзь «успомніў» пра яе і адказаў на яе малітву. І толькі тады Рахіль магла сказаць: «зьняў Бог ганьбу маю» (Быцьцё 30:23). Рахіль памерла падчас другіх родаў на шляху з Бэт-Эля ў Эфрат, у Бэт-Лехеме; паміраючы, яна назвала свайго другога сына Бэн-яны («сын маёй пакуты»), аднак Якаў даў яму імя Веньямін.
У двух вокнах разьмясьціў Шагал сыноў Рахілі.
Маляўнічы вітраж, прысьвечаны Язэпу, напамінае пра каляровае ўбраньне Язэпа, якое падарыў яму Якаў і якое стала прадметам зайздрасьці братоў, а таксама пра тлустых і галодных кароў з далейшага жыцьця Язэпа ў Егіпце.
Нябескі колер вітражу Веньяміна гэта намёк на спакой, які, аднак, патрабуе высілкаў. Майсей, дабраслаўляючы Ізраілітаў перад сваёй сьмерцю, зьвяртаючыся да племені Веньяміна, сказаў: «Любасны Госпаду жыве ў Яго ў бясьпецы, Бог спрыяе яму кожны дзень, і ён пакоіцца паміж плячамі Ягонымі» (Другі закон 33:12).
У 1962 Марк Шагал расьпісаў 12 вокнаў у сынагозе мэдыцынскага цэнтра Хадаса ў Эйн-Карэм у Ерусаліме. Вокны былі створаны ў Францыі, а затым ахвяраваныя бальніцы. Праца заняла два гады і ў дзень 50-годзьдзя бальніцы ў лютым 1962 вітражы былі ўрачыста асьвячоныя. У рэчаіснасьці гэта не вітражы, а росьпісы. «Увесь час, пакуль я працаваў, — распавядаў Марк Шагал, — я адчуваў, што мой бацька і мая маці глядзяць з-за майго пляча, а за імі — тыя мільёны габрэяў, якія зьніклі нядаўна і тысячы гадоў таму назад». З той пары тысячы людзей наведалі сынагогу ў Айн Карэм і засталіся заварожанымі прыгажосьцю твораў Шагала. Дванаццаць цудоўных вітражоў, якія апісваюць дванаццаць каленаў Ізраілевых, паказваюць глыбокую любоў мастака да габрэйскага народу і чалавецтва ў цэлым. Для поўнага разуменьня сэнсу і значэньня кожнага вітража, трэба іх разглядаць, зыходзячы з пачуцьця поўнай датычнасьці майстра да гісторыі габрэяў, зь іх трагедыямі і перамогамі, зь яго асабістым мінулым, зьвязаным з Віцебскам — месцам, у якім ён нарадзіўся і вырас.
Сымбалі дванаццаці сыноў Якава
…ён мае вялікую і высокую сьцяну, мае дванаццаць брамаў і на іх дванаццаць анёлаў, на брамах напісаны імёны дванаццаці каленаў сыноў Ізраілевых… (Адкрыцьцё 21:12)
Якаў быў адзіным Патрыярхам, чые дзеці ўсе да аднаго рушылі ў сьлед рэлігіі і традыцыям свайго бацькі. Габрэйскія мудрацы кажуць: «Якаў не памёр. Да тых часоў, пакуль жывыя яго дзеці, працягваючы ісьці яго шляхам, ён таксама жывы». Праўдзівая жыцьцё не вымяраецца даўжынёй дзён чалавека. Яно вымяраецца каштоўнасьцямі яго жыцьця і здольнасьцю перадаць гэтыя каштоўнасьці будучым пакаленьням.
Ад дванаццаці сыноў Якава паходзяць дванаццаць кален народу Ізраіля. Кожны старажытны Ізраільцянін ведаў, зь якога калена ён паходзіць. Таму сыны Якава часта ўспамінаюцца на старонках Сьвятога Пісьма, а пра вялікіх герояў веры даецца інфармацыя аб іх прыналежнасьці да патомства аднаго з сыноў Якава.
Ужо напачатку адраджэньня краіны Ізраіль у 1955—56 гадах пошта Ізраіля выпусьціла дзьве сэрыі марак з імёнамі сыноў Якава і сымбалямі родаў.
На першай марцы з сэрыі 1955 году сымбаль роду Рувіма мандрагора. Мандрагора згодна з паданьнямі спрыяла цяжарнасьці. Рувім знайшоў мандрагору і прынёс сваёй маці Леі. Лея перадала мандрагору Рахілі і яна неўзабаве зацяжарала і нарадзіла Якаву доўгачаканага сына.
Пад паштовымі маркамі разьмешчаны так званыя прывескі. На прывесках тэксты на іўрыце з Кніг біблейскіх, якія характэрныя для дадзенага пакаленьня.
На другой марцы брама Сыхему — сымбаль роду Сымона, як напамін аб крывавай помсьце Сымонам і Левіем жыхарам Сыхема за згвалтаваньне сястры Дзіны сынам «Эмора Эвэяніна, князя зямлі той» (Быцьцё 34:2).
Трэцяя марка прысьвечана Левію. На ёй малюнак двайнога чатырохвугольнага нагрудніка з 12 каштоўнымі камянямі (па ліку плямёнаў Ізраілевых). Патомкамі Левія былі Майсей і Аарон, зь якіх пачалася лінія служыцеляў у Храме Ерусалімскім.
Чацьвёртая марка з відарысам льва — сымбаля Юды. Калі Якаў благаслаўляў Юду, то сказаў наступныя словы: «Малады леў Юда, са здабычы, сыне мой, ты вяртаешся» (Быцьцё 49:9). І далей «Не адыдзе скіпэтар ад Юды і заканадаўца ад сьцёгнаў ягоных, пакуль ня прыйдзе Прымірэнец, і Яму пакорлівасьць народаў» (Быцьцё 49:10). Згодна з гэтай запаведзьдзю Юда стаў Прабацькам галоўнага ізраільскага роду. З гэтага роду паходзіць Давід і заложаная ім дынастыя, якая кіравала да 587 году да Р.Х. аж да Вавілонскага выгнаньня. З роду Юды паходзіць Язэп, муж Дзевы Марыі і апякун Ісуса Хрыста.
На пятай марцы, прысьвечанай Дану, вагі — сымбаль справядлівага вырашэньня спраў. «Дан будзе судзіць народ свой, як адно з каленаў Ізраіля…» (Быцьцё 49:16).
Відарыс касулі на шостай марцы, прысьвечанай Напталіму — спасылка на дабраславенства Якуба: «Напталім — вольная касуля, гаварыцьмеш прыгожыя словы» (Быцьцё 49:21).
У 1956 годзе Пошта Ізраіля працягнула выпускаць сэрыю марак, якія паказваюць астатніх сыноў Якуба.
Сёмая марка паказвае сымбаль роду Гада, а менавіта намёт, які падкрэсьлівае характар Гада, як воіна.
Восьмая марка ў гонар роду Асіра. Яго сымбаль — дрэва. Дрэва на Блізкім Усходзе зьяўляецца сымбалям урадлівасьці, дастатку і багацьця.
Дзявятая марка прысьвечана роду Ісахара. Яго сымбаль сонца і зоркі. У першай кнізе летапісе сказана, што нашчадкі Ісахара адрозьніваліся глыбокім разуменьнем часу і «якія ведалі, што калі належала рабіць Ізраілю» (Першая Летапісаў 12:32). Сонца і зоркі — вобразнае стаўленьне да гэтага.
Дзясятая марка адлюстроўвае сымбаль роду Завулона — карабель. Гэта вельмі дзіўна, улічваючы, што старажытныя Ізраільцяне былі людзьмі пустыні і рэдка выходзілі ў далёкія марскія выправы. Але менавіта род Завулона павінен быў стаць выключэньнем. «Завулон каля берага марскога будзе жыць і каля прыстані карабельнай, і межы яго да Сідона» (Быцьцё 49:13).
Адзінаццатая марка паказвае сноп пшаніцы, сымбаль Язэпа. Сымбаль спасылаецца на сон Язэпа (Быцьцё 37:7), які ўяўляў сабой прадвесьце яго незвычайнага ўзвышэньня ў Егіпце. Сон, у якім сноп Язэпа падняўся і снапы яго братоў аддаюць яму паклон, стаў першапрычынай яго няшчасьця: Язэп быў прададзены братамі ў Егіпет.
Апошняя, дванаццатая марка з сэрыі, адлюстроўвае ваўка, сымбаль Веньяміна, наймалодшага сына Якава і Рахілі. Сымбалем Веньяміна зьяўляецца воўк, бо бацька кажа пра яго: «Веньямін драпежны воўк, раніцай будзе есьці лавітву і ўвечары будзе дзяліць здабычу» (Быцьцё 49:27).
Якаў перад сваёй сьмерцю ўсынавіў Яфрэма і Манасію, сыноў Язэпа. У выніку замест аднаго калена Язэпа, стала два (Быцьцё 48:5), так што ўсіх каленаў было 13. Аднак пры падзеле зямлі Ханаанскай лічылі толькі 12 каленаў, бо калена Левія, аддзеленае для сьвятарскага служэньня, не атрымала ніякага надзелу.
Пошта Уганды ў 2003 годзе выпусьціла марку з фрагмэнтам карціны галяндзкага жывапісца Рэмбрандта ван Рэйна «Якаў дабраслаўляе сыноў Язэпа Манасію і Яфрэма». Якаў, шаноўны Патрыярх, паказаны са стрыманай, велічнай годнасьцю, у той час як Язэп і яго жонка назіраюць за ім з пакорай і набожнай павагай. Рэмбрант абраў не самы эфэктны, але вельмі значны эпізод біблейскага аповеду. Язэп, падводзячы сваіх сыноў да састарэлага Якава для дабраславеньня, ставіць старэйшага, Манасію, справа ад бацькі, а малодшага, Яфрэма, — зьлева. Аднак асьлеплы Якаў ускладае правую руку на галаву малодшага ўнука, маючы намер дабраславіць яго першым. Язэп вырашае, што адбылася прыкрая памылка. Ён спрабуе аднавіць належны парадак і перакласьці правую руку бацькі на галаву свайго першынца, але Якаў пярэчыць: «…ведаю, сыне мой, ведаю; і ад яго пойдзе народ, і ён будзе вялікі; але меншы яго брат будзе большы за яго, і ад семені яго пойдзе шматлікі народ» (Быцьцё 48:19).
Менавіта гэты момант прадстаўлены на карціне: лядашчы старац дакранаецца да залатых кучараў Яфрэма, а Язэп спрабуе асьцярожна перакласьці руку бацькі на галаву Манасіі. Галоўны герой карціны, цэнтар яе духоўнасьці — сьляпы стары. Над чырвоным покрывам, якое займае ўсю ніжнюю частку палатна, зьзяюць яго белыя адзеньні. Сьвятло, зыходзячы з рукі старца, выліваецца на хлопчыка. «І сказаў Ізраіль Язэпу: вось, я паміраю; і Бог будзе з вамі і верне вас у зямлю бацькоў вашых…» (Быцьцё 48:22).
Сымбалі дванаццаці каленаў захаваліся на працягу стагодзьдзяў. Іх крыніца — дабраслаўленьне Якавам дванаццаці сыноў Язэпа, а таксама некалькіх іншых тэкстаў Старога Запавету, якія вызначаюць спэцыфічныя асаблівасьці радоў і іх прабацькаў.
Дванаццаць сыноў Якава — гэта слупы Ізраіля часоў Старога Запавету. Іх адпаведнікам у Новым Запавеце было дванаццаць апосталаў, выбраных Ісусам і спадарожных яму ў яго жыцьці, якія затым сталі сьведкамі Яго Ўваскрэсеньня.
Гісторыя Язэпа
Язэп-галіна пладаносная. (Быцьцё 49: 22)
Гісторыя Язэпа настолькі цікавая, насычаная «фантастычнымі» падзеямі і павучальная, што зь яе кароткага аповеду ў Кнізе Быцьця можна напісаць вялізную рамантычную кнігу. Гэту ідэю ажыцьцявіў нямецкі пісьменьнік Томас Ман. У ракавыя для сваёй краіны гады, з 1933 па 1943, ён стварыў манумэнтальны раман «Язэп і яго браты». У той час, калі ўсе дасягненьні цывілізацыі, здавалася, назаўжды адступалі пад напорам хаосу, гісторыя Язэпа дапамагла пісьменьніку здабыць надзею на выратаваньне: у сваім рамане ён распавёў пра станаўленьне маральнага пачатку ў чалавеку, зараджэньне маралі на сьвітанку гісторыі, пра тое, што ў аснове сьветабудовы ляжыць стваральны пачатак.
Язэп («Яхве дадасьць» на іўрыце) — перадапошні сын біблейскага Праайца Якава ад каханай жонкі Рахілі (яго называюць таксама Язэп Выдатны). Напэўна гэта было адной з прычын, чаму Язэп быў любімым сынам Якава, які адкрыта выказваў гэтую сваю любоў. Такі стан рэчаў не мог падабацца братам Язэпа і яны яго неўзьлюбілі. І бацька і сын сваімі паводзінамі толькі пасільвалі гэту нелюбоў і ператваралі яе ў нянавісьць.
Так аднойчы Язэпу прысьніўся сон, што ён разам з братамі вязаў снапы. І раптам яго сноп падняўся, а снапы братоў сталі адбіваць яму паклон. У другім сьне ўжо сонца, месяц і адзінаццаць зорак аддавалі палон Язэпу.
Язэп стаіць перад братамі, якія ў задуменьні слухаюць яго. У верхняй частцы намалёваныя ў двух кругах сонца, зоркі і месяц вакол Язэпа і снапы, якія пакланіліся снапу Язэпа. Язэп расказаў свае сны бацьку. «І сказалі яму браты ягоныя: няўжо ты будзеш цараваць над намі? Няўжо будзеш валодаць намі? І зьненавідзелі яго яшчэ больш за сны яго і за словы ягоныя» (Быцьцё 37:8).
Дзесяцігадовы кучаравы хлопчык Язэп — вельмі ўсхваляваны і імкнецца як мага дакладней перадаць падрабязнасьці сваіх цудоўных сноў, цьмяна прадказваючых, што ён, Язэп, узвысіцца над усімі роднымі.
Язэп ведае, што сны яго прарочыя. Пра гэта ж здагадваюцца дванаццаць слухачоў, якія сядзяць па баках ад Язэпа тварам адзін да аднаго — зьлева сівабароды бацька Якаў, справа — малодшы брат Язэпа, Веніямін, які падняў галаву ад кнігі, слухаюць: бацька — у глыбокім роздуме, Веніямін — з чыста дзіцячай цікаўнасьцю. Адна толькі хворая маці Язэпа — Рахіль, якая ляжыць у глыбіні зьлева, ахопленая трывожнымі прадчуваньнямі, прыпадняла галаву, у той час як старэйшыя браты Язэпа насьмешліва перашэптваюцца, шумяць, абменьваюцца непрыстойнымі жартамі і пырхаюць. Але на самой справе яны вельмі ўважлівыя, хоць і недаверлівыя. За іх увагай хаваецца бясконцая, якая зьядае іх душы, зайздрасьць.
Бесплатный фрагмент закончился.
Купите книгу, чтобы продолжить чтение.